Новая рэчаiснасць

Андрей Поздняков
На тым месцы, дзе зусім нядаўна стаяў журнальны столік, цяпер стаіць калыска. А замест адной з камод у пакоі з’явіўся дзіцячы ложак. Напалоханая котка, нічога не разумеючы, спрабуе абвыкнуцца да таго, што не яна цяпер у доме галоўная, і існуе нехта, на каго накіравана ўся ўвага людзей, яе гаспадароў. Гэты нехта спіць у калысцы. Гэтага нехта клічуць Гануля, ў бліжэйшы час менавіта яна будзе ў гэтым доме галоўнай, і ўвесь свет зараз будзе круціцца вакол яе. Яна спіць, бо месяц таму яна перажыла страшнае і прыемнае – яна нарадзілася. Яна спіць, зусім як дарослая  перад працай. Яна спіць, бо ў яе таксама ёсць цяжкі клопат, і далёка не кожны з дарослых зможа зрабіць тое ж, што яна – ёй трэба расці, ёй трэба набіраць вагу, ёй трэба стаць сапраўдным чалавекам. Яна спіць, але часам пачынае варушыцца і чамусьці крактаць. Яна спіць и пахне салодкім малаком, а яе бацькі ніяк не могуць наглядзецца на яе, на тое, якая яна малайчына і прыгажуня. І сэрцы гэтых бацькоў гатовыя разарвацца ў грудзях ад пяшчоты… Гэтыя бацькі – мы.