Дадому на канапе
Сон
…Канапа, вялікая, абцягнутая чорнай скурай, стаіць ля абочыны. І мы з Людкай укладваем на яе свае пакеты. Тут спыняецца побач "Казёл":
- Можа, падвесці?
- Не трэба, - кажа Людка, - вы толькі пакеты нашы забярыце, а мы самі дабяромся.
Пасля гэтага Людка перадала ўсе пакеты ў вакно "Казла" і той пакаціў.
З правага боку канапы наперадзе быў прыгожы бліскучы поручань. Добра там сядзець, трымаючыся за яго… Але нязручна, месца-то адно, а нас двое..
- Залазь туды, - кажа мне Людка, паказваючы на гэты правы кут.
А мне неяк адразу перахацелася туды лезці. І так можна ехаць спакойна, адкінуўшыся на спінку…
І я села бліжэй да правага краю, не залазячы ў той утульны куток, побач з Людкай.
І тут прыбягае Райка, малодшая Людчына сястра і кажа мне злосна:
- Пусці мяне туды…
Я трохі адсунулася, а Райка забралася ў камфортны куток, скруцілася ў клубочак, і сядзіць, насупленая і злосная, і дыхае цяжка і са свістам.
- Няўжо ў яе астма? - падумала я з жалем, - І ці ведае яна пра гэта?…
І сядзела так Райка, злосна адвырнуўшыся і цяжка дыхаючы, а канапа плаўна і бясшумна ляцела над шашой…