Наталля ды святляк

Наталья Стрелкина
Завітаў да мяне ў госці жучок-святляк.
Як завітаў? А вось як.

Сяджу я, значыць, дома адным адна. Малодшыя дзеткі паехалі з бацькам у Крым да бабулі. Старэйшы сын з дзеўчынай у Піцер падаўся, вельмі я яго ўразіла сваімі эмацыйнымі расповедамі аб гэтым горадзе. Ён быў там раней, але быў тады шчэ малы зусім. Як малы, дванаццаць год прыкладна, нешта канешне адклалася, але гэта ня тое. У Піцер трэ ехаць ва сталым узросце, на тыдзень хацяж бы. Вось ён і зняў тамака па інтэрнэту хату ў дзядькі нейкага. Аднапакаёвік, ля метро на дзесяць дзён.

Вось на гэныя дзесяць дзён ды начэй я адна і засталася. Я, канешне, так сама ў Крым бы з`ехала, але памяняла толькі месца працы, таму адпачынак мне пакуль не свяціў аніяк. Але я ж хацела пра светляка расказаць.

Ну, слухайце. Сяджу я, значыць, адным адна. У вокны месячык зазірае, але нічога разглядзець у маёй кватэрке яму не свеціць, бо лямпы я не ўключала, сяджу ў цемры, толькі экран ноўтбука і выдае прамяні святла. Месячык разумее – нехта жывы ў хаце ёсць. А хто – не разумее. А ён жа цікаўны шкет. Сам сабе разважае. Нешта там уначы гарыць, а што – не зразумела. Ці не адправіць разведаць каго. І што вы думаеце? Адправіў. Светляка!
Той прыляцеў праз адчыненае вакно ды сеў на клавіятуры. Пасядзеў, вусамі паварушіў ды крочыў да манітору… Залез вышэй, ажно туды, дзе я тэкст набірала ды пайшоў казытаць сваемі антэнамі.
Маўляў, што пішам, ці пра мяне ёсць што, а пра маладзік?
- Няма нічога, - я чэсна адказала, - нічога няма пра маладзік, пра жука-светляка і ўвогуле: адчапіся, кузурка, не перашкаджай.

- Як гэта, пра нас і няма? А пра што ёсць? – паўзе партызан па радках, вывучае, - Ага, вершы нейкія, але ж тэма… казыча мой вершык вусамі і смяецца…
Я нават пакрыўдзілася, чаго ён на самай справе, тэма яму не падабаецца, тэма як тэма, пра каханне.

- Якое каханне без маладзіка, зорак ды мяне, светляка, ты ж сама зразумей. Без нас ніводнае каханне не трывае. Пішы, – ды пачаў надыктоўваць

Месяц у вакно
зоркі ў начы светлякамі
ветрык шапоча

- Не, ну а каханне тут дзе? – абураюся я, - І потым, скуль ты японскую паэзію ведаеш? Ты ж наш мясцовы святляк. Звычайны.
- А мне цвыркун паказаў, як хоку складаць, мы з ім таварышы а ён калісці ў бібліятэцы за шафай з вершамі Басё жыў, пакуль не пагналі – дакладае казурка. – Далей запісвай, не лянуйся!

Ноч нараджаецца
Зорным у траве дываном,
Дзівісь, светлякі

- Ізноў не пра каханне, - злуюся я.

- А пра што? – смяецца жук, - ноччу ўсе кахаюцца, а мы рамантызм робім, ліхтарыкі ўключаем, каб прыкрасы моманту не згубіліся ў цемры. Месяц з зорачкамі шчэ – нябесныя памагатыя.

- Ну, - я пачынаю разумець, - Калі так разважаць…

- Пішы яшчэ:

Ружы крывёю
колюць кахання шыпы
Месяц залечыць

Шэрым усё будзе
ранак ды вечар без зор
ноч прабачае

Веру з надзеей
Нясуць на крылах светлячкі
Маленькія птушкі

- Вой, вой, - шапчу я, - Разышоўся, я ж не паспяваю, ты ж таго, не так хутка...
- Ай, дурная ты, тут, разумееш, муза лётае. Цішэй, рукамі не машы, прыб'еш яшчэ!
Я азірнулася, вялізарны "малярыйны" камар настойліва раз пораз стукаўся ў вугал манітора, быццам бы хацеў унутр патрапіць.
- Гэта Муза? - пытаюся, а сама не магу стрымаць сваю гідлівасць, так хочацца гэнае стварэнне прыхлопнуць.
- Не, гэта вялізарны камар, ты святло запалі, ён сам ад ноўтбука адляціць.
- А муза дзе?
- Ну, ты як маленькая, святло запалі, раскажу.
- Ага, так я і паверыла, лямпу ўключу, усё тое, што ў мяне робіцца ў хацце бачна будзе, месячык задаволіць сваю цікаўнасць, а з ім і пьяная кампашка, што пад маімі вокнамі піўко з рыбнымі хвастамі спажывае, ды шансон слухае. Муза адразу ж знікне, а то я не ведаю, як яна святла баіцца ды пьяных, якія ў вокны першага паверху зазіраюць.

Карацей, не стала я свяцільню запальваць, а жучку пальцам пагразіла, маўляў, не на такую нарваўся. Святляк мой, бачна, стаміўся ад маёй супярэчлівай натуры, хацеў была, адляцець да гаспадара з дакладам. Потым мусіць перадумаў. Сказаў, што я небезнадзейная, здаецца. Што ён зараз нада мной будзе шэфстваваць. Абяцаў, што Муза ягоная нарачэная з ім разам так сама будзе побач. Адпрасіўся толькі да месяца завітаць, расказаць, што ў кватэрке сама сабе дамачка пажывае, вершыкі піша. Пра каханне ды пра зоркі з казуркамі.

Сёння ўначы ізноўку святло паліць не буду, буду свайго знаёмага чакаць)

Вось такі ў мяне новы сябра.