Пецярбург,
1844, 8 верасня
Ян Баршчэўскі
Начало: "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096
(Перевод на русский язык: http://www.proza.ru/2014/12/09/1183)
НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕЛАРУСІ
Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвы пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…
Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў — саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…
У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі, не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны, дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі, не чуваць там пра англійскі парламент, пра вайну з кітайцамі, не гамоняць там ні пра чыгункі, ні пра дзівосную вынаходку Дагера. І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…
Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна — рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак… Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.
І цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленстве я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад. Прыпамінаю народныя апавяданні пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я няраз чуў аповяды простага народа пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтае ваколіцы.
На паўднёвым баку возера Нешчарды ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары — драўляны маленькі касцёлак і некалькі хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя прадметы, якія выкарыстоўваліся як упрыгожанні, іржавыя рэшткі разнастайнае старасвецкае зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалі ў гэтым краі дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа, прываблены да берагоў Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў з велізарнай хеўраю разбойнікаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спляжыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог дзівосным чынам абвясціў сваю кару блюзнерцам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а сарны і ласі, дрыжучы ад страху, пахаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае аграмадны курган, які называецца Магілай Княжа.
Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж — болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka», а менавіта: «Дзявочая крыніца», якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы», якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»; «Русалка», ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:
Гусанькі, лябёдэнькі, Скіньця мне па пёрэчку, Я з вамі полечу.
Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сірата над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, — яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда. Распачынаецца музыка пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:
Слава тобе, Хрыстэ цару, Што мой муж на цмэнтару, І бяды позбылася, І гарэлкі напілася. Або таксама: Калі ж тая серада прашла, Як ня еўшы на прыгон пашла, Весь дзень жала, ня лянілася, Злому войту пакланілася; А цяпер жа ні а чом тужыць, І войт п’яный у карчме ляжыць.
У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу… Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, апасля такое падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселе іграць», і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.
Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзікіх пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.
Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня, пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:
Іван да Марія, На гарэ купальня, Гдзе Іван купаўся, Бераг калыхаўся; Гдзе Марія купалась, Трава разсьцілалась.
Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.
Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.
Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, — і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.
Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачастае ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.
Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка — зёлка шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы, паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта — кніга чалавечых сэрцаў і характараў.
Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла, Край сініх вод, чаратамі зарослых, Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца, Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа, Ў промнях вясновых, у барвах зялёных Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай. Згадваю сумную песню ратая Ці пастуха, што па-простаму грае, Часам, калі у лясах ля азёраў З кобзаю рэха гамоніць паўторам Ці калі люд пасля дзённае працы Гучна спяшае ля хаты сабрацца, Чуючы мяккі палон прахалоды, Слухаць ад старца сівога прыгоды Прашчураў слынных, асілкаў, герояў. Слава і дзіва паданне старое, Што аж ад продкаў па бацькавым краі З вёскі да вёскі вандруе, блукае!
Продолжение: "ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ" http://www.proza.ru/2014/12/09/1225