Прикипел я душою к Ошмянам

Пётр Шаколо
“Я душой прыкіпеў да Ашмянаў…”

(“Ашмянскі веснік”  № 48 ад 28 чэрвеня 2010 года)


Атрымаўшы чарговы нумар “Ашмянскага весніка”, зацікавіўся нарысам Аліны Беліцкай “Первые шаги в науку” (№ 40 ад 29 мая). Асаблівую ўвагу прыцягнула да сябе інфармацыя аб тым, што першае месца на абласной навукова-практычнай канферэнцыі заняла работа вучаніцы 9 “Б” класа СШ № 3 Кацярыны Патрэпка “Я душой прыкіпеў да Ашмянаў…”

-Дык гэта ж радок з майго верша “Усхваленне Радзімы”! – узрадаваўся я.

Зацікаўленасць узрастала… Вырашыў даведацца, аб чым канкрэтна ідзе размова: ці згаданая работа грунтуецца толькі на маёй паэзіі, ці прадстаўлена больш шырока? Звязаўся па тэлефоне з кіраўніком даследчай работы, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Аляксандраўнай Трот. Дамовіліся аб сустрэчы.

І вось я трымаю ў руках навуковае даследаванне па тэме “Я душой прыкіпеў да Ашмянаў” – аналіз вершаў мясцовых паэтаў. Першае, што адразу хачу адзначыць, гэта сапраўдная навукова-аналітычная праца, якая грунтуецца на творах мясцовых паэтаў аб Ашмянах і Ашмяншчыне. За аснову ўзяты вершы Анатоля Вішнеўскага, Леаніда Каркоткі, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Пятра Шаколы, Валянціны Ліштван, Васіля Юршы.

Па-другое, пры яе падрыхтоўцы выкарыстаны шырокі спектр метадаў даследавання: ад збору біяграфічных звестак і тэарытычнага аналізу навуковай літаратуры і паэтычных тэкстаў да параўнальна-супастаўляльных захадаў для фармуліроўкі вывадаў.

Па-трэцяе, актуальнасць тэмы ў тым, што творчасць ашмянскіх паэтаў  раней не даследавалася.

Падчас працы над тэмай настаўніца з вучаніцай прааналізавалі каля 20 першакрыніц (зборнікаў вершаў, вучэбнай і метадычнай літаратуры), пераглядзелі падшыўкі раённай газеты за апошнія 25 гадоў, сістэматызавалі і згрупавалі назапашаны матэрыял. Праз аналіз вершаў даследчык падрабязна знаёміць чытача з адносінамі паэтаў да Ашмянаў і роднага краю, вызначае і аперыруе такімі паняццямі, як лірычны герой, танальнасць, памер верша, рыфма, метафара, эпітэт і інш.

У навуковай працы разглядаюцца вершы, прысвечаныя роднаму гораду і Ашмяншчыне, таму ў большасці твораў пераважае патрыятычная тэма. Іх лірычны герой – беларус, карэнны жыхар з моцна развітым пачуццём чалавечай і нацыянальнай годнасці. Патрыятычныя матывы непазбежна вяртаюць кожнага паэта ў незабыўныя мясціны дзяцінства, у бацькоўскі дом, сваю сям’ю. У такіх вершах аўтары перадаюць прыгажосць роднага краю, нашай Беларусі.

Правёўшы даследаванне творчасці землякоў, аўтары зрабілі выснову: вобраз Ашмяншчыны і яе людзей – багаты, разнастайны і прывабны, дзякуючы душэўным пошукам “высокіх і гуманных мэтаў”, якія ўласцівы светапогляду нашых паэтаў.

Разам з даследчай працай “Я душой прыкіпеў да Ашмянаў…” у трэцяй школе зрабілі і яшчэ адну, лічу, вельмі важную і добрую справу: самастойна выдалі зборнік паэзіі пад аднайменнай назвай са шматлікімі каляровымі фотаздымкамі краявідаў Ашмян і наваколля.

У кнігу, разам з ужо названымі, уключаны вершы Рамуальды Ануфрыевай, Наталлі Грыгор’евай, Галіны Даўгашэй, Алены Лісоўскай, Юліі Яшэўскай, Генуэфы Кеўры, Анатоля Кавалеўскага, Марыны Кашчыц, Ігара Спірыдовіча – усяго 26 аўтараў. Гэта адзінае ў Ашмянах выданне, у якім сабраныя разам амаль усе вершы мясцовых паэтаў пра свой родны край.

Паколькі гэта даследаванне – першая навуковая аналітычная    праца,   думаю,     што атрыманыя вынікі паспрыяюць пашырэнню цікавасці чытачоў да творчасці нашых землякоў, а таксама дапамогуць вызначыць найбольш адметныя рысы іх паэзіі.

Матэрыялы даследчай працы рэкамендуюцца для выкарыстання на факультатыве “Ашмяназнаўства” і курсах па выбары, на ўроках літаратуры і пазакласных занятках.

Шчыра дзякую Наталлі Аляксандраўне Трот і Кацярыне Патрэпка за змястоўную работу.

---------------------------------------------------


Сёння можна канстатаваць, што даследчая праца атрымала ў далейшым пэўнае  развіццё і ўвасабленне ў распрацаваным Наталляй Трот праекце факультатыва “Літаратурныя старонкі Ашмянскага краю”, які, пасля  зацвярджэння ва ўстаноўленым парадку,  уключылі ў каляндарны план вучобы СШ № 3.

Мяне ў той час папрасілі  адрэцэнзаваць указаную распрацоўку. Што я і зрабіў пасля грунтоўнага азнаямлення з праектам.

Лічу магчымым прывесці тут тэкст рэцэнзіі цалкам, тым самым яшчэ раз падкрэсліць значнасць творчай працы педагога.

Р э ц э н з і я
на праект ТРОТ Наталлі Аляксандраўны,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры 
сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны па  тэме:
“Стварэнне факультатыва “Літаратурныя старонкі Ашмянскага краю”.

       “Якой бы ні была наша літаратура, ва ўсякім разе, яе роля для нас значна важней, чым яно можа здавацца: у ёй, у адной ёй, усё наша разумовае жыццё і ўся паэзія нашага жыцця. Толькі ў яе сферы перастаём мы быць Іванамі і Пятрамі, а становімся проста людзьмі, звяртаемся к людзям і абыходзімся з людзьмі”,-  гэта выказванне вялікага рускага крытыка В.Белінскага датычна літаратуры ХІХст. поўнасцю актуальна і для нашых часоў.
      
У адпаведным сэнсе праект настаўніцы Трот Наталлі Аляксандраўны “Стварэнне факультатыва “Літаратурныя старонкі Ашмянскага краю” лічу своечасовым і неабходным для паглыблення ведаў вучняў па літаратуры на падставе твораў ашмянскіх паэтаў.

Аўтар праекта падчас працы над тэмай выкарыстоўвала пэўныя навукова-аналітычныя метады даследавання, глыбокае вывучэнне і абгрунтаванне ўсіх аспектаў прадмета.
          
У рабоце вызначаны асноўная і доўгатэрміновая мэты, адукацыйныя і выхаваўчыя  задачы.
      
Педагог вельмі правільна бачыць актуальнасць і сучаснасць паэтыкі роднага краю,    што ўзбагачае веды школьніка, развівае кругагляд і моўную культуру, тлумачыць сувязь паэзіі з жыццём, выхоўвае грамадзянскую свядомасць і патрыятызм.
      
У выніку аналізу рэальнай сітуацыі з ведамі вучняў па творчасці мясцовых паэтаў і анкетавання школьнікаў робіцца выснова запатрабаванасці факультатыўных заняткаў у  6 – 10 класах школы.
      
Н.А.Трот у працэсе стварэння праекта значна папоўніла свае прафесійныя веды, усвядоміла новыя акалічнасці, навучылася вылучаць галоўныя пытанні, рабіць дакладныя вывады.
      
На падставе праверкі гіпотэзы, аналізу і сістэматызацыі першакрыніц (зборнікаў паэзіі, матэрыялаў перыядычнага друку, вучэбнай і метадычнай літаратуры) даследчык паказвае, што літаратура, кніга былі і застаюцца найвышэйшымі каштоўнасцямі культуры сучаснага чалавека, абгрунтоўвае  неабходнасць  факультатыва  як  складніка сістэмнага працэсу фарміравання пачуцця патрыятызму, маральных і эстэтычных паняццяў.
      
Наталля Аляксандраўна прапануе прыкладнае каляндарна–тэматычнае   планаванне     факультатыўных заняткаў, дзе прадугледжваецца па 34 гадавыя гадзіны (па 1 – на тыдзень) у кожнай групе з 6 па 10 клас. Тэмы раздзелаў і факультатываў размеркаваны па канкрэтных занятках у кожным класе, змест якіх ахоплівае шырокі спектр вучэбных і выхаваўчых задач: ад выхавання любові к роднай зямлі і прыродзе, лірыкі чалавечых адносін і пачуццяў да гонару за гісторыю Бацькаўшчыны і народных традыцый, усведамлення прыгажосці мовы, паглыблення вобразнасці мыслення праз інтанацыі паэзіі.
      
Вывучэнне твораў ашмянскіх паэтаў прадугледжана ў звыш паўтара дзесятка раздзелах гадавога плана, якія ўключаюць у сябе вершы А.Вішнеўскага, В.Гіруць-Русакевіч,      А.Санюк, Ч.Чымбара, Ч.Дзерачынскага, Я.Гардзей, Н.Станчык, П.Шаколы, Л.Каркоткі, І.Ізбіцкай, Я.Міхайлоўскай, Г.Даўгашэй, Р.Ваўчка, М.Губернатарава, А.Шыдлоўскай, В.Ліштван, Ю.Скляповіч, Р.Ануфрыевай, Н.Грыгор’евай;  паэтаў-выпускнікоў   СШ № 3    М.Кашчыц, К.Кількоўскай, М.Бабовік, Я.Свірбутовіча.
      
Тэматыка каляндарнага плана добра прадуманая і талкова распрацаваная.
   
Няма сумневу,што прапануемы факультатыў значна паспрыяе росту пазнавальнай     актыўнасці і цікавасці вучняў да літаратурнай творчасці нашых землякоў, выхаванню пачуцця гонару за родны край і людзей Ашмяншчыны.
               
                Такім чынам:

1.  Праект Наталлі Аляксандраўны Трот “Стварэнне факультатыва “Літаратурныя старонкі Ашмянскага краю” ацэньваю станоўча.
2. Факультатыў рэкамендую для зацвярджэння і выкарыстання  ў  вучэбным працэсе школы.

                Рэцэнзент            Пётр Ш а к о л а,   
               
                17.01.2011 г.                .               


Заўвага: з 1 верасня 2015 года Наталля Аляксадраўна Трот
             працуе дырэктарам Навасёлкаўскага ВПК
            (яслі-сад-сярэдняя школа)Ашмянскага р-на.