Калядная зорка

Георгий Чёрный
  Апанас паміраў ужо трэція суткі. Усё цела балела, слабасць неверагодная. Цяжка было падняцца на ногі. Не хацелася есці, штосьці рабіць і ўвогулле рухацца. Чорныя думкі апанавалі яго поўнасцю і цяжкім каменем прыдушылі да ложка. І называлася гэтая хвароба дэпрэсіяй. Якія ад яе могуць быць лекі, акрамя гарэлкі? Але і піць таксама не было сілаў. Усе на свеце забыліся пра яго, нікому ён не патрэбны, нават сам сабе. І не такі стары ўжо, нядаўна пайшоў на пенсію. Працягваў працаваць, але на працу не выходзіў некалькі дзён запар. І ніхто не ўстрывожыўся, не прыйшоў даведацца, у чым справа. Можа яму кепска, можа памёр ўжо?
  Яго жонка Марыля пакінула гэты свет год назад. Адзіны сын неведама дзе бадзяецца, бацькоў не наведваў даўно. Родзічаў у сяле больш не было. І сяброў таксама. Ды якія сябры ў такім узросце? Магло быць часовае сяброўства праз бутэльку. А так жыццё, лічы, ўжо скончылася. Калі жонка была жывая, быў нейкі сэнс існавання. Але яе ўжо год няма. Як раз на гадавіну і накацілася гэтая хвароба разам са змрокам і доўгімі вечарамі.  Вось і Каляды ўжо насталі. Яму што святы, што будні – усё роўна паміраць.
  Было так ціха, што ён чуў сваё дыханне. Было ціха і холадна. У печы не паліў, і холад паступова даставаў яго, нават пад авечым кажухом. Але неўзабаве ён адчуў, што нешта адбываецца не так. Нібыта званочак празвінеў, нейкі хор праспяваў. …- Вось, мусіць я ўжо на неба лячу! Ці гэта мроя? - …У пакоі раптам пасвятлела. Апанас здзіўлена павярнуў галаву. У вакне зіхацела васьміканцовая калядная зорка. Ад яе ішло святло і цяпло. Яна вабіла да сябе, звала. Звінеў званочак і спяваў нібыта дзіцячы хор  - Можа калядоўшчыкі прыйшлі, хаця ў сяле ўжо здавён не ходзяць. Вось, дзіва! Трэба ж нешта ім даць, хаця ў яго нічога не было. Ну, можа, хіба трохі грошай.- … Яны ў яго якраз былі, бо не ведаў на што траціць. На дзіва лёгка Апанас устаў з ложку, накінуў кажух і пайшоў у сенцы абуваць боты. Выйшаў на ганак і агледзеўся. На двары нікога не было. – Ну, вось, мроя гэта ці які прывід! -  Няўжо так хутка сышлі? - Апанас стаяў і разважаў, у хату вяртацца нешта не хацелася. І тут ён ўбачыў яе - нізка на небе свяціла незвычайная зорка. Яна была самай вялікай на зорным небе. Яна, як і калядная зорка ў вакне, вабіла да сябе, звала ў няведамую далячынь.
  Апанас глытнуў марознага паветра і пайшоў са двара. Ён ішоў па вуліцы ў той бок, дзе свяціла гэтая зорка. …- Вось, яшчэ і сілы засталіся! Нешта цягне мяне ў той бок. Можа зорка – гэта Марыля, якая заве мяне да сябе. Ёй там, відаць, сумна на небе. Ну, дык пайду да яе, калі заве. - …разважаючы так, ён дайшоў да канца сяла. Далей дарога вяла ў поле, за якім цёмнай сцяноў стаяў лес. А над ім велічна свяціла гэтая таямнічая зорка…
  Каля апошняй хаціны спіною да яго стаяла жанчына. Яна таксама пазірала на зорку. Пачуўшы крокі, жанчына павярнулася. Як быццам незнаёмая яна яму, але ….
- Апанас! Ці не ты гэта? Куды ты ідзеш на ноч гледзячы?
  І тут ён пазнаў яе. Гэта была Арына, яго першае каханне з яшчэ тых далёкіх юнацкіх гадоў.
- Арына? Прывітанне! Даўно з табою не бычыліся. Ты, што прыехала да нас у вёску?
- Так, прыехала ў бацькоўскую хату век свой дажываць. Адна засталася. Бацькі даўно памерлі. Тут, як ты ведаеш, жыў мой брат з сям’ёй. Але яны з’ехалі. А хата пуставала. А мой жа Павел памёр ўжо год назад. Кватэру дачцы аддала, а сама вось сюды падалася маладосць успамінаць. А ты як?
- А што я? Я таксама дажываю. Мая ж памерла, як і твой - год назад. Такі ўжо лёс у нас.
Па твары Арыны прайшла ўсмешка, быццам успомніла нешта такое прыемнае ёй.
 – А памятаеш наша дзяцінства, як мы забаўляліся ў гульнях – “Апанас, лаві нас!“, памятаеш? … А памятаеш, як мы з табою кахаліся і гулялі па ваколіцах амаль да раніцы?
- Чаму ж памятаю! Але ты не дачакалася мяне пасля арміі. У горад з’ехала, замуж выйшла потым. І ў вёску рэдка прыязжала.
- Ну, ты і не прасіў мяне чакаць. Як адбылося, так ужо адбылося. Але я цябе так часта ўспамінала.
- І я ўспамінаў.
  Яны стаялі і некалькі імгненняў пазіралі на зорку.

- Калядоўшчыкі да цябе прыходзілі сёння?   - спытаў Апанас
- Не, а што няўжо сталі зноў хадзіць, як у тыя далёкія гады?
- Да мяне, як быццам прыходзілі і спявалі пад вакном. Але можа мне гэта прымроілася.
  Арына засмяялася …– Ну, сёння ж Раство. Можа якія цуды і адбываюцца. Я ж куццю прыгатавала. Але адна ніяк не хачу есці. Хадзем пачастую. Але ж, выбачай, спіртнога не маю. Хіба толькі гарбата гарачая..
…- Даўно ўжо не піў гарбаты! І куццю паспрабую - … Апанас пайшоў следам за Арынай у хату.
  У пакоі было цёпла і прыемна пахла. Арына запаліла на стале свечку, паставіла на пліту чайнік, дастала з печы чыгунок з куццёй, і хутка прыбрала на стол.
- Садзіся, Апанас! Будзем вячэраць. Усё ж удваіх весялей.
  З Апанаса нібы спаў той цяжэрны камень, які апошнія дні, нядзелі і месяцы ціснуў на яго. Унутры, ці ад гарбаты, ці ад ласкавага позірку Арыны разлілося цяпло…
- А ты, ведаеш, нічога сабе выглядаеш. Гады над табою непадуладны ці што? -
- Во, прыдумаў! – зачырванелася Арына – старая я ўжо, нікому не патрэбная. А вось ты мужчына такі спраўны. Але ж худаваты, можа мала ясі? Не рыхтуеш сабе нічога – Арына падкладвала на талерку куццю, ды падлівала гарбату
- Тут ні да яды было, але не будзем пра гэта…
  Яны сядзелі насупраць адзін да аднаго і смакавалі калядную куццю. Апанасу было так утульна, што яму не захацелася больш нікуды ісці.
  Раптам загучала музыка, і вакно ахапіла полымя. А там зіхацела калядная зорка. Музыка гучала ўсё мацней і мацней, білі літаўры, спявалі анёлы…
Апанас і Арына нерухома сядзелі і пазіралі на гэта дзіва. Увесь пакой свяціўся ад яскравага каляднага полымя..
- Калядоўшчыкі! Трэба можа ў хату іх пазваць. - Арына з Апанасам спешна выбеглі на ганак. Але на двары нікога не было. Звычайны зімовы вечар і цішыня навокал.
- Нікога! Во, я ж казала, што на Раство здараюцца цуды. Вось яно і здарылася. Хадзем хіба куццю даямо.
  Апанас пайшоў за Арынай, але затрымаўся на імгненне і глянуў  на неба, дзе была тая зорка, якая так звала яго да сябе. Яе ўжо не было. Мусіць схавалася за лес.
  І Апанас пайшоў у хату…