Непрыдуманая казка

Георгий Чёрный
               
    Калі падчас летняга адпачынку бываю ў родных мясцінах, а менавіта ў вёсачцы Баравая, якая прытулілася сярод лясоў і асушаных балот, то абавязкова наведваю Баравы Рог - лес, дзе ў дзяцінстве збіралі чорныя ягады і грыбы. Побач, каля Баравога Рога на хутары, дзе стаялі дзве хаты, прайшоў год дзяцінства. А у самым Баравым Розе, там дзе лес пераходзіць у балота з рэдкім сасняком, на грудзе жыла сямья Лаянка. Мае бацькі хадзілі да іх у госці і бралі мяне. Крыху памятаю тую лясную сядзібу і доўгія лавы ўздоўж сцяны.
  Цяпер лес ужо іншы. Старыя дрэвы высеклі і выкарчавалі, пасадзілі малады сасняк, зрабілі прасекі. З хутароў людзі перасяліліся ў вёску ўжо даўно. На месце сядзібы Лаянка засталася лясная прагаліна з яблынямі і грушамі. А цяпер і гэтая прагаліна ўжо зарасла. Усё мае свой пачатак і канец.
  Але ў памяці засталося яшчэ адно незвычайнае здарэнне, звязанае з гэтым месцам. Калі я яшчэ хадзіў у школу, пайшлі мы з малодшымі сястрой і братам на Баравы Рог. З намі ўнадзілася пара суседскіх падлеткаў. Чаго пайшлі, ужо не памятаю. Ці то па ягады, ці то па грыбы, ці так гулялі. Ішлі па сухім лесе, дзе раслі чарніцы. Затым блукалі па ўскрайку леса, дзе было нізка і рос багун з буякамі. Буякі амаль ніхто для сябе не збіраў, лічылі гэтую ягаду не вельмі смачнай, таму збіралі яе  для нарыхтоўшчыкаў. Затым мы выйшлі на груд, дзе і была сядзіба Лаянкоў. Лясная квяцістая паляна з купкай пладовых дрэў так і прыцягвала да сябе, каб спыніць лясную вандроўку і крыху адпачыць. Але мы там былі не адны. Пад яблыняй стаяла кудлатая старая з вялікім кашом і нажом. Можа нічога і дзіўнага, але яе мы не пазналі. Звычайна ў нас не бывае чужых, бо суседнія вёскі далёка. А хто гэта? Не паспелі мы ачухацца, як старая павяла сябе занадта дзіўна. Яна загула, замармытала, замахала рукамі,  лягла на лясную траву і пакацілася ў наш бок. Для мяне гэта было больш незвычайна, чым страшна. Але ж, уяўляю, як на гэтае відовішча адрэгавалі малыя. Неведама што за істота і чаго ад яе чакаць.
- Уцякаем! - крыкнуў я, і мы пабеглі напрасткі назад.
- У-у-у-у! - крычаў я... - А-а-а-а! - галасілі дзеці.
  Мы беглі па лясной дарозе і напужалі ці то  варону, ці нейкую лясную птушку. Яна ляцела над намі і каркала. Здавалася, што гэта тая старая ператварылася ў птушку і  гоніць нас з лесу. Мая сястра ўспамінала, як яна бегла апошняй і думала, што не ўспее выбегчы з лесу. Але бегчы было недалёка, і хутка мы апынуліся на адкрытай прасторы, дзе быў падмурак польскай школы. А тут ўжо і вёска недалёка. Вядом ж у вёсцы нам не паверылі спачатку. Думалі-гадалі, хто мог гэта быць і так дзіўна сябе паводзіць. А для нас гэтае здарэнне засталося казкаю.