Алхiмiя

Янина Пинчук
Дала строгі зарок
На даўгое маўчанне,
І мае суразмоўцы –
Адно цёмныя здані;
Апрануўшы адзежы
Урачыстых адценняў,
Я палюю на думкі,
Уражанні, цені,
Іх кладу ў скарбонку
Разам з водбліскам поўні,
Нецярпліва чакаю:
Ну калі ўжо напоўню?
І тады назбіранае
У задуменні
Стане ўрэшце прыдатным
Для пераўтварэння,
І свінец паўсядзённы
Пад уздзеяннем чар
Скаланецца, уздыхне,
Завіруе, як вар;
Я напнуся струною
У цішы хвалявання,
Бо рэцэптаў – няма,
І няма заклінанняў!
Кожны раз – гэта першы,
І для новай замовы
На хаду нараджаюцца
Новыя словы –
Каб рэакцыю формы
І зместу паскорыць,
Ці стыхія, ці воля -
Ну, хто каго скорыць?!
Хай алмазам бліскучым
Стаецца каменне!
Хай рассыпле свінец
Залатое праменне!
Рэвалюцыя, цуды
У замкнёнай каморы...
Я – паэт. Мой занятак –
Алхімія твораў.