Дурнiца

Янина Пинчук
I.
Я нічога не цямлю ў каханні.
Бо для мяне кульмінацыя –
Гэта калі кацянятка пухнатае
На каленках, замружыўшы вочкі,
Аблачынкаю расплываецца,
І ціхутка-ціхутка нясе яго
Па салодкіх малочных хвалях
У краіну ружовых сненняў.
Хіба ёсць тут хоць нешта ад рухаў
Непрыстойных і мітуслівых?

II.
Кожны вечар лістота чароўная
Нам спявае з табой калыханку,
Перламутравым пухам ахутвае
Нашу коўдру, прасціну, падушкі –
Засынаем на Дрэве Пяшчоты,
Ты мяне крылом захінаеш…
Выпраўляемся разам тады
Па рацэ лагоднай, павольнай,
Калі згаснуць апошнія слоўкі,
Нібы зорачкі серабрыстыя…
Яшчэ доўга на навалочках
Светлячкамі шэпты мігочуць…
У абдымках цёплых і ўтульных
Разам мы адплываем у цемру.

III.
Я нічога не цямлю ў каханні.
Ну, а ты мне дурноту даруеш
І не просіш, каб стала разумнай.