Знаёмства

Янина Пинчук
Быў пятнаццаты год, сакавік...
я ніколі ў транспарце
не знаёмлюся;
я ніколі звычак сваіх не мяняю –
занураюся ў кнігу;
я ніколі не фанацею
ад “добрых” станоўчых герояў;
углядалася ў чужы твар
сляпымі вачыма,
бо бачыла толькі цябе,
і па каліўцу залатому
выбірала паміж старонкамі;
і цябе мне стала замала –
окей, гугл, вітанкі,
раскрый таямніцы! –
а іх усё большае! –
грошы - на іншыя кнігі,
альбомы, партрэты,
спатканні, кветкі з квіткамі,
сілы на новы раман...
знямога ў страсным чаканні
на бульвары Страсным
і на мінскім Праспекце.
Ну і хто б мог падумаць, скажы,
што цябе я сустрэла
ў банальным халодным аўтобусе,
калі ехала міма прыпынка
з рамантычнай назваю “Гаражы”?..