Дух

Янина Пинчук
Люстэркі чужых вачэй
Як лекі ад небыцця;
Іхнія позіркі-крошкі –
Ратунак майго жыцця;
Хоць на хвіліну якую,
Аднаго дастаткова, двух,
Каб даць чуццё існавання;
І хоць не вампір - я дух:
Толькі чужая ўвага,
Толькі мае адбіткі
Трымаюць ад перарыву
Існасці тонкую нітку:
А раптам не будзе люстра,
Лена мінак абміне –
Прывід жа, і той знікае –
Тады не стане мяне.