Належнае месца

Янина Пинчук
Стагоддзе цябе аддзяляе
ад камянёў родных вуліц,
парога, залітага сонцам –
падэшвы салдацкіх ботаў
дзівяцца бруку антычнаму,
вочы – яркасці фарбаў;
зямля цябе аддзяляе
ад золата на блакіце –
яднаеш дыханне ўважліва
з лагоднаю Адрыятыкай –
соль і жалеза бруіцца
ў моцных і пругкіх жылах;
мова цябе аддзяляе
ад легіёнаў з арламі –
нічога, хутка ўзгадаеш;
твой прашчур адкінуў меч –
а ты яго ўзнімаеш.
Калісьці ўсе рэчы ў свеце
займаюць належнае месца.