Цана абсалютнай свабоды 1

Игнат Урсуляк
ЦАНА АБСАЛЮТНАЙ СВАБОДЫ

Фантастычнае апавяданне


Со мною тени, за мною тени,
Я слышу сказку морских глубин,
Я царь над царством живых видений,
Всегда свободный, всегда один.

Я слышу бурю, удары грома,
Пожары молний горят вдали,
Я вижу остров, где все знакомо,
Где я – владыка моей земли.

К. Бальмонт.


1.

Яшчэ адзін дзень Чырвонага сонца набліжаўся да канца. Ашаламляльная, словамі невымоўная веліч была ў гэтым неймаверным зарыве, што магутным патокам залівала амаль палову густа-фіялетавага нізкага неба. Тытанічнае барвовае свяціла ўжо на траціну апусцілася ў чорныя, як расплаўлены гудрон, ртутна-бліскучыя воды заліва і скоса кідала сваё праменне на такія ж чорныя, нібы антрацытавыя, скалы, цені ад якіх лажыліся шырокімі непрагляднымі палотнамі, увайсці ў якія было дастаткова, каб адразу ж стаць невідзімкай. На самай справе і скалы, і вада, канечне ж, не былі чорнымі. Проста пад час чырвонага дня на плянеце пад фіялетавым небам не існавала іншых колераў, апрача чорнага і чырвонага ва ўсіх іхніх найтанчэйшых адценнях. Абясколераны свет уражаў свядомасць, бо рэзкія кантрасты ў афарбоўцы прадметаў па-асабліваму падкрэслівалі ўсю ягоную грандыёзнасць, якая пры Белым сонцы нейк не так кідалася ў вочы, звыклыя да шматколернасці. Відовішча захаду Чырвонага свяціла зачароўвала. Адчуванне датычнасці да гэтага вялікаснага касмічнага спектаклю напаўняла душу ўрачыстаю, нечалавечаю музыкай, і адарваць позірк ад далягляда было проста немагчыма. Рух свяціла быў абсалютна бачным: яно павольна апускалася ў акіян, распырскваючы па ягонай маршчыністай паверхні барвовыя дрыжачыя блікі. Фіялетавае неба здавалася вадкім, так што паяўлялася нейкае іррацыянальнае чаканне, што яно ў любы момант можа пацячы, нібы выпадкова абліты вадою акварэльны малюнак, і змяшацца з чарнатою заліва. Усяго некалькі стандартных гадзін аддзялялі навакольны свет ад надыходу ночы, якая цягнулася восем з паловаю стандартных суткаў і служыла прамежкам паміж двухмесячным чырвоным і трохмесячным белым днямі. І ўсё-такі насілу верылася, што гэтае калясальнае свяціла можа згаснуць і ўступіць месца цемнаце. Зрэшты, цемната ў гэтым свеце таксама была паняццем вельмі ўмоўным, бо гіганцкія зоркі, успыхваючы на небе з надыходам ночы, асвятлялі плянету настолькі, што можна было свабодна чытаць без агню. Некаторыя з іх было відаць і цяпер: каламутна-жоўтая, велічынёй з баскетбольны мяч, вечароўка ўжо ўзышла і плавала ў небе, як у фіялетавым чарніле, абкружаная трыма сваімі вечнымі спадарожніцамі – дзвюма белымі і адной рубінавай, падобнай да зернятка граната.
– Ну, колькі ж разоў можна паўтараць, што глядзець на чырвонае зарыва без светлафільтра шкодна для вачэй!
Дэпстэр, нячутна ступаючы па дывановым пакрыцці каюты, прыблізіўся да Эдварда, што стаяў перад ілюмінатарам, і сеў ля ягоных ног, выцягнуўшы па падлозе свой тонкі і доўгі, як ва ўсіх догаў, хвост.
– Для тваіх, можа, і шкодна, – адгукнуўся хлопчык, – ты ж дальтонік.
– Навошта лішні раз папракаць мяне маімі натуральнымі заганамі, у якіх я абсалютна не вінаваты? – прабурчаў Дэпстэр і хмурна апусціў сваю вялікую вуглаватую галаву. – Тым больш што я дбаю выключна аб тваёй карысці.
– Не крыўдуй, – Эдвард правёў пальцамі па ягонай чорнай гладкай гагавіцы. – Ты ж ведаеш, што маім вачам гэта не шкодзіць. Напэўна, я ўжо трошкі муціраваў за дванаццаць гадоў.
– Не вярзі бязглуздзіцы, Маўглі, – запярэчыў Дэпстэр нездаволена. – Апошняе медыцынскае абследаванне не выявіла ў тваім арганізме ніякіх адхіленняў ад нормы. І наогул, мне вельмі не падабаецца, з якою лёгкасцю ты паўтараеш слова «мутацыя». Наўрад ці ты дакладна ўяўляеш сабе, наколькі гэта ў сапраўднасці страшная рэч.
– Але ты ж ад гэтага не пакутуеш.
– Я не мутант, – насупіўся Дэпстэр, – я твор рук чалавечых. І калі гэтым рукам у свой час заманулася ўсунуць у цела сабакі кібернэтычныя мазгі, то я тут абсалютна ні пры чым. Цалкам магчыма, што для мяне значна лепш было б правесці жыццё сваё ў шчасці неразумнасці, хлябтаючы, як усе нармальныя сабакі, мясны суп з міскі і грызучы салодкія барановыя костачкі, а не абцяжарваць сябе турботамі пра нягоднага і ўпартага хлапчука, які ўсё роўна майго старання не цэніць.
– Гэта я не цаню твайго старання?! Не выдумвай. Куды ж я без цябе! – Эдвард пачухаў у яго за вухам, ведаючы, што дог гэта страшэнна любіць. – Дый наогул, хопіць табе бурчаць. Чаго ты сёння такі сугней? З’еў чаго-небудзь? Жывот баліць?
– Нічога ў мяне не баліць, – чмыхнуў Дэпстэр, – і ежу я спажываў стандартную, у адрозненне ад цябе. Калі ты не перастанеш эксперыментаваць з фуд-сінтэзатарам, гэта рана ці позна скончыцца для цябе атручэннем.
– Дэпстэр, ты проста нязносны. Хочаш, каб я апусціў фільтры?
– Хачу.
– Добра, апушчу, толькі адчапіся.
Эдвард націснуў кнопку каля ілюмінатара, і шкло тут жа закаламуцілася, прыглушаючы вонкавае святло.
– Вось, гэтак лепш, – Дэпстэр вільнуў хвастом.
– Стары буркун, – нездаволена ўздыхнуў хлопчык.
Дэпстэр ухмыльнуўся, як гэта ўмеюць рабіць усе сабакі, – яму было прыемна, што ён-такі дабіўся ад Эдварда свайго.
– Трэба зазначыць, што ты дарэмна называеш мяне старым, Маўглі, – сказаў ён, памаўчаўшы. – Магчыма, калі б я быў звычайным сабакам, я б сапраўды мог лічыцца драхлым старцам, аднак для біякібернэтычнага сімбіётыка такое паняцце, як узрост, не цалкам прымянімае ў ягоным звычайным сэнсе. Я зусім не стары. Я ў поўным росквіце сіл і здольнасцяў.
– Даруй, я не хацеў цябе пакрыўдзіць, – Эдвард усміхнуўся.
– Ды я і не пакрыўдзіўся.
Дэпстэр улёгся на падлогу ў позу сфінкса і звесіў на бок свой шырокі чырвоны язык. Гэта не перашкодзіла яму гаварыць, таму што ён быў чэрававяшчальнікам і ў размове языком не карыстаўся.
– Ведаеш, – прамовіў ён раздумліва, – часам мне здаецца, што я памятаю сваё шчанячае дзяцінства. Гэтага, канечне ж, не павінна быць паводле ўсіх законаў кібернэтыкі, але часам усплываюць нейкія абрыўкі, падобныя да ўспамінаў. Але выразней за ўсё вырысоўваюцца смакавыя рэмінісцэнцыі: я памятаю, як ссаў матчына малако.
Ён уздыхнуў і сумна апусціў вочы. Эдвард не ведаў, ці трэба што-небудзь адказваць. Сам ён не памятаў сваіх бацькоў. Іхніх здымкаў не захавалася нават у памяці цэнтральнага бартавога камп’ютэра, а ўсё, што распавядаў пра іх Дэпстэр, давала занадта мала пажытку для фантазіі, каб можна было намаляваць сабе іхні больш-менш дэталёвы партрэт. Гэта было прыкра, але часам Эдвард думаў, што гэтак нават лепш, бо, па сутнасці, навошта патрэбна інфармацыя, у якой у дадзены момант няма ні карысці, ні сэнсу!
– Усё такі ты сёння нейкі дзіўны, – сказаў хлопчык, прысеўшы на кукішкі і абняўшы Дэпстэра за карак. –Цябе нешта непакоіць? Ну, прызнайся. Што-небудзь здарылася?
– Нічога канкрэтнага, – зноў уздыхнуў Дэпстэр. – Проста хандра. Находзіць часам туга, проста выць хочацца.
– А ты павый, чаго саромецца! – без ценю іроніі прапанаваў хлопчык. – Нельга ж увесь час паводзіць сябе па-чалавечаму, раз ужо ты нарадзіўся сабакам.
– Можа, ты і маеш рацыю, – згадзіўся Дэпстэр паныла, – ды толькі адвык я нейк ад падобных выкрунтасаў. Ні да чога гэта, тым больш што я, усё-такі, не які-небудзь там дварняк, я – высакародны дог. Парода, ведаеш, накладае пэўныя рамкі...
– Цярпець не магу рамкаў! – паморшчыўся Эдвард. – Часам я абсалютна не разумею тваёй лёгікі. Якія могуць быць рамкі на плянеце, дзе, апрача нас з табой, няма аніводнае жывое істоты! Тут нават мікробы – і тыя не вядуцца, так што, калі ты парушыш куртуазнасць паводзінаў, зганіць цябе за гэта ўсё роўна не будзе каму.
– А ты?
– А я люблю цябе незалежна ад таго, выеш ты ці не.
– Дзякую, Маўглі, – Дэпстэр удзячна лізнуў яму руку. – Ты хоць і нягодны хлапчук, але я цябе таксама люблю незалежна ні ад чога.
Эдвард нягучна засмяяўся – у такія хвіліны ён гатоў быў дараваць Дэпстэру усю ягоную бурклівасць і надакучлівасць.
– Пойдзеш са мною купацца, калі настане ноч? – спытаў ён, выпростваючыся.
– Можна, – кіўнуў дог. – Толькі абяцай мне, што не будзеш скакаць са скал. Я страшэнна баюся, калі ты гэта робіш.
– Падумаю, – усміхнуўся Эдвард.