Цана абсалютнай свабоды 4

Игнат Урсуляк
4.

Басанож увайшоўшы ў цёплыя алеістыя хвалі, Каньізарас нахіліўся, зачэрпаў вады прыгаршчамі і, паднёсшы да рота, зрабіў глыток.
– А яна і сапраўды прэсная! – прамовіў ён радасна. – І смачная! Я такой ніколі раней не піў!
– На вашым месцы, капітан, – адгукнуўся Джон, стоячы на беразе, ля адкрытага катэра, – я не стаў бы паводзіць сябе так легкадумна на чужой плянеце. Дакладнага хімічнага саставу гэтае вады мы пакуль што не ведаем, дый адносна паветра яшчэ ёсць шмат пытанняў.
– Калі вы апошні раз бачылі акіян? – перабіў яго Каньізарас.
– Даўно. Вельмі даўно. Яшчэ хлапчуком.
– А я вось бачыў акіян толькі на фатаграфіях, – сказаў капітан, выціраючы далоні аб свой зялёны кіцель, – і ніколі ў жыцці не дыхаў такім салодкім паветрам. Хіба вы самі не адчуваеце, што яно значна чысцейшае за тое, якім мы дыхаем на караблі?
– Адчуваю, сэр, аднак гэта яшчэ не прычына для такіх іррацыянальных эмоцыяў. Па-мойму, вы забываеце, што мы прыйшлі сюды зусім не для таго, каб купацца.
– Я нічога не забываю, Джон, – адказаў капітан, нездаволена нахмурыўшыся, аднак ягоная радасць ад блізкасці акіяна была такой вялікай, што ён не змог па-спраўднаму раззлавацца на свайго памочніка і дадаў мягчэй: – Невядомы карабель ляжыць зусім недалёка адсюль, вунь за тымі скаламі, і я думаю, што спяшацца нам няма куды. Урэшце рэшт, вы ж самі казалі, што ён можа спакойна пачакаць лішні тыдзень.
– Так, – згадзіўся старпом, – але толькі ў тым выпадку, калі б мы працягвалі ісці сваім курсам і выконваць кантракт з «Вест Трэйдз Спэйс». А цяпер мы папросту марнуем час, не займаючыся ні караблём, ні кантрактам.
– Часта ваш прагматызм ставіць мяне ў тупік, Джон, – уздыхнуў капітан. – Так дзіўна, што ён уласцівы менавіта вам, чалавеку, які піша вершы і іграе на фартэпьяна. Ну няўжо ж вам ні каплі не падабаецца ўсё, што вы бачыце навокал?
– Падабаецца, сэр, але вопыт падказвае мне, што самыя прывабныя плянеты як правіла аказваюцца і самымі небяпечнымі, а ў нас нават няма зброі на той выпадак, калі здорыцца што-небудзь сур’ёзнае.
– Вы што, збіраецеся ваяваць тут, Джон? Як-ніяк, мы ідзем на сустрэчу з такімі ж зямлянамі, як і мы самі. Няўжо вы хочаце, каб мы паявіліся перад імі, бразгаючы зброяй?
– Я не ведаю, як гады поўнай ізаляцыі маглі паўплываць на экіпаж пацярпеўшага судна, калі ён яшчэ жывы, – запярэчыў старпом. – Але нават калі ён і нежывы, нам усё роўна лепш быць напагатове. Паверце, сэр, я сёе-тое разумею ў такіх справах. Усё-такі ў мяне за плячыма дзесяць гадоў работы дэсантнікам.
Гэта была праўда – Джон не ўсё жыццё лятаў на грузавіку. Калісьці ён быў нядрэнным дэсантнікам, але потым яго разжалавалі на цывільную службу за п’яную бойку са старэйшым афіцэрам. З таго часу Джон алкаголю ў рот не браў і пра сваю мінуўшчыну ўспамінаў з неахвотай – толькі тады, калі на гэта былі важкія прычыны. Каньізарас добра ведаў, што ягоны памочнік – выдатны спецыяліст і да ягоных прафесійных парад заўсёды варта ўважліва прыслухоўвацца. Цяпер словы Джона таксама закранулі ў душы капітана непрыемныя, трывожныя стрункі, аднак думка аб тым, што на невядомым караблі сапраўды можа быць хто-небудзь жывы, заглушыла іхні голас.  Каньізарас успомніў, як яшчэ ў маладосці яму самому давялося перажыць касмічную аварыю і два тыдні правесці ў выратавальнай капсуле. Тады ён дакладна ведаў, што толькі на два тыдні і разлічаны запас паветра капсулы, і са страхам лічыў гадзіны і мінуты, што заставаліся да ягонай смерці. Калі б ратаўнікі тады спазніліся гадзіны на дзве, Каньізараса б цяпер не было ў жывых.
– Мы ляцім да пацярпеўшага карабля, Джон, – прамовіў капітан, выходзячы з вады і абуваючыся.
– Як скажаце, – паціснуў плячыма старпом і скокнуў у кабіну катэра.