Цана абсалютнай свабоды 5

Игнат Урсуляк
5.

– Дзіўна, але гэта зусім не крэйсер, – прамовіў Дэпстэр, гледзячы на экран цэнтральнае кансолі, на якім карабель-госць вуглаватым сілуетам чарнеў на фоне скал. – Гэта звычайны грузавік, прычым зафрахтаваны нейкай кампаніяй. Вось ніколі не думаў, што на наш СОС адгукнецца менавіта такое судна.
– З-за гэтага СОСа ўсе нашы праблемы! – Эдвард раздражнёна павярнуўся ўсім целам у сваім фатэлі-круцелцы. – Колькі разоў я прасіў цябе, каб ты знайшоў спосаб яго выключыць!
– Але я ж казаў, што выключыць яго можна толькі разам з сістэмамі жыццезабеспячэння нашага чоўна, – адказаў дог паныла. –Тут нічога не папішаш. Аўтаматычны рэжым СОС прадугледжаны на той выпадак…
– Мяне не цікавіць, на які выпадак ён прадугледжаны, – перабіў яго хлопчык. – Галоўнае, што ён ускладняе нам жыццё і абмяжоўвае маю свабоду. Ну, што вось нам цяпер рабіць з нашымі гасцямі?
– Думаю, нам лепш пайсці з імі на кантакт і растлумачыць, што ніякай дапамогі нам не трэба.
– Па-твойму, яны зразумеюць нас?
– Наўрад ці, але…
– «Але» мяне таксама не цікавіць. Чым бываюць аснашчаныя падобныя грузавікі?
– Нічым асаблівым. Стандартны набор навігацыйных сістэмаў, рухавікі...
– Я не пра тое. Я маю на ўвазе: ці нясуць яны на барту зброю?
– Зброю? А навошта яна грузавіку?
– Значыць, ніякай зброі ў іх няма. Што ж, гэта намнога аблягчае задачу. А экіпаж?
– Як правіла, грузавік вядуць два чалавекі: капітан і ягоны памочнік. Па-мойму, абодва яны ў дадзены момант накіроўваюцца да нас, – Дэпстэр кіўнуў на другі экран, на якім на фоне зорнага неба плаўна рухаўся касмічны катэр, у кабіне якога праз празрысты каўпак можна было лёгка разгледзець фігуры двух мужчынаў.
– Ну што ж, – прамовіў Эдвард, прасачыўшы за катэрам, – выдатна.
І застукаў пальцамі па рознакаляровых кнопках пульта.
– Што ты робіш? – здзіўлена спытаў дог.
– Хіба не бачыш? Рыхтую фатонныя гарматы, – адказаў хлопчык, не адрываючыся ад сваёй справы.
Дэпстэр у аслупяненні ўтаропіўся на яго.
– Навошта? – пасля доўгай паўзы нарэшце змог выдушыць ён з сябе.
– Няўжо табе не ясна, што нашы госці павінны быць знішчаныя як мага хутчэй? – Эдвард кінуў на яго нездаволены позірк.
– Як знішчаныя?!
– Фізічна. Яны прыйшлі адабраць маю абсалютную свабоду, а сваёй абсалютнай свабоды я не аддам нікому!
Дог хутка аглянуў Эдварда поўнымі жаху вачыма, як быццам не верачы, што чуе тое, што чуе.
– Але як жа яны могуць адабраць тваю свабоду, Маўглі? – пралепятаў ён ашаломлена.
– Самі яны, магчыма, і не могуць, – адказаў хлопчык, – але, калі дазволіць ім пакінуць плянету, яны абавязкова паведамяць пра нас свайму начальству – яны папросту не маюць права не паведаміць. І тады на маю плянету прыйдуць чужынцы, якія пачнуць устанаўліваць тут свае парадкі. Гэтага я не дапушчу ніколі. Чуеш? Ніколі!
– Але яны ж людзі! – выгукнуў Дэпстэр у роспачы, бачачы, што Эдвард не жартуе і крыжык электроннага прыцэла гарматаў ужо злавіў на мушку чужы катэр. – Жывыя людзі!
– Зараз будуць мёртвыя.
– Яны зямляне, Маўглі! Такія ж, як ты сам!
– Я не зямлянін, – запярэчыў хлопчык спакойна. – Я гаспадар гэтай плянеты і маю намер абараніць ад чужынцаў сваю ўласнасць.
– Я не магу дазволіць табе страляць!
– Цікава, як гэта ты можаш мне не дазволіць? Загрызеш мяне? Што ж, паспрабуй, бо іначай табе мяне не спыніць.
– Але ў імя чаго такія ахвяры?!
– У імя чаго?! – Эдвард усхапіўся і гнеўна ссунуў свае прыгожыя бровы. – А хіба свабода – абсалютная свабода, Дэпстэр! –не каштуе жыцця гэтых двух ёлупаў? О, не, яна каштуе значна даражэй! На гэтай плянеце я жыву, не абцяжараны нічым: ні чалавечай мараллю, ні культурнымі ўмоўнасцямі, ні абавязацельствамі перад кім бы там ні было. Я магу паводзіць сябе так, як лічу патрэбным: не крывадушнічаць, не аглядацца на думку іншых, есці, што хачу, у неабмежаванай колькасці, спаць на цёплай скале або проста на пяску ля вады і быць упэўненым, што ніхто не разбудзіць мяне і не скажа, што я трымаю сябе няправільна. Я адзін на гэтай плянеце! Я свабодны, Дэпстэр! Я абсалютна свабодны! І ты лічыш, што ўсё гэта не каштуе ахвяраў?! Ты хочаш, каб чужынцы прыйшлі і забралі мяне ў свой свет, дзе мільярды іншых людзей вучылі б мяне, як мне жыць? Не, Дэпстэр, гэтага не будзе! Свабода – гэта вельмі дарагая рэч, а абсалютная свабода наогул не мае цаны, і я дзіўлюся, што ты гэтага не разумееш!
І ён зноў кінуўся ў фатэль, сочачы за прыцэлам агністымі ад гневу і натхнення вачыма.
Катэр па-ранейшаму рухаўся на фоне зоркаў.