Качки

Игнат Урсуляк
КАЧКІ

Апавяданне

(З цыкла «Успаміны аб сыне»)

Ты памятаеш, Славушка: у той дзень на нашым невялічкім возеры адпачывалі дзікія пералётныя качкі. Іх было шмат, вельмі шмат – шэрых, з белымі плямамі. Яны павольна і важна плавалі па цёмнай, лянівай, асенняй вадзе, апускалі ў яе галовы, лавілі сваімі пляскатымі дзюбамі багавінне, крычалі і лопалі моцнымі гнуткімі крыламі. У сырым халодным паветры віселі рэзкія, надтрэснутыя качыныя галасы. Ветру не было, але сухі чарот на маленькіх астраўках і ўздоўж берага калыхаўся, як жывы. Ды ён і сапраўды быў жывы, таму што там, у ім, у гэтым жоўтым і зеленавата-рудым гушчары таксама былі птушкі, шмат птушкаў.  Раз-пораз яны выляталі адтуль, кружылі па небе так блізка ад нізкіх касмыкаватых хмараў, што, здавалася, нават зачэпліваліся за іх, а потым зноў цяжка, з шумам падалі ў чарот або плаўна садзіліся на адкрытую ваду, і яна разбягалася ад іх ва ўсе бакі  алеістымі на выгляд хвалямі.
За возерам, абліты яркімі асеннімі фарбамі, якія выглядалі яшчэ больш рэзкімі на фоне шэрага неба, стаяў лес. Амаль да самай вады падыходзілі маладзенькія бярозкі, за іхнімі спінамі баязліва хаваліся асіны, далей расло некалькі дубкоў-падлеткаў, а яшчэ далей – густая лахматая мешаніна чырвоных, жоўтых, аранжавых, барвовых, зялёных плямаў, суцэльная маса лісця і шыпулькаў, якую здалёк амаль немагчыма было раздзяліць позіркам на асобныя дрэвы... Гэта быў твой лес – памятаеш, Славушка? Быў час, калі ты яго так і называў: мой. Як быццам ён і сапраўды быў тваёй прыватнай уласнасцю. Зрэшты, гэта і не дзіўна было, бо, напэўна, усім дзецям заўсёды здаецца, што цэлы свет належыць толькі ім і больш ніхто-ніхто не мае на яго ніякага права.  Маленькія людзі ўсе вялікія максімалісты.
Ты стаяў на беразе возера і глядзеў на птушкаў і лес. На табе быў сіні трыкатажны спартыўны касцюм з белай маланкай і белымі лампасамі па баках.  Вельмі дарагі касцюм, імпартны, з натуральнай шэрсці. Я купіў яго табе зусім нядаўна, на дзень нараджэння, калі мы разам ездзілі ў горад. Калі ты прымераў яго ў краме, ён аказаўся табе так да твару, што я не ўтрымаўся і купіў яго, не зважаючы на высокую цану. І цяпер ты стаяў у гэтым касцюме, такі прыгожы, зграбны, тоненькі, што я міжвольна залюбаваўся табой. І ты, несумненна, адчуваў на сабе мой замілаваны позірк, але не паварочваў галавы, рабіў выгляд, што табе ўсё роўна – ты тады ўсё яшчэ сердаваў на мяне, трэці дзень ужо, за тое самае...
Разумееш, Славушка, што я маю на ўвазе?
Была другая палова верасня. Табе толькі-толькі споўнілася адзінаццаць гадоў, і ты ўжо не хацеў лічыць сябе маленькім і патрабаваў, каб усе ставіліся да цябе, як да роўнага. У цябе тады ўжо ўспеў сфармавацца даволі незалежны характар. Табе ў цяжар была пастаянная апека дарослых і асабліва бабулі, якая ў табе душы не чула. Табе хацелася быць свабодным і самастойным, а яна пастаянна хадзіла за табою па пятах і сюсюкала, як з грудным дзіцём. Гэта ўшчамляла тваё хлапечае пачуццё ўласнай годнасці, і ты сердаваў. Так, ты тады ўжо быў страшэнна горды і не дапускаў у адносінах да сябе ніякіх вольнасцяў. А на мяне ты пакрыўдзіўся за тое, што я, ужо не памятаю, за што, з гарачкі шлёпнуў цябе далонню па задзе... Як ты заплакаў тады, але не ад болю – не, таму што ўдарыць цябе па-сапраўднаму, каб стала балюча, у мяне ніколі не паднялася б рука, а ад крыўды, і якімі вачыма паглядзеў ты на мяне! Ад такога позірку можна было проста скрозь зямлю праваліцца! Першае, што мне захацелася зрабіць, гэта абняць цябе, выцерці твае слёзы і папрасіць прабачэння, але я не зрабіў гэтага – у мне раптам загаварыла бацькоўскае самалюбства: «Ды што ж гэта, я свайго роднага сына і шлёпнуць не маю права? Нічога, паплача і перастане, тым больш што яму зусім не баліць...»
І ты сапраўды паплакаў і перастаў. Перастаў заўважаць мяне, як быццам я пустое месца або чалавек-невідзімка. З бабуляй і з дзедам ты размаўляў па-ранейшаму весела, а я папросту больш для цябе не існаваў.
Мне было цяжка глядзець на тваю крыўду. З аднаго боку, я разумеў, што вінаваты перад табою, бо ўдарыў цябе, хаця ты гэтага зусім не заслугоўваў, а з другога боку... З другога боку сядзела маё бацькоўскае самалюбства і настойліва нашэптвала: «Ну і што, што ён пакрыўдзіўся? Падумаеш! Усё-такі ты ягоны бацька, а значыць, у любым выпадку праўда твая. Дык няўжо ж ты першы загаворыш з ім?»
І мы з табою абодва працягвалі маўчаць – ты, горды хлопчык, і я, стары дурань. Ты вярнуўся са школы і не павітаўся са мной, і за сталом, калі мы вячэралі, не звяртаў на мяне ніякай увагі. Вечарам, перад сном, ты не сказаў мне, як гэта заўсёды бывала, «дабранач», а я не зайшоў у твой пакой, каб пацалаваць цябе...
Дзед не вытрымаў і спытаў мяне:
– Слухай, синку, а що це в нас таке із Славкою?
Я паціснуў плячыма:
– А що?
– Чого він ходить, як жабу з’їв? Ви що, посварилися?
Мне не хацелася расказваць яму пра нашы з табой справы, і я ўхіліўся ад размовы.
На другі дзень была нядзеля. З самай раніцы ты разам з дзедам пайшоў у лес у грыбы, а я застаўся дома з цяжкім каменем на сэрцы. Аж да вечара я думаў пра цябе і мучыўся. «Як толькі ён вернецца, – гаварыў у мне адзін голас, – адразу ж папрашу ў яго прабачэння, і тады ўсё зноў пойдзе па-старому». – «Падумаеш, які ён упарты! – пярэчыў першаму голасу другі. – Занадта шмат аб сабе ўяўляе! Яшчэ паглядзім, хто каго пераўпарціць!»
Вы прыйшлі з лесу з поўнымі кошыкамі грыбоў, і я зноў не загаварыў з табой. І ты, ні разу не глянуўшы на мяне, павячэраў і рана пайшоў спаць, таму што вельмі стаміўся за дзень.
Я выйшаў пакурыць на ганак. Ужо зусім сцямнела. Надвор’е сапсавалася, было холадна, накрапваў дожджык, вецер ціха шумеў у кароне высокай разложыстай грушы, што накрывала сваімі галінамі амаль палову даху нашай невялікай хаты. На душы ў мяне было, я і ўсюды навокал, холадна і няўтульна.
Следам за мною выйшаў дзед, сеў поплеч, няспешна раскурыў сваю кароценькую люльку, памаўчаў, потым прамовіў:
– Даремно ти Славку скривдив.
Я паглядзеў на яго: у цемнаце бялелася ягоная сівая барада, а твар быў зусім чорны, толькі раз-пораз, калі ўспыхвала люлька, асвястляўся нянадаўга чырвоным святлом, ад чаго станавіўся падобным да афрыканскай маскі.
– Він тобі розповів? – спытаў я.
– Еге ж.
– І ти думаєш?..
Ён уздыхнуў працяжна і сказаў:
– Можливо, він і був винуватим, але бити його за це було зовсім не конче. Ти не забувай, хлопчакові вже одинадцять літ, а в такому віці та з його гордістю... Ти б сам подумав. Хіба ж так годиться! Адже це син твій, за вдачею твоя копія, між іншим. Може, він тепер отак усе життя з тобою не балакатиме.
– Ну! Усе життя!..
Запанавала доўгае маўчанне. Я адчуваў, што ў цемнаце дзед пільна глядзіць на мяне. Напэўна, ён чакаў, што я скажу што-небудзь яшчэ, але я не знаходзіў слоў для размовы.
Дзед дакурыў і пачаў выбіваць люльку аб прыступку ганка. Успыхнулі і пакаціліся ўніз малюсенькія чырвоныя іскаркі.
– Кепська в тебе звичка, – прамовіў я.
– Яка? – не зразумеў дзед.
– Вибивати люльку де попало. А що як яка-небудь іскорка не згасне? Спалиш всю хату...
– Е-е, облиш! – адмахнуўся ён ад мяне. – Он яка сирість навкруг!
Ён з крахтаннем падняўся, вохнуў, памацаўшы паясніцу, і пайшоў у хату, а я яшчэ доўга сядзеў адзін на ганку, курыў адну папяросу за другой і ўсё думаў, думаў... Я ўспамінаў тваю маму. Я вельмі кахаў яе, Славушка. Калі яе не стала, табе было ўсяго адзінаццаць месяцаў, ты яшчэ нічога не ведаў пра жыццё і смерць і таму не спазнаў такога болю, які давялося спазнаць мне. А я... я нават і цяпер, праз столькі год, не магу забыць гэтага болю і, напэўна, ніколі не прывыкну да таго, што тваёй мамы няма на свеце...
На другі дзень раніцой ты стаяў ля возера і глядзеў на птушкаў. Я падышоў да цябе ззаду і палажыў рукі табе на плечы. Ты сярдзіта перасмыкнуўся, скідаючы мае далоні, але я не даў табе пайсці. Я ласкава і моцна абняў цябе і ціха прамовіў па-ўкраінску, схіліўшыся да твайго вушка:
– Знаєш, давай миритись, Славушко. Ти пробач мені, будь ласка, гаразд?
Некаторы час ты маўчаў, як быццам аналізуючы мае словы, а потым павярнуўся да мяне тварам і абхапіў мяне рукамі.
– Я люблю тебе, Славушко, – сказаў я, цалуючы цябе ў валасы.
– Я тебе теж, тату, – шапнуў ты ў адказ.
Потым мы разам гулялі па беразе. Ты то забягаў далёка наперад, то зноў вяртаўся да мяне, то спыняўся ля вады і, весела смеючыся, кідаў у яе дробныя каменьчыкі, а я глядзеў на цябе і ўсё думаў, які ж ты падобны да сваёй мамы! Не, няпраўду дзед сказаў: маміна ты копія, а не мая.
– Тата, давай палывём да птушкаў! – нечакана прапанаваў ты, паказваючы на нашу лодку, што стаяла прывязанай ля берага. – Возьмем хлеба і паплывём. Мне хочацца іх пакарміць.
– Не ведаю, ці ядуць гэтыя качкі хлеб, – усміхнуўся я, – але давай паплывём.
Ты збегаў у хату, прынёс лусту хлеба, мы падышлі да лодкі, ты забраўся ў яе і сеў на карме, а я адвязаў наша судна, скокнуў следам за табой і, узяўшы шост, што ляжаў на лодачным дне, адпіхнуўся ім ад берага.
Мы плылі павольна і асцярожна, стараючыся не шумець, каб не спалохаліся качкі. Праз некалькі мінут мы былі ўжо на самай сярэдзіне возера. Ты пачаў ламаць хлеб і кідаць яго ў ваду. Птушкі спачатку з апаскай глядзелі на нас, а потым пачалі падплываць бліжэй і лавіць хлеб дзюбамі. Неўзабаве яны зусім асмялелі, і наша лодка аказалася абкружанай з усіх бакоў. Ты ціха смяяўся ад шчасця і ўсё ламаў і ламаў хлеб, пакуль ён увесь не скончыўся.
– Няма, больш няма! – усміхаўся ты, паказваючы птушкам свае пустыя далонькі.
Раптам недзе з правага боку ад нас у цёмным чарацяным гушчары грымнуў стрэл. Качкі ўсе разам кінуліся прэч з гучнымі крыкамі, залопалі крыламі, асыпаючы нас незлічонымі пырскамі халоднай вады, пачалі ўзлятаць адна за другой, праносячыся над самымі нашымі галовамі. Ты ўскрыкнуў ад нечаканасці, падскочыў на месцы, таксама кінуўся, лодка нахілілася, і ты з шумам бухнуўся ў ваду.
Калі я зноў уцягнуў цябе ў лодку, ты ўвесь дрыжаў ад страху і холаду, а вада сцякала з цябе ручаямі.
– Нічога, усё ў парадку, не бойся, гэта проста паляўнічыя... – бязладна мармытаў я, гонячы лодку да берага, а ты сядзеў скурчыўшыся, ляскаў зубамі і плакаў наўзрыд.
А вечарам мы з табой сядзелі перад гарачай печкай, слухалі, як стукае ў акно асенні дождж, успаміналі гэты выпадак і весела смяяліся. Так, цяпер нам было смешна, але тады, калі я на руках унёс цябе, усяго мокрага, у хату, нам усім было не да смеху. Бабуля спалохана пляснула рукамі і ахнула, дзед упусціў валёнак, які падшываў, укалоўся шылам і ўсхапіўся з месца, забыўшы пра свой радыкуліт. Я коратка растлумачыў, у чым справа. Мы быстра раздзелі цябе і палажылі на ложак. Дзед хацеў быў даць табе глынуць гарэлкі, каб ты, барані Божа, не прастудзіўся, але бабуля ўспомніла, што ёсць малінавае варэнне... Гарэлкай мы расцёрлі цябе з ног да галавы, захуталі і далі гарачай гарбаты. Сагрэўшыся, ты хутка супакоіўся і першы засмяяўся з усяго, што было.
Сёння зноў, як заўсёды, я прыйшоў у твой пакой, каб сказаць табе «дабранач». Пачакаў, пакуль ты раздзенешся і забярэшся ў пасцель, і накрыў цябе коўдрай.
– Дабранач, тата, – сказаў ты, усміхнуўся і працягнуў да мяне рукі.
Я нахіліўся і пацалаваў цябе ў лоб:
– Спі, Славушка, спі, мой праменьчык. Дабранач.
І, патушыўшы святло, выйшаў з пакоя і шчыльна зачыніў дзверы.
А на другі дзень з нашага возера паляцелі качкі...


К А Н Е Ц