Графиня Одэнбург. Уступ. 1

Игнат Урсуляк
ГРАФІНЯ ОДЭНБУРГ

Раман

УСТУП

1.

Табе наканавана было паявіцца на свет а гадзіне Зэро на цёмнай ростані прасторы і часу, мілая, безабаронная дачка выпадковасці, і пайсці па жыццю тою дарогай, на якую бязлітасна выштурхнуў цябе сляпы лёс. І ты пакорна і моўчкі пайшла праз цемру, адкрытая ўсім бедам і няшчасцям, і халодныя калючыя вятры Сусвету пачалі біць цябе, як б’е непагода адзінокае танюткае дрэўца сярод чыстага поля. Яны гнулі цябе амаль да самай зямлі, яны рвалі на табе адзенне, ператвараючы яго ў рызманы, і блыталі твае доўгія валасы, а ты бездапаможна засланяла твар свой рукамі, але ўсё-такі ішла, хаця і не ведала, куды ісці і каму гэта патрэбна. Яры, рэкі і балоты трапляліся на тваёй няпростай дарозе. Ты падала ў яры, пэцкалася ў балотах і адмывалася ў рэках, але ўсё гэта для цябе было пазбаўлена якога б там ні было сэнсу, бо ніхто нічога не сказаў табе пра канчатковую мэту твайго падарожжа. У цябе не было нічога, што бывае ў звычайных людзей, – ні шчасця, ні кахання, ні спакою, як быццам на ўсё гэта ты мела менш правоў, чымся хто іншы. Табе не належала нічога – ты нават сама сабе не належала, і адзінае, што ты магла так ці іначай назваць сваім, была паходня, якая ярка гарэла ў тваім сэрцы, разрываючы навакольную цемру, і нешта падказвала табе, што менавіта яна і ёсць сэнсам твайго жыцця і тваёй дарогі. Многіх людзей сустракала ты: бедных і багатых, сляпых і відушчых, хворых і здаровых, тых, што няслі на сваіх плячах непасільную паклажу, і тых, што ішлі ўлегцы, – і кожны, хто праходзіў міма цябе, забіраў з сабою іскарку твайго агню. Ты шчодра дарыла людзям жывое святло, зусім не думаючы аб тым, што многія з іх гэтага абсалютна не заслугоўвалі. Ты нічога не прасіла ад іх узамен і нічога не пакідала сабе, таму што была поўнасцю ўпэўненая, што тыя, каго ты абдорваеш, маюць у тваім святле большую патрэбу, чымся ты сама. І калі аднойчы ў душы тваёй раптам настала ноч і ты зразумела, што табе больш няма чаго аддаваць людзям, табе здалося, што дарога твая праз цемру на гэтым скончылася і жыццё тваё страціла апошні сэнс, бо цемра перамагла цябе. Ты спынілася ў роспачы і разгубленасці, поўная страху і безнадзейнасці, і тады адзін з вятроў Сусвету, самы злы і каварны, падштурхнуў цябе да краю бездані – той самай, што заўсёды зеўрае там, дзе канчаецца вера ў сябе – і ты зрабіла пагібельны крок, ні ў чым не абвінавачваючы нікога, апрача самой сябе. Ніхто не ведаў, для чаго ты прыходзіла; ніхто не падзякаваў табе за тое, што ты была; і ніхто не ўспомніў пра цябе, калі цябе не стала, мілая, безабаронная дачка выпадковасці. Спі ж, і хай сняцца табе залатыя сны.

(З сярэдневяковага манускрыпта.
 Замчышча Ортхоф оф Одэнбург, паўночная Сонія)