Графиня Одэнбург. Уступ. 3

Игнат Урсуляк
3.

Нядбайным рухам белай, выпешчанай рукі, упрыгожанай залатымі пярсцёнкамі і гадзіннікам на плацінавым бранзалеце з адзінаццацьма дыяментамі, ён штурхнуў масіўныя на выгляд, але вельмі лёгкія на справе двухстворкавыя дзверы, і яны расчыніліся абсалютна бясшумна, прапусціўшы яго ў вялікую змрочную залу, паветра ў якой было насычана даўкім пахам дарагіх цыгараў. Прыходзіць сюды з цыгарэтай або, барані Божа, з вульгарнай папяросай было верхам непрыстойнасці. Фэ, што за сапсаваны густ! А таксама яўная непавага да прысутных і нахабны выклік агульнапрынятым правілам, парушэння якіх вам у гэтых колах ніколі не даруюць. Не, толькі цыгары, самыя дарагія, самыя вышуканыя, якія толькі можна знайсці ў паўночнай сталіцы, і чым таўсцейшыя, тым прэстыжнейшыя. Жаваць іх, задуменна гледзячы ў картачны вахляр, перавальваць з аднаго кутка вуснаў у другі і – пых-х! – густое шызае воблака атручвае атмасферу і робіць яе абсалютна непрыдатнай для дыхання нязвыклага чалавека. Тытунёвы дым клубіцца і ўецца ў мяккай паўцемры, робячы абрысы прадметаў да крайнасці сюррэальнымі, і толькі ярка асвечаныя плямы сталоў, ядавіта-зялёнае сукно больш-менш на штосьці намякаюць. Марудлівыя, ільсняныя ад поту паночкі ў чорных тройках або смокінгах, самі сабе наўме, дымяць, засяроджана пачухваючы жывоцікі і выціраючы лысіны вялікімі насоўкамі, на якіх іхнія дабрадзейныя жонкі, канечне ж, не забылі на пяльцах вышыць вензелі і ініцыялы. Меланхалічныя жвачныя, атупелыя ад уласнай сытасці: чвяк-чвяк-чвяк! А вунь там больш ажыўлена – там стукае і круціцца кола ўдачы, грошы перамяшчаюцца нявызнанымі шляхамі і велічны крупье ў чырвонай камізэльцы заклікае ўдзельнічаць у гэтым перамяшчэнні. Гледачоў больш, чым гульцоў. Але кожны глядач можа нароўні з усіма паспрабаваць схапіць удачу за капыт. Гэта нікому не забаронена пры наяўнасці пэўнага ўваходнага ўзносу. Гэтыя паночкі не сумняюцца, што і ў рай можна купіць пуцёўку. Пераважная большасць страшэнна забабонныя, але толькі не гэтыя. Гэтыя цвёрда ведаюць свае магчымасці і глыбіню сваіх кішэняў. Пагэтаму ніколі не мітусяцца, і на іхніх тварах намалявана спакойная самаўпэўненасць. Глянцавыя лысыя лялькі!
– Стаўкі зроблены, стаўкаў больш няма!
Кола ўдачы застукала здзекліва дробненькім смехам вясёлага нячысціка. Усе насы, нібы флюгеры, як па камандзе павярнуліся ў адзін бок і прагна зашморгалі, стараючыся ўнюхаць пах фартуны. Верагодна, яна і сапраўды парадкам насмуродзіла, пралятаючы міма.
– Дваццаць пяць, левая, чорная!
Уздых расчаравання. Гэтым разам не пашанцавала нікому. Нехта нервова захіхікаў, захрусцелі чыесьці сшэрхлыя пальцы.
– Рабіце вашы стаўкі, панове!
Ёсць адна пані, якая штовечара прыходзіць сюды а дзесятай гадзіне, ставіць пяць тысяч на чырвонае, прасаджвае гэтую суму і знікае пасля першай жа гульні да наступнага вечара. Ніхто не памятае, каб яна хоць адзін раз выйграла. Як ніхто не памятае і таго, як яе завуць. Адны думаюць, што яе імя гьярэса Дункер, другія – што гьярэса Пфальц. Аднак у любым выпадку наўрад ці яна называе сябе сваім сапраўдным імем. Людзі такога гатунку звычайна маюць дзесяткі псеўданімаў. Некаторыя лічаць, што яна мафіёза або жонка мафіёза. Цалкам магчыма, што толькі гэта і ёсць праўда. Ва ўсякім разе, кланяюцца і ўсміхаюцца ёй усе без выключэння. Так, для спакою ўласнай душы.
– Сюды, сюды, маркіз! – цыбатая марыянетка ў новенечкім смокінгу маша тонкімі рукамі і прытанцоўвае нецярпліва. – Далучайцеся! Вы сягоння апазняецеся.
– Былі сякія-такія справы... – трэба ж хоць што-небудзь адказаць гэтаму блазну.
– О, так. несумненна! Пра вашы справы, Шон, гаворыць ужо ўвесь Чнестр!
Брыдкая гліста, толькі што з задняга праходу. Але ўсміхнёмся.
– Няўжо, Олтафсен?
– Кіньце, кіньце, маркіз! Не прыкідвайцеся, што ўся гэтая шуміха, усчатая газэтамі вакол вашай блізкай жаніцьбы, да вас не даходзіць.
– Я не чытаю газэтаў, Олтафсен. Гэта ніжэй за маю годнасць.
З правага боку сапе тоўсты астматычны Дамер і соўгае на крэсле, нібы сядзіць на канцылярскай кнопцы.
– Колькі вы збіраецеся выкінуць на вецер сягоння, маркіз?
Канечне, яму цікава! Гэтая тоўстая свіння, па ўсім відаць, сёння мае намер паздзекавацца. Што ж, будзем бачыць.
– Нішто не бывае з нічога і не ператвараецца ў нішто, гьёр Дамер. А зрэшты, усё будзе залежаць ад скорасці ветру.
– Ах, гэтыя мудрагелістасці так у вашым гусце, наш шаноўны Дорыян Грэй!
Непад’ёмная вучоная задніца!
– А вы, як заўсёды, спрабуеце вастрасловіць, прафесар?
Падкалоў. Цяпер заткнецца.
– На чырвонае, калі ласка.
– Пачынаеце па маленькай, маркіз?
– Як бачыце. Прыстрэлка.
– Што ж, у вашым становішчы гэта цалкам лягічна.
– Стаўкі зроблены, стаўкаў больш няма!
Крутануў. У крупье шырокая ружовая морда з самазадаволеным носам-гузікам і слінявымі шэрымі вочкамі. Не пашануе ўжо ад адной прысутнасці гэтага дэгенерата. Ну, канечне, так я і думаў!
– Трыццаць, правая, чорная!
– Страляйцеся, маркіз, сёння вам зноў не шчасціць.
Спачатку я дачакаючы, пакуль ты захлынешся сваім вінішчам, сопля слановая!
– Што ж, першы блін заўсёды...
– Паслухайце, Шон, што гэта ў вас там, у кішэні? Няўжо вы збіраецеся спусціць усё гэта за адзін вечар?
– Вы прывучаны лічыць чужыя грошы, васпан?
– Не такія ўжо і чужыя, шаноўны.  Па-мойму, ніхто больш, чым я, не мае права лішні раз зазірнуць у ваш кашалёк.
– Перастаньце, Глаўман! Не будзьце такім меркантыльным.
– У адрозненне ад вас, я не арыстакрат, а звычайны купец. Мне без меркантыльнасці нельга, шаноўны.
– Абяцаю, вы сваё атрымаеце.
– Мне б хацелася ў гэта верыць, юнача, тым больш што вы не мадам Пфальц і ваш апошні вэксаль ужо месяц як пратэрмінаваны.
А каб цябе разадрала, смярдзючка! Падкладай свае мільёны пад сябе замест памперсаў, калі ноччу пісаеш у пасцель! Можа, хоць тады ад цябе будзе ісці больш цярпімы пах. Што? Як вы сказалі? Адэкалён? Чорта з два! Купайся ў ім штодзень і ўсё роўна як быў, так і застанешся смярдзючкам!
– Зэро, панове!
А, праваліся ты ў пекла! Цікава, што сказаў бы мой мілы інфантыльны татуля, калі б даведаўся, што я на першых прасадзіў дзве сотні? Ну, ды нічога, паплюём і павядзём далей. Нас голымі рукамі не прыціснеш! Удача любіць смелых!
– Рабіце вашы стаўкі, панове!
– Паслухайце, Шон, – цыбатая марыянетка па-змоўніцку схіляецца да самага вуха, дыхаючы часнаком і ванільнай жвачкай. – Вы і сапраўды спадзеяцеся на?..
– Я заўсёды спадзяюся толькі на самога сябе, мой дарагі сябар.
– Але вы ж не будзеце аспрэчваць той факт...
– Буду, Олтафсен, буду.
– Мне б вашу самаўпэўненасць!
– Проста не заўсёды трэба верыць усяму, што пішуць у газэтах.
– Адзінаццаць, правая, чырвоная!
А-а ж, лопні тваё пуза! Чаго ўсміхаешся, слановая морда?! Прычапі слінючку, а то з хобата капае!
– Маркіз, хочаце ў заклад? Бачыце вунь таго кныра, які толькі што ўвайшоў?
– Ну?
– Закладаймася на сто гуціпераў, што я, нават не прыбліжаючыся да яго, прымушу яго ўцячы адгэтуль, не згуляўшы ніводнае партыі?
– Злітуйцеся, хіба гэта магчыма?
– І тым не менш.
– Не, я адмаўляюся. Вы не прапанавалі б ісці ў заклад, калі б не ведалі пэўнага спосабу.
– Лягічна, маркіз. Што ж, я гатоў пацешыць вас і бясплатна. – І амаль на ўвесь голас: – Вам не здаецца, панове, што гэтыя ружы проста цудоўна пахнуць?
Забі мяне пярун, калі я бачу ў гэтай памыйніцы хоць адну ружу!
Усе здзіўлена павярнуліся да цыбатай марыянеткі. Тоўсты кныр, які ўжо хацеў быў сесці за картачны стол, раптам падскочыў на месцы, схапіўся за свой велічэны нос і галопам памчаўся да выйсця, мацюгаючыся і адплёўваючыся на хаду.
– У банкіра Гюнтэрмаера, – цыбатая марыянетка душыцца са смеху, – алергія на пах ружаў. Ён ад іх распухае, як аўтамабільная камера, і пачынае задыхацца!