Графиня Одэнбург. Уступ. 4

Игнат Урсуляк
4.

Яна стаяла перад зацягнутым лёгкай марознай смугою акном у калідоры купэйнага вагона і задуменна глядзела на заснежаныя палі і пералескі, што праплывалі перад яе вачыма. Цягнік рухаўся даволі-такі павольна, і пагэтаму краявіды за шыбай можна было лёгка разгледзець ва ўсіх падрабязнасцях – у вячэрніх промнях сонца ўсё навокал выглядала нейк па-асабліваму ўрачыста і велічна, і снег на яловых лапах іскрыўся, як дробная шкляная крышанка, а на зямлі ён ляжаў наздраватым матавым шараном, які здалёк здаваўся надзвычай моцным, хаця то тут, то там на ім можна было ўбачыць глыбокія сіняватыя правалы чыіхсьці слядоў. Час ад часу зямля раптам уздымалася – гэта які-небудзь пагорак, адзін з тых незлічоных пагоркаў, з якіх складаецца масіў паўночнага Ментгьёрынга, на некалькі секунд засланяў сабою ўсю прастору, а потым зноў апускаўся і знікаў, і тады позірк зноў радасна вырываўся на свабоду, і, калі ў вас добры зрок, ён мог бы сягаць вельмі далёка, амаль да самага далягляда, над якім круглай цёмна-чырвонай ягадай вісела соннае сонца. Там, ля самай нябеснай лініі, маячылі невыразныя дымчатыя сілуэты нейкіх нехлямяжых будынкаў і высокіх заводскіх комінаў, над якімі клубіліся густыя чорныя хмары дыму. Часам з пералескаў вынырвалі акуратненькія, нібы цацачныя, пасёлкі з аднолькавымі зеленадахімі домікамі, абкружанымі прыгожымі гародчыкамі і садкамі, ад агароджаў якіх у розныя бакі разбягаліся, пераплятаючыся між сабою, клапатліва пракапаныя ў снезе сцяжынкі. Слупы беглі міма акна бясконцай чарадою, растапырыўшы свае абматаныя правадамі галіны, як вузлаватыя пальцы, а ўнізе, пад вагонам, то паяўлялася, то знікала серабрыстая паралельная каляя. Колы цягніка стукалі няспешна, але бадзёра і рытмічна, і дзяўчына ля акна, прыслухоўваючыся да іхняга стуку, у такт яму машынальна прытупвала наском боціка аб падлогу.
На выгляд ёй было гадоў дваццаць. Адзенне яе складалася з вузкіх джынсаў, злёгку зашмальцаваных на каленях, а ткасама са светла-зялёнай паркалёвай кашулі, на якую зверху быў нацягнуты пуловер са штучнай шэрсці з немудрагелістым арнаментам на грудзіне. Дзяўчына была зграбная, даўганогая, як лялька Барбі, з круглым і смуглым тварам, які вельмі ўпрыгожваўся яркімі, хаця і не напамаджанымі вуснамі і трошачкі псаваўся кірпатым носікам. Вочы ў яе былі карыя, шарока пасаджаныя, вушкі маленькія і чамусьці заўсёды чырванаватыя, нібы азябшыя, а цёмна-русыя, да плячэй, валасы, якія, несумненна, таксама ніколі не ведалі фарбы, тым не менш адлівалі нейкай дзіўнай, густой, вельмі насычанай залацістасцю, асабліва калі на іх падаў выпадковы сонечны блік. Наогул, вонкавы выгляд дзяўчыны быў надзвычай цэльным, і нават беглы погляд ахопліваў адразу яе ўсю, ад галавы да ног, нібыта і не вылучаючы асобных падрабязнасцяў, але ў той жа час і не прапускаючы ніводнае з іх. Людзей падобнага выгляду заўсёды лёгка можна запамятаць пры першай жа сустрэчы і потым, нават праз некалькі год, без вялікіх намаганняў аднавіць у памяці іхні дэталёвы партрэт.
Дзяўчына ехала ў Чнестр, да якога заставалася ўжо зусім нямнога – усяго нейкія там дзве з паловай гадзіны язды. Час прыбыцця цягніка ў паўночную сталіцу дзяўчына ведала абсалютна дакладна, таму што тры дні назад, толькі заняўшы ў гэтым вагоне сваё месца ў купэ, яна адразу ж пайшла ў тамбур і ўважліва прачытала расклад станцыяў, што вісеў там на сцяне. З таго моманту яна на кожнай вялікай станцыі звяралася па гадзінніку, ці не спазняецца цягнік, і з радасцю бачыла, што не спазняецца. Дзяўчына была ўзбуджаная, яе мучылі нецярплівасць і нуда, а аднастайнасць доўгай паездкі зусім знясіліла яе нервы. Начамі яна амаль не магла спаць і гадзін да трох-чатырох раніцы з расплюшчанымі вачыма тужліва ляжала на сваёй верхняй лаўцы, лічачы ў думках яркія блікі пуцявых ліхтароў, што раз-пораз імкліва праносіліся па абабітых блакітным плястыкам сценах. Цесната маленькага купэ прыгнятала. У цемнаце замкнёнасць прасторы адчувалася па-асабліваму востра. Вагон безупынна хістаўся і стукалі ягоныя колы, аднак гэта зусім не ўкалыхвала, а, наадварот, праганяла дрымоту, і чамусьці настойліва ўсплывала ў галаве ідэя, што, калі раптам цягнік спыніцца або кранецца надта рэзка, то падаць зверху на металічны столік будзе вельмі балюча...  Са стукам колаў змешваліся і іншыя гукі: на верхняй лаўцы насупраць соп у сне паджылы дзядзька з сівымі пышнымі вусамі, унізе вохкала і варочалася тоўстая цётка і нешта мармытаў сабе ў падушку падлетак гадоў трынаццаці. Гэты падлетак асабліва раздражняў дзяўчыну. Было ў ім нешта непрыемнае, хаця яна і сама не магла зразумець, што іменна. Не тое каб хлапчук быў сам па сабе непрыгожым або паводзіўся нахабна – зусім не. Хутчэй наадварот, ён быў даволі-такі сімпатычны на выгляд і трымаўся вельмі выхавана. І тым не менш ягоная блізкасць чамусьці бянтэжыла дзяўчыну, і ёй пастаянна хацелася адхінуцца і зашыцца ў кут, калі хлапчук загаворваў з ёю пра што-небудзь або выпадкова дакранаўся да яе краем адзення. «Куды ён едзе? – думала дзяўчына і хваравіта моршчылася ў душы. – Зусім адзін, без дарослых...»
Засынала яна ўсяго на пару гадзін і прачыналася хмурая, памятая і сярдзітая. Яна была страшэнная чысцёха і прывыкла штораніцы пасля сну прымаць душ, але тут, у цягніку, нават зубы пачысціць толкам не было дзе. Апроч таго, спаць у адзенні для дзяўчыны было проста нязносна. І ўсё-такі гэтыя нярвуючыя і прыкрыя невыгоды паходнага жыцця станавілася лягчэй пераносіць тады, калі яна ўспамінала пра канчатковую мэту свайго падарожжа. Там, у канцы ўсяго, быў Чнестр, да якога яна так зацята імкнулася на працягу столькіх гадоў і сустрэчы з якім чакала цяпер з такою гарачай нецярплівасцю.
Яна не раз спрабавала ўявіць сабе, як яе сустрэне велізарная, адзінаццацімільённая паўночная сталіца, і не магла, як ні напружвала фантазію. Яна пакінула Чнестр вельмі даўно, яшчэ зусім дзяўчынкай, і з таго часу вобраз горада нейк непрыкметна сцёрся ў яе памяці – часткова гэта адбылося таму, што яна сама вельмі хацела забыць, часткова ж ягоныя абрысы проста пабляклі пад уплывам бязлітаснай ракі часу і замяніліся туманістым агульным уражаннем – расплывістым успамінам пра казачны, чароўны горад, прыгажэйшага за які не знойдзеш на цэлай плянеце. Аднак у дэталях яна, як ні старалася, не магла ўспомніць ніводнае вуліцы, ніводнага будынка або парка, і нават той дом, у якім яна сама жыла калісьці, паўставаў цяпер у яе свядомасці ўсяго толькі невыразнай, бесцялеснай зданню. Наогул, Чнестр зрабіўся для яе, так бы мовіць, паралельным сусветам, пра які можна мець тое ці іншае ўяўленне па чутках, аднак думаць пра яго магчыма выключна катэгорыямі свайго, прывычнага свету, у дадзеным выпадку – свету маленькага правінцыйнага гарадка, дзе дзяўчына правяла добрую частку свядомага жыцця.
Яна зусім не была ўпэўненая, што сапраўды хоча аднавіць у памяці ўсё тое, што за доўгія гады паспела амаль поўнасцю растварыцца ў ціхай, дрымотнай атмасферы заходнесонскага мястэчка Брэла, якое ў свой час прыняло яе, сталічную жыхарку, і фактычна выратавала ад роспачы і поўнай безнадзейнасці. Тут усе ведалі ўсіх і заўсёды паблажліва ставіліся да слабасцяў суседзяў. Кожны дзень, сустракаючыся на вузенькіх вулках, ветліва прыпадымалі капелюшы, раскланьваліся і пыталіся пра здароўе. Крамнікі віталі ў сябе хатніх гаспадыняў, як самых блізкіх сваячкаў, а ў шынках пастаянным наведвальнікам шчодра налівалі ў крэдыт, не патрабуючы пры гэтым ніякіх гарантыяў. Адзіны ў горадзе кінатэатр вечарамі запаўняла моладзь ва ўзросце ад пятнаццаці да дваццаці пяці год уключна. Пасля сеансу танцавалі проста ў фае пад гукі стэреамагнітафона пад наглядам тоўстага, вечна потнага паліцыянта гьёра Робертсана, які сачыў за тым, каб юнае пакаленне не выпівала надта многа спіртнога, не буяніла і не чаплялася да дзяўчат. Зрэшты, па-сапраўднаму напіваліся тут вельмі рэдка, а буянілі яшчэ радзей, так што паліцыянт большую частку свайго службовага часу праводзіў у прыяцельскіх гутарках з буфетчыкам і афіцыянткай, сваёй пляменніцай. Так жылі гараджане. Гэта была сапраўдная маленькая правінцыйная ідылія, у якой і чужынцам з усімі іхнімі сталічнымі бедамі таксама знайшлося месца. Ніхто нават не думаў ганіць іх, бо ж яны прыехалі адтуль, з іншага, мала зразумелага для тутэйшых жыхароў сусвета, у якім чаго-чаго толькі не бывае. А тут, у ціхім гарадку Брэле, такога, канечне ж, ніколі не магло здарыцца. Тут усё было добрым, памяркоўным, заўсёды гатовым даць прыстанішча тым, хто стаў ахвярай бязлітаснага сталічнага малоха. Душы, пакалечаныя мегаполісам, павінны былі знайсці тут сабе адпачынак, і дзяўчына таксама знайшла яго, за што была ад шчырага сэрца ўдзячнай Брэлу. Што ж тычыцца Чнестра, то ў яе да яго было своеасаблівае, дваістае стаўленне. Яна любіла паўночную сталіцу так, як звычайна любяць першыя ўражанні дзяцінства. Там яна нарадзілася, там пражыла некалькі самых шчаслівых гадоў свайго жыцця і даведалася, што такое спраўднае, безагляднае каханне – настолькі моцнае, што толькі дзеля яго, напэўна, і варта жыць на свеце. Аднак разам з тым менавіта Чнестр адняў у яе ўсё, што было для яе па-сапраўднаму дарагім. Дзяўчына не была ўпэўненай, што па прыездзе ў сталіцу знойдзе ў сабе сілы, каб наведаць магілу бацькі. Не верыла яна і ў тое, што ў яе хопіць духу адшукаць у вялікім горадзе дом свайго дзяцінства і хаця б здалёк паглядзець на яго. Яна страшэнна баялася тых пачуццяў, якія, магчыма, маглі скалыхнуцца ў яе душы ў тым выпадку, калі б яна наважылася ажыццявіць усё гэта. Баялася яна таксама і таго, што лішнія эмоцыі і балючыя ўспаміны могуць перашкодзіць галоўнай справе, дзеля якой яна ехала ў Чнестр. Дзяўчына добра ведала, што па сутнасці сваёй з’яўляецца даволі слабым чалавекам, і таму апасалася растраціць на дробязі тую энергію, якую ёй удалося з такою цяжкасцю назапасіць у сабе за доўгія гады. Яна ехала ў сталіцу для таго, каб знайсці сваю будучыню або смерць. Стэна Дэнцэнмар ехала шукаць свайго сына.