Рукатворная прыгажосць. Частка чацвёртая
Працягну, аднак, тэму “рудых”. Дзесьці ў сорак гадоў я ўспомніла, што “Джэнтльмены аддаюць перавагу бландзінкам” і радыкальна змяніла колер валасоў. І так – некалькі разоў. Пасля кожнага “абнаўлення” колеру лісліўцы казалі:
– О, Вам вельмі ідзе гэты колер! Нашмат больш, чым ранейшы!
Я дзякавала візаві за дзяжурны камплімент; жыццё працягвалася.
У сакавіку 2019 года раптоўна і цяжка захварэў муж Уладзімір. Неадкладна да яго лячэння падключыўся мой сваяк, Цыркуноў Уладзімір Максімавіч, Выдатнік аховы здароўя, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Максімавіч – адзін з лепшых дактароў-інфекцыяністаў у нашай краіне. Ён бярэ “на сябе” вядзенне хворых, найболей складаных ў дыягнастычным і лячэбным плане. У надзвычай складанай эпідэміялагічнай сітуацыі падчас ковіда не адседжваўся за чужымі спінамі; спецыяліст найвышэйшага класа заўсёды на перадавой айчыннай аховы здароўя.
Так і ў выпадку хваробы майго мужа: не лічачыся з часам і адлегласцю, Уладзімір Максімавіч рэгулярна аглядваў свайго родзіча, які знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы. Карэктаваў лячэнне; пасля адноснай стабілізацыі стану здароўя Валодзі пачаў праводзіць мерапрыемствы па ранняй медыцінскай рэабілітацыі.
Мужа перавялі ў інфекцыйнае аддзяленне гарадской бальніцы, калі пагроза жыццю абмінула. Загадчык аддзялення, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Сергей Людміла Васільеўна, неаднаразова перамагала ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” у намінацыі “Урач года”, які праводзіцца Баранавіцкім гарадскім выканаўчым камітетам. Актыўна ўдзельнічаючы ў рабоце медыцынскіх прафесійных саюзаў, была адзначана медалём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.
Вось да такого заслужанага доктара быў пераведзены мой муж. Удумлівая, назіральная, абсалютны аўтарытэт для пацыентаў і персаналу, Людміла Васільеўна часта з’яўлялася ў аддзяленні ў нявызначаны час. Каб яшчэ раз аглядзець не зусім зразумелага хворага, дапоўніць абследаванне і лячэнне, зайсці да пацыентаў, якія патрабуюць асаблівай увагі, ды і проста паназіраць за працай структурнага падраздзялення.
Загадчык інфекцыйнага аддзялення Баранавіцкай гарадской бальніцы Сергей Л.В. адносіць Цыркунова В.М. да найбольш падрыхтаваных спецыялістаў гэтага профілю ў Рэспубліцы Беларусь і лічыць яго сваім Настаўнікам.
З першага ж дня паступлення мужа ў бальніцу, яшчэ ў рэанімацыйным аддзяленні, Людміла Васільеўна ўзяла яго пад свой патранат. Узгадняла з Цыркуновым У.М. схему лячэння, у прыватнасці, прызначэння антыбактэрыйных сродкаў. Пасля пераводу хворага ў інфекцыйнае аддзяленне кіраўнік структурнага падраздзялення працягнула такую ж практыку; ва ўмоўлены час дактары па тэлефоне карэктавалі лячэнне з улікам вынікаў апошніх даследаванняў.
У адзін з візітаў да мужа загадчык аддзялення папрасіла мяне зайсці ў ардынатарскую. Убачыўшы мой твар, які змяніўся, супакоіла:
– Не-не, з мужам усё добра, хутка будзем тэлефанаваць у Гродна! Вы таксама пабудзьце тут, паслухаеце маю размову з Уладзімірам Максімавічам!
У службовым кабінеце, чакаючы прызначанага прафесарам часу, разгаварыліся. Успомнілі пачатак працы ў якасці ўчастковых лекараў-тэрапеўтаў гарадской паліклінікі нумар адзін.
Людміла Васільеўна раптам змоўкла, уважліва паглядзела на мяне і вымавіла:
– Так добра памятаю той пагодлівы жнівеньскі дзень. Я зайшла ў хол паліклінікі і пачала аглядацца. Па лесвіцы спускалася высокая стройная жанчына, а яе залатых валасах зіхацела сонца!
Зачараваная мастацкім выкладам звычайнай сцэнкі, я спытала:
– А хто, хто была тая жанчына?
– Дык гэта ж былі Вы, Нэлі Гаўрылаўна! Гэта я пра Вас кажу! – абурылася суразмоўца.
Мне адразу ж у думках прадставіўся дыялог “стомленных барам” герояў Аляксандра Міхайлава і Людмілы Гурченкі з фільма рэжысёра Уладзіміра Меньшова “Каханне і галубы”:
– А як назвалі-тое… дзяўчынку-тое?
– … Раіса… Захараўна…
Я ўсміхнулася. І распавяла аб асацыяцыі, якая ўзнікла ў мяне пасля ўлакладнення: “А хто, хто…” і адказу калегі на такое відавочнае, як ёй здавалася, пытанне.
Пасмяяўшыся над выбудаваным мною асацыятыўным шэрагу, Людміла Васільеўна зрабіла вывад:
– Не крыўдуйце, калі ласка, але гэта не Ваш колер валос (выразны погляд у бок маёй галавы, тон – мокры пясок). Ён не адпавядае Вашаму аптымістычнаму характару. Вось руды колер, гэта – да! Дарэчы, такога ж меркавання прытрымліваецца большасць маіх сяброў-урачоў!
Раздаўся тэлефонны званок; доктар пераключылася на размову з прафесарам.
Пасля размовы абмяркавалі далейшую тактыку вядзення мужа; да пытанняў жаночай прыгажосці больш не вярталіся.
На зваротным шляху я абдумвала выказванне калегі, і ніяк не магла вызначыцца, які ж колер валасоў мой, а які – не?
Вось і разважаю ў скрыжавання трох каларыстычных дарог: руды колер валасоў, з якім я адчуваю сябе найбольш камфортна; светлы, упадабаны джэнтльменамі ці натуральны цёмна-русы, “прыемны” па выразе Ядвігі.
Старэйшаму сыну Дзянісу, бландыну, падабаецца мая прыродная афарбоўка валасоў. І кожны раз, калі мімаходзь закранаецца гэтае пытанне, ён нязменна паўтарае:
– Мама, табе трэба вярнуцца да натуральнага колеру валасоў!
Яго падтрымлівае малодшы сын Павел, які ў раннім дзяцінстве называў сваю шавялюру “выдатнымі цёмнымі валасамі”.
Можа, варта прыслухацца да меркавання дарослых разумных сыноў з бездакорным густам?