Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 1 19

19.

Боршч сапраўды меў даволі незвычайны, хаця і вельмі прыемны смак. Кірыл асцярожна сёрбаў, прыкусваючы хлеб з маслам і сырам, і раз-пораз паглядаў на хлопчыка, які, седзячы за сталом насупраць яго, еў з апетытам, і ягоная талерка пусцела значна быстрэй, чымся талерка Кірыла. Адчуваючы на сабе погляды, Сярожка спачатку дэманстратыўна ігнараваў іх, але потым цярплівасці ў яго не хапіла, ён палажыў лыжку і сказаў амаль сярдзіта:
– Я не магу есці, калі на мяне так вочы лупяць! Ты што, баішся мяне, ці што?
Кірыл увесь пачырванеў ад сораму, злавіўшы сябе на тым, што гэта праўда: ён на самай справе баяўся. Канечне, гэта быў не такі страх, ад якога трасуцца паджылкі і ляскаюць зубы, – для падобнага, здавалася б, тут не было ніякай прычыны. Не, гэта была боязь, якую перажывае чалавек, калі не разумее сваёй ролі ў той ці іншай сітуацыі, якая, тым не менш, выглядае для яго сур’ёзнай і адказнай і вынікаў якой ён не можа прадугледзець праз сваю непаінфармаванасць. Ён разумеў, што гэта ўжо становіцца неадчэпнай ідэяй, але думка пра тое, што перад ім сядзіць маленькі анёл, не пакідала яго. Як трымаць сябе? Рабіць выгляд, што нічога незвычайнага не адбываецца? Або наадварот? А што наадварот? Вар’ятам выглядаць Кірылу зусім не хацелася.
– Дарэмна я сюды прыйшоў... – прамармытаў ён, таксама адлажыўшы лыжку.
– Чаму гэта? – пацікавіўся Сярожка незадаволена.
– Няправільна гэта ўсё... – Кірыл утаропіўся ў сваю талерку. – Я дурнем сябе пачуваю. Табе я, канечне, здаюся вельмі смешным. Так, ты з мяне смяешся, і гэта, напэўна, правільна, таму што я зусім заблытаўся і не ведаю, куды зрабіць наступны крок.
– І калі гэта я з цябе смяяўся?
– Ты сам кажаш, што ты мой анёл, а калі пра гэта пачынаю гававрыць я, ты сярдуеш. Навошта так? Табе падабаецца глядзець на маю збянтэжаную морду? Аўжож, я збянтэжаны, таму што не разумею правілаў гульні. Або ты не анёл, і тады, значыць, я звар’яцеў ад таго, што выцяўся галавою, або ж я не вар’ят, але тады... Чаму ты не хочаш мне ўсё растлумачыць раз назаўсёды? Я бачыў твае крылы. Бачыў там, пад эстакадай. Скажы, што гэта была галюцынацыя, і я паверу табе і супакоюся. Напэўна, табе цяжка зразумець, што я адчуваю, таму што ты яшчэ маленькі. Чаму ты проста не пакінуў мяне ў спакоі? Навошта запрасіў сюды? Мне нічога не трэба, я толькі хачу зразумець, нармальны я ці не.
Ён апусціў галаву і замоўк.
Сярожка павольна ўстаў са свайго месца, прыблізіўся да яго і асцярожна дакрануўся пальцамі да ягонай рукі:
– Даруй, Кір... Я не ведаў, што гэта для цябе так сур’ёзна...
– Чаму мяне выратавалі? Чаму не далі памерці? – спытаў Кірыл ужо са слязьмі ў голасе. – Я шчыра хацеў, каб маё жыццё скочылася. І калі ты думаеш, што гэта праз грошы, дык не, не праз іх.
– Я ведаю, што не праз іх, – прамовіў хлопчык ціха. – Праз іх ты ніколі не скокнуў бы з эстакады. Але паміраць усё роўна не трэба, якая б тут прычына ні была. І не таму, што гэта, як кажуць, грэх і ўсе самазабойцы адразу трапляюць у пекла. Не, гэта няпраўда. Ніякага пекла, толькі спакой і цішыня, але справа не ў гэтым. Кажу так, таму што сам паміраў. Не верыш? А я паміраў. Гэта вельмі страшна і балюча
– Ты? Паміраў? – усё навокал зноў пачало здавацца Кірылу нерэальным.
– Так, – кіўнуў Сярожка. – Мяне забівалі. Забівалі павольна і бязлітасна. Калі доўгі і тонкі дрот с кручком на канцы ўваходзіць у тваё цела і раздзірае яго на шматкі, гэта вельмі балюча і страшна. Павер мне, калі ласка, павер: якім бы страшным і бязвыхадным не здавалася жыццё, – момант смерці, той, калі ты ўжо разумееш, што памёр, але цябе яшчэ нешта трымае тут, на гэтым свеце, у сто разоў страшнейшы. Ніколі не трэба спяшацца яго перажыць, таму што ён цягнецца неймаверна доўга, цэлую вечнасць, і немагчыма дачакацца, калі ён нарэшце скончыцца. Менавіта пакуты гэтага моманту і называюцца пеклам.
– Ты анёл! – шапнуў Кірыл са страхам і захапленнем. – Цяпер я ў гэтым упэўнены! Звычайны дзевяцігадовы хлопчык не можа так гаварыць!
– Я буду тваім анёлам, – прамовіў Сярожка і пагладзіў яго далонькай па шчацэ. – Толькі тваім. Ты не можаш сабе ўявіць, наколькі я адзінокі. Мне абавязкова патрэбны сябар. Стань маім сябрам, а я буду тваім анёлам і ніколі не дам цябе ў крыўду. Я павяду цябе па жыцці, ты будзеш шчаслівым, ты напішаш шмат новых вершаў, станеш вядомым, твае творы будуць вывучаць у школах і інстытутах. Слова гонару, я не падманваю, так абавязкова будзе, толькі дазволь мне заўсёды трымаць цябе за руку. Я маленькі, і мне абавязкова трэба трымаць каго небудзь за руку.
Усё паплыла перад вачыма Кірыла: кухня, акно, Сярожкаў твар, стол, талеркі... Ён зразумеў, што траціць прытомнасць, ухапіўся рукамі за край стала і разам з ім і ўсім посудам упаў на падлогу.


Рецензии