C 22:00 до 02:00 ведутся технические работы, сайт доступен только для чтения, добавление новых материалов и управление страницами временно отключено

Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 2, 3

2.


Ёй было дваццаць чатыры гады. З трынаццаці год яна працавала на Інстытут. У васемнаццаць атрымала свайго першага падапечнага. Данька быў ужо трэцім. З першымі двума ў Святланы нічога не выйшла, а вось з гэтым смуглячком яна адразу спрацавалася. На сённяшні дзень яны былі адною з найлепшых біяэнергетычных пар, і ім вельмі многае давяралі. Нават дазвалялі жыць у звычайным доме, як нармальным людзям, хаця іншым, менш спрактыкаваным біяэнергетыкам такога ўзроўню гэта строга забаранялася – яны мелі права жыць толькі ў інстытутцкім пасёлку пад пастаянным наглядам вучоных і прадстаўнікоў дзяржбяспекі. Канечне, гэта было крыўдна. Нейкая там цётка Вера жыве сярод людзей, а сапраўднай эліце гэтага не дазволена. Але што зробіш – такі быў парадак: цётка Вера была проста драбяза, мала што ўмела, і яе абсалютна ніхто не баяўся, таму яна і карысталася поўнай свабодай. Адзінае, за што яе цанілі і талеравалі, – гэта за яе ненатуральны нюх: яна з першага позірку магла зразумець, вар’ят чалавек, які да яе прыходзіць, або ў яго сапраўдныя праблемы. Не было б гэтага нюху, яе б ужо даўно спісалі – кандыдатаў на яе месца былі дзесяткі, і ўсе народ прыстойны і непітушчы.
У Інстытуце Святлану невядома для чаго прымусілі ўступіць у камсамол. Яна не разумела, якое ў яе вельмі спецыфічным становішчы мае значэнне той факт, камсамолка яна ці не, але пярэчыць не стала і пакорна напісала заяву – ёй, уласна кажучы, было ўсё роўна. Каму патрэбная заведама няшчырая камсамолка, таксама было не вельміта ясна. Напэўна, надзеленыя ўладай куратары Інстытуту лічылі, што па гэтай лініі ім будзе лягчэй трымаць кантынгент пад кантролем. Гэта было смешна, калі яны і сапраўды так думалі, але Святлана бачыла і значна больш абсурдныя рэчы і таму не звяртала ўвагі. Данька, напрыклад, таксама быў піянер, хаця ў звычайнай школе не вучыўся ніводнага дня. Кіраўнікі ж груп, натуральным чынам, усе пагалоўна былі членамі партыі, хаця ў рэчаіснасці большасць з іх не бачыла ў савецкай уладзе нічога добрага.
Данька даеў піражкі, кінуў у вурну паперку, у якой яны былі, акуратна выцер пальцы насоўкай, вынятай з кішэні. Зноў кашлянуў.
– Як ты сябе пачуваеш? – заклапочана спытала Святлана, якую ўвесь час, пакуль яны ішлі, не пакідала падсвядомая трывога.
– Нармальна, – варухнуў плячыма хлопчык і дадаў, крануўшы яе за руку: – Ты не хвалюйся, Свет, усё будзе ў парадку.
«Калі ў яго сёння ноччу зноў падымецца тэмпература, я заўтра ўсё начальства перакусаю...» – зацята падумала Святлана, памацаўшы пачак таблеткаў у кішэні свайго светла карычневага плашча.

3.

Цётка Вера адчыніла дзверы пасля першага ж званка – была напагатове, чакала. З кватэры густа павеяла кіслым, застоеным паветрам. Святлана мімаволі паморшчылася.
– А, Светка... – голас у гаспадыні быў хрыплаваты, як амаль ва ўсіх пітушчых жанчын. – Данёк, прывітанне. Заходзьце, заходзьце. Сцяпаныч ужо тут.
Яна была ў брудным стракатым паркалёвым халаце, які нейк крыва вісеў на яе не тоўстай, але шырокай у косці нехлямяжай фігуры з моцнымі мужчынскімі рукамі і караткаватымі нагамі. Гадоў ёй было пад пяцьдзесят, твар яна мела шэры, мяты, з масіўнай ніжняй сківіцай, якая ўвесь час рухалася, як у каровы, – цётка жавала гумку, каб замаскаваць пах перагару.
Святлана і Данька павесілі вопратку на цвікі ў калідорчыку, загрувашчаным нейкімі скрынямі, вёдрамі і велізарнымі плястыкавымі біклагамі, і ў чаравіках прайшлі за гаспадыняй у гасціную – разувацца ў гэтай кватэры было зусім не абавязкова.
Падлога ў гасцінай была драўляная, даўно не меценая, з аблезлай фарбай на масніцах. Вокны без штораў каламутна прапускалі праз запыленыя шыбы веснавое вечаровае сонца. На старой праціснутай канапе ля сцяны з абшарпанымі шпалерамі сядзеў Барыс у шэрым касцюме, глядзеў на экран уключанага без гуку тэлевізара, і на ягоным маладжавым твары ляжалі цені стомленасці і нуды. Яму было сорак тры, але выглядаў ён спраўна і падцягнута, хаця апошнім часам Святлана пачала заўважаць нейкую пустату ў ягоных звычайна ўважлівых шэрых вачах – ён пачынаў траціць інтарэс да сваёй працы. Гэта было прыкметна і для звычайнага чалавека. Для Святланы ж, з яе здольнасцямі, гэта было папросту відавочна – кіраўнік іхняй групы ўжо даўно працаваў па інэрцыі, без энтузіязму і ахвоты, хаця па ранейшаму выконваў свае абавязкі добрасумленна – халтурыць так і не навучыўся.
Прывіталіся. Барыс, як даросламу, паціснуў Даньку руку:
– Ну, як маешся, жаўнер? Працаздольны?
Хлопчык моўчкі кіўнуў і сеў поплеч. Святлана таксама апусцілася на канапу:
– Што кліентка?
– Абяцала быць а пятай гадзіне. Нешта затрымліваецца, – растлумачыла цётка Вера, з’явіўшыся з кухні.
– Можа, перадумала? Не прыйдзе? – незадаволена паглядзеўшы на яе, спытаў Барыс.
– Непакоіла б я вас дарэмна! Прыйдзе, гарантую! Сто адсоткаў! – запярэчыла гаспадыня кватэры, голасам паказваючы, што абражаная недаверам да свайго славутага нюху.
– Што ў яе? – пацікавілася Святлана.
– Палтэргейст, – хмурна кінуў Барыс. – Даўнютка такога не было.
– А што, небяспечны?
– Ды не, ёй асабіста пакуль што, быццам бы, не шкодзіць.
– А што робіць?
– Ёй здаецца, што ў яе кватэры нехта жыве паралельна з ёю. Так, цётка Вера, ці што?
– Так, так, – заківала гаспадыня. – Яна, праўда, асабліва ў падрабязнасці не ўдавалася, хацела з вамі пагаварыць, але, наколькі я зразумела...
– Дык што ён усё такі робіць? – паўтарыла сваё пытанне Святлана. – Што значыць «жыве паралельна з ёю»?
– Яна чуе галасы, – працягваў тлумачыць Барыс. – Часта далёкія, няясныя, але часта вельмі гучныя і выразныя. Розныя галасы: мужчынскія, жаночыя, нават дзіцячыя. Такое ўражанне, што ў яе кватэры абсалютна нармальным жыццём жыве нейкая нябачная сям’я: есць, п’е, ходзіць на работу, сустракае гасцей... Фізічна яны не перасякаюцца, аднак кліентка кажа, што некалькі разоў усё такі здараўся непасрэдны кантакт: нехта,напрыклад, вячэраў на яе кухні, зваліў стол, параскідаў недаедзеныя прадукты і посуд. А аднойчы, вярнуўшыся дадому, яна ўбачыла, што яе пасцель змятая так, як быццам на ёй толькі што нехта спаў.
– І што вы пра гэта думаеце, Барыс Сцяпанавіч?
– Пакуль што нічога не думаю. Вось прыйдзе кліентка, там будзем бачыць. Але нешта яна, аднак жа, спазняецца. Чакаем яшчэ пятнаццаць мінут і разыходзімся, а ты, цётка Вера, калі яна надумае зноў паявіцца, перадай ёй, што, калі яна хоча, каб яе ўспрымалі сур’ёзна, дык спазненні – гэта апошняе, што ёй трэба.
– Ды прыйдзе яна, прыйдзе, – зноў насупілася гаспадыня. – Ну, можа, аўтобус у час не прыехаў – ці мала што, але прыйдзе, гарантую!
Данька кашлянуў.
– Вох, не расхварэўся б ты ў мяне... – Святлана памацала далонню ягоны лоб.
– Хочаш, якую небудзь траўку завару? – прапанавала цётка Вера. – Прастуду як рукой...
– Шыпшыну з цукрам, – коратка папрасіў хлопчык.
Гаспадыня кіўнула і пайшла на кухню.
– Калі што, дык пойдзем на кантакт з паралеллю? – спытала Святлана.
– Калі што, спачатку паназіраем, – спакойна адказаў Барыс. – Не лезь перад бацькам у пекла.
– Але вы ж казалі, што там, у Чарнобылі...
– Светка, не дай табе Божа бачыць тое, што я бачыў у Чарнобылі. Не пераацэньвай сваіх сіл. У мяне там папросту выбару не было, вось я і йшоў. А ў цябе выбар ёсць. Я быў ліквідатар са спецзаданнем і велізарнымі паўнамоцтвамі, а ты – усяго толькі біяэнергетык, і ніякіх у цябе паўнамоцтваў. Не забывай пра гэта. І не крыўдуй. Я проста хачу, каб ты доўга жыла, вось і ўсё.
Святлана ўдзячна зірнула на яго, але нічога не сказала.
Вярнулася цётка Вера з гарачым кубачкам заваранай шыпшыны. У пакоі смачна запахла летам і зеленню. Данька падзякаваў, выпіў маленькімі глыткамі, аддаў кубачак і прыхіліўся галавою да пляча дзяўчыны.
– Мой, – ласкава ўсміхнулася тая і пагладзіла яго па валасах.
Данька ціха мурлыкнуў, як кацяня, і ўздыхнуў.


Рецензии