Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 5, 6

5.

Святлана ўстала і, падтрымаўшы Ірыну Сяргееўну за локаць, дапамагла ёй зноў сесці ў фатэль. З кухні прыйшла ўсё разумеючая цётка Вера, прынесла кубачак з нейкай настойкай:
– Выпі, спадарынька, гэта цябе супакоіць.
Кліентка паслухмяна выпіла, цінькаючы зубамі аб край кубачка.
– Наш хлопчык ніколі не памыляецца ў падобных выпадках, – сказаў Барыс. – Аборт і забойства – адно і тое ж. Ва ўсякім разе, для плода.
Святлана вярнулася на сваё месца. Цётка Вера забрала кубачак і зноў пайшла на кухню. Данька адкінуўся на спінку канапы і заплюшчыў вочы. Дзяўчына заўважыла, што ў яго гараць шчокі, – тэмпература, відавочна, пачынала ўзнімацца.
– Дык чаму вы зрабілі аборт? – з бязлітаснай спакойнасцю спытаў Барыс.
– Таму што якраз тады ад мяне пайшоў муж, – усё яшчэ дрыжачым голасам, але трохі ўправіўшыся з эмоцыямі, адказала кліентка. – Вы павінны разумець: нарадзіць дзіця ў сорак гадоў ад чалавека, які стаў мне папросту брыдкім, я не магла.
– Аборт быў нелегальным?
– А вы як думаеце! Хіба ў нашай краіне мне дазволілі б зрабіць легальны аборт без медычных паказанняў!
– Муж ведаў пра вашу цяжарнасць?
– Канечне, не! Ён увогуле нічога не ведаў і дагэтуль не ведае. Я захавала ўсё ў таямніцы. Я нават да знаёмых мужа не магла звярнуцца па дапамогу, таму што тады ўсё б адразу выплыла. Мне давялося паехаць у іншы горад і там знайсці сабе ўрача. Я заплаціла яму столькі, што потым два месяцы жыла нагаладзь, ды яшчэ хварэла, а бальнічны ўзяць, як усе нармальныя людзі, не мела права, таму што ў такім выпадку таксама ўсё б адкрылася. Бачыце, чаго мне гэта каштавала! – Яна замоўкла на хвіліну, а потым спытала амаль шэптам: – Пачакайце, вы думаеце, што прывід у маёй кватэры – гэта?..
– Хутчэй за ўсё, так яно і ёсць, – згадзіўся Барыс. – Гэта ваш сын, якога вы забілі. Толькі не трэба зноў плакаць. Вы хочаце пазбавіцца ад напасці – мы вам дапаможам. Дамовімся так: заўтра вечарам мы прыйдзем да вас і паставім вам у кватэру камеры наглядання. Трэба запісаць на стужку, што ў вас рэальна адбываецца. Гэта зойме некалькі дзён. У залежнасці ад рэзультатаў будзем дзейнічаць далей.
– А што мне рабіць зараз?
– Ідзіце дадому. Толькі прашу вас, без самадзейнасці, калі вы сама сабе не вораг. Не ўздумайце шукаць кантакту з прывідам, прасіць у яго прабачэння, каяцца ўголас і да таго падобнае. Ні да чога добрага гэта не прывядзе. Прадугледзець паводзіны прывіда забітага сваяка, а тым больш сына немагчыма. Пакуль што ён вам нічога кепскага не робіць, дык не правакуйце яго. Трымайцеся так спакойна, як патрапіце. Гэта ўсё, што я магу вам сёння параіць.
– А вы абавязкова прыйдзеце заўтра?
– Мы ніколі не парушаем свайго слова.
– Ну, тады... тады я лепш пайду... – кліентка ўстала з фатэля.
– Можа, вам таксі выклікаць? – прапанавала Святлана. – Вы дрэнна выглядаеце.
– Так, дзякую, калі ласка... – згадзілася Ірына Сяргееўна. – Баюся, што мне і сапраўды цяжка будзе дайсці дадому...

6.

Таксі прыехала праз дзесяць мінут.
Як толькі кліентка нарэшце адбыла, Святлана з трывогай ухапілася за Данькаў лоб: хлопчык увесь гарэў.
– Ну вось трэба яго было сюды цягнуць з за такой дробязі! – усклікнула дзяўчына, паспешна вымаючы з кішэні таблеткі. – Глядзіце, у яго, напэўна, зноў трыццаць дзевяць!
– Дробязь не дробязь, а ён дапамог нам разабрацца, – адказаў Барыс і крыкнуў на кухню: – Цётка Вера, падушку і коўдру, хутка!
Святлана прымусіла Даньку выпіць лекі, асцярожна палажыла яго на канапу і накрыла коўдрай. Хлопчык кашляў і цяжка дыхаў, у ягоных грудзях хрыпела.
– Адмоўная энергія паўплывала... – прамовіў Барыс, робячы рукамі плаўныя пасы над Данькавай галавой. – Ад гэтай Ірыны Сяргееўны цёмная моц так і прэ. Я не біяэнергетык, але ўсё роўна адразу адчуў. Ну ну, нічога, жаўнер, ачуняеш.
– Давай я з ім пасяджу, Сцяпаныч, – прапанавала цётка Вера. – Падпраўлю хлапчука, як умею, па свойму.
– Толькі горай не зрабі, ведзьма, – сурова нахмурыўся Барыс.
– Не зраблю. Не знаеш ты мяне, ці што?
– Знаю, таму і гавару. У свядомасць яму не лезь, не твая там справа. І на нервы не цісні. Паспрабуй тэмпературу збіць.
– Паспрабую, – буркнула цётка. – А вы ідзіце вунь на кухню. Вам жа так і так пагутарыць трэба.
Пагутарыць сапраўды было аб чым.
– Я скардзіцца буду, Барыс Сцяпанавіч! – гаварыла Святлана сярдзіта, разліваючы гарбату і распячатваючы пачак вафляў. – Ён дзіцё, яму ўсяго дзесяць год! Хіба можна з ім так абыходзіцца!
– Так абыходзіцца ні з кім нельга, – адказаў Барыс, рыпаючы табурэткай, на якой сядзеў. – Можаш скардзіцца, тваё права. Мяне, між іншым, за каўнер трымаюць так жа, як і вас. Лічыш, што я вінаваты, пішы скаргу. Можа, дадуць вам якога лепшага кіраўніка.
– Ды я не на вас хачу скардзіцца! Што вы такое падумалі...
– А на каго? На начальства?
– Ну павінны ж у іх быць хоць якія небудзь маральныя прынцыпы!
– Пашукай, можа, знойдзеш, а пакуль што Даньку давядзецца працаваць, як і раней.
– На кватэру да кліенткі ён заўтра не пойдзе – не пушчу!
– Заўтра і не трэба. І ты можаш не хадзіць. Заўтра са мной Пеця пойдзе. Ён тэхнік, расстаўляць камеры – ягоная справа.
Барыс памаўчаў, пачакаў, пакуль Святлана сядзе насупраць яго і возьме свой кубачак гарбаты, і дадаў смутна:
– Я разумею твае пачуцці, Свет. Ты Данілку любіш, і табе яго шкада. Але, згадзіся, ніхто ж не вінаваты, што ён менавіта цяпер захварэў. Праца ў нас такая: няма чым заняцца – спім, але як толькі з’явілася справа – ногі ў рукі і ўколвай кругласутачна, пакуль усё ў норму не прывядзеш. Вас жа амаль два месяцы не чапалі, вы займаліся, чым хацелі. Ну, прастудзіўся наш жаўнер – што зробіш! Вясна, кожны трэці хварэе... Нічога, цётка Вера над ім павядзьмарыць, раніцой усё будзе о кэй.
– А начаваць яго тут пакінуць, ці што?
– Ну, а чаго? Няхай. Не цягнуць жа яго праз цэлы горад дадому. Заўтра яго забярэш.
Святлана ўздыхнула, падумаўшы, што так, бадай, сапраўды будзе правільна. Хоць і не любіла яна цётку Веру, але падымаць цяпер Даньку з пасцелі было ніяк.
– Абрыдла мне ўсё, – сказаў Барыс, гледзячы ў свой кубачак. – Калі я ў Афгане служыў, бэтээрам камандаваў, там, здаецца, усё ясна было: вось ты, вось – душман. А ў сваёй цяперашняй рабоце я, шчыра кажучы, ужо даўно ўсе арыентыры страціў. Хто мы такія? Чаму наогул працуем? Савецкая ідэалёгія афіцыйна паранармальных з’яваў не прызнае, а мы толькі тым і займаемся, што чарцей у чужых кватэрах ганяем. Дзе на Захадзе за гэта, можа, хоць добрыя грошы плоцяць, а ў нас... Тфу! Зрабіла дурніца баба сабе аборт, нажыла праблемаў на сваю дупу, а мы за ёю смецце выграбаць павінны... Вось Даньку ягоная маці ў свой час не забіла, падкінула дзіцячаму дому на ганак – выхавайце, маўляў, добрыя людзі, а я сама не магу... Так і жыве наш жаўнер, няўдалы кандыдат у анёлы. А той хлапчук, ач, менш удачлівы аказаўся.
– Вы  думаеце, гэта анёл? – ціха спытала Святлана.
– Ну, а хто яшчэ? – паціснуў плячыма Барыс. – Цёмны ці светлы – гэта іншае пытанне, але што анёл – я ўпэўнены. Ненароджаным дзецям адна дарога – у анёлы. Больш ім няма куды падацца.
– Праз тое і поп не дапамог?
– Канечне. Якім бы анёл ні быў, а поп усё роўна за яго не свяцейшы.
– У анёлаў, кажуць, душы няма...
– Ну правільна. Якая можа быць душа ў таго, хто яшчэ не нарадзіўся! Душа чалавеку толькі пры нараджэнні даецца, а там, у чэраве, ён яшчэ бяздушны. Была б у забітага плода душа, выйшаў бы з яго прывід, хадзіў бы і выў па завулках, спакою шукаючы. А тут не прывід, тут адразу анёл: душы ж няма, ёсць толькі задума Божая... І вось наш анёл адшукаў сваю былую маці, залез у яе кватэру і жыве там паралельным жыццём, бо, напэўна, лічыць, што мае на гэта права.
– Чаму ж ён так доўга яе шукаў? Аборт яна зрабіла два гады назад, а бязладдзе ў кватэры, як яна цётцы Веры сказала, у яе пачалося толькі напрыканцы мінулага месяца.
– Ну, хто ж іх, анёлаў, ведае, – развёў рукамі Барыс. – Напэўна, нейкія прычыны для затрымкі былі. Што мы наогул ведаем пра свет анёлаў? Ды нічога. Столькі гадоў пайшло на вывучэнне, доследы, назіранні, але мы дзе былі з пасляваеннага часу, там і сёння стаім, ні на крок не прасунуўшыся. Быць можа, калі б мы мелі магчымасць супрацоўнічаць з заходнімі навукоўцамі, справа лепш бы ішла – у іх жа, як ніяк, і тэхніка не раўня нашай, і матэрыялу столькі назапашана дакументальнага... Вось бы для нас было залатое дно! Ды дзе там, хіба нас туды пусцяць! Яны ж нашы ідэалягічныя ворагі. А таго не разумеюць, што ў сапраўднай навукі ніколі не было і не будзе дзяржаўных граніцаў. Вось ты, напрыклад, Светка. Табе б пры нармальнай палітычнай сістэме працаваць дзе небудзь у лябараторыі, у белым халаціку хадзіць, а замест гэтага ты, маладая, прыгожая, перспектыўная, сядзіш тут са мной на гэтай смярдзючай кухні і выслухваеш істэрыкі дурнаватых цётак...
Святлана злёгку пачырванела і апусціла вочы. Занадта прыгожай яна сабе, шчыра кажучы, ніколі не лічыла – ёй, напрыклад, здавалася, што ў яе празмерна масіўны нос, які вельмі псуе ейны, у астатнім даволі прапарцыйны, твар. Аднак усе згаджаліся, што ў яе ідэальная фігурка, якую надзвычай выгадна прадкрэсліваюць яе заўсёдныя вузкія джынсы, і што доўгія, натуральна светлыя валасы ёй вельмі да твару. Ну, а што тычыцца перспектыўнасці, дык тут дзяўчына была без ілюзіяў: у яе фактычна не было ніякай адукацыі, яна пісала са страшэннымі памылкамі, вельмі мала ведала і добра ўмела рабіць толькі тое, што было заложана прыродай і не патрабавала з яе боку ні выхавання, ні дадатковых трэніроўкаў. Зрэшты, яна любіла кнігі і, маючы апошнім часам шмат нічым не занятых дзён, чытала клясічную літаратуру, каб хоць трошкі быць падобнай да інтэлігентнага чалавека. У раённай бібліятэцы яна была заўсёдніцай, і там думалі, што яна бярэ столькі кніг таму, што вучыцца ў нейкім інстытуце.


Рецензии