Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 7, 8

7.

Барыс устаў, падышоў да акна і адчыніў фортачку. У кухню, сапраўды смярдзючую, пацякло свежае веснавое паветра. Ужо пачынала змяркацца, блакітны прыцемак запаўзаў у кватэру і напаўняў сабою куты. З двара даносіліся галасы людзей, недзе бразгаў званком ровар. Барыс уключыў святло і вярнуўся на сваё месца.
– Усё-такі мудрая наша цётка Вера, – прамовіў ён з усмешкай. – Сухі закон, гарэлкі не знойдзеш, за самагонку саджаюць, дык яна бражку ставіць. А што? У выпадку чаго, гэта не спіртное, а так, кампот...
Святлана не зразумела, навошта ён гэта сказаў. Калі б яна не ведала, што Барыс абсалютна непітушчы, дык магла б падумаць, што яму цяпер самому хочацца салодзенькай.
– Думаеце, візуальнае назіранне ў кватэры кліенткі дасць нам што небудзь, апрача звычайных кадраў, якіх у нашай калекцыі і так сотні? – спытала яна, каб пераключыць размову.
– Можа, і не дасць, – згадзіўся Барыс, – але па іншаму ж усё роўна нельга. Начальства запатрабуе справаздачы, а для яе патрэбны дакументальныя кадры з месца здарэння. Паглядзім, што там атрымаецца. Ва ўсякім разе, негатыўная энергія кліенткі дае мне падставу думаць, што справа там сур’ёзная. Магчыма, гэта нават цёмны анёл. Я з такім толькі аднойчы сутыкаўся...
– У Чарнобылі?
– Не, у Афгане. Тады я яшчэ, праўда, не ведаў, што гэта такое. Мне пазней растлумачылі. Непрыемная, вельмі непрыемная рэч.
– А як з гэтым змагацца, вы ведаеце?
– Я – не. І ніхто не ведае. Знікне – значыць, знікне, а не – дык нічога не зробіш. Мы з усёю нашай навукай і тэхнікай таксама не свяцейшыя за анёлаў. Мы можам толькі запісваць, вывучаць, рабіць вывады... Навошта ўсё гэта? Канечне, каб у перспектыве навучыцца кантраляваць падобныя з’явы. Але я асабіста ўпэўнены, што мы ніколі не навучымся.
– Вы сёння песіміст, Барыс Сцяпанавіч, – зазначыла Святлана.
– А я заўсёды песіміст, – адгукнуўся Барыс. – Дзіўна, што ты толькі цяпер гэта заўважыла.
– Вам нешта не дае спакою з нашай кліенткай? З ёю нешта не ў парадку? Угадала?
– Ды як табе сказаць?.. – Барыс пачухаў сабе шчаку, на якой ужо пачала прарастаць шчэць, паморшчыўся. – Ёсць тут адна цікавая рэч. Ведаеш, калі Данька сёння раптам сказаў, што гэтая Ірына Сяргееўна забіла свайго сына, я чамусьці чакаў, што яна нам не пра аборт, а пра нешта іншае раскажа.
– Пра што іншае?
– Дваццаць першага лютага... Я правільна памятаю? Дваццаць першага лютага ў ейнай кватэры ўпершыню з’явіўся палтэргейст. Так?
– Здаецца, так. Ва ўсякім разе, у папярэдняй гутарцы з цёткай Верай яна назвала менавіта гэтую дату.
– А сёння ў нас дваццаць сёмага сакавіка... Трошкі больш за месяц... Гм...
– А што вас трывожыць?
– Ды тут такія пірагі выходзяць, Свет... Канечне, цалкам магчыма, што гэта проста выпадковасць, але ж... Дваццатага лютага, гэта значыць, за дзень да нашай даты, скончыў самагубствам адзін студэнт – саскочыў з эстакады ля стадыёна. Памятаеш, пра гэта яшчэ ў газэтах пісалі? Пляснуўся проста пад колы машынам. Толькі цудам вялікая аварыя не сталася.
– Так, здаецца, нешта такое сапраўды пісалі. А вы што, ездзілі яго глядзець?
– Не я. Савіцкі ездзіў. Ягоная чарга была. Але якая розніца? Абрыдаў да чорта гэты бзік нашага начальства – кожнага самазабойцу кантраляваць. А што калі там нейкая паранармальная актыўнасць яго з эстакады саштурхнула? Або д’ябал скінуў, іншымі словамі...
– І што, Савіцкі нешта знайшоў?
– Ды ні фіга ён не знайшоў. Нічога анамальнага. Адно толькі цікава: у кішэні гэтага студэнта ляжала візітная картка, а на ёй – адрас нашай кліенткі.
– Мамачкі! – ахнула Святлана.
– Вось вось, – паківаў Барыс. – Следчы хадзіў да нашай Ірыны Сяргееўны, пытаў, адкуль картка і ці знае яна студэнта. Тая ўсіма багамі прысягнулася, што з самазабойцам незнаёмая і ніякай карткі яму не давала. А на другі дзень у яе кватэры з’явіўся палтэргейст. Вось я і падумаў сёння, што наша кліентка нам пра гэта раскажа. Але яна не расказала.
Ён замоўк. Святлана таксама маўчала.
– З’ездзіла б ты з Данькам на нашы гарадскія клады, – ціха папрасіў Барыс пасля доўгай паўзы. – Пашаманіла б над магілай гэтага студэнта. Я табе падрабязную паперку напішу, як яе знайсці. Не заўтра, канечне. Сама час выберы. З’ездзіш?
Святлана апусціла галаву:
– Даўнютка на кладах не была. З’ежджу, чаго там...
– Дзякую, дзяўчынка, – прамовіў Барыс. – Толькі калі працаваць будзеш, пастарайся бар’ер ад негатыўнай энергіі паставіць. Ведаю, слабая абарона, але ўсё такі лепш, чым нічога.
– Пастараюся, – кіўнула Святлана. – Толькі калі Савіцкі з усім сваім калясальным вопытам нічога не выявіў, дык няўжо мы выявім?
– Ну, па першае, у Савіцкага няма нашага Данілкі, – усміхнуўся Барыс, – а па другое, я амаль упэўнены, што ён не вельміта і стараўся што небудзь выявіць. Ты маеш рацыю, вопыт у яго велізарны – як ніяк, ён найстарэйшы супрацоўнік Інстытуту. Але менавіта гэты вопыт і робіць яго снобам. Ён лічыць ніжэйшым за сваю годнасць займацца банальнымі самазабойцамі і таму падыходзіць да справы чыста фармальна: замераў энергетычны ўзровень, агледзеў візуальна, памацаў датчыкамі, і калі нічога не зашкальвае, значыць, усё ў парадку. А вы вазьміцеся за гэта па свойму, так, як толькі вы можаце. Тады, магчыма, і рэзультаты будуць іншымі.
– Савіцкі са сваімі, нябось, на клады не паедзе... – уздыхнула Святлана.
– Таму я і прашу не яго, а вас, – прамовіў Барыс. – Савіцкі, напрыклад, і на кватэру з палтэргейстам ніколі не паедзе. А я паеду. У гэтым і розніца.
Святлана кіўнула – яна ўсё разумела.

8.

На кухню зазірнула цётка Вера:
– Дадому не збіраецеся, следапыты?
– Як Данілка? – спытаў Барыс.
– Нічога, спіць. Тэмпература трошкі ўпала.
– Не пакінеш яго пры сабе нанач?
– Ну, калі трэба, няхай. Ён мне не перашкаджае.
Святлана ўстала, зачыніла фортачку і выйшла ў гасціную.
Хлопчык па ранейшаму ляжаў на канапе пад коўдрай і, здавалася, сапраўды спаў. Аднак, як толькі дзяўчына неасцярожна рыпнула масніцай, тут жа расплюшчыў вочы:
– Свет...
– Што? – Святлана прыблізілася і села на краёк канапы. – Як маешся, Данюша?
– Нічога... Галава баліць.
Дзяўчына памацала яму лоб – тэмпература сапраўды паменшала, але твар у хлопчыка быў утомлены і змарнелы, а вочы – цьмяныя.
– Пераначуеш у цёткі Веры? – спытала Святлана.
– Навошта?
– Ну як цябе такога на вуліцу цягнуць? Яна б цябе дагледзела, палячыла, а заўтра раніцой...
– Не, Свет... Я дадому хачу.
– Ну, калі хочаш, паедзем дадому... Трэба толькі зноў таксі выклікаць. Не пехатой жа табе ісці і не на аўтобусе...
– Капрызіш, жаўнер? – на парозе з’явіўся Барыс. – Застанься тут. Табе ж лепш.
– Не, не лепш. Я дадому, – прамовіў Данька зацята.
– Добра, добра, – Святлана нахілілася і пацалавала яго ў лоб. – Зараз паедзем. Ляжы пакуль што. Барыс Сцяпаныч, мы вам сёння больш не патрэбныя?
– Ды чаго там... Едзьце сабе, – махнуў рукой Барыс. – Хіба вас пераспрачаеш... упартыя дзеці.
Праз дзесяць мінут Святлана і Данька на заднім сядзенні таксі ўжо ехалі дадому па звечарэлых вуліцах горада, залітых агнямі і поўных машынамі і пешаходамі. «Цікава, ці чуў Данька пра тое, што трэба ехаць на клады? – думала дзяўчына. – Калі не, дык не буду яму сёння гаварыць. І заўтра не буду. Паспеецца».
Ноччу, лежачы ў пасцелі ў сваёй спальні і прыслухоўваючыся, як за сценкай пакашлівае праз сон Данька, Святлана доўга не магла заснуць. Некалькі разоў яна ўставала і басанож, каб не тупаць, выходзіла ў суседні пакой паглядзець на хлопчыка. Данька спаў, дыхаючы прыадкрытым ротам. Пры святле начніка на ягоным твары ляжалі рэзкія цені, ад чаго шчокі здаваліся запалымі, а вочы – празмерна глыбокімі. Дзяўчына вярталася да сябе, зноў лажылася, але сон прыйшоў толькі пад раніцу, калі за акном ужо пачало развідняцца.


Рецензии