Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 9, 10

9.

А дзесятай гадзіне прымчаўся Пеця. Вечна жыццярадаснаму тэхніку групы было дзевятнаццаць гадоў, ён быў высокі, тонкі, кучаравы, з рабаціністым носам і адтапыранымі вушамі. З сабою ён прывалок цэлы папяровы мяшок розных прадуктаў.
– Шэф прыслаў, – растлумачыў ён. – Там мёд і малінавае варэнне для Данюка, ну і іншае там рознае.
– Застанешся, паснедаеш? – прапанавала Святлана.
– Ды не, – адмовіўся тэхнік, – мне яшчэ камеры наладжваць трэба, вечарам жа работа, так што я пабег!
І сапраўды пабег, нават не дачакаўшыся, пакуль яму належным чынам падзякуюць.
Ацаніўшы, як пра іх паклапаціўся Барыс (прадукты сапраўды былі выдатныя, а галоўнае, не трэба было стаяць па іх у чэргах), дзяўчына са здавальненнем напаіла Даньку гарбатай з мёдам. Хлопчыку пад раніцу сапраўды палягчэла, ён павесялеў, сядзеў на цёплай кухні ў сіняй піжамцы, грэўся на сонейку, што лілося ў кватэру праз акно, і снедаў з апетытам, па-вераб’інаму скошваючы вочка на фрыкадэлькі ў падліўцы, што ляжалі перад ім на талерцы. Святлане падабалася яго карміць. «Сама не ем, а людзей кармлю», – часам дражніўся на яе Пеця, хаця і сам часцяком, асабліва калі ніхто не бачыў, падсоўваў хлопчыку пад час абеду ў кампаніі самыя смачныя кавалачкі. Ён таксама любіў Даньку, і Святлана гэта ведала. Наогул, Данька, нягледзячы на сваю эмацыйную стрыманасць і маўклівасць, умеў выклікаць да сябе прыхільнасць людзей. Гэта было менавіта тое, што называецца абаяннем, – калі знаходзіцца ў адным пакоі з чалавекам бывае для другога вельмі прыемна, хаця той і сам не разумее чаму. Увесь калектыў Інстытуту – ад дырэктара да звычайнага лябаранта – ставіўся да Данькі з вялікай прыязнасцю. Да таго ж, хлопчык, як аказалася, быў найлепшым біяэнергетыкам з усіх вядомых – ягоны ўзровень зашкальваў за дзве тысячы, ён умеў літаральна бачыць праз сцены, а ўсіх ягоных здольнасцяў не ведаў ніхто, у тым ліку і ён сам. Амаль штодзень Данька адкрываў у сабе нешта новае. Сілы яго здаваліся бязмежнымі. Апрача гэтага, хлопчык быў вельмі смелым і ніколі не баяўся ісці на самыя складаныя паранармальныя кантакты, нават на такія, якіх і дарослыя біяэнергетыкі пабойваліся. Святлана вельмі ганарылася, што Данька працуе менавіта з ёю. Будзь яна адна, яна б ніколі не адважылася і на палову тых заданняў, на якія спакойна хадзіла з ім. Мёд быў у маленькай плястыкавай скрыначцы, і Данька пад паблажлівым Святланіным поглядам з’еў яго ўвесь зараз. Фрыкадэлькі таксама зніклі непрыкметна. Гарбата была гарачая, сонейка – ласкавае, і хлопчык добра ўпацеў: струменчыкі поту беглі па ягоным твары, і гэта вельмі радавала Святлану. Яна адчувала, што хвароба да Данькі больш не вернецца.
Пасля снедання хлопчык мінут дзесяць пакачаўся на канапе, ператраўляючы смачную ежу, а потым залез пад душ, каб змыць з сябе астатак хваробы. Калі, удосталь памокшы пад гарачымі струменямі, ён нарэшце паявіўся з ваннай, вясёлы, з растрапанымі валасамі, захутаны ў шырокі мяккі зялёны халат, Святлана канчаткова супакоілася. Яна сама прычасала Даньку, знайшла яму ў шафе чыстую бялізну. Хлопчык цярпліва дазваляў дзяўчыне аб ім клапаціцца, хаця не вельміта любіў такую дробязную апеку і звычайна ўсё рабіў сам, нават тое, што часам і можна, і трэба бывала даручыць даросламу. Самастойнасць таксама была адною з рысаў Данькавага характару, якая вельмі падкупляла ўсіх, хто яго знаў, і якая, бадай, толькі Святлане здавалася трошкі прыкрай: дзяўчыне пастаянна хацелася рабіць што небудзь для Данькі, дапамагаць яму, адчуваць сваю неабходнасць, і яна засмучалася кожны раз, калі хлопчык часам не надта далікатна даваў ёй зразумець, што ён ужо не маленькі і хоча, каб яго паважалі, як роўнага.

10.

Яна вельмі добра памятала той дзень, калі два гады назад упершыню ўбачыла Даньку. «Закахаліся адно ў аднаго з першага позірку!» – жартаваў баламут Пеця, прыпамінаючы, якімі няпростымі былі ўзаемаадносіны паміж Святланай і яе першымі двума падапечнымі – Стасікам і Леначкай, з якімі дзяўчына ніяк не магла знайсці агульную мову і скончыла тым, што канчаткова раззлавалася і заявіла дырэктару, што больш ніколі не будзе працаваць у пары з дзецьмі, бо нянька з яе дрэнная, а патураць усім іхнім капрызам не хапае ні сіл, ні цярплівасці.
– Ну ну, не гарачыся, Старэцкая, – стрымаў яе Алег Валянцінавіч. – Успомні, як сама была падапечнай. Думаеш, Барысу Сцяпанавічу з табой лёгка было? Ты ў свае трынаццаць гадоў яшчэ не так яго даставала, ды ён не скардзіўся. Добра, добра, адпачні пакуль што. Бачу, што стамілася. Забяру я ад цябе тваіх падапечных, а там паглядзім.
І паглядзеў.
Праз месяц Святлана зноў сядзела ў ягоным кабінеце, а перад ёю стаяў Данька – прыгожанькі такі, у чорных кароценькіх шорціках і такой жа чорнай камізэльцы, надзетай на ружовую кашулю з доўгім рукавом.
– Вось табе, Старэцкая, новы падапечны, – сказаў дырэктар мякка. – Завуць Даня, гэта значыць Данііл Рудкевіч. Яму восем гадоў, ён сур’ёзны і талковы хлопец, і яму вельмі патрэбна такая апякунка, як ты. Пазнаёмцеся, пабалакайце. Калі праз тыдзень не пасварыцеся, дык будзеце разам. Пытанні?
Пытанняў не было.
Святлана сустрэлася з Данькам вачыма і адразу зразумела, што яна з ім не пасварыцца – ні праз тыдзень, ні праз год. Гэта было вельмі прыемнае і спакойнае пачуццё, і дзяўчына ўздыхнула з палёгкай. Тады яна за руку вывела хлопчыка з кабінета дырэктара ды так і пайшла з ім па жыцці, не выпускаючы ягоных мяккіх і цёплых, але моцных пальцаў са сваёй далоні.
– Глядзі, жаўнер, я за Светку раўнаваць буду! – папярэджваў Даньку баламут Пеця, а той адказваў без усмешкі, але з іскаркай у вачах:
– Ну і раўнуй сабе! Падумаеш...
Вось такі ён быў, Данька: свайго аддаваць нікому не збіраўся. А Святлану ён, канечне, лічыў сваёю. Як і яна яго.
Сяброў у Данькі не было, хаця Інстытут ніколі не забараняў тым, хто жыў сярод людзей, заводзіць асабістыя знаёмствы і суседзямі, добра разумеючы, што пазбегнуіь гэтага абсалютна нерэальна. Дый чаго тут было баяцца? Нават калі б Данька кожнаму сустрэчнаму крычаў аб тым, што ён працуе ў групе па вывучэнню паранармальных з’яваў, – хто б яму паверыў! Але так выйшла, што з суседскімі хлапчукамі, якіх у доме была безліч, Данька не знаўся, наогул не адчуваючы ў гэтым патрэбы, як амаль усе дзеці індыга. Дый сама Святлана з суседзямі не сябравала, хаця практычна з усіма падтрымлівала нармальныя адносіны. Для суседзяў яна і Данька былі братам і сястрой, якія засталіся без бацькоў і жывуць разам. Зрэшты, іхняй рэальнай біяграфіяй ніхто асабліва пільна не цікавіўся, а калі некаторыя надта цікаўныя бабулькі, якія заўсёды ўсё бачаць і заўважаюць, усё такі спрабавалі даведацца, чаму Данька не ходзіць у школу разам з іншымі дзецьмі, той коратка аджартоўваўся: «А я вундэркінд, я ўжо ў інстытуце вучуся». Можна сказаць, што ён амаль не хлусіў: у Інстытуце з падапечнымі сапраўды займаліся педагогі, давалі ім мінімум адукацыі, неабходнай для жыцця, а таксама некаторыя адмысловыя веды, што тычыліся непасрэдна прафесійнай дзейнасці ў даследчых групах.
Сама Святлана, як ёй цяпер здавалася, трапіла ў Інстытут не па заслугах. Яна не была моцным біяэнергетыкам і не вельміта шмат умела, хаця ў дзяцінстве яна лічыла сябе абсалютна ўнікальнай і вельмі ганарылася сваімі неардынарнымі здольнасцямі. Яе бацькі, палітычна надзейныя і добрасумленныя камуністы, ніяк не маглі зразумець, як у іх магла нарадзіцца дачка аж з такімі дзівацтвамі. У цуды яны, само сабой, не верылі і ўсё, што адбывалася са Святланай, прыпісвалі сапсаванасці яе натуры. Што ж, Святлана і сапраўды была гэтак званы «трудный ребёнок»: непаседа, хуліганка, горшая за любога хлапчука, у школе – з двойкі на тройку, з настаўнікамі – дзёрзкая, ніякім аўтарытэтам не пакорлівая, ды яшчэ і з адзінаццаці гадоў пачала курыць і слухаць несавецкую музыку. Ужо над адным гэтым можна было толькі галавою круціць: трэба запытацца, якая ж будучыня чакае дзяўчынку з такім характарам і з такою рэпутацыяй! І як толькі бацькам камуністам не сорам: прамаргалі ўласную дачку! А тут яшчэ ейныя незвычайныя здольнасці... Святлана, напрыклад, магла дзеля жарту намаганнем волі адсунуць крэсла ў бок менавіта тады, калі на яго апускаўся настаўнік фізікі; на лінейках часта рабіла так, што пад час выканання якой небудзь асабліва салодкай песні пра шчаслівае піянерская дзяцінства стужку ў магнітафоне зажоўвала; піянерам актывістам, якія на зборах, чаканячы крок, выходзілі на сцэну Палаца культуры з вымпеламі і барабанамі, яна адным позіркам давала падножку, і тыя падалі самым камічным чынам... Канечне, да пары да часу ніхто не мог давесці, што гэта падстройвае менавіта Святлана. Яе падазравалі, але падазрэннямі ўсё і абыходзілася. Па сапраўднаму ж яна «пракалолася» ў сёмым класе, калі настаўніца літаратуры прыгразіла пакінуць яе на другі год, калі яна і надалей будзе так вучыцца. Тады Святлане ішоў ужо трынаццаты год, а што такое злосць пакрыўджанага падлетка, добра вядома кожнаму. Калі на пачатку ўроку настаўніца ўвайшла ў клас, яна ўбачыла дзіўнае відовішча. З крана над ракавінай збоку ад класнай дошкі лілася вада. Лілася яна не ўніз. Струмень самым неверагодным чынам загінаўся ўгору, узнімаўся пад столь і там ствараў абсалютна выразны серабрысты напіс: «Наталья Александровна сука крашенная». Напіс вісеў пад столлю. На падлогу не падала ні кроплі. Прыціхлы клас са спалоханым захапленнем глядзеў на гэты феномен. Не цалкам зразумела, ці то ў настаўніцы поўнасцю адсутнічала ўяўленне, ці то яна проста патрапіла захаваць прысутнасць духу, але знешне яна быццам бы і не здзівілася зусім.
– Господи, – сказала яна засмучана, – даже тут без ошибок написать не могли! «Крашеная» пишется с одной «н», а после слова «Александровна» нужно тире.
І тут уся маса вады абрушылася на яе са столі. На педнарадзе, тэрмінова скліканай з гэтае нагоды, усе аднакласнікі дружна паказалі на Святлану: яна зрабіла, яна навядзьмарыла, яна ваду загаварыла! Як рэагаваць на такія паказанні, ніхто з настаўнікаў не ведаў. Яны, канечне, таксама не верылі ў цуды. Ва ўсякім разе, не мелі права верыць. І тым больш не мелі права высунуць супраць Святланы нейкія афіцыйныя абвінавачанні ў тым, што фокус з вадою зрабіла менвіта яна, хаця гэтак званае заклінанне вады і адбылося на вачах дзесяткаў вучняў сёмага «Б» класа. Нельга ж было напісаць у фармальным пратаколе для гарана, што інцыдэнт з настаўніцай тлумачыцца тым, што сямікласніца Света Старэцкая – ведзьма і ўмее перасоўваць рэчы намаганнем волі! Аднак некую фармулёўку ўсё роўна трэба было прыдумаць – гарана, мяркуючы па ўсім, не збіралася спускаць здарэнне на тармазах, бо Наталля Аляксандраўна (гэта ўсе ведалі) была жонкай старшыні мясцовага гарвыканкаму. Сітуацыя здавалася бязвыхаднай.
І вось тут у школе ўпершыню паявіўся Барыс Сцяпанавіч.
Ён доўга размаўляў аб нечым з дырэктарам, замкнуўшыся ў ягоным кабінеце. Потым да нарады падключылася завуч і класная кіраўніца сёмага «Б». На другі дзень у школу  выклікалі бацькоў Святланы, і Барыс Сцяпанавіч прапанаваў ім перавесці іхнюю дачку ў адмыловую школу для такіх дзяцей, як яна.
Бацькі спачатку спалохаліся і абурыліся. Ім здалося, што Барыс Сцяпанавіч з міліцыі, а ягоная школа – гэта інтэрнат для «трудных» падлеткаў. І дарэмна той тлумачыў ім, што гэта зусім не так, – яны нічога не хацелі слухаць: іхняя дачка, можа, і не вызначаецца ўзорнымі паводзінамі, але яна ўсё такі не малалетняя злачынка, і ў калёнію яны яе не аддадуць.
Тады на бацькоў Святланы націснулі па партыйнай лініі.
Так дзяўчынка апынулася ў Інстытуце, стала падапечнай Барыса Сцяпанавіча і ўпершыню пачула слова «біяэнергетык».
Вельмі хутка яна перастала думаць пра свае здольнасці як пра надзвычайныя і ўнікальныя. Гэта здарылася, калі ёй паказалі па сапраўднаму страшных біяэнергетыкаў, якіх баяліся нават тыя, каму было даручана трымаць іх пад кантролем. Святлана ўбачыла людзей, якія позіркам плавілі свінец, намаганнем волі маглі выклікаць выбух любой матэрыі, былі здолныя забіць чалавека тэлепатычным імпульсам і гэтак далей, і гэтак далей. «Божа мой! – жахнулася тады Святлана, – ды я ж нічога не ўмею ў параўнанні з імі!» Пазней, на працягу доўгіх гадоў працы ў Інстытуце, яна пераконвалася ў гэтым усё больш і больш. А калі зусім нядаўна Барыс Сцяпанавіч сказаў ёй, што Данька – яе мілы смуглячок Данька! – самы магутны біяэнергетык, якіх толькі знала гісторыя, дзяўчына не паверыла сваім вушам. Не было ў хлопчыку нічога страшнага, злога, цёмнага, не быў ён падобны да тых панурых людзей монстраў, якіх Святлана бачыла так шмат на сваім вяку. Аднак, калі праўдай было тое, што пра яго казаў Барыс, дык значыць, Данька ўмеў рабіць усё, што тыя людзі монстры, і нават яшчэ больш. Чаму ж яму тады дазвалялі жыць сярод звычайных людзей? «Госпадзі, што ж ты такое яшчэ ўмееш, Данілка?» – часам думала Святлана, гледзячы на свайго дарагога хлопчыка. Яна, праўда, пакуль што ні разу не бачыла, каб Данька плавіў свінец або нешта падпальваў (ён без асаблівай патрэбы наогул ніколі не дэманстраваў сваіх здольнасцяў і заўсёды стараўся быць, як усе), аднак часам ёй станавілася вельмі трывожна – не, не за тое, што незвычайныя магчымасці хлопчыка могуць каму-небудзь нашкодзіць. Хутчэй яна пабойвалася, што ўсё гэта можа нашкодзіць самому Даньку, завесці яго ў якое небудзь няшчасце, у якім яна не патрапіць яму дапамагчы. Усё-такі гэта быў толькі дзесяцігадовы хлопчык з усіма натуральнымі праблемамі і слабасцямі свайго ўзросту – пра гэта Святлана ніколі не забывала, у адрозненне ад іншых супрацоўнікаў Інстытуту, якія вельмі часта трымалі сябе так, як быццам перад імі не дзіцё, а іхні дарослы калега.


Рецензии