Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 11

11.

Вечарам зноў прымчаўся Пеця, яшчэ весялейшы, чымся раніцой. На сваёй вопратцы ён прынес у кватэру свежы пах веснавой вуліцы, а ў руках – малюсенькі букецік з трох падснежнікаў.
– Дзе ты іх дастаў? – здзівілася Святлана, асцярожна ўзяўшы кветкі з ягоных доўгіх музычных пальцаў.
– Уяві сабе, адна бабка на вуліцы прадавала! – паведаміў хлопец, распранаючыся. – Пастаў у ваду. Прыгожыя, праўда?
Святлана паставіла падснежнікі ў шклянку з вадою і знайшла ёй месца на паліцы серванта. Прыйшоў Данька, паглядзеў на кветкі і ўздыхнуў.
– Шкада будзе, што такая прыгажосць хутка завяне, – пакруціла галавой дзяўчына.
– Не завяне, – ціха прамовіў хлопчык, дакрануўся ўказальным пальцам да кожнай кветачкі па чарзе і, мяльком глянуўшы на Святлану, пайшоў вітацца з Пецем.
Той ужо лазіў па шафах на кухні, адчыняў і зачыняў дзверцы, заглядаў у шуфляды стала.
– Ты чаго? – спытаў Данька, спыніўшыся на парозе.
– Кавы ў вас няма, ці што? – пацікавіўся Пеця. – У вас жа была кава. Растваральная, імпартная, у такой зялёненькай бляшанцы...
– То, что ты выслал на прошлой неделе, мы давно уже съели, – растлумачыў хлопчык. – Пі гарбату. Вунь і кіпень якраз паспеў.
На фаерцы пліты сапраўды ўжо даўно ціхенька спяваў пузаты алюмініевы гарбатнік.
– Ну, што, паставіў камеры нашай кліентцы? – спытала Святлана, таксама паяўляючыся на кухні.
– Паставіў, – весела адказаў Пеця, знайшоўшы сабе ў шафе чысты кубачак.
– І што яна?
– А нічога. Падзякавала, і ўсё.
– Не ўкусіў прывід вас з Барысам?
– Не нарадзіўся яшчэ той прывід, які б мяне асмеліўся ўкусіць!
– Вах-вах, якія мы смелыя!
– А як жа! Вось паназіраем за кватэрай дзянькі тры-чатыры, высветлім, што там канкрэтна робіцца, а потым Даніла пойдзе і зловіць той прывід за хвост. Праўда, жаўнер?
– Паглядзім на твае паводзіны, – прамармытаў Данька ў адказ і поўным годнасці крокам выйшаў з кухні.
– Давай я табе паслужу, – сказала Святлана, наліваючы гарбату ў кубачак Пеці. – Сядай, аддыхайся. Нешта ты нейкі запыханы ўвесь.
– Ды не запыханы я, – запярэчыў Пеця, з удзячнасцю прымаючы з яе рук кубачак. – Проста вясна, падснежнікі, настрой цудоўны... А Данілка як? Тэмпературы больш не было?
– Не, усё ў парадку, – адказала Святлана, сеўшы за стол насупраць яго. – Дзякую за прадукты, за мёд.
– Дык гэта ж не я, гэта Сцяпаныч, – высокародна не схацеў прысвойваць чужыя заслугі Пеця. – Мне ён такія адказныя справы не давярае. У яго свае кантакты ў крамах і на рынках. А ў мяне якія ж кантакты? Я малады спецыяліст, не біяэнергетык, і падапечных у мяне няма.
– Сапраўды раўнуеш, ці што?
– Дурніца ты, Старэцкая.
– Не, я сур’ёзна. Ты хацеў бы мець падапечнага?
– Я? – Пеця махнуў рукой і засмяяўся. – Звар’яцела! Які з мяне, к чорту, апякун! Не, я чалавек легкадумны, я за свабоднае і незалежнае жыццё. Дый Данькі з мяне вось як хопіць.
– Ты для Данькі хутчэй сябар, а не апякун, – усміхнулася Святлана.
– Ага, сама цяпер раўнуеш?
– Пеця, даць бы табе па карку, – уздыхнула дзяўчына. – Ну што ты плявузгаеш! – Памаўчала і дадала, злёгку нахіліўшыся да хлопца цераз стол і сцішыўшы голас: – Ты зразумей, я ж нічога кепскага сказаць не хацела. Я рада нават. У Данькі ж ніводнага сапраўднага сябра, а ён хлапчук, яму трэба. Гэта ж проста выдатна, што ён з табою так свабодна сябе пачувае. Ты не ўяўляеш нават, як я табе за ўсё ўдзячная.
– Ды за што за ўсё? – не зразумеў Пеця. – Што я такога зрабіў?
– Ёлупень ты які, госпадзі ж божа мой! – пакруціла галавой дзяўчына. – Ну з кім жа ён яшчэ ў машынкі ды паравозікі гуляць будзе! Са мной? Дык я ў гэтым нічога не разумею. Я з маленства з цацкамі не гуляла. Рагаткі вось мэдзіла, самастрэлы розныя – гэта маё. А лялькі, машынкі – гэта было для інтэлігентных дзяцей. А ты сам яшчэ хлапчук і з хлапчуком сябруеш. Хіба гэта кепска?
– Ды не, не кепска, канечне, – адказаў Пеця, які спачатку хацеў быў пакрыўдзіцца, але потым перадумаў. – Проста мне заўсёды здавалася, што вы, біяэнергетыкі, такія разумныя, што на два аршыны пад зямлёй бачыць павінны, а вы на паверку ўсе такія павярхоўныя аказваецеся, зусім у людзях не разбіраецеся.
Святлане стала няёмка – у Пецевым голасе пачуўся нейкі неспадзяваны, пякучы боль. Зрэшты, хлопец тут жа зноў развесяліўся, папрасіў яшчэ гарбаты, і дзяўчына паспяшалася яму наліць, радуючыся, што ён не замарачыўся яе неасцярожнымі словамі.
– Ты лепш раскажы, што там, у нашай кліенткі, – сказала яна, каб перамяніць тэму размовы.
– Справа, здаецца, сапраўды сур’ёзная, – адказаў Пеця. – Атмасфера ў кватэры проста фізічна наэлектрызаваная – скурай адчуваеш. Кватэра вялікая, мэбля імпартная, усё на ўзроўні. Словам, багатая цётка, нястачаў не цярпіць, але прывіду свайго баіцца панічна. Паставіў я ёй ва ўсіх пакоях камеры, Сцяпаныч растлумачыў, як сябе паводзіць, яна: дзякую, дзякую, – а сама аж трасецца ад страху. Калі ж вы, пытае, яго праганяць прыйдзеце?  Яна, напэўна, думае, што мы шаманы нейкія і камлаць у яе кватэры будзем. З бубнам.
– А што, можа, і праўда пакамлаць? – усміхнулася Святлана. – Пакрычым, пастукаем, паскачам, прывід спалохаецца і ўцячэ.
– Як бы ён нам самім па мазгаўні не настукаў, – аптымістычна запярэчыў Пеця. – Здаецца мне, што гэты прывід жартаў не любіць.
– У цябе ёсць падставы так думаць?
– Ну, якія падставы? Пасля папа ён, напрыклад, раззлаваўся. Не падабаюцца яму, відаць, святары. Бацюшка ў кватэры абразок пакінуў, дык прывід яго ўвесь нейкім чарнілам заліў.
– Значыць, па твойму, мы сапраўды маем справу з нячыстай сілай?
– Ты ж ведаеш, што кіраўніцтва Інстытуту такой тэрміналёгіі не прызнае. Станоўчыя ці адмоўныя энергетычныя субстанцыі – вось як трэба гаварыць, каб выглядаць матэрыялістам.
– Ну-ну... Баюся, што Барыс мае рацыю наконт цёмнага анёла. І за Даньку я баюся. Ісці з гэтай тваёй субстанцыяй на непасрэдны кантакт... Ты ведаеш, што мы заўтра едзем на могілкі?
– Мы едзем на могілкі?! – спалохаўся Пеця. – Навошта?
– Ды не ты, – растлумачыла дзяўчына. – Мы з Данькам едзем.
– А вам там што рабіць? – адразу палягчэла хлопцу.
Святлана сцісла распавяла яму пра сутнасць справы. Пеця прысвіснуў:
– Якая, аднак жа, цікавая дэтэктыўка вытанцоўваецца!
– Яшчэ якая цікавая, – згадзілася дзяўчына. – Трэба абавязкова высветліць, з якога боку тут прыляпіўся той самазабойца-студэнт. Наіўна было б думаць, што гэта проста выпадковасць.
– Сапраўды, такія выпадковасці рэдка здараюцца. А цётка, значыць, кажа, што ніякага студэнта не знае?
– Менавіта так яна і кажа і, хутчэй за ўсё, не хлусіць. Міліцыя правярала: ейныя са студэнтам дарогі ніколі не перасякаліся. Яны нават не сустракаліся ні разу.
– Ну скажы на ласку!.. А ты сама што пра гэта думаеш?
– Нічога не думаю. Паглядзім на магілу, прасканіруем яе, тады ўсё стане ясна. А пакуль што чаго варажыць.
– Гэта правільна, – кіўнуў Пеця. – Непрыемная будзе паездка. Я, напрыклад, могілкаў цярпець не магу. Асабліва нашых. Гэта там, на Захадзе, на могілкі, як у музей, ходзіш, а ў нас...


Рецензии