Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 3 3, 4

3.

Кірыл заплюшчыў вочы і расслаблена ўздыхнуў. Канечне, ён схлусіў Ленцы. На самай справе шчаслівым чалавекам ён сябе зусім не лічыў. Хутчэй наадварот. Гэта цяжка было растлумачыць. Ён добра разумеў, што вельмі многія зайздросцілі таму, як складалася ягонае жыццё, і не адмовіліся б памяняцца з ім месцамі, калі б гэта было магчыма. У Кірыла сапраўды было амаль усё, пра што толькі можа марыць творчая асоба: слава, грошы, узнагароды, велізарныя тыражы, членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі і Савецкага Саюзу... Ягоныя творы вывучаліся ў школе і інстытуце, яго ўжо даўно называлі жывым класікам, ён быў заслужаным работнікам культуры, усе часопісы публікавалі ягоныя рукапісы, не чытаючы, і нават шмат якія партыйныя і дзяржаўныя дзеячы лічылі для сябе за гонар паціснуць яму руку. Так, усё гэта ён меў. Не меў толькі шчасця. З таго часу, як слава і ўшанаванне абсалютна нечакана пасыпаліся на звычайнага вясковага хлопца, у яго з’явілася надзвычай прыкрае, неадчэпнае пачуццё, што сваё ўласнае жыццё ў яго нехта адабраў і прымусіў жыць жыццём кагосьці іншага, хто ў рэчаіснасці не мае нічога агульнага з сапраўдным Кірылам Цімафейчыкам. Славуты зубр літаратуры Кір Ціхі нарадзіўся непрыкметна і неспадзявана і амаль поўнасцю замясціў сабою летуценнага вясковага паэта Кірычка, бескампраміснага праўдалюбца і змагара за справядлівасць, які верыў, што мае ў літаратуры нейкае сваё прызначэнне, і быў гатовы на многае, дзеля таго каб яго выканаць. Нічога падобнага не адчуваў у сабе сённяшні Кір Ціхі. Ён не верыў у сваё прызначэнне, не лічыў сябе занадта таленавітым пісьменнікам і быў упэўнены, што ўсё, што ён мае цяпер, – чужое і дасталося яму не па заслугах. Нават кватэра, у якой ён жыў з Ленкай, часам здавалася яму не сваёю, як быццам ён выгнаў з яе сапраўднага гаспадара, як ліса зайца ва ўсім вядомай казцы, і жыве цяпер захопнікам. Канечне, Кірыл ніколі і нікому не распавядаў пра свае пачуцці – яму не хацелася пасля ўсяго апынуцца ў вар’ятні. Але апошнім часам невытлумачальны, абсалютна іррацыянальны адчай усё часцей і часцей апаноўваў яго. Ён саромеўся сваіх поспехаў і літаратурнай славы. Менавіта таму ён адгарадзіўся псеўданімам ад свайго публічнага жыцця, а ў жыцці прыватным з усяе сілы чапляўся за тое, што яшчэ засталося ў ім ад Кірыла Цімафейчыка. Ніхто з ягоных суседзяў нават не здагадваўся, што вядомы ўсёй дзяржаве Кір Ціхі і сціплы інтэлігентны бацька-адзіночка з трыццаць дзевятай кватэры – адна і тая ж асоба. У Ленчынай школе таксама ніхто не ведаў, што яна – дачка жывога класіка. Ён вельмі прасіў дзяўчынку нікому пра гэта не казаць, і яна не казала, хаця ён і разумеў, як жа гэта цяжка трынаццацігадоваму падлетку не пахваліцца перад таварышамі сваім славутым бацькам. Зрэшты, менавіта сёння ён і сам не мог сабе растлумачыць, чаму прызнаўся ўрачу, хто ён на самай справе. «Зацямненне найшло, – апраўдваў ён сябе, – хвароба вінавата...» І тут жа ў глыбіні душы лавіў сябе на тым, што ні зацямненне, ні хвароба тут ні пры чым. Непатрэбнае прызнанне нейк само сабою саскочыла з ягонага языка, і Кірыл ужо пачынаў апасацца, ці не стане яно пачаткам нейкага новага, яшчэ болей прыкрага этапа ягонага жыцця. Добра, што хоць Ленка ні аб чым такім не спытала, а то ён і не знайшоў бы, што адказаць.
І ўсё-такі адно шчасце ў ягоным лёсе было. Пасля таго як пад коламі машыны абсалютна бязглузда загінула Ніколь, адзіным шчасцем Кірыла стала Ленка – ягоная ясачка, ягоная зорачка, дачушка, так падобная да сваёй прыгажуні-маці. Цяпер толькі з Ленкай было звязана ўсё самае чыстае, светлае і ўзвышанае, што яшчэ тлела ў ягонай знясіленай душы. Яе ён любіў, за яе баяўся, ёй стараўся даць усё, што было ў ягоных сілах. На сённяшні дзень яна фактычна была адзіным, што цалкам належала Кірылу Цімафейчыку, а не Кіру Ціхаму, і ён жахаўся ад адной думкі, што яе ў яго таксама можа нехта адабраць. Так, ён падкрэсліваў гэтае «таксама», таму што ўсе гады пасля гібелі жонкі яго ні на хвіліну не пакідала ўпэўненасць, што яна загінула не проста так, а нехта адабраў яе ў яго, таму што яна кахала Кірыла Цімафейчыка і ніяк не ўпісвалася ў прыдуманую некім ідэальную біяграфію Кіра Ціхага, на ўсе заслугі і славу якога ёй заўсёды было пляваць. Кір Ціхі – фантом, а хіба можна ставіцца сур’ёзна да фантома, які нават псеўданіма арыгінальнага сабе знайсці не здолеў і першую ягоную частку запазычыў у Кіра Булычова, а другую – у персанажа Станіслава Лема Іёна Ціхага. Не, такі штучны канглямерат Ніколь кахаць не магла. Яна была жонкай менавіта таго самага, сціплага, інтэлігентнага і летуценнага Кірычка, які ў тыя гады яшчэ, можа, і быў жывым, а цяпер, пасля яе смерці, і сам ужо амаль не дыхаў пад тоўстай скурай свайго містэра Хайда, які дзень пры дні станавіўся ўсё сільнейшым і агрэсіўнейшым, і чым даўжэй знаходзіўся Кірыл у гэтай чужой, спярша нібыта выданай яму напракат скуры, тым выразней адчуваў, што яна пачынае пакрыху прырастаць да яго і ператварацца ва ўласную. Няўжо аднойчы сапраўды настане такі дзень, калі ён прачнецца і канчаткова забудзе, кім быў раней? Гэтага дня Кірыл баяўся панічна.

4.

Яны пазнаёміліся абсалютна выпадкова, у тэатры, на рэпнтыцыі спектакля, які  ставілі па нядаўна напісанай п’есе Кірыла. Тэатр быў гэтак званы «змяшаны» і нават калісьці, на хвалі адлігі, атрымаў імя Цішкі Гартнага, аднак нягледзячы на тое што прынамсі палова ягонай трупы нармальна гаварыла па-беларуску, спектаклі на беларускай мове складалі ў ягоным рэпертуары мінімум. Невядома, чым гэта было выклікана: ці то тым, што на беларускія спектаклі ў савецкай дзяржаве здавён-даўна глядзелі выключна як на нацыяналістычныя, а лішніх непрыемнасцяў нікому з рэжысёраў, канечне ж, не хацелася, ці то на іх папросту не хадзіла публіка. Ва ўсякім разе, п’есы на беларускай мове тэатр заўсёды браў з вялікай неахвотай, і таму нават Кірылу, які ўжо тады меў немалую славу і аўтарытэт, каштавала процьмы поту і нерваў пераканаць галоўнага рэжысёра, што п’есу трэба ставіць так, як яна напісана, і што перакладаць яе на рускую мову Кірыл не збіраецца. Пасля доўгіх спрэчкаў рэпетыцыі ўсё-такі пачаліся. Кірыл на іх рэгулярна прысутнічаў, хаця і адчуваў, што ў цэлым акцёрскі калектыў ставіцца да яго даволі непрыязна – многія лічылі яго маладым выскачкам, які яшчэ пад стол пехатой хадзіў, калі яны ўжо ігралі на высокіх сцэнах і атрымлівалі свае кветкі і апладысменты. Больш за астатніх Кірыла даймаў найстарэйшы акцёр тэатра і, па сумяшчальніцтву, ягоны мастацкі кіраўнік Рычард Пятровіч Нойман. Гэты чалавек у свой час вельмі пераканаўча ўвасобіў на сцэне вобраз Леніна, за што яму абсалютна лягічна адразу ж далі званне народнага атрыста, хаця народ яго нават у родным горадзе не вельміта знаў, не кажучы ўжо пра ўсю дзяржаву. Акцёр, зрэшты, гэтага зусім не заўважаў і з наіўнасцю, неверагоднай нават для ягонага ўзросту, верыў, што па папулярнасці ён засланяе сабою Баярскага, а па геніяльнасці – Смактуноўскага і Плята. Вера давала яму падставу лічыць сябе непераўзыдзеным знаўцам драматургіі, і ён пастаянна чапляўся да Кірыла, патрабуючы, каб той перапісваў некаторыя месцы сваёй п’есы, бо, як яму здавалася, яны не адпавядалі задачам сучаснага тэатра. Кірыл упарціўся, як мог, стараючыся, аднак, не вельміта сварыцца з сівавалосым мэтрам, ад якога ў многім залежаў лёс усяго спектакля, паколькі Рычард Пятровіч узяўся выконваць у п’есе ролю бацькі галоўнага героя, а гэта была асоба цэнтральная і з вялікай колькасцю тэкста.
Нейк раз пасля чарговай спрэчкі з невядомым народу народным артыстам Кірыл, абсалютна выматаны і апатычны, спусціўся ў тэатральны буфет, каб узбадзёрыцца кубачкам кавы. Столікі ў буфеце былі толькі «стаячыя», і Кірыл, узяўшы сваю каву і бутэрброды, прыладзіўся за адным з іх ля акна. Успёршыся локцямі на плястыкавую стальніцу, ён задуменна зрабіў некалькі маленькіх глыткоў, калі раптам пачуў ля сябе голас:
– Вы дазволіце?
Проста перад ім, таксама з кубачкам у руках, стаяла зусім маладзенькая дзяўчына, можна нават сказаць, дзяўчынка ў чырвоным швэдары і джынсах.
– Калі ласка... – Кірыл быў так стомлены, што еават не здзівіўся, што яна папрасілася да ягонага століка, хаця многія іншыя столікі ў буфеце былі свабодныя. Яму здалося, што ён ужо бачыў гэтую дзяўчыну некалькі разоў у тэатры, хаця і не мог успомніць, кім яна была. Ва ўсякім разе, цяпер у яго з’явілася магчымасць уважліва разгледзець яе твар. Яна была прыгожая. Вельмі прыгожая. З доўгімі цёмнымі валасамі і скурай колеру слановай косці. Канечне, яна была не беларуска. Хутчэй у яе быў профіль егіпцянкі, якімі іх малююць на старажытных фрэсках у палацах фараонаў. Гадоў ёй было, можа, семнаццаць, не болей, яна не карысталася касметыкай і мела разумныя карыя вочы міндалепадобнай формы. Устаўшы насупраць Кірыла, дзяўчына пабулькала лыжачкай у сваёй каве, зрабіла глыток і прамовіла:
– Вы, канечне, даруйце, гэта не мая справа, але ўсё-такі чаму вы дазваляеце гэтаму старому няздару иак лёгка псаваць вашу п’есу?
Кірыл здзіўлена ўзняў на яе вочы:
– Каго вы называеце старым няздарам?
– Думаю, таго ж, каго і вы. Рычарда Пятровіча, канечне. – Дзяўчына гаварыла па беларуску з нейкім незразумелым, лёгкім акцэнтам, трошкі расцягваючы галосныя, як у чэшскай або славацкай мовах. – Хіба можна давяраць яму такія ролі! Ён жа старарэжымнік і нават з гогалеўскага гараднічага зробіць Леніна.
– Леніна?
– А каго ж яшчэ? Нікога іншага іграць ён фізічна не ўмее.
– Аднак жа катэгарычныя ў вас меркаванні, – усміхнуўся Кірыл, трошкі збянтэжаны смеласцю маладзенькай асобы, што стаяла перад ім. – Не прызнаяце аўтарытэтаў?
– Аўтарытэты прызнаю, – запярэчыла дзяўчына. – Але Нойман для мяне не аўтарытэт, а вашу п’есу мне шкада.
– Вы лічыце яе такой дасканалай?
– Па-мойму, гэта першы нармальны твор, які вы напісалі за ўсё жыццё.
– Праўда? – у абсалютным захапленні ад такой нахабнасці, Кірыл траха не падавіўся бутэрбродам. – А вы чыталі ўсе мае творы?
– На жаль, даводзілася, – адказала дзяўчына спакойна.
– Чаму ж даводзілася? Вас прымушалі?
– Шчэ і як! У школе ад вашых вершаў і апавяданняў ратунку няма!
– Ды няўжо? Наколькі я ведаю, у школьныя падручнікі ўвайшлі толькі тры мае вершы і адно маленькае апавяданне.
– Гэта вам так здаецца. А ёсць жа яшчэ пазакласнае чытанне. Настаўнікі літарартуры ад вашых кніжкаў проста шалеюць: ах, Кір Ціхі, ах, наш славуты зямляк!.. І чаго вы жывяце ў нашым горадзе? З вашымі-то сувязямі і заслугамі ехалі б сабе ў Маскву тамтэйшых школьнікаў выхоўваць...
– Я бачу, шмат гаркоты ў вас на мяне набралося, – уздыхнуў Кірыл. – А калі не сакрэт, у якім вы класе?
– Гэтым летам школу канчаю.
– Ага, ясна. А можна пацікавіцца, што іменна вам падабаецца ў маёй п’есе і не падабаецца ў іншых творах?
– У п’есе сліны і сопляў менш, – без хітрыкаў растлумачыла дзяўчына. – І моладзь у вас тут выйшла амаль праўдападобная, а не соцрэалістычная, як у аповесцях.
– А вы маеце нешта супраць соцрэалізму?
– Канечне. Я ж дачка ворагаў народу.
– Як жа так?
– Вельмі проста. У мяне бацькі ў Ізраіль эмігравалі. Я з дзядулем жыву.
– Ах, вось як... А можна спытаць, як вас завуць?
– Будзеце смяяцца, але мяне завуць Коля, – адказала дзяўчына. – Ва ўсякім разе, так мяне называе дзед. А па сапраўднаму мяне завуць Ніколь.
– Прыгожае імя. Дык што вы там казалі пра соплі і пра моладзь?
– Я казала, што моладзь у вашай п’есе амаль натуральная, але вы ўсё роўна не ведаеце ні яе жыцця, ні яе жаргону. Так, як у вас, моладзь ніколі між сабой не размаўляе.
– Злітуйцеся, паненка, хто ж мне дазволіць напісаць п’есу на жаргоне!
– Вось-вось, баіцеся. Усе баяцца.
– А вы не баіцеся? Вы заўсёды гаворыце тое, што думаеце?
– Я ўжо даўно нічога не баюся, – адказала дзяўчына горда. – Асабліва пасля таго як дзед мяне з бацькамі ў Ізраіль на адпусціў. Чаго мне баяцца? За словы цяпер не расстрэльваюць, а калі выпхнуць з Савецкага Саюзу следам за татам і мамай, дык я і сама гэтага хачу.
– Мне здаецца, вы досыць легкадумна ставіцеся да такіх сур’ёзных рэчаў, – прамовіў Кірыл. Ён усё ніяк не мог зразумець, што значыць гэтая бойкая смаркачка з яе антысаветчынай. Хаця Кірыл Цімафейчык сам ніколі не быў прававерным камуністам, гэта нікога не тычылася, паколькі Кір Ціхі быў савецкім пісьменнікам, абсалютна лаяльным уладзе, і яму вельмі не падабалася, калі чужыя людзі чапляліся да яго з крамольнымі размовамі. У ягонай галаве ўжо пачалі варушыцца нармальныя саўковыя думкі аб тым, што гэтую дзяўчынку, магчыма, падаслаў нехта з ягоных ворагаў, каб справакаваць яго і падмачыць рэпутацыю, якую ён так высока цаніў. Напэўна, усё, што ён думаў, было красамоўна напісана на ягоным твары, таму што дзяўчына раптам засмяялася і прамовіла весела:
– Ды вы не палохайцеся так, калі ласка. Я ж да вас з адной просьбай прыйшла. Правільней, мяне дзядуля паслаў, сказаў, што вы добры чалавек і не адмовіце.
– І што за просьба? – насцярожыўся Кірыл.
– Справа ў тым, што мне даручылі напісаць рэферат па вашай аповесці «Вечаровая раса».
– «Вечаровая раса»? – здзівіўся Кірыл. – Яе што, таксама праходзяць у школе?
– Я ж кажу, што нідзе ад вашай пісаніны не дзенешся.
– Але гэтая аповесць зусім не для школы.
– Наша настаўніца літаратуры так не лічыць.
– Але там жа апісаны абсалютна дарослыя праблемы!
– Вось вось, і я кажу, што ні фіга ў вашай аповесці не разумею. А дзед мне сказаў, што вы бываеце на рэпетыцыях, і параіў у вас самога спытаць, што вы там мелі на ўвазе. Дык вы мне дапаможаце? А то праз тыдзень рэферат здаваць, а я ўяўлення не маю, пра што пісаць.
– Пачакайце, пачакайце, а хто ваш дзед?
– А вось той самы стары няздара Рычард Пятровіч Нойман, – адказала дзяўчына і ўсміхнулася хітравата і весела, схіліўшы галаву, як верабей. – Ну, дык вы мне дапаможаце?
Ашаломлены Кірыл маўчаў, не ведаючы, што адказаць.
– Ясна, прыйшла не па адрасу, – расчаравана ўздыхнула Ніколь. – Ну дык выбачайце за неспакой. Я пайшла.
І яна сапраўды пайшла, не дапіўшы сваёй кавы.
Кірыл не затрымаў яе, аднак на душы ў яго пасля гэтай размовы застаўся прыкры асадак. А разам з тым ён адчуваў, што ягонае знаёмства з Ніколь не павінна скончыцца такім чынам. Ясна, што яна пасмяялася з яго, але гэта аніколькі не перашкодзіла яму зразумець, што яна яму спадабалася. Канечне, у той момант ён і сам сабе ў гэтым ні за што б не прызнаўся. Дапусціць думку аб тым, што пры такой розніцы ў гадах тут можа існаваць якое небудзь сур’ёзнае пачуццё з далёка ідучымі намерамі, ён проста не мог. Так, напэўна, ён і сапраўды быў аскетам, бо да гэтага часу жанчыны не займалі ў ягоным жыцці таго месца, якое яны, канечне ж, павінны займаць у жыцці маладога, поўнага сіл мужчыны. Ён нейк не думаў аб тым, што некаторым можа здацца дзіўным той факт, што яму ўжо дваццаць восем, а ён усё яшчэ не жанаты. Несумненна, знайшлося б нямала дзяўчат, якія палічылі б за шчасце стаць вернымі спадарожніцамі вядомага пісьменніка, хай не надта прыгожага, але затое з імем, грашыма і велізарнымі перспектывамі. Але пашанцавала вось абсалютна неспадзявана дзяўчынцы-старшакласніцы, ды яшчэ і з бацькамі ў Ізраілі, якая, маючы такога радыкальна савецкага дзеда, ні ў каханні, ні ў мужчынах нічога не разумела, дый разумець не магла. І што ён у ёй знайшоў, грахаводнік!
Вядома ж, у колах творчай інтэлігенцыі горада раман славутага Кіра Ціхага з маладзенькай Ніколь адразу ж абвясцілі скандальным. Аднак Кірылу было на гэта пляваць. Ён сустрэў сваё першае і адзінае на ўсё жыццё каханне і быў на сёмым небе ад радасці. Праз год васемнаццацігадовая Ніколь Нойман стала ягонай жонкай, а ячшэ праз год у іх нарадзілася дачушка Леначка.


Рецензии