Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 3 13, 14

13.

Заслона павольна рассунулася, і Кірыл, па-ранейшаму стоячы за кулісамі, убачыў залу. Яна была месцаў на трыста або чатырыста і поўная народу. Відавочна, тут сядзелі не толькі студэнты філфака, але і з іншых факультэтаў. У праходзе між радамі хадзіў чалавек з кінакамерай на плячы. Гэтага Кірыл не чакаў – яго не папярэдзілі, што прыедзе гарадское тэлебачанне. Тым не менш, прысутнасць кінааператара яму настрою не сапсавала. Нават наадварот, яму зрабілася яшчэ весялей.
Гледачы заапладзіравалі, убачыўшы, што мерапрыемства нарэшце пачынаецца. Высокім звонкім голасам Наташа прачытала некалькі банальных фразаў са сваёй папкі і з пачуццём выканага абавязку патупала за кулісы, а замест яе з-за іх велічна выплыла на сцэну і няспешна ўгняздзілася на трыбуне Кацярына Віктараўна. Яна дачакалася цішыні ў зале і пачала гаварыць. Гаварыла яна амаль тое ж, што Кірыл ужо чуў у дэканаце ад Міколы Генрыхавіча, толькі значна шматслоўней, напышлівей і катэгарычней. Сам жа намеснік дэкана паціху спусціўся ў залу, сеў у першым радзе і глядзеў на сакратарку, як на незнаёмую.
Наташа стаяла ля Кірыла.
– Доўгая будзе прамова? – спытаўся ён у яе.
– Паводле сцэнарыю, на дзесяць мінут, – адказала дзяўчына.
– Божа мой, ды пра што ж там гаварыць?!
– Ну як жа! Трэба ж абмаляваць сітуацыю з нашай сучаснай літаратурай.
– А вы самі, Наташа, як гэтую сітуацыю ацэньваеце?
– Я? – здзівілася дзяўчына.
– Так, вы. Вы самі чытаеце сучасных пісьменнікаў?
– Даводзіцца. Без гэтага залік не атрымаеш. А мне чырвоны дыплём патрэбны.
– Вы не пакрыўдзіцеся, калі я спытаю, навошта? Чым вам звычайны дыплём не дагадзіў?
– Мяне абяцалі ўзяць у рэдакцыю абласной газэты, калі я прынясу ім чырвоны дыплём, – проста адказала Наташа.
– Ага, хочаце быць журналісткай?
– Ды не, я хачу за мяжу паехаць, а з рэдакцыі прасцей. Пашлюць з якой-небудзь дэлегацыяй, застануся там, і ўсё.
– Ву-унь якія ў вас пляны, таварыш камсорг! – здзівіўся Кірыл. – Смелая вы дзяўчына, што пра іх так адкрыта распавядаеце.
– Ды ў нас паўінстытуту такія пляны маюць, – усміхнулася Наташа. – Асабліва выдатнікі.
– Чаму ж асабліва?
– А якія, скажыце на ласку, у нашаай краіне перспектывы для выдатнікаў? У школу працаваць ісці? У глухмень балотную? Дык там і троечнікі някепска справяцца. А калі ў чалавека галава на плячах, калі ён можа сваёй мазгаўнёй сапраўдныя грошы зарабіць, дык яму за мяжу ліняць трэба. У нас жа за мазгі ніхто ніколі не плаціў і не плоціць, а там кожны разумны чалавек сабе багацце сабраць можа. Вы са мной не згодны?
– Ды не, чаму ж? – усміхнуўся Кірыл і кіўнуў на Кацярыну Віктараўну на трыбуне. – Калі б я мусіў слухаць такія прамовы штодзень, дык, напэўна, таксама даўно б ужо ў Амерыку ўцёк. Але ўсё такі, Наташа, вы сапраўды лічыце, што ў сучаснай савецкай літаратуры і пачытаць няма чаго?
– Канечне, – паціснула плячыма дзяўчына. – А што чытаць?  Савецкая літаратура знішчыла літаратуру сапраўдную. Цяпер нармальна пішуць толькі эмігранты, дый то...
– А вы каго з эмігрантаў чыталі?
– А вы?
– Не вельміта ветла пераадрасоўваць чалавеку ягонае ўласнае пытанне, але я вам адкажу. Мне вельмі падабаюцца Алданаў, Галіч, Вайновіч. Я надзвычай высока цаню публіцыстыку Барыса Парамонава, Пятра Вайля, чытаю Даўлатава, хаця не ва ўсім з ім згаджаюся, ну, а ў творчасць Навума Каржавіна я, можна сказаць, проста закаханы.
– А Салжаніцын? – спытала дзяўчына, відаць, уражаная эрудыцыяй Кірыла.
– А пра Салжаніцына мне Кацярына Віктараўна гаварыць забараніла, – усміхнуўся той, – каб не разбэшчваць наіўныя душы.
«Ну што ж, вось вам прадстаўніца сучаснай моладзі... – падумаў ён. – Прагматычная, мэтанакіраваная, дакладна ведае, да чаго імкнецца... Дзеля дасягнення сваёй мэты яна гатова выходзіць на трыбуны, крычаць лозунгі, у якія сама не верыць, гаварыць слушныя словы, якіх ад яе чакаюць тыя, ад каго залежыць яе чырвоны дыплём... І яна атрымае гэты дыплём, можна не сумнявацца. І выйдзе з інстытуту высокакваліфікаванай савецкай настаўніцай. І пры першай жа магчымасці ўцячэ за мяжу, каб сваёю светлай галавой выдатніцы павышаць дабрабыт якіх-небудзь амерыканцаў ці немцаў. А ў нашу балотную глухмень паедзе добрасумленны троечнік. І адукацыю там арганізуе на сваю цвёрдую тройку. І выйдуць з ягонай школы выпускнікі – такія ж троечнікі, як ён сам. І будуць яны працаваць, як могуць, на нашу дзяржаву, і застанецца яна, як і была, троечніцай сярод іншых дзяржаў, адстаючы ад усяго свету на пяцьдзесят гадоў ва ўсім, апрача зброі... Але ці можна ганіць гэтую выдатніцу Наташу за адсутнасць патрыятызму? Хіба яна вінавата ў тым, што за мяжой разумныя людзі жывуць у дзесяць разоў лепш, чым у нас? Калі б яна ў нас мела такія ж магчымасці, як на Захадзе, дык хіба ж паехала б яна туды! Урэшце рэшт, уся яе віна заключаецца толькі ў тым, што яна хоча працаваць за грошы, а не за ганаровыя граматы і працадні...»
Ён усміхнуўся, падумаўшы: а што калі і яму кінуць усё і паехаць за мяжу? Узяць Ленку і махнуць у Нямеччыну, дзе ў яго, дарэчы, нават ёсць знаёмыя... Але думка гэтая згасла так жа хутка, як з’явілася, – ён цудоўна разумеў, што нікуды і ніколі не паедзе. Там, за мяжой, добрыя грошы мае толькі той, хто ўмее рабіць нешта патрэбнае людзям. А каму патрэбныя ў Нямеччыне ягоныя бязглуздыя кнігі, якім ён прысвяціў усё сваё жыццё! Ідэалягічна карысных дармаедаў кормяць толькі ў Савецкім Саюзе...

14.

Якраз у гэты момант, закругляючы, нарэшце, сваё выступленне, Кацярына Віктараўна на трыбуне прамовіла:
– А цяпер дазвольце мне запрасіць на сцэну нашага шаноўнага госця, усім вядомага пісьменніка і паэта Кіра Ціхага, які на прыкладзе ўласнай творчасці абмяркуе з вамі мэты і задачы сучаснай літаратуры. Прашу вас, Кір Аляксандравіч! – І сышла з трыбуны.
– Хадземце! – шапнула Кірылу Наташа і, падхапіўшы яго пад локаць, пацягнула на сцэну.
Зала заапладзіравала.
Кірыл і дзяўчына селі за столік, Наташа працягнула госцю мікрафон.
– Добры вечар, – павітаўся Кірыл, і ягоны ўзмоцнены мікрафонам голас рэхам разляцеўся па кутах. – Я вельмі рад, што мяне сёння запрасілі на гэтую сустрэчу. Мне заўсёды прыемна бывае размаўляць з маладымі разумнымі людзьмі. Але яшчэ больш я рад таму, што вы наогул сюды прыйшлі. У вас сесія на носе, рыхтавацца трэба, а вы замест гэтага сабраліся, каб мяне паслухаць. Канечне, я цалкам дапускаю, што многім з вас папросту не паставілі б залік, калі б вы адмовіліся ўдзельнічаць. Але ўсё роўна, я рад, што вы тут.
Па зале пракаціўся смех, нехта запляскаў у ладкі.
– Вось тут Кацярына Віктараўна гаварыла пра маю творчасць, – працягваў Кірыл. – А скажыце, калі ласка, ці ёсць сярод вас такія, хто чытаў хаця б адзін мой верш? Падніміце рукі. Толькі шчыра. Не бойцеся, я не пакрыўджуся.
У зале паднялося рук пятнаццаць-дваццаць.
– А цяпер падніміце рукі тыя, хто чытаў мае творы добраахвотна, – папрасіў Кірыл.
Засталося ўсяго тры рукі.
– Ну вось, бачыце, – усміхнуўся Кірыл, – я не памыліўся. У такім разе разглядаць праблемы сучаснай літаратуры на прыкладзе маёй творчасці мы сёння не будзем.
– Значыць, нам можна дадому? – крыкнуў хтосьці з залы.
– А як жа ваш залік? – спытаў Кірыл, смеючыся вачыма. – Не, таварышы, я не хачу быць вінаватым у тым, што вам не падпішуць заліковую кніжку і яшчэ, чаго добрага, пазбавяць стыпендыі. Так што давайце добрасумленна прасядзім гэтую няшчасную гадзіну-паўтары ў зале. Я думаю, добрая адзнака заслугоўвае такой ахвяры. А каб вам было не занадта нудна, я прашу вас выкінуць тыя паперкі з пытаннямі, якія вам параздавалі перад мерапрыемствам, і замест іх напісаць новыя – аб тым, што вас па-сапраўднаму цікавіць. Потым мне іх перададуць. А пакуль вы будзеце пісаць, я дазволю сабе прачытаць адзін верш. Не, не, не свой. Мы ж дамовіліся не закранаць сёння маю творчасць. Я прачытаю вам верш, які яшчэ ў 1960 годзе напісаў адзін чалавек з вельмі няпростым лёсам. Вось паслухайце. Ён называецца «Инерция стиля».

                В жизни, в искусстве, в борьбе, где тебя победили,
                Самое страшное – это инерция стиля.
                Это – привычка, а кажется, что ощущенье.
                Это стихи ты закончил, а нет облегченья.
                Это – ты весь изменился, а мыслишь, как раньше.
                Это – ты к правде стремишься, а лжешь, как обманщик.
                Это – душа твоя стонет, а ты – не внимаешь.
                Это – ты верен себе, и себе изменяешь.
                Это – не крылья уже, а одни только перья.
                Это – уже ты не веришь – боишься неверья...

Ён дачытаў верш да канца і паглядзеў у прыціхлую залу.
– Хто небудзь ведае, чые гэта вершы? – спытаў ён.
– Навума Каржавіна, – крыкнуў самотны голас, які нядаўна прасіўся дадому.
– Правільна, – кіўнуў Кірыл. – Я рад, што вы гэта ведаеце. Значыць, у сваім жыцці вы чыталі прынамсі аднаго сапраўднага паэта. А як вы думаеце, чаму я працытаваў гэтыя радкі? Таму што, як мне здаецца, менавіта ў іх адлюстраваліся ўсе праблемы сучаснай літаратуры. Нічога дадаць да гэтага я асабіста не магу. Гэты верш напісаны ў гады адлігі. Цяпер таксама адліга. Тая адліга ператварылася ў застой. Дай Божа, каб сённяшняя не ператварылася. Тады людзі таксама паверылі, што атрымалі свабоду пасля сталінскага цемрашальства. Але іх падманулі. На доўгія гады. Цяпер усё ў вашых руках. Не дайце сябе падмануць. Трымайцеся за свабоду, таму што, паверце мне, нічога даражэйшага на свеце няма. Вы – будучыня сваёй дзяржавы, і гэта зусім не траскучая фраза. Ад вас і толькі ал вас залежыць, ці будзе ваша дзяржава свабоднай і дэмакратычнай. Я кажу «ваша», таму што «наша» дзяржава належыць мінуўшчыне. У ёй мы абараніць свабоду і дэмакратыю не патрапілі. Гэта віна майго пакалення, і мая ў прыватнасці. Ну вось, а цяпер можаце задаваць пытанні. Прашу вас, перадайце ў залу мікрафон.


Рецензии