Празелiтка

Рэпартаж

Сёння дзеля мяне адбываецца сапраўдны іспыт, бо ці магчыма прапусціць дзве гадзіны бясплатнага лёду? Аніяк немагчыма! Я без машыны, таму выбягаю з катка пад грукат чамаданавых колаў і душачыся, подбегам доўга узнімаюся ўгару на прыпынак грамадскага транспарту. У чамадане падскокваюць канькі і ахова. Мужыкі мае выйдуць пазней, не спяшаючыся, і пайдуць сагравацца ў лазню насупраць, а я імкнуся нырцаваць у зімовым возеры.
Сёння Вадохрышча.
У мяне засталося каля гадзіны часу.
Я залятаю дамоў, скідаю сукенку для фігурнага коўзання і балюча ўлязаю ў вельмі шчыльны і вельмі закрыты купальнік, чартыхаючыся. Твар і сцёгны пляміста-чырвонага колеру. З лёгкай сінеччу. З шафы дастаю трэнікі з начосам. Канапа хціва рассцілаецца і шэпча спакусліва: “Не хадзі сёння, наступным разам пойдзеш-ш-ш.”
- Не! Калі так разважаць будзе кожны, раптам не прыйдзе ніхто!
Сорак хвілін. Мне спрыяе, я паспяваю на чарговы рэйс.
Гэты прыпынак таксама ў лесапаласе, але напрамак у яго акрэслены не двухсэнсава. Нас некалькі ў аўтобусе, самотных і маўклівых, засяроджаных людзей. Мы ведаем, куды едзе кожны з нас, мы бачым адно другога, заўважыўшы заплечнікі і спартовыя сумкі. Пакалыхваемся.
Дваццаць хвілін.
Натоўп. Гоман.
Большасць цёпла апранутыя, стаяць, перамінаючыся. Палонкі не відаць за спінамі, за каркамі, за шапкамі. Я ледзь прасоўваюся, каб ахапіць позіркам тэрыторыю, ацаніць падыходы і крыж. Мысленна плюю на фатографаў.
Выслізгваюся. Кідаю паветраную ўсмешку і “пяцёру” хуткадапаможнікам з рэанімабілю. Краем вока чапляюся за супрацоўніцу МНС з кемлівым сабачкаю. Сабачка адчайна брэша. Побач ля расцяжкі ружовыя волаты, вохкаючы, падкідваюць пудовую гіру.
Іду ў цесны жаночы намёт, зроблены вайскоўцамі, скідаю вопратку, спрытна прасоўваю ногі ў гумовыя шлапакі і рашуча прасочваюся да палонкі. “Так. Дзе правая рука? Вось правая рука. Правая рука, каб перакрыжавацца. Перакрыжавацца спачатку да правага пляча, потым да левага. Праваю рукою, вось гэтай.” Сціскваю правую далонь у кулак, каб не пераблытаць. Халадно. Кідаю махрач на лаўку. Палонка вольная, толькі што з яе выйшлі трое юнакоў.
Выскокваю са шлапакоў і іду ў востра калючую, павольную ваду. Іду па шыю, каб схавацца.
Мне хораша, каляровыя нябёсы знянацку рассвятляюцца, анёлы спяваюць хорам свае гарманічныя гімны, пачуццё спакою і добрасці ахутвае мяне і цешыць. Вось яно! Сёння я асабіста сведчу, што некалі гэта адбылося з табою, Хрысце. Я сведчу, што памяць пра гэту падзею жыве ў народзе. І ў сэрцы маім. Я і голуб над тваёю галавой, я і сімвал тваёй славы. З Вадохрышчам, божа. Халадно, ног зусім не чуваць. Затое я валодаю тварам. Гэта дзіўна. Узнімаю правую руку, крыжую, занураюся, тройчы лічу, занураючыся, крыжуючы, валодаю тварам. Аніякай сутаргі, добра. Ганаруся, сёння ізноў я не пераблытала ані рукі, ані напрамку, ані ліку.
Выйсці годна цяжэй, хочацца енчыць і пішчаць. Павіскваю ціхенька, ладна. Гойсаю. Гэта нічога.
На каменных падпорках вяртаюся ў намёт, там палае буржуйка, дзеўкі шчыра смяюцца, здароўкаюцца і віншуюць адна адну. Ззяюць вочы. Горача. Пераапранаюся ў паветры, як акрабатка сярод снуючых цел. Трохі кранаючы падлогу пальцамі адной нечуллівай стапы. Жанглюючы вільготным ручніком, шкарпэткамі і станікам.
Дзесяць хвілін! Немажліва.
Ігнарую гарбату і грэчку. Стаяць у чарзе – глупства, трэба рухацца. Зваротны шлях няхай застанецца маёй таямніцай, бо ён падоўжаны пешаю хадой і перапоўнены запаветнымі думкамі. Раней мы хадзілі яго ўдваёх з сяброўкай, але ўсё добрае некалі канчаецца.
Ці закругляецца ў кола.
Вяртацца – нармальна. Я так лічу, празелітка і рэнегатка. Але, гэта ўжо іншая гісторыя.


Рецензии