Цянюткае

Гледзячы на Ілону, гаспадыня загадкава і па-змоўшчыцку ўсміхалася. Вочы яе паблісквалі, відавочна яна нечага ці некага чакала.
– Зараз, зараз, – і погляд у пройму дзвярэй, у цёмны калідор.
– Давайце вам ціск памераю, –  сказала Ілона роўна і накінула манжэтку на белае плячо. Гэтак пачынаецца і рытуал агляду, і зацвярджэнне сваёй ролі, і кантраляванне.
– А я папрасіла, каб вас прыслалі.
Тэа ўздыхнуў і пабарабаніў пальцамі па кардыёграфе. Ірыска расчыніла медыцынскую скрыню і пачала нешта нэрвова перабіраць і церсці. Усе страшна не любілі чакання.
Ілона прысела, расслабілася і зірнула на мэблю з чорнымі паліцамі, на якой зіхацелі ўзнагароды і граматы, вертыкальна грамадзіліся навюткія кніжкі. Аніякага пылу ці вэрхалу, ані плямкі, ані адпячаткаў пальцаў.
– Гэта яго? – запыталася Ілона, адразу ўявіўшы гаспадара пакою, хлопчыка-падлетка. Гаспадыня затрэслася ад стрыманага рогату.
– Так, так!
Нешта было зусім не так.
Раптам Ілона ўсё зразумела, ускочыла і ламанулася да выхаду, але не паспела. Чорны цень нябожчыка наспеў яе, штурхнуў і паваліў на падлогу. Ілона падумала, што ізноў памірае, але адначасова яна ўжо здагадалася – упершыню ў жыцці – што гэта не смерць, але спроба завалодання, спроба кантакту. Цень нахабна лез ёй у спіну і енчыў, енчыў моцна і жудасна.
– Я адмаўляюся. Не пускаю цябе. Не слухаю цябе. Сыдзі.
Ілона ляжала на падлозе сярод параскідванага абутку і нялюдскім высілкам змагалася за свой ясны розум. Адчайна спрабавала варушыцца, скінуць спружыну паралюшу. Як сорамна! Тэа з жахам углядаўся ёй у твар, Ірыска амаль не плакала. Яны зусім разгубіліся.
– Навошта ім гэта ведаць? – думала Ілона зласліва. – Вось як я ім усё гэта патлумачу?
Адвярнулася. І нарэшце страціла пытомнасць.
Ілона ў шэрым марыве йшла праз мост, высокі і гнуткі, з прыгожымі парэнчамі і пазірала ўніз. Там павольна варушыліся белаватыя тлустыя тулавы цыстэрн, якія чапляліся за паравозы, як нейкія лічынкі-паразіты. Выглядалі яны даволі мярзотна.
– Я магу цябе скінуць туды, пакарміць вось гэтых, зараз. – думка мільганула і згасла.
Ілона йшла праз парк, абыякава і павольна. Вакол было шмат людзей, Ілона адчула позірк, але мінула фігуру, не прыглядваючыся. Гэта была тая самая дзяўчына з бялявымі валасамі ў белым берэце. Яна стаяла з кучараваю сяброўкай ля лавачкі і нешта абмяркоўвала з ёю. Гэты берэт так прыгожа кампанаваўся з колерам валасоў, так забаўляўся ў сонечным святле малаком і яешняй, у каторай дрыготкая плеўка хавае, падразумявае недзе пад сабою кругляш жаўтка, што Ілона, засяродзіўшысяся на адценнях, зусім не бачыла настойлівай увагі. Яе пазналі і меркавалі, што яна мусіць падысці і прывітацца.
– Усё роўна, – падумала Ілона і пакрочыла далей. Далей быў трамвай, іншая дзяўчына з валасамі колеру гругана і залацістаю маланкаю ў іх, паказальна адышла ад яе і ўселася спераду на вольнае сядзенне.
– Гэй! – паклікала Ілона, але без сэнсу. Дзяўчына адвярнулася.
Ілона выйшла ў шэрым марыве і пасунулася да чырвонай сцяны зробленага з цэглы храма. Ёй здавалася, што ён можа абараніць яе, захаваць. Спіною распластаўшыся па сцяне, Ілона абыякава назірала, як зноў зямля трэснула і развалілася на кавалкі, глынаючы сусвет і жыхароў сусвету, як смачнае лімоннае дражэ.
– Усё роўна, – падумала Ілона, а раптам адчула прысутнасць, высокую і родную, высока-родную, побач, па левай руцэ. Нарэшце! Словаў не было, не было ў іх патрэбы, быў паток, дыялог нават не думак, не пачуццяў і не інфармацыі, але чыстага пазнавання і разумення, яснага гонару ад гэтага пазнавання і разумення, і ўпэўненага спакою з гэтага пазнавання і разумення. Ты!
– Роллеры, – бездапаможна і непамысна, здранцвеўшым, просячым голасам прамовіла Ілона. Пралітала.
Ты кіўнуў.
Роллеры зграбна пераскоквалі з аднаго кавалка асфальту на другі, відавочна ратуючыся ад чорнай, пражэрлівай пашчы зямлі.
Ты ўзяў Ілону за руку.
Ілона ачомкалася на падлозе сярод параскідванага абутку, з дураслівым смяшком паўзнялася і сказала:
– Зачапілася, нічога.
Распрастала плечы, паўзняла галаву і пайшла роўна сходамі ўдол. Тэа з Ірыскаю пацягнуліся следам. Ілона дакладна ведала, што ніхто ў яе ніколі ні аб чым не запытаецца.


Рецензии