Шкадуючы мацi

Беларуски Куток: литературный дневник

У Слонімскай друкарні
накладам 1000 асобнікаў
пабачыла свет новая
паэтычная кніжка Зьніча
«Мне не цябе шкада, а тваю
маці...».



Ужо з прысвячэння «...сучасніку...— на мяжы II-III тысячагоддзяў Хрыстовай Эры...»
аўтар акрэслівае дамінанту змешчаных у кнізе вершаў. Чытаючы далей, пераконваешся,
што ўсе арыгінальныя творы і нават так званыя наследаванні Зьніча іншым аўтарам ва ўсіх
чатырох частках гэтай санаты літасці, ці, як яе называе сам аўтар, гісторыкафіласофскай
элегіі ў рыфмарах, выцякаюць з хрысціянскага (а вузей — праваслаўнага) светабачання і
светаўспрыняцця паэта.


«...а як пад сонцам — небакраем — // заружавее цемната — // ці ты заўсёды адчуваеш //
Сілу Ўваскрослага // Хрыста?..» , — пытаецца паэт у чытача ў першым вершы зборніка. А ў апошнім Бога:
«...памілуй, Хрысце, // памілуй // нябожчыкаў і жывых... // і дай нам усім // сьцяжыны // ў бясконцых Шляхох Тваіх...».


Духоўная паэзія па-беларуску ўжо працяглы час выходзіць з муроў Жыровіцкага манастыра
на свет Божы, каб прымусіць нас, грэшных сучаснікаў паэта, задумацца над сваім зямным
жыццём... Ці хаця б не крыўдзіць сваю маці. Гісторыя свету і чалавека паўстае ў кнізе праз прызму гісторыі хрысціянства. А яшчэ праз гэтую прызму праламляецца гісторыя Беларусі і вытлумачваецца філасофскае значэнне такіх паняццяў, як Свабода, Кара, Страх, Выбар і, канечне, Каханне, Любоў.


Вершы Зьніча, як малітвы, суцяшаюць і даюць надзею. Богачалавек Зьніча — а гэты вобраз Хрыста праходзіць праз многія і многія вершы паэта — пакліканы быць пачаткам пачаткаў у душы чалавека. І тут жа пра Радзіму: «...О, Беларусь — Хрыста часьцінка, як і Сусвет...
як і душа...».


Агульначалавечае і патрыятычнае пакліканне арганічна выяўляюцца ў адным. У вершы
«...пытаю я сяброў: што болей для вас — Хрыстос ці Беларусь?..» даецца просты адказ на,
здавалася б, складанае пытанне: «Яны — адно ў Крыжовым болю...».


Уладзіміру Мулявіну, Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву, Васілю Супруну знайшлося
месца ў гэтай кніжцы разам з «сугучнымі» сэрцу аўтара Шапэнам, Бетховенам, Фёдарам Цютчавым, а таксама Айтматавым, Блокам, Буніным, Лермантавым, Мікеланджэла,Пушкіным, Амарам Хаямам, Ясеніным ды іншымі асобамі.


Галоўны пасыл у хрысціянскай паэзіі Зьніча — чалавекалюбства і аптымізм вышэй за ўсе
жахі зямнога пекла. Укрыжаванага на Галгофе Хрыста шкада паэтуфілосафу за яго пакуты таксама, як маці таго адступніка ад Бога, хто «зямельку ёй заўчасна робіць пеклам»...


Мікола КАНАНОВІЧ


№ 40 (168) 4 30 кастрычнiка 2009 г. №7
№7 (35) 4 «Лiтаратурная Беларусь» 4 «Новы Час»



Наша пошта:
belkutok@mail.ru






Другие статьи в литературном дневнике: