Пiмен Панчанка Дзецi вайны 1942

Беларуски Куток: литературный дневник

Пiмен Панчанка* Дзеці вайны 1942


Iм не спявалi маткi калыханкi,
Яны не чулi казак ад дзядоў,
Палохаў iх ахрыплы голас танка,
Трывожыў iх журботны ёнк удоў.


Яны не плакалi бяссоннымi начамi,
Калi ад бомбаў неслi iх у склеп.
I словы першыя, якiм iх навучылi,
Былi пра немцаў, пра вайну i хлеб.


Зацiхнуць бiтвы. Вораг будзе знiшчан.
I дзецi прычакаюць таго дня,
Калi з-пад воблака ўпадзе на папялiшчы,
Як цёплы дождж, густая цiшыня.


Нясмела з хат яны у поле выйдуць,
Каб першы раз спакойна у жыццi
Палюбавацца родным краявiдам,
Паслухаць звон ручулкi у трысцi.


Пі пах лугоў, красой гаёў любуйся!
I ўсё ж iх сэрцы задрыжаць не раз:
Iм здасца самалётам першы бусел,
Пажарам здасца першая зара.



*Біяграфія Пiмена Панчанкі



Нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Таліне ў рабочай сям'і. У 1920 годзе бацькі вярнуліся на радзіму, дзяцінства паэта прайшло ў Бягомлі. Скончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску (1934). Працаваў настаўнікам на Магілёўшчыне і вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута (скончыў у 1939 годзе). У верасні 1939 года мабілізаваны ў армію, прымаў удзел у паходзе ў Заходнюю Беларусь. У гады вайны быў ваенным карэспандэнтам, у 1944-1945 гг. знаходзіўся з часцямі Савецкай Арміі ў Іране. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў у рэдакцыях часопісаў і газет "Вожык", "Літаратура і мастацтва", "Нёман", "Маладосць" (1946-1966), сакратаром праўлення СП Беларусі (1966-1971).


Упершыню апублікаваў свае вершы (“Ураджайнае” і “Моладзі”) у 1934 г. у альманаху “Ударнікі”. Выйшлі зборнікі паэзіі "Упэўненасць" (1938), "Вераснёвыя сцягі" (1940), "Дарога вайны" (1943), "Далёкія станцыі" (1945), "Прысяга" (1949), "Кніга вандраванняў і любові" (1959), "Тысяча небасхілаў" (1962), "Пры святле маланак" (1966), "Размова з наследнікамі" (1967), "Снежань" (1972), "Крык сойкі" (1976), "Маўклівая малітва" (1981), "Дзе начуе жаўранак" (1983), "Лясныя воблакі" (1985), "І вера, і вернасць, і вечнасць" (1986), "Горкі жолуд" (1988), "Высокі бераг" (1993) і інш. Напісаў паэмы "Беластоцкія вітрыны" (1940), "Маладосць у паходзе" (1945), "Патрыятычная песня" (1957). Выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).


Выступаў як паэт, перакладчык, крытык. Пераклаў на беларускую мову творы Ф. Шылера («Разбойнікі»), А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф'ева, А. Суркова, Т. Масэнкі, Б. Чалага, паэму М. Нагнібеды «Матулям з Расой».


У 1973 годзе прысвоена званне народны паэт Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за «Патрыятычную песню», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў «Пры святле маланак», Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979).



Наша пошта:
belkutok@mail.ru





Другие статьи в литературном дневнике: