Сонца заблукалаНавокал такiя туман ды цемра, што не разгледзець нiкога i нiчога, а лiхтарык дома застаўся. I хоць ўжо студзень, але, нажаль, снега няма, а каб ён накрыў зямлю чыстай белай коўдрай, было б трохi святлей i лягчэй на душы. Сонца таксама заблукала i вельмi рэдка заглядае у наш край, у апошнi раз пашанцавала ўбачыць яго ў нядзелю, а гэта пяць дзён таму. Тады можна было разгледзець усё асяроддзе, кожную птушачку, кожнае маленькае воблачка на небе. I людзi выглядалi весялейшымi: галава не ўцягнута ў плечы, на тварах нават ускiдвалiся лёгкiя ўсмешкi. I здавалася, я магла ўзяць цябе за руку i, ўзняўшыся ў паветра, мы б ляцелi над горадам, як Марк Шагал са сваёй улюбёнай Бэлай – так тады было хораша i добра на душы. Але святло знiкла, злы вядзьмак з чорнымi ад ярасцi вачыма, пераўтварыўшыся ў вялiзную шэрую хмару, праглыныў яго... Што рабiць нам, як трываць, проста сядзець i сонца чакаць? А што, калi яно надоўга – цi не назаўжды? – знiкла з нябёсаў? Той злодзей хоча, каб людзям было дрэнна, каб не было ў iх радасцi, каб яны кiнулiся яму ў ногi i малiлi аддаць сонца назад, бо няма на зямлi жыцця без яго света i цяпла… Неяк цяжка на душы, ты абдымi мяне моцна i не дай упасцi ў адчай. (B.M. "Хронiкi Мiнарнii", ч.1) © Copyright: Марина Павлинкина, 2025.
Другие статьи в литературном дневнике:
|