Слонiкi рассказ на белорусском языке

Я ўвайшоў у кабiнэт.
Доктар быў лысенькi, вусаты, усё круцiў у пальцах нейкую папяровую трубку.
– Сядайце, калi ласка, – прапанаваў ён. Я сеў.
– Бяне нефакоiць ўось што, – пачаў я. – У бяне стабатыт. У фрынцыфе, нiчога асаўлiўага, язўачка адна, але… ну, самi вачыце. I ён у бяне хранiчны, у тыб сэньсе што ўарта што-невудзь у роце надкусiць, як фраз фару дзён… ўось.
Доктар дачакаўся, пакуль змоўкну, i пачаў даваць параду.
– Гэта ўсё добра, – сказаў ён. – Слонiкаў у дзяцiнстве клеiлi?
– Фраў… фрабачце?
– Бяда з вамi... Ну, слонiкаў, звычайных слонiкаў з паперы. Дык клеiлi? Цi не?
– Не… здаецца. Зуўра клеiў… адзiн раз.
– Добра. Тады пачнем з простых.
Ён пашарудзiў у шафе i вывудзiў у стосе плякатаў аркуш фармату А4.
– Гэта разгортка, – пачаў ён лекцыю. – Калi ў двух словах, то разгорткаю называюць праекцыю слонiка на плоскасьць OXY. Iснуюць разгорткi размаляваныя (ён тыцнуў сярэднiм пальцам у аркуш) i неразмаляваныя. Мы пачнем з самага простага – з пабудовы слонiка на аснове размаляванае разгорткi. Вось гэтыя белыя зубчыкi ў разгортку не ўваходзяць. Яны граюць службовую ролю. Вось клей, вось пэндзлiк, нажнiцы – рабiце!
Я пачаў рэзаць паперу, згiнаць, мазаць клеем, сабiраць, зноўку мазаць (пэндзлiк не пралазiў у шчылiну, i замест зубцоў атрымоўвалася, што я мазаў слонiка), зноў рэзаць, зноўку згiнаць… Калi я паглядзеў на гадзiньнiк, мне ўжо было сыходзiць.
– Няблага, – сказаў доктар, падняўшы галаву ад папераў. – Як для першага разу – дык зусiм хораша. Прыходзь яшчэ.
Я падзячыў (прайшло паўтары гадзiны, губа разьмякла, гаварыць было балюча) i выйшаў з кабiнэту.
У маёй картцы было напiсана:
29 студзеня. А4, размал. Асымэтр. 0,5-1 см, хоб. крывават., пр. пяр. нахiл; шчылiн: 19, lmax=5 см; мiкрашчыл.: 27, lmax=9 мм; зморшч.: 15, lmax=h. ХЗ:
Я прыйшоў на наступны дзень а дзявятае гадзiне. Дзьве размаляваныя разгорткi ўжо ляжалi на маiм стале. Доктар узяў картку i пачаў у ёй нешта пiсаць.
– Гуўа ўалiць, – заявiў я. – Фасьля сну…
– Гэта заданьне на сёньня, – адказаў доктар i паказаў асадкай спачатку на першую разгортку, потым на другую. – Улiчыце тое, пра што я вам казаў.
Першы слонiк быў склеены за пяцьдзясят хвiлiн, другi ўвогуле за сорак.
– Грандыёзна, – ухвалiў доктар. – Прагрэс ёсьць. Я быў, ведаеце, хацеў нават неразмаляваную прапанаваць, але… як думаеце, рана?
– Факуль, бабыць, рана, – прамовiў я i паглядзеў на гадзiньнiк.
– Не, – працягваў доктар, – неразмаляваных вам яшчэ рана. Але паспрабаваць – варта. А? як думаеце?
I паклаў перада мною разгортку-расфарбаванку i каляровыя алоўкi. Я ўздыхнуў i пачаў рэзаць. Доктар пiльна за мной назiраў.
– Ну i куды вы мне тут рэжаце? – спытаўся ён хвiлiн празь пяць-сем. – Куды рэжаце? Гэта ж табе не размаляванка дзiцячая, што рэзаць i клеiць. Гэта сапраўдная разгортка, прафэсiйная. Ва ўсiм сьвеце працуюць менавiта з такiмi. Тут… тут глядзi як трэба.
Ён дастаў з шуфляды падобную ж разгортку, узяў алоўкi i пачаў расфарбоўваць. Рука хадзiла плаўна, рытмiчна, колер клаўся роўна, як кладзецца толькi ў чалавека, вельмi спрактыкаванага ў расфарбоўваньнi папяровых слонiкаў.
Расфарбаваўшы i склеiўшы, ён прапанаваў мне:
– Вы.
Я ўзяў аловак, пачаў рабiць. Калi праз гадзiну слонiк быў даклеены, доктар паставiў яго на далонь, пагладзiў па сьпiне.
– Няблага, дзядзька. Няблага. Толькi навошта ён у цябе такi шэры? Дзе палёт, дзе фантазiя? Чаму не ружовы? Чаму ня жоўты? Давайце мы зробiм вось як: гэта вам дзьве разгорткi, а вы мне заўтра прыносiце двух слонiкаў: аднаго ружовага, а другога жоўтага. Алоўкi ў доме ёсьць?
"Паказаньнi: ХЗ (2 сл. жоўт.+руж.)" – прачытаў я ў картцы.
У гэтую ноч я амаль ня спаў. Варта было павярнуцца на нейкi бок, як губа трапляла аб зубы i пачынала балець.
– Прынесьлi слонiкаў? – сустрэў мяне мэдык.
Я паматаў галавою.
– Ну, добра. Прыходзьце, як склеiце. Цiкава будзе паглядзець. I, напэўна, пакуль на прафэсiйных разгортках ня будзем – вам рана яшчэ, не крыўдуйце. Пакуль на простых, на расфарбаваных папрактыкуемся. А? як думаеце? Ну, усяго найлепшага, – ён пацiснуў маю руку, нешта напiсаў у картцы i аддаў яе мне.
Картка ляжала ў мяне некалькi месяцаў. Вось чым мяне яшчэ зьдзiвiў гэты слонiкатэрапэўт, дык гэта сваiм почыркам. Звычайныя дактары пiшуць як курыца лапай – ня ведаю ўжо, чаму (цi, хутчэй, навошта). А мой доктар пiсаў чыста i прыгожа. У рэальным жыцьцi падобны почырк сустракаецца хiба што ў пропiсах для першаклясьнiкаў.
Кажуць, у рэшце рэшт ён звольнiўся з палiклiнiкi. Начальства не разумела ягоны падыход, а валасатай лапы ў вярхах доктар ня меў. Наколькi я ведаю, на сёньня ў Менску нiводная ўстанова не практыкуе слонiкатэрапiю.
А шкада. Кiрунак пэрспэктыўны. Хадзем, пакажу вам сваю калекцыю.


Рецензии