Поллi

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў неяк, што ў нашай беларускай літаратуры заўсёды пішуць пра тое, як “Ганна завіхалася ля печы”, а трэба пісаць пра незвычайнае і яркае. Магчыма, так, як я напісала, у дакладнасці ніколі не адбывалася. Але многае з таго, што тут адлюстроўваецца, – праўда. І таму я веру, што магло быць і так. Спадзяюся, паверыце мне і вы. З павагай, аўтар

Поллі
Мясцінам, якія ёсць мая Радзіма,
і людзям, з-за якіх яна ёсць тут
Поллі ўяўляла сабе радзіму продкаў зусім не гэтак. Дзед казаў, што дарогі былі дагледжаныя, лясы поўныя грыбоў і дзікіх звяроў для добрага палявання, а людзі ветлівыя. Калі б Поллі ведала тутэйшую прымаўку пра тое, што “гэта было даўно і няпраўда”, тая б абавязкова прыйшла б ёй на розум ужо тады, калі таксіст на цэнтральным чыгуначным вакзале у адказ на просьбу дзяўчыны давезці яе да раённага цэнтра за 150 кілометраў ад сталіцы, паглядзеў на нязваную пасажырку быццам на шалёную і прамармытаў у яе адрас нешта не зусім зразумелае і, як западозрыла Поллі, не вельмі прыемнае. Але тое дзяўчына аднесла на кошт не надта добрага ведання рускай мовы. Беларускую, на жаль, яна разумела яшчэ менш, але, патунькаўшыся на прывакзальнай плошчы яшчэ з паўгадзіны, адчула, што тая не надта і трэба ёй тут, у гэтай цікавай краіне, зусім не падобнай на дзедавыя ўспаміны ды яе ўяўленні, зробленыя падчас размоў з нешматлікімі знаёмымі, што пабывалі ў Савецкім Саюзе.
Але зараз гэта быў ужо не Саюз, а незалежная Беларусь, што імкнулася быць не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, як пра тое было заяўлена ў даведніку Поллі, знойдзеным-такі ёй на кніжным рынку Прагі (ні ў адным іншым горадзе асобных брашур і даведнікаў пра маленькую ўсходнеславянскую краіну не было), але і сапраўднай еўрапейскай дзяржавай. Праўда, пакуль дзяўчына знайшла не так ужо шмат падабенстваў. Прынамсі, людзі тут усё ж такі былі нейкія дзіўнаватыя. Мусіць, ужо чацвёрты таксіст адмаўляўся яе давезці да Круцку. Няўжо яна так незразумела тлумачыць, куды ёй трэба?
Выпадкова азірнуўшыся, дзяўчына ўбачыла, што апошні з вадзіцеляў, размаўляючы з уладальнікам суседняй машыны, цішком паказвае на яе і круціць пальцам каля ілба. Гэта ўжо было занадта!
– Скажите, пожалуйста, – маці заўсёды яе вучыла, што галоўнае ў любой сітуацыі – заставацца вытрыманай, але зараз Поллі цяжка было схаваць сваё абурэнне, – я неправильно объясняю или причина в чем-то другом? Почему никто из ваших коллег не соглашается отвезти меня туда, куда я прошу?
Таксіст ад няёмкасці, што тая заўважыла яго жэст, не адразу знайшоўся з адказам, але сусед, невысокі каржакаваты мужчына гадоў каля трыццаці, сказаў замест яго на дзіўнай руска-беларускай трасянцы :
– Дык хто ж вас, девушка, у такую даль повезет? Ды по нашим дорогам, машина та ... эта.. не казенная.
– Я не поняла, – ад хвалявання Поллі сапраўды дрэнна зразумела сутнасць справы, – в чем дело? Может быть, вы не знаете, куда нужно ехать? Я покажу, – дзяўчына палезла ў бакавую кішэню падарожнай сумкі, дзе ляжала падрабязная карта Беларусі.
– Да знаем мы усё прекрасно, девушка, – зноў адказаў сусед. – Далеко, не понимаете, чего ли, дорога лишь бы якая.
– Что значит «лишьбыякая»? – зноў не зразумела Поллі. Але тут першы таксіст, зірнуўшы на яе англамоўную карту, мусіць, нарэшце здагадаўся, што патэнцыяльная пасажырка не мясцовая жыхарка, і ад здзіўлення прысвіснуў. Манеры, машынальна адзначыла дзяўчына, астаўлялі жадаць лепшага.
Змяніўшыся ў твары, таксіст кіўнуў у бок свайго аўто:
– Садитесь, я вас с ветерком домчу.
Замест таго, каб падхапіўшы сумку, радасна пабегчы да машыны, Поллі па-дзелавому спытала:
– А сколько это будет стоить?
Таксіст назваў суму, на якую, хуценька падлічыла дзяўчына, дома яна б магла харчавацца два дні.
– Нет, – рашуча адмовілася яна, – лучше я поеду на автобусе. Где здесь отправляются пригородные автобусы? – запытала яна другога таксіста. Пра тое, што нельга дабрацца да Круцка на электрычцы, яна даведалася яшчэ ў цягніку, размаўляючы з правадніцай.
– Дык садитесь ко мне, девушка, – таксама скеміўшы, што не варта адпускаць іншаземку, якая можа заплаціць за паездку куды больш, чым ён заробіць за ўвесь сённяшні вечар, замітусіўся і гэты. – Доставим вас в лучшем выгляде.
У выніку лаянкі, што распачалася паміж канкурэнтамі, Поллі паехала да Круцку з таксісткай, якая, не губляючы часу, ціхенька падышла да дзяўчыны, пакуль тыя выяснялі “добрасуседскія” адносіны. Яна вырашыла, што, па-першае, з жанчынай ехаць не так небяспечна, чым з мужыком, да таго ж хцівым да грошай, а па-другое, падчас дарогі, можа, удасца, распытаць вадзіцельку пра нейкія асаблівасці нацыянальнага менталітэту.
Але, на дзіва, таксістка папалася з маўклівых. Хутка, за паўтары гадзіны, давезла Поллі да райцэнтра, узяла грошы, пра якія дамовіліся адразу, яшчэ ў Мінску, (у два з паловай разы менш, чым самая першая цана, пачутая дзяўчынай ад наглага ўладальніка прыватнага транспарту) і так жа моўчкі крутанула машыну назад.
“Яшчэ адзін доказ таму, што жанчына зробіць любую справу не горш за любога мужчыну, а значна хутчэй і якасней ”, – падумала Поллі, адзначыўшы пра сябе, што хаця б у гэтым, гендэрна-бізнэсавым, аспекце Беларусь наблізілася да еўрапейскіх ды і агульнасусветных стандартаў. Лепш бы тут навучыліся з кліентамі працаваць так, як за мяжой, сумна ўсміхнулася дзяўчына.
Радзіма не спяшалася зачараваць Поллі. Хутчэй наадварот. Але зараз не хапала часу на сантыменты: трэба было даведацца, да якога сельскага савета (СССР ўжо не было, а адміністрацыйныя службы ад яго так і засталіся) адносілася вёска Рамонікі, дзе восемдзесят гадоў таму знаходзіўся маёнтак пана Святлыніцкага. Яе прадзеда.

У Алекса было тры сыны, чацвёра ўнукаў і ўнучка. Поллі была адзінай дзяўчынкай у сям’і, і, колькі сябе памятала, дзед заўсёды любіў яе больш за іншых. Менавіта ён і заахвоціў яе вывучаць беларускую гісторыю. Астатнім нашчадкам больш цікавыя былі бабчыны карані, паданні сямейства графіні Кэтрын Уілфарт, адзінай дачкі і спадкаеміцы сэра Генры і спадарыні Барбары, што валодалі ні многа ні мала дваранскім тытулам, сякім-такім капіталам, мануфактурай па вырабу шарсцянога адзення і цудоўным па прыгажосці звонку, але надта стылым і хмурным знутры замкам на поўначы Шатландзіі.
Як зласловіў падчас старэйшы сын Алекса і Кэтрын, калі б дзед з бабкай дажылі да вяселля дачкі з нейкім прахвостам-эмігрантам з нейкай нікому невядомай ўскраіны Расійскай імперыі, дык і вяселля б таго не было. Але лёс распарадзіўся іначай: сэр Генры памёр за два гады да пачатку бальшавіцкай рэвалюцыі, а спадарыня Барбара змарнела ад смутку годам пазней. І свавольніца Кэці засталася пад наглядам апекуноў, якія, дарэчы, мелі свае планы наконт замужжа дзяўчыны. Кэтрын, праўда, не надта брала тое да галавы, бо на двары, як-ніяк, пачатак новага, дваццатага стагоддзя, жанчыны патрабуюць роўнасці з мужчынамі, і ўвогуле, нікому яна не дазволіла б вырашаць за сябе сваю долю. Дачакаўшыся-такі ў дзявоцтве свайго паўналецця, з развязанымі для бацькоўскага багацця рукамі і адчыненым для кахання сэрца, яна паехала ў лепшы горад на свеце.
Канешне, гэта быў Парыж. І, канешне, менавіта тут, у Парыжы, яна і сустрэла Алеся Святлыніцкага, гэткага ж адзінага на ўсім белым свеце, але беларускага, у адрозненне ад шатландкі Кэці, хлопца. Бацька яго загінуў падчас бойкі з чырвонымі камісарамі ва ўласным маёнтку, маці, хоць і згадзілася паехаць у невядомае замежжа далей ад крывавай рэвалюцыі, так да Парыжа і не даехала, выкінулася з поезда яшчэ недзе ў Польшчы. Пра тое Алесь расказваць не любіў, коратка абмовіўся на пачатку іх рамана, і мудрая Кэтрын не трывожыла душу каханага. Хопіць ужо таго, што цяперака ў Алеся – Алекса, як адразу яна яго празвала, ёсць яна. Яна і будзе яго сям’ёй, адзінай сям’ёй. Ці згодны на тое Алекс?
З дзяцінства Поллі задавала сабе пытанне: чаму ж дзед пагадзіўся ажаніцца з чужынкай Кэці, якая, нягледзячы на ўсё сваё каханне, так і не здолела яго зразумець? З першага погляду, у маладосці яны былі ідэальнай парай, абодва высокія, танклявыя, прыгожыя, у нечым нават падобныя адзін да аднаго, што было бачна нават на не вельмі якасных фотаздымках даваеннай пары. Некаторыя злыя языкі падчас яе раннняга дзяцінства, як яна дрэнна, але ўсё ж крыху памятала, пляткарылі, што дзед выбраў Кэці з-за грошай. Маўляў, не дзіва, што яму, босаму галоднаму ўцекачу з нейкай там нікому невядомай у сапраўднай Еўропе Беларусі, спадабался дзяўчына – а дакладней, яе пасаг. Але, калі дзед у дзень яе 15-годдзя менавіта Поллі аддаў усе лісты, што яны пісалі адзін аднаму падчас Другой сусветнай вайны, калі ён ваяваў на саюзным фронце, дзяўчына канчаткова ўпэўнілася ў тым, што каханне “продкаў” не толькі існавала на пачатку, але і працягвалася, калі яны ўжо сталі бацькамі і сталымі людзьмі. Дастаткова было раскрыць хаця б некалькі тых лістоў, напісаных жонкай і мужам з дваццацігадовым стажам сямейнага жыцця!
Аднак практычнай, гаспадарлівай Кэтрын летуценныя мары Алекса пра вяртанне на радзіму, наладжванне бізнэсу з Савецкім Саюзам былі такія ж далёкія, як для яго незразумелай на ўсё жыццё засталася Англія, з яе адчужанай ветлівасцю, штучнай гасціннасцю, уяўнай весялосцю. Ён не любіў Шатландзію з яе пранізлівымі вятрамі і халоднымі азёрамі, не мог дараваць Кэтрын яе няроўныя пачуцці да дзяцей. Старэйшага, Эндру, яна заўсёды вылучала сярод іншых, памятаючы і застаўляючы з малых лет запомніць, што менавіта ён будзе наследваць тытул графа Уілфарта. Гэта, на думку дзеда, і парадзіла адчужанасць паміж ім і малодшымі братамі, якую не здолелі пераадолець ні яго бацькоўскія пачуцці, ні пражытыя гады, ні ўласны сямейны вопыт Эндру і малодшага Георга. Нават заўчасная гібель сярэдняга Джона, якому было ўсяго трыццаць два, калі ён разбіўся на сваім любімым аўтамабілі разам з нявестай Мэры, не аб’яднала сям’ю. Канешне, усе прыехалі на пахаванне, прынялі спачуванні знаёмых, падтрымалі ў жалобе яго і Кэці. Але гэта была зусім не тая любоў і сувязь, пра якую ён марыў калісьці ў маладосці, пазнаёміўшыся з энергічнай, хуткай і разам з тым пяшчотнай, ласкавай Кэтрын.
Каця, так ён зваў жонку пра сябе: ёй гэтае імя не надта спадабалася. Яму таксама прыемней было б пачуць з яе вуснаў мяккае “Алесь”, але нават у хвіліны страсці (у такія моманты гэта асабліва калюча, востра дражніла яго слых) Кэці звала яго “dear Alex”. І з цягам часу ён прывык, пагадзіўся быць англійскім Алексам замест славянскага Алеся...
Ды і дзе яна, тая страсць, калі разам праведзена больш за паўвека? У які момант яна знікла, саступіўшы месца спакойнай упэўненасці ў сумеснай будучыні? Куды падзеліся рэўнасць, жаданне, захапленне? І калі каханне ператварылася ў любоў? Ці магла б Кэтрын зразумець яго думкі, адценні гэтых слоў... Яна нават не здагадвалася, чаму Алекс так скрупулёзна выбіраў імёны сынам і ўнукам: пагадзіўшыся з хрышчэннем дзяцей у англіканскай царкве, ён настаяў, каб назваць іх самому. А ўсё было так проста: Эндру ў яго думках часта быў Андрэйкам, Георг – Юркам, Джон – Ванечкам.
І ўнукі: Алекс, названы так у яго гонар, Макс, Пол, малодшы Нікалас – гэты дык зусім падобны на якога там Мікалайку. Ну, і Поллі. Паўлінка, Полечка. Першая яго, незабыўная дзяўчынка.

Здавалася, сёння Алесь быў задаволены ўсім на свеце. Нават словы маці пра тое, што напрыканцы тыдня маецца адбыцца святочная вячэра, яго не надта закранулі. Урачыстасці ладзіліся, зразумела, з нагоды заканчэння яго вучобы і, зразумела ж, з прыездам шматлікіх сваякоў і сяброў сям’і. Уключаючы спадарыню Мурзельскую з абедзвюма дачкамі, якія вось ужо пяць гадоў ніяк не маглі дагаварыцца, каму з іх Алесь падабаецца больш. Пакуль ён наведваў сямейныя зборышчы толькі на вакацыях, дастаткова паспяхова ўдавалася рабіць выгляд, што яго гэтая праблема не надта хвалюе. Па праўдзе кажучы, яна яго і не хвалявала, бо ні старэйшая Кацярына, ні малодшая Ганначка не падабаліся яму настолькі, каб ажаніцца хоць з адной, як пра тое марылі дзяўчыны, а яшчэ больш – іх маці. І ўвогуле, жаніцца яму яшчэ рана. Ці ж гэта ўзрост для хлопца – дваццаць гадоў? Трэба розуму набрацца, з гаспадаркай управіцца. Хоць бацька і стараўся весці справы акуратна, але было відавочна, што старэйшы пан Святлыніцкі не дачакаецца, калі Алесь скончыць вучобу ў Маскве і вернецца дамоў, дапамагаць бацькам.
Нельга сказаць, каб сын быў супраць. За прайшоўшыя гады тлум і безліч люду другога імперскага горада яму не тое каб абрыдлі зусім, але хацелася на волю. Дзе яшчэ пабачыш такую цішыню і прыгажосць, як на родным возеры? А зімовае паляванне на дзікоў! Веткі старога клёна пад начным святлом луны, што ствараюць узор, не горшы за матчыныя вышыванкі… Папяровыя фіранкі у старой кухні (у пакоях бацькі саромеліся выстаўляць гэткую прыгажосць, а была б Алесева воля, ён бы ўсе вокны ў сядзібе імі пазанавешваў!) Не, нездарма той казаў, “у гасцях добра, а дома лепей”.
Нарэшце ён дома. Тры гады вучобы, палова экзаменаў зданая экстэрнам, і вось Алесь – сам сабе гаспадар. Канешне, ён абавязкова з’ездзіць у Вільню, а пашанцуе, то і Варшаву некалі наведае, але ці ж гэта галоўнае?
Што ў яго жыцці галоўнае, дакладна пакуль ён і сам не ведаў. Але пра тое будзе час паразважаць. Наперадзе ж – маладосць!

“Легенду” Поллі прыдумала загадзя. Яна прыехала вывучаць фальклор мясцовага рэгіёну. Што, дарэчы, не было абсалютнай няпраўдай ¬– выпускную работу ў каледжы, а потым і ва ўніверсітэце яна абараняла менавіта па ўсходнеславянскай вуснай народнай творчасці, тут дапамаглі запомненыя з дзяцінства дзедавы прымаўкі, па якіх, фактычна, яна і вывучала беларускую мову. Да таго ж, з падзеннем “жалезнай заслоны” на захадзе відавочна абудзілася цікаўнасць да постсавецкай прасторы, так што на нядаўна ўтворанай ва ўніверсітэце Эдзінбурга кафедры славістыкі ёй без усялякіх праблем дапамаглі аформіць творчую камандзіроўку на месяц з правам працягу. Адным словам, дзяўчына мела ўсе магчымасці сумясціць карыснае з прыемным. Але пошукі матэрыялу для навуковай працы для ўсіх, уключаючы бацькоў, былі толькі адгаворкай. Поллі прыехала ў Беларусь таму… Таму што пра гэта марыў бацька яе бацькі.
Алекс хацеў сам прыехаць на радзіму. Але не паспеў. І дзед ведаў, каго прасіць выканаць апошнюю волю: ні Эндру, ні Георг, ні тым больш сама састарэлая Кэтрын, не кажучы ўжо пра дарослых бэйбусаў-унукаў, не паехалі б у невядомы свет – і дзеля чаго, дазвольце спытать? Каб прывезці на магілу Алекса апошнюю жменьку роднай зямлі, толькі таму, што ён хацеў быць пахаваным у беларускай глебе? Ды ці хоць адзін дурань ва ўсім Аб’яднаным Каралеўстве ўбачыць розніцу паміж дзвюма горсцямі пяску?
Апошняя воля дзеда не так ужо ўразіла спадкаемцаў. Па-першае, заўсёды ведалі яго патаемную тугу па радзіме, як і ён ведаў, што ніхто яе не падзяляе. Урэшце рэшт, гэта ўсё-ткі была яго радзіма, а не іх. Па-другое, на дзедаву спадчыну нікому разлічваць не прыходзілася, вось бабуля Кэт, дай ёй Бог здароўя… Так што на дзённікавыя запісы, якія Алекс пакінуў любай Поллі, прэтэндаваць ніхто не стаў.
Менавіта там, у сшытку, Поллі і знайшла ліст, які зараз, нібы талісман, везла праз усю Еўропу. Спадзеючыся, што гэты ліст прывядзе яе туды, адкуль амаль стагоддзе назад быў вымушаны збегчы яе дзядуля.

На возеры нікога не было, і гэта абрадавала Алеся яшчэ больш. Нягледзячы на тое, што фармальна вадаём належаў панам Святлыніцкім, тут амаль заўсёды ашывалася басаногая малеча з суседніх вёсак або візгалі ад нечакана халоднай нават у спякоту вады жанчыны, што перамывалі бялізну за дальнімі кустамі хмызняку. Сонца павольна знікала за зубчатай сцяной ялоўніку, бліскучая паверхня вады нібы адлюстроўвала задаволенасць напрацаванага зыходзячага дня. Алесь прысеў на траву і загледзеўся на возера, спадзеючыся заўважыць малейшы плёск свавольных малькоў. Цішыню парушала далёкае, амаль нячутнае курлыканне птушак з левага боку ад вёскі. Цікава, хто гэта? Пасля маскоўскага грукату Алесь амаль адвык ад прыроднай раўнавагі і гармоніі.
Раптам хлопец адчуў прысутнасць яшчэ адной жывой істоты побач. Ляніва павярнуўшы галаву, убачыў дзявочую постаць. Прыблізна такога ж узросту, як і ён, машынальна адзначыў хлопец, агледзеўшы тонкі тварык у абрамленні цёмна-русых кос, напалову схаваных пад бела-блакітнай хустачкай, пасаваўшай да колеру вачэй. На сялянку не зусім падобная, хаця адзенне, як у мясцовых кабет, хіба што на нагах абутыя лёгкія, яўна фабрычнага вырабу чаравічкі. Цікава, ён такую не памятаў, хаця ў дзяцінстве нярэдка гойсаўся з мясцовымі хлапчукамі і дзяўчаткамі на гэтым жа возеры. Бацькі ў гэтым сэнсе былі надзіва дэмакратычныя, хіба што на святы не дазвалялі запрашаць вясковых дзяцей у хату.
– Прабачце, – сумелася дзяўчына, адступаючы на крок назад. Тое, што яна не дадала звычайнае "пан", канчаткова запэўніла Алеся, што незнаёмка тут нядаўна. Прынамсі, з'явілася, пакуль ён асвойваў універсітэцкія прэмудрасці апошнія паўгода, бо і ў апошні прыезд на зімовыя вакацыі, Калядамі, ён яе адназначна тут не бачыў.

Першы дзень скончыўся не так ужо і няўдала. У сельсавеце, праўда, на Поллі паглядзелі не надта ветліва, а ці дакладней, амаль гэтак жа, як таксісты на мінскім вакзале, але дарогу да былой сядзібы паказалі. Цяпер там паціху дажывала свой век вёсачка састарэлых пенсіянераў-калгаснікаў, і толькі на водшыбе, так званым пасёлку, замацавалася колькі больш-менш маладых сем'яў, нават з дзецьмі-школьнікамі. На пытанне Поллі, як жа тыя дабіраюцца штодня да вучобы, загадчыца савета няпэўна махнула рукой, прамармытаўшы нешта накшталт "Як прыйдзецца". Запытаюся на месцы, вырашыла цікаўная дзяўчына, скіраваўшыся ў бок вёскі. Так-так, ісці прыйшлося пешшу. Дзякуй Богу, недалёка, усяго сем кілометраў. Столькі Поллі за дзень наматвала і ў сваім Эдзінбургу, бегаючы з універсітэта да дзеда ў бальніцу, з бальніцы на пару гадзін заглядваючы да Арчы, а пасля – узорная дачка! – вяртаючыся начаваць пад бацькоўскія крылы. Была б яе воля, яна б даўно паспрабавала пераехаць ад іх да Арчы, але той чамусьці не спяшаўся з такой прапановай, а пытацца самой Поллі не дазваляў гонар. Дарэчы, паездка аказалася вельмі да месца, па ўсіх прычынах, не толькі з нагоды здзяйснення дзедавага жадання. Магчыма, на адлегласці яны канчаткова ўпэўняцца ў пачуцці, якое іх звязвае. Ці ў яго адсутнасці. Нягледзячы на пяшчоту, з якой Арчы праводзіў яе ў аэрапорт (Поллі ляцела да Масквы, а ўжо адтуль поездам за ноч да Мінска – прамых рэйсаў з Эдзінбурга ў беларускую сталіцу не было), і словы пра тое, што ён будзе чакаць з нецярпеннем (жаданне паехаць бой-фрэнд не пракаменціраваў аніяк увогуле), дзяўчына зусім не была ўпэўненая, што другі варыянт немагчымы ў развіцці іх адносін. Прынамсі, у апошні час не ўпэўненая.
Пра тое, ці захаваўся сам маёнтак былых гаспадароў, Поллі спытаць пабаялася, дастаткова і таго, што прыдуманая прычына яе з'яўлення ў раёне выглядала, мякка кажучы, экзатычна. Праўда, ёй параілі звярнуцца да ўдавы Надзеі, першая ж хатка пасля возера, знайсці зусім нецяжка. Толькі, бадай, яна цяпер і памятала больш за астатніх жыхароў: самыя старыя даўно спачывалі на могілках, знямоглых адзінокіх бабулек і дзядкоў пазабіралі да сябе ў горад дзеці і ўнукі, а на вёсцы заставаліся "маладухі" гадоў крыху за шэсцьдзесясят, якія яшчэ больш-менш маглі ўправіцца з гаспадаркай. Але яны старыя песні амаль не спяваюць, паківала галавой загадчыца, неакрэсленага ўзросту жанчына, у якой, нягледзячы на адзенне, прычоску і наспех зроблены манікюр, угадвалася такая ж "маладуха”, якой яна стане праз дзесяць-пятнаццаць гадоў. Пры Савецкім Саюзе раслі, песні ва ўсіх адны былі, "Катюша" ды "Подмосковные вечера". А вось цётцы Надзеі, той ужо пад восемдзесят, пэўна, але ўсё памятае, дый не дзіва, сама з такой сям'і. З якой "такой", Поллі перапытала, але цётка зразумела, што сказала лішняга, і толькі дадала: "Калі спадабаецеся, сама раскажа".
З гэткім дадзеным наказам Поллі і выйшла на дарогу. У сельсавецкай вёсцы на вочы ёй трапілі колькі цінэджэйраў, мусіць, гасцюючых у продкаў падчас летняга адпачынку, што ў пэўным сэнсе заспакоіла: калі тут жывуць маладыя, хаця б у гэты час, і яна здолее. Ну, падумаеш, душу няма ці прыбіральня на вуліцы. На двары цёпла, а дзе памыцца, неяк яна магчымасць знойдзе. Існуюць жа іх славутыя бані, у рэшце рэшт! Затое будзе што расказаць слюнцявым шатландскім родзічам, якія, акрамя паходу з бойскауцкім атрадам на два дні з поўным наборам гігіенічных прыладдзеў і сталовых прыбораў, у жыцці і складанасцей не бачылі.

"Мілая мая, адзіная ўнучка! Поллі, Полечка, Паланачка, Паланейка мая!" – так, незвычайным зваротам, пачынаўся апошні дзедаў ліст. Іх было сотні да гэтага. Дзед пісаў ёй ў каледж, калі яна не магла звыкнуцца з новай абстаноўкай, ва ўніверсітэт, калі Поллі з захапленнем пачала займацца славістыкай, падчас двух-трохмесячных стажыровак у Чэхіі і Польшчы, дзе дзяўчына збірала матэрыялы для курсавых праектаў па паўднёваславянскаму фальклору. І вось яго апошні ліст. Дзяўчына ледзьве стрымлівала слёзы.
"Ты ведаеш, як я люблю цябе, маю адзіную дзяўчынку. Таму і ўпэўнены, што апошнюю маю просьбу ты выканаеш, бо казаць пра тое ні тваім бацькам, ні кузенам, ні Эндру, зразумела, не мае сэнсу" (Як заўжды, дзед меў рацыю). "Каб пазбавіць сваё сумленне пачуцця віны перад астатнімі маімі спадкаемцамі і працягвальнікамі на зямлі, а іх – крыўды за тое, што не любіў так, як цябе, я напішу ў тэстаменце, што хачу, каб нехта з сям'і наведаў маю радзіму замест мяне, зрабіў гэта – тое, што так і не паспеў я. Але, вядома ж, гэтым чалавекам станеш ты.
Ты палюбіш Беларусь, я спадзяюся, так, як любіў яе ўсе гады я. Якраз таму што яе любіў я, а мы з табой так добра разумелі адзін аднаго.
Але ў мяне была яшчэ адна прычына, акрамя простай ўсвядомленасці таго, што ў той зямлі засталіся мае продкі, пакаленні людзей, якія далі мне жыццё – і вам усім, дарэчы, таксама. Якое б цяжкое і выкручастае яно часам не здавалася, я ўсё ж дзякую ім, тым, каго я бачыў і каго ніколі не ведаў.
Пра тое, што, акрамя магіл, там засталося каханне, ніхто ніколі не ведаў, нават Кэт. Я не расказваў пра гэта ніводнаму чалавеку з тае пары, як пераехаў беларуска-польскую мяжу ў лістападзе васемнаццатага года. Навошта? Тым больш, я пакахаў Кэт. Я і зараз, праз семдзесят гадоў з тае пары яе люблю. І дай Бог, каб усе мае нашчадкі былі такімі шчаслівымі, як быў я з тваёй бабуляй. Але, калі я яшчэ не ведаў, што накавана мне лёсам, тады, у васемнаццатым, або каб я мог на хвіліну западозрыць, што маці не даедзе да Еўропы і сама зробіць апошні выклік жыццю, – бачыць Бог, я б не паехаў з ёю у Парыж. Я б застаўся там, з маёй Паланейкай, і няхай далей было б тое, што павінна было быць. Нават калі б яно скончылася так, як у бацькі.
Так, яе звалі Палінай, як і цябе. Дакладней, гэта цябе я назваў у яе памяць. Паланея, Палашка па-мясцоваму. Але яна была не падобная на нашых вясковых дзяўчын. Бацькі яе памёрлі якраз напярэдадні рэвалюцыі, яна толькі-толькі паспела скончыць гімназію (ну, добра хоць тое, што адукацыю паспелі ёй даць). І перад тым, як пачынаць працу, прыехала пагасціць да сваякоў у нашай вёсцы. Бацька яе быў нейкі збяднелы шляхціц, а маці з простай, сялянскай сям'і. Але ж каханне… Яна казала, у іх сям'і заўсёды жаніліся толькі па каханні, таму што каталікам нельга браць другі шлюб.
Я таксама хацеў быць з ёю назаўсёды. Маці, урэшце рэшт, змірылася б з тым, што яна нам не роўня. Я сказаў цвёрда, альбо з ёй, або ні з кім. Адзіны сын, яны б рана ці позна пагадзіліся з маім выбарам. Ім патрэбны быў спадкаемец, нават калі б за яго прыйшлося ахвяраваць сямейным гонарам. Бацьку дык увогуле яна, здаецца, падабалася. Але ж тое, што трэба было мяняць веру… Гэтага яны дараваць ёй не маглі.
Бачыш, як яно атрымалася, усё роўна ні адзін з маіх дзяцей праваслаўным не стаў…
А потым завіхурылі ўсе гэтыя катаклізмы. Я гатовы быў узяць яе з сабой, я на каленях укленчваў, каб мы паехалі разам. Нават маці, асабліва пасля бацькавага забойства, стала абыякавай да маіх авантурных планаў, пагаджалася з усім, што я прапанаваў. Але яна сказала: "Не, тут мая радзіма, тут я нарадзілася, тут мне і паміраць…Здрадзіць Радзіме – усё роўна што здрадзіць каханаму". Чамусьці ў галаву ёй не прыходзіло, што яна робіць якраз наадварот. Але… Бог ёй суддзя. Тады я не мог кінуць маці, да таго ж і пакрыўдзіўся на яе ўпартасць, а тут яшчэ гэты пастаянны жах, што за намі прыйдуць… сёння, заўтра, праз два дні. Калі табе ўсяго дваццаць, так не хочацца паміраць! І я паехаў. Думаў, давязу, уладкую недзе маці, а потым вярнуся за ёй, ну, не можа ж быць, каб мы не памірыліся, не засталіся разам. А аказалася, ўсё можа быць яшчэ неспадзяваней.
Я рабіў памылкі ў сваім жыцці і ведаў шчасце. Пахараніў многа людзей, але нарадзіў хаця б некалькіх. І мала аб чым шкадую. Але тое, што апошнія яе словы, звернутыя да мяне, былі пра здраду, балюча мне і зараз. Бо, атрымалася, я здрадзіў ім абедзвюм, Радзіме і каханай.
Вось я і назваў цябе Поллі. Спадзяюся, ты не пакрыўдзішся, даведаўшыся, чаму. Мне здавалася, хаця б так я магу паменшыць сваё пачуццё віны перад ёю. Віны і тугі. Па Бацькаўшчыне, мінуламу, па Паланейцы.
Шкада, што я больш так і не ўбачыў іх. Маю Беларусь, маю каханую. Зрабі гэта за мяне. Я разумею, што хутчэй за ўсё яна наўрад ці перажыла мяне. Прывязі на маю магілу прыгаршчу яе зямлі. І будзь шчаслівая гэтак, як я, а лепей – болей. За нас усіх, Кэт, Паланейку і мяне."

Надзея прачнулася сярод ночы. Стомлены за дзень прыёмнік маўчаў, нібы за некалькі кароткіх часоў адпачынку набіраўся моцы на заўтрашняе бесперапыннае мармытанне. На вуліцы было ціха і шэра, але адчувалася, што раніца ўжо на падыходзе.
Ёй прыснілася свякроў. Андрэеўна ўвайшла ў хату, у якой ні разу не была, упэўнена, нібы пражыла тут палову жыцця, перахрысцілася на кут, прытулілася да печы і нібы толькі тады заўважыла Надзею. “Не пакрыўдзіш?” – спытала старая. “Каго?” – хацела спытаць гаспадыня, але Аляксеева маці ўжо адвярнулася і хутка слізганула за парог.
Свякроў снілася рэдка. Чамусьці Надзея заўсёды думала пра яе як пра маці яе другога, апошняга мужа. А яна ж нават не жыла з імі ніколі, адмовілася пераходзіць у новую хату, пабудаваную Аляксеем, так і дажыла век у старой зямлянцы, узведзенай адразу пасля вайны на старым гародзе. Пасля смерці Андрэеўны Аляксей разабраў зямлянку і прыспасобіў бярвенцы на баню, што стаяла ў канцы двару, бліжэй да возера. Потым і баню, ужо з Алегам і Косцікам пераклалі нанова.
Можа, яна не магла звыкнуцца, што Надзя пасля гібелі Міхася засталася з яго малодшым братам. Праўда, свякроў ніколі не папракнула, дый увогуле не заводзіла пра гэта гаворкі. А Надзея, вінавацячыся моўчкі ў душы, асабліва першыя гады, яшчэ да нараджэння дзяцей, саромелася сама спытацца, што думае Андрэеўна пра яе выкручасты сямейны лёс.
 Непадобная на большасць вясковых кабет, яна ніколі і ні з кім не абмяркоўвала зробленае, ні сваё, ні чужое. У яе, мусіць, і сябровак не было на вёсцы.
І чаго прыходзіла, падумала Надзея, нібы пра жывую.

Поллі нават і не думала, што ўсё адбудзецца так… звычайна, без усялякіх прыгодніцкіх цяжкасцей. Не, канешне, першыя тры дні вяскоўцы пазіралі на яе са зразумелым здзіўленнем, раз-пораз без асаблівай патрэбы заглядаючы на падворак да цёткі Валянціны, у якой дзяўчына начавала. Тая была першай, хто сустрэўся Поллі амаль на ўваходзе ў вёску. Хата Валянціны стаяла крыху на водшыбе, побач не было больш двароў, толькі напаўапусцелая ферма, з якой ранкам і ўвечары даносілася нястройнае мычанне, ды крыху далей магазін. Цётка Валянціна якраз ад яго і кіравалася ў хату, калі ўбачыла на дарозе ўжо стомленую палутара гадзінамі хадзьбы па незаасфальтаваным пыле Поллі. Цётка кіўнула, як рабілі тут усе. Пасталеўшыя і крыху непадобныя ўжо ад гарадскога жыцця на саміх сябе дзесяці-пятнаццацігадовай даўнасці дарослыя дзеці часта збывалі сюды на лета сваіх школьнікаў. Гэтых ужо амаль і не ведалі, дзе чые. А яшчэ прыязджалі на вёску сталічныя дачнікі, прывозячы знаёмых і сяброў на два-тры выхадных дні паспрабаваць, як самі казалі, мясцовай экзотыкі. Так што ўсіх, хто круціўся ў вёсцы летам, не ведаў, бадай, ніхто з карэнных жыхароў. Але па старой завядзёнцы віталіся з усімі. Гэткай бяды, чалавеку добрага здароўя пажадаць, хай сабе і незнаёмаму, язык не адсохне.
Цётка Валянціна, адразу скеміўшы, што дзяўчына не мясцовая, і не дачакаўшыся адказу, спыталася:
– А ты чыя будзеш? У госці да дачнікаў прыехала? Тых, што на гары?
Збітая з панталыку Поллі машынальна схіліла галаву ў сцвярджальным жэсце і няпэўна адказала:
– Так, у госці… – І тут жа паправіла сябе: – Не, я не да дачнікаў. Я па справе.
– Дык а да каго? – і, заўважыўшы няёмкасць дзяўчыны, цётка дадала: – Ці сама не ведаеш?
Мэту свайго візіту Поллі, зразумела, ведала, але ж не станеш пра гэта казаць першай сустрэтай у вёсцы жанчыне. Трэба падыходзіць здалёк.
Так дзяўчына і абсталявалася ў цёткі Валянціны. Праўду кажучы, гэта быў не горшы выпадак, як зразумела праз некалькі дзён маладая шатландка. Цётка Валянціна, да якой амаль усе звярталіся Іванаўна, жыла адна, гаспадарку трымала не надта вялікую, карову і дзвюх свіней. Адзіная дачка яе працавала ў горадзе, але не блізка, таму да маці наведвалася не часта. Унукаў у Валянціны не было, пра мужа яна не казала, ну, а Поллі, вядома, пытацца было няёмка. Але, мяркуючы па выглядзе хаты, хоць гаспадара тут і не было, дапамагчы цётцы людзі меліся. Да таго ж, амаль палова вёскі даводзілася ёй ці раднёй, ці далёкімі сваякамі, здаецаа, якраз праз гэтага загадкавага мужа, а амаль з усімі астатнімі жанчынамі яна сябравала яшчэ з маладосці, калі разам працавалі ў падсочцы.
Што гэта такое, Поллі, упершыню пачуўшы слова, не здагадалася. Увогуле, ёй тут многае было дзіўна, так што ў некаторым сэнсе дзяўчына і вёска ўзаемна прыглядаліся адна да другой.
Нягледзячы на тое, што жыхароў, дакладней, жыхарак было не так ужо і шмат, амаль у кожнай хаце гасцілі ўнукі, да таго ж, лета патрабавала надзённай вясковай працы, таму за тыдзень Поллі паспела пагаварыць толькі з некалькімі. Дзеля ачысткі сумлення яна нават пазапісвала пару песень, аднак матэрыялу для дысертацыі тут было не надта багата. Што датычыцца непасрэднай мэты свайго прыезду, пакуль яна так і не вырашыла, ці варта расказваць цётцы Валянціне ўсю праўду. Жанчына яна, здавалася, добрая, гасцінная, аднак надта любіць пагаварыць, і да таго ж пераважна не пра сябе. За першыя два вечары, у перапынках паміж прыходамі-адыходамі суседзяў, якім тэрмінова патрабавалася то грошай пазычыць, то ў ягады Валянціну назаўтра пазваць, то спытацца, як там дачка Алёна ў горадзе, ці добра ўладкавалася на новым месцы працы, Іванаўна паспела пераказаць Поллі амаль усе вясковыя плёткі, як пра сваіх, так і пра прыезджых, хто з кім гуляе, хто з кім сварыцца. Поллі слухала без асаблівай увагі, але ж на паўслове цётку не пераб’еш. Дзяўчыне не надта хацелася, каб і пра яе Іванаўна пачала, хай сабе не злосна, распускаць чуткі па вёсцы. Можа, пахадзіць па хатах, дзе яшчэ не была, паспытацца, ці не возьме яе да сябе нехта менш цікаўны. Дык няёмка будзе перад цёткай Валянцінай, як пайсці ў чужую хату, жанчына мусіць пакрыўдзіцца. Ды і не вечнасць Поллі тут збіралася заставацца. На свае вочы яна ўжо паспела пабачыць, што ад прадзедавай сядзібы нічога не засталося, толькі Іванаўна, паказваючы ёй возера – дзе купаўся ў дзяцінстве дзед!, – махнула рукой на ўзгорак:
– А вось тут панскі млын стаяў.
На пытанне Поллі, а хто ж быў уладальнікам вёскі і дзе паны падзеліся, цётка Валянціна адказала, што добра гэтую гісторыю не ведае, бо сама не мясцовая, замуж сюды прыехала, але казалі, што паны былі неблагія. У апошніх быў адзін сын (на гэтых словах сэрца Поллі забілася хутчэй), але пасля рэвалюцыі старога пана забілі па нейкім недаразуменні бальшавікі, хоць ён, казалі, супраць іх і не выступаў. А маці з сынам за мяжу з’ехалі, пэўна.
–Ты лепей да каго з мясцовых схадзі, калі цікава, – параіла цётка Валянціна, – можа, яны больш ведаюць. Асабліва хто старэйшы. Вось хоць да Надзеі-удавы.
Пра Надзею ёй ужо казалі і ншыя бабкі, да якіх яна заходзіла, маўляў, тая больш старых песень ведае. Чамусьці ўсе называлі яе ўдавой, хаця на вёсцы без гаспадароў жыло ці не больш за палову хат.
Трэба было, сапраўды, нарэшце наведацца да гэтай загадкавай Надзеі. Прыгожае імя, раптоўна злавіла сябе на думцы Поллі, стукаючы ў нізенькія веснічкі.

Пра тое, што ў вёску прыехала з замежжа дзяўчына, якая ходзіць па хатах і запісвае старыя песні, Надзея даведалася хутка. У магазіне першыя дні бабы толькі пра тое і казалі, нібы выхваляючыся адна перад другой, да каго ўжо паспела дзівачка зайсці ў двор. Міколкава Маруся нават з Надзеі пакпіла, маўляў, чаго да яе не дабегла яшчэ гэтая Паліна. Пры ўсіх сваіх падкавырках суседкі ведалі, што Надзея спявае прыгажэй за ўсіх не толькі ў вёсцы, але, мусіць, і ў самім раёне. Нават грамату калісьці аблвыканкам даваў за ўдзел у рэспубліканскім фальклорным фестывалі, што адбыўся яшчэ пры Савецкім Саюзе ды пры Аляксеі. Гэтыя два паняцці, мужа і дзяржавы, дакладней іх знікнення, быццам зліваліся ў яе свядомасці, можа, таму, што і ў сацыялістычнай краіне, і з Аляксеевай сям’ёй Надзея пражыла, лічы, усё свядомае жыццё.
– Няхай прыходзіць, – спакойна, ведаючы, што і тая не з сапраўднай злосцю мітусіцца вакол, адказала яна Марусі і, выйшаўшы з магазіна, зноў вярнулася да сваіх думак. Нешта ў апошнія дні, якраз пасля сну з прыходам Андрэеўны, яна стала шмат успамінаць далёкае, нават даваеннае яшчэ мінулае, дзіцячыя і юнацкія гады. Памру хутка, ці што, усміхнулася сама сабе Надзея. Думкі пра смерць яе ўжо даўно не палохалі, надта многа там ужо было блізкіх людзей, ці не болей, як тут. Бацька, першы камуніст у акрузе, ад залішняй свядомасці паехаў дапамагаць ладзіць калгасы на Украіне, аставіўшы Надзейку на клопаты цётак, там і застаўся, ні ліста, ні дакументаў ад яго не было, і сваякі так і не даведаліся, ці ён загінуў недзе ў бяскрайнім стэпе ад белагвардзейскай пулі, ці прыжаніўся на якой хахлушцы, забыўшыся і на радню, і на адзіную дачку. Маці памёрла ад сухотаў яшчэ раней, як і маленькі, двухгадовы Грышка. Яго Надзя нават і не памятала ўжо, ды і вобраз маці з гадамі нібы тускнеў, саступаючы месца знаёмым рысам твараў іншых жанчын, якія яе замянілі, зліваючыся ў яе памяці са светлым вобразам, падгледжаным яшчэ ў дзяцінстве на іконе, што ўсё жыццё хавала ў сваім куфэрку свякроў.
Во, здзівілася сама сабе старая, гэтая ж, асветніца, таксама Паліна. Ці не на тое і свякроў прыснілася? Асветніца – гэта таксама слова было адтуль, з даўніх-даўніх часоў (ці былі яны ўвогуле калі!), калі Надзейка разам з Міхасём, Аляксеем і яшчэ кучкай вясковых аднагодкаў у самай лепшай на вёсцы хаце, ператворанай ў школу, паўтарала за настаўніцай Палінай Андрэеўнай словы старога, дарэвалюцыйнага яшчэ буквара, з якім вучылася яшчэ сама Паліна Андрэўна. Потым усе дзеці разыходзіліся, і толькі Надзейка з братамі Ельскімі заставалася самай апошняй. Утраіх яны чакалі аж да тае пары, пакуль хлопчыкава маці праверыць сшыткі. І калі Міхась з Аляксеем гойсалі па падлозе, Надзейка ціхутка сядзела за краешкам стала, круцячы мурзатай ад чарнілаў рукой коску з падоранай настаўніцай стужачкай, адчайна зайздросцячы хлапцам і з тугой чакаючы, што вось яшчэ праз палову гадзіны, праз тры… два… апошні сшытак, вось ужо зараз яны ўсе падымуцца і пойдуць праводзіць яе дадому. Дадому – гэта значыла да цёткі Веры, дзе заўсёды было шумна і не вельмі чыста, бо той не хапала часу адной упраўляцца з гаспадаркай, мужыком-гультаём, трыма сваімі чарцянятамі ды яшчэ і падкінутай добрым безадказным братам пляменніцай.
Што ж тут было незразумелага, калі ў дзевятнаццаць гадоў Надзя пайшла замуж? Яна б і не толькі за Міхася, за крыварукага Лявона выйшла б, надта ўжо за пятнаццаць гадоў стамілася яе расціць цётка, якой, сапраўды, і без Надзі клопату хапала. Але ж не кінула, выхавала, нават вывучыла – чатыры класы Надзея скончыла, хай зямля цётачцы будзе пухам. А ўжо пасля трэба было самой хоць чым у гаспадарцы займацца, не кніжкі на печы чытаць.
З мужамі ёй павязло, і з першым, і з другім. Аляксей яе не менш кахаў, і таксама з дзяцінства, ды і яна прызвычаілася з гадамі, не было ім калі пасля вайны ў пачуццях разбірацца, а пасля і дзяцей траіх на ногі паставіць не жартачкі, але ж усіх вывучылі, адукацыю далі, вяселлі справілі. І ўдзячная, што граха таіць, яму Надзея была, што вось, не засталася пасля вайны не саламянай – сапраўднай бяздзетнай удавой, калі на вёсцы маладых дзевак хоць касой касі было, а ён, Аляксей, прыйшоў да яе, застаўся верны першаму каханню, нават на маці не агледзеўся, хоць разумеў, што Андрэеўне цяжка будзе бачыць Надзею жонкай малодшага сына. І калі хто думаў, што яна ці Алёша вінаватыя перад Міхасёвай памяццю, дык няхай тое толькі на іх сумленні застаецца.
А Міхася яна любіла гэтак… Гэтак толькі раз у жыцці кахаюць. Упершыню. І такі ён быў далікатны, сарамлівы, прыгожы, увесь у маці. А можа, і чуткі тыя нездарма па вёсцы хадзілі, што не Раманаў гэты сын, надта ўжо парода ў яго тонкая, яны нібы і разам не стаялі са свёкрам. Вось Аляксей, невысокі, цёмны, быў падобны на ўсю радню Ельскіх, тут і сумненняў быць не магло. Але свёкар заўсёды да абодвух сыноў адносіўся аднолькава, ні разочку, колькі Надзея, яшчэ з дзяцінства, яго памятала, не вылучыў малодшага. А Паліну Андрэўну дык увогуле ён вельмі шкадаваў. Стараўся, праўда, каб не бачна было нікому, але ж уважліваму чалавеку (а ў дзяцінстве ўсе назіральнікі добрыя, гэта потым часу не хапае) не магло не кінуцца ў вочы, як аберагае ён жонку, каб лішні раз вёдры з калодзежу не насіла, каб курыцу сама не стала разбіраць ды гной на гародзе не раскідвала. Такі моцны, фізічна моцны чалавек быў, а гэткую душу меў тонкую. У чым-у чым, а характарам абодва сыны ў яго ўдаліся. І Косцік, іх з Алёшам малодшы, гэткі ж. Заўсёды прыедзе, не пытаючыся, і дровы паколе, і вады наносіць, і паветку падправіць. Вось Алег, той не такі, ён і рабіць-то рукамі амаль нічога не ўмее. Але ж… кожнаму сваё. Бога няма чаго гнявіць, добрыя ў іх дзеці, і Алег, і Косця, і Ірка. Свякроў бы ўнукамі ганарылася.
Каб жа яшчэ ў Косці не гэткая бяда… Столькі яны чакалі гэтай жаніцьбы, ужо ж не хлопчыкам пару выбіраў, і прыгожая, і разумная, і па гаспадарцы ўсё рабіла. Так яны радаваліся з бацькам, калі ён першы раз Кацю да іх прывёз, нявестай адразу, з бацькамі знаёміць, слова поперак ніколі не сказалі. Дык на табе, спачатку дзяцей не было пяць гадоў, па якіх ужо яны дактарах не ездзілі, і Надзея грэх на душу ўзяла, да бабкі тут, у суседняй вёсцы, яе вадзіла – радзіла Кацюша Мішачку, а сама і тры гады ў дэкрэце не пасядзела, хутчэй, хутчэй на працу. Яно то не шкада, яны Мішку да сябе ўзялі, Каціны бацькі далёка, на Урале, толькі на госці некалькі разоў прыязджалі, ды сама яна з Косцікам ездзіла, яшчэ да цяжарнасці. Але ж, можа б, даседзела да сроку, і зараз жывая была б. Бегла раніцой на працу, аўтобус збіў, адразу насмерць. Як той Косця вытрымаў, толькі яны з бацькам і ведалі, каб не Мішачка, мусіць, за ёй бы следам сам кінуўся. Ой, каму ўжо што на раду напісана, нікуды не дзенешся. Але ж гэтак шкада, маладая дзяўчына, лічы, трыццаці год не было. Адно дзякуй Богу, што Мішка застаўся…

Паліна пачакала секунду і крыху націснула на веснічкі. Тыя лёгка адчынілася, але далёка заходзіць дзяўчына пабаялася – на многіх падворках сабакі бегалі непрывязаныя, а яна з дзяцінства, калі шасцігадовую Поллі пакусаў любімы рызеншнаўцар кузена Эдварда, баялася псоў. Праўда, на двары было ціха, і Поллі нават падумала, што гаспадыні няма дома, і расчаравана павярнулася назад. Але тут клямка ў дзвярах хаты забразгацела, і на ганак выйшла пажылая, даволі статная, хаця і распаўнелая, жанчына ў светла-зялёнай з крупнымі рамонкамі хустцы.
– Дзень добры, – прывіталася Поллі, – прабачце, Вы, можа, занятая.
– Не-не, праходзьце, – кабета адступіла назад у хату, – праходзьце, праходзьце, не саромейцеся.
Поллі ступіла наперад і паднялася па ступеньках. Дом быў стары, бярвёны пацямнелыя, але тоўстыя і без вытачаных жучкамі кропачак. Унутры аказаўся маленькі калідорчык, з яго дзяўчына зайшла на кухню і астанавілася.
– Ну, што вы, праходзьце далей, не будзеце ж вы на кухні мяне распытваць, – пачуўся з глыбіні дома голас гаспадыні, і праз імгненне яна ўзнікла ў кухні, каб спытацца: – Вы ж прыйшлі пра старыя песні паслухаць, так?
– Так, – чамусьці збянтэжылася Поллі. Не станеш жа адразу прызнавацца, што песні – толькі зачэпка, а на самой справе яна прыйшла даведацца пра сямейную гісторыю паноў Святлыніцкіх. – І, каб не маўчаць, дадала: – Мяне завуць Поллі, Паліна па-вашаму, я прыехала з Англіі, я пішу работу пра беларускі фальклор, таму і запісваю, не толькі песні, а і паданні, і… гісторыі розныя цікавыя, – Поллі паспрабавала навесці масты да непасрэднай тэмы.
– Няўжо ў Англіі могуць камусьці быць цікавыя нашыя звычаі? – шчыра здзівілася Надзея. – А тое, што Поллі па-нашаму можа быць толькі Палінай, мне і самой зразумела.
Словы маглі паказацца крыху крыўднымі, але жанчына ўсміхнулася, і першая няёмкасць паміж субяседніцамі пачала паціху адступаць.
– Вам ужо, мусіць, усе нашыя вясковыя песні астатнія пелі, – сказала Надзея, калі яны абедзве ўселіся на канапу ў гасцёўні. – Што ж я яшчэ ведаю? Хіба што вось, гэта мяне яшчэ свякроў вучыла, яе чамусьці нашыя бабы не вельмі любяць, надта сумная. А мне падабаецца.
Надзея пачала спяваць, ціха, пакрысе набіраючы голасам моц. Голас у яе быў надзіва малады, здавалася, што спявае жанчына гадоў трыццаці пяці – сарака, так, што пакуль доўжыўся апошні прыпеў, Поллі не магла пазбавіцца зусім іншага вобраза, замест састарэлай вясковай кабеты перад ёй нібы з’явілася гэтая самая дзяўчына з песні, што міжволі папала на чужыну і чакае, пакуль прыедзе каханы, вызваліць і забярэ яе дамоў. Але каханы загінуў у дарозе…
– Дарэчы, маю свякроў таксама, як і Вас, звалі Палінай, Палінай Андрэеўнай, – бадзёра, каб прагнаць запанаваўшую ў зале цішыню, сказала Надзея. – Яна была настаўніцай.
“Вось!”, радасна затахкала сэрца Поллі, “Няўжо я нарэшце пра яе пачую? Пра тую, каго любіў дзед і ў чый гонар назваў мяне? А можа, я памыляюся, ці мала на вёсцы магло быць дзяўчын з такім імем? Але ж, не, не, і Іванаўна казала, каб я у яе спыталася”. І, каб запэўніцца, дзяўчына спытала:
– І вы, мусіць, у яе вучыліся? А дзе была школа? У старым панскім маёнтку? – і, заўважыўшы зацікаўлены позірк субяседніцы, паясніла: – Мне Валянціна Іванаўна казала, што ў вашай вёсцы паны жылі. Такое прозвішча яшчэ прыгожае, – на імгненне Поллі запнулася ад усведамлення непрыгожасці ўласнай маны. – Святлыцкія, ці Свянціцкія. Я не запомніла.
– Святлыніцкія, – паправіла дзяўчыну Надзея. – Але не, школа месцілася ў звычайнай хаце. Самай лепшай, праўда, на вёсцы, самай вялікай, але ў хаце. Маёнтка, калі я вучылася, ўжо не было. Яго спалілі, пасля таго, як гаспадары з’ехалі. Ды вам гэта, мусіць, нецікава, – сумелася старая, – вы ж за песнямі прыйшлі.
– Чаму ж не цікава? – паспешліва запратэставала Поллі. – Гэта ж чалавечы лёс, ці можа ён быць не цікавы. А тут яшчэ цэлая сям’я. Што з імі здарылася, вы ведаеце?
– Ну, колькі я ведаю, я ж яшчэ не нарадзілася, як гэта ўсё адбывалася.
– Ну, нешта ж, пэўна, помніце, мусіць, бацькі казалі, – амаль упрошваючы, папрасіла дзяўчына.
– Бацькі мае памёрлі рана, – узгадала Надзея, – няма каму было калыханкі пець, не тое што гісторыі расказваць…
– Прабачце, – Поллі адчула сябе няёмка, але жаданне даведацца праўду перамагло хвіліннае пачуццё, і яна некалькі нават бестактоўна спытала: – Ну, а свякроў вам нічога не казала? Яна ж, мусіць, іх ведала, калі настаўніцай была, не простая жанчына.
– Ну, свякруха ў мяне не надта гаваркая была, – усміхнулася Надзея. – Добрая-то, канешне, і дзяцей любіла, мяне з дзяцінства, сірату, песціла, аднак лішняга языком яна мянташыць не ўмела. Але паноў яна сапраўды ведала, асабліва малодшага, Алесь, ці як гэта яго звалі, – жанчына нахіліла галаву, узгадваючы. – Яны амаль аднагодкі былі. Ён, калі бацьку расстралялі, з маткай з’ехаў адсюль, ён адзін сын у іх быў. Усё, як ёсць, кінулі і паехалі куды ў белы свет. Можа, і да Англіі вашай даехалі, а, можа, і тут дзе галаву палажылі.
– А чаму бацьку яго забілі? – перабіла Поллі, адцягваючы ўвагу ад небяспечнага павароту гутаркі. – Ён супраць бальшавікоў быў?
– Ды не быў ён супраць, ці ён тых бальшавікоў ведаў. Ён увогуле выпадкова пад раздачу папаў, з-за сябра. Да яго сябра прыехаў, стары, яны з маладосці ведалі адзін аднаго, а той якраз у белагвардзейцах быў, ці што, я толкам і не ведаю. Вось яго калі тут абнаружылі, так і абодвух пад пулі паставілі. Дзякуй Богу, яшчэ жонку з сынам пашкадавалі. Яны таму і з’ехалі хутчэй, бо баяліся, каб іх следам да сценкі не павалаклі.
– А з сядзібай іх што здарылася? – перапытала зноў Поллі.
– Ат, яе тут паціху рабаваць пачалі, у каго сумлення не хапала. А потым, калі ўсё, што можна было, вынеслі, пачалі паціху на дровы разбіраць, то паветку, то канюшню. У лес ленаваліся ездзіць, вось пад бокам і бралі. Няма гаспадара, вядома. А потым, калі ўжо прыехалі апісваць маёмасць, ну, гэтыя з горада, нашы мужыкі, каб не адказваць, згаварыліся дый падпалілі. Так і не засталося нічога.
– А дзе ён стаяў, маёнтак?
– Ды каля возера, блізка. Возера таксама пры панах зрабілі, яно ненатуральнае.
– Трэба ж… – прашаптала Поллі, хаваючы вочы, каб субяседніца не заўважыла слёзы.
Тут ёй пашанцавала: на двары загрукалі веснічкі і раздаўся голас:
– Надзея, ці ты дома, ці не? Можа, у чарніцы хадзем?
– Прабачце, – устала Поллі, – я вас зусім загаварыла. Вам жа, мусіць, справы рабіць трэба.
– Куды яно дзенецца, – адказала, таксама ўставаючы, Надзея, – у Бога дзён многа. Гэта я вам байкі распавядаю. Што было, тое сплыло. Пачакайце, я да суседкі выйду.
– Не, не, – паспешліва адказала Поллі, – я ужо пайду, і так няёмка, цэлую раніцу сядзела. – І, паддаючыся неадольнаму пачуццю, спытала: – Можна, я да вас яшчэ прыйду?

Пра ўсё, што было магчыма, яна даведалася. Наўрад ці хтосьці яшчэ ў вёсцы расказаў бы ёй болей. Мусіць, пра тое і казала загадчыца сельсавета, узгадаўшы Надзею “з той сям’і”. А можа, проста ведалі ў вёсках яе свякроў, гэтую самую, загадкавую для яе, Поллі, Паліну Андрэеўну, мусіць, яна да вайны шмат каго тут вучыла, а, можа, яшчэ і пасля. Яна ж была такая, як дзед, Надзея таксама казала. А дзед памёр толькі два гады таму… Гэта яна так доўга, марудна збіралася сюды прыехаць, усё нешта адцягвала, то паперы не магла зрабіць, то на працы трэба было рыхтавацца да выступлення з дакладам на канферэнцыі, то яна чагосьці чакала ад Арчы, сама дакладна не разумеючы, чаго. Надзіва, тут яна амаль пра яго не думала, і зараз злавіла сябе на думцы, што амаль гэтаму не здзіўляецца. Але ж трэба неяк прывесці іх адносіны да новай фазы. Пытанне толькі, якой.
А тут Поллі хацела яшчэ распытаць пра саму Паліну ды пабачыць яе партрэт. Не можа ж не быць яе здымкаў. І, канешне, трэба будзе расказаць праўду, але толькі Надзеі, каб яна не прагаварылася нікому ў весцы, што сюды прыязджала спадкаеміца пана Святлыніцкага. Што ёй тут забраць у валоданне? Возера, ціхае, парослае камышом, амаль зацягнутае ілам? Праўда, на невялікім чысцюткім кавалачку плавала лебядзіная сям’я, казалі, яны прылятаюць сюды кожны год. Лес, куды некалькі разоў яна схадзіла з Валянцінай? Цікава, а яна заўсёды думала, што ягады растуць толькі на плантацыях, нават суніцы. А яны ж такія прыгожыя пад кволымі лісцікамі. Павернеш другім бачком, а там яшчэ зялёныя ягдакі, нават браць шкада.
Не, нездарма яна прыехала. Ды і мову трохі падвучыла, спачатку, праўда, не надта разумела, размаўляла на рускай, але праз пару дзён і сама не заўважыла, як перайшла на мясцовую гаворку. Мусіць, генетыка сказалася…
Так, дзядуля, спадабалася мне твая Радзіма. Хай сабе і не такая яна, як ты яе памятаў, і праблем хапае, і моладзі няма ў вёсцы, але я зразумела, чаму ты яе любіў. Каб жа яшчэ зразумець, чаму ты палюбіў Паліну. Можа, і яна была такая, як сама твая Беларусь? Некідкая, негаманкая, светла-ціхай сумнаватай прыгажосцю адметная. І добрая, канешне ж, добрая, як большасць жыхароў тваёй вёскі. Нават немясцовых, прыезджых яны нібыта падабралі пад сябе. Хоць па вечарах тыя і ладзілі танцы (Поллі так туды і не пайшла, колькі Іванаўна не гнала, не сарамаціла: маладая дзяўчына, а сядзіш, як сыч, няма на цябе маёй Алёны!) і вогнішчы амаль кожны дзень, асабліва ў выхадныя, калі прыкатвалі па сем-восем машын з горада, аднак абыходзілася без п’яных боек і гарлапання да раніцы.
Крыху нават шкада пакідаць гэтыя мясціны. Прывязалася яна за два тыдні. І ведала, што нават калі ніколі сюды больш не вернецца, не забудзе ні навакольныя краявіды, ні шумнаватую гаспадыню сваю Валянціну, ні стрыманую, але так яскрава добразычлівую ў сваім спакоі Надзею. Не забудзе дзедаву Бацькаўшчыну і свае вытокі адсюль.

Поллі бразнула ўжо знаёмымі веснічкамі і, ужо не палохаючыся, увайшла ў двор. Але сёння замест сабакі, якога тут не было, насустрэчу выбег хлопчык гадоў васьмі, бялявы, басаногі, з замурзаным ад чарніц тварыкам.
– Дзень добры. А вы хто? – здзіўлена спытаў малы. – Я вас раней не бачыў.
– Я – Паліна, – на імгненне дзяўчына сама задумалася, а хто ж яна тут, у гэтым двары, у вёсцы і ўвогуле ва ўсім гэтым вялікім незразумелым свеце, але зараз не было часу на развагі, і яна толькі хуценька паабяцала сама сабе падумаць пра гэта пазней, як рабіла заўсёды, сутыкаючыся з пытаннем, вартым таго, каб пашукаць на яго адказ. – Я да тваёй бабулі прыйшла. І, дарэчы я цябе таксама раней не бачыла, – усміхнулася Поллі.
– А я – Мішка. Я на канікулы прыехаў. А бабуля на гародзе, агуркі абірае.
– Ну, бачу, вы ўжо пазнаёміліся, – пачуўся яшчэ адзін голас, і з дальняй дарожкі, з-за старой раскідзістай яблыні, выйшаў невысокі хударлявы мужчына. З першага погляду было зразумела, кім ён даводзіцца хлопчыку, надта кідалася ў вочы падабенства светла-русых, выгарэлых на сонцы валос і цёмна-шэрых вачэй. – А я – Канстанцін.
– Вельмі прыемна, – прамармытала звычайныя словы ветлівасці ў адказ збянтэжаная Поллі. Надта хутка ёй падалося, што на гэты раз для яе словы набылі свой першапачатковы сэнс, пазбаўлены дзяжурнай абыякавасці. – Я, пэўна, пайду, раз Ваша маці занятая.
– Не-не, – ахвотна затрымаў яе Канстанцін. – Мама хутка выйдзе, – і, каб паскорыць момант, крыкнуў у гарод: – Мама! Тут да цябе госця прыйшла, выходзь, я сам тыя агуркі потым пазбіраю, колькі мне аднаму трэба.
– Трэба не трэба, а возьмеш, – спакойна адказала Надзея, выходзячы з вядром маленькіх яшчэ, крэпенькіх, з камочкамі зямлі дзе-нідзе агуркоў. – Дзень добры, Поля, – павіталася яна з дзяўчынай.
– Ну, вы тут размаўляйце, а я да бацькі пад’еду, – звыкла, як быццам у другую хату збіраючыся, сказаў Канстанцін.
– Там лавачку трэба было б паправіць, сына, – папрасіла Надзея. – Ну, сам паглядзіш, толькі інструменты вазьмі. Ды кветкі палі, схадзі да калодзежу, а то зусім завянуць па гэткай спякоце. – Старая павярнулася да Поллі. – Пойдзем у хату, там пагаворым.
– Прабачце, вы ж на могілкі паедзеце? А… можна, – нерашуча сказала Поллі, звяртаючыся да Канстанціна, – можна мне з вамі?
Мужчына, не зразумеўшы, павярнуўся да маці. Тая прамаўчала, не ведаючы, што адказаць.
Поллі зразумела, што настаў час сказаць праўду.

– Вось гэта бацька, – кіўнуў Канстанцін на крайнюю, самую навейшую па выглядзе магілу, хаця і без позірку на помнік зразумела было, што ёй ужо не першы год.
Поллі ўгледзелася ў партрэт, перавяла вочы на Канстанціна і ўсміхнулася: – Ведаеце, мне здаецца, вы ўсё-ткі больш на маці падобны.
– Усе так кажуць, – чамусьці сумна ўсміхнуўся ён у адказ. – У нас такая прыкмета ёсць, калі мужчына падобны на маці, ён будзе шчаслівы. А дзяўчына – на бацьку.
Поллі здалося, нейкая захаваная туга была ў гэтых словах, але Канстанцін хутка спытаў: – А вы на каго больш падобныя?
– Не ведаю, – паціснула яна плячыма, – мне заўсёды здавалася, што з усёй сям’і я падобная на дзеда.
– А вось гэта старэйшы бацькаў брат, – паказаў ён на магілу побач, старую, зарослую травой і нейкімі мясцовымі маленькімі кветачкамі, якія, відавочна, узышлі самі, дзе хацелі, бо раслі нераўнамерна, купкамі. – Першы мамін муж. Ён у вайну загінуў. Дзяцей у іх не было, а потым яна за тату выйшла.
– Вось чаму яе ў вёсцы удавой завуць, – зразумела Поллі. – А я ніяк даўмецца не магла, тут жа многа жанчын па адной жывуць, а ўдавой толькі вашу маці клічуць. Прабачце, я вас не хацела крыўдзіць.
– Думаеце, я не ведаў? У вёсцы калі на адным канцы сабака забрэша, ўсе чуюць. А ўжо хто з кім калі быў, і чаму так празвалі, гэта “всеобщее достояние”…
– А гэта вось дзед і бабка. Тая самая ваша Паліна Андрэеўна, незабытае дзедава каханне.
Поллі ўжо пабачыла яе фотаздымкі ў хаце Ельскіх, аднак там Паліна была пераважна ў сталым, нават старым узросце, звычайная інтэлігентная бабулька, у іх такіх поўна ў Шатландзіі. А тут, на помніку, быў яе партрэт гадоў трыццаці пяці, мусіць, даваенны яшчэ. Скромная цёмная сукенка з белым каўнерыкам – тыповае адзенне вясковай настаўніцы. Гладка зачасаныя над ілбом валасы не порцілі прыгажосці твару, не адцягваючы ўвагу ад тонкага носа, поўных губ, затоеных у ледзьве бачнай усмешцы. Сум выдавалі вочы, шырока распахнутыя, але нібы павернутыя крыху ў бок ад аб’ектыва, нібы незнарок пазіруючы фатографу. Здымак, мусіць, павялічаны, быў крыху нярэзкім, але гэта нібы дадавала яму загадкавасці. Жанчына з невядомага…
– Вы пасядзіце тут пакуль, а я за вадой схаджу, добра? – Канстанцін дакрануўся рукой да яе пляча, і на секунду забыўшайся Поллі здалося, што гэта адтуль, з мінулага, да яе працягнула руку чароўная і непазнаная Паліна… Паланка. Паланка – ад слова “палын”, падумала дзяўчына, ці ад “палаць”? А ўвогуле, ці не адно гэта і тое ж?
… Пакуль Канстанцін майстраваў лаўку, яна яшчэ крыху пахадзіла па запусцелых могілках, разглядаючы цяжкія каменныя валуны з зарослымі мхом надпісамі, пакасіўшыяся драўляныя крыжы, навейшыя мармуровыя глыбы і час ад часу спатыкаючыся аб выступ старога, мусіць, яшчэ з прошлага стагоддзя, пахавання.
Калі яна вярнулася, Канстанцін сядзеў на лаўцы, задуменна гледзячы ў далечыню, за лінію гарызонту, і дзяўчыне зноў падалося, што ўся постаць ягоная нібы прыгнечаная нейкім невыказаным шкадаваннем. Але тут ён, мусіць, адчуўшы яе прысутнасць, павярнуў галаву.
– Ну што, паедзем дадому? – спытаў Косця і, мусіць, зразумеўшы, як недарэчна прагучала фраза, дадаў: – Вы там нідзе не сустрэлі надпісу, у свой час было вельмі папулярна пісаць такія эпітафіі… – Ён зноў змоўк, але Поллі выручыла, прамовіўшы:
– Я ведаю, што такое эпітафіі, з курса рускай літаратуры, – яна прысела побач на лаўку.
– Дык вось, пісалі на помніках, дарэчы на рускай мове таксама, нашы такога б не прыдумалі: “Задержись, прохожий, навести мой прах, я ведь уже дома, а ты еще в гостях…”
– Сапраўды, у гасцях. Але мае госці хутка закончацца, – і, таксама асэнсаваўшы, што атрымаўся ляп, Поллі падвяла вынік: – Нейкімі мы з вамі двухсэнсоўнасцямі размаўляем. Пачакайце, я толькі крышачку зямлі набяру. Дзед прасіў, каб я прывезла яму на магілу адсюль зямлі. Ад яе.
– Не трэба, – Канстанцін паклаў далонь на яе руку. – Ён і так будзе ведаць, што вы тут пабывалі. Не варта трывожыць яе спакой. Я вам іншае месца пакажу, там возьмеце. Каля возера, у вёсцы.
2006


Рецензии
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.