Забытыя забiтыя святынi
Так, вёска была вялікая: месца хапала і беларускім сялянам, і яўрэйскім мянялам. Але што за паселішча без храма? Таму з'явіліся царква, касцёл, сінагогі (да вайны апошніх тут было аж тры, але разам з яўрэямі немцы знішчылі і храмы).
Касцёл і царква засталіся, Але, прабач, Божа, няхай бы ўжо, можа, лепей знішчылі і іх — годна ж павінны паміраць не толькі людзі, але і святыя месцы. А калі дакладней, храмы ўвогуле паміраць не павінны, пакуль на зямлі існуе вера. Ці то, можа, людзі забыліся і на Бога ?
ЗА МІНУЛЫМ ЧАСАМ
Зембінскі касцёл амаль ва ўсіх беларускіх альбомах па мастацтву ілюстрыруе перыяд позняга барока. Пабачылі б тую "жамчужыну" навукоўцы сёння! Але... па парадку.
Былі князі Радзівілы. Валодалі беларускімі землямі. Не толькі Нясвіжам, але і шматлікімі іншымі. Заснавалі маёнтак Zebin, нават у летапіс унеслі —у 1596 г. Радзівілы праз стагоддзе сышлі. За імі прыйшлі і зніклі Кішкі. Новымі гаспадарамі Зембіна сталі Саковічы. І новы гаспадар, ашмянскі падкормчы (захавальнік казны ВКЛ) Адам Саковіч разам з жонкай Марыяй (з роду Тышкевічаў) вырашыў пабудаваць каталіцкі храм. Вырашыў – зрабіў. Новаму дамініканскаму кляштару Саковіч перадаў у валоданне суседнюю вёску Паляны. Парафія была, мусіць, немалая, бо пры касцёле не толькі адпраўлялі службы ксяндзы, але і жылі звычайныя члены манаскага ордэна дамініканцаў, якія павінны былі стварыць і захоўваць школу.
Першая жонка Саковіча памерла. Ён ажаніўся другім разам. Новая гаспадыня Станіслава сама перажыла яго і, аўдавеўшы, выйшла за генерала Патоцкага. Той, не доўга думаючы, прадаў зембінскі маёнтак браслаўскаму старасту Аляксандру Ясеневічу-Войне. А ён, бязбожнік, у лета 1673-е разам з жонкай зрабіў "набег", учыніўшы разбой у касцёле. Храм "быў спаганены", хутчэй за ўсё пралілася кроў. Што насамрэч там адбылося, дакладна сёння сказаць ужо нельга, аднак справу разбіраў трыбунал ВКЛ (вышэйшая на той час судовая ўстанова дзяржавы) і прыгаварыў Ясеневіча-Войну (шляхціча!) і яго жонку (жанчыну!) да смяротнай казні.
Але гэта былі "грахі" старога драўлянага касцёла, ён згарэў у 1790 годзе. Дарэчы, настаўнік гісторыі Зембінскай СШ Аляксандр Сцяпанавіч Лапыцька, які і быў для мяне экскурсаводам у мінулае, мяркуе, што падчас Паўночнай вайны праз Зембін мог у 1708 годзе праходзіць шведскі кароль Карл XIІ.. А значыць, бачыў, а, можа, і наведваў і касцёл. Версія гэтая падаецца даволі верагоднай, па-першае, таму, што праз Зембін ішоў адзіны шлях на Ашмяны і далей на Вільна, а, па-другое... Пра другое даведаецеся пазней, калі правядзеце гістарычныя паралелі з іншым еўрапейскім палітыкам.
Не прайшло, казаў той, і двух дзесяткаў гадоў, як у 1809 годзе быў узведзены цяперашні будынак храма, таго самага позняга барока з элементамі класіцызму. Заўважылі дату? Якраз напярэдадні Айчыннай вайны 1812 года. Ну, нібы спецыяльна рыхтавалі для Напалеона!
Ваяўнічы карсіканец, між іншым, стаўся для Зембіна не больш ваяўнічым, чым пазнейшыя палякі, немцы і нават бальшавікі. А можа, яму ўжо было не да барацьбы — хутчэй бы з гэтай клятай незразумелай Расіі выбрацца. Верагодна, мог ён пашкадаваць касцёл і таму, што, па паданню, тут быў пахаваны адзін з яго ад'ютантаў. Але вы не падумайце, што Напалеон — збавіцель гэткі. Разрабаваць багатую бібліятэку ды знішчыць школу пры касцёле яму і сам Бог не перашкодзіў. Дарэчы, ёсць меркаванне, што разам з Напалеонам удзельічаў у пераправе і таксама пераначаваў у Зембіне класік французскай літаратуры Стэндаль.
Здагадкі здагадкамі, але дакладна вядома іншае. Пасля славутай Бярэзіны касцёл існаваў і функцыянаваў, як і раней. Зачынілі яго царскія ўлады толькі праз тры гады пасля польскага нацыянальнага паўстання 1830 г. І амаль паўстагоддзя храм не дзейнічаў*, хаця падчас першага перапісу насельніцтва ў 1897 г. ў Барысаўскім павеце налічвалася больш як 30 тысяч католікаў. Значыць, і крыху раней лічбы былі даволі вялікія.
І таму парафіяне і мясцовая шляхта ў 1882 годзе звярнуліся да цара з прашэннем ад-навіць дзейнасць касцёла. Але зроблена было гэта толькі ў 1902 годзе. Вялікая заслуга ў новым жыцці касцёла належыць яго ксяндзу Ваньковічу. Пры яго актыўнай дапамозе праводзіліся рэстаўрацыйныя работы (кіраваў праектам варшаўскі мастак Вейберг). Былі ўстаноўлены пано, фрэскі, скульптуры, сцены і алтар размалявалі пад рознакаляровы мармур. Хутчэй за ўсё менавіта тады, на пачатку мінулага стагоддзя, з'явілася ў верхняй частцы фасаднай сцяны скульптура Божай маці (якая захавалася да сёння) і словы на латыні над уваходам у храм (зараз па застаўшыхся літарах ужо немагчыма прачытаць, што было напісана).
Сапраўды, касцёл набыў новае жыццё. Крыху пазней, ужо пры новым ксяндзу Крукоўскім у Зембінскім каталіцкім храме быў устаноўлены арган. Паслухаць арганіста Геркулана Аляксандравіча Шпэта, бацьку будучага "нашаніўца" Язэпа Шпэта, прыходзілі нават сяляне з аддаленых вёсак. Дый не дзіва! Уяўляеце: у вясковым касцёле – музычны інструмент, ды які!
Але гэта быў апошні "пік славы" храма. Пачалася першая сусветная вайна, потым па Беларусі пракацілася рэвалюцыя, польская інтэрвенцыя (лінія фронту, дарэчы, у гэты час праходзіла якраз па Бярэзіне). Ды і бальшавікі з лозунгам "Рэлігія — опіум для народа" не "чествовалі" храмы, спрадвечны гонар нашай пакутнай зямлі. Касцёл адчыніўся нена- доўга толькі ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі раз-пораз сюды прыязджаў весці службы ксёндз, хутчэй за ўсё з Барысава. У час правядзення партызанскай брыгадай аперацыі па знішчэнні мясцовага фашысцкага гарнізона, рэшткі немцаў схаваліся ў касцёле, адкуль партызаны так і не змаглі іх выбіць. Мусіць, гэты эпізод паслужыў пасля вайны правобразам і прычынай драмы зембінскай царквы.
Пасля вайны ў касцёле знаходзілася збожжасховішча, а потым нават склад хімічных угнаенняў. Пазарасталі быллём прыхрамавыя могілкі, а ўжо пасля 1960-х касцёл проста ператварыўся ў звалку: жыхары не саромеліся скідваць сюды смецце. Частымі гасцямі ў запусцелым будынку былі і мясцовыя авантурысты, якія, верачы ў легенду пра існаванне падземнага ходу паміж касцёлам і былым маёнткам, шукалі шляхецкае багацце. Дах паступова абваліўся, але яшчэ дзесяць – пятнаццаць гадоў таму ў касцёле можна было нават падняцца на хоры.
Сёння ж і зайсці туды не атрымаецца. Адзінае, што засталося ад былой велічы храма, – скульптура Дзевы Марыі. Можа, пакуль яна яшчэ стаіць, трываюць і гэтыя сцены. Але ходзяць чуткі, што скульптуру патрэбна перавезці ў які-небудзь з дзеючых каталіцкіх храмаў. Тады касцёл застанецца без апошняй "заступніцы"...
УЧОРА
У Свята-Архангела-Міхайлаўскай царквьг, якая з'яўляецца помнікам манументальнай мураванай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, гісторыя карацейшая, але таксама багатая на выпрабаванні. Пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя, яна з'яўляецца паменшанай копіяй сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве. Абодва храмы ўзводзіліся па праектах царкоўнага дойліда Струева. Найбольшыя страты царква, канешне, панесла пасля апошняй вайны . Падчас здымак фільма рэжысёра Данііла Храбравіцкага "Пераклічка" (у ролях Мікіта Міхалкоў і Таццяна Дароніна) па сюжэту ў адным з эпізодаў (які вельмі нагадвае гісторыю з касцёлам) танкіст тараніць царкоўную сцяну, каб знішчыць схаваўшыхся ўнутры фашыстаў. Таўшчэзныя (амаль з метр) муры вытрымалі "варожы" націск, і тады вырашана было частку сцяны ўзарваць і зрабіць на яе месцы бутафорыю, якую лёгка знішчыць. З той пары царква, як і касцёл, стаяла напалову зруйнаваная.
СЁННЯ
Цікавасць да мясцовых храмаў узнікла зноў на адраджэнцкай хвалі 1990-х. Праваслаўныя мясцовага прыхода збіралі грошы на адбудаванне царквы, нават пачаліся рэстаўрацыйныя работы, але напрыканцы храм яшчэ і разрабавалі: матэрыялы былі расцягнутыя самімі рабочымі камерцыйнай фірмы, што займалася аднаўленнем царквы.
Што датычыцца касцёла, у 1992 – 1993 гг. барысаўскі ксёндз а. Юзэф сабраў групу архітэктараў, дасведчаных і зацікаўленых людзей. Тады была зроблена агароджа вакол архітэктурнага помніка і крыху расчысцілі магілы. Быў зроблены праект работ па рэстаўрацыі і захаванні касцёла, Тады, між іншым, выявілася, што праектаваў храм не прафесіянальны архітэктар, а, мусіць, мясцовы манах. Яны тады лічыліся бадай ці не самымі адукаванымі людзьмі. І вось гэты "аматарскі" касцёл прастаяў ужо два стагоддзі. Нехта ж яго ахоўвае...
На рэстаўрацыю патрэбны вельмі вялікія сродкі. Прасцей (як заўсёды ў нас) пабудаваць суцэльна новы храм. Такім чынам, касцёл застаецца нібы недагледжанай плямай на шляху, па якім сотні тых жа турыстаў едуць на Палік, Віцебск, Бярэзінскі запаведнік, Полацк, нават Пскоў і Пецярбург.
ЗАЎТРА?
Каб адрамантаваць і зрабіць дзеючай царкву, галоўнае, што патрабуецца, – паставіць купалы, а потым ужо паціху весці работу па афармленні інтэр'ера. На гэта, як і на ўсё, патрэбны грошы – хаця б дапамога тых жа мясцовых веруючых.
Касцёл, мусіць, ужо ніхто рэстаўрыраваць не будзе. Але я згодная з А.С. Лапыцькам, які лічыць, што трэба зрабіць хаця б касметычны рамонт: ачысціць тэрыторыю, прывесці ў парадак могілкі, пабяліць ці пафарбаваць сцены касцёла, каб можна было хаця б зайсці ў былы храм. Адным словам, надаць крыху прыгляду. Мясцовыя жыхары і нават школьнікі дапамогуць з рабочай сілай – патрэбны толькі матэрыялы. Але ці знойдуцца яны раней, чым мы зразумеем, што беларусы, у якіх пасля апошняй вайны засталося так мала кавалачкаў жывой гісторыіі, павінны захаваць хаця б тое, што пашкадаваў сам лёс?
...Я так і не "прабралася" у храм. А, падняўшы галаву, убачыла на франтоне касцёла крыж. I вакол яго — гняздо буслоў. Іх было двое. I я падумала: ці ж селяцца буслы на мёртвых папялішчах? Сама прырода падае нам знак...
2003
* Верагодна, гэтыя звесткі не дакладныя, таму што ў Нацыянальным архіве Беларусі захаваліся метрычныя кнігі Зембінскага касцёла, дзе вяліся запісы ў 1860-х – 1870-х гг., што, безумоўна, сведчыць пра тое, што каталіцкі храм дзейнічаў.
http://globus.tut.by/zembin/index.htm - фотаздымкі зембінскіх храмаў
Свидетельство о публикации №206102200158