Дзе скарб твой, там i сэрца тваё
Часцінку свайго скарба, сваёй душы Надзя Лежэ падаравала нам, а дакладней, роднай вёсцы – Зембіну. Больш як 30 гадоў таму французская мастачка разам з паэтам Канстанцінам Сіманавым прыехала на ўрачыстае адкрыццё галерэі, якой належала стаць нечым накшталт культурна-выхаваўчага цэнтра навакольных мясцін. Галерэі, не пабаюся гэтых слоў, якой наканавана было стаць пятым колам у павозцы духоўнага багацця Барысаўшчыны.
Надзея Пятроўна Хадасевіч (Лежэ) родам была не з Зембіна і, мусіць, за сваё багатае на падзеі жыццё не так ужо надоўга тут і затрымалася. Але радзімай сваёй лічыла менавіта гэтую вёску. Як паведаміла мне пляменніца мастачкі Тамара Сямёнаўна Пісарчык, "цёця Надзя нават хацела, каб яе тут пахавалі". Жаданне гэтае, на жаль, не споўнілася.
Вось напісала апошнюю фразу і сама сябе перапытваю: ці трэба на самай справе шкадаваць? Здаецца мне, каб сёння наша зямлячка ўбачыла знаёмыя мясціны, галоўным пачуццём аказалася б крыўда. За тое, што ў заняпадзе засталася падараваная ёю калекцыя, што нікому не патрэбна справа яе рук і сэрца.
У далёкім 1967 г. у будынку Зембінскай СШ была адкрыта выстава рэпрадукцый карцін французскіх мастакоў-імпрэсіяністаў. Каля 40 палотнаў прывезла мастачка ў падарунак, былі сярод і ўласныя мазаічныя работы самой Лежэ — партрэты Леніна, Маякоўскага. Шагала. Пазней спецыяльна для галерэі была зроблена прыбудова да сельскага ДК. Праводзіліся экскурсіі, сабраны быў матэрыял аб жыцці Надзеі Пятроўны, шматлікія фотаздымкі, пісьмы да родных, Вялікі ўклад у развіццё своеасаблівага міні-музея ўнёс К. Сіманаў, які сябраваў э мастачкай. Мусіць, і зараз з каштоўнай калекцыі кніг, што кожны раз, наносячы візіты, прывозіў ён у падарунак, у школьнай бібліятэцы засталося некалькі экземпляраў з яго аўтографамі. Чаму, спытаеце, некалькі, дзе астатнія? Пакрадзеныя. Гэткая ж доля спасцігла і непасрэдна калекцыю: найбольш каштоўныя (з пункту гледжання злачынцаў) рэпрадукцыі колькі гадоў таму зніклі ў невядомым накірунку. Вінаватыя не знойдзены і зараз, дый наўрад ці гэта хвалюе некага, акрамя школьнай адміністрацыі і Тамары Сямёнаўны, пра якую я ўжо казала.
"Рэшткі" калекцыі (22 карціны) да нядаўняга часу захоўваліся ў Доме культуры, у сырасці і холадзе, бо ацяпляльная сістэма памяшкання ці адключалася ўвогуле, ці перыядычна "размарожвалася". У выніку мазаічныя творы, прымацаваныя да сцен, прыйшлося рэстаўрыраваць, калі можна так сказать, рабіць невялічкі самастойны рамонт сваімі рукамі.
У лютым 1998 г. нарэшце вырашана было перадаць палотны і дакументы ў Зембінскую школу; па-першае, умовы для захоўвання тут лепшыя (няма рэзкіх перападаў тэмператур), па-другое, больш-менш належны догляд, не трэба сцерагчыся новых крадзяжоў. Пад выставу (бо зараз наўрад ці ўжо магчыма назваць яе калекцыяй ці яшчэ больш гучна — галерэяй) выдзелены лепшы кабінет, пад шклом – пісьмы, фотакарткі, на сценах – Ван Дэйк, Ван Гог, Мане, Дэга, партрэт самой Лежэ, зроблены адной з былых настаўніц школы.
Партрэты, пейзажы, нацюрмортаў амаль няма. I толькі яркім блікам вабіць да сябе копія вангогаўскіх "Сланечнікаў", ажыўляе хмурыя твары мінулых стагоддзяў, сумнаватыя – у параўнанні з беларускімі – малюнкі нетутэйшай прыроды. Кветкі сонца нібы нясуць у сабе ягоную энергію, веру і надзею ў тое, што яны яшчэ будуць патрэбнымі камусьці, акрамя педагагічнага калектыву Зембінскай школы.
Што мог, дырэктар Мікалай Данілавіч Зелянкевіч зрабіў. Аднак даць прытулак вялікім мазаікам у школы няма магчымасці, і карціны застаюцца паціху псавацца ў ДК. Пытанне фінансаў, дарэчы, тут бяссэнсавае, бо матэрыяльна існаванне невялікай выставы ніхто не падтрымлівае і рабіць гэта ў бліжэйшай будучыні, хутчэй за ўсё, не збіраецца. У аддзеле культуры райвыканкама, як толькі пачулі ад мяне фразу "Калекцыя зараз у мясцовай школе", ветлівы жаночы голас адразу параіў звярнуцца ў райАА.
Каб сумленне засталося чыстым, я патэлефанавала і туды. Мне прапанавалі –замкнутае кола – зноў звярнуцца да дырэктара школы. Мабыць, каб яшчэ раз пачуць у адказ тое, што мне ўжо расказаў настаўнік гісторыі Аляксандр Сцяпанавіч Лапыцька, які і арганізаваў для мяне так званую індывідуальную экскурсію. Дарэчы, госці наведваюць школу не вельмі часта, за апошнія годы прыязджалі толькі вучні спецыялізаванай 15-й школы разам з англійскімі сябрамі ды аднойчы невядома якім чынам завіталі французы.
Нягледзячы на цяжкасці, адміністрацыя школы не губляе аптымізму. I планы, і перспектывы ў настаўнікаў ёсць. Вось каб яшчэ яны з'явіліся і ў некага з мясцовага кіраўніцтва, а можа, і ўлады "павышэй". Прыязджала здымачная група з БТ, патраціла колькі метраў кінастужкі, "прагнала" за хвіліну рэпартажу на экране скупыя звесткі – на тым справа і скончылася. "А вось каб нам копію прывезці", – уздыхае Аляксандр Сцяпанавіч.
Выказвалі прапанову – перавезці лалотны ў Іканы, маўляў, і догляд будзе, і ўвагі больш. Але ці ж гэта выйсце – "разбаўляць" музей ваенна-пэтрыятычнай славы экспанатамі, ні да партызан, ні да Вялікай Айчыннай вайны не маючымі ніякага дачынення? У такім выпадку, можа, лепей было б перадаць выставу Барысаву, напрыклад, краязнаўчаму музею? Аднак яго дырэктар Н. С. Раховіч адказвае, што большасць копій вялікай мастацкай каштоўнасці не ўяўляюць. Іншая справа — работы самой Надзеі Лежэ.
У снежні 1996 г. музей праводзіў выставу, звязаную з французскімі мастакамі. На некаторы час карціны былі перавезены ў горад, аднак, каб даць ім "пастаянную прапіску" у Барысаве, трэба месца. А яго не хапае нават на ўласныя экспанаты. Каб нехта даў сродкі на бу-аўніцтва новага прытулку для музейных каштоўнасцей, магчыма было б перавезці мазаікі і ўманціраваць іх у новыя сцены. Аднак мары гэтыя з вобласці фантастычных,
Найлепшым варыянтам было б, лічыць Наталля Сцяпанаўна, аддаць карціны ў Іканскі музей, дзе існуе выставачная зала. "А ў кабінеце, дзе займаюцца дзеці, наўрад ці яны доўга прабудуць", ¬– сказала дырэктар музея. У нечым з ёй можна пагадзіцца. Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі.
Аднак я па-свойму разумею і пазіцыю школы, якая выступае катэгарычна супраць прапаноў пераезду, матывуючы свой адказ у тык ліку і воляй Надзеі Пятроўны, якая падаравала калекцыю менавіта Зембіну. Яны нават збіраюцца пашырыць экспазіцыю – вылучыць адзін з класаў пад уласны гістарычны музей, бо мінулае ў колішняга мястэчка сапраўды цікавае.
"Вось бы з французскім музеем Лежэ звязацца, – марыць настаўнік. – Няўжо і ім гэта не патрэбна?" Няўжо і сапраўды нікога не турбуе далейшы лёс калекцыі, што калісьці была гонарам вобласці?
А чаму б і сапраўды не паспрабаваць стварыць тое ж "Залатое кола Міншчыны" у мініяцюры? Хатынь, Палік, Іканы, Зембін, Брылёўскае поле, барысаўскія "батарэі" і краязнаўчы музей — чым не маршрут для тых жа эксурсій? Няўжо было б не захапляюча, нават для нашых школьнікаў, далучыцца да славутых мясцін? Не кажу ўжо пра замежных гасцей, якіх у краіну прыязджае ўсё больш – хаця б у сувязі з дзейнасцю дабрачынных арганізацый, што наладжваюць паездкі за мяжу дзяцей з забруджаных тэрыторый. Ці нам заўсёды толькі Чарнобылем прыйдзецца "хваліцца"?
Ці ёсць будучыня ў калекцыі — вырашаць не мне. Не спадзяюся і на тое, што, дзякуючы публікацыі, знойдзецца ў горадзе чалавек, які мае магчымасць праспансіраваць яе далейшае больш-менш прыстойнае існаванне – часы мецэнатаў канулі ў Лету. Можа, вярнуць палотны на гістарычную радзіму: ёсць карціны — ёсць праблема... На мой погляд, французы зас-тануцца ўдзячнымі.
I напрыканцы — вось што мяне ўразіла: і з вуснаў Н.С.Раховіч, і з вуснаў А.С. Лапыцькі пад час размовы зляцелі адны і тыя ж словы: "Стукайцеся, і вам адчыняць". Дык мо, мацней грукаць трэба?
1999
Свидетельство о публикации №206102200179