Лiхалецце
і ўсім, каго болей няма,
але хто – жывы ў маёй памяці
1940 г.
– Бабулечка, родненькая, што з табой?
Зося зразумела, што дзеці вярнуліся з лесу. Трэба было паспрабаваць хаця б устаць з ложка, але ў яе хапіла моцы толькі на тое, каб крыху прыўзняцца на падушцы. Неяк у хаце холадна.
– Каця, затапі печку на ноч. – І голас нейкі зусім кволы. Няўжо праўда захварэла? Надта ж не ў пару, столькі працы ў гаспадарцы.
– Навошта, бабуля? У хаце ж цёпла. А на вуліцы дык і ўвогуле спякота, хоць бы ўжо дождж прайшоў, а то Пецька вады не наносіцца грады паліваць. – Дзяўчынка, відавочна спужаная, падышла бліжэй да Зосі. – Ці табе дрэнна, бабуля? Накрыць цябе? А можа, есці хочаш? Ці вады табе прынесці?
– Не, не трэба, зараз устану.
– Ды не, ты ляжы. Вось крыху паляжыш, і ўсё пройдзе. Так? – з надзеяй запытаў Зосю малодшы Пеця. Ён крыху хаваўся за сястрой, баючыся глядзець на хворую бабу, нібы тым самым мог знішчыць непазбежнае чаканне горшага.
– Так, дзетачка. Ты не бойся, я зараз пасплю, а заўтра зусім здаровая буду, – паспрабавала супакоіць унука старая.
Канешне, дзеці спужаліся. Колькі яны ўжо за свае гады паспелі пабачыць смерці. Як памёр бацька, Пеця нават і не памятаў, яму тады толькі–толькі споўнілася два гады. Кацечцы было ўжо шэсць, у яе ў памяці захаваліся нейкія напалову размытыя абрысы таткавага твару, асобным усполахам – яркі блакіт вачэй, што, казалі суседскія бабы, былі падобныя на яе ўласныя. Ды яшчэ калючасць бацькавай барады, калі той падкідваў яе ледзьве не да столі і, пакуль дачка не паспела спужацца, лавіў на рукі, прыціскаў да сваёй зарослай шчакі бялявую Каціну галоўку.
Змітру было трыццаць чатыры гады, калі ён памёр ад тае мазгавой ліхаманкі. Выйшаў з бані на мароз расхрыстаны і праз тры дні адышоў, нават з трызнення так у сябе і не вярнуўся, нікога не пазнаваў, ні Марусю, ні дзяцей. А Марусі тады пайшоў трыццаць першы, і яна засталася з двума малымі дзецьмі. Доўга яны на хутары не пражылі, пераехалі да яе, у старую цесную хатку, дзе Зося жыла з часоў свайго ўласнага заўчаснага ўдаўства. Яе Сцяпан загінуў на вайне, яшчэ у пятнаццатым годзе, Маруся была такая прыблізна, як зараз Кацечка. Вось дачка і паўтарыла яё лёс. Толькі што дваіх нарадзіла, а не адно дзіця. Зося заўсёды шкадавала, што ў яе так і не атрымалася зацяжарыць яшчэ раз. Пасля таго, як яны пахавалі двух дзетак зусім маленькімі, Васеньку яшчэ і года не было, а Алёнка пражыла толькі два тыдні, дзяцей у іх болей не было. Заставалася толькі маліць Бога, каб Маруся расла здаровенькая. Сцяпан яе надта любіў, песціў, пакуль жывы быў. І мужык кахаў, Змітрок, што праўда, то праўда. Яна, Маруся, канешне, не вельмі здатная для іх хутарской працы была, там усе браты працавалі за дваіх, і жанок сабе пабралі такіх жа, дужых, здаровых. А яна квалаватая была, тоненькая, спявала надта хораша, вышывала прыгожа, усе бабы на вёсцы з зайздрасцю казалі, самы мудрагелісты пасаг быў у яе дачкі. І рушнікі, і фіранкі, і сукенкі, і падзоры для ложка – усё сама рабіла, нават Зося ёй не дапамагала амаль, у яе так не атрымлівалася тоненька голкай вадзіць па тканіне, рукі грубейшыя былі.
Гэта ў Марусі лепей атрымлівалася, чым віламі варочаць ды за канём хадзіць. Пакуль яшчэ Змітра жывы быў, то неяк гаспадарка трымалася. А без мужыка што ты зробіш, ні ў хаце, ні на двары, ні ў полі парадку не будзе. Таму яны, дзве ўдовыя цяпер бабы, старая і маладзейшая, так і парашылі – аддаць Змітраву зямлю братам, няхай між сабой дзеляць, ім хутчэй спатрэбіцца, ёсць каму скарыстаць, мужыкоў хапае, не самі працаваць будуць, дык каму з сыноў застанецца. Можа, калі-нікалі ў падзяку дапамогуць былой братавай, двое малых пасля Змітры засталося, усё не чужая кроў.
Так і вярнулася Маруся да маці ў вёску. Толькі нядоўга яна без свайго Змітры пацялёпалася на гэтым свеце. Праз тры гады следам пайшла. На сухоты захварэла, усю восень ды зіму на печцы грэлася, ды дарэмна. Нават да першага лісцейка не дацягнула, у сакавіку на могілкі прыйшлося адвозіць. Зямля тады халодная была, ледзьве выкапалі ёй побач са Змітрам месца, добра яшчэ, што браты ягоныя дапамаглі, дзе б Зося каго адшукала, хто б у такое надвор’е захацеў хаўтурыць. Да братоў ні яна, ні Маруся не надта часта звярталіся, але ж тут яны самі прыехалі. Неблагія яны хлопцы былі, Андрэй ды Юрка, і сястра старэйшая у іх добрая дзяўчына, Анюта іхняя, яны з Марусяй і сябравалі крыху, пакуль тая на хутары жыла. Можа, Анюта зараз і за Кацечкай з Пецем прыгледзела б, калі б не гэтая высылка праклятая. Ну, няхай сабе ў яе мужык крыху багацейшы быў за астатніх у вёсцы, але ці ж за гэта ў Сібір трэба было высылаць? Няхай бы лепей не зайздрасцю ў акрузе зыходзіліся, а працаваць у яе Кастуся павучыліся. Дык не, данёс жа нехта з вяскоўцаў у горад, прыехалі адтуль, апісалі ўсё, што на падвор’і было, і Анюту з мужам звезлі. Потым ужо, Андрэй казаў, ліст прыйшоў, у Сібіры яны аселі, дзякуй яшчэ, што на вольным пасяленні.
Андрэевай ці Юркавай жонкам, канешне, лішнія рты не надта трэба. Каця дык хоць па гаспадарцы ўжо што дапамагчы можа, а Пеценька ж малы яшчэ зусім, дзесяць гадоў хлопчыку, ці ж гэта ўзрост для сялянскай працы. Да таго ж, Кацю і замуж выдаваць прыйдзецца, пасаг які-ніякі, а сабраць трэба. А з Пецем зямлёй дзяліцца таксама ці ж захочуць. Не, не возьмуць іх назад на хутар бацькоўскія родзічы. Але, можа, і не трэба. Неяк і тут уладкуюцца. Самі сабе гаспадарамі будуць, ні ад каго залежаць не прыйдзецца, чужым куском хлеба не падавяцца затое. Рана, канешне, ёй паміраць, Зосі, не з-за сябе рана, яна-то ўжо нажылася, што было, усё з ёй застанецца, і шчасця іскрынкі, і бяды ўдосталь, з ліхвой, на траіх хапіла б. Але ж каб яшчэ хоць некалькі годзікаў, каб хоць Каця крышачку пасталела. Ой, не ў пару яна дзяцей пакідае, не ў пару. Ні бацькоўскае падтрымкі не ведалі, ні матчынае пяшчоты, лічы, не наймеліся, адна баба заставался, дык і тое, паміраць надумалася. А можа, акрыяе яна яшчэ паціху?
¬… – А бабулечка ж ты мая родная, а на каго ты нас пакінула, навошта ж ты нас з сабой не забрала?! А мы з табой да таткі з мамкай прыйшлі б, а мы б іх абнялі, а мы б разам усе селі, а што ж нам цяпер рабіць, бабулечка, як нам жыць далей, хто ж нам падкажа… А чаму ж ты паміраць надумала, ці ж мы цябе пакрыўдзілі калі, ці ж мы табе слова дрэннае сказалі, ці ж мы цябе не любілі, ці ты нас не любіла, адзіная ты нашая…Нашто ж ты нас на свеце пакінула, бабуля, ці ж мы каму патрэбныя, як жа нам жыць без цябе далей, хто нас навучыць…
1942.
Ціхенькі грукат у вакно разбудзіў спачатку бабу. Алена паварушылася праз сон, спадзеючыся, што ёй толькі падалося, быццам нехта хоча да іх зайсці. Але гук звонку паўтарыўся.
– Бацька, уставай, ¬– кранула яна мужа. ¬– Нехта ў госці просіцца.
– ¬Здурэла ты, баба, ці што, хто ў гэткі час да нас прыбяжыць. Падалося табе. Спі, яшчэ, мусіць, і пеўні не крычалі, – прамармытаў стомлены Андрэй, у паўсне забыўшыся, што апошняга пеўня яны яшчэ на тым тыдні зарэзалі і аддалі партызанам.
– Уставай, кажу. – Алена зноў, ужо крыху мацней, штурханула яго. – Бо я баюся. Раптам немцы?
– Во, кажу, дурная баба, ¬– раззлаваўся, ужо канчаткова прасынаючыся, Андрэй. – Ці ты не бачыш, цёмна яшчэ на вуліцы. Дый якая халера ў гэткую пару таго немца да нашага хутара давядзе.
Да бліжэйшай вёскі, сапраўды, было кілометраў восем, і фашысцкія зонеркаманды пакуль, мусіць, і не ведалі, што ў глыбіні лесу жывуць нейкія мірныя людзі, што падпадаюць пад вызначэнне "акупаванае насельніцтва". Дзякуй Богу, ніхто з мясцовых вырадкаў-паліцаяў яшчэ не паспеў выдаць знаходжанне гаспадаркі лесніка Яблонскага, і ў хату Андрэя заходзілі толькі партызанскія пасыльныя, ды і тыя не надта часта. Таму і пра падзеі, што рабіліся навокал, Андрэева сям'я даведвалася толькі праз рэдкія візіты хлапцоў-партызан.
З вёскай сувязі ў іх амаль не было. Яны і ў даваенныя часы не надта часта самі ездзілі ў суседняе Замосце, толькі калі ўжо справа нейкая надаралася ці ў царкву на святы трэба было. Яблонскія прывыклі да жыцця наводшыбе, сюды, у лес, прыйшоў на пачатку стагоддзя Андрэеў бацька разам з трыма маладымі сынамі і амаль маленькай дачкой. І з тых часоў ужо амаль пяць дзесяткаў год яны жылі на сваёй зямлі толькі сваёй сям'ёй, кожны з братоў пабудаваў у дваццатыя гады сабе па хаце, сюды прывезлі яны жонак, якія не пабаяліся змяніць шумнае вясковае жыццё талакой на змрочныя, адзінокія сярод лесу хутарскія гаспадаркі. Сястра Анюта, праўда, сама пайшла замуж у больш аддаленую ад хутара Мартынаўку, але за тое і паплацілася – выслалі іх з мужам у трыццаць шостым як кулакоў на адвечнае сібірскае пасяленне. Малодшы іх, Змітра, памёр яшчэ да таго, у трыццаць першым, здаецца, і ягоная Маруся з'ехала з хутара да маці ў Замосце. А Юрка, самы старэйшы, пайшоў следам за братам два гады таму, і жонка Кацярына яго не на шмат перажыла. Дзеці іхнія ўжо даўно па свеце раз'ехаліся, хто ў суседнія вёскі ў прымакі да жонак пайшоў, хто ў Мінску, Андрэевы сыны ў арміі абодва, з пачатку вайны яны з бабай нічога пра іх не ведаюць, ці жывыя, ці ўжо, можа, недзе галовы злажылі. Толькі малодшая, дваццацічатырохгадовая Дуся, атрымаўшы з фінскай пахаванку на мужа, вярнулася да бацькоў на хутар. І зараз у Яблонскім (хутар заўсёды звалі па прозвішчу гаспадароў) засталіся толькі яны трое: Андрэй з жонкай і дачка.
Але зараз, можа, і лепей, што яны далей ад вёскі. І немцы ў госці, сапраўды, не наведваюцца, і партызанам дапамагаць спакайней можна.
Хто ж гэта надумаўся сярод ночы да іх праз лес бегчы?
Андрэй нарэшце адчыніў дзверы і ледзьве не аслупянеў. У перадранічным паўзмроку на хвіліну яму падалося, што перад ім стаіць Маруся. Не тая, схуднелая амаль да непазнавальнасці, над якой ён сам зачыніў вейка труны сакавіцкім стылым поўднем. І нават не тая, пяшчотна-сарамлівая, якая, быццам не верачы ўласнаму шчасцю, танчыла са Змітрам полечку на сваім вяселлі. Не стомленая ад амаль бясконцай спякоты чэрвеньскай касавіцы, не засяроджаная над чарговым шытвом, якое трэба як мага хутчэй паспець скончыць тайком ад увішных і надта пранізлівых свёкравых вачэй. Не схіленая з ласкавай усмешкай над калыскай Каці або Пецечкі.
Так, гэта ж Каця. Андрэй зразумеў сваю памылку і амаль усміхнуўся сам сабе: як гэта ён, мужык за пяцьдзесят, вырашыў, што на зямлі яшчэ засталіся цуды. Маруся даўно на могілках, ягонае каханне да братавай так і засталося нікому, у першую чаргу ёй самой, незаўважаным (прынамсі, ён вельмі хацеў у гэта верыць). А перад ім стаіць спалоханая пляменніца, надта падобная на маці ў маладосці, тую дзяўчыну, якой упершыню яе пабачыў ужо жанаты на Алене Андрэй. Яна тады, праўда, былу крыху сталейшая, мусіць, дваццаць ужо споўнілася, калі яны прыйшлі – не, маніш, на кані яны тады прыехалі, бацька, Змітрок, ён і старэйшая братавая Каця – да ўдовай Зосі сватаць яе адзіную дачку, у якую так закахаўся малодшы брат. Дзіва што, ён, Андрэй, толькі глянуўшы на будучую сваячку, зразумеў малога.
Твар Марусін заўсёды быў адухоўлены быццам, трапяткі, з яе ікону б пісаць лёгка было, заўсёды здавалася Андрэю. Але пазней усё ж такі жыццё, лёс наклалі і на яго адбітак нейкай скоранасці, безвыходнасці, непазбежнасці ў прадчуванні бяды. А тады, у маладосці, яна яшчэ была бесклапотная, уся нібы адчыненая свету і людзям: маўляў, вось я, перад вамі, уся празрыстая, уся як на далоні, ці ж хопіць у вас жорсткасці мяне пакрыўдзіць? І такая закаханая яна была ў Змітрака, так гэта кідалася ў вочы, што, бадай, упершыню у жыцці, Андрэй пазайздросціў малодшаму брату, з тугой прадчуваючы, як Маруся прыйдзе на хутар, у іх вялікую і даволі ладную сям’ю, і трэба будзе хаваць свае пачуцці не толькі ад яе і сябе самога, але і ад усіх Яблонскіх, каб, крый Божа, ніхто не заўважыў, як падабаецца Андрэю малодшая нявестка.
І вось з тае пары мінула амаль два дзесяткі гадоў. Ён, Андрэй, так ніколі і не выказаў ні словам, ні на справе свае грэшныя пачуцці, а зараз няма на свеце ні Змітры, ні самой Марусі. І перад ім стаіць дзяўчынка, што на імгненне вярнула яго ў чужую маладосць.
– Дзядзечка, прабач, што прыпёрлася сярод ночы, што мне рабіць, не ведаю, – Каця пасунулася крыху ўбок, і Андрэй заўважыў за яе спінай малодшага пляменніка. – Пакінь хоць Пецю ў сябе, куды ён без мяне дзенецца…
Алена са злосцю штурханула чугунок з печы і адчула, як, саслізнуўшы на гарачае, заныла рука. Ну, дзіва што, усё да гары нагамі робіцца на гэтым свеце, што ўжо тут за пальцы перажываць. Яна сунула руку ў вядро з вадой і ў роспачы прысела на лаўку. Ці ж гэта бачна, роднае дзіця на пагібель выправіць. Во ўжо дзе чорт стары, зусім з глузду на старасці лет з’ехаў. Нашто яна яго разбудзіла ўчора, лепей бы ўжо сама да той пляменніцы выйшла, не, збаялася, дурніца, што чужыя прыпёрліся ні свет ні зара на хутар. Хто б сюды дарогу знайшоў сярод ночы, акрамя сваіх? Міжволі Алена захапілася смеласцю дзяцей, гэта ж трэба, восем кілометраў у цемры прайшлі, нідзе сцежкі не зблыталі, а колькі яны на тым хутары разоў былі. Не, нідзе не згубіліся.
Ой, Божачка ратуй, што ж гэта сапраўды на белым свеце робіцца?! Дзіцёнку шаснаццаць гадоў толькі, мусіць, споўнілася, а яго ўжо ў нейкую Германію вывозіць хочуць, ці ж яна там напрацуе, гэтая Каця, яна і не даедзе да той фабрыкі, ці куды іх там збіраюцца прызначыць, яна ж уся ў матку, гэткая ж і худая, і з твару бледная, не раўнуючы, як той рамоначак.
З пляменніцы думкі яе перакінуліся на мужыка. Канешне, шкада дзяўчыну, але яна ў свае гады разумнейшая, чым гэты стары дурань. Трэба было так і пагадзіцца, забраць да сябе Пецю, ужо неяк бы яго дагледзелі, а даў бы Бог, дык і Каця б з той Германіі жывая вярнулася. Не можа ж таго быць, каб не перамагла нашая армія гэтую фашысцкую сволач. А ці ж мала бацьку, што два сыны на фронце ваюць, можа, ужо і галовы свае дзе палажылі. Не, выдумаў – замест Каці, маўляў, на работы паедзе Дуся. Сказаў – як адрэзаў. Дачка не ведала, што і адказаць, а яна колькі не лямантавала, не саромеючыся таго, што Каця з малодшым братам сядзяць у хаце, за сценкай, Андрэй нават абмяркоўваць не захацеў. Глянуў толькі на яе з-пад ілба і нібы ў папрок кінуў:
– У дзяцей ніводнага чалавека на свеце не засталося, акрамя нас. Змітра памёр, мы ім не дапамагалі амаль. Маруся, – сглынуў ён камяк у горле, – пайшла, да сябе не забралі. А зараз нават бабы ў іх не засталося. Ці яна ад добрага жыцця да нас за дапамогай прыбегла? І што ты хочаш, каб я ёй зараз адказаў? Добрага табе шляху, дачушка?
Андрэй павярнуўся і пайшоў з хаты. Дзе ён бадзяўся па лесе амаль да цемры, пакуль жонка супакоілася, згатавала снеданне, усе разам паелі і, баючыся зазірнуць адно другому ў вочы, селі чакаць яго вяртання і канчатковага рашэння, Алена не ведала. Прыйшоў ён з гэткім жа смурным тварам, як і адыходзіў, і жонка зразумела, што лепей яму не пярэчыць. Былі такія моманты ў жыцці, нешмат Алена магла іх прыпомніць, калі яна пачынала баяцца мужавага гневу. І зараз, відавочна, настаў адзін з іх.
Канешне, сумленна разважаючы, Андрэй мае рацыю. Дуся сталейшая за сястру, да таго ж, не дзеўка ужо, баба, замуж паспела схадзіць. Праўда, нядоўгім яе жаночы век апынуўся. А што ўжо пасля гэтай вайны будзе, ніхто не ведае, колькі мужыкоў ды хлопцаў загіне. Алена памятала, як у свой час у васемнаццатым годзе яе маладзейшыя сяброўкі чакалі з фронта сваіх прыгожых, моцных жаніхоў, а дадому вярталіся змучаныя, спустошаныя фізічна і ўнутрана мужчыны. Ці ж зараз лепшага чакаць, вайна нікому дабра не прыносіць. Божачка, ратуй, па звычцы перавяла Алена вочы на чырвоны кут.
Але ж сваё дзіця… Ці ж ёй, маці, сваё не раднейшае за чужое? Адзіная дачка ў іх з Андрэем нарадзілася, самая апошняя, малодшанькая. Яна ўжо і не чакала, што пасля двух няўдалых цяжарнасцей яна здолее нарадзіць яшчэ адно дзіця. Адна надзея на дачку, што і матцы дапаможа, і ў старасці дагледзіць. Хлопцы, калі ажэняцца, дык добра каб хоць паказаць сваіх дзевак прывезлі. Валодзю ўсё некалі было, то вучоба, то служба, затое дзіва што – лётчыкам стаў, яны з бацькам і не ведаюць, як у гэткай махіне (фотаздымак вісіць у чыстай хаце) не баяцца ад зямлі адарвацца. Сярэдні, Алёша, таксама вучоны будзе, студэнт, перад самай вайной толькі тры курсы ў гэтым, як яго, ніверсітэце, скончыў, на ваенныя зборы іх, усіх хлопцаў, на лета адправілі. А адтуль, канешне, на фронт адразу. Дзе яны зараз, яе хлопчыкі? Алена не магла сабе ўявіць, каб яе сыны, спакойныя, добрыя хлопцы, якія з бацькам на паляванне ў лес ніколі не хадзілі, зайца ці лісіцу не забілі, узялі ў рукі стрэльбы, каб знічтожыць чалавека, такога ж, як самі. Валодзя, той на самалёце, як гэта бацька казаў, тараніць фашыстаў. А Алёша ж, мусіць, твар у твар, у пехоце, пэўна, ён жа не абвучаны нават гэтай ваеннай навуцы.
Ой, сыночкі ж вы мае, сыночкі. Адзіная дачушка пры бацьках засталася, дык і тую немаведама куды трэба выправіць. Што ж гэта такое, куды той Божачка глядзіць?
Алена спахапілася, што за сваімі думкамі так і пакінула чыгунок з недаваранай бульбай сярод печы. Нешта ж трэба хоць у дарогу Дусі сабраць, з ежы тое-сёе, адзежку якую, ды, можа, хоць завушніцы ёй у вузялок завязаць свае срэбныя. Татка ёй перад вяселлем аддаў, казаў, ад бабкі Таццяны яшчэ засталіся, тая фанабэрыстая была, польскай веры, з сям’і заможнай. Няхай Дуся з сабой возьме, хоць немцу якому аддась, хто ў яе там за гаспадара будзе, дык не надта патрабаваць з яе будзе. Сярод немцаў, мусіць жа, таксама добрыя людзі ёсць. Дуся-то да сялянскай працы прывучаная, дзеці ім з бацькам з маленства дапамагалі. Але ж хто яго ведае, што іх у той Германіі чакае. Раптам увогуле не на працу моладзь вывезуць, а ў лагер які? Будуць яны з гэтымі юнакамі вазіцца яшчэ, вывезуць за ваколіцу, прымусяць самім сабе яму выкапаць ды расстраляюць з аўтаматаў. У суседняй вёсцы, казалі, усіх яўрэяў гэтак знішчылі, і малых, і старых.
“Святая дзева Марыя, дапамажы дачушцы маёй, і ўсім тым, хто далёка ад дома, і нам, хто застаецца на роднай зямлі. Хай абароніць нас Твая любоў і спагада. Ты ж ведаеш пакуты маці па свайму дзіцяці, не дазволь, каб паўтараліся яны ў нашых сем’ях. Выратуй і памілуй нас, маці Божая”.
Алена выцерла слёзы, перавязала хустку і абпаленымі пальцамі, амаль не заўважаючы болю, узялася за чапялу.
1944.
Ужо які дзень Валодзя збіраўся напісаць ліст дадому. Праўда, гэта толькі называлася – напісаць, большасць з бальных у палаце не маглі нават узняцца з ложку, не тое што узяць у рукі аловак. Пад дыктоўку лісты складалі мядсёстры. Некаторым ужо паспелі прыйсці адказы, і тыя, шчасліва ўсхваляваныя, прасілі дзяўчат па некалькі разоў перачытваць весткі ад родных, нібы не верачы, што з тымі ўсё больш-менш добра, прынамсі, жывыя засталіся.
А ён усё марудзіў, сам не ведаючы дакладна, чаму. Не столькі не хацелася распавядаць пра сябе, колькі, мусіць, было боязна – а раптам адказу не прыйдзе? Лейтэнант Атрошка ужо трэці тыдзень чакаў ліста ад маці і сясцёр, якія засталіся ў акупаваным Кіеве летам сорак першага. Украінская сталіца была вызваленая ўжо два з паловай месяцы таму, і ў іншыя палаты паштальёнка рэгулярна даносіла лісты і нават тэлеграмы з паведамленнямі аб хуткім прыездзе. А Васілю не прыходзіла нічога, і з кожным днём ён, мусіць, спадзяваўся на адказ усё меней, утаропіўшыся невідушчымі вачыма ў столю, маўкліва ляжаў, не рэагуючы на звароты.
Але ж хопіць адцягваць.
“Дарагія тата, мама, Алёша і Дуся! Спадзяюся, зараз, калі Беларусію ўжо вызвалілі, я нарэшце атрымаю ад вас хоць адзін ліст. Як вы перажылі акупацыю? Можа, да нашых непраходных лясоў і фашысты не дабраліся? Але ж не, пільна сачу ў шпіталі за зводкамі па радыё, ужо які тыдзень перадаюць, што ўпартыя баі вядуцца немцамі на тэрыторыі Барысаўска–Бегомльскай партызанскай зоны, а гэта ж зусім блізка ад нашых вёсак і роднага Яблонскага хутара. І вось нарэшце тры дні таму вызвалены Барысаў, учора – беларуская сталіца. Дом, мой дом зноў свабодны! Як хочацца верыць, што ўсе вы жывыя і здаровыя, і нашую сям’ю абмінулі крывавыя жахі і непаўторныя страты гэтай вайны.”
Валодзя, стаміўшыся дыктаваць маладзенькай сястрычцы, адкінуўся на падушку. Урачы казалі, што падымацца яму яшчэ рана, твар будзе зажываць медленна, і вачам нельга даваць вялікую нагрузку, непазбежную пры рэзкіх рухах. Але ж немагчыма было спакойна ляжаць тут, у звычайным ваенным шпіталі за сотні кіламетраў ад лініі фронту, у асяроддзі клапатлівых, сарамлівых медсясцёр і стомленых за тры гады бесперапынных аперацый ад ампуціраваных канечнасцей хірургаў, калі яго таварышы па дэвізіі лёталі, пэўна, над роднымі мясцінамі, паступова прасоўваючыся ўсё бліжэй да савецкай мяжы. А ён, з гэтым дурацкім раненнем, як яны сцвярджаюць, увогуле ніколі не сядзе за штурвал. Не, ён дакажа ўсім, ён яшчэ падымецца ў неба. Няхай сабе застанецца з шнарамі пра увесь твар, ён і раней не лічыў сябе надта прыгожым, галоўнае, каб гэтыя бясконцыя аперацыі не пакінулі яго без вачэй. Хопіць медыкам таго, што яны адрэзалі яму, лічы, палову носа, бо, казалі, аскепак ад гэтай фугаскі раздрабіў яму амаль усю перагародку. Самае крыўднае было тое, што ўсе тры гады ён, як шчасліўчык, адлётаў без аніводнай драпіны. А тут, у звычайных, лічы, амаль мірных умовах застаўся, бадай, без твара, а да таго ж, і без левай кісці, якой насуперак здароваму сэнсу ён спрабаваў закрыцца ад свісцячай шрапнелі дробных жалезак, на якія разарваліся яшчэ ў паветры, крыху не даляцеўшы да зямлі, фугасныя міны, скіраваныя на гэтак добра, здавалася ім, замаскіраваныя ў дробным прылеску самалёты. Добра яшчэ, што не правая рука папала пад удар, інакш ён увогуле мог бы ўжо зараз лічыць сябе інвалідам.
Аднак нават лісты яму не дазвалялі пісаць самому. Газеты чыталі ўслых нянечкі, радыё ў палаце было ўключана з ранку амаль да поўначы. Адзіным заняткам, што заставаўся цяжкапараненым, да ліку якіх адносілі па медыцынскіх, сапраўды бесчалавечных канонах і яго, заставаліся ўспаміны. Пра будучыню нікому з іх думаць не хацелася, надта тужлівай па песімістычным запэўніванні дактароў яна падавалася кожнаму з пацыентаў. У палаце іх было чацвёра, і Валодзя на фоне астатніх яшчэ мог парадавацца – яму амаль пашанцавала: ногі цэлыя, рука засталася, бегаць будзе. Галоўнае – выратаваць зрок. Ну, а з твара, як у суседніх вёсках казалі, ваду не піць. Не дзеўка ж ён на выданне.
Марусі, вырашыў хлопец, пісаць пакуль не трэба. Па-першае, яшчэ не скончаныя аперацыі. Па-другое, лепей спачатку дачакацца ліста ад бацькоў – як яны ўспрымуць вестку аб раненні? Маці, канешне, паплача, але ў глыбіні душы будзе ўдзячная ўжо таму, што сын не загінуў. Бацька ўвогуле заўсёды лічыў і дзяцей вучыў, што галоўнае ў жыцці – зямля і праца. Усё астатняе нават размовы не варта. Больш за ўсіх Валодзя спадзяваўся на сястру – тая ўжо, пэўна, здагадаецца адпісаць яму пра Марусю.
Каця не ведала, што ёй рабіць далей. Якім дзіўным гэта б не здалося каму іншаму, пакуль вёска была на акупаванай тэрыторыі, вырашаць жыццёвыя складанасці ёй было прасцей. Уласна кажучы, праблема заключалася толькі ў тым, каб выжыць, паспеўшы схавацца ад чарговага налёту фашыстаў. Але зрабіць гэта ў навакольных лясах з балотамі, усе сцяжынкі ў якіх былі яшчэ ў дзяцінстве пераходжаныя не па аднаму разу з бабуляй, здавалася магчымым, прынамсі, да той пары, пакуль не ранілі Пецю. Самы вялікі жах, мусіць, апанаваў дзяўчыну, калі немцы прывезлі загад аб зборы працаздольнай моладзі для ад’езду ў Германію. Сагнаўшы ўсіх жыхароў вёскі да старога, яшчэ з панскіх часоў млына ля возера, тры каржакаватыя салдаты тыкалі пальцамі ў натоўп, вышукваючы сярод баб і падлеткаў найбольш прывабных дзяўчын – маладых хлопцаў у вёсцы амаль не было: старэйшыя ваявалі ў арміі, астатнія амаль усе пайшлі ў партызаны. Бабы, чыіх дачок павыбіралі фашысты, галасілі па вёсцы, пэўна, тры дні, у перамежках паміж усхліпамі перагаворваючыся, маўляў, ці для працы іх дзяўчаткі трэба. Можа, і да Нямеччыны не давязуць, пазабіваюць па дарозе – казалі ж, з прыгожых жаночых валос іхнія бабы сабе гэтыя, цьфу на іх, парыкі вырабляюць. А ў іх жа ўсе дзеўкі з даўгімі косамі.
Яшчэ цішэй і з большай насцярогай цёткі казалі пра іншае, не прызначанае для дзявочых вушэй: раптам дзяўчынёх на забаву вязуць якімсьці генералам, нацешацца тыя ўволю маладымі целамі, а тады, каго паямчэй, сапраўды на працы адправяць, а астатніх дык і перастраляць нядоўга, як надакучыць.
Кацярыну, у адрозненне ад сябровак, надта ад гэткіх размоў берагчы было некаму, вось і чула краем вуха то там, то тут жаночыя плёткі. Але яе бянтэжыла і палохала нават не гэта. Калі лёс такі, нікуды ёй не дзецца. Але што будзе з Пецем? На каго застанецца дванаццацігадовы брат? У вёсцы ў кожнай хаце сваіх дзяцей хапае, не пойдзе ж ён да чужых людей прасіцца. Адзін таксама малы яшчэ, ці ж ён здолее? Таму і пабегла ноччу да дзядзькі Андрэя з просьбай, каб той забраў да сябе пляменніка, калі Кацю усё ж такі забяруць немцы. На тое, што нехта з фашысцюг пашкадуе брата і дазволіць ёй застацца ў Замосці, дзяўчына і не спадзявалася: у суседняй вёсцы, калі не набралася дастатковай – планавай – колькасці моладзі, немцы расстралялі ўсіх, хто рыхтаваўся да невядомага шляху ў Германію. Няўжо ж яна падвядзе ўсю вёску – тады ўжо ні ёй, ні Пеці не тое што ў роднай хаце, але ва ўсім наваколлі месца не знойдзецца.
Тое, што дзядзька вырашыў паслаць замест Каці родную дачку, яе здзівіла. Ніколі ён асабіста цёпла да іх не ставіўся, як магла памятаць дзяўчына па рэдкіх даваенных, яшчэ калі маці была жывая, візітах таго ў хату бабулі Зосі. Яны і бачыліся апошні раз на яе пахаванні, дзядзька Андрэй з жонкай тады прыехалі на кані, дапамаглі адвезці старую на могілкі. Каця баялася крыху, што ён яе і не пазнае, асабліва ў начной шэрані. Але ж сядзець склаўшы рукі, чакаючы, пакуль у хату за ёй уваляцца немцы, было яшчэ жахлівей. Дзядзька ўсё ж такі не чужы чалавек.
Дзяўчына не магла не зразумець, што нікому ў сям’і Яблонскіх, акрамя іх з Пецем (а яны ж таксама насілі гэтае прозвішча амаль забытага ўжо імі бацькі), такое рашэнне гаспадара недаспадобы. Ёй нават сорамна ў вочы было глядзець цётцы Алене, ды і самой Дусі. Атрымліваецца, яна сястру за сябе немаведама куды падстаўляе. І таму ад прапановы дзядзькі застацца на хутары Каця рашуча адмовілася. Тым больш, і так падазрэнні вызаве дзяўчына, што едзе замест яе, якую ніколі дагэтуль немцы ў вёсцы не бачылі. Выратаваць магло толькі тое, што вёска прамаўчыць, а немцы прыедуць іншыя, не тыя, што былі ў мінулы раз. Дарэчы, думка аб падмене прыйшла ў галаву не толькі Андрэю: Каця бачыла потым, што замест яшчэ некалькі дзяўчын таксама паехалі іншыя, старэйшыя, у каго сястра, у каго братавая.
Так яны з Пецем і засталіся ў бабулінай хаце. Разам з іншымі хаваліся па балотах, калі паспявалі збегчы з вёскі да прыезду гітлераўцаў. Аднойчы, ужо пасля братавага ранення, Каця не дала рады выправіць малога у лес раней, з кастылём, як прызвычаілася рабіць у апошнія тыдні. Калі на ўскрайку Замосця застракаталі нямецкія матацыклы, дзяўчына села на ложак у чыстай хаце, абняла Пецю, на хвіліну зачыніла вочы, але потым спахапілася – ці ж яно дапаможа? І калі ў хату зайшоў пажылы дзядзька, чымсьці падобны з твару на старога кульгавага Хведара, што жыў за рэчкай, Каця амаль супакоілася. Заб’е дык заб’е, затое разам абодвух. Немец, не ўцяміўшы, чаму ў хаце засталіся дзеці, неяк здзіўлена, зусім не грозна запытаў:
– Дзе гаспадар?
– Я гаспадар, – адказала Каця, імкнучыся, каб не надта задрыжэў голас.
Твар у таго зніякавеў, нібы мужчына на імгненнне збянтэжыўся, потым дзядзька кхэкнуў, ці то смеючыся, ці то пагаджаючыся, і моўчкі, больш нічога не дадаўшы, павярнуўся і выйшаў з хаты. Пакуль на двары не зарыпелі веснічкі, Каця, амаль не валодаючы сабой, сядзела гэтак жа моўчкі, з усяе моцы схапіўшы Пецю за плечы. Той, адчуваючы яе стан, таксама не варухнуўся, і толькі праз некалькі дзён Каця ўбачыла на прадплеччы ў хлопчыка сінякі ад яе пальцаў.
Гэта быў адзін з самых напружаных момантаў за ўсю вайну. Увогуле, месяцы, нават гады акупацыі ў яе свядомасці зліліся ў нейкую адну застылую стужку, дзе нават змена года, паварот на лета ці, наадварот, прыход зімовых маразоў значылі толькі тое, што ў лесе з’явіліся чарніцы, якімі можна было падсілкавацца падчас працяглага чакання, ці што Світлаўскае балота падмерзне крыху болей, немцы здолеюць прайсці далей, а нехта кволы не вытрымае нерухомага некалькігадзіннага сядзення пад вывернутым карчом на лютым холадзе. Успышкамі сярод гэтай, здавалася, бясконцасці было толькі некалькі імгненняў. Першае – пабег на хутар па сакавіцкай лясной вільгаці, заблытаных і амаль забытых сцежках, нават тое, як яна распавядала пра нямецкі загад і слухала загад дзядзькі, засталося ў яе памяці меней, чым блуканне ў невыноснай, здавалася, назаўсёднай для яе на гэтым свеце адзіноце паміж мокрага ельніку і голых бяроз.
Потым – Пецева недарэчнае раненне. І таксама ў памяці захаваўся не братаў перакошаны ад болю твар, а яе халоднае, нейкае адчайнае пачуццё недзе ў глыбіні, нібы ў самім страўніку: здарылася нешта немагчымае, непадвольнае не толькі яе слабаму характару, але ўвогуле ўсяму гэтаму звычайна, разумна заведзенаму парадку ў свеце.
Яна не ведала, ці злавацца на брата, ці шкадаваць. У маі сорак трэцяга наваколле крыху сцішэла: партызанскія атрады дзейнічалі на тэрыторыі амаль усёй вобласці, і немцы наязджалі ў вёску радзей. Затое самі партызаны, асабліва тыя, хто быў з бліжэйшых паселішчаў, наведвалі родных, бадай, праз тыдзень. Прыбеглі на дзянёк і ў Замосце. Ці Сцёпка Шпакаў не ўгледзеў, як малодшы Ванька, схапіўшы ягоную вінтоўку, пабег на бліжэйшую за вёскай горку, ці сам дазволіў, каб малы пахваліўся перад сябрамі братавай зброяй, пра тое Каця так і не дазналася. Праз колькі хвілін на пагорку сабралася, лічы, уся хлапечая чарада. Як яны яго круцілі, гэтыя васьмі–дзесяцілеткі, што ўпершыню ў жыцці трымалі ў руках сапраўднае “ружжо”, і чаму ў ім аказаўся той адзіны злавесны патрон? Куля трапіла Пецю ў калена. Перапуджаныя хлопцы за хвіліну данесліся з ускраіны ў сярэдзіну вёскі, але зайсці ў хату да Яблонскіх спужаліся, стоўпіліся ля варот.
– Што? – спытала Каця з нарастаючай трывогай, не заўважаючы сярод дзяцей брата.
– Там… Пецьку раніла, – нарэшце выдавіў з сябе самы старэйшы з іх, трынаццацігадовы Алесік.
– Дзе?
– На ўзгорку, за вёскай, ¬– тут, нібы страсянуўшы з сябе здранцвенне, загаманілі ўсе разам, – пабеглі, хутчэй, хутчэй.
Усё астатняе – як дабегла яна да той ваколіцы, як нехта, ці не той самы Алесік дапамагаў ёй несці дадому Пецю з ненатуральна вывернутай, раскарачанай нагой і белым, нейкім незнаёмым тварам, як Сцёпка прывёз з лесу сталую ўжо дакторку, што была ў іх атрадзе, і яе ціхія, толькі да Каці звернутыя словы: “Калі выжыве, дык гэта будзе проста цуд”, перамыванні па некалькі разоў на дзень бруднай, загноенай раны адварам з сасновых іголак і выскокваючыя з гэтай раны аскепкі косці (куля раздрабіла каленную чашачку, сказала ўрачыха) – усё гэта было ўжо потым, само сабой разумелася і не магло, пэўна, быць ніяк па-іншаму. Дзякаваць Богу, што немцы з’явіліся ў вёсцы толькі ў пачатку кастрычніка, калі па Кацінай просьбе суседскі дзед Рыгор змайстраваў для Пеці кастылі і той, сяк-так навучыўшыся перасоўвацца па вуліцы, мог за гадзіну дапаўзці хаця б да бліжэйшага пералеску.
І яшчэ адно засталося ў яе памяці гэтак яскрава, нібы і зараз стаяла перад вачыма. Апошнія перад падпалам вёскі хованкі ў балоце. Тады ім надарылася бегчы разам з дзядзькам Лёвачкам, нейкім, нават, як памятала Каця яшчэ па бабуліных аповедах, далёкім сваяком з бацькавага боку. Дарэчы, падчас небяспекі калгаснікі не дзяліліся на сваіх і чужых: усе разам беглі за лес, у балота, зважаючы толькі на тое, каб не згубіліся па дарозе ўласныя малыя. Вось ім і выпала хавацца побач з Лёвачкавай сям’ёй. Акрамя дарослых і Каці з Пецем, тут стаіліся яшчэ пяцёра, мал мала меней, мурзатых хлопчыкаў і дзяўчынак. Малодшую, дзесяцімесячную Янінку, цётка Настасся трымала на руках. Пакуль беглі, жахліва азіраючыся назад і насцярожана адшукваючы знаёмую сцежку, і ўладкоўваліся разам у вялізнай варонцы, немаўля маўчала. А тут, нібы назнарок, пачало румзаць. У сакавіцкай, асабліва пранізлівай цішыні дзіцячы енк чуваць было, здавалася, на кілометры вакол. А з-за лесу паціху нарастаў матацыклетны гул: немцы да апошняга, дзе дазваляла дарога, не злазілі з машын.
– Супакой ты яе, чорт пабяры! – не вытрымаў Лёвачка. – Усіх жа выдасць сваім плачам.
Настасся ледзьве не са слязьмі мацней прытуліла малую да грудзей, але тая не супакойвалася – ці то падхапіла прастуду падчас гэтых бясконцых бадзянняў па стылых сакавіцкіх балотах, ці то ўжо рэзаліся ў яе зубкі, і дзіця енчыла, не ведаючы і не зважаючы на ўсе віхуры і трагедыі астатняга бесчалавечнага чалавечага свету.
¬– Дай сюды, – сцяўшы зубы, Лёвачка пацягнуў дачку да сябе. – Давай сюды, кажу.
Настасся моўчкі ўскінула вочы і, здагадаўшыся, навошта муж адбірае Янінку, у сваю чаргу ўчапілася за дзіцячае цельца. У барацьбе паміж бацькамі коўдра расхінулася, і дзяўчынка, адчуўшы холад, закрычала яшчэ мацней.
– Не чапай! – Настасся адсунулася ад мужа і дзяцей, не заўважаючы скіраваных на яе родных і чужых, пашыраных ад жаху – ці перад немцамі, што, здавалася, зараз уваляцца ў багну разам са сваімі матацыкламі, ці ад раптоўнага разумення, што збіраецца рабіць гаспадар, – вачэй. – Я сама адыйду. Калі не супакоіцца і на нас выйдуць, няхай разам забіваюць. А тапіць дзіця – не дам.
Не прамовіўшы болей ані слова, баба павярнулася і, намацваючы дрыжачымі нагамі сцежку, пайшла ў іншы бок – туды, мусіць, ніхто з вяскоўцаў не дабег.
“Божачка літасцівы, што ж Ты дазваляеш рабіць на гэтым свеце!” – ледзь не ўголас прамовіла Каця, прыціскаючы да сябе брата і яшчэ кагосьці, мусіць, меншых Лёвачкавых дзяўчынак, якія, заплюшчыўшы вочы і заткнуўшы вушы, імкнуліся забіцца ўсё далей пад корч, нібы ў спадзяванні, што такім чынам схаваюцца і ад немцаў, і ад холаду, і ад усяго гэнага незразумелага і жорсткага свету.
Потым быў пажар у вёсцы, калі гітлераўцы знішчылі ўсе да адзінай хаты, ўсю жывёліну ў хлявах, якую не паспелі загадзя схаваць па балотах гаспадары. Дзякаваць Богу, нават нямоглыя, амаль паралізаваныя, даўно перажыўшыя свой век старыя, паспелі дакульгаць да лесу ¬– зажыва ў Залессі не згарэў ніхто. Вярнуўшыся на папялішча, людзі дарэмна імкнуліся адшукаць хоць што-небудзь з напамінкаў пра былое жыццё. Але Каця амаль не шкадавала, што не здагадалася закапаць дзе-небудзь на гародзе ні бацькоўскія фотакарткі, ні матчын вясельны вэлюм, ні адзінкавыя манеты, што збірала ў анучцы за абразамі бабуля Зося. І абразоў не засталося, аніводнага. Нічога і нікога ў іх з Пецем болей не было на ўсім белым свеце, акрамя адзін аднаго. Прынамсі, менавіта так здавалася ўвесь апошні пасля знішчэння вёскі год, які правялі яны ў партызанскім атрадзе.
А зараз у іх з’явілася будучыня. Але што з ёй рабіць, Каця не ведала, тым болей не разумеў гэтага чатырнаццацігадовы скалечаны Пеця. Зразумела было толькі тое, што трэба будаваць зямлянку, каб было дзе жыць, а дзеля гэтага перш за ўсё трэба ёй ісці працаваць. Калгас яшчэ не аднавілі, да горада далёка, і ўсё, што ёй пакуль заставалася, – пайсці ў падсочку. Можа, хоць лес хутчэй выпішуць. А калі пашанцуе і хоць якія грошы з’явяцца, першай справай трэба купляць карову. Бабуля заўсёды казала, без каровы гаспадаркі няма. Кароўка – карміцелька, і малака дасць, і масла зробіш, і без смятаны не застанешся. Яны ўжо забыліся за чатыры гады, што гэта такое, амаль гэткае ж далёкае і недасягальнае, як цукеркі-ледзянцы, якімі каштавала яшчэ маці. Але, казаў той, было б мяса – косці нарастуць. Добра, да неверагоднасці добра ўжо тое, што гэтыя самыя косці ў Пеці нейкім неверагодным чынам усё ж зрасліся. Канешне, кульгаў хлопчык на параненую нагу моцна, пра тое, што калісьці яшчэ яму давядзецца бегаць, і марыць было нельга. Але Каця на ўсё сваё жыццё запомніла слова той немаладой ужо дакторкі-яўрэйкі – сама яна, казалі, адразу пасля вызвалення з’ехала шукаць маці і сына, якія заставаліся падчас акупацыі недзе пад Магілёвам, і мужа, які пайшоў на фронт адразу ж, у чэрвені сорак першага, і пра якіх яна не ведала нічога ўсе тры з лішнім гады. “Калі ён выжыве, гэта будзе проста цуд”, – сказала тады жанчына.
І ён – выжыў.
1947.
Як вяртацца дадому, ён не ведаў. Што сказаць бацькам – дзе ён быў тры гады пасля вызвалення? Чаму не пісаў? Але гэта нават не галоўнае. Дзе ён быў падчас вайны? Колькі гітлераўцаў знішчыў сваімі рукамі і кулямі, дапамагаючы наблізіць Перамогу?
Магчыма, лепей увогуле забыцца на тое, што ў яго ёсць – быў – дом. З’ехаць туды, дзе ніхто не ведае яго і не ведае, што такое твая заваяваная іншаземцамі зямля, там не будзе ўспамінаў пра спаленыя вёскі і забітых дзяцей, пра такіх, як ён. Здраднікаў – паліцаяў.
Бацька не даруе. Маці… На тое яна і маці. Але ў тым, што астатнія ў сям’і не зразумеюць, Алёша амаль не сумняваўся.
Ён адказаў за тое трыма гадамі высылкі на Поўнач. За што? За блытаніну першых дзён, калі камандзіры не ведалі, куды адступаць; за жах перад першым жывым немцам, якога ён убачыў, – жах ад разумення, што зараз яго заб’юць і што ён не здолее забіць першым; за імкненне выжыць нават цаной здрады.
Зборы, на якія студэнтаў-чацвёракурснікаў адправілі пасля датэрмінова здадзеных экзаменаў, меліся быть пад Баранавічамі. Прыехалі яны ў вайсковую частку, мусіць, за тыдзень да пачатку вайны – толькі што стрэльбы ў вочы пабачылі ды навучыліся маршыраваць у нагу.
Яны нічога не ведалі і не разумелі, але гэтак жа не разумелі, што рабіць, і афіцэры, якія былі ненашмат старэйшыя за саміх студэнтаў – старлеі, скончыўшыя вучылішчы некалькімі гадамі раней. І таму ў сумятні першых тыдняў, ажно пакуль яны не давалакліся да гомельскіх балотаў, не раз і не два здаралася, што ў кагосьці з камандзіраў здавалі нервы і загады прыходзілася аддаваць учарашнім жаўтароцікам. Пад Лельчыцамі, здалося, пашанцавала ¬– яны натрапілі на астаткі сапраўднага батальёну. Але ўжо праз пяць дзён і ваенных, і грамадзянскіх чакаў палон.
Алёша на ўсё жыццё, здавалася, запомніў твар хударлявага, нібы стомленага ці хворага нямецкага пераводчыка, які манатонна, нібы заведзены, паўтараў для кожнага з савецкіх словы, што былі зразумелыя і без яго, па пякучай нянавісці, з якой цадзіў іх чужынец-афіцэр, перабіраючы дакументы, выцягнутыя з кішэняў кожнага:
– Камуніст?
Усіх, пры кім знайшлі партбілеты, расстралялі адразу, на вачах у астатніх. Камсамольцам літасціва прапанавалі выбар ¬– рушыць услед за забітымі або прызнаць законнасць новай улады на былых савецкіх (гэтае слова нібы муляла немцам язык не меней за “камуніста” ) терыторыях і пагадзіцца верай і праўдай служыць гітлераўскаму рэжыму.
З усіх – а іх засталося чалавек пятнаццаць – толькі тры здолелі добраахвотна падставіць сябе пад кулі.
Астатнія выбралі жыццё. Так, амаль ніхто з іх не верыў – а яны неаднойчы ў гарнізоне потым разважалі пра свой учынак – бадай ніхто не пагаджаўся з думкай пра тое, што беспрынцыпна здрадзілі таму, чаму вучылі іх усё свядомае жыццё – бацькі, настаўнікі, выкладчыкі ўніверсітэта, песні па радыё – лепшай у свеце Радзіме і любові да яе. Калі табе ўсяго дваццаць, якая розніца, на зямлі Бацькаўшчыны ты будзеш валяцца з прадзіраўленай патыліцай або ў далёкім Фатэрляндзе, да якога абавязкова дойдуць нашыя сумленныя салдаты. Дойдуць і перамагуць. Так, ён верыў у гэта. Ён як мог спрабаваў пазбегнуць удзелу ў карніцкіх аперацыях. Страляў крыху ўбок. Не выцягваў дзяцей, што хаваліся ў падпечку. Не выдаваў маці, якія імкнуліся засланіць сабой гэтых самых малеч. Калі паліцаі ездзілі па вёсках, збіраючы моладзь для працы ў Германіі, ён ніколі не выбіраў самых прыгожых і маладых дзяўчат – памятаючы, што недзе засталася Дуся.
Пасля вызвалення ён сам прыйшоў з павіннай, бо хавацца ад людзей і надалей – у яго не хапіла моцы. Лепей было сумленна прызнацца, чым баяцца, што аднойчы, калі будзе – ну, будзе ж калісьці ў яго жонка, няўжо ніводная дзяўчына не здолее зразумець, што ён невінаваты, невінаваты, разумееце – жонка, калі народзяцца дзеці, калі бацькі будуць лічыць яго салдатам-пераможцам, праўда вылезе вонкі.
І ён прызнаўся сам. Атрымаў пяць гадоў пакарання. На Поўначы. З амністыяй, за прыкладныя паводзіны і добрую працу яму скарацілі тэрмін.
І вось зараз ён вяртаецца дамоў. Навошта? Магчыма, трэба было заставацца там, некаторыя з былых паплечнікаў па высылцы гэтак і рабілі, нават, хто пабайчэй, жаніліся на мясцовых дзяўчынах і заставаліся працаваць на вольным хлебе. Іншыя выбіралі Сібір, ехалі ў далёкія, чужыя мясціны, дзе ніхто не ведаў пра іх мінулае. Але ж ці магчыма, у каго хопіць мужнасці скрываць усё жыццё памылку, выправіць якую – яшчэ тады – можна было таксама толькі цаной жыцця…
Ён хацеў пабачыць маці. І бацьку – хоць і разумеў, што цёплы прыём яго наўрад ці чакае. Усе тры гады ён марыў дакрануцца рукой да бярозак, што садзіў разам з Валодзем на падворку. Пайсці па баравікі. Папіць самай лепшай у свеце вады з роднай крыніцы.
А потым – калі бацькі не прымуць, не зразумеюць, не даруюць – магчыма, ён таксама паездзе у белы свет, шукаць – не, не шчасця, хаця б спакою і заглушэння пачуцця віны…
Няўжо нарэшце яна амаль дома? Дуся пераклала дачушку з адной рукі на другую і на імгненне прыцішыла хаду. Вось ужо зараз за бліжэйшым узгоркам будзе вёска. А адтуль амаль рукой падаць і да роднага хутара. Якімі цяжкімі здаюцца гэтыя апошнія крокі. І колькі ж гэта ішла яна дамоў... Два тыдні? Не, амаль пяць гадоў. Што чакае яе на парозе бацькоўскай хаты? Маці – ну, тая, вядома, паплача, але сцішыцца і даруе. Бацька – прыме дзіцёнка таксама, не той у яго характар, каб папракаць малое нізавошта. А вось што скажа ёй…
Не бачыла жанчына за сабой віны, не адчувала. Але хто ведае, ці павераць ёй родныя. І нават калі і так, па вёсцы ўсё роўна пойдуць плёткі, што прыехала з Нямеччыны ўдовая кабета з немаўлём на руках. Адкуль яму ўзяцца было, чаго адразу дадому не вярталася, каго чакала–кахала?
Ат, не было б той болей бяды, як чужыя перабрэхі, рашуча адштурхнула ад сябе дрэнныя думкі Дуся і пашпацыравала ў вёску.
Вунь, глянь, дзеўка стаіць з пустымі вёдрамі, дарогу не хоча ёй пераходзіць, лепей бы хуценька вады набрала ды назад вярталася – Дусі на добрае, успомнілася прыкмета. Дык гэта ж…
– Ну, здаравенька была, сястрычка, – першай вымавіла старэйшая з дзяўчат.
Каця адразу не зразумела, хто гэта звяртаецца да яе з такім незвычайным прывітаннем, каму гэта яна сястрычка, акрамя Пеці. Угледзелася, каго ж гэта яна ўважыць хацела, стаяла з каромыслам на плячах ля веснічак, пакуль пройдзе незнаёмка, – і ледзьве не ахнула.
– Дуся, ці ж гэта ты?!
– А што, непадобная? – усміхнулася ў адказ тая.
– Ну… – Каця не ведала, як падалікатней адказаць. – Схуднелая ты надта…
– У хату запросіш? – папыталася Дуся. – Марту пакарміць трэба, на жары самлела дзіцятка.
– Канешне, – схамянулася Каця, міжволі чырванеючы, быццам гэта яе дачку трымала на руках сястра. – Толькі хаты пакуль няма… Зямлянкі яшчэ ў нас. Ну, то, хадзем і праўда, раскажаш… – Дзяўчына снова запнулася. Як-ніяк, Дуся з-за яе аказалася і ў Германіі, і, атрымліваецца, з дачкой…
– Не вінавацься, Каця. Тваёй віны няма, – зразумеўшы, пра што падумала сястра, супакоіла Дуся. – Тата ўсё правільна тады вырашыў. Нельга цябе было пускаць.
– Страшна было? – ускінула на яе спалоханыя вочы дзяўчынёха.
– Ну, спачатку і страшна, мы ж не ведалі, куды нас – ці то ў лес паблізу, ды там і пакінуць, ці ў пасцелі да генералаў іхніх, ці ў лагеры тыя… канцэнтрацыйныя.
– Дык дзе ж ты была? – апынуўшыся ў родных сценах, Каця нібы паспакайнела крыху, дастала з печкі чугунок, пачала ставіць на стол міскі з той-сёй закускай.
– Працавала спачатку на ферме – гэта ў іх так звычайныя нашыя гаспадаркі завуцца. Там нас было некалькі дзяўчат. Гаспадар не надта благі быў, з жонкай на дваіх у іх ферма. Сын у яго у першую сусветную загінуў, нявестка замуж выйшла па новай, унукаў не было. Ну, то яны да нас нядрэнна ставіліся.
Каця недаверліва глянула на сястру, і Дуся, заўважыўшы позірк, запэўніла:
– Так, людзі ўсюды аднолькавыя, і сярод немцаў таксама сустракаюцца.
– Ну… мусіць, – Каця раптам успомніла старога, што заходзіў да іх у хату, калі яны з Пецем не паспелі схавацца ў лесе ад чарговага наезду гітлераўцаў.
– А потым дзед памёр… шкада нават крыху было, ведаеш, – уздыхнула Дуся, – і нас на завод адправілі. Па вырабу ёлачных цацак.
– Чаго? – не ўцяміла Каця. – Нашто ім у вайну тыя цацкі?
– Гэта тут вайна была, у нас. А яны жыццю радаваліся… Мы вось адны Каляды сустаракалі яшчэ ў гаспадара – усё як мае быць. Служба вячэрняя ў царкве – кірха па–іхняму, вячэра з гатункамі рознымі. Ды і ёлка, дарэчы, хоць і старыя абодва, а туды ж – гірляндаў па ўсёй хаце панавешвалі, ліхтарыкі рознакаляровыя – я такіх і не бачыла раней ніколі.
– А потым? А… дачка ў цябе адкуль? – саромеючыся, кіўнула галавой у бок ложка, на якім пасопвало ўжо накормленае і распранутае дзяўчо, Каця.
– Адкуль-адкуль… адкуль дзеці і бываюць. Ад кахання, – сумнавата ўсміхнулася Дуся. – Ды не, не ад немца, ад нашага.
– А дзе ж ён падзеўся? Чаму ты адна прыехала? І толькі зараз?
– Таму і прыехала, што няма яго болей, – пасуровела, зніякавела Дуся. І быцца здалася старэйшай за свае – колькі ж гэта ёй, мільганула ў Каці думка, ужо, мусіць, за трыццаць. У такім узросце і праўда пра дзіця варта думаць, дзе на іх цяпер жаніхоў набярэцца, дзевак іх пакалення, пасля гэткай навалы. Вунь Валодзя вярнуўся, няхай сабе і пакалечаны, усё ж колькі тых аперацый не рабілі, а прыгажосці не вернеш – і тое Маруся з радасцю замуж пайшла, бо, можа, і не браў бы ніхто болей. А Каця… Не, лепей пра Колю не думаць, усё роўна не вернеш нічога, і зрабіла яна правільна, і ўвогуле. Зараз трэба яшчэ з сястрой пагаманіць, яе паслухаць, ды і навіны ўсе распавесці, яна ж, мусіць, не ведае, ні пра Валодзю, ні пра Алёшу, ні пра маці… Потым сваю рану вярэдзіць будзеш, адзёрнула ў думках сама сябе Кацярына. А Дуся быццам і не заўважыла цішыні, што запанавала ў хаце, глядзела некуды невідушчымі вачыма, у якіх нават слязінкі не было. Але нешта цяжкое, цёмнае, хваравітае так і плёскалася ў яе і без таго амаль да чарнаты цёмна–сініх радужках. І ў каго ў яе такія вочы, са здзіўленнем падумала Каця, раней быццам і не было. І ўся яна нейкая… іншая сталася. Ці то дзіця змяніла так, ці што іншае.
– Ён лейтэнант быў. Калі гарадок …наш… вызвалялі, іхняя частка чамусьці далей не пайшла, тут засталася – дык гэта ўжо напярэдадні амаль Перамогі было, нас амаль да сярэдзіны Германіі загналі, – як быццам з паўслова працягваючы, раптоўна Дуся загаварыла. – Ён мяне адразу ўпадабаў. Ды і я… Ён прыгожы… І разумны. Да вайны паспеў вучылішча вайсковае скончыць, у Разані – ён і родам адтуль. Вучоны. З сабой – з яго палова салдат смяялася – усюль кніжкі вазіў. Я там у яго столькі перачытала – за ўсё жыццё не ведала…
Яна зноў замаўчала, нібы збіраючыся з сіламі, ці наадварот надта пагрузілася ў мінулае, забыўшыся, здаецца, і на Кацю, і нават на дачушку. Маўчалі абедзве і яны, Каця – баючыся спалохаць тое, што па ўсім відаць, Дусі было цяжка ўпершыню расказваць на радзіме, а дзяўчынка мірна спала, нават яшчэ і не здагадваючыся, пра што кажа маці.
– Яго пасля Перамогі пакінулі служыць яшчэ там, у тым жа гарадку спачатку, а потым перавялі ў Дрэздэн – гэта вялікі горад, можа, як наш Мінск будзе, а то і болей. І я за ім паехала следам. Я ўжо тады цяжарная была. А распісваць нас не хацелі, бо ў мяне дакументаў на руках не было аніякіх. Ды і ўвогуле…
– А чаму Мартай назвалі? Гэта ж… як нямецкае імя… – ціхенька прашаптала Каця.
¬ ¬– А ў яго маці была настаўніцай нямецкай мовы. У яе нехта там калісьці быў з продкаў у радні таксама ці то з Прусіі, ці з Эстоніі. Таму яна і вучыцца пайшла, хоць гэта і скрывалася ўсё, ты ж ведаеш… ат, дзе ты ведаеш, ты ж малая яшчэ была да вайны, не памятаеш, як за радню ўсіх трэслі, дзіва што нас яшчэ разам з цёткай Анютай разам за кулакоў не прыхапілі ды ў тую Сібір не звалаклі. Ну, вось, маці на настаўніцу вывучылася, яшчэ да рэвалюцыі, у гімназіі, пэўна. А бацька ў яго быў чэкіст. І ў трыццаць сёмым яго забралі. І маці забралі. А ён на тую пару ўжо ў вучылішчы быў, і вучыўся выдатна, таму яго і абмінулі. Але бачыш, па службе не давалі расці. Ён ужо мог і маёра атрымаць – а нават капітана не давалі.
Ну, дык вось, і маці марыла пра дзяўчынку, калі народзіцца, абавязкова чамусьці Мартай назваць. У іх дамоўленасць была з бацькам. Сына бацька называў – Дзмітрый. Міця. Як у Буніна. Бунін, – заўважыўшы Кацін здзіўлены позірк, растлумачыла Дуся, – гэта пісьменнік рускі. Пасля рэвалюцыі за мяжу з’ехаў, не прымаў Савецкай улады, значыць. А ў яго герой ёсць – Міця. Да, недзіва, – сама сабе хмыкнула дзяўчына, нібы не заўважаючы Каці, размаўляючы сама з сабой, – што такога чэкіста да сценкі паставілі.
Ну, вось, а калі б дзяўчынка – тады Мартай. Толькі дзяўчынкі ў іх не было. Яшчэ хлопчык нарадзіўся, Георгій, Жора, гэты, як у Лермантава, але памёр хутка, два гады было. Гэта Міця мне ўсё расказваў. Ён шмат чаго мне гаварыў, ён увогуле… надта раскрыты для людзей быў. А так нельга…
І таму, калі ў нас дачка нарадзілася, мы вырашылі, няхай сабе і Марта. Маці б парадавалася… Дзе тая маці… Бацьку дакладна ведалі, што расстралялі, а яна нібы знікла без следу… Ці жывая… Мусіць, не…
Ты не думай, – глянула на Кацю сястра, – ён на сябе Марту запісаў. У яе і імя па бацьку ягонае, і прозвішча. Яна – Юнькова. Юнькова Марта Дзмітрыеўна. У мяне і метрыка ёсць. Паказаць?
– Навошта? – паціснула плячыма дзяўчына. – Думаеш, я табе не веру?
– Ты-то, можа, і верыш… А вось іншыя…
– А ты пра іншых не думай, Дуся. Ім да твайго жыцця справа невялікая, сёння пляткараць, назаўтра забудуцца, новы хто знойдзецца на іх языкі. Ты сваім розумам жыві… – сумна заўважыла Каця.
– Маеш рацыю… – з начаканай для сябе самой павагай пагадзілася Дуся – а мусіць, не такая ўжо яна маладая ды някемлівая, яе малодшая сястрычка, дзякуючы якой, атрымліваецца, так і склаўся яе, Дусін, знешне не надта зайздросны лёс. Ну, які б то ні быў, іншага ёй не трэба. І мяняць яна б нічога не стала, і Марту б нікому не аддала, і Міцю яна любіць. Любіць! Нягледзячы ні на што. І дачакаецца. Раз ён сказаў, што знойдзе, ён – знойдзе. Колькі б часу ні прайшло. Вайны няма болей. А усё астатняе перамелецца неяк…
Каця нічога не пыталася, і Дуся працягвала расказываць нібы сама сабе.
¬– А потым, яму ўжо даслужыць толькі крышку заставалася, мы і думалі, скончыцца яго тэрмін там, вяртацца будзем на радзіму, – а раптам сябра яго арыштавалі. Не ведаю нават за што. Вось за размовы, відаць, лішнія, не з тымі людзьмі, з кім варта было. А Міцю, значыць, за кампанію.
¬– А чаму ж ты не пісала нічога? Цётка тут… – змоўкла Каця.
– Я пісала. Мне адказаў не было. Я дадому пісала. А мне нічога не вярталася. Іншым, ведаеш, дык назад лісты прыходзілі – не дайшло да адрасата, а мне – увогуле нічога… І што думаць, не ведала. Ну, расказвай цяпер ты. Як вы перабылі? Дзе твой Пеця? Як мама з татам? Дзе Валодзя? Алёша? – Дуся сыпала імёнамі, нібы прачнуўшыся. Яно так і было ў нейкім сэнсе – выгаварылася, душу вызваліла-выслабаніла, і цяпер ёй прагна, амаль нясцерпна захацелася хутчэй, хутчэй пачуць, даведацца, а што ж было тут, дома, пакуль так пакручаста і незразумела віхурыўся яе ўласны лёс за тысячы кіламетраў ад родных мясцін.
– Пеця… Пеця дома. Ну, зараз недзе, мусіць, на рэчцы, а так – дома, пры мне. Яго раніла ў вайну, кульгае зараз на адну нагу, дзякуй богу, што хоць без палкі хадзіць можа.
– Бедны хлопчык! А нашы, нашы як?
– Валодзю таксама раніла, твар папсавала аскепкамі гранатнымі.
– Моцна?! – ахнула Дуся.
– Бачна. Колькі ён ужо ў тых шпіталях навылежваўся… А што ўрачы… Свой нос не прыладзяць… жаніўся ён, праўда, на сваёй Марусі. Зараз у Мінску яны, ён, казаў дзядзька Андрэй, служыць там… але не лятае болей. Перажывае за тое моцна...
¬– Ну, а Алёша?
– Алёша во нядаўна, якраз перад табой зноў прыязджаў. Але не надта ў яго з бацькам заладзілася, не дадуць яны рады адзін другому.
– Чаму?
– Я сама не ведаю добра, Дуся, але за нешта дзядзька на яго сярдуе моцна – ну, дадому прыйдзеш, табе раскажа. – І, нарэшце, збіраючыся з духам, Каця вытаўкнула з сябе словы. – Дуся, цёця Алена памерла.
– Як… Як памерла… – не ўцяміла адразу сястра. – Мама? Памерла? Да ты што? Не можа быць! Не можа… Мама…
– Яна цябе вельмі чакала. Ад цябе ж нічога не было ўсё гэтыя гады. Мы не ведалі, што і думаць, – пра тое, як малілася па начах сама, толькі б сястра вярнулася дамоў, Каця змаўчала – яе так і не адпусціў сорам ні перад самой Дусей, ні перад цёткай, якая, здавалася неаднойчы, так да смерці і не даравала ёй, што прыйшлося выправіць у невядомасць дачку замест пляменніцы.
– А тут яшчэ ў Валодзі такое… І Лёша з бацькам сварыліся. Вось яна і згасла…
– Даўно? – зглытнула камяк у горле Дуся.
– Па восені, пасля Пакрова.
Па восені… Мартачка толькі нарадзілася. А зараз чэрвень…
Мамы няма. Мамы, на падтрымку якой яна так спадзявалася. Няма мамы. Мамы няма. Дуся механічна паўтарала пра сябе словы, якія быццам страцілі сэнс, і так і не магла прымусіць сябе да канца ўразумець іх. Як гэта – няма мамы? Так, калі з’явіўся Міця, і жыццё перайначылася, і быццам нанова адкрылася ёй не толькі ў сваёй прыгажосці прыроды, якую яна змалку звыкла заўважаць у пасядзённым жыцці, у тых жа ягадах, сенакосе, жніве, але і ў кнігах – яна неяк адыйшла ад успамінаў пра бацькоўскі дом, яны ўжо не адзываліся ў ёй тым нясцерпным, амаль фізічным болем, як на пачатку, у цягніку, што вёз іх, здавалася, у нікуды, як у чыстай, прыгожай нават хаце гаспадароў-немцаў, дзе ў іх на траіх дзяўчат быў нават асобны пакойчык і дазвалялася карыстацца душам – але гэта была чужая хата, чужыя пахі, колеры, нават сны там ёй сніліся пра свой Яблонскі хутар амаль штоночы…
А цяпер, калі ўсё, што ў яе засталося, – гэта бацькоўскі дом… Мамы болей няма…
Цішыню перарэзаў дзіцячы енк – Марта прачнулася і зарумзала, мусіць, мокрая, машынальна адзначыла пра сябе Дуся.
У яе больш няма мамы. Цяпер ёсць Марта. Нібы замест…
… Каця правяла сястру за вясковую ваколіцу і нават яшчэ крыху прайшла далей, узяўшы на рукі Мартачку і аднекваючыся ад Дусіных спроб забраць дачку – яшчэ наносіцца, а ёй папеставаць дзяцятка ў радасць. І, пацавалаўшы на развітанне і малую, і саму сястру, памахаўшы ўслед рукой, пакуль жаночая постаць не схавалася-растварылася ў светлым бярозавым лесе, раптоўна для самой сябе павярнула не назад, а на бакавую дарожку, што вяла да могілак. Чаму ёй так захацелася зараз пасядзець разам з бацькамі, яна б і сама не ўцяміла. Не надта даўно, на Радаўніцу была, здаецца, і прыбраныя там іхнія крыжыкі, і вакол пасмецена мінулага года лісце, а зараз, пэўна, і сунічнік ужо цвіце на абодвух земляных узгорачках. Дзіва, але кветкі неяк самы прыжыліся на татавай і мамінай магілках – і першацвет, і нейкія дробненькія невядомыя блакітненькія, падобныя на маленькія вочкі, і вось табе нават і суніцы выклюнуліся. Затое у бабулі нічога не расло, хаця Каця ўжо не аднойчы і дзёрнам абкладала, і сама спрабавала перасаджваць з гарода кветачкі – і магіла ўжо не надта свежая, а глянь ты – не хочуць…
Сем гадоў прайшло. З іх амаль палову, лічы, забрала вайна. Няма болей на каго разлічваць-спадзявацца, ды Каця і прызвычаілася. Гэта адразу пасля бабулінай смерці было цяжка, страшна, нязвыкла, яны нават начаваць баяліся ўдвух, то Каця якую сяброўку звала да сябе, а калі аставаліся адны, клаліся на адзін ложак, тады было хоць крыху ўтульней. У вайну ўжо не да дзіцячых жахаў было. А потым Каця і думаць пра гэткі смех перастала. А вось, бач ты, успомнілася нешта…
Што б сказала бабуля на яе паводзіны? Каця амаль не помніла тату, так, нейкімі двума-трыма асобнымі момантамі. Ды і мама засталася ў памяці болей светлым шкадаваннем, чым словамі або дзеяннямі. А ўсё, чаму паспела яна навучыцца за сваё хуценькае дзяцінства і караценькую юнацкасць, дала ёй бабуля. І таму ўсе свае намеры Каця нібы звярала з ёю, ці пагадзілася б тая. Часам – смешна нават прызнавацца камусьці – але калі-нікалі дзяўчына нават прасіла пра сябе, каб бабуля прыйшла ў сне ды штосьці сказала.
Чамусьці зараз думалася Каці, бабуля б яе ўхваліла.
Яна не стала распавядаць Дусі пра сваё жыццё-быццё – ды і што казаць, усё навідавоку. Хату варта ставіць новую, на яе грошы трэба. Пеця няхай, можа, яшчэ годзік дома пабудзе, а потым, пэўна, прыйдзецца да старшыні ісці, прасіць, каб работу якую яму знайшлі, хоць кім у калгасе, бо не здолее яна адна і далей на сабе ўсё цягнуць. Ды і што б Дуся ёй адказала, яна і так нібы агаломшаная звесткай пра маці сталася, а ёй і без таго сваіх перажыванняў хапае. Таксама во… доля.
А Каці – што ўжо цяпер казаць. Калі што і было, тое сплыло. Назад не вернеш, ды і навошта, усё роўна па-іншаму яна б не перарабіла. І калі хто не разумее – ці варта апраўдвацца?
Вось і ён… не захацеў нават… разумець.
Летась прыехала ў вёску брыгада салдат – дапамагаць аднаўляць ферму, ды іншыя калгасныя пабудовы. Амаль паўгода кватаравалі яны па мясцовых хатах – ну, так, з мая па верасень, бадай. Захар Васільевіч, старшыня, нават да яе, Каці, хацеў накіраваць кагосьці – маўляў, знойдзецца жаніх табе, дзеўка. Але яна жартаў не прыняла, адмовілася – як гэта яна, адзінокая дзяўчына, пусціць начаваць да сябе няхай сабе нават і дарослага мужчыну, былі сярод начальства іхняга салдацкага і такія. Гэта ж сораму на ўсю вёску не абярэшся! Міжволі Каціны думкі вярнуліся да Дусі – адчайная яна ўсё ж такі, Каця б так ніколі не змагла, пэўна. Хаця Дуся ж ужо і да вайны замужам паспела пабыць. Але ўсё роўна. Як яе там дзядзька Андрэй сустрэне? Шкада Мартачку толькі – ці ж яна ў чым вінаватая. А такая дзяўчынка добрая, і спакойная, і прыгожанькая… Добра, мусіць, мець дзіця ад таго, каго кахаеш. Няхай сабе і яго вось побач няма – а вось яна, нітачка, што звязвае. Глядзіш, і праўда прыедзе, знойдзе яе тата Міця, абавязкова адшукае, няўжо яму такая цудоўная дачушка непатрэбная акажацца.
А вось яна, Каця, нікому непатрэбная. Толькі падалося ёй на імгненне нешта іншае. Але менавіта – падалося…
Быў сярод салдат і Коля. Высокі, статны, ладны – усё пры ім. І праца ў яго любая ў руках ладзілася, за што ні возьмецца, ці то малаток, ці рубанак, ці хай сабе і лапата – так, салдаты яшчэ і бульбу калгаснікам дапамаглі паўбіраць напрыканцы свайго… візіту, хаця колькі там тае бульбы было, і самі б управіліся. Але што ж, самі прапанавалі старшыні, за два дні ўсю работу выправілі.
І на танцах ён сярод першых. От, дзяўчаты хоть наплясаліся ўволю за тое лета, мусіць, на ўсе астатнія гады наперад – дзе яны яшчэ і калі столькі хлопцаў набяруцца?
Нават цёткі-суседкі казалі – Каця, не гняві Бога, ён жа з цябе вачэй не зводзіць. Ну, наконт вачэй Каця не ведала, сама на яго надта часта пазіраць саромелася, вядома, але што запрашаў яе на ўсялякія полечкі Коля часцей, чым каго, ды і праводзіў адну яе – што было, тое было.
І праводзіў, і ля веснічак абдымаў, і стаяць гатовы быў хоць да раніцы, пакуль яна сама не спахопіцца – колькі ж ужо можна, суседзі ўсе вочы праглядзяць з-за вакон, ды пляткарыць потым будуць, а ёй з імі жыць…
Ды ён зваў жыць з сабою. У сваю гасцінную Украіну, адкуль родам быў. Маўляў, калі Каця з ім паедзе – ён для яе і дом, і ў дом, і дзеткі будуць як кветкі, і кахаць адну яе назаўсёды. І можа, так бы яно і было. Але не магла яна кінуць Пецю. Ну, яму ж толькі шаснаццаць гадкоў! І нага яшчэ… Ладна б, здаровы быў, можа, яна б яшчэ падумала, павагалася. А так… І нікога няма. Ну, хто за ім глядзець стане, акрамя яе? Зноў да дзядзькі Андрэя бегчы прасіць? Каця і так баялася сустракацца лішні раз з цёцей Аленай, хаця нават яна неаднойчы ў тое лета казала, суцішаючы ўнутраную скруху па знікшай недзе дачцы: “Каця, дзяўчына, няхай ужо хоць у цябе ўсё наладзіцца, навошта вам тое вяселле ладзіць, сышліся б, у сельсавет схадзілі распісаліся, ды і жывіце на здароўе ды хай Бог дзетак дае…”
А Коля не хацеў сюды ехаць заставацца. Яго таксама зразумець можна – дома маці адна, бацька на фронце загінуў, яшчэ пад Курскам, ды сястрычкі дзве малодшыя. Але ж… крыўдавала Каця, не паказвала, але крыўдавала. Яму сястрычкі, значыць, важныя, дарагія, пра іх думаць-хвалявацца трэба, а ёй Пеця – што, не родны? Ды ў яе і няма болей нікога ў цэльным свеце, куды яна яго пакіне. А з сабой забіраць брата Коля не прапаноўваў. Ну, яна і не пыталася сама, навошта ж казаць, калі і так зразумела, не патрэбны яму лішні клопат. Толькі Каці братачка – не клопат, і тым болей не лішні...
На тым і паднялася з прымагільнай лавачкі дзяўчына, у каторы раз пераканаўшы сябе, што зрабіла правільна, адмовіўшыся ехаць за каханым. Бабуля б яе ухваліла.
Але лягчэй на сэрцы чамусьці ад гэтага не стала.
Эпілог. 1952.
Пад вечар Каця так стамілася, што не магла ўжо даць скаціне рады – карову даіць пайшоў Пеця. Паставіўшы ў калідоры бідон з парным малаком, моўчкі некуды знік. Ну, то і добра, няхай таксама падумае, паразважае сам-насам з сабой, як-ніяк лічы, апошні халасцяцкі вечар у хлопца.
А ў яе – апошні вечар, калі яна гаспадыняй у хаце. Ну, пакуль яшчэ заўтра-паслязаўтра вяселле будзе ладзіцца, канешне, завіхацца пры кухні ёй прыйдзецца. Але наступнай раніцай устане новая гаспадыня свае парадкі наводзіць.
Каця яшчэ раз у думках перабрала, ці не забылася яна што напярэдадні свята. Гарэлка схаваная ў падполе, там жа і паляндвіца – добра, што яшчэ шматок заставаўся з восені, ну і зараз кабанчыка забілі, дзеля такога выпадку, ды Пеця засмажыў. Усё ж такі хораша, што вяселле летам ладзіцца – якая-ніякая ўжо і бульбіна свая ёсцека, і гуркі крыху паспелі, тое-сёе Каця яшчэ і прыкупіла ў калгасным магазіне. Каравай, хоць суседкі і адгаворвалі – маўляў, гэта нявесцін клопат, але Каця ўсё роўна папрасіла цётку Настассю, тую самую, з якой у балоце разам хаваліся ў вайну, каб зрабіла – тая славілася на ўсю вёску сваімі булкамі, і прыгожыя, і смачныя, толькі прынясі яйкі ды муку, а яна ўжо такі цуд з печы дастане, і як у яе атрымліваецца – дзіву даешся.
Курыцам сваім галовы скруцілі – таксама не лішняя закуска будзе, гасцей жа набралася – толькі з іхняга боку амаль пад трыццаць чалавек. Дзядзька Андрэй, ды Валодзя з жонкай, ды Дуся з Міцяй – глянь ты, як жа ён акурат у час вярнуўся, нібы знарок пад вяселле прыладжваўся. А колькі ж ужо гэта гадоў прайшло, шэсць ці, можа, сем ужо, Маша – нібы і не было ніколі Марты, усе дзявочае імя перарабілі на мясцовы лад – на наступны год ужо ў школку пойдзе. Ну, то і добра, якраз у пару прыехаў бацька, Дуся ўжо, мусіць, і чакаць перастала, а ён во вынайшаў-такі іх з дачкой. Значыць, кахаў па-сапраўднаму, калі праз столькі гадоў не забыўся і на жонку сваю нявенчаную, і на дзіця сваё гаротнае. Як там яны з дзедам паразумеліся, Каця надта не ведала, але што дзядзька Андрэй не надта хораша ставіўся да дачкі пасля яе прыезду, было ясней яснага, не аднойчы Дуся прыходзіла ў вёску з цвёрдым намерам прасіць старшыню, каб дазволіў ды дапамог будаваць якую хацёнку тут, у сельсавеце. Але пасядзіць-пабядуе – і назад, у лес, сябе шкада, а бацьку жаласней – куды ён без іх адзін, у лесе, стары ўжо, нямоглы. Карцела Дусі матчына смерць, вінаваціла сястра сябе – за дачку не вінаваціла, а за матку…
А вось зараз Міця іх усіх бліжэй да людзей і перацягне, да таго ж і Марусі ў школу – як бы яна з таго хутара дабіралася, хіба што во да іх бы прыбілася, жыла б тыдзень, а ўжо на выхадныя б да родных ішла. Ды куды ж яе да сябе пускаць, калі Каці і самой месца не будзе хутка ў роднай хаце.
Не, Аня неблагая дзяўчына, не варта Бога гнявіць. Са сям’і шматдзетнай, бацька рана таксама памёр, да працы дзеўка прывучаная, самая старэйшая, за ёй яшчэ пяцёра. І да Пеці, здаецца, няблага адносіцца. Але не пакідала Кацю думка, колькі ні старалася яна ад сябе прагнаць яе, тая так і чаплялася ў галаву амаль з таго моманту, калі брат сказаў як пра справу ўжо вырашаную канчаткова, што надумаў жаніцца, – што не ў апошнюю чаргу Аня замуж ідзе менавіта таму, каб хутчэй пазбавіцца мацярынскай каманды ды самой сабе пані стаць. Няхай сабе Каця тут пакуль і галоўная, але ж Каця – без мужыка. Сястра. А сястра, вядома ж, не жонка…
Сорамна было так думаць. Але чамусьці думалася. Таму Каця і маўчала да пары да часу, а зараз зноў вярнулася думкамі да таго, што свярбела на сэрцы. Прысела на лавачцы перад хатай у прыціхлым пярэдвечарнім двары – нават куры змоўклі са сваім кудахтаннем, а Малыш дык і ўвогуле не ведаў, куды падзецца ад спёкі ўвесь дзень, і зараз толькі ціхенька павільваў хвастом – маўляў, не бядуй, гаспадыня, неяк яно будзе, я цябе ўсё роўна больш за усіх любіць стану. Толькі што, вось сабака і любіць… скрывіла рот у здзеклівай усмешцы сама сабе Каця і зразумела канчаткова, што, як заўсёды, рашэнне прыняла яна адзіна вернае, засталося толькі сказаць яго брату. Ці то ўжо сёння, няхай радуе заўтра маладую шчаслівымі для яе навінамі, ці ўжо пасля вяселля, але што вырашана, то вырашана – заставацца ёй тут няма сэнсу. Няхай во Пеця далей дабро нажывае, што яна магла, тое зрабіла, хату якую-ніякую справілі, сапраўдную хацінку, не зямляначку пасляваенную, а будыначак з чыстымі пакоямі, з сапраўднай табе падлогай, з печкай як мае быць на дзве паловы. Карова ёсць, свіней самі нажывуць, апошняе парася забілі якраз дзеля вяселля. Ну, і грошай колькі справіла, усё ім пакіне. Сабе толькі на першы час, каб уладкавацца ў горадзе. Працу яна сабе знойдзе. Хіба мала заводаў ды фабрык? Пойдзе ў цэх, ці ж яе не возьмуць. Ёй абы кім прыладзіцца, ды жыць каб было дзе. А можна і ў бальніцу якую паспрабаваць, нянечкай, яна хворых не цуралася ніколі. Вось Валодзя прыедзе, з ім перагавару, а калі не дапаможа, дык і сама паспрабую – свет не без добрых людзей, каму, можа, і я спатрэблюся, пачала ў які ўжо раз угаворваць сябе дзяўчына. Хаця… якая ўжо дзяўчына, дваццаць сёмы год пайшоў. І каму яе маладосць патрэбная, ды прыгажосць, ды каханне, якога так хочацца і па сёння. Каця ўспомніла Колю. Напісаў ён пасля растання некалькі лістоў, клікаў тады яшчэ да сябе, а потым і запрашэнняў паменела, а далей і самі лісты зніклі.
Дзе ён зараз, мусіць, ужо дзяцей гадуе. А ёй ці давядзецца калі…
Рыпнулі веснічкі, у двор зайшоў Пеця.
– Засумавала, сястрычка? Таксама замуж хочаш?
Што адказаць шчасліваму жаніху – сыты галоднага ці зразумее…
– Маё вяселле яшчэ наперадзе, братка, – бадзёра схамянулася Кацярына.
Восень 2006 – вясна 2007
Свидетельство о публикации №207060400297