У халодных вокнах нараджаўся світанак. Ледзьве расплюшчыўшы вочы, яна хуценька пабегла адчыняць дзверы і вокны насустрач новаму дню. Яна выбегла на ганак, каб сустрэць раніцу, набраць у адну далонь свежага паветру, а у другую ранішняй расы і хоць на адну хвіліну, хоць на палову імгнення адчуць у руках яднанне абедзьвюх стыхій. А потым, яна села на прыступак ганка, бо адсюль лепей ўсяго глядзець, як устае сонца, і заспявала, ледзьве чутна, амаль аднымі вуснамі, баючыся спалохаць раніцу гукам. Калі б вы маглі паглядзець у той момант на яе збоку, вам здалося б, што яна стогне. Але ж вы не можаце ўсяго зразумець, не можаце адчуць нават кроплі ўсіх нюансаў яе стану, вам застаецца только пайсці прэч. Яна прыносіла ахвяру новаму дню, ахвяру слязьмі, ахвяру пачуццямі. Малілася песнямі, думкамі, стогнамі. Яна гублялася ў сваіх пачуццях, поўнасцю аддаючыся ўспамінам, захлыналася хвалямі эмоцый, патанала у вадавароце відавочных вобразаў былога. Яна губляла галаву, знаходзячы у глыбіні памяці адзін за адным фотаздымкі былога, але гэта было не так страшна, як навогул не мець пачуццяў і ўспаінаў. Тое, чаго нельга было рабіць у сапраўдным жыцці, тут было дазволена.
А ёй так рэдка дазволена было мець пачуцці, бо пачуцці зараз не ў модзе, не актуальны і нават сацыяльна небяспечны. Тут пануе размеранасць, узважанасць, дазіраванасць, строгасць у рухах. Прыходзілася хаваць, душыць, ганьбіць эмоцыі. Эмацыянальна галадаць, каб не стаяць ніжэй астатніх.
Гэтая раніца мела водар толькі што прыгатаваных бабуляй блінцоў ці аладак. Мела гук, час ад часу, кукарэкаючых недзе, пеўняў. І колер ранішняга святла. Гэты ранак быў каля драўлянай хаты, бабулінай хаты з яе дзяцінства. Хаты, якой зараз ужо няма, на месцы якой зараз стаіць дача яе ўласнай сям'і, дача, якую будавалі з сучасных матэрыялаў наёмныя працаўнікі па плану нейкага вядомага архітэктарў. Хата, якая на усё жыццё запомнілася ёй гэткімі раніцамі, якая ўрэзалася ў памяць фотаздымкамі світанкаў, пахамі стравы, гукамі прыроды і нечым, нечым вельмі простым, адзін раз і на усё жыццё чапляючым.
У гэтым месцы знікалі ўсе забароны, абнуляліся ўсе высокія тарыфы на эмоцыі, у попел пераўтвараліся ўсе квіткі на ўсмешкі. На некалькі хвілін знікалі ўсе путы. На некалькі хвілін, хоць на палову імгнення трэба заплюшчыць вочы і націснуць «play» на ўcпамінах. І бегчы, бегчы ад гэтай рэчаіснасці, бегчы насустрач світанку. Хоць на адну хвіліну, хоць на палову імгнення.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.