Яйкi анёла underground

- Чуў, нібыта, аналізавалі, хто патрапіў?
- Ну, і хто? – зручней уладкаваў на плячы аўтамат і запаліў ягоны суразмоўца.
- Ня ведаю, наколькі, праўда, але быццам, ахрышчаная і хто зь іх алкаголь ужываў ды паліў зашмат, альбо наўвогул, і тыя і тыя, незалежна...
- А сам-та паліш. Не ахрышчаныя?
- Не.
- Пашанцавала, значыць, - крыва пасьміхнуўся дэсантнік, уздымаючы з зямлі балён агнямёту.
Камандзір пільна агледзеў групу.
- Мы ўваходзім тут, другая група ўвойдзе праз паркінг. Зачышчаем усе ўзроўні ад верху да нізу, што шукаць, ведаеце.
Антось дапаліў, звыкла пашукаў позіркам сьметніцу, але позірк сустрэў адно толькі не прыбранае сьмецьце, параскіданае паўсюль па плошчы. Кінуў недапалак пад ногі. Зірнуў па-над дахамі, на неба. Хто ведае, колькі прыйдзецца правесьці там, пад зямлёй, без дзённага сьвятла. Можа за пару гадзін здолеюць, а можа, і дня не хопіць.
Над будынкам былога касьцёлу скрозь праламаны купал у неба ўздымаўся слуп густога дыму. Трэці дзень працягвалі спальваць целы. У шмат якіх з памерлых былі прастрэленыя, а то й зусім адстраляныя галовы, але на самой справе ахвярамі таго, што зь імі здарылася, яны апынуліся значна раней. Яшчэ да таго, як трапны стрэл спыніў ужо ня жывое цела.
На дзевяты дзень апасьля таго, што потым сарамліва назвалі “эпідэміяй”, тыя, каго не спынілі куляй у мозг, памерлі самі, як толькі ўзышло сонца. Памерлі цяпер ужо па-сапраўднаму.
- Гатовыя? Уваходзім!
- Добра, што ў метро не паслалі, там, кажуць, клопату...
- Спыніць размовы!
Кароткі лесьвічны сход. Шкляныя дзьверы. Уваход на верхні ўзровень падземнага гандлёвага цэнтру. Ліхтарамі можна яшчэ не карыстацца. Сюды скрозь зашклёныя каўпакі з верху трапляе дастаткова сонечнага сьвятла. Практычна пуста, сям-там уздоўж сьцен некалькі целаў. Вочы, прызвычаіўшыся да змроку, разьбіраюць нават становішча за шклянымі вітрынамі крамаў, што разьмешчаныя па пэрымэтры паверху.
Адразу ля ўваходу, справа, невялікі пакойчык, у ім два дзяцёнка сярод яркіх плястмасавых цацак. Мамкам, што пакінулі іх тут пад наглядам, на час наведваньня буцікаў, яны ўжо не прычыняць клопату аніколі. Ды й для саміх мамак ужо ўсё глыбока неактуальна.
- Разгрупоўваемся. Вы пяцёра па тым баку, астатнія са мной. Глядзім усе памяшканьні.
Адпрацаваная тактыка. Бязь мітусьні. Першы ўваходзіць, астатнія трымаюць дзьверы. Наступны ў пакой. Так крама за крамай, кафэ, аддзяленьне банку, санвузлы, падсобкі, шахты вэнтыляцыі. Усюды чыста. Мёртвыя целы сустракаюцца зрэдку. Ня інакш, сюрпрызы прыхаваны на ніжніх узроўнях падземнага цэнтру.
- У гэтым крыле чыста. Ідзем у бок паркінгу, насустрач другой групе.
Супрацьлеглае крыло куды болей па плошчы, адпаведна, прыйдзецца патраціць у некалькі разоў болей часу, хаця і другая група пачала там працаваць.
У цэнтральнае частцы падземнага цэнтру адкрытая прастора – тыповае архітэктурнае вырашэньне для збудаваньняў гэткага тыпу, агароджана парапэтам, можна бачыць краі усіх ярусаў. Унізе на падлозе самага ніжняга ўзроўню басэйн з залатымі рыбкамі. Хутчэй за ўсё, яны жывыя, бо тое, што здарылася, датычылася толькі людзей.
Спыненыя кабіны ліфтаў. Празрыстыя. Правераць няма патрэбы.
На нерухомых прыступках эскалятару цела дзяўчыны. Тварам уніз. Спадніца задралася, агаліўшы стройныя ногі, ягадзіцы. Дзякуючы слабаму асьвятленьню агідны выгляд трупных плямаў на скуры не псуе агульны выгляд. Не выключана, што пад узьдзеяньнем працэсу распаду, які ўжо пачаўся, цела крыху надзьмулася, але, магчыма, гэтае невялікае паўнаты як раз і не хапала яму пры жыцьці дзеля ідэальнасьці формаў.
- Прыгожая...
- Ідзі, пазнаёмся!
Некаторыя паспрабавалі пасьміхнуцца, але жарт не атрымаўся сьмешным.
Крама кампакт-дыскаў, крама абутку, крама ювэлірных вырабаў. Як шмат патрэбна ўсяго бывае людзям пры жыцьці. І вось, практычна ў адно імгненьне, большасьці ўжо не патрэбна анічога.
Падышла другая група.
- Ну, як у вас?
- Шмат целаў у самім паркінгу, відаць, гэта тады яшчэ, зьверху, з плошчы пазаходзілі. На ўзроўню зусім мала.
- У тым крыле тое ж самае.
- Вы тут скончылі? Ідзем на другі паверх.

У калідорах другога, сярэдняга, узроўню было так сама ж яшчэ дастаткова сьвятло, балазе наверсе стаяў ясны поўдзень. Аднак у бакавых памяшканьнях ужо даводзілася выкарыстоўваць ліхтары. Ад гэтага нэрвовае напружаньне ў дэсантнікаў некалькі павялічылася, але пакуль што становішча не надта адрозьнівалася ад першага ўзроўню.
Праверылі ўжо большую частку памяшканьняў, як раптам у цішыні раздаліся зусім нечаканыя гукі. Дэсантнікі насьцярожана замерлі, пераглядваючыся.
- Што гэта?
- Раяль.
- Сам чую. Але хто? З нашых хтосьці выдурываецца? Але каманды не было на ніжні ўзровень ісьці!
- Раней ён сам мэлёдыі граў, там прыстаўка запраграмаваная падключаная.
- Ды ведаю. Але ж цэнтар абясточаны! І як увайшлі, увесь час ціха было.
- І не падобна да мэлёдыі гэта.
Неўпарадкаваныя гукі, зусім не акорды, змрочна разносіліся ў мёртвае прасторы падземнага цэнтру. Слабы ўдар па клявішах і журботнае заміраньне гуку, потым ізноў ціхі ўдар. Запаволеныя націсканьні клявішаў прыкладна ў адным і тым жа месцы, што паўтараюцца раз за разам. Злавесны какафанічны рэквіем.
Дэсантнікі, не сьпяшаючыся, нахіліўшыся, асьцярожна наблізіліся да адкрытае памежузроўневае прасторы.
- Давай!
Рэзка зазірнулі цераз парэнчы, сынхронна, кожны адначасова – парай вачэй ды руляй аўтамату. Адразу ж у некалькіх вырвалася:
- Так, адзін “хадзячы”!
- Ёсьць кліент!
Унізе, насупраць басэйну з рыбкамі, у белага раялю стаяў “мёртва хадзячы”. Нахіліўшыся наперад, ён невысока ўзьнімаў рукі і бязвольна апускаў кісьці на клявішы.
У камандзіра групы ажыла радыёсувязь:
- Адкуль гукі?
- Адзін тут адшукаўся, на ніжнімі узроўні, на раяль натыкаецца.
Дэсантнікі, узяўшы “мёртва хадзячага” на прыцэл, чакалі каманды старэйшага.
- Не магу, бля, прызвычаіцца...
- Як лічыш, яны бачаць яшчэ, як мы? Як яны арыентуюцца? Штосьці разумеюць, памятаюць?
- Ня ведаю. І даведвацца пра тое не надта жадаю.
- Ня інакш, гэты музыкантам быў!
- Сынок, хочаш паразмаўляць пра гэта?
- Саша, усыпі “піяніста”, - аддаў камандзір распараджэньне ціхім голасам.
Стрэл спыніў жудаснае музіцыраваньне. Цела “мёртва хадзячага” адкінула на раяль, па белай крышке інструмэнту шэрым распырскалася зьмесьціва раздробленае чарапной каробкі.
- Падобна, унізе будзе праца.
Дачакаўшыся падыходу другой групы, што завяршала зачыстку паверху, дэсантнікі рушылі ўніз.

Яшчэ спускаючыся па лесьвіцы, заўважылі групу “мёртва хадзячых” на супрацьлеглым баку вялікага вэстыбюлю ніжняга ўзроўню. Відавочна, той “піяніст” быў як раз з гэтае групы. Калі сонца ў небе перамясьцілася на захад, і яго прамыя прамяні болей не траплялі сюды скрозь празрысты купал, ён і наблізіўся да раялю разам з ценем, які насунуўся.
- Крыху не дадумалі. Трэба было пачынаць з ніжняга ўзроўню, пакуль сонца было апоўдні, - ацаніў становішча камандзір групы.
Дэсантнікі распачалі агонь па галовах “мёртва хадзячых”, за лічаныя сэкунды ператвараючы іх у сапраўдных памерлых. Ззаду ад падаючых целаў нелюдзяў каскадам шкла абрынулася вітрына. Калі водгукі грукатаньня стрэлаў ды звону паразьбіваных асколкаў сьцішыліся ў дальніх калідорах падземнага цэнтру, дэсантнікі рушылі далей.
- Я ўсё думаю, можа іх яшчэ магчыма неяк... вылечыць... вярнуць?
- Спыніць пабочныя размовы!
Група, у якой быў Антось, прайшоўшы добрую палову даўжыні свайго калідору, абшукваючы памяшканьні, больш анікога не знайшла. Аднак, наблізіўшыся да круглае залі, сярэдзіну якой займала рэстарацыя з высокімі шклянымі сьценкамі, старэйшы групы спыніўся, узьняў угору руку. 
- На тым баку заўважыў рух! Так, абыходзім сталоўку кругом, вы двое зьлева, Саша, ты са мной, Антось заставайся тут, трымай калідор, тыя дзьве лаўкі мы яшчэ не праверылі, ці мала што. Глядзіце, хлопцы, калі будзем рухацца насустрач, пастарайцеся нас не заваліць!
Антось, застаўшыся сам на сам у калідоры, адчуў сябе неяк ня вельмі ўтульна, бадай што, упершыню за ўвесь час апэрацыі. Усё ж шмат значыць, калі побач ёсьць нехта, так значна спакайней. І няхай у параўнаньні зь ім ўзброеным няшчасныя “мёртва хадзячыя” практычна бездапаможныя, нягледзячы на іх раптоўныя ўспышкі шаленства ды агрэсіі. Ён лёгка здолее супрацьстаяць дзесятку нелюдзяў. Калі будзе болей, канешне, ужо складана, асабліва калі папруць з розных бакоў. Але наўрад ці засталося іх так шмат. Адзінкі, што схаваліся ад сонечнага сьвятла, якое нясе супакаеньне. Той жах першых дзён “эпідэміі”, калі адстрэльвацца не хапала “ражкоў”, застаўся ў мінулым.
Таварышы знаходзіліся непадалёк, усяго ў некалькі дзесятках мэтраў, і ад пачатку іх адсутнасьці часу мінула ня болей за дзьве хвіліны, але гэтыя хвіліны ўжо пачалі здавацца Антосю бясконца доўгімі. Нават прыйшла думка запаліць. “Не, расслабляцца нельга, - падумаў ён, - дым... Ці адчуваюць яны пахі? Што мы пасьпелі зразумець наконт гэтых няшчасных, у каго, ува што яны ператварыліся? Нам казалі, што яны ўжо памерлыя, але памерлыя ня рухаюцца, ня ходзяць. Амаль што нічога не вядома. Толькі тое, што яны ўжо не жывыя людзі, тое, што яны апатычныя, але раптоўна нападаюць, таму мы ў іх страляем, ды тое, што ўсе яны, зрэшты, сапраўды памерлі, акрамя тых нешматлікіх, хто схаваўся ад сонечнага сьвятла ў цемры”.
Антосю захацелася загасіць ліхтарык, узьнікла непрыемнае пачуцьце, што нежывыя за ім могуць сачыць з боку зь цёмных вуглоў, а ён іх не бачыць. Выключаць яго ён ня стаў, проста скіраваў прамень сьвятла ў падлогу перад сабой, дазваляючы вачам прызвычаіцца да цемры. Хваляваньне сунялося, але канчаткова ня зьнікла. Больш за тое, яно перарасло ў нейкае даўняе паўзабытае адчуваньне.
Таварышы ўсё не вярталіся, стрэлаў, што сьведчылі б аб тым, што аб’екты імі знойдзены, ня чулася. Узьнікшае адчуваньне навеяла Антосю цьмяныя ўспаміны дзьвюх, трохгадовае даўніны. Тады ён яшчэ не служыў. Прыгадаў сабе ў гэтым жа падземным цэнтры, але цяпер здавалася, нібыта гэта было ў нейкім зусім іншым месцы і вельмі далёка адсюль: залітыя сьвятлом памяшканьні, натоўпы наведвальнікаў, шум галасоў, а у тым вэстыбюлю побач з басэйнам упрыгожаная елка, таму што хутка Раство, і гэты пракляты раяль грае сам па сабе, як быццам музыка - невідзімка націскае на клявішы, нескладаная мэлёдыя, зададзеная праграмай. І Антось ідзе поруч зь ёй. Яна... Цьмяныя ўспаміны аформіліся ў нешта больш выразнае, то, што назаўсёды ўпілося ў памяць. Яна. Вось, што гэта за забытае пачуцьце!
Ён заўжды адчуваў загадзя, што яе ўбачыць, будзь тое ці то выпадковая сустрэча, ці заплянаванае ў прызначаным месцы спатканьне, але заўжды адчуваў яе набліжэньне, нібыта быў “настроены на яе хвалю”. Іншым разам гэтае адчуваньне узьнікала за цэлы квартал і ніколі не аказвалася памылковым.
І зараз яно раптам узьнікла ізноў. Прычым, узьнікла з такой моцай, што міжволі Антося ахінулі ўспаміны аб тых далёкіх днях. Аднак рэфлексы байца, што прайшоў спэцыяльную падрыхтоўку, працавалі на адпаведным узроўні. Заўважыўшы бакавым зрокам рух ад супрацьлеглае сьцяны калідору, ён імгненна павярнуўся тварам у гэты ж бок і скіраваў прамень ліхтарыка, другой рукой узяў зброю на пагатоў.   
Рэфлексы не падманулі дэсантніка. Гэта быў, канешне ж, далёка ня першы памерлы, якога яму належала “ўсыпіць”.
Але ад убачанага Антося затрэсла дробнае нэрвовай ліхаманкай. Здалося, што нечакана навалілася ўдушша.
Тое звыклае адчуваньне не падманула і гэтым разам. Гэта была яна.
Прамінуўшыя гады з моманту іх расстаньня, а асабліва апошнія дні, канешне, зьмянілі яе аблічча, але ўсё адно, Антось пазнаў яе адразу ж. Сумненьняў быць не магло.
Бадай што не праходзіла дня, каб ён не ўзгадваў пра яе. Нават у гэтым віру жудасных падзеяў апошніх двух тыдняў. Тут жа прыгадалася: так, сапраўды, ад некага з агульных знаёмых паўгода таму выпадкова даведаўся, што яна пайшла працаваць у адну з крамаў у гэтым падземным цэнтры. Усё лягічна, усё сыходзіцца.
- Вось і сустрэліся, - прамармытаў ён, і сам зьдзівіўся, як напужана і разгублена прагучаў яго голас.
Ён працягваў неадрыўна глядзець у твар былой каханай, назіраючы гэткія знаёмыя рысы, але разам з тым, тое, што цяпер было ў яе блёклых вачах, было яму зусім незнаёмае.
“Мёртва хадзячая” мерна раскачвалася ўсім тулавам то ў зад, то ў перад, застаючыся на месцы. Было незразумела, ці то яна глядзіць на Антося, ці то проста яе твар з невідушчымі вачыма скіраваны ў яго бок.
Віхурам пранесьліся ў галаве адрывачныя ўспаміны - вобразы: яе сьмех... памерлы, што “грае” на раялі... яе усьмешка... шквальны агонь па вялікім натоўпу нелюдзяў на другі дзень “эпідэміі”, калі яшчэ ня ведалі, што страляць трэба менавіта ў галаву, і кожны залп гучаў быццам істэрычны крык жаху жывых перад памерлымі, якіх не спыняюць кулі, а адзін салдат побач зь ім тады, гледзячы на ўсё гэта, проста прыставіў рулю да падбародзьдзя і застрэліўся, не вытрымалі нэрвы... яны зь ёй удвух на дне нараджэньня яе блізкае сяброўкі, усім вельмі весела... нелюдзі ў яго на вачах разарвалі дзяцёнка, а ён не пасьпеў анічога зрабіць, заклініла аўтамат... яны першы раз цалуюцца... ён першы раз страляе ў чалавечае цела, але цалкам спакойны, бо добра ведае – гэты чалавек ужо памерлы... яе апошнія словы ў іх апошняе спатканьне, ён дагэтуль ня мог даць веры, што яна магла іх вымавіць... і зноўку той памерлы за раялем чвэрць гадзіны таму...
Захацелася паклікаць яе. Гучна назваць услых яе імя. Пракрычаць. Але ўнутраны халодны голас розуму настойліва даводзіў: гэта ўжо не яна.
Антось, з усяе моцы сьціснуўшы дрыжачае рукой аўтамат, скіраваў на яе рулю. Ён меў досьвед – гэтае мерная раскачваньне ў нелюдзяў адбываецца перад нападам, раптоўным агрэсіўным кідком на жывога, з адной толькі мэтай – упіцца яму ў глотку зубамі, ірваць ўчэпістымі пальцамі жывую плоць. Нібыта “мёртва хадзячы” акумулюе, назапашвае сілы дзеля гэтага рыўка, дзеля атакі.
І хто ж гэта перад ім? Адно з тысячаў целаў тых пачвараў, якім яму давялося супрацьстаяць, альбо тая, якая калісьці была для яго адзінай? Ці засталося у гэтае істоце хоць штосьці ад той былой, якую ён кахаў?
Адчуўшы, што па шчакох зьбягаюць кроплі, Антось зразумеў, што плача. Ён нават пачаў машынальна, маладушна, паціху адступаць, быццам хацеў даць час былой каханай апамятацца, апрытомнець, скінуць з сабе гэтае злое насланьне.
 “Мёртва хадзячая” працягвала сваё жахлівае раскачваньне, зьбіраючыся напасьці. Антось нават пачало здавацца, што яна робіць гэта куды больш злосна, чым усе іншыя, якія трапляліся яму вось так, блізка. А што калі яна ўсё ж яго пазнала? Што калі адрозьнівае яго ад усіх астатніх жывых?
- Не, не, не…
Грымнуў стрэл. Цела, закруціўшыся ў абарваным скачку, абрынулася на падлогу, шырока раскінуўшы рукі.
На гук стрэлу праз імгненьне прыбеглі службоўцы. Бязь непатрэбных словаў ацанілі становішча. Камандзір групы хутка пасьвяціў ліхтарыкам па баках, на труп. Болей “мёртва хадзячых” паблізу не выявілася. На ілбе ў “усыплёнай” было бачна невялікую ўваходную дзірку ад кулі, крыві не было, шырока расплюшчаныя вочы глядзелі ў столь. Антосю падалося, што цяпер у іх нібыта вярнуўся той знаёмы выраз. Цяпер, хаця й нежывы, але гэта быў ізноў яе позірк.
- Малайчына, зрэагаваў! Толькі, чаму так блізка падпусьціў?
Але тут зьвярнулі ўвагу, што Антось крыху “не ў сабе.”
- Гэй, ты чаго?
- Мая... былая..., - ціха адказаў хрыпатым голасам.
- Зразумела, - камандзір выцягнуў з унутранай кішэні плоскую фляжку, адкруціў крышку, працягнуў яму, - На, вось, глыні!
Антось зрабіў вялікі глыток, у фляжкі аказаўся каньяк.
- Ты, як? Можа, наверх, мы тут ужо самі скончым?
- Не, - цьвёрда адказаў Антось, - Я працягну! А там у вас што, пуста?
- Так, пуста, купіўся, відаць, на ўласнае адлюстраваньне ў шкле.

Істоту адшукалі ужо напрыканцы зачысткі. У дальнім вугле адзінай з крамаў абутку. Шмат хто з дэсантнікаў ужо сутыкаліся зь імі раней, як і Антось, калі мініравалі дахі цэркваў ды касьцёлаў. Таму, адчуўшы ў застаялым паветры, а вэнтыляцыя ў падземным цэнтры не працавала даўно, яшчэ ля ўваходу ў краму характэрны смурод, які заўжды зыходзіў ад гэтых істотаў, ужо ня сумняваліся, што знойдуць яе ўнутры. Дарэчы, знайсьці яе тут было крыху нечакана. Раней іх выяўлялі толькі на дахах храмаў у зладжаных там імі гнёздах.
Промні ліхтарыкаў высьвецілі сутулае кастлявае цела на фоне сьцяны. Бліснулі вочы на зморшчанай злой пародыі на чалавечы твар. Іх разрэз можна было таксама ж параўнаць з чалавечым, але агіднае мірганьне трэцім птушыным павекам казала аб тым, што гэтае падабенства толькі ўмоўнае.
Істота, ссунуўшы некалькі прылаўкаў, зладзіла на іх вялізарнае гняздо з каробак ад абутку, абкрутачнай паперы, з самога абутку і традыцыйна з абрыўкаў адзеньня, садранага з памерлых. Пры набліжэньні людзей істота ўзьнялася на сваім гняздоўі ў поўны рост, напружваючы вузлаватыя цягліцы на крывых нагах, і разгарнула свае шэрыя перапончатыя крылы. Ад крылаў кажана іх адрозьнівала тое, што сям-там яны мелі пер’е брудна - шэрага ды чорнага колераў, і не былі злучаныя з пярэднімі канечнасьцямі, якія нагадвалі недаразьвітыя чалавечыя рукі, а расьлі са сьпіны, у вобласьці лапатак.
Шырока разгорнутыя крылы, нэрвовыя ўздрыгваньні кіпцістых пальцаў гэтых неда-рук, глухі клёкат у горле – усё гэта, па ўсёй бачнасьці, зьяўлялася позай застрашэньня для незапрошаных гасьцей.
Адзіны з дэсантнікаў, той, што быў з агнямётам, зрабіў некалькі рашучых крокаў да пачварнае істоты, не марудзячы прыступіў да справы: адкруціў вэнтыль, падпаліў газ. Са ствала агнямёту ірвануўся струмень полымя, што ярка асьвяціў усё памяшканьне.
Істота кінулася жывой паходняй уздоўж сьцяны, захлопаўшы ахопленымі агнём крыламі, выдаючы непрыемны віск на высокае ноце. Упала, забілася на падлозе. Дэсантнік даслаў ёй наўздагон яшчэ адзін струмень полымя, які спыніў непрацяглую агонію. У апошні раз ускінуліся палаючыя крылы, істота сьцішылася. Ад яе дымячага цела пацягнула ванітатворным пахам абгарэлае плоці ды паленай поўсьці.
 “Гэтыя істоты, яны павінны, ва ўсім павінны, - зразумеў Антось, - ня ведаю, якім чынам, але ведаю, што яны!” яны зьявіліся, і усё гэта адбылося. Адбылося, менавіта калі яны зьявіліся”.
У гняздоўі істоты паміж скрынак, што дагаралі, выявіліся сем ладных яек, памерам з невялікую дыню. Іх паверхня пазакапцілася, але шкарлупа была цэлая.
Антось скочыў на прылавак, параскідваў нагой тлеючыя рэшткі гнязда, і старанна параздушваў яйкі, як адзінае, падэшвай армейскага боту. Грэбліва абцёр нагу аб нейкае сьмецьце.

- Фу, да заходу здолелі!
Сонца на захадзе ужо набліжалася да лініі далягляду. Ад Дома Саветаў і комплексу міністэрскіх будынкаў на плошчу паклаліся доўгія цені.
Як выйшаў з падземнага цэнтру, Антось перш за ўсё запаліў.
- Так што, наконт таго, хто патрапіў, ня ведаю, - вярнуўся да старой размовы агнямётчык, - толькі такая справа, я вось – ахрышчаны, і як бачыш... А ведаеш, аб чым падумаў?
- Ну?
- Не проста так гэта ўсё... Не проста... Відаць, усе хто цяпер патрапілі, у нармальным сэнсе жывымі і да таго ужо не былі.


З.Ы. Няхай паздыхаюць, хто нас не любіць! (тост). У эпіграф вырашыў не выносіць

03-05.03.2008


Рецензии