Гульня у хованкi

*     *     *
...Вязняў прывезлі ноччу. Я чула толькі енк і лямант, а затым зароў мой дзядзечка: "Як пасмеў, шчанюк! У астрог! Абодвух!", заляскатала зброя. Гэта быў нібы ўрывак з начнога жаху, бо калі я прачнулася, не магла прыгадаць, было тое насамрэч, альбо я гэта сасніла... Сон і сон... Калі звяртаць увагу на ўсё тое, што  бачу ноччу, я б бадай што з глузду з’ехала б...
Мне вельмі падабаецца нашая вялікая заля. Яна не такая раскошная, каб танчыць у ёй, але каб падаць вячэру на дзесяць чалавек, яе хапае. Шкада толькі, што часцей за ўсё за сталом сядзім толькі ўдвох – я ды мой дзядзечка. Вось і сёння, калі я ўвайшла, ён ужо чакаў мяне і смачна прысёрбваў поліўку з ялавічынай. Цудоўны пах цьвяліў1 мяне, і я паспяшалася павітацца з дзядзечкам, пасля прамармытала “Дзякую Госпаду за тое, што даў нам хлебу на дзень сённяшні” і села за стол. Сапраўды, стравы, смачнейшыя за гэтую, мне шчасціцца каштаваць нячаста.
Сняданак пачаўся, як заўсёды, у маўчанні, але пад канец дзядзечка загаварыў са мною.
- Як спалося, пані Стэфка?
- Дзякуй Богу, добра, дзядзечка. А вы як?
- Добра, Стэфка. Таксама добра, - ён наліў сабе яшчэ. – Троіца хутка, трэ прыбрацца будзе.
Я паціснула плячыма – нічога цяжкага ў тым, каб загадаць халопам вылізаці пакоі і двор. Але нешта ж насцярожыла мяне, бо дзядзечка ніколі не прыгадваў аб маіх абавязках – яны выконваліся бездакорна. Хіба толькі... Так, дзядзечка хваляваўся, ён не ведаў, што сказаць, але сказаць хоць нешта было патрэбна. Нешта здарылася. Так, нешта нядобрае. Я запыталася аб гэтым, але ён сказаў, што мне хвалявацца няма прычыны, і, пацалаваўшы мяне па-бацькоўску ў лоб, выйшаў з-за стала.
- Скажы, дачушка, каб сабак не рыхтавалі. Не пойдзем на дзіка з Трынятам, - кінуў ён з парога.
Што здарылася?!
Дзень абяцаў быць добрым – з самага ранку ў небе ні аблачынкі! Па двары ўжо мільгацяць нашыя воі, і смурод разагрэтых сонцам кальчуг, воўны, мужчынскіх целаў уздымаецца, пэўна, да самых вокнаў пад дахам маёй вежы. Амаль усе яны саксы, але ліцвінскую мову разумеюць добра, і кожны з гэтых латнікаў прысягаў на вернасць майму дзядзечку, таму кожны з іх – мой сябра. Нават, калі мне невядомы нечыя імёны, усе ведаюць мяне, таму, праходзячыся па двары, я ветліва ківаю. Ды так, каб кожны з іх думаў, што ківаю менавіта яму. Старадаўняя дзявочая хітрыка!
- Прывітанне, панна Стэфка! – вітае мяне меднабароды Сэдрык. Ён яшчэ не стары, але дзе-нідзе мільгане ў капе палаючых валасоў сівізна. Сэдрык – сотнік лучнікаў, яны засядуць у вежах, калі здарыцца аблога... Але я не хачу зараз думаць аб кепскім, таму ўсміхаюся мужчыне і таксама вітаюся з ім. Трэба ж яшчэ адказаць на добрыя паўсотні “добрага здароўечка”, падаць камусь руку для пацалунка – шмат нобіляў згадзілася служыць князю Даўгеруту, майму дзядзечку.
Скончыўшы гэтую неафіцыйную цырымонію, спяшаюся на сабакарню. Нешта клякоча ў грудзёх, быццам патрапіўшая ў сіло птушка. Здарылася нядобрае... Калі ўжо ловы з Трынятам адкладзены, далібог, здарылася! Толькі як жа даведацца: чаго баяцца, што рабіць?
Сабакарня пры замку вялікая: дзесяць зграй ды яшчэ сем. Ганчакі, харты, выжлы, чорныя п’яўкі, як толькі я ўваходжу, падымаюць стогалосы брэх. Мне на сабакарні няма чаго рабіць, таму і заходжу сюды, толькі калі загадае дзядзечка, альбо калі прымусіць цікаўнасць. Знайсці старэйшага – Язэпку – не з’явілася складаным – ён са сваімі чаляднікамі вычэсваў сабак. Але як толькі я наблізілася да іх, прайшоўшы браму і масток праз ручай, хлопцы пакідалі скрабкі і пакланіліся так, што аж падмялі валасамі траву.
- Вітаю вас, - стрымана сказала я – тут мне даводзілася бываць зрэдку, і гэтыя халопы ставіліся да мяне, у першую чаргу, як да гаспадыні, аніякіх сяброўстваў паміж намі не было.
- Здароўечка вам, панна Стэфка, - прамармытаў Язэпка, і яго падхапілі астатнія.
- Сабак не рыхтуйце - ловаў ня будзе. Князь так загадаў.
- Слухаемся, пані, - сабакар пакланіўся.
На гэтым мая справа скончана, дзень толькі-толькі пачаўся, да таго ж трэба нечым заняцца. Учора быў пакладзены апошні залаты шывок на пояс, нічога новага не прыдумлялася. Што ж, пагуляю ля замку, - вырашыла я і накіравалася ў бок парку. Чамусьці закарцела прашпацыраваць па сцежцы ля стайні, зазірнуць да конюха Юркі – ён абяцаў мне паказаць новых коней, што прывезлі дзядзечку колькі дзён таму.
Напэўна, гэта гучыць па-блазанску, але мне вельмі падабаецца, як пахнуць коні: нечым цёплым, моцным. А яшчэ яны смешна казычуцца, калі корміш іх з далоні. А затым глядзяць табе ў вочы, быццам, разумеюць усё што кажаш ім, толькі сказаць ня хочуць. Юрка любіць коней, кажа, што ў іх ёсьць душа…
…Кроў…
…Шмат крыві… Яна ўжо паспела сгуснуць і падсохнуць, і на жоўтым пяску толькі карычнева-чырвоныя плямы. Але бачна, што гэта менавіта кроў. Адкуль?!! Што здарылася тут?!!
- Юрка! – гучна крычу я, але хлопец не адклікаецца. – Юрка!
Мабыць, ён зараз чысціць стойлы, таму не чуе. Я бягу шукаць яго. У паўцемры стайні не так спякотна і пахне конямі; яны ціха чмыхаюць, калі я праходжу паўз іх…
…Зноў кроў… Менш чым на двары, і тут яна не высахла, бо тут няма сонца. Дарожка крыві. Блішчыць халодным металам. Яна вядзе ў кут пустога стойла. Нешта вялікае і калматае ляжыць тут. Мядзведзь?!
…Не! Гэта зубр…
Магутны Божа! Нельга паверыць вачам! Волат нашай пушчы! Але ж дзядзечка ніколі не дазваляў паляваць на іх…
Нешта штурхае мяне да забітага волата, я лямантую, нібы вар’ятка, нібы жалобная баба на пахаванні. Крычу. Крыўдна да адчаю – гаспадар лесу, цар звяроў зараз ляжыць нерухомы, зняважаны… Як дзядзечка дазволіў?!
Адчуваю, што Юрка цягне мяне за плечы, ад яго пахне конскім гноем, я адбрыкваюся, але ён падхоплівае мяне на рукі, быццам парушынку, і нясе са стайні, на сонца. Больш нічога – я плачу, нічога ня бачу, ня чую. Раву, быццам тое цяля…
- Панначка Стэфка, князёўна… - мармыча збянтэжаны конюх. – Ды што ж гэта з вамі?.. Вой, казаў князь, каб вы не зведалі, дык, бач ты, не ўпільнавалі… Паўзуны гэтыя… Пацукі!.. – ён кажа яшчэ колькі слоў, якія нельга чуць прыстойным дзяўчынам, але мне ўжо ўсё роўна.
Хліпаючы, праз слёзы пытаюся:
- Завошта дзядзечка яго забіў?..
Юрка маша сваімі дыбалавымі2 рукамі, нібы вялізарны млын.
- Не, Божачка з вамі, паненка! У пушчы двое ўпалявалі, няхай карачун іх прыцісне! Як князь высакародны ўведаў, накараў тацяў! Нехрысці!
Пакрысе супакойваюся, і ўжо становіцца сорамна за слёзы. Бурчу:
- Так ім...
Цяпер зразумела, чаму дзядзечка быў раззлаваны і чаму ён не паедзе з Трынятам – нельга, лес не аддасьць яшчэ аднаго звера... Асабліва пасля такога гвалту.
Настрой гуляць зусім знік. Таму, пакінуўшы Юрку сам-насам з яго коні, плятуся да сябе. Перад ганкам кешкаюцца3 саксы-ангельцы. Зноў вітаюцца. Чаму іх так шмат? І навошта ўся гэтая мітусьня? Усё спакойна, ціха, мірна. Касавокія спачываюць у зямлі, тэўтоны далёка. Хоць і пыжацца падмяць Вялікае Княства, нічога ў іх не атрымаецца – не нарадзіўся той, хто пераможа вялікага Вітаўта! Гасподзь дапаможа нам!

Надвячоркам пачало зусім па-летняму парыць, і млявыя ад спёкі вераб’і крыху прыцішылі гамонку. “Storm’s coming soon…” – сказаў даўгалыгі лучнік Майкл, калі праходзіў пад вокнамі пакояў. Хутчэй бы, бо запакутавалася ўжо сядзець, абліваючыся душным потам. Не ратавалі нават тоўстыя замкавыя сцены. Не дапамагала нават тое, што на мне зараз нічога няма, акрамя доўгага рубку4, ды й той змочаны вадою з пахкім воцатам. Спёка... Хоць бы ноч была халодная.
Такой млявай ляноты не было ўжо даўно... На стайні зараз, напэўна, таксама парыць, і вялічэзная туша зубра пачынае гніць...
Што за брыдота лезе ў галаву?!
Ад чорнай камлыгі5 лесу за пагоркам адарвалася плямка, якая шпарка рухалася ў бок замку. Крыху пазней яшчэ дзьве выскачылі на дарогу. Так, далібог, гэта Трынята!
- Дзядзечка! Дзядзечка!
Скочваюся ўніз па крутых сходах, але ў першым жа пралёце сутыкаюся нос да носу з кашталянам і хутчэй за маланку лячу наверх – на мне ж сукенкі няма, дурніца!
- Пане, скажыце дзядзечку: Трынята хутка будзе тут!
Чую, як ён брыдзе выконваць мой загад. Тым часам з дапамогаю дзевак апранаюся. Адна з іх чэша мне валасы срэбным грабяньком і ўплятае ў цёмныя пасмы валасоў жамчужныя ніткі.
Трынята ўжо вітаўся з дзядзечкам, калі дзеўкі скончылі справу. Ён аддае каня Юрку, а я стаю на ганку ды чакаю.
- Вой, князёўна! Чорцік! – дурасліва гукнуў ён, падыходзячы да мяне. – Якая прыгожая стала! І колькі ж я цябе не бачыў?!
- Не так доўга, каб забыць чорцікавы вочкі, - дзядзечка усміхнуўся ў вусы, і наш госць расцалоўвае мяне ў абедзьве шчакі.
Ён яшчэ зусім малады, ліцвін Трынята. І так цікава бачыць іх разам -  майго дзядзечку: каржакаватага, плячыстага, з густой барадой і шавялюрай колеру дубовай кары, што па-варажску сабрана ў тоўстую касу на патыліцы, і высокага юнака з танклявымі нагамі і дужымі жылістымі рукамі. Я памятаю Трыняту яшчэ з маленства, калі яны з дзядзечкам толькі пабраталіся: на ловах Трынята, тады яшчэ зусім хлопчык (ці ня першым было тое паляванне ў яго жыцці?), выратаваў дзядзечку ад дзіка; калі той падмяў яго пад сябе, Трынята скочыў з каня на вепрука і ўцэліў яму ў галаву кінжалам. З таго часу дзядзечка і Трынята хіба не першыя сябры ва ўсём Вялікім Княстве.
З дзяцінства была я закахана ў Трыняту нейкім дзіўным дзіцячым каханнем, марыла стаць яго нявестай. Але, крыху пасталеўшы, зразумела, што ён замяніў мне брата.
У дзьве хвіліны гатовы стол, і дзядзечка прапануе кілішак “тройчы дзевяць”. Наліваюць крыху і мне, але я толькі крышачку прыгубіла напой, бо пры такім надвор’і можна лёгка захмялець, а я не люблю, калі галава здаецца набітай пухам увечары, і каменнем – зранку. Вось мужчыны, дык яны куляюць адзін за адным келіхі. Колькі яны здольныя выпіць?! Толькі вочы блішчаць! Трынята ўжо ведае, што з-за двух вояў-неслухаў ловаў не будзе, але ён толькі рады пабавіць час з намі.
Спякотна, душна... Дакляраванай6 навальніцы і ня бачна... Я прытулілася да ваканіцы, каменныя сцены, пакрысе астываючы, перадаюць сваю выратавальную прахалоду мне... Добра... Пад нягучную балбатню мужчын я засынаю...
   

*     *     *
Жнівеньскімі яблыкамі пахла навакол. Палі, што залаціліся ўдалечыні, хутка будуць зжаты, збожжа ссыплюць у свіраны, каб узімку пячы хлеб. Да самага Узвіжаньня а то яшчэ і да Пакрова будзе цёпла, як і заўсёды. Пасля Спасу можна гуляць у садзе без спакусы сарваць духмяны яблык і ўпіцца ў яго сакавітую мякаць – зараз я менавіта так і раблю. Напэўна, нішто не можа параўнацца са смакам спелага яблыка. Хіба толькі арэхі, якімі мяне частуюць і саксы, і конюх Юрка, і кухар-русіч Фядот. Але, я ведаю, праз тыдзень-другі прага супакоіцца, і яблыкі, і арэхі ўжо не прымусяць глытаць цягучую сліну. Тройчы будзь блаславённа, стварэнне Хрыста! 
Дзеўкі клічуць мяне пакаштаваць квасу – ці добры ён атрымаўся. Каштую. Далібог, смачны. Так павялося, што нарыхтоўкамі займаюся я – калі старая ахмістрыня7 памерла, я была ўжо даволі дарослая, каб даглядаць гаспадарку, тым больш, што гэта было не складана. То быў цікавы занятак, але часам, асабліва ў пачатку восені, альбо напрыканцы лета, надта стамляла. Загадваю, каб квас паставілі дзесьці ў склепе, каб не скіснуў, бо тады толькі свінням выліць. Прыхапіўшы ў падол яшчэ колькі яблыкаў, іду да каплічкі, што хаваецца між клёнаў і каштанаў за паўднёвым бокам замка.
Тут добра сядзець на траве, альбо на паваленым дрэве – як больш да густу, - слухаць шэпт лісця ўвышкі, шчэбет мітуслівых птушак, што спяшаюцца завесці дзетак, каб потым пагубляць іх на шляху ў вырай. Дурненькія яны, але так было задумана Богам, то не нам судзіць аб гэтым.
Цікава, здаецца, вояў у нас зашмат, але іх зусім не бачна, зусім не чуваць. Чаму так ціха ў парку, калі сотня лучнікаў і сотня коннікаў ахоўваюць гэтыя землі і наш замак? Напэўна, гэта немагчыма зразумець дзявочым розумам. Хіба толькі ваяр здольны на гэтае.
Альбо гэтыя мясціны зачараваныя... Мне больш да густу другое, бо, седзячы на траве, смачна хрумкаючы сакавітым чырвоным яблыкам, калі праменні сонца і галіны дрэваў утвараюць сваёй купай адмысловыя карункі, што не стварыць і майстру з майстроў, ніяк не думаецца аб нечым прыземленым. Я адкідваюся на спіну, і вочы заплюшчваюцца самі сабой. Быццам нейкі сон... Быццам нейкае іншае жыццё...
...Тое, што ў замку пачнуць хваляваца, калі хопяцца мяне, бадай, зусім не хвалюе...
Колькі я ляжала вось так – раскінуўшы рукі, тварам да неба?.. Свядомасьць мая стала часткай паветра, растварылася ў водары траваў і яблыкаў. Я не спала, але толькі калі змрок накінуў на парк цёмнае покрыва прыцемак, у мяне атрымалася прымусіць сябе падняцца. Дзе-нідзе ў вокнах ужо гарэла святло, было бачна, як дзеўкі нешта робяць – іх цёмныя постаці сноўгаліся па пакоях, нават, на самым версе заходняй вежы нехта варушыўся.
Брама сустрэла мяне воглым халадком – туды выходзілі сходы са скляпенняў астрога. Я паспяшалася хутчэй прайсці яе.
Быццам падалося, але потым яўна прагучаў мужчынскі голас. Сіпаты і глухі, быццам ішоў з-пад зямлі. Нібы з магілы...
Ай, у лесе – у гаі
Кветкі некалі цвілі.
Кветкі некалі цвілі,
Хлопцы з дзеўкамі ішлі...
Голас страшны... Але не тое было дзіўна, што гучаў ён аднекуль знізу. Нібы гэта Майкл альбо нейкі іншы сакс спяваў... Але ж песня нашая, шмат разоў яе пелі дзеўкі, калі нешта рабілі... Раптам ён сціх, затым закашляўся. Натужна, быццам ірвала ўнутры...
- Гэй... – пачула я яго ізноў. – Тут нехта ёсць, я чую. Кажы, ты хто? Вой Сэдрыка ці не?
   Што мне было яму адказаць? Я, нават, не ведала, што гэта за чалавек. І, увогуле, чалавек ён, альбо гэта здань ці прывід размаўляе са мною і хоча зацягнуць да сябе, у княства нябожчыкаў. Але ўсё ж такі цікаўнасць перамагла.
   - Я не вой, але магу паклікаць іх, калі ты зробіш мне благое! – я намагалася гаварыць так, каб было чуваць толькі невядомаму.
   Голас спужаўся.
   - Не трэба вояў, I beg thou mercy8! – амаль гукнуў ён, і я адразу зразумела, што гэта адзін з саксаў. Але чаму ён так баіцца сваіх братоў па зброі?!
   - Дзе ты зараз? Кажы! Ты здань альбо чалавек?
   - Не пужайся, maiden9, калі ласка. Я чалавек, не пужайся. Лепей скажы мне, што там, зверху?
   - Чаму ты сам не паглядзіш, калі ты чалавек? Хіба чараўніцтва ўтрымлівае цябе ад гэтага?
   Калі б галасы ўмелі ўсміхацца, вусны гэтага сумна скрывіліся б.
   - Не толькі чараўніцтва мае ўладу над людзьмі, дзяўчынка... Ды кажы ж хутчэй, як там, у вас? – ён ізноў запехкаў.
   Я даравала яму ўсё: і тое, як ён размаўляў са мною, і гэты жудасны кашаль, і ўсё астатняе – жаль прачнуўся ў маім сэрцы...
   - Зараз жнівень, зараз цёпла і хораша. Жніво... Удзень – сіняе неба і гарачае сонца. Калі так будзе яшчэ тыдзень, збяруць усё збожжа.
   - Кажы, кажы... – шаптаў ён.
   І нешта стала камяком у горле – ні прагнаць, ні праглынуць...
   - Дзеўкі ў вёсцы збіраюць ураджай, соляць агуркі ў вялізных бочках...
   - Так, вецер прыносіў, я чуў водар кміну... Сaraway10...
   - Яблыкі збіраюць. Яны такія смачныя ў гэтым годзе...
   Зараз казаў ня ён – пакута і боль набылі здольнасць гаварыць.
- Пачастуй мяне... Яблыкам... Калі ласка...
- Я...
- Калі ласка...
Як раз адзін трапіў у складку спадніцы, заблытаўся там – я несла яго ўсю дарогу, сама аб гэтым не здагадваючыся...
- Але куды я яго табе прасуну?
- Ідзі на мой голас, тут ёсьць crack… Адтуліна.
Старадаўняя плінфа, друз, смецце нейкае... Што тут робіцца!
- Шукай, maiden, шукай. Тут недзе паблізу...
Нарэшце я здагадалася адкінуць убок гнілую дошку – менавіта пад ёю была пракалупана дзірка. Я аж здзівілася – як гэта магчыма?! - але потым здагадалася, што, напэўна, муляры пакінулі яе каб праветрываць скляпенні. Рука, што тырчала з яе, была нібы мядзведжая лапа – толькі што на ёй не было поўсці... Касцістая, але шырокая, з доўгімі цвёрдымі кіпцюрамі, яна была падобна да імгнення нейкага жудаснага сну... Раптам яна знікла, і ў той жа момант ля адтуліны апынулася вока і частка носу. Затым зноў рука. Гэта заняло колькі імгненняў, але гэтага мне хапіла, каб спужацца да паўсмерці і кінуцца да ганку. Але ж запіхнула яблык у адтуліну ды паспела вярнуць дошку на месца. Доўга не магла адсапціся – пехкала, бадай, як той жах са скляпеньня. Хто ён і як трапіў туды – мяне ўжо не хвалявала, бо гэтая маленькая прыгода здалася мне толькі кавалкам дзённай мроі.


*       *       *
Вецер ганяў па двары пажоўклае лісце клёнаў і каштанаў. Колькі дзён таму выпаў снег, але дрэвы яшчэ стаялі ў барве і золаце. Нечакана халодная восень пасля нечакана спякотнага лета – неверагодна. Канец кастрычніка замарозіў ранкамі – калі ўзыходзіла сонца, было бачна, што галінкі і лісце пакрыта тонкай коркай ільду, нібы шклом. Цёплыя сукенкі і футры павыцягвалі з куфраў, і пах піжмы, што кладуць з воўнай на лета, зусім выветрыўся. На Кузьму двор і дрэвы пабялелі. Халодны воглы сум апанаваў наваколле. Цэлыя дні я праводзіла ў камінных залях, седзячы ля вагню. Зрэдку хтось з саксаў прыходзіў, каб пажупіць11 са мною, распавясці аб далёкіх краях Арлендэі і Брытаніі. За шчыльна зачыненымі шыбамі злаваўся калючы вецер, ён раскідваў ва ўсе бакі іголкі шэраню ўпярэмежку з дажджом. На жаль, мяне не выратавала нават цёплая епанча, і зараз я амаль не адчувала пахаў, а ў горле нібыта зграя дзікіх котак драла кіпцюрамі. Дзеўкі зрабілі мне гарачае пітво з малінамі, і я ціхутка прысёрбвала яго, слухаючы аповяд Майкла.
- ...І тады Трышчан сказаў Іжоце: “Спякотна, мая панна. Дазвольце мне прапанаваць вам віна, каб наталіць смагу?”. Ён загадаў служцы прынесці пляшку, але тая пераблытала і прынесла не віно, а мілоснае пітво, якое дала ёй маці Іжоты, каб тая дзяўчына пакахала караля Марка. І Трышчан з Іжотаю выпілі гэтую чароўныю атруту. І падумаў тады Трышчан: “Я прысягнуў майму дзядзьку прывезці панну Іжоту яму, але я кахаю яе”. І падумала Іжота: “Я была пабяцана каралю Марка, але вось Трышчан, і я кахаю яго”. І з гэтага часу цяга загарэлася ў сэрцах іх, і мілаваліся яны адно на аднога, пакуль окрут12 не прыйшоў у гавань Карнавалі. І сказаў Трышчан: “Вось я, а вось панна Іжота. Мы кахаем адно аднога, але яна – нявеста Марка”. І сказала Іжота: “Вось я, а вось Трышчан, але Марка – мой жаніх”. І было вяселле, але не было на ім весялосці – Іжота тужыла па Трышчану, а Марка глядзеў на яе сумную, і смутак панаваў у яго сэрцы, а Трышчан піў віно, каб не думаць аб тым, што Іжота стала жонкаю Марка. Праз колькі часу Трышчан ажаніўся з Іжотай Белыя Рукі, бо была яна прыгожая і падобная да яго каханай. І неверагодныя падарожжы і прыгоды чакалі рыцара Трышчана. Аднойчы, калі ён біўся з драконам, Трышчан быў вельмі паранены, і сказаў Трышчан: “Я паміраю, і толькі Іжота Залатыя Валасы здольна загаіць мае раны”. І загадаў ён пасланцу прывезці Іжоту. Калі яна будзе на окруце, то трэба было падняць белыя ветразі. Калі ж не – чорныя. Вядома, Іжота згадзілася, але калі окрут ужо падыходзіў да гавані, жонка Трышчана запалала нянавісцю і сказала, што ветразі чорныя. І Трышчан, які ўтрымліваў сваё жыццё толькі да той хвіліны, памёр. А калі панна Іжота ўбачыла яго памерлага, то сэрца яе не вытрымала і разарвалася ад смутку і болю. Іх пахавалі побач, і з магілы Іжоты вырас бружмель, і яго верхавінка ўрасла ў магілу Трышчана. Спрабавалі ссекчы яго, але бружмель вырастаў зноў і зноў. Так закаханыя, нават, пасля смерці, засталіся побач назаўсёды.
З таго вечара я зусім засумавала, і дзядзечка, каб хоць крыху развесяліць мяне, вырашыў наладзіць свята. Запрасілі нашых сяброў: некаторых нобіляў-саксаў, Трыняту, князя Мінгеда ды князя Веліміра. У іх двух таксама былі дачкі, але не было ў мяне з імі сяброўства, бо яны былі надзвычай пыхлівыя ды ушчплівыя13. Але ладзіць свята, дзе адзінай паннай буду я – гэта было б не вельмі прыстойна.
Прыйшлі музыкі, у вялікай залі паставілі сталы. Кухары засмажылі шмат дзічыны, было шмат смачных страваў. Пасля вячэры старэйшыя паселі ля вагню гутарыць, а мы гулялі у хованкі. Першым шукаў княжыч, сын Веліміра. Калі ён пачаў лічыць, усе кінуліся ўрассыпкі. Брат яго, Гарыслаў, які гуляў разам з намі, сказаў, што калі мы схаваемся разам, нас будзе цяжэй знайсці. І мы пабеглі з залі па сходах уніз.
- Схаваемся ў каморы, - прапанаваў ён. – Там цёпла, вы не змерзнеце, і нас знойдуць не хутка.
У далёкім куце стаялі бочкі з салёнымі агуркамі ды салам. Навобмацак, бо нашыя свечкі амаль не давалі святла, мы дабраліся да іх і прыселі на кукішкі. У той дзень я была апранута у адамашкавую14 барвовую сукенку, і Гарыслаў пачаў казаць мне, якая я прыгожая, як гэты строй пасуе мне. Слухаць гэта было вельмі прыемна, бо было гэта сапраўды так. Раптам мне пачуліся нечыя крокі па сходах. Напэўна, гэта шукалі нас, і я загадала княжычу маўчаць. Але ён наблізіў вусны да майго вуха і пачаў шаптаць, што не бачыў ніводную панну, прыгажэйшую за мяне, такую добрую і высакародную. А потым ён дакрануўся вуснамі да маёй шыі. І гэта было гвалтоўна!
- Як вы пасмелі!!! – крыкнула я і ўдарыла гэтага кіжлуна15 па твары. Напэўна, я разбіла яму нос, бо ён адразу заенчыў, і кроў пацякла яму амаль у рот.
Крокі гучалі ўжо зусім побач, мой крык быў пачуты, але мне няможна папасьціся першай! І заставацца ў каморы сам насам з гэтым нягоднікам – немагчыма. Тады я ўскочыла і кінулася наўцёкі. Распахнутымі дзвярыма я збіла кагось з ног і выскачыла на двор, з ганка, па двары.
Ізноў пякельны холод, слата скляпеньняў. За спінаю нехта галасіў, убачыўшы мой цень, і я шуснула ў чорнае зеўра.
Слізкія сходы. Нібыта мох, нібыта лёд пад нагамі. Жудасна, барані Божа! І цішыня... Страшна... Калі тут, у цемры, нехта сядзіць і чакае мяне, каб забіць, закатаваць? Але калі я застануся стаяць на прыступках, то мяне ўбачаць, абавязкова ўбачаць! І тады я ціхутка спускаюся ніжэй.
Краты. Яны таксама слізкія і вельмі халодныя. Бруд ляжыць на іх, нібы шматки шэраню. Гэта, напэўна, халодная, турма. Так, турма.
І раптам стогн. Калі мае вочы крыху прывыклі да густой цемрадзі, я ўбачыла цьмяную пляшку з тлушчам, якая не гарыць, нават, а проста пускае куродым. Яна стаіць на выступе ў сцяне, выхоплівае са змроку пачварны камяк бруду на каменнай падлозе. Гэта ён варочаецца і стогне, нібы паранены мядзведзь. Але гэта не мядзведзь. Гэта чалавек. І яму блага.
- Божухна... – шапчу.   
Ключы... Калі б у мяне былі ключы, я бы адчыніла замок. Але ў мяне нічога не было, апрача фібулы на каўняры. Майкл расказваў мне, што, калі ўставіць тонкую палачку ў замок, пакруціць крыху ды націснуць там нешта, то можна адчыніць яго. Я ніколі не спрабавала зрабіць штось гэткае, але зараз, бадай, не той выпадак, каб бегчы па кашталяна, і я спрабую адчыніць замок падобным чынам. О шчасце! Нешта клацнула, і краты паддаліся націску.
Бядак! Яго лоб палае, на ім выступілі буйныя кроплі. Калі я спрабую дакрануцца да яго, ён цяжка стогне. Цьмяны каганец курэе жудасна, але я бачу, які гэты вязень брудны. Ад яго смярдзіць, і ў халодным скляпеньні пахне магілай...
- Няшчасны... Гаротнік... – шапчу мімаволі.
- Піць... – стогне ён. Але ў мяне няма нічога, каб даць яму напіцца...
- Зараз, зараз...
Ён хутка памрэ, я адчуваю подых кастлявай зусім побач з ім, амаль бачу яе худыя пальцы, але я павінна зрабіць нешта, каб адбіць яго ў гэтай жудаснай кабеты. І таму мне нічога не застаецца, акрамя таго, як бегчы да дзядзечкі і маліць аб яго літасці, бо ніхто не можа патрапіць у астрог, акрамя злодзеяў, якія пакараны князем.
У каміннай залі сядзяць госці. Мае таварышы па гульні ўсё яшчэ намагаюцца адшукаць адзін аднога, і таму іх няма тут. Кідаюся ў ногі дзядзечку ды пачынаю плакаць. І плачу не для таго, каб разжалобіць сэрца майго дарагога дзядзечкі, але маё сэрца сапраўды плача. Ён хмурыцца і кажа сурова:
- Гэты чалавек – злодзей. Ён асмеліўся забіць зубра ў маёй пушчы. Яго сябра іздох, калі толькі пачаліся маразы, а гэты смерд усё жыве. Я расказаў аб гвалтоўным ўчынку яго князю, і той згадзіўся са мною. І шчанюк-сакс памрэ ў склепе. Ён больш ніколі не ўбачыць сонца над сваёй паскуднай галавою!
- Ён ужо памірае, дзядзечка! Злітуйся, злітуйся! – крычу я, бо ведаю, што калі не выратую сакса, то ніколі не дарую сабе гэтага.
- Ніколі!!!
Што рабіць? Адчай паглынуў мяне хваляй марской. Але раптоўна, нібы маланка, светлая думка блісканула ў маёй галаве.

Неверагодна! Я аслухалася майго дзядзечкі, і зараз хворы сакс надзейна схаваны ў самым ціхім куточку майго замку. Так, майго, я кажу, бо я ў ім гаспадыня, хоць па ўсіх тэстамэнтах ім валодае дзядзечка, князь Даўгерут.
Той жа ноччу дзеўкі перанеслі яго ва усходнюю вежу, пад самую столь, над маёю ложніцай16. Перш наперш яго вымылі і пераапранулі. І толькі тады я адважылася зірнуць на яго ізноў. Ён быў вельмі прыгожы, гэты сакс. Скура яго тонкая, як быццам ў дзяўчыны, а доўгія валасы, якія пасьля грэбеню сталі нібыта шоўк, таксама рабілі яго падобным да кабеты. Я называла яго Васількам, бо вочы ў яго будуць абавязкова блакітныя, і калі я гэтага не даведаюся, калі ён памрэ, то я сабе ніколі, ніколі не дарую гэтага.
Замест майго вязня ў камеру паклалі цела аднаго з сабакароў – ён памёр той жа ноччу з-за хваробы, і хутка яго пахавалі як сакса. І ніхто не заўважыў падману, бо твару вязня не памятаў ужо ніхто. Я паставіла свечку за беднага сабакара ў нашай каплічцы. Даруй яму, Божухна, усё благое і вазьмі да сябе на неба!..
А зараз я змагалася за жыццё сакса. Сем дзён ды яшчэ два ён быў падобны да раскалёнага кавалку метала, ён скрыгатаў зубамі, стагнаў і енчыў, нібы немаўлятка, а я паіла яго журавінавым сокам па кропельцы. І праз колькі часу гарачка пачала супакойвацца, і я паіла яго зёлкамі, якія збірала на Яна17. А калі піць купальскія зёлкі, то ўсякая хвароба спалохаецца.
Адступіла і гэтая, і мой сакс расплюшчыў вочы якраз на Мацвея
- Maiden, - сказаў ён на сваёй мове. А потым па-нашаму: – Я памёр, і гэта неба?
Я заўпэўніла яго, што ён жывы, і тады сакс заўсміхаўся. Вочы ў яго былі сапраўды блакітныя. Ён узяў мяне за руку і прыціснуў яе да вуснаў, і я засаромелася, бо адчувала сябе няёмка побач з такім прыгожым далікатным панам.
З таго часу Бэзіл, а клікалі яго менавіта так, пачаў ачуньваць хутка, і мы пасябравалі. Пакуль што я не дазваляла яму падымацца, але ён увесь час імкнуўся паглядзець у вакно: што робіцца там. І я, каб зрабіць яму прыемнае, садзілася ў крэсла ля шыбы і распавядала аб тым, што бачу.
Але самае цікавае было тое, што я адразу даравала Бэзілу забойства зубра, нават, ніколі аб ім больш не ўзгадвала. І гэта было добра.

*       *       *
Аднойчы у маім замку з’явіўся незнаёмы чалавек.
Вартавы Рэмзі прывёў яго ў камінны пакой вялікай вежы, дзе сядзелі мы з дзядзечкам і Сэдрык. За вакном скуголіла завіруха, вецер быў такі моцны, што цягі ў коміне амаль не было, таму пад столлю сабралася вялізнае воблака смуроду. Больш за тры дні на двары ішоў снег, і дзядзечка хваляваўся аб тым, каб не заваліла браму, бо тады, каб прачысціць сцяжыну да яе, прыдзецца апускаць вояў у кашы з замкавай сцяны. Нават падумаць аб тым, што нехта адважыцца  выправіцца ў шлях у такое надвор’е было жудасна, бо завея адразу бы збіла падарожніка са сцежкі, зацягнула бы ў поле і забіла марозам, ветрам і голадам.
Сарамлівы сціплы Рэмзі ціхутка пагрукаў цяжкім бронзавым кольцам па дзвярах, яны зарыпелі, і чужаніца увайшоў у пакой.
Ён быў увесь белы. Доўгая епанча, што захутвала яго з ног да галавы, звінела, прамарожаная і прадзьмутая ветрам. Капюшон ляжаў на спіне незнаёмца, загаліўшы яму галаву. Барвовы ад холаду твар мужчыны быў увесь збарознены сеткай глыбокіх шнараў і маршчын. Чорныя вусы і барада здаваліся сівымі ад шэраню, на кончыках падзыньквалі вялікія ледзякі. Мужчыну калаціла, ён намагаўся сагрэць пасінелыя рукі, цёр іх адна аб адну, дзьмуў на іх, але было бачна, што гэта не дапамагае.
Я ганаруся маім дзядзечкам - ён не стаў распытваць мужчыну. Ён загадаў яму скідаць епанчу і садзіцца да вагню. Той не мог нічога вымавіць – яго зубы стукалі, нібыта град па балонках18. Мяне катавала цікаўнасць, але Сэдрык нібыта адчуў, што я не вытрымаю, і, супакойваючы, дакрануўся да маёй рукі.
- Д-даруйце, калі ласка – ледзьве вымавіў незнаёмец. Ён ужо крыху сагрэўся і пачаў чырванець, але язык пакуль блага падпарадкоўваўся яму. – Я разумею, такія пытанні нельга згадваць у прысутнасці пекных паненак, але мне трэба да ветру...
Кіўком дзядзечка загадаў служку вывесці падарожнага, і калі двое пакінулі пакой, загаварыў Сэдрык.
- Я вельмі абураны тым, што мае воі пусцілі чужаніцу да гаспадароў. З кожным разам я адчуваю, што мой гонар закрануты. Спачатку гэтыя двое...
- Супакойся, сакс, - абарваў яго жалобу дзядзечка. – Я дараваў Бэзілу разбой, а ты падпарадкоўваешся маёй волі. І тое, што ты, - ён асабліва падкрэсліў голасам менавіта гэтае слова, - не можаш дараваць яму, можа стацца крамолай супраць тваёй прысягі. Таму сцісні зубы і маўчы. Я лепей ведаю, што след рабіць, а што не.
- Даруйце, - стрымана сказаў Сэдрык.
- Усявышні даруе. А твае саксы зрабілі добра – куды яшчэ ім весці падарожнага? Бачна ж, што ён ня смерд. Куды яго? Да вояў? Можна. Але негасцінна. Вы, саксы, занадта падазроны народ. Прыгадай прытчу пра Хрыста.
- Што за прытча, дзядзечка?
- Хіба ты ня чула, Стэфка? Папытай дзевак, хай табе раскажуць пасля, - гэта значыла: “Не задавай дурных пытанняў!”. Я змоўкла, бо дзверы ізноў зарыпелі і ўпусцілі незнаёмца.
- Дзякую вам, пане, і прашу прабачэння, - схіліўся ў паклоне ён.
- Гасподзь даруе. Сядай, чалавеча, ды скажы нам, што прымусіла цябе пакінуць прытулак свой ды выправіцца ў сцюжу. Бачу, ты ўжо сцяпліўся. Трымай збіцень ды кажы.
Глытнуўшы з вялізнага глінянага кубка, той пачаў.
- Я іду ў Масковію. Не пошукі шчасця гоняць мяне ў шлях, - ён памаўчаў крыху. – Тэўтоны ўвесну пойдуць на Вялікае Княства, а затым на Масковію і далей... Калі іх не спыняць.
- Д’ябал... – крэкнуў Сэдрык.
- Чаму мы павінны верыць табе? – дзядзечка выглядаў спакойным, нібыта гэтая навіна зусім яго не ўзрушыла. – Як тваё імя?
- Я не маю яго. Клічуць хто як хоча... Я не прымушаю вас верыць мне, толькі прашу дазволу пераначаваць, і, клянуся Богам, уранку я пакіну гэты замак. Тое, што я зараз вам сказаў, я чуў з вуснаў магістра. Усё. Мне больш няма чаго сказаць.
- Застанься ў нас яшчэ на колькі дзён, чалавеча, адпачні. Пачакай зацішку.
- Не магу. Чым раней я буду ў князя, тым лепей ён будзе падрыхтаваны да навалы тэўтонскай.
Рэмзі, які стаяў ля дзвярэй, не вытрымаў:
- Але, насамрэч, два-тры дні нічога не вырашаць!
Незнаёмец з усмешкай пахітаў галавою:
- Не магу хлопча. Ты яшчэ малады і дурны, нібыта той шчанюк. Не крыўдуй, калі пасталееш – будзе зразумела табе.
- І не баішся ты згубіцца ў непагадзь?
Той уважліва паглядзеў на дзядзечку, і ў вачах яго загарэлася нечым такім, што мне нават жудасна стала. Такія ідуць на смерць за сваю справу. Такія складуць гордую галаву дзеля сваёй праўды.
- Не.
Падарожны пайшоў, як толькі крыху развіднела. Калі я прачнулася, завея ўсё яшчэ віравала, нібыта рака ўвесну. Майкл расказаў мне, што чалавека спускалі са сцяны ў кашы, бо браму усё ж такі заснежыла. І мне потым яшчэ доўга мроілася высокая хударлявая постаць, якая гнецца пад націскам ветру, але ўпарта рухаецца наперад...

*       *       *
Ізноў дождж.
Дождж... Колькі ўсяго можна сказаць адным гэтым словам! Задуменна, халаднавата, вільготна... Кроплі стукаюць па балонках, шыбы расчынены, і шэрая шурпатая падлога ўся у цёмных плямах. Вецер абрывае з галін ружовыя і белыя пялёсткі, і яны нібыта цякуць па траве.
Можна зараз выбегчы на двор, пагуляць пад дажджом, вымакнуць да костак, а пасля затуліцца пад коўдрай і слухаць далей спеў буйных кропель па даху, па сценах, па зямлі.
Але я не зраблю гэтага.
Бо адной рабіць гэта нецікава, і нікога я не паклічу. Нават Бэзіла. Мы пасварыліся.
Пасварыліся з-за мяне. Я са злосці нагаварыла яму розных брыдотаў, пакрыўдзіла яго. Дурніца. І што рабіць зараз – не ведаю, бо вінаватая я, а прасіць даравання мне сорамна. Вось таму я зараз і сяджу на вакне, абхапіўшы рукамі калені, і дзьмуюся на ўвесь белы свет. Праз заслону вады, што ільецца з шэрых нябёсаў, бачу ўдалечыні зеленаватую раллю – жыта. Калі сонца не хаваецца за хмарамі, яно буяе смарагдава-зялёнай хусткай, але зараз яно цёмнае і сумнае, як і усё навокал.
Прыходзілі дзеўкі, прыводзілі швачку. Трэба шыць новую сукню, але куды ўжо – хутка вайна.
Так. Я не вар’ятка. Але нават я адчуваю пагрозу, якая рухаецца з боку захаду. Мабыць, яна прыдзе быццам гэты дождж, ён таксама з’явіўся з захаду. Мабыць – як-небудзь інакш. Я не ведаю. Я не бачыла вайны са дня нараджэння, калі загінулі мае бацькі, а фамільны маярат знішчылі крыжакі. І зноў яны зараз імкнуцца на наш край, імкнуцца адабраць тое, што ў мяне засталося: зямлю, дзядзечку, мой замак, Бэзіла... Бо хто ведае – застанемся мы жывымі пасля навалы тэўтонскай? Княжа наш Вітаўце, абарані нас! Божухна, выратуй!
Я малюся. Чытаю усе малітвы запар, каб хоць адна з іх дайшла да слыху Яго.
Уратуй нас, Божухна!..

- Трынята збірае трыццаць сотняў са сваіх паветаў. У Гальміча столькі ж. Я збяру больш за сорак. Вялікі князь стане далей, на поўначы, але гэта не абароніць нас. Мы якраз на шляху іх стаім. Замак трэ ўтрымаць...
- Княжа, - кажа Сэдрык, - замак крэпкі. Бамбарды наладжаны. Калі будзе ежа ды порах, пратрымаемся колькі патрэбна. Хоць да зімы вытрымаем аблогу. Абы было з чым. Людзей хопіць, людзі верныя. А з надзейнымі воямі ды й паміраць не страшна.
- Рана паміраць збіраешся, сакс. Ёсць яшчэ тыя, каму нельга паміраць, - дзядзечка патузаў сябе за бараду і паглядзеў у мой бок, і ўсе яго зразумелі.
Шчыра кажучы, мне не варта было прыходзіць на раду, не жаночая гэта справа, але тут я магу займець магчымасць пагутарыць з Бэзілам. Ён як адзін з тых, хто карыстаецца даверам дзядзечкі, прысутнічае на радзе, ён сядзіць далей за ўсіх ад мяне, але час ад часу я лаўлю яго позірк, і ён адводзіць вочы, і мне сорамна глядзець на яго. Я гляджу на Майкла, на дзядзечку. У вакно, нарэшце! Але толькі не на яго.
...Балюча.
Калі б ён толькі падышоў да мяне, запытаўся аб чым небудзь... Але Бэзіл мае гонар, хоць і рыцар.
- Я мяркую, што лепей было б адаслаць жанчын адсюль, бо небяспечна, - раптам кажа ён, і ў мяне ў грудзёх сэрца падае ўніз.
Ён хоча, каб мяне не было побач. Ён хоча, каб я паехала адсюль, каб забыць мяне як мага хутчэй. Але ці змагу я адказаць яму тым самым?!. І, нібыта скрозь сон, чую, як адказвае яму дзядзечка:
- Праўду кажаш, Васіль. Не трэба табе, Стэфка, быць тут. Калі аблога будзе? Што зробіш? Ад’язджайце да Гомлі, там спакайней. Хіба, дойдуць туды, крыжаср...?
Сэдрык сарамліва хэкнуў і позіркам папрасіў у мяне прабачэння. Але гэтае не здзівіла мяне, бо я ведала дзядзечкаву схільнасць да ядраных словаў у цяжкую хвіліну. Ды й зараз мне было не да гжэчнасцяў.
- Стэфка, чуеш? – перапытаўся дзядзечка.
І тут давялося паказаць характар.
- Не, - ціха, але цвёрда сказала я. – Не паеду.
- Дурніца ты, дзяўчо. Вайна – не твая дзявочая справа. Што будзеш тут рабіць, калі аблога здарыцца?
Я не ведала, таму прызналася шчыра.
- Але й сядзець і чакаць, пакуль усё скончыцца, не буду. Што, калі... – перахапіла ў горле, - што калі тут нешта здарыцца. Я ж і ведаць ня буду. Не, я не паеду. Не хачу.
Я наўмысля не глядзела ў бок Бэзіла, бо ведала, што ён стрымліваецца, каб не пачаць спрэчку. На здзіўленне, дзядзечка нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў цяжка і сеў на месца, у шырокае цяжкае крэсла з дубу.
Сход працягваўся, мужчыны гутарылі аб абароне, раіліся, колькі зброі яшчэ трэба нарыхтаваць. Усе гэтыя спрэчкі я слухала ў паўвуха, цікуючы за маім саксам. Хутка і гэта надакучыла, тады я ціхутка выслізнула на лесвіцу і палезла па сходах. Тут, на самым версе паўночна-заходняй вежы, дзе прыступкі выводзяць на шырокую пляцоўку, было маё патаемнае месцейка, тут я малечай бавіла час. Раней дзеўкі сушылі ў вежы зёлкі, яблыкі ды цыбулю. Яна і зараз яшчэ развешана па сценах аранжавымі ды жоўтымі гронкамі быццам заморскія ягады. Тут ціха, і цёпла, і пыльна, мышамі пахне. Дзе-нідзе – іх гной. Цікава, што яны тут ядуць? Хіба цыбулю ды часнок? Таксама дурніцы, яны ж нясмачныя... Пад самым дахам, дзе бэлькі сыходзяцца ў цэнтры, можна разабраць цёмна-шэры, амаль чорны, камячок ледзь бліскучай поўсьці. Гэта кажан, ён жыве тут ужо колькі год. Ён стары, час ад часу крыху варушыцца, быццам кажа “Я жывы, жывы яшчэ”. Я не баюся кажаноў, што б там ні казалі дзеўкі. Блазноцце ўсе іхнія забабоны. Не дзяруць яны валасы, каб віць з іх гнёзды, не п’юць кроў.
Кажан жыве на самым версе, яму ўсё адтуль бачна, але галубы, якія пасяліліся ніжэй за яго, таксама ўсё ведаюць, бо лётаюць удзень, калі стары спіць. Галубы вы мае шызыя, што мне рабіць, га?..
Нібыта нехта ідзе – рыпяць сходы...
Так.
Далібог, не веру вачам. Грудзі зараз разарвуцца, сэрцайка выскачыць з іх, упадзе на падлогу, разаб’ецца...
- Пані Стэфка, - кажа сакс, і голас яго перарывісты. Няўжо хвалюецца?! - Вам лепей ад’ехаць, як сказаў князь Даўгерут, бо тут насамрэч будзе небяспечна. Вы не бачылі яшчэ вайны, а я ведаю, што гэта такое. Паверце мне, вам будзе лепей ад’ехаць.
Што сказаць?!. Якія словы будуць лепшымі?!. Ойча, дапамажы мне!..
Вусны як спякліся, не варушацца. Ледзь чую, што голас цвёрды, як і тады, на сходзе.
- Гэта было маё рашэнне. Я не адступлюся ад сваіх слоў, бо маю гонар.
- Вы - паненка, у вас не той гонар.
- З якога гэта часу слова шляхецтва ўжо нічога не вартае?
- Даруйце мне дзёрзкасць, але я паступіўся сваім гонарам, каб пераканаць вас ды даць вам магчымасць пазбегнуць страшнага.
- Дзякую, пан Васіль, за вашыя намаганні, але гэта мой замак, гэта мае воі, і я адчуваю адказнасць за іх.
- Ды што вы вярзеце! Я прысягаў князю, а не вам! – ён амаль крыкнуў гэта.
Каб толькі не страціць прытомнасць!..
- Гаспадарку вяду я, таму маю права казаць так.
Госпадзі, што я пляту!!! Нічога не разумею, нічога не цямлю. Язык не слухаецца, думкі скачуць адна далей за адну, а ў скронях біецца толькі адно: “Бэзіл... Мой Бэзіл...”.
- Вы хаціце пазбавіцца мяне, пан Ротэрвуд, таму прымушаеце мяне пакінуць родны замак.
Толькі зараз я разумею, што з усяёй моцы сціскаю цяжкае кальцо на вечцы акаванай жалезам скрыні. Ды так, што пальцы мае пабялелі, ды на іх праступілі чорныя жылы. Напэўна, павінна быць балюча, але я не адчуваю болю, толькі шуміць у галаве, ды плямы ў вачах.
- Вы не хаціце мяне бачыць, я вам абрыдла, таму і гоні... це мяне... – усё ж такі ўсхліпнула, але задавіла слёзы недзе ў грудзёх.
І я сама веру той лухце, якая сыпецца з майго роту. Насамрэч, мне самой ужо здаецца, што гэта сапраўды так, што Бэзіл палае нянавісцю і спрабуе справадзіць мяне прэч адсюль. Я ўжо забыла, што гэта я абразіла яго першая, і крыўджуся сама...
- Вы мяне ненавідзіце!!! – крычу я і адчуваю, як мая далонька сама ляціць да яго твару, але не паспяваю ўбачыць удар, бо вочы заслала чорнае павуцінне, і толькі сэрца тухкае ў скронях, нібы молат па кавадлу.

*       *       *
Я паднялася на світанні. Вымылася сама – вада цурчэла з глінянга рукамыйніка на падлогу, цабэрак быў поўны, а вынесці не было каму. Бо пазаўчора дзевак адаслалі з замку. Засталася толькі я адна. Насамрэч, нязвыкла. Але скардзіцца нельга – то была мая воля.
Сонца толькі-толькі пачало ўзыходзіць, начная прахалода яшчэ кусалася пад сукенкай, але воі ўжо соўгаліся па двары.
Два дні таму скончылі ладзіць воўчыя ямы вакол замка, учора яшчэ прыглядаліся, падпіхвалі травой, дзе цямнелі дзіркі, а сёння ўжо толькі моўчкі аглядаюць падыходы да брамы. Я гляджу ў бок парка, дзе так хораша было гуляць. Зараз ён рэдкі, нібыта валасы ў старой дэвоткі, бо павырубалі і клёны, і ліпы, і каштаны, каб вораг не схаваўся ў засені, на траве свежае жаўтаватае пілавінне свеціцца...
Юрка са свае коні – ля стайні. Ён лашчыць прыгожага варанога дрыкганта, танканогага, прызначанага для шпаркага імклівага бегу наўздагон за ветрам, Юрку шкада яго, бо калі ў сечы той аступіцца, то больш ніколі ўжо не паскача па волі... Калі будзе сеча, то шмат ягоных улюбёнцаў паляжа. Але я ведаю, што гэтага, чорнага, ён пакінуў для мяне, каб у мяне была магчымасць выратавацца. Уцячы.
Дзякуй табе, добры Юрка, але я не пабягу, бы спалоханае зайчаня Гэта мой замак, мой край. І я буду яго абараняць поплеч з мужчынамі.
Напружанае маўчанне панавала навакол. Віжы19, што вярнуліся ў замак спавясцілі: тэўтоны ў трохгадзіннай адлегласці. Цягнуць з сабой бамбарды. Сотні ды сотні крыжаносных сабакаў... Гэта, вядома, далёка не ўсё войска ордэна – большая частка яго на чале з самім магістрам рухаецца з поўначы, там яго чакае князь Вітаўт, ды там і ёсць войска Літвы. Але й гэтых хопіць, каб раструшчыць маленькую ракавінку замка разам з яго жыхарамі... Кажуць, што ідуць за справу Госпада. Каму ж яны моляцца, калі забіваюць ды пояць крыжы на грудзёх сваіх крывёй чалавечай?!
Лучнікі з Майклам пасталі ўзжоўж сцен. Яны чакаюць. Мы ўсе чакаем. Конніца мнецца. Калі вораг падыдзе блізка, вершнікі вылятуць з брамы ды абрушацца на тэўтонаў. Шмат іх там паляжа, самыя мужныя ды адважныя гінуць першымі, бо прымаюць першы ўдар. Потым тыя, хто застануцца жывыя, адступяць назад, закладуць весніцы, ды будзем трымаць абарону, бо зашмат чужынцаў, а мы адні...
Цяжкія гадзіны чакання... Я прысела на ганку. Рыхтуюць, ускатваюць наверх вялізныя чопы20, туды накідаюць плюмбуму ды развядуць вогнішчы, а потым, калі метал скончыцца, будуць паліваць немцаў варам. Мабыць, дапаможа. На жаль,я нічога не разумею ў гэтых справах.
Трынята амаль бяжыць па двары. Яго прыгожы малады твар засмучаны, на ім ляжыць цень, але ля мяне ён спыняецца і прыладжваецца побач.
- Што засумавала, князёўна? – пытаецца ён. Спрабуе быць вясёлым, і крыху гэта атрымліваецца ў яго.
- Боязна... – мармычу сабе пад нос.
- А што ты хацела? – Трынята кладзе руку ў цяжкай рукавіцы мне на плячук, і я гібею пад цяжарам. – Табе казалі, што гэта не лялек трабушыць. Сама засталася, дык давай, паводзі сябе як трэба.
- Хіба я зад хаваю ў яміну? – пачынаю злавацца. – Хіба баюся?!
- Цішэй, князёўна. Ты паненка, табе, вядома, боязна, але цябе не папракнуць, бо табе дазволена такое. Але я табе вось што скажу: пакуль не позна, паехала б ты адсюль. Мо шчэ паспела бы?
- Не хачу.
- А калі не ўтрымаемся?
- Вазьму корд21...
- Сябе заб’еш? – ён усміхнуўся.
- Чаму сябе? Тэўтона...
-  А калі палон?
- Я выбрала, - цаджу праз зубы я і разумею, што забіць не смагу. Ні сябе, ні нават ворага. Хай ён і тэўтон, хай ён і сам забойца, але ён чалавек. Такі ж чалавек, як і Майкл, Трынята, дзядзечка – з мяса ды крыві. Яму таксама баліць, яму таксама не хочацца паміраць.
- Корд, кажаш... У руках трымала? Не падымеш жа.
- Падыму.
- А калі параняць? Заплачаш.
- А хіба ты не плачаш, калі баліць табе?
- Не. Бо я мужчына.
- Ты абаронца, і я абаронца! Не буду румзаць! А калі заб’юць – то пабачыш, якая я была! Бога буду прасіць, каб цябе дзеля гэтага ўратаваў!!!
- Ну до ўжо, до. Годзе. Не крычы ты так. Усе зараз як адзін. Васіля бачыла хоць сёння?
Так, бачыла яго здалёк, калі ён крочыў па галерэі. Ён мяне не заўважыў. А я яго бачыла. І нават бачыла, што вочы ў яго мутныя, сонныя. Бадай, не спаў усю ноч...
- Яны зараз з князем ды Майклам рупяць22, вунь яны, - Трынята тыцнуў пальцам уверх і убок. – схадзіла бы да яго, пагутарылі...
Мы з ім падняліся і накіраваліся наверх, на галерэю. Мужчыны стаялі ля сцяны ды глядзелі праз байніцы кудысьці ўдалеч.
- ...падыдуць блізка, зможам абараняцца, покі будуць стрэлы, - пачула я канец разважанняў Майкла. – Палезуць на сцяну – пал’ем плюмбуму.
- Горай будзе, калі праб’юць браму... – дзядзечка пачухаў патыліцу пад цяжкім шлемам.
- Так, вы маеце рацыю, пане, але ж найгоршае – гэта бамбарды.
- Што ж... – і тут ён заўважыў мяне. – А ты што тут робіш, Стэфка?
- Я?
- Ты.
Зусім не ведаю, што й адказаць... Скажу, што хацела пабачыць Бэзіла, дык гэта ж будзе зусім не прыстойна. Але ж і ілгаць не магу...   
- Тужліва мне, дзядзечка. Нудота такая...
- Сапраўды. Сам думаю: хутчэй бы ўжо. Але што, сам сабе смерці жадаць станеш?
- Баішся? – ціха запытаў Бэзіл, і я аднымі вачыма сказала: “Так...”. 
- Не хвалюйся, дачушка, - ізноў загаварыў дзядзечка. – Усё будзе добра. Бачыш, які далягляд зялёны? Гэта жыццё. Будзе свет, будзе мір і шчасце. Будзе каму хадзіць па вольнай зямлі нашай, бо няма смерці, покі мы жывем, а прыходзіць яна да тых, хто стаміўся ад жыцця. Ты чуеш, Стэфка, жаўрук звініць? Бы ручай цурчыць па каменьчыках. Ці чуў ты такое ў сябе на радзіме, сакс? Не кажы, што чуў, бо няма ў вас такіх птушак, як нашыя. Дык слухай, пакуль жывы яшчэ. І ведай, што паміраць вам, маладым, не час. І, кажу, каб чулі ўсе, хто побач, калі жывымі застанемся мы ўтрох, аддамо я табе маю Стэфку, каб была яна тваёй жонкай, а ты быў яе мужам. Згода?
- Згода, - ціха, але радасна сказаў ён.
І зарадавалася я, бо не было для мяне ўсё ж большага шчасця, чым гэтае.
- Усе чулі? – запытаўся голасна дзядзечка.
Воі гукнулі:
- Усе!
І князь працягваў:
- А калі спаткаю я свой канец у баі, няхай Трынята яе ажэніць з саксам. Згода?
Той усміхнуўся:
- Згода. Ажаню. Як сястру сваю ажаню.
- І добра. Трэ выпіць за замовы!
Але Майкл, які стаяў ля байніцы, гукнуў:
- Тэўтоны!..

 Каса мая, косынька доўгая... Краса дзявочая, гонар дзявочы... Колькі песціла цябе, каб пад час вяселля зрэзаць!.. Не дачакалася ты, не дасцерагла я цябе... Корд мне прынёс Трынята, каб абаранялася я, але спярша я, косынька, цябе загублю. Не з-за ганьбы, але для бою. Даруй мне, Госпадзі... Даруй.
Цяжкае вечка скрыні падалося ўверх, і я схавала на дне адрэзаную касу ільсняную, што ў сукенку прыгожую, аксамітавую, укруціла. Памяняла я сукенку на цяжкае жалеза кальчугі... Абы жывой застацца, бо немцы ўжо пасталі на лузе, чутны барабаны тэўтонскія, палаюць крыжы на белых сурко, смярдзіць порахам, грукаталі ўжо бамбарды. Крывёй пахне...
Трынята, Трынята! Навошта ты мяне ў вежы замкнуў! Пабаяўся мо, што палезу на сцяну да лучнікаў, ды зброю вазьму. Не прыгадаў ён, што вакно на сходах выходзіць на галерэю, што можна там вылезці. Кальчужка хоць і малая, але гне долу. Галаве цесна, хочацца зняць цяжкі шлем, але нельга.
Загрукатала зноў бамбарда, ды скалануўся замак, пасыпаўся друз са столі – зачапілі ядром, напэўна, дах маёй вежы. Нельга тут заставацца.
- Ойча наш нябесны, хай свянціцца імя Тваё, да будзе воля Твая, як на зямлі, так і на нябёсах. І даруй грахі нашыя нам, як і мы даруем ворагам сваім. Ды не ўводзі нас у спакусу, але пазбаў нас нячыстага. Аман, - кладу шырокі крыж на сябе: пальцы лятуць да ілба, на жывот, крыжуюць абодва плечукі. – Аман...
Спускаюся да вакна. Чуваць ужо жудасную музыку вайны, але нібыта кавалак каменю застаўся ў маіх грудзёх. Дай мне мужнасці, Божухна!
Ўжо ёсць забітыя. Але нікому да іх няма справы – лучнікі прыпалі да байніц, пускаюць адна за адной стрэлы, яны свішчуць у паветры, зыгае цеціва. Што рабіць? Спачатку губляюся, але побач са мною асядае цёмнавалосы сакс. Здаецца, яго клічуць Томас, Фама па-нашаму. Кінуцца бы яму на дапамогу, але варожая страла засела ў яго у грудзёх, нават кальчуга не выратавала, і кропелькі крыві фарбуюць бліскучы метал барваю. Лук падае на дошкі, і я ведаю, што павінна рабіць.
Я бачу, як робяць гэта тыя, хто стаяць поплеч са мною. Таксама бяру стралу, кладу яе на палец, упёршы цеціву ў шчыліну на канцы, ды адцягваю назад. Пускаю. Страла ляціць павольна, нібы дражніцца, і падае на зямлю зусім блізка. Я ледзь не плачу. І тут чую нечы лямант за спінаю:
- Oaf! Shoulder! Pull your shoulder!!!23
І нехта моцна адцягвае маё плячо назад, і я разумею, чаму ў мяне не атрымалася. Другая спроба. Вось! Як трэба! Пільна прыглядаюся ўніз, туды, дзе мітусяцца крыжаносцы. Дошкі пад нагамі ходзяць – то тараняць браму. Але я не думаю зараз аб гэтым, перад вачыма стаіць толькі твар высокага немца, што падпальвае порах у бамбардзе. І я лаўлю яго лоб на кончык стралы ды пускаю цеціву.
Я ўпершыню забіла.
Бой захапіў мяне не менш чым гульня ў хованкі. Белыя сурко ўжо не рэжуць вока сваім колерам – яны сталі брудныя: дзе шэрыя альбо зялёныя, дзе – чырвоныя.
- Волею Айца нашага нябеснага, - шапчу я ды апантана пускаю стралу за стралою.

- Піць... Піць... – стогне сакс. Ядром бамбарды яму патрапіла ў грудзі, косці раструшчаны ў кашу, але ён яшчэ жывы... Жывы ўжо трэці тыдзень...
Каб палегчыць яго пакуты, даю яму кропельку вады з лыжачкі. Вады няма. Цабэрак амаль пусты, і, каб напоўніць яго, іду да калодзежа.
Вядро грыміць гучна. Было б шмат вады – яно бы плюхнулася ўніз. Але вада сканчваецца. Хутка яе не будзе зусім. І тады жудасная смерць чакае вояў нашага замка.
Тут, ля калодзежа, мяне знаходзіць Бэзіл. Шнар на ілбе ўжо пабялеў, кароста адсыхае і паціху сыходзіць – калі тэўтоны прарваліся на сцяну, яму кордам рассеклі скуру і паранілі брыво. Гасподзь выратаваў, бо маглі патрапіць у вока, і мой сакс аслеп бы. Я любуюся мімаволі на яго, пасталеўшага, мужнага.
- Як вы, пані Стэфка? – пытаецца ён.
- Дзякуй Богу, пакрысе, - адказваю я і апускаю вочы, бо мне сорамна прызнацца, што нічым не магу дапамагчы параненым, нават, даць ім напіцца ўволю перд смерцю. Калі б хто-небудзь змог прарвацца да возера ды прынесці вады... Але няможна, бо не прабіцца праз заваленую браму. Хіба толькі ў кашы са сцяны... Але ж там ворагі...
Здаецца, апошнія словы я прамаўляю услых, бо Бэзіл кажа:
- Калі патрэбна, я магу зрабіць як вы хочаце.
- Не. Я не хачу, каб нехта спаткаў смерць з-за мяне.
- Дурнічка, - кажа ён і бярэ мае пальцы ў далонь. – Няма большага шчасця, чым памерці за Радзіму, альбо за каханую.
За каханую – так. Але ж не за дзьве сотні вояў і пакінуць каханую тужыць усё жыццё... І я адбіраю руку.
– Не трэба...
- Але Гасподзь загадаў нам быць міласэрнымі да блізкіх. Чаму вы хочаце прывесці ім смерць?
- Таму што яны заб’юць цябе! Спроба будзе марная, як ты не разумееш, мой бедны сакс! Не гэткай цаною...
Бэзіл пяшчотна дакрануўся маёй шчакі, і я не заўважыла, як апынулася занадта побач з ім.
- Вы маеце рацыю, пані...
- Вядома...
- Дык дайце мне хоць кроплю вады, напіцца з вашых ручак.
  Я дазваляю яму зрабіць глыток ды бягу да сваіх параненых. Калі я прыходжу, то бачу, што сакс з раструшчанымі грудзямі памёр...

Няма адкуль чакаць дапамогі. Галубоў, што мы паслалі яшчэ два тыдні таму, напэўна, падстрэлілі тэўтоны. Няма дзе пахаваць забітых, а надвор’е стаіць цёплае ды яснае, таму па замку распаўзаецца цяжкі смурод. Пакуль што нябожчыкаў склалі ў астрозе, але і гэтае не дапамагае, і мне страшна, бо пацукі ўжо не баяцца людзей, нават удзень яны бегаюць па двары ды па пакоях. Тлустыя нахабныя пацукі. Яны будуць разносіць хваробу, а калі ўсе абаронцы загінуць, з’ядуць і нашыя трупы... Жудасна паміраць вось так, у чэрвені, калі золакі такія ціхія і цёплыя, калі зоры на небе – бы дыяменты ў скрынях князя, калі сэрца просіць мілавання да світанку... Хутка будзе Купала, але не ведаю я: ці дачакаюся, ці буду ізноў збіраць зёлкі з вясковымі, ці пушчу па вадзе вянок, ці буду шукаць шчасця ў пушчы... Не ведаю і баюся... І хачу, далібог жа, хачу! Даруй мне, Госпадзі, бо я грашыла зашмат, а зараз прашу тваёй літасці.
Людзі паміраюць. Хутка памру і я, бо цягне душу нешта, бы распаленымі да чырвані кляшчамі, пякельныя пакуты прыходзяць па начах, калі я засынаю пад стогны параненых, пад кувіканне пацукоў... Цяжка мне... Трэ было згаджаца і ратавацца покі быў час, але зараз ужо позна. Ужо памёр Трынята, мой нарачоны брат. Пацукі прынеслі яму смерць, колькі дзён ляжаў у гарачцы, а пасля сканаў. Моўчкі сканаў. А перад тым, як уздыхнуў апошні раз, сказаў мне, і я запомню гэтыя словы на ўсё жыццё, бо засталося яго ўжо замала, каб забываць:
- Не бойся, Стэфка, таго, што ўжо здарылася. Але памятай, што пакуль ты не вырашыла, ты можаш усё змяніць. Думай, дурнічка мая маленькая, перад тым, як вырашыць, бо князь таксама не вечны, а той, хто будзе табе мужам, ён усё адно перакроіць цябе на свой лад. І не плач па мне. Будзь разумнай.
І ўсё.
Не будзе ў мяне мужа, Трынята. І дзядзечка не будзе вырашаць за мяне мой пакон24, бо ўжо горача і мне, кастлявая датыкаецца маіх скроняў пасохлымі пальцамі. Хутка мы ізноў сустрэнемся...
Але як жа не хочацца паміраць!..   
Калі стала зусім блага, я папрасіла, каб мяне перанеслі ў маю вежу. Пакойчык мой зарос пылам і павуціннем, але я не магла дазволіць сабе памерці побач з дзесяткамі саксаў-мужчын.  Хоць і вайна, але я паненка, княжна. Таму ўсё будзе так, як належыць.
Стамілася я ад жыцця, дзядзечка...
Праз трызненне чула, што прыходзілі парламенцёры, а што было потым – не памятаю.

*   *   *
- Ну, а зараз, бывай, Стэфка!
Ціль вывеў мяне за агароджу і паказаў напрамак да ракі.
- Выбачай, што не магу праводзіць. Вось табе зброя, калі што – ты здолееш. Падыдзеш да мастка, мяўкні, як котка. І чакай. Толькі далей ўжо ціха. Залезеш у лодку. Чалавеку вер, ён свой.
- А дзе мяне будуць чакаць там, за ракой?
- А не ўсё табе адно? Знойдуць, - ён усміхнуўся і паціснуў мне руку. – На развітанне. Няхай шчасціць табе.
- Дзякуй табе, Ціль.
- Бывай.
І я пайшла. Я ўжо не баялася нічога, бо было шмат за маёй спінай: вайна, хвароба, палон...
Месяц не паспеў узысці, як я была на беразе. Тройчы мяўкнула, але так кепска, што коткам, напэўна, стала б сорамна, калі б пачулі яны гэткі віск.
Праз колькі часу плесканула па вадзе. Так, гэта за мной. Чалавек у лодцы стаў у хмызняку, і я перабралася да яго.
- Схавайся, дзеўка, - ён цыкнуў на мяне і кінуў чорную епанчу. – На ніз кладзіся, ато высела як каралеўна: глядзіце на яе.
Салёным камяком крыўда засела ў горле, але я падпарадкавалася, бо ратавалі маё жыццё, і нельга было спрачацца.
А на другім беразе мяне ўжо чакалі.
Коні імчаць па лесе, епанча чапляецца за галіны дрэў, але нельга спыняцца, нельга, пакуль не пусцілі пагоню. Толькі тады можна будзе адпачыць, калі окрут панясе мяне па хвалях на Радзіму. Што чакае мяне там? Куды мне вяртацца?
Сёння якраз год з таго дня, як пачалася аблога замка. Шмат чаго здарылася за гэты час. Ціль расказваў мне, што замак наш здалі, бо я памірала, і тэўтоны ўзялі мяне ў палон, каб выратаваць мне жыццё, пазбавіўшы волі. Ачуняла я толькі ў Нямеччыне і не ведала: радавацца альбо плакаць, бо не было побач ні дзядзечкі, ні Бэзіла, і ці жывыя яны – невядома. Магістр саслаў мяне ў манастыр, хацелі, каб я прыняла пострыг і забыла мову сваю, бо жупілі са мною толькі па-іхняму, а маю не разумелі, альбо не хацелі разумець. Столькі было ўсяго перадумана за гэты час, столькі выпакутавана. Адчай і горыч былі маімі адданымі спадарожнікамі. “Літоўская нявеста,” – так кпілі з мяне манашкі. Але Гасподзь быў побач са мной і не давай гневу палаць у маім сэрцы. Душа мая нібыта куклянка якая, стаілася ў абалонцы, каб аднойчы разарваць яе.
У той дзень падскарбі ордэна прыехаў на світанні, ніхто не ведаў аб тым. Прыехаў па мяне. Стаў гутарыць, што я мяркую рабіць. Я маўчала. Тады ён раззлаваўся і сказаў, каб я збіралася. І павёз мяне ў свой замак. Навошта – пэўна толькі ён ведаў.
Там я пазнаёмілася з Цілем, яго блазаном. Ён быў адзіны, хто спачуваў мне, і неяк я расказала яму аб Бэзіле. А праз два тыдні я ўжо плыла ў лодцы праз рэку насустрач волі і лёсу.
Куды я пайду?.. Пэўна, землі нашыя адышлі да ордэна, я нічога не ведаю аб гэтым. Добра, калі дзядзечка жывы застаўся. А калі не? Што мне шукаць на белым свеце мне, сіраце, якая страціла апошні прытулак, апошнюю апору? Але мая вера і мая надзея са мной. І няхай пан Езус вядзе дачку сваю да таго, што ёй наканавана.

У мяне не было ані залацінкі, каб расплаціцца за ежу ды начлег, манашкі паздымалі з мяне ўсе ўпрыгожванні: завушніцы, кольцы, бранзалетку, нават, крыжык з яхантамі. Сказалі, што багацьце загоніць мяне ў апраметную, і далі драўляны крыж на сучанай нітцы. Яго я і дала Хадосьцы, але яна адмовілася браць.
- Нельга так, пані, - з дакорам сказала яна. – Нельга за такое плаціць. Вы лепей памаліцеся за мяне.
І я паабяцала, што памалюся.
Ізноў шлях. Але гэта будзе ўжо блізка. Дзень ці крыху больш – і Вільня. Дзядзечка там.
Войска Вітаўта адваявала замак наш, але калі тэўтоны адыходзілі, яны заклалі там бочкі з порахам і ўзарвалі іх. Я бачыла рэшткі замка, дзе пражыла амаль усё сваё жыццё, я хадзіла па счарнелых ад сажы і куродыму камянях, адчувала пах смерці і дыму. Добра, што немцы пахавалі памерлых, а цела Трыняты паклалі ў корсту з мёдам ды піжмом, і зараз ён ляжыць побач са сваімі дзедзічамі. Заспакой душу яго, Госпадзі!
Вільня... Дзядзечка зараз у аршаку25 вялікага князя. Пад час сустрэчы ён расчуліўся нават ледзь не заплакаў, бо ўсе ўжо лічылі мяне памерлай і ставілі свечкі за спачын. Калі я запыталася пра нашых саксаў, дзядзечка стаў сумны.
- Большасць загінула, Стэфка. Майкл трапіў у палон, і невядома, дзе ён і што з ім. Сэдрык з тымі, хто ацалеў; яны ад’ехалі на радзіму. Абяцалі, што будуць шукаць звесткі пра тых, хто зараз у тэўтонаў, а я дам грошы, калі тыя запатрабуюць выкуп...
А пасля ён сказаў мне, нават не даў падумаць:
- Збірайся. Паедзеш да свайго сакса.
І вось, я ізноў выпраўляюся далёка. На гэты раз шлях яшчэ больш чаканы і хвалюе мяне не менш, чым папярэдні, бо наперадзе не толькі новая краіна, невядомая зямля, але і Невядомасць увогуле: ці чакая яшчэ мяне Бэзіл, што схаваўся ад мяне на край зямлі, як пад час дзіцячай гульні? А, можа, ён ужо прапанаваў сэрца і руку якой-небудзь заморскай панне, і я стану лішняй і непатрэбнай? І халодны пот выступае ў мяне на спіне.   

Замак.
Невялічкі, нават меншы за мой. Складзены таксама з чырвонага каменю і плінфы. Тры вежы, адзін данжон. На мне зараз цёмна-вішнёвая епанча, і шчокі мае, адчуваю – таго ж колеру ад хвалявання. Спрабую ўявіць сабе нашую сустрэчу і не магу... Ці ён выйдзе мне насустрач, ці я прыбуду ў замак... Сумнявалася: ці загадаць служцы ехаць наперад і папярэдзіць? Але пабаялася.
Нас сустрэла ахмістрыня і сказала, што гаспадар паехаў на ловы, будзе праз колькі дзён. І я згадзілася на яе прапанову – пажыць ў замку, пачакаць.
Я крыху супакоілася за гэты час, але вечарам трэцяга дня нейкая ліхаманка прымусіла мяне скалануцца. Жудасна... А калі ён... Не. Гэтага не можа быць, бо было абяцаньне, была замова... Не.
А калі ўсё ж?..
Каб заняцца нечым, я пайшла гуляць па замку, зазірнула на кухню. Ахмістрыня з падкухцікам26 абіралі цыбулю, і мне прыгадаўся той час, калі я таксама з нашымі дзеўкамі гатавала стравы... Туга-мярзячка па страчанай радзіме салёнымі кроплямі праслізнула па вачах.
- May I... Also27? – я ўжо крыху разумела іх дзіўную рыкучую мову і магла казаць на ёй колькі простых слоў.
Старая добразычліва кіўнула мне і дала шэранькі фартушок, каб я не замызгала сукенку. Цыбулю мы абіралі разам.
Я не чула, як ён увайшоў. Памятаю ўжо толькі, што схапіў мяне ў абдымкі, расцалаваў у шчокі. І я стаяла перад ім у брудным фартуху, з чорнымі ад зямлі рукамі, пахла цыбуляй і дымам. Ад сораму хацелася праваліцца пад зямлю, у пекла, але ён не дазволіў мне гэткай раскошы.

*   *   *
Жоўтае лісце на дрэвах у садзе. Такімі ж расшыта мая вясельная сукенка.
      
                Чэрвень 2006 – Сакавік 2007

    

1) Цьвяліў (старабел.) - дражніў
2) Дыбалавы (старабел.) – вялікі ды назграбны
3) Кешкацца (старабел.) – корпацца, сноўгаць туды-сюды
4) Рубок (старабел.) – старадаўняя вопратка, ніжняя доўгая сарочка
5) Камлыга – вялікі кавалак; глыба
6) Дакляраваны – абяцаны
7) Ахмістрыня – аканомка; служка, якая глядзела за хатнімі клопатамі ў замку
8) I beg thou mercy (анг.)- Малю тваёй літасці
9) Maiden (анг.) - дзяўчына
10) Caraway (анг.) – кмін
11) Пажупіць (старабел.) – пагутарыць
12) Окрут (старабел.) – карабель
13) Ушчыплівы (старабел.) – непрыемны, з’едлівы
14) Адамашкавы (старабел.) - з шаўковай візэрунчатай тканіны
15) Кіжлун(зьнев.крыўд.) - нахабны мужчына
16) Ложніца (старабел.) – спальня
17) На Купалле
18) Балонкі - аконнае шкло
19) Віж – сок, шпіён
20) Чоп – кацёл
21) Корд – кароткі меч
22) Рупіць – гутарыць, размаўляць
23) Дурань!!! Плячо!!! Цягні плячо!!!
24) Наканаванне, лёс
25) Світа, двор
26) Служка на кухні
27) Магу я… Таксама?


Рецензии