Вяселле ваукалакау

Андрэй Герашчанка

ВЯСЕЛЛЕ ВАЎКАЛАКАЎ
(містычнае апавяданне)

Полымя ад палаючага маёнтка Старжэўскага было відаць з самага шляха на Прапойск. Чобат спяшаўся  ён быў павінен некалькі гадзін назад з’явіцца тут на дапамогу Мацвею Шавуле, але нечакана трапіў у пастку – яго сустрэў атрад прапойскіх шляхціцаў. Зараз амаль усе яны засталіся ляжаць у снезе, але ж Чобату было непрыемна, што ўсё так адбылося – у маёнтку Старжэўскага павінны былі знаходзіцца ляхі і Шавуле, напэўна, прыйшлося не вельмі лёгка.
Але ж і Чобат не адпачываў – яшчэ не паспеў загаіцца след ад ляшскай шаблі, які застаўся з сечы на Буйніцкім полі, калі дваццаць тысяч ратнікаў арміі Радзівіла не змаглі перамагчы казацка-сялянскія атрады Севярына Налівайкі.
Была і яшчэ адна прычына, якая прымушала Чобата спяшацца – у маёнтку Старжэўскага яго чакала Алена, яго каханая, папярэджаная добрым чалавекам аб тым, што хутка з’явіцца казачы загон.
З боку маёнтка чулася страляніна і Чобат вырашыў, што больш марудзіць нельга. Ён загадаў сялянам, узброеным віламі і косамі, бегчы як мага хутчэй да маёнтка, а сам з запарожцамі перайшоў на галоп.
Ля маёнтка ўсё ўжо было скончана, Стралялі ўверх запароджцы, якія святкавалі перамогу. На двары, на якім яшчэ на снезе ляжалі забітыя ляхі і дворня Старжэўскага, гаспадарыў сам Мацвей Шавула, які па свайму звычаю раздаваў жывёлу і маёмасць Старжэўскага тутэйшым прыгонным.
Убачыўшы пад’ехаўшага  Чобата, Шавула радасна ўзняўся з месца і гучна крыкнуў:
- Чобат?! Цябе, Іван, толькі за смерцю пасылаць! Каб я толькі на цябе разлічваў – на тым свеце ўжо быў бы! А Налівайка яшчэ казаў, што ты – адзін з лепшых атаманаў!
- Прывітанне, Мацвей! За спазненне прабач – шляхціцы ў пастку заманілі, зараз адпачываюць вечным сном пад Прапойскам. Але і я дзвух казакаў і дванаццаць сялян страціў. А наконт таго, ці добры я казак – пра тое не адзін лях ці шляхціц на Буйніцкім полі даведаўся!
- Казакі з Мінскага курэня?
- Так – абодва! У мяне палова запарожцаў з Мінскага, - паведаміў Чобат.
Іван спрытна саскочыў на снег і падбег да Шавулы, паправіўшы выехаўшы з-пад шапкі асяледзец. Сустрэўшыся, атаманы моцна абняліся і тры разы пацалаваліся па рускаму праваслаўнаму звычаю.
- Толькі мне, братка, няма часу тут святкаваць – трэба яшчэ да аднаго знаёмага за Прапойскам наведацца, пакуль Радзівіл не падыйшоў! Так што пакіну цябе замест сябе тут – каб суд рабіў і прыгонных не зневажаў, а сам з атрадамдалей пайду. А Старжэўскі ўцёк, пёсі сын – ва ўсялякім разе ніхто яго жывым не бачыў! – весела сказаў Шавула.
- Добра, Мацвей – як скажаш! Толькі справы не вельмі добрыя – з поўдня, ёсць чуткі, рэестравыя казакі  атамана Цыбулі ідуць на дапамогу ляхам, - паведаміў Чобат.
- Дрэнна – Цыбуля добры казак, я з ім і з Налівайкай яшчэ разам на татар хадзілі, - Шавула адразу зрабіўся сумным і змрочным: - Нельга, каб рускія праваслаўныя казакі адзін аднаго рэзалі.
- Але ж і Цыбуля мог бы ляхам не служыць! – успыхнуў Чобат і схапіўся за шаблю.
- Астынь, Іван! – жорстка папярэдзіў Шавула і схапіў Чобата за руку: - Памятаеш, што сказаў Налівайка перад паходам на Белую Русь? І прыгонных рускіх людзей абаронім, і з рэестравымі казакамі сутычкі пазбегнем. Нельга нам са сваімі братамі біцца!
- Што ж тады рабіць, Мацвей? – разгублена спытаў Чобат.
- Што рабіць? Гуляць, Іван – так гуляць, каб ляхам і шляхце здалося, што яны ўжо пры жыцці ў пекла папалі! А калі Цыбуля падыйдзе – пераходзіць у новае месца. А Цыбуля з рэестравымі, здаецца мне, нас не надта старанна будуць шукаць, Ім таксама, я лічу, ганьбіць сябе праваслаўнай рускай крывёю не надта хочацца.

Увечары Шавула падаўся да Прапойска, а Чобат размеркаваў казакаў і сялян па хатам. Сам вырашыў пераначаваць у хаце вясковага папа айца Мікалая. З ім засталіся стары запарожац Вус і чатыры казакі.
Чобат быў у добрым настроі – гадзіну таму ён знайшоў сваю Алену ў дамоўленай сялянскай хаце і цяпер быў упэўнены, што нічога не зможа перашкодзіць іх вяселлю – каля Алены засталося дзесяць лепшых казакаў і ўжо зусім хутка, заўтра раніцай, яны стануць мужам і жонкай. Прайшло ўжо амаль два месяцы з таго часу, як Чобат, хаваючыся ў лесе пад Рэктай – радавым гняздом Старжэўскага, апошні раз бачыў Алену, падчарыцу шляхціца. І вось – новая сустрэча. Чобат увесь свяціўся ад усмешак, раз-пораз перабіраючы то шаблю, то пістоль, то торбачку з тытунём – абы чым-небудзь заняць рукі, а сам марыў пра заўтрашні дзень. Іван яшчэ не ведаў, што яны будуць рабіць далей – былі чуткі, што Налівайка збіраецца вяртацца на Падолію. Мацвей Шавула, напэўна ж, накіруецца за севярынам і тады Чобату, вядома, таксама трэба будзе пакідаць Рэктуі рухацца з казакамі на поўдзень, бліжэй да Запарожжа – там старая руская вольніца і там праваслаўныя могуць не хвалявацца, што іх знойдуць нейкія ляхі ці шляхціцы. А частку сялян, якія пойдуць з ім, у Сечы можна будзе запісаць у Мінскі курэнь. Частку, вядома ж, прыйдзецца кінуць тут. А алена… Алена паедзе разам з ім на поўдзень – разам будуць шукаць сваё шчасце!
Мары Чобата перапыніў асцярожны ўмоўлены стук у дзверы.
- Уваходзь, Вус – што ў цябе?
Дзверы адчыніліся і ў пакой сапраўды ўвайшоў Вус – стары, кражысты, ужо сівы запарожац.
- Ёсць размова, атаман, - растлумачыў Вус.
- Праходзь, казак, калі так – паразмаўляем! – запрасіў Чобат.
Вус прайшоў, але размову пакуль не пачынаў – сеў на лаўку, развязаў торбачку з тытунём, набіў ім люльку, раскурыў і, паправіўшы сівы асяледзец, пачаў уважліва паглядаць у бок атамана, пускаючы час ад часу колы дыму. Чобат таксама раскурыў сваю люльку і моўчкі паглядаў убок Вуса.
- Пра вяселле з Аленай марыш, атаман? – нарэшце спытаў Вус.
- Так, Тарас – пра вяселле. Вельмі шмат часу я яго чакаў! – пагадзіўся Чобат.
- Старжэўскага не спытаў?
- А навошта яго пытаць – ён ужо, напэўна, да самага Прапойска ад жаху дабег?! – зарагатаў Чобат.
- Ведаеш, што пра пана Старжэўскага тутэйшыя кажуць? – спытаў Вус, прыплюшчыўшы вочы.
- Што ён вядзьмак і ваўкалак?! Дык так сяляне пра кожнага другога шляхціца ці пана-ляха кажуць!
- Але ж Старжэўскага не знайшлі – як скрозь зямлю праваліўся! А вось ваўка бачылі! Калі маёнтак загарэўся, з пуні выскачыў воўк і пабег да лесу. Вялікі воўк і нейкі занадта ўжо белы. Якраз з такой поўсцю, як валасы Старжэўскага.
- Ты, Тарас, наогул, белы, як лунь – з гэтага яшчэ не вынікае, што ты ваўкалак! – зноў зарагатаў Чобат.
Вус зрабіў выгляд, што не чуе атамана:
- І раней гэтага ваўка некалькі разоў бачылі – у адной жанчыны ён дзіця з самой люлькі скраў, а другім разам пяцігадовага хлапчука ледзь не пагрыз, але ж сяляне адабралі. У той час яны добра ваўка дуб’ём прывецілі – ледзь вока не выбілі. І Старжэўскі з таго часу акрывеў на адзін бок. Вось і думай, атаман!
Дакурыўшы, Вус вытрас з люлькі попел і зноў набіў яе тытунём.
- Шмат курыць стаў, Тарас! – заўважыў на гэта Чобат і, зразумеўшы, што Вус чакае зусім іншага, растлумачыў: - Байкі гэта ўсё – бабы прыдумалі, каб сваіх дзяцей перад сном пужаць. А калі нават Старжэўскі і ваўкалак – што з таго?! Вяселле ён не прыпыніць! Нельга рускаму праваслаўнаму чалавеку, а запарожскаму казаку – тым больш, розных ваўкалакаў пужацца. На тое ёсць добрая шабля і хуткія кулі.
- Беражонага Бог беражэ! – не пагадзіўся Вус.
- Добра, Тарас – я зразумеў. Але ж і Алена пра тое самае, што і ты, казала. Будзем сцеражчыся – калі Старжэўскі і не ваўкалак, то якую-небудзь брыдоту ўсё роўна зрабіць нам можа. Ён ледзь не згвалтаваў Алену, калі даведаўся, што яна мяне чакае! – адказаў Чобат і зноў распаліў сваю люльку, аддаўшыся нахінуўшым на яго думкам…

Раніца выдалася прыгожай і вельмі сонечнай – снег ярка зіхацеў тысячамі знічак, вясёла і прыемна хрумкаў пад капытамі коней і палоззямі вясельных санак, у якіх сядзелі Чобат і Алена, толькі што абвенчаныя ў царкве. Па абодва бакі ад маладых ехала па два добра ўзброеных запарожца. Атрад з чатырох запарожцаў крочыў наперадзе. Астатнія ехалі адразу за маладымі.
Айцец Мікалай стаяў на драўляным ганку вясковай царквы і сачыў позіркам за святочнай кавакальдай. Сяляне, і мясцовыя, і тыя, што былі залічаны ў загон Чобата, з крыкамі прывітання падкідвалі ўверх свае трывухі з сабачых ды заячых скур.
Стары Вус ехаў побач з вяселлем у лесе, нікому не бачны са шляха. На сэрцы ў запарожца было трывожна – перад самым вяселлем айцец Мікалай казаў, што бачыў каля млыну, як раз там, дзе шлях паварочвае на Рэкту, вялізныя воўчыя сляды. Воўк пакруціўся каля млыну і знік – сляды вялі зноў у лес. Гэта было зусім дзіўна, таму што ваўку ля млыну няма чаго было рабіць. Да таго ж Кашлаты – магутны ваўкадаў айца Мікалая, пачуяўшы след, старанна яго абнюхаў, а пасля нечакана страшэнна завыў і больш не вяртаўся да слядоў нягледзючы на тое, што айцец Мікалай некалькі разоў яго клікаў і падбег да бацюшкі толькт тады, калі айцец Мікалай адыйшоў ад слядоў на шляху не меней, чым на дваццаць локцеў.
Вус быў упэўнены, што гэта – ваўкалак. Аднак Чобату і Алене зараз марылася зусім пра іншаеі папярэджванні старога запарожца ніхто па сапраўднаму не ўспрыняў. Таму ў Вуса заставалася толькі адно выйсце – апярэдзіць пярэваратня. Горш за ўсё, што Вус не ведаў, нават, што той наогул можа зрабіць. Але стары казак здагадваўся, што воўчыя сляды нездарма вялі да паварота ля млыну – там, напэўна, было самае зручнае месца для нападу.
Вус прышпорыў каня і перагнаў вяселле, трымаючыся на пэўнай адлегласці ад шляха. Перад млынам Вус пайшоў пешкі, прывязаў каня да бярозы і асцярожна пракраўся да млыну, заняўшы пазіцыю як раз насупраць паварота.
Сам млынар з жонкай і дзецьмі быў зараз ў царкве – на млыну нікога не было. Вус набіў два пістолі порахам і старанна загнаў кулі, на якіх яшчэ ўчора выціснуў шабляй маленькія крыжы. Пасля прымацаваў зброю да пояса і праверыў шаблю – яна лёгка выходзіла з ножнаў і ў імгненне магла быць скарыстана ў справе.
Толькі Вус паправіў шаблю, як пачулася трывожнае іржанне яго пакінутага ў адзіноцтве каня. Вус прыціснуўся да снегу і асцярожна зарыўся ў сугроб ля млыну. Цяпер яго было цяжка заўважыць нават зблізу.
На бліжэйшых дрэвах трывожна закаркала вараннё і, раптам узняўшыся ў паветра, рушыла ў бок маёнтка,
- Ты ідзеш, Старжэўскі – я чую! Ідзі – цябе чакае пекла! – ледзь чутна прашаптаў казак.
З боку шляха ўжо даляталі вясельныя спевы і звонкі голас званочкаў, прымацаваных на тройцы, у якой ехалі маладыя. Вус уважліва назіраў за наваколлем і надзейна трымаў у правай руцэ адзін з пістоляў. Левай рукой казак час ад часу кранаў шаблю – яна таксама магла спатрэбіцца.
Як ні ўважліва назіраў Вус навокал, але воўк з’явіўся ўсё ж нечакана – ён вельмі асцярожна крочыў па снезе і нечакана стаў амаль ля самага сугроба, прынюхаўся і глуха зарычаў. У вуса ўсё пахаладзела ўнутры. Казак ледзь утрымаў сябе – хацелася выхапіць шаблю і кінуцца на ваўкалака. Але ж той мог уцячы і тады ўсе намаганні старога запарожца маглі застацца дарэмнымі.
Воўк яшчэ раз глуха зарычаў і падыйшоў амаль да самай груды снегу, дзе хаваўся Вус. У гэты час з-за паварота з’явілася святочная кавакальда. У тройцы, якая ехала наперадзе, адразу за чатырма коннымі запарожцамі, абдымаліся шчаслівыя і ўжо амаль нічога не заўважаючыя Чобат і Алена.
Убачыўшы вяселле, воўк кінуўся да шляха і, пераскочыўшы праз першую каляіну, перакуліўся праз галаву. Коні пад запарожцамі ўзвіліся на дыбы і казакі пападалі ў снег. Алена закрычала, а Чобат выхапіў з-за пояса шаблю.
- Ваўкалак! – пачуліся трывожныя крыкі тых, хто ехаў за маладымі.
  Нечакана крыкі абарваліся і Вус запалохана назіраў за тым, як замест чалавечых галоў ва ўсяго вяселля парабіліся воўчыя пысы. Чобат кінуў шаблю і скуліў па сабачаму, абдымаючы пакуль што чалавечымі рукамі сваю ўжо воўчую галаву. У ваўкалака, наадварот, замест воўчай галавы з’явілася чалавечая.
Вус узняўся на ногі, скінуўшы з сябе снег і пабег да шляха. Ён ведаў, што ў яго вельмі мала часу – пярэваратню засталося перакуліцца ўсяго два разы.
Ваўкалак перакуліўся другі раз і амаль адразу ж ператварыўся ў чалавека – толькі ногі засталіся воўчымі. У ўдзельнікаў вяселля, наадварот, толькі ногі засталіся пакуль што чалавечымі. Коні кінуліся ў розныя бакі, цягнучы за сабой і вазы. Людзі, якія амаль ператварыліся ў ваўкоў, бездапаможна поўзалі па шляху і дзіка скулілі па сабачаму ад жаху.
Пярэварацень перакуліўся апошні раз. Ён ужо ўставаў на ногі, якія з’явіліся замест воўчых лап, але ў гэты момант да яго падбег Вус, прыставіў да галавы пістоль і срэліў ва ўпор. Старжэўскі моўчкі паваліўся на шлях, заліваючы снег свежай гарачай крывёю.
Удзельнікі вяселля паступова пачалі набываць чалавечы выгляд – спачатку зніклі воўчыя лапы, потым – тулава і апошнімі – воўчыя галовы. Чобат, Алена, запарожцы і сяляне разгублена глядзелі адзін на аднаго і ніяк не маглі зразумець, што з імі здарылася, дзе падзеліся вазы, коні і чаму яны сядзяць у снезе сярод шляха каля млыну.
- Знатнае выйшла вяселле! – крыкнуў Вус і, засунуўшы яшчэ гарачы пістоль за пояс, крочыў у бок маладых.
г.Віцебск
25 верасня – 24 кастрычніка 2000 года.


Рецензии