Микита у краине пацукоу

Андрэй Герашчанка

МІКІТА Ў КРАІНЕ ПАЦУКОЎ

(п’еса-казка ў дзвух дзеях, шасці карцінах)

Дзеючыя асобы:
Мікіта – хлопчык, 6 гадоў.
Алена Васільеўна – маці Мікіты, 30 гадоў.
Алена Анатольеўна – настаўніца Мікіты, 30 гадоў.
Томіс – шэра-паласаты кот Мікіты.
Пацучын Пяты - цар пацукоў.
Кароткі - маленькі пацук-ахоўнік.
Доўгі - вялікі пацук-ахоўнік.
Піскля - пісклявы пацук.
Сур’ёзны - пацук-генрал з грубым голасам.
Тлусты - пацук.
Міліцыянер.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Звычайная гарадская кватэра. Хлопчык спіць на ложку. У другім баку на крэсле скруціўся кот. У пакой уваходзіць маці.
МАЦІ: Мікіта! Уставай хутчэй – трэба ісці ў дзіцячы садок. Уставай, сынок!
Мікіта працягвае спаць. Кот расплюшчвае вочы і пацягваецца.
КОТ: Ну вось – ізноў яго нельга пабудзіць! Гэта ўсё з-за таго, што ўчора тэлевізар глядзеў. Ніякай сур’ёзнасці няма, а сам ужо досыць вялікі!
МАЦІ: Мікіта! Каму я кажу?!
Маці падыходзе да ложка і пачынае асцярожна штурхаць сына.
МАЦІ: Мікіта, сынок, прачынайся! Усе дзеткі ўжо ў дзіцячы садок пайшлі, а ты ўсё яшчэ спіш! Зусім ты ў мяне яшчэ маленькі – нічога не разумееш!
Мікіта незадаволена ўзнімаецца і сядае.
МІКІТА: Ніякі я не маленькі! Хто гэта кажа, што я маленькі?! Я ўжо вялікі – нават у “нулявым” класе вучуся!
МАЦІ: Тым больш! Уставай, калі вялікі!
МІКІТА: Уставай, уставай! А я жадаю спаць!
МАЦІ: Усе дзеткі ўжо ўсталі.
МІКІТА: Ну і няхай! А я не жадаю рабіць, як усе!
Маці падае сыну адзенне.
МАЦІ: Вось - апранайся хутчэй, сынок.
Мікіта незадаволена скідвае адзенне на падлогу.
МІКІТА: Сама мяне апранай! Не жадаю апранацца!
МАЦІ: Ты ж сам казаў, што вялікі, а вялікія дзеці самі апранаюцца.
Маці падымае адзенне з падлогі і зноў падае яго Мікіту.
МАЦІ: Вось – апранайся.
Мікіта незадаволена разглядае адзенне, задам наперад апранае сарочку, а потым, наогул, нацягвае но ногі світар і спаўзае з ложка.
ТОМІС: Яшчэ кажа, што вялікі, а на самой справе самастойна нават апрануцца не ў стане. Трэба было ўжо і штаны на галаву нацягнуць.
Мікіта разгублена аглядае сябе і пачынае громка плакаць.
МІКІТА: У-у-у-у! У-у-у-у! Я казаў, што не змагу сам апрануцца! У-у-у! Вось, бачыш – нічога не атрымалася! У-у-у!
МАЦІ: Як табе не сорамна, сынок – ты ж такі вялікі?! Глядзі – нават наш Томіс нешта мяўкае. Напэўна, з цябе смяецца.
ТОМІС: Як жа – смяецца. Тут асабліва не да смеху. Тут плакаць трэба. Вырас лайдак – нават, апрануцца не ў стане.
МІКІТА: Яшчэ і гэты Томіс. Чаго раскаўкаўся?! А ну – прэч адсюль!
Мікіта шпурляе ў ката падушкай. Томіс імкліва ўскоквае, верашчыць і хаваецца за крэслам. Мікіта перастае плакаць і задаволена рагоча.
МІКІТА: Ха-ха-ха! Што – атрымаў, кашак?!
МАЦІ: Нельга крыўдзіць Томіса! Гэта дрэнна.
МІКІТА: Хай не каўкае пад руку. У яго вельмі брыдкі голас.
ТОМІС: У цябе ў самога брыдкі – быццам пацук з нары выпаўз і нешта пішчыць.
Мікіта зноў аглядае сябе і пачынае плакаць. Томіс асцярожна выглядае з-за крэсла і, пабачыўшы, што Мікіта не звяртае на яго ўвагі, зноў уладкоўваецца на старым месцы.
МІКІТА: У-у-у-у! А-а-а-а! Мама, апранай мяне, а то ў дзіцячы садок спазнімся!
МАЦІ: Ты ж, Мікіта, толькі што не жадаў ў садок ісці?!
МІКІТА: А цяпер – жадаю! А цяпер – жадаю! Апранай мяне хутчэй!
Маці садзіцца побач з Мікітам і пачынае дапамагаць яму апранацца.
ТОМІС: Вось лайдак – усё ж такі прымусіў маці, каб яна яго апранала!
МАЦІ: Глядзі, Мікіта – сёння трэба сябе добра паводзіць. Учора выхавацелька казала, што ты кінуў у твар Юру брудным мячом.
МІКІТА: Хай не абзываецца рознымі крыўднымі мянушкамі!
МАЦІ: Ты зразумеў мяне, Мікіта?!
Мікіта ўздыхае і разводзе рукі ў бакі.
МІКІТА: Зразумеў.
ТОМІС: Як жа – зразумеў ён! Напэўна, сёння таксама што-небудзь шкоднае зробіць.
Мікіта незадаволена глядзіць у бок ката.
МІКІТА: І што гэта сёння Томіс раскаўкаўся?!
МАЦІ: Напэўна, ён есці жадае. Зараз я яму што-небудзь дам, калі цябе адвяду ў садок.
Нарэшце, Мікіта з вялікай дапамогай маці апранаецца і яны ідуць да дзвярэй. Калі Мікіта праходзе побач з крэслам, на якім сядзіць Томіс, ён нечакана заўважае, што на падлогу звешваецца хвост ката. Мікіта наўмысна наступае на хвост нагой. Кот шалёна крычыць.
ТОМІС: Мя-я-у-у-у!
МАЦІ: Ну, калі гэта скончыцца?! Навошта ты стаў яму на хвост?!
Маці некалькі разоў пляскае далонню Мікіту ніжэй спіны і яны знікаюць са сцэны. Чуецца плач і крык.
МІКІТА: За што?! У-у-у-у! Я нічога не зрабіў!
КАРЦІНА ДРУГАЯ

У левай частцы сцэны гардэроб “нулёвага” класа у дзіцячым садку. Навокал – шафкі для адзення дзяцей. У правай – непрыемны, цёмны, жахлівы чулан, дзе захоўваюцца розныя рыдлёўкі, граблі, вёдры і іншы гаспадарчы інвентар. Левая і правая часткі сцэны падзелены перагародкай з дзвярамі. Настаўніца праглядае шафкі і размаўляе сама з сабой.
НАСТАЎНІЦА: Зноў кагосці няма. Але каго?
Расчыняе пустую шафку.
НАСТАЎНІЦА: Так і ёсць – няма Мікіты. Зноў, як і звычайна, ён спазняецца.
З-за левых куліс з’яўляюцца Мікіта і яго маці. Маці трымае Мікіту за руку і амаль цягне сына за сабой. Мікіта ўпіраецца нагамі ў падлогу.
МІКІТА: Я ж казаў табе – у групе нікога няма! Напэўна, дзеці на двары займаюцца зарадкай.
Маці, убачыўшы настаўніцу, разгублена спыняецца.
МАЦІ: Добрай раніцы, Алена Анатольеўна. Прабачце – мы зноў спазніліся.
МІКІТА: Я ж казаў, што дзеці на двары!
НАСТАЎНІЦА: Добрай раніцы, Алена Васільеўна. А ты, Мікіта, не маеш жадання са мной павітацца?
МІКІТА: Добрай раніцы! А дзеці на двары?
НАСТАЎНІЦА: Добрай раніцы! Дзеці ў музычнай зале. Але зараз я прывяду іх ў клас. Так што, Мікіта, распранайся – на зарадку ты ўсё роўна спазніўся. Хутка будзем снедаць.
МІКІТА: Мама, дапамажы!
НАСТАЎНІЦА: Што гэта за “дапамажы”?! Ты ўжо школьнік, Мікіта і павінен усё рабіць самастойна. А вы, Алена Васільеўна, лепей ідзіце дадому – хай Мікіта да самастойнасці прывыкае.
МАЦІ: Добра. Ну, бывай, сынок – увечары цябе тата забярэ.
Настаўніца і маці знікаюць за левымі кулісамі. Мікіта застаецца адзін і сядае на лаўку ля сваёй шафкі.
МІКІТА: І Алена Анатольеўна туды ж – хай сам апранаецца! Хай сам апранаецца! Кінулі цяпер тут мяне аднаго. Хіба так добра? А вось вазьму і збягу куды небудзь! Дадому, напрыклад. А то і, наогул, з горада. Тады будуць шукаць і шкадаваць. Абавязкова будуць! Магчыма – і сапраўды збегчы?!
Мікіта падыходзе да дзвярэй у каморку і прыслухоўваецца.
МІКІТА: Нічога не чуваць. Зараз залезу туды і схаваюсь. Хай тады шукаюць. Але ж… Алена Анатольеўна казала, што гэтая каморка – чароўная і ў ёй жыве цар пацукоў. Усё гэта – жартачкі для маленькіх! Няма там аніякіх чараўнікоў! А што, калі і сапраўды тут схавацца?! Хай сабе шукаюць! Але ж… Цара пацукоў няма, але самі пацукі, мабыць, і ёсць. Аднак, яны ж маленькія – як дам палкай, дык даведаюцца, як мяне палохаць! Томіс мяне палохаецца, а ён жа мацнейшы за пацукоў?! І яны спалохаюцца.
З-за сцэны чуецца дзіцячы гоман і голас Алены Анатольеўны.
НАСТАЎНІЦА: Цішэй, дзеці, цішэй. Зараз усім трэба будзе памыць рукі – хутка сняданак!
МІКІТА: Трэба хавацца – ідуць!
Мікіта адчыняе дзверы ў каморку напалову і, прасунуўшы галаву, прыслухоўваецца.
МІКІТА: Ціха – мабыць, нікога тут няма. Хай пашукаюць!
Мікіта адчыняе дзверы і, хуценька прасклізнуўшы ў каморку, зноў зачыняе іх за сабой. Гучыць жудасны грукат і ўся сцэна апынаецца ў цемры, якую прарэзваюць хуткія блікі святла. Чуюцца жахлівыя крыкі дзяцей і Алены Анатольеўны. Потым наступае цішыня, а цемра становіцца поўнай. У гэты час дэкарацыі левай часткі сцэны хаваюцца і ўся сцэна ператвараецца ў каморку. Дзверы, якія раней падзялялі сцэну на часткі, цяпер знаходзяцца ў глыбіні. Пачынае крыху світаць. Мікіта ў тым самым адзенні, але ў яго пацучыная галава і пацучыны хвост. Ён, не заўважаючы гэтага, марудна крочыць па каморцы, выцягнуўшы наперад рукі.
МІКІТА: Што гэта нікога не чуваць?! Ні дзяцей ні чутна, ні Алены Анатольеўны?! І чаму гэта яны так крычалі? Схаваюсь я лепей за гэтымі рыдлёўкамі.
Мікіта прысядае ля сцяны за нейкімі рыдлёўкамі.
МІКІТА: Што гэта мяне ніхто не шукае?! Няўжо нікому не цікава, куды я трапіў? А яшчэ кажуць, што яны пра дзяцей клапоцяцца! Вось няма мяне і нікому спраў да гэтага таксама няма! І есці хочацца! Зараз жа сняданак. А тут халодна і… страшна. Лепей вылезу.
Мікіта выходзе з-за рыдлёвак і ідзе ў левы бок сцэны.
МІКІТА: Якой вялікай стала каморка! А дзверы дзе? Няма?
Мікіта глядзіць навокал і толькі тут заўважае, што дзверы зусім у іншым месцы.
МІКІТА: Яны ж, здаецца, не тут былі?! Вой, нешта мне зусім страшна!
Мікіта падыходзе да дзвярэй, расчыняе іх, але бачыць толькі цагляную сцяну.
МІКІТА: Дзе я?! Пі-пі. Што са мной здарылася?!
Мікіта хапаецца рукамі за галаву і крычыць яшчэ больш громка.
МІКІТА: Што ў мяне з галавой?! У мяне на твары поўсць?! І хвост! У мяне з’явіўся пацучыны хвост. Я ператварыўся ў брыдкага пацука! А-а-а! У-у-у!
Мікіта пачынае скакаць і лямантаваць, стукаючы ў сцяну за дзвярамі.
МІКІТА: У-у-у! Мама, Алена Анатольеўна, дзеці – ратуйце мяне! Мяне ператварылі ў пацука злыя чараўнікі! Хутчэй! У-у-у! Хто небудзь – дапамажыце!
Кладка з цэглы нечакана знікае і з’яўляецца праход, з якога льецца таямнічы свет і выпаўзаюць клубы дыму. Успыхваюць рознакаляровыя ліхтарыкі. Мікіта з плачам ідзе прама ў дым і знікае са сцэны. 














КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Падзямелле. У левым баку на велізарнай павуціне гойдаецца вялізны павук. Мікіта, у якога галава і хвост пацука, асцярожна крочыць наперад і час ад часу пільна сочыць за паводзінамі павука.
МІКІТА: Бр-р-р – якая брыдота! Ніколі не бачыў такога вялікага павука! Што са мной здарылася? Магчыма і сапраўды зачаравалі, а магчыма – гэта толькі сон. Толькі жудасны сон. І есці хочацца.
Мікіта сядае на падлогу і зноў спрабуе ахапіць рукамі галаву, але, дакрануўшыся да поўсці, зноў пачынае плакаць.
МІКІТА: Зноў гэтая поўсць. Пі-пі-пі. Я ўжо і пішчэць пачаў, як пацук. Чаму “як”? Я і на самой справе пацук – брыдкі, шэры пацук!
У глыбіні сцэны чуецца нейкае варушэнне. Даносіцца чыйсці пісклявы голас.
ГОЛАС: Хто гэта тут лаецца на пацукоў?! Хіба не ведае, пі-пі-пі, што пацукі – гаспадары падземнага царства?!
Мікіта перастае плакаць і хуценька ўскоквае на ногі і з жахам азіраецца навокал.
МІКІТА: Хто тут? Пі-пі-пі. Чый гэта голас?
ГОЛАС: Пі-пі-пі. Чаго ты дражнішся? Зараз пабачыш, чый!
На сцэне з’яўляецца пацук, амаль такой жа велічыні, як і Мікіта. Пацук здзіўлена аглядае Мікіту.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта ж пацук! Сапраўдны пацук!
МІКІТА: Хто пацук?
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ты пацук!
МІКІТА: Сам ты пацук!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вядома ж – я пацук! А ты хто – магчыма, кот?! Чаму маўчыш? Ніколі не бачыў такога дзіўнага пацука.
Пісклявы пацук з цікаўнасцю разглядае Мікіту з усіх бакоў і асцярожна абыходзе вакол яго.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Нешта раней я цябе ніколі тут не бачыў. Ты адкуль? Напэўна, не з нашых нор? Дзе ты жывеш?
МІКІТА: Я у хаце жыву – у кватэры на чацвёртым паверсе. Мой дом ля дзіцячага садка.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ведаю я гэты дом. У ім цяжка жывецца нашаму брату-пацуку. І атруту розную ўвесь час сыплюць, і кот жудасны жыве – людзі яго, пі-пі-пі, Томісам завуць. Такі вялізны, злы кот. Шэра-паласаты. Ты яго бачыў?
МІКІТА: Вядома ж, бачыў – гэта мой кот.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як гэта – твой? Пі-пі-пі.
МІКІТА: Ён у маёй кватэры жыве. Пі-пі.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вой, ратуйце мяне – зараз лопну ад смеху. Твой кот! Ты, часам, не з’еў атруты для пацукоў?
Мікіта звяртаецца да гледачоў.
МІКІТА: Трэба пакуль нічога не тлумачыць пра тое, што я – не пацук. Усё роўна ён мне не паверыць. Трэба прыгледзіцца пакуль, што да чаго, а пасля, магчыма, нешта і будзе. Хутчэй за ўсё, проста прачнуся на сваім ложку, бо гэта абавязкова павінен быць сон – на самой справе дзеці ў пацукоў не ператвараюцца.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Што ты там сабе пішчыш пад нос – нічога не чуваць?! Я пытаюся, ці не з’еў ты атруту для пацукоў?
МІКІТА: Не еў я ніякай атруты. А вось нешта з’есці і сапраўды было б неблага. Толькі што тут знойдзеш?!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта табе не нейкі там дом ці кватэра! Тут ежы – колькі хочаш. Мы зараз як раз пад кухняй дзіцячага садка. Але… Дай ка я пагляжу навокал больш пільна.
Пісклявы пацук уважліва аглядае усё навокал і раптам, заўважыўшы павука, некалькі разоў задаволена падскоквае ўверх.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Глядзі, што я знайшоў!
МІКІТА: Бачыў я гэтага павука. Якая брыдота! Ніколі раней нідзе такіх вялікіх не сустракаў.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вядома – гэта табе не кватэра! Вось і паснедаем. Я, канешне ж, мог з’есці яго і сам, бо я яго знайшоў, але ж… Ты які-ніякі, а госць, а я, як гаспадар, павінен цябе частаваць. Ну – ідзі, еш!
МІКІТА: Каго есці?!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як каго?! Не мяне ж, вядома! Ідзі да павука!
МІКІТА: Есці павука?! Але ж ён такі брыдкі!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Я яму прапаную ледзь не лепшую ежу, я ён, пі-пі, яшчэ носам круціць! Не, ты ўсё ж такі атруціўся атрутай для пацукоў. Яна нас зусім дурнымі робіць.
МІКІТА: Нічым я не атручваўся. Мне не падабаюцца павукі.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Выбачай – сыру няма.
Пісклявы пацук асцярожна падыходзе да павуціны, з якой звешваецца павук. Раптоўна кідаецца наперад і, злавіўшы павука, пачынае з хрумканнем яго есці.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як смачна! Вельмі смачна! Пі-пі-пі! Ням-ням-ням!
МІКІТА: Якая дрэнь – вочы б мае не бачылі!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі. Ням-ням-ням. Ну і дурань! Ням-ням-ням.
Мікіта сядае на падлогу і зноў пачынае плакаць.
МІКІТА: Хачу дадому! Мама, дзе ты?! Расчаруй мяне!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі-хі-хі! Зусім дурны! Ням-ням-ням!


















ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Пісклявы пацук і Мікіта сядзяць на падлозе у левым баку сцэны. Гучыць трывожная музыка. Пачынаюць зіхацець рознакаляровыя ліхтарыкі.
МІКІТА: Што гэта?
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Сюды ідзе наш цар – Пацучын Пяты.
МІКІТА: Ёе таксама пацук?
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ну вядома ж! А ты што – разлічваў, што ў нас царом кот?
МІКІТА: Не… Я…
З-за правых куліс з’яўляецца вельмі высокі пацук, які трымае ў руках вялізную сякеру.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта Доўгі – адзін з ахоўнікаў Пацучына Пятага.
ДОЎГІ: Хто тут ёсць?! Дайце шлях цару пацукоў – Пацучыну Пятаму!
Услед за Доўгім з’яўляецца Пацучын Пяты – вялізны і вельмі тлусты пацук. У яго на галаве – царская карона, а за плечмі – царская мантыя.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта сам Пацучын Пяты.
За царом з’яўляецца вельмі маленькі пацук, таксама з сякерай у руках.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта Кароткі. Ён – самы маленькі пацук, якіх я толькі бачыў. Некаторыя, нават, распускалі плёткі, што ён не пацук, а мыш, але ўсё гэта – хлусня! Ён сапраўдны пацук.
ДОЎГІ: Хто тут – адкажыце?!
Кароткі пераганяе цара і выстаўляе наперад сякеру.
КАРОТКІ: Ну – каго пытаюць?! А то зараз на кавалкі разрубім!
Пісклявы пацук хуценька ўзнімаецца з месца.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта я – Піскля. Пі-пі-пі.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А з табой хто? Пі?
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі. Гэта пацук з суседняга дома. З тога самага, дзе жыве Томіс. Ён, наогул, нейкі дурны – мабыць, атруціўся пацучынай атрутай.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Падвядзі яго да мяне – я жадаю лепш разгледзіць.
Пісклявы пацук штурхае ў бок Мікіту.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Уставай хутчэй – Пацучын Пяты вельмі злуецца, калі яму даводзіцца чакаць.
Мікіта ўзнімаецца з падлогі і разам з пісклявым пацуком падыходзе бліжэй да Пацучына Пятага. Ахоўнікі перагароджваюць шлях, скрэсліўшы перад імі сякеры.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Дазваляю падыйсці бліжэй – я жадаю больш уважліва разгледзіць пацука з суседняга дома. Да таго ж, лічу, што ён прыйшоў да нас не выпадкова. Лічу, што гэта знак, таямнічы знак, які сведчыць, што хутка мы пераможам Томіса.
Ахова дае праход. Пісклявы пацук і Мікіта апынаюцца перад самым Пацучынам Пятым.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну, дазваляю табе паведаміць, хто ты і адкуль тут з'явіўся. Пі-пі.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі-пі. Ён…
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Я ў цябе не пытаюся, так што пакуль памаўчы. Прэч адсюль – пастой там!
Высокі стражнік хапае пісклявага пацука за каўнер і цягне ў другі бок сцэны. Маленькі ахоўнік сякерай паколвае яго ніжэй спіны. Пісклявы пацук ад кожнага ўкола вішчыць і высока падскоквае.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вой, што гэта?! Вой, прабачце! Пі-пі-пі! Вой, балюча!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну ўсё – хопіць! Пакіньце яго – у мяне ад гэтага ляманта ўжо галава баліць! Маўчаць!
Вялікі і маленькі ахоўнікі па чарзе стукаюць бакавой паверхняй сякер па галаве піскляваму пацуку, той валіцца на падлогу і навокал усталёўваецца цішыня.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну вось, нарэшце – цішыня. Дык хто ты і адкуль сюды трапіў?
Мікіта паварочваецца да гледачоў.
МІКІТА: Што рабіць?! Калі адкажу праўду, Пацучын Пяты ніколі не паверыць, ды яшчэ загадае, каб са мной зрабілі тое ж самае, што з гэтым пісклявым пацуком. Лепей буду хлусіць.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну – я не чую адказу?!
Пісклявы пацук узнімае галаву з падлогі, абмацоўвае яе рукамі і крычыць.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ён атруціўся атрутай для пацукоў!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ты ізноў?!
Ахоўнікі ізноў стукаюць па чарзе бакавымі паверхнямі сякер па галаве піскляваму пацуку і ён валіцца на падлогу, страціўшы прытомнасць.
МІКІТА: Я – пацук Мікіта. Я жыву ў доме, які насупраць дзіцячага садка.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Дык ты сапраўды з гэтага дома?
МІКІТА: Так – з гэтага.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А жудаснага Томіса бачыў?
МІКІТА: Бачыў.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А шлях да свайго дома добра ведаеш?
МІКІТА: Добра.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Павядзеш маё войска, каб яно не заблукала.
Пісклявы пацук ізноў узнімае галаву і спрабуе нешта сказаць.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі.
Ахоўнікі ўзнімаюць сякеры над галавой, але Пацучын Пяты перапыняе іх жэстам.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Хопіць глупствам займацца – загадваю збіраць войска! Я ўсё вырашыў – сёння наша войска выступае ў паход супраць жудаснага Томіса! Хопіць яму над намі здеквацца!













КАРЦІНА ПЯТАЯ

На сцэне – той жа склеп, але на ім – трыбуна са сцягам, на якім намалявана пацучыная пыса. На трыбуне стаіць Пацучын Пяты. Па абодва бакі ад трыбуны – ахова з сякерамі. Крыху далей – войска, якое складаецца з Мікіты, пісклявага пацука, вельмі тлустага пацука (які вельмі падобны па тлустасці на самога Пацучына Пятага) і яшчэ  аднаго пацука. Ва ўсіх чатырох пацукоў – шчыты і дубінкі. Чуецца грукат барабанаў. Пацучын Пяты ўзнімае руку ўверх і ўсталёўваецца цішыня.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Салдаты! Пі-пі-пі! Сёння вы накіраваны маім загадам у вялікі паход – вам будзе трэба перамагчы нашага самага галоўнага ворага – шэра-паласатага ката Томіса. Калі вы яго пераможыце, вы атрымаеце вялікую падзяку ад мяне і ўзнагароду – два кавалкі сыру. Не… Адзін кавалак сыру… Не… Ну, наогул, нешта атрымаеце! Лепей гэта будзе нечаканы сюрпрыз. Пі-пі.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: А калі не пераможам? Пі-пі.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А калі не пераможыце, то шэра-паласаты Томіс сажрэ вас. Вось і ўсё! Гы-гы-гы! Так што, пі-пі, прыйдзецца перамагаць. Да таго ж - з намі пацук Мікіта – ён жыве ў тым жа доме, што і Томіс і пазнаёміць нас з патаемным шляхам. Для таго, каб вы лепш выканалі мой загад, я вырашыў прызначыць генерала, які будзе кіраваць войскам. Генералам будзе…
Зноў чуецца грукат барабанаў. Пацукі пачынаюць цягнуць уверх рукі і перакрыкваць адзін аднаго.
ТЛУСТЫ: Дазвольце мне?!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Я буду генералам! Я!
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Пі-пі! Я!
Адзін Мікіта моўчкі стаіць і чакае, чым усё гэта скончыцца.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Я прызначаю генералам Сур'ёзнага пацука!
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дзякуй за вялікі давер!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Усе на вайну! Адразу! Загадваю ісці зараз! Пытанні ёсць?
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дазвольце мне ўзяць сякеру ў аднаго з ахоўнікаў. І шлем таксама – я ж генерал!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Кароткі, аддай свой шлем. А вось сякеру браць нельга – яна, магчыма, спатрэбіцца для маёй аховы.
Пацук з грубым голасам, якога прызначылі генералам, забірае ў маленькага пацука-ахоўніка шлем і гучна крычыць.
ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!
Першым ідзе Мікіта, за ім – тлусты пацук, потым пісклявы і апошнім – генерал. Пацучын Пяты незадаволена глядзіць на сваё войска.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Стой!
ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Стой!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Трэба інакш ісці. Першым няхай ідзе Мікіта, за ім Піскля, пасля генерал і апошнім – Тлусты.
ГЕНЕРАЛ: Але ж, калі Тлусты пойдзе апошнім, ён можа закрыць нару і калі на нас кінецца кот, у нас не будзе магчымасці збегчы.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Вось і добра – не трэба, каб вы пра ўцёкі думалі. Трэба думаць пра перамогу. Сетку ўзялі?
ГЕНЕРАЛ: Узялі.
Пацук-генерал дастае сетку і паказвае цару, а потым зноў яе хавае.
МІКІТА: А навошта сетка?
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як гэта – навошта?! Гэтай сеткай мы зловім Томіса.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну, чаму стаіцё, як пні – хутчэй наперад?!
ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!
Мікіта, а за ім і астатнія пацукі крочаць у левы бок сцэны. Раптам чуецца нечаканае мяўканне ката. Пацукі адразу  прыпыняюць рух і прыслухоўваюцца.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Што гэта?! Пі-пі.
ГЕНЕРАЛ: Пі-пі. Гэта кот, пі-пі-пі.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ёе сам ідзе да нас! Больш мужнасці, мае салдаты! Я павінен ісці распрацоўваць план вайны.
Пацучын Пяты хутка саскоквае са сцэны і знікае за правымі кулісамі ў суправаджэнні ахоўнікаў. Зноў чуецца мяўканне ката.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: А нам нічога не трэба распрацоўваць?
З-за левых куліс з'яўляецца кот. Ён у ботах, шырокім капелюшы і з вялізнай булавой у руцэ.
ТОМІС: Вось вы дзе, пацукі! Ну – развітвайцесь з жыццём!
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пі-пі-пі. Ратуйце!
Пісклявы пацук ад жаху страчвае прытомнасць і валіцца на падлогу. Тлусты пацук кідае шчыт і дубінку і спяшаецца да правых куліс.
ТЛУСТЫ: Што рабіць?! Пі-пі-пі! Што рабіць?!
Генерал выстаўляе наперад дубінку і, прыкрыўшыся шчытом, пакрысе крочыць назад. Мікіта разгублена стаіць на месцы. Томіс падскоквае да Мікіты, робіць замах булавой, але ў апошні момант спыняецца.
ТОМІС: Што за дзіва?! Чаму адзенне гэтага пацука так нагадвае адзенне Мікіты?!
МІКІТА: Гэта я, Томіс! Гэта я!
ТОМІС: Хто – я?!
Томіс апускае булаву ўніз. Тлусты пацук хаваецца за правымі кулісамі. Пісклявы пацук бездапаможна ляжыць на падлозе. Тым часам пацук-генерал, асцярожна паклаўшы зброю ўніз, выцягвае сетку. Томіс і Мікіта яго не заўважаюць.
МІКІТА: Я – Мікіта! Я не ведаю, чаму так атрымалася, але раніцай я ператварыўся ў пацука.
ТОМІС: А ты не хлусіш?! Што ты рабіў раніцай?
МІКІТА: Дрэнна сябе паводзіў, кідаў у цябе падушкай, стаў табе на хвост.
ТОМІС: І сапраўды – так ўсё і было. Якое дзіва! Але ж… Што цяпер рабіць?!
Тым часам пацук-генерал нечакана накідвае на ката сетку.
ГЕНЕРАЛ: Ага! Злавілі! Вось табе, кашаціна!
ТОМІС: Мяу-у-р-р-р! Р-р-разар-р-рву!
Томіс спрабуе выбрацца з сеткі, але ў яго нічога не атрымліваецца і ён, страціўшы моц, валіцца на падлогу. Генерал хапае сваю дубінку і пачынае калаціць ёй Томіса.
ГЕНЕРАЛ: Хутчэй – усе на дапамогу! Я злавіў Томіса! Дапамажыце, бо калі ён ачуняе і вылезе – сажрэ нас усіх!
З-за правых куліс асцярожна высоўвае галаву Тлусты. Убачыўшы, што кот апынуўся у сетцы, ён падбягае да сваёй дубінкі і, схапіўшы яе, пачынае дапамагаць генералу. Пісклявы пацук, расплюшчыўшы вочы, узнімае галаву.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Якая страшэнная бойка! Ратуйце!
Крыкнуўшы, пісклявы пацук зноў страчвае прытомнасць. Мікіта разгублена стаіць побач, не ведаючы, што яму рабіць. Сцэна апынаецца ў цемры.




КАРЦІНА ШОСТАЯ

Тыя ж дэкарацыі, што і ў другой карціне. У левым баку сцэны пад сеткай сядзіць звязаны Томіс. Ля яго ахова – тлусты пацук і генерал. Мікіта з сумным выглядам сядзіць побач. Генерал тыкае дубінкай Томісу ўбок.
ГЕНЕРАЛ: Ну што, кашак – наша ўзяла?!
ТОМІС: Я б табе паказаў, чыя ўзяла! Скажы дзякуй, што я цябе не заўважыў!
ГЕНЕРАЛ: Дзякуй! Трэба было менш розную лухту пра ператварэнні слухаць, пра якія табе Мікіта плёў! Трэба ж быць такім дурным, каб паверыць у такія байкі! Пі-пі-хі-хі-хі!
Томіс захоўвае маўчанне.
ГЕНЕРАЛ: Ты што, кашак – заснуў, ці што?! Ты, кашак, не хвалюйся – мы цябе на кавалкі сякерамі пасячэм і сажрэм!
Генерал зноў тыкае ў Томіса дубінкай. Томіс нечакана громка рыкае.
ТОМІС: Мяу-у-у-р-р-р! Зараз вылезу і пакажу, хто каго сажрэ!
Ад нечаканасці генерал гучна пішчыць, кідае дубінку на падлогу і адскоквае далёка ўбок.
ГЕНЕРАЛ: Ну ты, кашак – не надта цябе спужаліся!
Генерал падбірае дубінку, але на ўсялякі выпадак садзіцца крыху далей ад Томіса.
ТЛУСТЫ: Хопіць яго злаваць – зараз Пацучын Пяты прыйдзе і пажадае пабачыць ката. А кашак, калі будзе ўззлаваны, пачне яшчэ якую брыдкасць казаць цару. Тады Пацучын Пяты і на нас раззлуецца і яшчэ сыру не дасць!
ГЕНЕРАЛ: Хопіць – так хопіць, калі ты такі палахлівы! А ты, Мікіта, малайчына! Каб не ты, мы б гэтага Томіса нізавошта не перамаглі! Дзе гэты Піскля заблукаў – найшлі каго паслаць! Мабыць, зноў прытомнасць страціў, ваяка! Пі-пі-хі-хі-пі!
ТЛУСТЫ: Хі-хі-хі-пі-пі! А нашу ўзнагароду – сыр, ён не мог з'есці?
ГЕНЕРАЛ: Мы яго самога тады з'ядзім!
ТОМІС: Дык гэта ты, Мікіта, наўмысна зрабіў?! Што ж: такім ты быў заўсёды – такім і застаўся пасля ператварэння. Мабыць, табе быць пацуком нават лепш – у школу хадзіць не трэба, ёсць магчымасць рабіць розныя брыдкасці?! А маці, напэўна, недзе хвалюецца, перажывае! Але што табе маці?!
Мікіта нічога не адказвае і яшчэ ніжэй схіляе галаву ўніз.
ТОМІС: Што – няма чаго адказаць?! Гэта не выпадкова, што ты ператварыўся ў пацука! Памятаеш, колькі ты ўсяго дрэннага зрабіў?! Мне раніцай нават здалося, што ў цябе голас, як у пацука. Так у рэшце рэшт і здарылася. Мяў? Так ці не?!
Мікіта маўчыць.
ТЛУСТЫ: Што гэта кашак за лухту меле?! Магчыма, ён і сам атруціўся – з'еў атруту, ці пацука, які атруціўся?! Нейкі ён зусім дурны! Напэўна, у тым доме, адкуль Мікіта і Томіс, шмат атруты кладуць.
ГЕНЕРАЛ: Магчыма і так, а магчыма, кашак зараз галавой аб падлогу стукнуўся, калі бойка была – вось і здурнеў. Добра мы яму далі!
Чуецца далёкі грукат барабанаў.
ГЕНЕРАЛ: Цішэй! Здаецца – ідзе Пацучын Пяты.
Тлусты таксама прыслухоўваецца.
ТЛУСТЫ: Сапраўды – гэта ён.
Грукат барабанаў становіцца вельмі гучным, але нечакана знікае. З-за правых куліс з'яўляецца галава пісклявага пацука.
ПІСКЛЯВЫ ПАЦУК: Яны тут! Яны тут! Пі-пі-пі. Кашак у сетцы! Можна ісці.
Пісклявы пацук асцярожна выходзе з-за куліс. Адразу за ім з'яўляюцца абодва ахоўнікі. Апошнім крочыць Пацучын Пяты. У яго руцэ бліскучая шабля.
ДОЎГІ: Дайце шлях Яго Вялікасці Пацучыну Пятаму – пераможцы кашакоў!
Генерал ускоквае на ногі і спяшаецца да цара.
ГЕНЕРАЛ: Гэта я перамог Томіса і накінуў на яго сетку. Ваша вялікасць, дайце мой сыр!
Пачуўшы пра сыр, тлусты пацук таксама ўзнімаецца і хуценька крочыць услед за генералам.
ТЛУСТЫ: Я таксама захопліваў Томіса ў палон! Я таксама! І мне сыру! І мне сыру!
Мікіта застаецца з Томісам адзін.
МІКІТА: Я дапамагу табе, Томіс! Ты прабач мяне – я не спецыяльна! Я не дапамагаў ім! Я проста разгубіўся. Я ведаю, што я дрэнны. Магчыма, я больш ніколі не буду чалавекам, але я ўсё роўна табе дапамагу. Прабач мяне за тое, што я цябе крыўдзіў! У мяне ёсць нож.
Мікіта выцягвае з кішэні нож і рэжа сетку.
ТОМІС: Хутчэй, хутчэй, пакуль яны спрачаюцца за сыр!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А хто вам казаў, што абавязкова будзе сыр?! Я абяцаў прыемны сюрпрыз. Гэты сюрпрыз – мая шчырая падзяка. Табе, Тлусты, наогул, дрэнна шмат есці – ты альбо ў нару не пралезеш, альбо лопнеш ад тлушчу!
Генерал і тлусты пацук разгублена глядзяць адзін на аднаго. Тым часам Томіс, вызваліўшыся з сеткі, шукае сваю зброю.
МІКІТА: Вось твая булава, Томіс.
Томіс хапае булаву і імкліва кідаецца ў бок пацукоў.
ТОМІС: Мяў-у-у-у-р-р! Зараз я вас!
Пісклявы пацук адразу валіцца на падлогу, страціўшы прытомнасць. Астатнія, лямантуючы ад жаху, збіваюцца разам, выцягнуўшы зброю. Але дарэмна – Томіс раз'юшана маша булавой, лупіць пацукоў і хутка ўсе яны апынаюцца на падлозе. Нечакана чуецца жудасны грукат і ўся сцэна апынаецца ў поўнай цемры.
У гэты час дэкарацыі мяняюцца на тыя, якія былі напачатку першай карціны. Пачынаюць зіхацець рознакаляровыя ліхтарыкі. Ідзе дым. Паступова з'яўляецца святло. У левай частцы сцэны, дзе стаяць шафкі для адзення дзяцей, вельмі светла. Там – настаўніца, маці Мікіты і міліцыянер. У правай частцы, аддзеленай перагародкай з дзвярамі, больш цёмна – каморка, пасярод якой стаіць Мікіта і абмацоўвае сваю галаву. Пацукоў і Томіса - няма.
МІКІТА: Я стаў хлопчыкам! Я зноў стаў хлопчыкам! І хваста няма! Напэўна таму, што нарэшце зрабіў добры ўчынак – вызваліў Томіса.
МІЛІЦЫЯНЕР: Нейкі дзіўны грукат.
НАСТАЎНІЦА: І раніцай такі быў, калі Мікіта знік.
МІЛІЦЫЯНЕР: Дык вы кажыце, што ў апошні раз бачылі Мікіту тут?
НАСТАЎНІЦА: Так.
МАЦІ: Мне здаецца, што я адразу пасля груката чула ягоны голас.
МІЛІЦЫЯНЕР: А ў каморцы вы шукалі?
НАСТАЎНІЦА: Шукалі. Мы ўсё навокал перавярнулі, але яго нідзе няма.
Мікіта падыходзе да дзвярэй, расчыняе іх і асцярожна прасклізвае ў гардэроб. Пабачыўшы маці, кідаецца да яе.
МІКІТА: Мама! Матулечка! Родная мая! Як я цябе даўно не бачыў! Прабач мяне за тое, што я быў такі дрэнны! Я буду добрым. Я больш не буду такім дрэнным! І вы мяне прабачце, Алена Анатольеўна. А дзяздя міліцыянер навошта – мяне шукаць?! І вы мяне прабачце, дзядзя міліцыянер – я наўмысна схаваўся ў каморцы, але цяпер шкадую.
МАЦІ: Я таксама вельмі рада цябе бачыць! Ну што ж ты, Мікітка, так усіх перапужаў, сынок ты мой?!
Маці абдымае Мікіту.
НАСТАЎНІЦА: Добра, што ты, Мікіта, знайшоўся – увесь клас хваляваўся!
МІЛІЦЫЯНЕР: Ну – добра тое, што добра сканчаецца!
Гучыць музыка і апускаецца завеса.

КАНЕЦ

5 – 14 мая 2001 года
г.Віцебск


Рецензии