Дзённiк анёла Фары
Тры зорачкі
Анёл соладка пацягнуўся на самым версе Фары Вітаўта. На вуліцы была ноч, прыемная аксамітная летняя ноч. Старыя вуліцы Гародні маўчалі, ніхто не спяшаўся па справах, моладь не гаманіла, дзіцячы смех таксама паснуў у сваім закутку. Анёл лёгка скокнуў на зямлю і, яшчэ разок пацягнуўшыся, закрочыў у бок старога парка. На каменні злёгку адбіваліся зоры, а з некаторых шыбаў хітра пазіраў месячык. Анёл крочыў па маўклівай вуліцы, і ягоныя крылы лёгка калашмаціў ветрык. Недзе ў далечыні прагрукаталі колы па каменнай дарозе. Мабыць хтосьці дапазна засядзеўся ў сваёй каханай і цяпер спяшаецца дадому. Анёл хціва ўсьміхнуўся: эх, маладосьць!
Горад спаў і бачыў сны. Камусьці сьняцца кветкі, камусьці каханая, камусьці чароўныя гукі музыкі…
Анёл не меў імя, а можа проста яго не ведаў. Першы раз ён прачнуўся, калі ўпершыню загулі званы над фарай Вітаўта. Яе нараджэнне было і яго нараджэннем. Ён быў Анёлам Фары, гэта і было яго імя і яго прызначэнне. Так яму здавалася тады…
Старонка … з падручніка гісторыі
Яе гісторыя пачалася на пры канцы 14 стагоддзя. З 1376 года Гародня перайшла ва ўдзельнае валоданне князю Вітаўту. З 1392 года Гародня другая пасля Трок рэзідэнцыя Вітаўта. Слова “фара” прыйшло ад нямецкага “фэррэ” – прыход. Упершыню храм успамінаецца ў 1389 годзе ў грамаце князя. Тады ён быў драўляным прамавугольным будынкам, накрыты двусхільным дахам, да якога прымыкала званіца. Зрэшты, гэта наогул не азначае, што звычайным і незаўважным. У 1548 годзе кароль Стэфан Баторый пісаў ў пісьме да правінцыяльнага Іезуіцкага ордэна Яну Паўлу Кампану:
Найбольшым і найлепшым з Вялікім Княстве Літоўскім, аднак, драўляным, з’яўляецца Фарны касцёл у Гародні…”
Па адной з версій у Фары ўвенчваліся Ягайла і Соф’я.
Стэфан Баторы – кароль-рыцар, як яго называлі, абраў сваёй рэзідэнцыяй Гародню. Горад каралю надта спадабаўся і пад час свайго кіравання Стэфан зрабіў для яго вельмі шмат. І прыкладам з’яўляецца Фара. На месцы драўлянага храма быў збудаваны каменны. У 1586 годзе скляпы Фары сталі месцам першапачатковага пахавання Баторыя. Храм Вітаўта шмат разоў гарэў і перабудоўваўся. Пасля чарговага пажара ў 1793 годзе фарным пачаў называцца іезуіцкі касцёл на процілеглым баку пляца.
Лісток першы
Бацька сядзеў на лавачцы і чухаў патыліцу. У галаве была незразумелая мітусня думак. Ён вельмі хацеў сына, а тут… Яшчэ два гады таму, калі нарадзілася першае дзіцё, Воленька, ён страшэнна напіўся. Гэта ж трэба было: першае - і дачка. Бацька быў свята ўпэўнены, што першым павінен быў нарадзіцца хлопчык. Ну і што, што ў суседа вунь толькі дочкі, ажно цэлых тры. Тады людзі суцешылі: першая – нянька, другая – лялька. А тут ізноў – дачка. Чорта гэтыя бабы…
Вясна ўжо скончылася, пачыналася лета. Над хатай і вёскай лёталі птушкі, ўсё жужжала і звінела, таўкліся мошкі, пішчалі камары. Бацька запусціў руку ў кішэню. Грошы ёсць, можна і напіцца. Ён злаваўся, як чорт, на жонку, на сябе, на гэтае малое немаўля, якое цяпер будзе плакаць па начах. Ён вылаяўся, сплюнуў у бок і пайшоў…
…Праз два с паловай тыдні ў зграбным, некалі памешчыцкім будынку, пачуўся грукат у дзверы.
Хто? – за сталом сядзела поўная жанчына з дабразычлівым выглядам твару. Бацька ціхенька адчыніў дзверы і ўвайшоў.
А, сусед. Дык нешта ты позна прыйшоў дзіцяці запісваць. Твая ж даўно нарадзіла.
Халера яго… Прыйшоў жа ж… - твар у бацькі быў сумны і незадаволены.
Чаго пахмурны такі? Гэта ж дзіце – тут радавацца трэба, - жанчына ўсміхнулася.
А ты не чапляйся да майго твару, пішы во лешп. А то. Чаго я да цябе прыйшоў? Пішы.
От, мужыкі! Імя якое далі ёй? Дату кажы, нарадзілася калі?
Бацька пачухаў патыліцу… можа не трэба было так напівацца. Даты ён не помніў, а імя… Яму было ўсяроўна.
А ну… няхай Анелькай… як цябе, а то нешта нічога ў галаву не прыходзіць. А гэна… калі нарадзілася - не памятаю. Сёння ў нас якога чэрвеня?
Дзевятнаццатага.
Во і пішы: девятнаццатага чэрвеня гэтага года.
Жанчына пахістнула галавой, але нічога не сказала. І толькі зрабіла запіс:
… Анелька … 19 чэрвеня … года.
Старонка … з падручніка медыцыны
Кілепадобная грудзіна (pectus carinatum) – прыроджаная дэфармацыя грудной клеткі, абумоўленая выпячваннем уперад грудзіны і рэбраў, якія з ёй сучляняюцца. Гэта дэфармацыя, у адрозненні варонкападобнай грудзіны, узнікае значна радзей сустракаецца галоўным чынам у старэйшым узросце (ад 3 да 5 год).
Зацікаўденнасць хірургаў гэтым захворваннем узнікла адносадносна нядаўна: першая аперацыя на конт кілевіднай грудзі была праведзена ў 1953 годзе. Гэта тлумачыцца тым, што кілепадобную грудзіну лічілі дэфармацыяй касметычнай, не звязанай з якімі-небудзь функцыянальнымі разладжаннямі. Але ў апошні час гэты пункт гледжання быў падвержаны значнай крытыцы.
Кілепадобная дэфармацыя грудной клеткі – захворванне, якое праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці. Сярод прычын парушэння унутрывантробнага развіцця плода могуць з’явіцца розныя фактары, якія недабрачынна ўздзейнічаюць на арганізм маці пад час цяжарнасці. Да іх належаць інфекцыйныя захворванні, недастатковае харчаванне (недахоп бялкоў), гіпавітамінозы, эндакрынныя разладжанні, пераграванне, пераахладжэнне, іанізуючыя выпраменьванні, ужыванне некаторых лекаў. Агульнапрынятым з’яўляецца значэнне гіпаксіі зародка, прычынамі якой, акрамя гіпаксіі маці, могуць быць дэфекты развіцця плацэнты, блакада дыхальных фрагментаў, недастача субстратаў акіслення. Кіслародная недастатковасць прыводзіць да парушэнняў сінтэза белкоў і кіслот, што ў сваю чаргу прыводзіць да структурных парушэнняў эмбрыёна.
Лісток другі
У небе лёталі птушкі, мітусіліся і спрачаліся аб нечым сваім. Ветрык легка калыхаў лістоту дрэваў. Маёнтак стаяў на ўзгорку, у асяроддзі не сказаць каб векавых, але даволі старых і магутных дрэваў. Увесь белы, ён здаваўся легкім і казачным. Высокія вокны, вытачаныя вежкі рабілі яго падобным да замку. Тут жылі дзеці… Цяжка хворыя. Для іх тут быў як санаторый і школа. Жылі і вучыліся.
Анёл прысеў на ветранік. Цяпер, улетку, дзяцей, якія не маглі хадзіць самі, выносілі на ложках на вуліцу. Тут яны нават ноччу спалі. Удзень заняткі на вуліцы, пад спевамі птушак і мяккімі промнямі сонейка. У ноччу сметанкавае святло зораў і месячыка. Ды і сам Белы Замак быў прыгожым, з ягонай верандачкай і з выхадам да яе з другога паверха. Верандачка была парослая вінаградам. Наваколле было падобнае да казачнай краіны, аб якой дзеці могуць толькі марыць… здаецца… Але ў глыбіні пад усім гэтым знешнім хараством было схавана нешта іншае…
Хлопчык сядзеў на верандачцы звесіўшы ногі і калыхаючы на іх чорцікаў. Ягоная спіна была падобная да гары. І нельга сказаць, што ён быў непрыгожы, але знешнасць паспела накласці легкі адбітак на характар… Ён проста сядзеў, утаперыўшыся перад сабой. Аб чым ён думаў? Ды бог яго ведае…
Тамака ж на верандачцы стаялі ложкі, на іх ляжалі дзеці, якія не маглі хадзіць. Некаторыя з іх цяпер спалі, некаторыя чыталі, а хтосьці проста размаўляў. Яны не пісалі чарнілам, каб не праліць яго на ложак – толькі алоўкамі.
“Алесь,” – паклікаў хлопчык з найбліжжага ложка. Той, што сядзеў звесіўшы ногі, павярную галаву і матлянуў ёю. “Алесь, нешта надакучыла чытаць. Давай у гарады.”
“Ну то давай. Хто пачынае?”
“Во ты і пачынай.”
“Добра. Масква.”
“Астрахань”
“Наваградак”
“Кіеў” ….
Сонца няспешна кацілася па небасхіле. Птушкі лёталі ў небе, часам прысядаючы на стрэхі прыбудоў. Аксамітная асалода запаўняла душу і свет. Анёл незаўважна для самога паснуў яшчэ пры слове “Наваградак”.
Старонка … з падручніка гісторыі
Пасля падзелаў Рэчы Папалітай Гародня перайшла да Ресійскай Імперыі. Сабор пасля чарговага пажара быў у запусценні. Са сцвержаннем Літоўска-Гарадзенскай губерні, ўрадам Расійскай Імперыі была звернута ўвага на тое, што ў губернскім горадзе Гародні німа ніводнага праваслаўнага храма. Аднак у Гародні ў той час заставаўся запусцелы напаўразбураны ад пажара стары рымска-каталіцкі храм. Тут і з’явілася думка прыстасаваць пад праваслаўны храм спустошаны пажарам будынак Фарнага касцёла.
“По указу Его Императорского Величества, Святейший Правительствующий Синод слушав предложение Синодального Господина обер прокурора Статс – Секретаря Действительного Камегера и Кавалера Князя Александра Николаевича Голицына и приложенную при нем копию с полученного им Господина Сенатора и Кавалера Графа Виктора Павловича Кочубея отношение, в котором написано, что вследствие представлений Литовско - Гроденскогого губернского начальства, о предстоящей необходимости устроить в губернском городе Гродно Греко – российскую церковь. Государь Император высочайше указать соизволит обратить для сего находящийся в Гродно каменный католический костел, употребив на направление оного, сооружение иконостаса и отделку покоев для жительства Священно - церковнослужителей исчислены по сметам 18 тысяч 341 рублей серебром.”
29 лютага 1804 года адбылося Найвялікшае Павяленне, пры чым на ўзнаўленне і прыстасаванне храма было патрачана з дзяржаўнага казначэйства 18341 рубель срэбрам. Працы па аднаўленню храма працягваліся каля трох год і, нарэшце, 7 жніўня 1807 года царква была асвечана. У ёй было два храма: галоўны (халодны) з прастолам у імя Сафіі, Прымудрасці Боскай, і з усходняга боку невялічкая (цёплая) прыбудова з прастолам у імя Асветніка і Цудатворцы Мікалая. Гэтая прыбудова ўяўляла сабой невялічкі будыначак, які не дасягаў і паловы вышыні сценаў галоўнага храма. Звонку храм меў касцёльны выгляд. Па сярэдзіне яго купалоў не было, а толькі высачэзная вежа ў пярэдняй частцы храма, дзе і былі размешчаны званы. Сцены будынка гатычнага стылю 15-16 стагоддзяў з вонкавымі калонамі і аркамі ўяўлялі сабой трывалую буданіну зграбнай лёгкай архітэктуры.
Лісток трэці
На зямлю прыйшла вясна. Яна абузділа зямлю, і тая задыхала сважасьцю і чысьцінёй. Прасторы перапаўнялі птушыныя спеўкі і поскрып галля, якое абкладалася пупышкамі. Неба змяніла шэры твар на блакітны, па ім плылі ветлыя белыя аблокі. Анёл расправіў крылы, ён адчуваў чысціню і спакой. Расправіўшы крылы па волі ветрыка ён паляцеў, не ведаючы куды. Яго занесла на вялізную лясную прагаліну. На прасторы, не скрадзеным лесам разлягаліся гароды, месцамі стаялі хаткі або хляўкі. Ён падляцеў да адной з іх. Гэта быў стары крыху аблезлы вайсковы фургон. Вокны яго былі прыбраныя пашэрэлымі фіранкамі. Унутры стаяў ложак, нелькі крэслаў, стол. У вуглу былі складзеныя садовыя прылады, а каля дзьвярэй падлога была крыху бруднай, відаць ад ботаў.
Праз некалькі гародаў стаяла зусім іншая хатка. Прыхожа абмазаная тынкоўкай, вокны ўпрыгожаныя ляпной аздобай – хатка крыху не ўпісвалася ў агульны малюнак. Вакол яе раслі духмяныя кветкі, у наваколле разлятаўся чароўны пах. Фіранкі на вокнах былі бялюткімі, акрамя іх былі яшчэ і шторы. У хатцы было два невялічкія пакойчыкі. Адзін больш гаспадарчы: там стаяў куханны стол, былі розныя гаспадарчыя прылады, вешалкі для адзення… Другі пакойчык, чысцюткі, быў жылым. Там стаяў ложак, некалькі палічак, штучныя кніжкі, на падлозе быў рассцелены невялічкі дыван. Здвалася, прыедзь во – і жыві..
Але Анёл тут не пажадаў затрымацца, ён рушыў далей. Яму трапіла хатка з незвычайным дахам. Першая спроба абмазаць яе тынкоўкай не была яшчэ скончана. Па сценах быў працягнуты дрот і месцамі яго ўжо пазамазвалі цэментам. Сама хатка была драўлянай: драўляная палога, драўляныя сцены, драўляная столь… Побач была цагляная прыбудоўка. Там былі паскіданы розныя прылады: пачынаючы з матык, і завяршаючы рознымі ўгнаеннямі. Хатку з сарайчыкам злучаў невялічкі пакойчык, калі яго можна было так назваць. У ім стаяла вялізная бочка. У хатцы стаяў вялікі ложак, невялічкі стол і дзьве лавы. На вокнах не было ні фіранак, а ні нават якіх анучак. У вуглу былі састаўлены дошкі. На паддашак была пастаўлена лесвіца. Там, уверсе на раскладушцы, сохлі лекавыя травы. Анёл прысеў і пацягнуў пах. Незвычайна, яму такога на сваёй вышыні нават і не снілася.
Старонка з падручніка гісторыі
Захопленныя ў палон чырвонаармейцы разбараняліся. Іх размяшчалі ў транзітныя альбо перасыльныя лагеры (дулагі), дзе падвяргалі “фільтрацыі”. Пасля ваеннапалонных перасылалі ў стацыянарныя лагеры на акупіраваных тэрыторыях.
Абарону лагераў, як правіла, ажыццяўлялі рэгулярныя часткі вермахта, якія складаліся па большасці з прызаўнікоў старэйшага ўзросту, так званыя ландверныя батальёны.
Лагеры ваеннапалонных на тэрыторыі рэйха называліся рымскімі лічбамі, якія супадалі з абазначэннем адпаведнай ваеннай акругі, вялікай літарай лацінскай азбукі і назвай мясцовасці, дзе быў размешчаны лагер.
Умовы трымання савецкіх ваеннапалонных у лагерах на тэрыторыі Беларусі і абыходжанне з імі не рэгламентаваліся ні юрыдычнымі законамі, ні нормамі агульначалавечай маралі. Самі лагеры ў шматлікіх выпадках уяўлялі сабой вольныя прасторы, абнесеныя калючым дротам, з непрыстасаванымі для жыцця баракамі, хлявамі, напалову разбуранымі гаспадарчымі будынкамі. Часта, асабліва на пачатковам этапе, вязням даводзілася жыць у земляных норах альбо акопах.
Цесната, антысанітарыя, эпідэміі тыфа, дызэнтэрыі і іншых захворванняў, адсутнасць лекаў, холад і голад, бескантрольнае выкарыстанне аховай зброі прыводзілі да гібелі мноства вязняў. Толькі ў штатлаге №352 ў Масюкоўшчыне пад Менскам у лістападзе – снежні 1941 года памерла 25 тысяч нашых вояў.
З першых дзён акупацыі тут знаходзілася каля 45 тысяч вязняў, а да зімы 1941 іх колькасць павялічылася да 70 тысяч. У выніку зверскага абыходжання фашыстаў з вязнямі да пачатку 1943 года загінула да 40 тысяч чалавек, таму што значная іх частка восенню і ўзімку трымалася пад чыстым небам.
Былі выпадкі забойства асобных вязняў за тое, што яны спрабавалі падняць з зямлі некалькі гнілых бульбін. Афіцэр лагера обер-лейтэнант Кох практыкаваў расстрэл ваеннапалонных з пісталета ў той час, калі яны падбіралі выкінутыя ім праз вакно недаедзеныя кавалкі ежы. Сярод вязняў назіраўся канібалізм, калі яны, галодныя, выразалі мяккія часткі целаў набожчыкаў і з’ядалі іх.
Ваеннапалонныя былі пазбаўлены медыцынскай дапамогі. Раненыя літаральна плавалі ў гноі. У ранах заводзліся чарвякі, таму што перавязкі, калі і праводзіліся, былі раз на тыдзень, а то і радзей.
Ад жорсткага рэжыму, голаду і холаду штодзённа памірала да 250 чалавек. У час суправаджэння на працу вязняў, якія не паспявалі, застрэльвалі. Трупы памерлых закопвалі якраз паблізу лагера.
Лісток чацверты
Бацька п’яны ўваліўся ў хату. Дзяўчаты якраз паселі вячэраць, а маці накладала ім бульбы са скваркамі. Як толькі грукнулі дзьверы, вясёлы гоман кудысьці знік. Бацька зпадылба пазіраў на жонку і дачок, прытрымліваючыся за вушак. Здавалася, што ён вось-вось паваліцца. Але раптам ён выпрастаўся і даволі цвёрда рушыў на жонку. З яго вуснаў вырываліся страшэнныя і брудныя словы. Нават Анёл, ужо так добра сагрэўшыся на прыпечку, здрыгануўся. Вочы мужчыны блішчалі здзічэласцю і неасэнсаванасцю. “Шэльма, бесція, дрэнь…” Анёл паспрабаваў закрыць вушы. Не дапамагала. Ён здзіўлена пераводзіў позірк то на кабету, то на дзяўчынак, то на п’янага мужыка. “Што ты гаворыш, дурань, - спрабавала бараніцца маці, - конаўка ты нарузмная? Што гаворыш, пытаю? Ці ж зусім розум прапіў, што не пазнаеш роных дочак? Якія чужыя? П’янь ты, родную кроў крыўдзіш. Пас…” Яна не паспела скончыць, бо той ужо амаль дайшоў да кабеты і падымаў руку, каб стукнуць. Жанчына схапілася і пабегла ўбок, паспрабавала схавацца за дочак. Але мужык не хацеў і не збіраўся супакойвацца. Пацягнуўшыся да стала, ён схапіў талерку з гарачымі скваркамі і кінуў у бок дзяўчат. Малодшая, Анелька, не паспела схавацца пад стол, і талерка разбілася аб ейны лоб. Скваркі пасыпаліся на падлогу, а гарачы тлушч пацёк па скронях і па твары. Скваркі былі толькі з печы… Дзяўчынка са слязьмі на вачах кінулася да ручніка і ледзьве паспела за яго ўхапіцца, як кабета пацягнула абедзвюх дочак да дзвярэй. Іншага выратавання не было. Мужык ужо цягнуўся за сякерай з няспынным лаем у бок жанчыны. І, ледзьве дзяўчаты паспелі выскачыць на вуліцу, сякера бухнулася ў дзверы. Мужык хватануў с патэльні скварку, паваліўся на ложак і засапеў.
На вуліцы было халадно і сыра. Дрэвы стаялі голыя, а зямля была заслана пачарнелым лісцем. Дзяўчынка сядзела пад плотам, зашыўшыся ў нейкі куст. Чырвоны твар ужо амаль не гарэў, а можа яна проста не зважала на гэты боль. Анёл сядзеў побач, утульна ахінушы яе крыламі. Але хіба гэта дапаможа ад сырасці і ветру ў лістападзе? Галава дзіцяці была разбіта, а на сківіцах былі відаць падсохлыя дарожкі ад крыві: талерка пацэліла добра. Дзўчынка пазірала ў неба вільготнымі вачыма. Зоры былі халоднымі і далёкімі, а ад жоўтага святла месяца хацелася стаць ваўчанём і завыць, гэтак працяжна і тужліва. “Дзе ж ты, анёл?..” – здавалася так і сарвецца з яе вуснаў, чыстае шчырае непаразуменне. Але яна маўчала. Плакаць? Дык ужо не засталося слёз. Анелька заплюшчыла вочы і яшчэ мацней заціснулася ў куст. “Толькі б ён да раніцы не прачнуўся” – пранеслася ў думках. Анёл яшчэ асцярожней прыхіліў крылы: “Спі, дзіця, а я не буду даваць табе зусім замерзнуць.” Яна не чула, як ён спяваў:
Дзе я радзілася, дзе вырасла,
Там мяне цёмна ночка абняла,
Там мяне цёмна ночка абняла,
Я пад калінкаю спаць лягла.
Ножкаю калінку кранула,
На мяне расіца лінула,
На маю пасцельку бяленьку,
На мяне саму маладзеньку…
Старонка … з падручніка гісторыі
9 кветня 1892 у 12 гадзін, калі багаслужэнне было скончана, з’явіўся легкі дымок з верхняй часткі званіцы. Пра пажар паведамілі настаяцелю царквы, пратаірэю Рыгору Курыцкаму, а таксама пажарнай камандзе. Прычына пажару не вядома па сённешні дзень. Магчыма, вулічныя хлопчыкі, для якіх дасягненне на саборную званіцу было дастаткова вольным, залезлі на яе вернюю частку (ледзь не пад самы крыж), каб разбурыць галубіныя гнёзды. У прыцемках нехта з іх распаліў запалку, а потым забыўся пагасіць яе, і кінуў у кучу габлюшак, пакінутых пасля апошняга рамонту. І пачатак пажара быў пакладзены.
На жаль, пажарныя трубы, з прычыны вялікай вышыні званіцы не маглі дацягнуцца да палаючых яе частак. Паставілі ручную машыну, а ваду для яе прыносілі вёдрамі, але атрымоўвалі яе мала, бо лесвіца была вузкай.
Нягледзячы на энэргічную дзйнасць пажарнай каманды, салдат паляўнічай каманды, некалькіх рот Прасарнага і Петразаводскага палкоў, агонь захапіў увесь купал. Кроквы падгарэлі, бляха распалілася і затым, па сканчэнні прыкладна паловы гадзіны, пападала на дах галоўнага саборнага будынку, які і так быў напалову засыпаны кучай пылаючых бярвенняў і крокваў. Агонь распаўсюдзіўся па ўсяму даху, сярэдняя частка крокваў згарэла, частка з іх абвалілася і прабіла ў каменнай скляпеністай столі сабора адтуліну сажані паўтары ў дыяметры. Затым драўляныя часткі званіцы дагарэлі, званы адзін за аднім пападалі на зямлю, прабіўшы чатыры столі званіцы.
Лісток пяты
Пакойчык інтэрнату быў малы і цесны, але самае неабходнае ў ім было. Каля расчыненага вакна стаў стол, на ім ляжала некалькі кніжак, палова з іх мастацкія, палова – навуковыя. Яшчэ стаяў збан з вадой, а побач з ім некалькі яблыкаў. З ласкавым вясновым ветрыкам заляталі ў пакой спевы птушак і сонечныя промні. Было свежа і хораша. Хлопец ужо даўно ўстаў і паснедаў, нават штосьці прачытаў і падлічыў. Карацей, выхадныя праходзілі пладатворна. А цяпер ён сядзеў на ложку і спрабаваў штосьці найграць на гітары.
Пачуся мяккі стук у дзверы.
Адчынена!
Як справы? – дзяўчына пераступіла парог і затрымалася ля дзвярэй.
Добра, праходзь,сядай.
Яна была прыгожай і сваеасаблівай. А ён… ён так і не навучыў не саромецца сваёй знешнасці. Колькі шанцаў ён прапусціў не вядома. Сябры спрабавалі патлумачыць, што дарма ён так. Што нават не гледзячы на тое, што хвароба зрабіла з ім, такога чалавека яшчэ знайсці трэба. І яна такая прыгожая… калі б не гэта яго хвароба, можа то-небудзь і атрымалася б… Час на стаяў на месцы, і ён з кожным годам сталеў, а хутка і старэць будзе. Ну як тут сям’ю створыш? Можа таму і размеркаваўся ў гэтую вёску, а не застаўся ў сталіцы, у інстытуце, бо саромеўся.
Давай я табе што-небудзь найграю, - прапанавала яна. – Я ж умею, ведаеш?
Трымай гітару тады.
Яна пачала перабіраць пальцамі струны. Яна і сапраўды вельмі добра грала на гітары.
Як твая дысертацыя? Пішаш?
Не, німа па чым пісаць.
Ты ж працаваў на тэмай.
Працаваў, і нават добрыя вынікі атрымоўваліся.
Дык што тады?
Іх ўжо надрукавалі, больш не магу іх выкарыстоўваць.
Як? Хто?
Кіраўнік мой навуковы…
Яна раптам паднялася, паклала гітару на табурэт, падышла да хлопца… і пацалавала яго ў вусны. Сам бы ён ніколі не наважыўся. Добра, што яна смялейшая была.
***
Яна ад’язжала ў горад. Развіталіся. Вось і ўсё, вось і скончылася. Не афішавалі сваіх адносінаў адзін да аднога, на пажанілася… Яе пераводзілі, а ён заставаўся тут. Варта і яму было паехаць за ёй, і сябры так казалі, раілі. А ён зноў не ўслухаў, не паехаў. Ізноў адзін. Жыў часам успамінамі, а потым проста… жыў.
Старонка … з падручніка гісторыі
На аднаўленне спаленага сабора згодна з праектам і каштарысам, сладзенымі акадэмікам архітэктуры Чагіным, выдзелена было з грошай Свяцешага Сінода 150099 рублёў. Пасля аднаўлення, вонкавы выгляд храма цалкам змяніўся. Усходняя прыбудова была павялічана, і згодна з ім зроблена такая ж самая прыбудова па ўсёй даўжыні храма з паўночнага боку, з пасвячэннем прастола ў памяць першанастаўнікаў Кірыла і Мефодыя. А з усходняга боку была зроблена капліца для галгофы. Храм упрыгожвалі пяць купалаў, акрамя таго, тры вялізныя купалы былі размешчаны на двух прыбудовах і на паўкрузе перад галоўным алтаром. Усе яны былі фіялетавымі з залатымі зорамі.
Ў заходняй частцы будынка была ўтворана велічная званіца ў выглядзе высокай вежы са шпілем. Шпіль і купалы былі драўляныя і паабшываныя ліставым жалезам. Вышыня званіцы была павялічана, таму адразу пасля перабудовы адлегласьць ад вяршыні крыжа да падмурку сабора складала 30 сажняў. Фары была нададзена выключна праваслаўная знешнасць. У галоўным храме і Кірыла-Мефодзьеўскім прыдатку былі ўтвораны новыя іканастасы. Усе тры іканастасы дубовыя разныя аднаярусныя з пазалотай. Да часу асвячэння сабора ў Свята-Мікалаўскім прыдатку стары іканастас быз заменены на новы праз два гады ( у 1901 ).
Па аднаўленню дзейнсці сабора прымала ўдзел мясцовае Сафійскае братэрства. Працамі братоў на сабраныя ахвяраванні быў створаны новы калакольны звон. Ён складаўся 12 званоў, самы вялікі з якіх важыў 633 пуды 10 фунтаў, другі – 297 пудоў 15 фунтаў, трэці – 121 пуд, чацверты – 60 пудоў і гэтак далей. А самы малы – 23 фунты. На званах былі выявы і надпісы. Іх агульны кошт перавышаў 12000 рублёў. Апроч таго, братэрства ўпрыгожыла сабор за свой кошт дзьвюма вельмі каштоўнымі братэрскімі пратэсамі. Пратэсы былі цёмна-фіялетавага аксаміту, шытыя золатам, сёння яны захоўваюцца ў Гарадзенскім Свята-Пакроўскім саборы ў ліку іншых святыняў, якія захаваліся пасля разбурэння храма. Яны маюць наступныя выявы: Сафіі Прамудрасьці Боскай і Святога Чалавека Князя Аляксандра Неўскага, а на іншай – Прачыстай Прасвятой Маткі Боскай і Каложскай іконы Божай Маці. Асвячэнне Сафійскага сабора пасля яго адбудовы выканаў правялебны Іаакім, епіскап Брэсцкі 28 сакавіка 1899.
У 1919 годзе Сафійскі сабор быў зноў вернуты каталікам дзеля выкарыстання гарнізоннага касцёла. Польскім урадам храм быў перабудаваны ў неагатычным стылі. У такім выглядзе ён і захоўваўся ажно да разбурэння.
Лісток шосты
Прабачце нас… Даруйце… Разумееце, я толькі тыдзень тут… Яшчэ не паспеў увайсці ў курс усіх справаў…- твар доктара быў расчыненым і добразычлівым.
Як лёгка Вам зараз прасіць мяне аб гэтым. Вашай мілацю я згубіў дзіцяці. Што мне зараз усе вашыя апраўданні? Яны нікога не ажывяць.
Анёл трапіў у самы цэнтр размовы. Мужчына, ўжо не першай маладосці размаўляў з доктарам. У апошняга быў вінаваты выраз твару.
Вельмі Вас прашу, не трэба скаргаў, не трэба нікуды пісаць. Я ж тут меней за тыдзень і… Зразумейце, я не… Мне шкада, што так здарылася…
Вы забілі… Вы фактычна забілі маё дзіця. Маю дачку…
Мужчына павярнуўся і пайшоў. А доктар так і застаўся стаяць. Бацька не стаў нічога пісаць – пашкадаваў. Жыцця малой гэта бы не вярнула. Але страшна было думаць, як нядбайна абыходзяцца людзі з чужым жыццем, тыя людзі, ад каго яно часам залежыць. Як залежала і тут. Несправядлівась, крыўда і боль разрывалі бацькава сэрца. Але як мужчына ён павінен быў быць мужным і не выкрываць гэтага. Маці ж пэўна яшчэ больш балюча.
Ён крочыў па завулках Віцебску губляючыся ў думках і ценях дамоў. Вечар клаўся на зямлю сумнай палёгкай і злёгку вызваляў з закуткоў болю. Яго жонка ўжо драмала ў ложку, і сон быў лепшым лекам, каб забыцца на мучэнні і дзікія недарэчнасці… Анёл правёў рукою па яе валасах: “Спі, Анелька, спі, родная. Яшчэ ўсё адбудзецца, жыццё яшчэ не скончылася, а боль яшчэ суцішыцца…”
Пралятала шэра перапёлка
Па чыстаму полю,
А шукала шэра перапёлка
Сваіх дробных дзетак.
І не найшла шэра перапёлка
Сваіх дробных дзетак.
Толькі знайшла тое мясцечка,
Дзе было гняздзечка.
Пахадзіла малада Алёнка
А новаму двару.
І шукала малада Аленка
Ды сваю матульку.
І не найшла малада Алёнка
Ды сваю матульку.
А толькі знайшла крыніцу з вадзіца
Ды новы калодзезь.
“Скалыхніся з крыніцы, вадзіца,
Ды ў новы калодзезь,
Адгукніся, ды мая матульька,
Ды хаця разочак”.
Лісток сёмы
Не так легка забыцца пра страту. Бацька вырашыў, што трэбы змяняць нешта. Жонцы будзе прасцей ў іншым месці, дзе нічога не будзе нагадваць аб дзіцяці. Ён гатовы быў ахвяраваць працай на даследчай станцыі, якая была ўжо амаль як родная. Тут непадалёк і сёстры жылі. Але ж не. Сярод магчымасцей была адна – вярнуцца на радзіму, малую радзіму. Дзе званы гарадзенскай зямлі працялі сваім гулам паветра, дзе каля самай беларускай культуры ўсутыч прыціснуўшыся стаяла польская, дзе да аблокаў падымаліся малітвы на трох мовах, а мо і болей…
Прыгожыя прысады Вусця развітальна калыхалі галінамі. Нібы ведалі, што хутка, хутка будзе растанне. Нейкі інстытут праводзіў набор маладых навукоўцаў. Ну вось яно – шанец.
І яго прынялі… Прысады самотна зашумелі наўздагон.
***
Новы горад прыняў добразычліва, раскрыўшы свае абдымкі. Малы і ўтульны. Са скверамі і чыстымі дварамі. Вельмі заходні і вельмі светлы. Так праз вуліцу адзін на аднога пазіралі царква і касцел. А над возерам ўжо колькі год нібы намагаўся падняцца ў неба самалёт, сведка мінулай вайны, і часам ў яго прабіраліся дзеці.
Спроба пачаць нанава і забыцца на боль… Можа тут і атрымаецца.
Старонка … з падручніка гісторыі
З успамінаў Цыгельскага М.А.
Па рашэнню гарадскога камітэта партыі я быў прызначаны кіроўцам дружыны ДАІ. Гарадскім ДАІ загадваў майор Прасцякоў. Калі вазілі ўзрыўчатку, мы з Прасцяковым суправаджалі “лятучку” падрыўнікоў. Перад пачаткам выбуха мы аб’ехалі ўсе пасты, якія перкрывалі ўсе шляхі ў цэнтр горада да Савецкай плошчы.
Ніхто не ведаў у які бок паваліцца касцёл. Справа будынак Дома саюзаў з трэшчынай, яно магло разваліцца. І Палац тэкстыльшчыкаў злева. З тыльнага боку бліжэй за ўсё быў будтрэст. Калі б лёг касцёл, лёг бы і той. Вайскавыя сапёры нашыя не рызыкнулі, ні гарадзенскія, ні менскія. А ленінградцы працавалі. Дзад-прараб, яшчэ два-тры працоўных і вадзіцель.
Падрывала касцёл дзяўчынка-вундэркінд з Ленінграда. Яна адзіная ў Савецкім саюзе была такая – падрыўнік вышэйшага класа. Маленькага расточку, вельмі маленькая. Яна прыходзіла, сядала на кукішкі – ў яе быў такі блакноцік маленькі – вылічала вугал свідравання і глыбіню шурфа. Яна разлічвала вугал і казала яго прарабу. Той пачынаў свідраваць у дадзеным напрамку. І, калі напрамак шурфа ўжо быў, свідраваць працягвалі вайскоўцы. Іх паклікалі на дапамогу, таму што сцены там былі па 4-5 метраў.
Ноччу там, дзе цяпер крама “Баторыя”, бліжэй да інстытутскага будынку, паставілі бронетранспарцёры. Сабралося ўсё гарадское начальства з вайсковымі прадстаўнікамі. З усіх блізлежачых хат людзей выселілі.
Пасля таго, як мы ўсе аб’ехалі пасты і даклалі, што горад перакрыты, усё начальства пайшло ў БТРы, усе да адзінага. А гэтае дзіцё маленечкае, яна пашапталася з дзедам прарабам, і пайшла адна ў замініраваны касцёл правяраць запалы. Насупраць, дзе скверык, пражэктары падсвечвалі, там былі два кіёскі. Ад Дома саюзаў быў плот.
Калі яна сказала, што ўсё добра, яны выйшлі з прарабам на цэнтр Савецкага пляцу. Мы з Прасцяковым стаялі на ўваходзе ў скверык. На ўсялякі выпадак апранулі танкавыя шлёмы, раптам цагліна якая. А яна побач з дзедам у адчыненую стаяла, ніякіх капялюшаў. Дзед крутануў машынку…
Адразу – агонь па крузе. Касцёл прыўзняўся і пачаў марудна асядаць, сладацца ўнутр. Настолькі дакладна яна разлічыла, што ні ў адзін з бакоў не падаў. Калі ўсё скончылася, гэтае дзіця ўскочыла на дзедаву шыю, і яны плясалі па пляцу.
Лісток восьмы
Прайшло больш за дваццаць год з таго часу, як разбурылі Фару… Анёл прачнуўся на шпілі фарнага касцёла. З яго адчыняўся добры від на двары гарадзенскай турмы. Анёл сумна азірнуўся. Змянілася шмат чаго, змяніўся сам горад.
Пазіраючы на тое месца, дзе раней стаяла Фара, ён больш не ведаў якое яго імя… Які з мяне Анёл Фары? Німа той Фары, і ніколі мабыць не вернецца… Але ж я ёсць. І я анёл. Анёл без імя..
***
Ён трапіў якраз, калі нараджала жанчына. Было відочна, што роды зацягнуліся і дзіцё не выходзіла. Дактары прынялі рашэнне рабіць кесарава. Звычайная неадпаведнасць рэзус-фактараў бацькоў магла каштаваць малому, а то і маці, жыцця. Але дактары змагаліся, трапіла неблагая змена.
Роды прайшлі ўдала. Анёл глядзеў на дзіцяці. Яно было кволае, жоўтае, і ляжала ў асобным боксе, ўбаку ад іншых… Але было ў ім яшчэ нешта асаблівае. Магчыма тое, з якімі цяжкасцямі яно трапіла бацькам. Магчыма тое, колькі давялося перажыць маці пад час народзінаў. Гэта была дзяўчынка. “У яе будуць блакітныя вочы,” – падумаў Анёл. Ён мякка павёў рукою па-над ёй. Потым прыхіліўся і прыкрыў яе крылам. Здавалася ён заснуў. Прайшло шмат часу ці не – ён не ведаў. Калі ён падняўся, здавалася, што ён штосьці зразумеў. “Я ведаю сваё імя. Я жывы пакуль жыва на гэтай замлі надзея. Надзея на жыццё, на шчасце, на волю… Значыць гэта і ёсць маё імя, маё прызначэнне. Спі дзіцёнак, і няхай сасніш ты што-небудзь добрае і бесклапотнае. Я не абяцаю табе лёгкага жыцця, але я буду побач не спаць з табой ночы, вымачваць хусцінку слязьмі, праклінаць гэты свет, усміхацца першаму снегу і сонцу, размаўляць з дрэвамі і жывёламі… разам з табою.“ І ён лёгка дыхнуў на твар немаўляці. “Спі дзіця і ведай, што анёл, якому ты падаравала імя, Анёл Надзеі, заўсёды будзе побач…”
Свидетельство о публикации №209112000435