Петр Миронович Машеров - ответы на вопросы

        Уводзіны
      Дадзеная праца ўяўляе сабой адказы на пытанні абласной віктарыны Гродзенскай вобласці “Слаўны сын беларускага народа”, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння П.М.Машэрава.
        Навагрудак, 2008 год

       1. Назавіце дакладную дату і месца нараджэння П.М.Машэрава.
          У якой сям’і ён вырас і сфарміраваўся?

      Пётр Міронавіч Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. 1918 год быў адметны яшчэ і тым, што Мірон Васільевіч Машэраў, бацька Пятра Міронавіча, у гэты год закончыў новую хату, якую пачаў будаваць ў 1917 годзе, калі вярнуўся з вайны.
       Бацькі Пятра Міронавіча, Мірон Васільевіч Машэраў і Дар’я Пятроўна Ляхоўская паходзілі з бедных сялянскіх сем’яў. М.В.Машэраў нарадзіўся ў в.Шыркі. Бацькі Мірона выхавалі яго спакойным, працавітым, сумленным і справядлівым чалавекам. Д.П.Ляхоўская нарадзілася ў в.Кузьміны  Богушаўскага раёна. Яна рана засталася без бацькі, таму дапамагала сваёй маці, Пелагеі Яфімаўне, выхоўваць сваіх малодшых братоў Фаму і Арсеня. Яна ўмела выконваць усю хатнюю працу, у тым ліку і цяжкую. Але, нягледзячы на цяжкае сіроцкае жыццё, яна была вясёлай і жыццярадаснай. Яна добра танцавала і спявала.
       Мірон Васільевіч Машэраў ажаніўся з Дар’яй Пятроўнай Ляхоўскай у 1907 годзе. Праз год нарадзілася дачка – Матрона. Але праз некаторы час сям’ю напаткала гора: пасля другіх родаў маці захварэла. Бацька адвёз яе ў Віцебскую бальніцу. Маці паправілася, але маленькую дачку Сцепанідку выратаваць не атрымалася. Праз два гады гэтае ж самае здарылася і з хлопчыкам Косцем. І толькі ў 1914 годзе нарадзіўся сын Павел – здаровае і прыгожае дзіця. Ён быў яшчэ маленькім, калі бацьку забралі на фронт. Тады ішла першая сусветная вайна. Мірон Васільевіч вярнуўся з вайны ў 1917 годзе і адразу пачаў будаваць новую хату.
       У 1918 годзе ў сям’і нарадзіўся другі сын – Пеця. Для ўсёй сям’і гэта было вялікай радасцю. Яго нянькай і сябрам стаў Паўлуша. Яны з ранняга дзяцінства вельмі любілі адзін аднаго і ніколі не расставаліся. Першая доўгая фраза, якую вымавіў Пеця, была адрасавана менавіта яму: “Паўлуша, я без цябе так засумаваў!” Гэта ён вымавіў пасля двухтыднёвай разлукі з братам.  Да гэтага ён казаў толькі асобныя словы.
       Праз два гады пасля нараджэння Пеці ў сям’і нарадзілася  Надзя. Хлопчык за ёй прыглядваў, гуляў. На жаль, яна памерла ад туберкулёзу ў сем гадоў. Калі ў сям’і нарадзілася Вольга, Пеця яе няньчыў ужо ў шэсць гадоў. 
       Вольга Міронаўна Пронька, сястра Пятра Міронавіча, успамінае, што пасля 1920 года бацькі не хадзілі ў царкву, у хаце ікон не было і апошніх дочак нават не хрысцілі. Цяжка сказаць, ці верыла маці ў Бога. Хутчэй за ўсё, яна верыла, але знешне гэта ніяк не праяўлялася. Рэлігійныя святы (Вялікдзень, Каляды, Радаўніцу) сям’я Машэравых шанавала як добрую традыцыю беларускага народа. У гэтыя дні была магчымасць адпачыць ад працы, сустрэцца за адным сталом, смачна паесці, пагутарыць. Дзеці асабліва любілі гэтыя святы, таму што ім прыносілі госці гасцінцы і падарункі. На Радаўніцу яны хадзілі на могілкі, паміналі памерлых родных, прыбіралі магілы. Вольга Міронаўна гаворыць: “Гэта добрае свята, яно вучыць памятаць сваіх продкаў, свае карані, паважаць памяць пра іх.”
       У 30-я годы яны пачалі святкаваць савецкія святы: Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першамай і іншыя, а рэлігійныя святы самі па сабе паступова адышлі ў мінулае.
       Вольга Міронаўна ўспамінае пра дамашнюю атмасферу: “ Добразычлівасць і спакой заўсёды  панавалі ў нашай сям’і. Бацька не курыў, не піў і ніколі не казаў дрэнных слоў. Усе сямейныя пытанні бацькі абмяркоўвалі і вырашалі разам, спакойна, без шума і спрэчак. Яны з паўслова разумелі адзін аднаго...”
       Успамінаючы бацькоў, Пётр казаў: “Бацька – вельмі чэсны чалавек. Ён ніколі не ішоў на здзелку з сумленнем. Ніколі не казаў маці няпраўды... Быў спакойным. Строгім. Караў. Акуратным... Заўсёды быў у працы, а вясковы чалавек вечна ў працы. Яны з маці – ідэальная пара. Мы ўсе пайшлі па маці, характарам па бацьку”.
       Бацькі сваім дзецям не даравалі ні аднаго дрэннага ўчынку, выхоўвалі вельмі строга. Яны вучылі іх быць пакладзістымі, сумленнымі, справядлівымі і ветлівымі.
       Дапамагчы чалавеку ў бядзе было ў сям’і Машэравых заканамерным. Маці дапамагала нават тады, калі ведала, што беднасць гэтых людзей звязана з іх лянотай. Напрыклад, у вёсцы была сям’я Андрэя Губрыяленка. Дзяцей шмат, усе галодныя, таму што Андрэй і яго жонка зімой ляжалі на печцы, а летам ляжалі на сонейку, а пра агарод і сад зусім не клапаціліся. Але Дар’я Пятроўна ніколі не адказвала ім у дапамозе.
       Бацькі былі гасціннымі людзьмі. Калі знаёмыя і родныя заязджалі да іх пераначаваць, ім ніколі не адмаўлялі.
       Бацькі былі вельмі працавітымі і дзяцей таксама вучылі працаваць. Маці ўсё для сям’і шыла сама, акрамя верхняга адзення. Верхняе адзенне і касцюмы шыў бацька. Прафесіянальна шыць ён навучыўся на швейнай фабрыцы ў Віцебску, дзе атрымаў вышэйшы сёмы разрад. Парадак і чысціню ў хаце падтрымлівалі дзеці. Вольга Міронаўна ўспамінае працавітасць сваіх бацькоў: “Бацька з маці працавалі з дня ў дзень, круглы год, а нам здавалася, што яны працуюць цэлымі суткамі. Калі мы клаліся спаць, яны яшчэ працавалі, а раніцай, калі прачыналіся, яны ўжо працавалі. Так мы набылі вельмі важную жыццёвую якасць – працавітасць.
       Ёсць такая прымаўка: “Сям’я – гэта невялікая дзяржава”. Тое, што дала Пятру Міронавічу Машэраву сям’я, праявілася ва ўсёй яго дзейнасці. А яна дала яму такія якасці, як любоў да Беларусі, патрыятызм, сумленнасць, гасціннасць, справядлівасць і працавітасць – галоўныя станоўчыя якасці менталітэту беларускага народа.


       2. Хто аказаў найбольшы ўплыў на фарміраванне яго як асобы і на выбар прафесіі?

       На фарміраванне асобы Пятра Міронавіча, безумоўна, паўплывала грамадска-палітычнае жыццё таго часу, у якім ён жыў і працаваў. Але многія асабістыя якасці былі закладзены ў сям’і бацькамі.
       Уплыў на выбар прафесіі аказала некалькі чалавек: яго брат Павел Міронавіч, настаўнік матэматыкі (Машканская сямігадовая школа), Аляксандр Андрэевіч Валковіч (настаўнік матэматыкі і дырэктар Дварышчанскай школы).
       У восем гадоў Пеця пайшоў вучыцца. Скончыўшы Грыбоўскую пачатковую школу, ён пайшоў у сёмы клас Машканскай сямігадовай школы. Там яму вельмі спадабаўся выкладчык матэматыкі. Напэўна, ён быў першым, хто прывіў Пецю любоў да прафесіі настаўніка. Тым часам яго старэйшы брат Павел Міронавіч скончыў педагагічнае вучылішча і атрымаў накіраванне ў школу ў вёсцы Дворышча Расонскага раёна. Ён прапанаваў Пятру вучыцца ў сёмым класе Дварышчанскай школы, і той згадзіўся. Настаўнік матэматыкі (і дырэктар школы) Аляксандр Андрэевіч Валковіч перадаў Пятру любоў да матэматыкі. Фізіка яму таксама спадабалася. Акрамя дамашніх заданняў, ён выконваў і дадатковыя.
       Калі ў 1934 годзе пасля сёмага класа паўстала пытанне аб выбары навучальнай установы, Пётр сказаў свайму брату:
       -- Ведаеш, Павел, за час навучання ў Машканскай і Дварышчанскай школах спадабалася мне твая прафесія. Хачу стаць настаўнікам.
       Ён вырашыў паступаць у Віцебскае педагагічнае вучылішча (раней педтэхнікум). Потым ён даведаўся, што ў ім ёсць педагагічны рабфак. Пётр падаў заяву менавіта туды. Расказаўшы пра гэта свайму брату, ён даведаўся, што, каб туды паступіць, трэба мець напраўленне ад арганізацыі, у якой працуеш і мець станоўчую характарыстыку. Тады Пётр вырашыў усё лета працаваць у калгасе. Ён сумяшчаў фізічную працу з разумовай: акрамя працы ў калгасе, ён рыхтаваўся да ўступных экзаменаў. У гэтай справе яму дапамагаў Павел: даваў парады, падказваў, якую выкарыстоўваць літаратуру. І Пётр паступіў на рабфак.
       Паспяхова скончыўшы рабфак, ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт (а пасля – фізічнае аддзяленне) Віцебскага педінстытута імя С.М.Кірава. Ён старанна вучыўся, быў заўсёды жыццярадасным, займаўся спортам, асабліва лыжным.
       У педінстытуце Пётр Міронавіч вучыўся да 1939 года.


       3. Як пачынаўся працоўны шлях Пятра Міронавіча ў даваенны перыяд?

       Пасля Віцебскага педінстытута Пётр Міронавіч Машэраў атрымаў накіраванне ў Расонскую сярэднюю школу выкладчыкам фізікі і матэматыкі. Ён казаў Паўлу, што, працуючы настаўнікам, будзе рыхтавацца да паступлення ў аспірантуру. Ведаючы яго настойлівасць у дасягненні мэты і глыбокія веды, брат не сумняваўся, што ўсе замыслы і спадзяванні Пятра рэалізуюцца. 20 жніўня 1939 года Пётр разам са сваёй маці, сёстрамі Вольгай і Надзеяй пераехаў з вёскі Шыркі ў вёску Старыя Расоны.
       1 верасня 1939 года Пётр Міронавіч пачаў працаваць настаўнікам ў Расонскай школе. Вольга тады пайшла ў восьмы клас, а Надзея – у чацвёрты. Калі дырэктар школы прадставіў яго настаўніцкаму калектыву, то ўсе былі здзіўлены з яго маладосці і прыгажосці. Асабліва была зацікаўлена жаночая палова настаўнікаў.
       З вучнямі пазнаёміцца было складаней, чым з настаўнікамі, таму што нехта спрабаваў “праверыць” маладога настаўніка. Вучні дзевятага класа, класным кіраўніком якога ён быў назначаны, вельмі чакалі яго на ўрок фізікі. Калі Пётр Міронавіч зайшоў у клас і павітаўся з вучнямі, усе ўсталі, але адзін вучань (астаўлены на другі год, мала чым адрозніваўся ўзростам ад настаўніка) не ўстаў, а яшчэ расцягнуў доўгія ногі ледзь не да самага стала. Калі настаўнік сказаў: “Давайце праверым вашы веды па фізіцы”, гэты вучань апусціў галаву, і ў класе наступіла цішыня. Аказалася, што ніхто з вучняў не валодаў трывалымі ведамі па прадмеце: ніхто не змог рашыць нават самую простую задачу. Пётр Міронавіч зразумеў, што яго чакае доўгая і нялёгкая работа, каб навучыць таму, што было ўпушчана папярэднімі настаўнікамі.
       Настаўнік адразу ж арганізаваў фізічны кабінет. Набыў усе неабходныя прыборы, падрыхтаваў практычныя матэрыялы. Вучні дзевятага класа вельмі дапамаглі свайму класнаму кіраўніку ў гэтай працы. Праз некаторы час работа была завершана. Заняткі па фізіцы сталі праходзіць у фізічным кабінеце. У хуткім часе Пётр Міронавіч арганізаваў навуковы гурток па фізіцы. Амаль усе вучні дзевятага класа займаліся ў гэтым гуртку. Вывучалі пытанні, выходзячыя за рамкі праграмы, праводзілі доследы, выступалі з дакладамі. Дзякуючы гэтаму гуртку, вучні сталі лепей разумець фізіку.
       Пасля гэтага Пётр Міронавіч арганізаваў гурток па астраноміі, які працаваў па вечарах, каб можна было назіраць за зоркамі. Многім вучням гэты занятак спадабаўся, і “Зорны гурток” сталі наведваць амаль усе вучні. Неабходнасць мець элементарныя веды па астраноміі настаўнік тлумачыў проста: “Кожны чалавек павінен умець арыентавацца на мясцовасці ў начны час па зорках. Гэта асабліва неабходна ў ваенны час”. Тады ніхто не мог падумаць, што гэтыя веды вельмі хутка могуць спатрэбіцца.
       Затым Пётр Міронавіч арганізаваў танцавальны і драматычны гурткі. Танцавальным гуртком кіравала выкладчыца нямецкай мовы Кацярына Валодзька. Гурток складаўся амаль з адных дзяўчат, хлопчыкі неахвотна ішлі ў яго, таму частка дзяўчынак гулялі ролю “кавалера”. Гэты гурток выступаў часцей у школе і толькі па вялікіх святах – у раённым Доме культуры (РДК). Драматычным гуртком кіраваў сам Пётр Міронавіч: ён быў і рэжысёрам, і акцёрам. У гуртку ўдзельнічалі настаўнікі і старшакласнікі. Вучням асабліва запомнілася п’еса А.Н.Астроўскага “Лес”, галоўную ролю ў якой іграў Пётр Міронавіч.
       І ў будні, і ў выхадныя дні гэты настаўнік быў з вучнямі. Кожны вучань быў для яго асобай, да кожнага ён знаходзіў свой падыход. Ён быў добрым і справядлівым, і ў той жа час – строгім і патрабавальным. Добрую адзнаку ў яго было цяжка атрымаць, але гэта была цвёрдая адзнака, якая прыносіць радасць. Вучні яго вельмі любілі і паважалі, ён быў аўтарытэтам для іх. Калегі па працы цанілі ў ім глыбокія веды, інтэлігентнасць, высокую маральнасць і арганізатарскія здольнасці.
       Кожны год перад пачаткам навучальнага года адбываліся раённыя настаўніцкія канферэнцыі, на якіх у 1939 і 1940 гадах выступаў і Пётр Міронавіч. Настаўнікам падабаліся яго прапановы, прыемны голас.
       Пётр Міронавіч быў тонкім псіхолагам і лічыў, што менавіта псіхалогія дапамагае знаходзіць доступ да дзіцячых сэрцаў. Л.Я.Мельнікава, настаўніца пачатковых класаў СШ №87 г.Мінска, успамінае наступную размову з гэтым настаўнікам:
       “Аднойчы Пётр Міронавіч спытаў мяне:
        --  Як ты лічыш, якая самая прэстыжная навука?
        -- Хімія, - адказала я, таму што марыла стаць хімікам.
       Чакала яго адабрэння, а ён у адказ:
        -- Псіхалогія...
       Праз шмат гадоў зразумела, што ён меў рацыю... Патрэбная навука яна, псіхалогія. Менавіта яна дапамагае разумець людзей”
       Працавітасць маладога настаўніка, любоў і павага да вучняў, адказнасць за сваю справу прынеслі свае плады. З Расонскай школы вучні паступалі ў Ленінградскія інстытуты. У асноўным паступалі ў тэхнічныя ВНУ. Ні адзін вучань Пятра Міронавіча, нават пры вялікім конкурсе, не заваліў экзамены.
       У 1939 годзе Пётр Міронавіч сустрэў Паліну Андрэеўну, сваю будучую жонку. Яны пазнаёміліся ў стаматалагічнай бальніцы, таму што яна там працавала зубным урачом. На наступны дзень яна сустрэла яго ў бібліятэцы, дзе яны яшчэ больш даведаліся адзін пра аднаго. З гэтай сустрэчы і пачалося іх сяброўства: разам каталіся на лодцы, хадзілі ў кінатэатр, абмяркоўвалі кнігі, гулялі па вуліцы і марылі пра будучыню... Затым Паліна Андрэеўна паехала ў вёску Саколішча. Яна стала сакратаром камсамольскай арганізацыі сельсавета. Перад вайной яе забралі ў райцэнтр: пайшла ў дэкрэт мясцовая ўрач. У гэты час Пётр Міронавіч рыхтаваўся паступаць у аспірантуру. Але гэтай мары не было наканавана здзейсніцца – пачалася вайна.


       4. Якія трагічныя падзеі і выпрабаванні прыйшлося перажыць П.М.Машэраву ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны?

       Раніцай 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. І.В.Сталін не разлічваў, што Германія парушыць умовы пакта Рыбентропа-Молатава аб ненападзенні і пачне вайну з СССР. Але гэта здарылася.
       Гэтая вайна загубіла лёс шматлікіх людзей. Многія дзеці засталіся сіротамі, жанчыны – удовамі. Усе людзі нашай краіны страцілі шчасце. Не абмінуў такі лёс і сям’ю Машэравых. Яшчэ да вайны, у 1938 годзе, Мірон Васільевіч загінуў у сталінскіх засценках. Надзеі Пятра Міронавіча на прадаўжэнне адукацыі ў аспірантуры не рэалізаваліся. Перад сям’ёй Машэравых паўстала пытанне: “Што рабіць далей, каб як мага больш прыблізіць Перамогу?” Аднойчы Пётр сумна сказаў свайму брату:  “Або грудзі ў крыжах, або галава ў кустах”, што Павел удакладніў: “Лепей грудзі ў крыжах”.
       Паўла і Пятра выклікалі ў ваенкамат. Пятра пакінулі ў Расонах у вынішчальным батальёне. Паўла забралі ў дзеючую армію, але перад адпраўленнем на фронт яго накіравалі ў Смаленск на чатырохмесячныя курсы паліткіраўнікоў. 17 ліпеня 1941 года Расоны былі акупіраваны фашыстамі.
       3 ліпеня 1941 года Пётр Міронавіч праслухаў прамову Сталіна. Усхваляваны, ён пайшоў да ваенкома прасіцца на фронт, але яму адмовілі. Пасля гэтага ён разам з байцамі Чырвонай Арміі на працягу трох дзён адступаў на Усход. Аднак пад Нявелем ён трапіў у акружэнне і ў раёне мястэчка Пустошка Калінінскай вобласці быў узяты ў палон. З групай байцоў яго 70 кіламетраў гналі пешшу ў горад Себеж. Там усіх загрузілі ў таварныя вагоны і павезлі невядома куды. Але ноччу Пётр змог уцячы з вагона. Арыентуючыся па зорках, ён з таварышам пайшоў ад прускай мяжы. Іх выратавала літоўская сялянка, якая прапанавала начлег і ежу. Але раніцай яна іх падняла з трывогай: непадалёку знаходзіліся немцы. 5 жніўня Пётр Міронавіч ужо быў ў Расонах. Хутка ён сустрэўся з Палінай Галанавай.
       Самую трагічную падзею сям’і Машэравых прыйшлося перажыць у 1942 годзе: 9 верасня пасля лютага допыту фашысты расстралялі Дар’ю Пятроўну. Надзея, Вольга, Павел, Пётр і Матрона Машэравы засталіся круглымі сіратамі.



       5. Якая роля П.М.Машэрава праявілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

       Пётр Міронавіч Машэраў праявіў сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны як адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольскага падполля і партызанскага руху на Беларусі. У сваёй дзейнасці ён паказаў мужнасць, гераізм і арганізатарскія здольнасці.
       У канцы жніўня 1941 года Машэраў у Расонах стварае камсамольскае патрыятычнае падполле. У яго ўвайшлі настаўнікі: Сяргей Пятроўскі, Віктар Езуітаў, Уладзімір Яфрэменка, Маруся Міхайлоўская, Паліна Галанава і Маруся Шаркава, а таксама выпускнікі Расонскай школы. Паліна Андрэеўна ў райцэнтры займалася падпольнай працай. Яна адкрыла зубалячэбны кабінет і там сустракалася з партызанамі. Машэраў пасля вяртання з Нявеля некаторы час хаваўся ў яе кабінеце. Потым пайшоў працаваць да немцаў бухгалтарам.
       Пётр Міронавіч сустрэўся з сакратаром Расонскага падпольнага райкома партыі В.Лапенкам, які быў пакінуты для работы ў тыле ворага. Выконваючы яго загады, Машэраў наладжваў сувязь з падпольнымі групамі, якія дзейнічалі ў многіх населеных пунктах Расонскага раёна. Пётр Міронавіч меў сваё кодавае імя – “Дубняк”.
       Камсамольскае падполле пад кіраўніцтвам Машэрава актыўна дзейнічала супраць акупантаў. У розных месцах падпольшчыкі падрывалі масты, палілі бензасклады. Маладыя патрыёты слухалі маскоўскае радыё, пісалі і распаўсюджвалі лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро, збіралі зброю, рабілі дыверсіі. Акупанты рашылі знішчыць падполле. Але Машэраў апярэдзіў гітлераўцаў. Па яго сігналу падпольшчыкі ў адзін з сакавіцкіх дзён 1942 года перайшлі з Расонаў у лес. Так быў створаны партызанскі атрад імя М.А.Шчорса. Атрад разбілі на ўзводы, увялі воінскую дысцыпліну. Камандзірам выбралі Пятра Міронавіча, намеснікам – Сяргея Пятроўскага, начальнікам штаба – Пятра Гігелева, а камісарам – яго брата Мікалая Гігелева. Адказным за разведку выбралі У.Хамчаноўскага, якога празвалі Воранам. Партызанскі атрад імя М.А.Шчорса дзейнічаў смела. Знішчылі Сяргееўскі льнозавод. Затым былі налёты на гарнізоны ворага, засады, магутныя ўзрывы на дарогах раёна. Гэты атрад быў самым дысцыплінаваным, баявым і арганізаваным. Ён дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім раёнах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латвійскай ССР.
       Пасля таго як атрад зліўся ў партызанскую брыгаду імя К.К.Ракасоўскага Віцебскай вобласці, Пятра Міронавіча Машэрава назначылі камісарам брыгады. Брыгада па рашэнню Беларускага штаба партызанскага руху здзейсніла рэйд у Вілейскую вобласць, дзе стала працягваць  баявыя дзеянні.
       У Вілейскай вобласці з пачатку вайны падпольна дейнічала група камсамольцаў. У сакавіку 1943 года ЦК КП(б)Б сцвердзіў Вілейскі падпольны абком камсамола. У верасні 1943 года Пятра Міронавіча Машэрава назначылі першым сакратаром Вілейскага падпольнага абкома ЛКСМБ. Ён актыўна ўключыўся у работу па арганізацыі падполля і кіраваў камсамолам Вілейшчыны да вызвалення вобласці ад немцаў.
       Па словах удзельніцы атрада імя Шчорса, Пётр Міронавіч Машэраў меў арганізатарскія здольнасці, быў мужным, адважным. Яна пісала ў пісьме да Вольгі Міронаўны, што ў атрадзе дысцыпліна і парадак на найвышэйшым узроўні, а прыкладам ва ўсім з’яўляецца сам камандзір: ён вельмі ўважлівы да байцоў і, у той жа час, строгі. Яна пісала, што байцы яго паважаюць за смеласць, прынцыповасць і сціпласць.
       За мужнасць, гераізм і адвагу, праяўленыя у барацьбе з ворагам, Машэраў летам 1944 года атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.    
       Я лічу, што толькі дзякуючы такім гігантам духу, як Пётр Міронавіч, наша Радзіма была вызвалена ад фашыстаў і перамагла ў гэтай страшнай вайне.


       6. Што Вы ведаеце аб дзейнасці Пятра Міронавіча ў рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі?

      Камсамольская дзейнасць П.М.Машэрава пачалася летам 1944 года пасля вызвалення БССР і закончылася ў ліпені 1954 года ў сувязі з абраннем яго другім сакратаром Мінскага абкома партыі.
      Летам 1944 года Пётр Міронавіч Машэраў узначаліў Маладзечанскі абком камсамола (абкомам партыі кіраваў І.Ф.Клімаў – гэта па яго прапанове сюды перавялі Машэрава). Сакратарамі ЦК ЛКСМБ былі М.В.Зімянін, В.І.Лузгін, В.І.Левенцаў, Ф.І.Філіпава, К.Т.Мазураў. Апарат ЦК быў невялікім – 30 супрацоўнікаў. Былі дзве трафейныя машыны. 4 ліпеня 1944 года работнікі ЦК камсамола знайшлі на беразе Свіслачы насупраць парка невялікую двухпавярховую пабудову, якую ў час акупацыі займаў чыноўнік у якасці жылля. Дом аказаўся цэлым. Мэблі, акрамя фартэпіяна, не было. Тут і размясцілі цэнтральны штаб камсамола.
       Камсамольскія работнікі ездзілі па вызваленых раёнах Беларусі, стараліся запрасіць у свае рады як мага болей моладзі, часамі нават супраць іх волі. Адразу ж пасля вызвалення перад былымі партызанамі, падпольшчыкамі паўстала новая задача – аднаўленне. ЛКСМБ, нягледзячы на некаторыя недахопы ў метадах, аказаў вялікі ўплыў на рашэнне гэтай задачы.
       3 – 4 снежня 1947 года адбыўся чарговы пленум ЦК ЛКСМБ. М.В.Зімянін, сакратар ЦК КП(б)Б, аб’явіў, што К.Т.Мазураў пераведзены на працу намеснікам начальніка кіравання па праверцы парторганаў ЦК КП(б)Б. Пленум вызваліў яго ад абавязкаў першага сакратара. На гэту пасаду Зімянін прапанаваў назначыць П.М.Машэрава, які ў ліпені 1946 года быў абраны сакратаром ЦК ЛКСМБ па кадрах. Прапанову падтрымалі ўсе.
       Камсамольскі перыяд працы Машэрава пачаўся ва ўмовах таталітарнага палітычнага рэжыму І.В.Сталіна, ва ўмовах культу яго асобы. Большасць палітычных дзеячоў таго часу лічылі Сталіна кіраўніком сацыялістычнага руху ў свеце, а ўсе адмоўныя з’явы, звязаныя з яго праўленнем – гэта вынік дзейнасці апазіцыі або ворагаў народу. Безагаворачная вера ў асобу Сталіна не дапускала ніякіх сумненняў у тое, што ўсе яго дзеянні з’яўляюцца правільнымі і справядлівымі. Машэраў таксама не ведаў сапраўднага вобліку Сталіна. Таму ён, як і многія яго супрацоўнікі ў камсамольскай арганізацыі, дапусакаў некаторыя памылкі ў ідэалагічным плане. Але Машэраў быў чалавекам, адказным за сваю справу, працавітым і справядлівым.
       Нягледзечы на сур’ёзную крытыку дзейнасці Машэрава на пасту першага сакратара ЦК ЛКСМБ, на з’ездзе падчас выбараў новага складу ЦК з 686 дэлегатаў супраць яго прагаласавала толькі 8 чалавек. На арганізацыйным пленуме ён зноў быў абраны першым сакратаром.
       Многія людзі, якія добра ведалі Машэрава, сцвяржалі, што нават пасля смерці Сталіна ён ніколі не вёў пра яго размоў. Пры Сталіне Машэраў працаваў да чатырох гадзін раніцы.
       Машэраў нікога не рубіў з пляча, цаніў кадры, не баяўся ўзяць на сябе адказнасць у складаных сітуацыях. Напрыклад, на мітынгу на плошчы імя Сталіна павінен быў выступіць з дакладам сакратар ЦК КПБ В.Е.Чарнышоў. Але ён раптам захварэў, і вечарам прачытаў даклад сакратар Мінскага абкома партыі Л.І.Лубенікаў. На наступны дзень выйшла газета “Сталинская молодёжь”, у якой было напісана, што з дакладам выступіў... Чарнышоў. Рэдактара газеты  А.Ф. Барушка хацелі звальніць, але Машэраў, цвяроза і справядліва ацаніўшы ўсе прычыны такой памылкі, абмяжаваў пакаранне строгім папярэджаннем.
       5 – 8 сакавіка 1954 года, праз год пасля смерці Сталіна, адбыўся XVII з’езд камсамола Беларусі, апошні ў перыяд камсамольскай дзейнасці Машэрава. У чарговым дакладзе ЦК ЛКСМБ П.М.Машэраў вялікую ўвагу ўдзяліў таму, як удзельнічаюць камсамольскія арганізацыі, МТС, маладыя хлебаробы, жывёлаводы, механізатары ў сацыялістычным спаборніцтве за выкананне рашэнняў вераснёўскага (1953 год) Пленума ЦК КПСС.  Гэты з’езд камсамола меў значныя вынікі ў эканоміцы краіны.
       На арганізацыйным пленуме першым сакратаром зноў быў выбраны П.М.Машэраў.
       У студзені 1956 года, калі Пётр Міронавіч працаваў у партыі, адбыўся чарговы, ХІХ з’езд камсамола Беларусі, які падвёў вынікі дзейнасці ў гады пятай пяцігодкі ЛКСМБ, а значыць, і дзейнасці П.М.Машэрава, яе былога кіраўніка. Высокую ацэнку працы камсамола даў ЦК КПБ: “ЛКСМБ... пад кіраўніцтвам КПСС выхаваў у сваіх радах тысячы актыўных будаўнікоў камунізму, якія сваёй выдатнай працай на карысць Радзімы заваявалі ўсеагульную павагу і любоў беларускага народа...”


       7. Дзе пачынаў П.М.Машэраў свой шлях як партыйны кіраўнік?
            
       У ліпені 1954 года Пятра Міронавіча Машэрава выбралі другім сакратаром Мінскага, а ў жніўні 1955 года – першым сакратаром Брэсцкага абкома КПБ.
       У Брэсцкай вобласці Машэраў пачаў работу з вывучэння стану спраў у раёнах. Шмат ездзіў па калгасах, наведваў прадпрыемствы, знаёміўся з працоўнымі калектывамі, з калгаснікамі. Гэта было ў яго стылі: убачыць усё на ўласныя вочы, пагаварыць з людзьмі, ацаніць абставіны, вызначыць рэзервы і толькі пасля гэтага паставіць у кожным канкрэтным выпадку галоўныя мэты і шляхі іх рэалізацыі. Дзякуючы Машэраву, эканамічны ўзровень Брэсчыны значна павысіўся, а таксама праводзілася будаўніцтва культурна-бытавых устаноў у гарадах. Да студзеня 1959 года ў вобласці была пабудавана Пінская ЦЭС, Баранавіцкая швейная фабрыка, тры хлебазаводы і інш.
       З красавіка 1959 года П.М.Машэраў працаваў сакратаром, а са снежня 1962 года – другім сакратаром ЦК КПБ.
      

        8. Калі П.М.Машэраў становіцца першым сакратаром ЦК КПБ?
           Якую ролю ён выконваў у ЦК КПСС?

       У сакавіку 1965 года П.М.Машэраў быў выбраны першым сакратаром ЦК КПБ, а праз год – кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС. Яго выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Шматразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
       Машэраў быў на пасадзе Першага сакратара кампартыі Беларусі пятнаццаць гадоў (з 1965 па 1980 гг.). Гэта былі гады  “Брэжнеўскага застою”, калі ў СССР адбываўся паварот да кансерватызму ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Л.І.Брэжнева і КПСС. У гэтых умовах, калі панавала жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіраўніцтва краінай, Машэраў, зразумела, быў абмежаваны ў сваіх дзеяннях распараджэннямі зверху.
       У размовах з сакратарамі ЦК КПБ Машэраў адкрыта крытыкаваў Брэжнева за бяздзейнасць, якая ўсё больш і больш уводзіла нашу краіну ў застой. Ён часта гаварыў: “Брэжнеў спіць сабе ў шапку, а справа разбураецца”. Пра гэта, вядома, дакладвалі Генсеку. Брэжнеў бачыў у Машэраве (дарэчы, як і ў К.Мазураве – папярэдніку Машэрава) свайго пераемніка і непрыязна да яго адносіўся. А з Гарбачовым, сакратаром ЦК КПСС, кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС, у яго ўсталяваліся сяброўскія адносіны.
       Машэраў не выконваў усе пастановы з Масквы без разважання. Ён меў свой погляд, свае адносіны да таго ці іншага пытання, заўсёды стараўся выказаць сваю пазіцыю, якая часамі і не супадала з лініяй ЦК КПСС. Ён ведаў цану Генсеку, разумеў, што не надышоў той час, калі можа з’явіцца сапраўдны лідэр партыі. Першы сакратар ЦК КПБ разумеў, што краіна ідзе ўніз, падкрэсліваў, што 11-я, 12-я і 13-я пяцігодкі будуць катастрафічна цяжкімі, калі нічога не зменіцца ў палітычным і сацыяльна-эканамічным плане.
       Машэраў валодаў самай свежай і дакладнай інфармацыяй. Непрыемная тайная інфармацыя захоўвалася ў зборніку, на якім стаяў надпіс “Совершенно секретно” – толькі для членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро ЦК КПСС. Для Машэрава, як кандыдата ў члены Палітбюро партыі, гэтая інфармацыя была даступная. Ён ведаў усе праблемы ў краіне і партыі і актыўна шукаў шляхі для іх вырашэння.

       9. Што зрабіў П.М.Машэраў для ўвекавечання памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай рэспублікі?

       Яркая старонка жыцця П.М.Машэрава – увекавечанне памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а таксама гісторыі партызанскага руху. Па яго ініцыятыве 20 чэрвеня 1969 года ЦК КПБ прыняў спецыяльную пастанову “Аб дадатковых мерах па паляпшэнню навуковай распрацоўкі гісторыі ўсенароднай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”. У ходзе выканання гэтай пастановы былі сабраны ўспаміны ветэранаў вайны і на іх аснове былі створаны па кожным раёне і горадзе “Летапісы народнай славы”. Першая такая кніга была выдадзена ў 1985 годзе.
       Машэраў прыняў актыўны ўдзел у даследванні “Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. У 1980 годзе ён направіў аўтарам гэтага даследвання і ў рэдакцыю мемуарнай літаратуры выдавецтва “Беларусь” вялікую аналітычную запіску “Некаторыя заўвагі і вынікі па матэрыялах рукапісу трохтомніка”. Многія заўвагі былі выкарыстаны ў гэтым даследванні.
       За праяву масавага гераізму і мужнасці ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 12 гарадам Савецкага Саюза прысвоена ганаровае званне горада-героя. На Беларусі такім горадам стаў Мінск, які атрымаў гэтае званне 26 чэрвеня 1974 года.
       У 1969 г., у дні святкавання 25-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыўся мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У стварэнні мемарыяла прыняў удзел Машэраў. Менавіта ён выбраў для мемарыяла гэтую вёску і ў далейшых творчых кроках прымаў самы прамы ўдзел.
       Адзін з самых буйных помнікаў героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі – гэта Брэсцкая крэпасць-герой. Гэты помнік быў створаны па загаду Машэрава і ўрачыста адкрыты ў 1971 годзе.
       Калі ў 1955 годзе Машэраў узначаліў Брэсцкую абласную арганізацыю, ён  агледзеў разваліны крэпасці. Ён задаў сабе пытанне: чаму гераічная абарона крэпасці, яе героі забыты? Першым крокам увекавечання памяці герояў крэпасці было адкрыццё 6 лістапада 1956 года Музея абароны Брэсцкай крэпасці. Другі крок – гэта прысваенне цытадэлі на рацэ Буг ганаровага звання “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая Звязда” (8 мая 1965 года). Трэцім крокам з’яўляецца адкрыццё ў Брэсце мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”. Над мемарыяльным комплексам пацавалі такія культурныя дзеячы СССР і БССР, як народны мастак СССР А.П.Кібальнікаў, народны архітэктар СССР В.Кароль, народны мастак БССР, скульптар А.Бембель. Вялікую творчую працу правялі архітэктары В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч і Г.Сысоеў. Тонкімі, выразнымі сюжэтамі мастакі і архітэктары змаглі перадаць маральны воблік абаронцаў крэпасці, іх мужнасць, чалавечнасць, прагу да жыцця і міра. 25 верасня 1971 года мемарыяльны комплекс быў адкрыты. Скульптурныя манументы “Абарона цытадэлі”, “Прага”, барэльефы на тыльным баку  галоўнай фігуры “Атака”,  “Апошняя граната”, “Партсход”, “Подзвіг пулямётчыкаў” і іншыя сюжэтныя кампазіцыі разам са стометровым штыком-абеліскам сімвалізуюць славу і гераізм савецкіх воінаў.
       На адкрыцці мемарыяльнага комплекса П.М.Машэраў сказаў: “Мы не можам забыць і ніколі не забудзем, што на алтар перамогі, у імя свабоды і шчасця цяперашняга і будучага пакаленняў мільёны савецкіх людзей аддалі самае дарагое – жыццё. У мармуры і граніце, у сэрцах людскіх навекі захаваюцца імёны тых, хто першым сустрэў ворага... “Крэпасць-герой” – ёсць напісаная крывёю і штыкамі абаронцаў Брэсцкай цытадэлі хвалюючая гераічная паэма пра мужнасць і жалезную стойкасць людзей, якія падняліся на абарону маці-Радзімы...” 
      

       10. Якая роля Пятра Міронавіча ў ператварэнні БССР у магутную прамысловую рэспубліку? Якія змяненні адбыліся пры ім у сельскай гаспадарцы?

       Пятнаццаць гадоў Пётр Міронавіч узначальваў ЦК КПБ. У гэтыя гады раскрыліся яго здольнасці таленавітага кіраўніка з глабальным мысленнем, аналітычным розумам і вялікай энергіяй.
       Гэтыя гады (другая палова 60 – пачатак 80-х гадоў ХХ века) былі вельмі складанымі ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Да сярэдзіны 60-х гг. ХХ стагоддзя пагоршыліся эканамічныя паказчыкі развіцця прамысловасці: выраслі затраты на адзінку выпускаемай прадукцыі, замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Гэта было вынікам абвастрэння цэнтралізаванай планавай эканомікі, якая не давала магчымасці для самастойнага развіцця і навукова-тэхнічнага прагрэсу. Рэформа А.Касыгіна  1965 года прадугледжвала ўключыць у дзеянне таварна-грашовыя элементы, не паслабляючы пры гэтым камандна-адміністрацыйных метадаў у кіраўніцтве эканомікай. Вынікам гэтай рэформы з’яўляецца паляпшэнне работы прамысловасці: былі пабудаваны новыя прадпрыемствы, з’явіліся новыя напрамкі ў прамысловасці (напрыклад, выкарыстанне ў вытворчасці робататэхнікі). У 70-я гг. цяжкая прамысловасць ператварылася ў галіну вытворчасці для абслугоўвання ваенна-прамысловага комплексу, у той час як лёгкая прамысловасць аказалася другараднай галіной.
       Паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў 60-70 х гг. адкрыла новыя магчымасці для ўкаранення дасягненняў навукі і тэхнікі ў сельскагаспадарчую вытворчасць. Пачалася хімізацыя сельскай гаспадаркі – унясенне ў глебу штучных угнаенняў, колькасць якіх з 1965 па 1985 г. павялічылася амаль у 20 разоў, што ўскладніла экалагічныя праблемы. Беларусь у гэтыя гады ў народзе назвалі “адкормачным цэхам Савецкага Саюза”, таму што тут быў сканцэнтраваны адкорм буйной рагатай жывёлы, свіней, малочная жывёлагадоўля.
       У такіх складаных гаспадарчых умовах Машэраў рабіў усё магчымае для хуткага развіцця сельскай гаспадаркі і пераўтварэння БССР у магутную прамысловую рэспубліку. Ён выдзяліў асноўныя задачы: павышэнне вытворчасці ва ўсіх галінах гаспадаркі, развіццё новых галін вытворчасці – машынабудавання, электронікі, хіміі, нафтахіміі. Трэба было карэнным чынам мяняць падыходы ў развіцці сельскай гаспадаркі. Вырашэнне гэтых задач патрабавала новых адкрыццяў у навуцы. 
       Пётр Міронавіч патрабаваў, каб вынікі і план дзеянняў адпавядалі рэальным рэсурсам і магчымасцям, а таксама патрабаванням, якія вынікаюць з прыроды перспектыўных задач і агульнанародных інтарэсаў.
       Беларусь была галоўным цэнтрам хімічнай прамысловасці СССР. БССР, якая займала меней за 1 % ад усесаюзнай тэрыторыі, у пачатку 1980-х вырабляла на сваёй тэрыторыі 52 % калійных угнаенняў, 22 % хімічных валокнаў. Гэта прывяло да экалагічных праблем, якія вельмі хвалявалі Машэрава. На XXVIII з’ездзе (1976 год) экалогіі ён удзяліў вельмі шмат часу. Ён у прамове адзначыў: “Мы павінны пакінуць нашчадкам не толькі гіганты індустрыі, але і чыстае паветра, зялёны шум лясоў...” Кіраўнік рэспубліканскай партарганізацыі не толькі клапаціўся аб развіцці новых галін прамысловасці, але і паэтапна праводзіў вырашэнне глабальных праблем. Для рашэння экалагічных праблем ён шукаў апору ў людзей навукі. У перадапошні працоўны дзень свайго жыцця Машэраў правёў сустрэчу з вучонымі Акадэміі навук БССР.
       Дзейнасць Машэрава, накіраваная на павышэнне гаспадарчага ўзроўня нашай краіны, мела свае поспехі. Напрыклад, калі ў 1973 г. урадлівасць зернавых па 25 і больш цэнтнераў з гектара была атрымана ў 19 раёнах, то ў наступным годзе такога ўзроўню ўрадлівасці дасягнулі 69 са 117 раёнаў рэспублікі, а 16 раёнаў сабралі па 30 і больш цэнтнераў з гектара. І яшчэ адно параўнанне. У 1973 г. звыш 40 цэнтнераў зярна на круг сабралі ў 12 гаспадарках, а ў 1974 годзе такой урадлівасці дасягнулі 55 калгасаў і саўгасаў.
       Такім чынам, Машэраў аказаў вялікі ўплыў на пераўтварэнне БССР у магутную прамысловую рэспубліку. Асаблівую ўвагу ён надаваў развіццю хімічнай прамысловасці і ўдасканаленню тэхнікі. У сельскай гаспадарцы пры ім пашырылася выкарыстанне тэхнікі. Гаспадарка стала развівацца інтэнсіўна.


       11. Як адносіўся Пётр Міронавіч да нацыянальнай культуры, навукі, да творчай інтэлігенцыі?

       Пётр Міронавіч Машэраў з увагай адносіўся да нацыянальнай культуры, навукі, творчай інтэлігенцыі, разумеў яе патрэбы. Ён разумеў значэнне культуры і мастацтва ў фарміраванні чалавека. Машэраў шмат кніг перачытаў сам. У размове, часам, выказваў свае крытычныя адносіны да таго ці іншага твора, але з трыбуны ніколі крытычна не выказваўся ў чый-небудзь адрас, каб такая крытыка з боку першага сакратара ЦК КПБ не адлюстравалася адмоўна на творчым лёсе пісьменніка, мастака.
       Машэраў высока цаніў творы мастацтва, для якіх характэрны аптымізм, паказ працавітых і сумленных людзей. Ён творы прымаў не толькі розумам, але і душою. “Я розумам прыняў, але трэба прыняць і сэрцам,” – казаў Машэраў.
      Дзякуючы яго дапамозе, напрыклад, для пісьменнікаў пабудавалі Дом літаратара, Дом творчасці на Іслачы; для аматараў музыкі – філармонію. Палац мастацтваў, забудоўка Паркавай магістралі створаны таксама па яго ініцыятыве. Для мастакоў ён загадаў пабудаваць кватэры з майстэрнямі. Увага і падтрымка вельмі многа значаць для творчых людзей. Калі мастак разумее, што ён патрэбны, ён будзе працаваць. П.М.Машэраў ствараў гэтую “запатрабаванасць”, што стала прычынай культурнага прагрэсу ў 70 – 80-я гады.
       Паліна Андрэеўна, жонка Машэрава, падкрэслівае: “Пётр Міронавіч глыбока паважаў творчую інтэлігенцыю, высока цаніў талент і адданасць справе. Ён асабіста ведаў многіх пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў, архітэктараў, журналістаў. Здаралася, прыляціць верталётам у Мінск, стомлены, толькі дабярэцца дахаты, а тут званок: сёння ў тэатры прэм’ера п’есы Андрэя Макаёнка. Не мог ён адмовіцца ад запрашэння. Хутка апраналіся – і ў тэатр. А потым, нягледзячы на стомленасць, абмяркоўваў п’есу, майстэрства артыстаў.”
       ...М.А.Савіцкі  быў самым “апальным” мастаком у рэспубліцы. У 60-я гг. многія яго крытыкавалі, часам нават без нагоды. Машэраў выканаў вялікую ролю ў творчым лёсе мастака. Непасрэдна ён дапамог творцы рашыць жыллёвую праблему.
       Пётр Міронавіч не падтрымліваў тых, хто пісаў яго партрэты, таму што быў чалавекам умераным, не дабіваўся славы праз пышныя партрэты, як рабілі многія яго сучаснікі. Але ў дзень шасцідзесяцігоддзя ён з удзячнасцю прыняў ад М.А.Савіцкага ў якасці падарунка свой партрэт, таму што лічыў яго праявай павагі, удзячнасці і сяброўства.
       В.М.Лятун, скульптар, член Саюза мастакоў СССР і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, успамінае: “Пётр Міронавіч ніколі не падзяляў нас на скульптараў, мастакоў, архітэктараў – да ўсіх адносіўся з аднолькавай падтрымкай, дапамагаў нашай працы. Ніколі не прыніжаў асобу, глядзеў на мастака ўважліва, заўсёды задаваў пытанне: “Чым магу дапамагчы? Мабыць, патрэбны матэрыял?”
       Машэраў высока цаніў беларускую мову, айчынную культуру. Калі пісьменнікі дарылі яму свае кнігі на беларускай мове, ён чытаў іх творы ў арыгінале. З сучаснай беларускай літаратуры яму падабаліся творы А.Макаёнка і І.Мележа. Пра апошняга ён так сказаў: “На жаль, гэтага пісьменніка не да канца ацанілі”. Даклады і прамовы Пётр Міронавіч чытаў на рускай мове, таму што разумеў, што для жыхароў шматнацыянальнай Беларусі гэтая мова больш зразумелая. Ён лічыў, што руская мова – мова межнацыянальная, а БССР – гэта састаўная частка СССР, у якім развіццё народаў ідзе па шляху асіміляцыі. Паважаючы беларускую культуру, Машэраў не ізаляваў яе ад рускай, таму што лічыў, што паміж гэтымі культурамі цяжка правесці мяжу. Дзякуючы Пятру Міронавічу выйшлі БелСЭ, беларуска-рускі і руска-беларускі слоўнікі. Ён таксама стварыў выданні “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва”, часопісы “Маладосць” і “Неман”.
       Спевакі ансамбля “Песняры” абавязаны Машэраву тым, што іх заслугі ў прапагандзе беларускай песні былі высока ацэнены: у 1979 годзе ім прысвоілі званне заслужаных артыстаў БССР.
       Усе самыя цікавыя рашэнні ў сферы навукі выходзілі ад П.М.Машэрава. Ён часта наведваў школы, ПТВ, дзе ўводзілі нешта новае ў сістэме навучання ці выхавання. Ён закладваў фундамент школьнай рэформы, нават хацеў адну з пяцігодак прысвяціць школе, таму што ведаў, наколькі закінуты педагагічныя ўстановы.
       Цяжка назваць якую-небудзь галіну эканомікі, народнай адукацыі, культуры, якая б выпадала з поля зроку Пятра Міронавіча. Ён падтрымліваў фундаментальныя даследванні, дасягаў буйных укладаў у навуку. Пры ім былі створаны акадэмічныя інстытуты электронікі, тэхнічнай кібернетыкі, НІІ. І тое, што беларуская навука развіваецца на высокім узроўні, у многім заслуга менавіта П.М.Машэрава. Калі ў 1970 г. у 176 навуковых установах рэспублікі працавала больш за 22 тысячы навуковых супрацоўнікаў, кожны чацвёрты навуковы супрацоўнік – доктар ці кандыдат навук, то ў 1980 г. гэтыя паказчыкі павысіліся.
       І ўсё гэта рабілася, дзякуючы клопатам Пятра Міронавіча Машэрава.


       12. Назавіце аўтараў і першых выканаўцаў любімай песні Машэрава, напісанай па яго ініцыятыве.

       Любімая песня Пятра Міронавіча Машэрава – “Белоруссия”. Аўтары гэтай песні – Н.Дабранраваў і А.Пахмутава, а першыя выканаўцы – ансамбль “Песняры”.
       Гэтая песня напісана па ініцыятыве Машэрава. Менавіта ён звярнуўся да Пахмутавай з прапановай, каб яна “зрабіла падарунак Беларусі”. Па просьбе Машэрава першы сакратар ЦК ЛКСМБ В.Падрэз арганізаваў праграму паездкі і паказаў рэспубліку кампазітарам. Н.Дабранраваў і А.Пахмутава пабывалі на возеры Нарач, у зямлянках Вілейскага партызанскага злучэння, у Брэсцкай крэпасці-героі, у Белавежскай Пушчы. Пасля падарожжа і цёплай размовы з Машэравым яны і напісалі песню “Белоруссия”.
       У 1978 г. П.М.Машэраў узначаліў партыйную дэлегацыю на Кубу, там адкрыўся ХІ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Прыехалі туды Дабранраваў і Пахмутава са сваім “падарункам”. Незвычайнае хваляванне, пачуццё гонару за рэспубліку напоўніла Машэрава, калі далёка за акіянам учуў першыя акорды, першыя словы пранікнёнай песні ў выкананні ансамбля “Песняры ”:
               Белый аист летит, над белёсым Полесьем летит,
               Белорусский мотив в песне вересков, в песне ракит.
       Затым гучаў прыпеў:
               Молодость моя, Белоруссия,
               Песни партизан, алая заря…
       

       13. Што Вы ведаеце аб адносінах П.М.Машэрава да дзяцей і моладзі, да працаўнікоў заводаў і палёў?

       Пётр Міронавіч Машэраў карыстаўся вялікай павагай сярод насельніцтва за прастату і даступнасць. Ён адносіўся да простых людзей, працаўнікоў заводаў і палёў як да роўных. Машэраў быў прыветным, шчырым, цаніў іх нялёгкую працу.
       Г.Казарцаў, былы намеснік міністра ўнутраных спраў БССР, успамінае адзін цікавы эпізод:
       “Памятаю, прыехалі з Машэравым у Расоны на сустрэчу з былымі партызанамі. Пакуль ішлі праз людскі натоўп, нас закідвалі кветкамі, чуліся галасы: “Прыехаў наш Пётр Міронавіч!” Але ён не ганарыўся, нягледзечы на тое, што прыехаў сюды са світай, падыходзіў да простых людзей, вітаўся з кожным за руку. Народ любіў за прастату Машэрава, людзі ўсюды ўспамінаюць яго добрым словам і цяпер.”
       Але ён быў і строгім, і надзвычай жорсткім, калі бачыў факты абыякавых адносін да сваіх абавязкаў. Напрыклад, у час камандзіроўкі Машэрава ў Валожынскім раёне па дарозе з вялікай хуткасцю ехалі тры загружаныя калійнай соллю машыны. Яны не былі накрытыя брэзентам, таму гублялі па дарозе шмат угнаення. Машэраў гэта заўважыў, дагнаў і запыніў іх, і яны атрымалі жорсткую вымову.
       Машэраў уважліва адносіўся да кожнай просьбы людзей і стараўся кожнаму дапамагчы, таму людзі часцей ішлі да яго, першага сакратара, чым да іншых работнікаў ЦК партыі і Саўміна рэспублікі.
       У дзецях і моладзі Машэраў бачыў будучае нашай рэспублікі, таму клапаціўся аб іх развіцці. Ён лічыў, што галоўнае для дзяцей і моладзі – гэта добрая адукацыя, таму шмат увагі ўдзяляў навучальным установам.

       14. Якія асаблівасці стылю кіраўніцтва П.М.Машэрава могуць служыць прыкладам для сучасных кіраўнікоў?

       Пётр Міронавіч Машэраў быў сынам свайго часу. Ён кіраваў нашай рэспублікай ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, у гады брэжнеўскага “застою”. Але метады яго палітыкі вельмі адрозніваліся ад метадаў некаторых іншых кіраўнікоў таго часу, якія належылі да нядобрасумленнай наменклатуры. Як любы чалавек, Машэраў, вядома, не быў пазбаўлены і недахопаў. Але ніхто з палітычных дзеячоў навейшага часу Беларусі не пакінуў пасля сябе такога яркага следу, не карыстаўся такой павагай сярод народа, як П.М.Машэраў.
       Нават цяпер, у пачатку ХХІ стагоддзя, калі сацыяльныя, палітычныя і ідэалагічныя ўмовы на Беларусі вельмі змяніліся, ёсць чаму павучыцца ў першага сакратара ЦК КПБ П.М.Машэрава. Перш за ўсё гэта датычыцца сучасных кіраўнікоў, таму што Пётр Міронавіч найбольш праявіў свае якасці не як настаўнік або арганізатар падпольнага руху, а менавіта як кіраўнік. Якія ж якасці Машэрава сучасныя кіраўнікі могуць узяць у якасці прыкладаў для сябе перш за ўсё?
       Галоўная рыса Машэрава як кіраўніка – гэта даступнасць да простага народа. Большасць людзей прыходзіла вырашаць свае пытанні не да іншых сакратароў КПБ, а менавіта да яго, бо ўсе ведалі, што ён заўсёды робіць усё магчымае са свайго боку для вырашэння праблем людзей. Машэраў заўсёды знаходзіў з простымі людзьмі агульную мову, размаўляў з імі як з роўнымі. Ён быў чалавекам дзеяння і заўсёды выконваў свае абяцанні. Гэта ўзмацняла давер да яго.
       Другая рыса Машэрава – гэта выдатныя арганізатарскія здольнасці. Ён быў аўтарытэтам для народа. Стараўся быць у курсе ўсіх спраў у рэспубліцы. Валодаючы самай свежай і дакладнай інфармацыяй пра сваю рэспубліку і ведаючы ўсе яе праблемы, стараўся іх вырашаць.
       Трэцяя якасць Пятра Міронавіча – працавітасць і адданасць сваёй справе. Ён працаваў з раніцы да ночы, па выхадных рабіў тое, што не паспеў зрабіць за тыдзень. Калі ехаў адпачываць на прыроду (напрыклад, у Белавежскую Пушчу), рыхтаваў прамовы і выступленні. Будучы працавітым чалавекам, патрабаваў адказнасці і ад іншых кіраўнікоў і простых людзей. Караў за безадказныя і несумленныя дзеянні.
       В.Шавялуха, акадэмік РАСХН, які быў сакратаром па сельскай гаспадарцы ў ЦК КПБ, успамінае: “Пётр Міронавіч карыстаўся самай глыбокай павагай і даверам народа, валодаў стратэгічным мысленнем, смелым і мужным характарам для прыняцця па сваёй сутнасці рэвалюцыйных рашэнняў, настойлівы і паслядоўны ў іх рэалізацыі.”
       Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Вахрамееў), Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, успамінае адзін выпадак, які сведчыць аб талерантных адносінах Машэрава да Беларускай Праваслаўнай Царквы: “Калі ў 1978 г. Свяшчэнны Сінод назначыў мяне мітрапалітам Мінскім і Беларускім, паўстала пытанне аб стварэнні Беларускай епархіі... Свяшчэнны Сінод РПЦ звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай дазволіць будаваць у Мінску будынак царкоўнага кіравання – такія пытанні тады абавязкова вырашаліся з партыйным кіраўніцтвам. На здзіўленне, у хуткім часе мы атрымалі згоду ад першага сакратара ЦК КПБ П.М.Машэрава. У яго не было нічога супраць.” Такія адносіны першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі – яркі прыклад талерантнасці.


       15. Якія рысы характару, асаблівасці асобы Пятра Міронавіча здаюцца Вам найбольш прыцягальнымі?

       Найбольш прыцягальнымі рысамі Пятра Міронавіча як асобы я лічу працавітасць, тактычнасць, гасціннасць, уменне стрымліваць свае пачуцці, самакрытычнасць, некрывадушнасць, справядлівасць і адказнасць за сваю справу.
       Машэраў быў вельмі добрым сем’янінам. Ён любіў сваю жонку Паліну Андрэеўну, сваіх дзяцей. Увесь свой вольны ад працы час, якога, дарэчы, было ў яго і не так шмат, стараўся праводзіць з сям’ёй. В.І.Юрышын, камендант дачы і кватэры, успамінае: “Пётр Міронавіч быў вельмі жыццярадасным, клапатлівым. Ён заўсёды па святах дарыў кветкі сваёй жонцы. Сціплы быў сам і ад дзяцей патрабаваў таго ж...”
       Гэтыя якасці былі закладзены сям’ёй і грамадствам. Будучы патрыётам, Машэраў выкарыстоўваў свае сілы на карысць народа, і народ быў яму за гэта ўдзячным. Сапраўды, Пётр Міронавіч Машэраў – слаўны сын беларускага народа.
       


       16. Чаму можа павучыцца сучасная моладзь у П.М.Машэрава?

       У Пятра Міронавіча Машэрава сучасная моладзь можа павучыцца, у першую чаргу, мэтанакіраванасці і працавітасці.
       Прыклад мэтанакіраванасці і працавітасці Машэраў паказаў яшчэ юнаком. Калі ён вырашыў паступіць на рабфак Віцебскага педінстытута, ён зрабіў для гэтага ўсё магчымае: на летніх канікулах працаваў у калгасе, дома рыхтаваўся да экзаменаў. І, дзякуючы такім намаганням, Машэраў паступіў. Гэта прыклад для сучасных вучняў, якія заканчваюць школу і рыхтуюцца да паступлення ў навучальныя ўстановы. Калі прыкладзеш усе свае намаганні – паступіш.
       Поспехі на першай працы залежаць ад адносін да сваёй справы і прыкладзеных намаганняў. У гэтым таксама можна павучыцца ў Машэрава. Ён прыйшоў працаваць настаўнікам у тую школу, дзе фізіку дзеці ведалі вельмі дрэнна. Пётр Міронавіч прыклаў усе свае намаганні: арганізаваў фізічны і астранамічны гарткі, займаўся з вучнямі дадаткова. І вучні сталі ведаць гэтыя прадметы лепей за некаторых настаўнікаў іншых школ. Усе яго вучні паступілі, пры гэтым большасць выбрала тэхнічныя ВНУ.
       Машэраў паказаў высокі прыклад патрыятызму. Ён паважаў і любіў свой народ, беларускую культуру і мову ў вельмі складаныя часы, калі многія палітыкі лічылі беларускі народ толькі часткай рускага народа. Дарэчы, і сам Машэраў лічыў, што народы СССР ідуць на шляху асіміляцыі, але, тым не менш, знаходзіў адметныя рысы кожнага народа і адстойваў права на існаванне беларускай культуры. У наш час, калі ёсць усе ўмовы для развіцця і прызнання беларускай культуры і мовы, беларуская моладзь павінна захаваць любоў да роднай культуры і мовы.
       П.М.Машэраў пражыў 62 гады і на працягу ўсяго свайго жыцця нястомна працаваў: у дзяцінстве дапамагаў бацькам, затым вучыўся, потым працаваў некалькі гадоў настаўнікам, у гады вайны арганізаваў падпольны рух у Расонах, затым каля 20 гадоў працаваў у камсамоле і ў партыі, а апошнія 15 гадоў узначальваў Кампартыю Беларусі. Што ж давала яму столькі сіл, каб працаваць амаль без адпачынку на нялёгкай пасадзе першага сакратара ЦК КПБ? Я думаю, што здаровы лад жыцця. Пётр Міронавіч з дзяцінства займаўся спортам. Захапляцца спортам ён пачаў, калі вучыўся ў пачатковай Грыбоўскай школе. Школа была далёка ад яго хаты, таму, каб хутчэй дабірацца да яе, ён зрабіў канькі. Зімою разам з сябрамі Пётр любіў катацца на санках і каньках. Працуючы настаўнікам, Пётр Міронавіч займаўся лыжным спортам і далучаў да яго сваіх калег і вучняў. Па словах тых, хто працаваў побач з Машэравым, ён не курыў, не піў. Нават калі быў у гасцях, пакідаў бакал недапітым... 2008 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены годам Здароўя. Здароўе залежыць, у першую чаргу, ад ладу жыцця, заняткаў спортам, і закладваецца яшчэ ў маладым узросце. Таму Пётр Міронавіч Машэраў і ў гэтым сэнсе з’яўляецца прыкладам для сучаснай моладзі.
 

       17. Якімі ўзнагародамі і званнямі быў адзначаны П.М.Машэраў і калі?

       Кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, Першы сакратар ЦК КПБ, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы Пётр Міронавіч Машэраў на працягу свайго жыцця атрымаў наступныя ўзнагароды і званні:
    • Жнівень 1944 года – за мужнасць, гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з ворагам – званне Героя Савецкага Саюза.
    • 10 лютага 1978 года – за поспехі, дасягнутыя ў развіцці народнай гаспадаркі, навукі і культуры Беларусі – званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”.
    • 13 лютага 1978 года (у дзень свайго шасцідзесяцігоддзя) – ордэн Георгія Дзімітрава (за вялікія заслугі ў развіцці савецка-балгарскага сяброўства, супрацоўніцтва паміж БССР і Народнай Рэспублікай Балгарыяй).
    • 7 ордэнаў Леніна, медалі.



       18. Як увекавечана памяць П.М.Машэрава ў нашай рэспубліцы?

       Пасля гібелі  П.М.Машэрава быў праведзены рад мерапрыемстваў для ўвекавечання яго памяці.
       18 лістапада 1980 года адбылося ўрачыстае адкрыццё бронзавага бюста П.М.Машэрава . Аўтары бюста – народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай працы З.І.Азгур і архітэктар Ю.І.Казакоў. У цэрымоніі прымалі ўдзел Т.Я.Кісялёў, члены бюро Віцебскага абкома партыі, члены аблвыканкама, жонка П.М.Машэрава – Паліна Андрэеўна, яго родныя і блізкія.
       У 1981 годзе ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР пастанавілі перайменаваць Паркавую магістраль г.Мінска ў праспект Машэрава; прысвоіць імя П.М.Машэрава Расонскай сярэдняй школе і саўгасу “Машканы” Віцебскай вобласці; даручыць Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Дзяржаўнаму камітэту БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю выдаць зборнік артыкулаў і выступленняў П.М.Машэрава; устанавіць мемарыяльныя дошкі ў памяць пра Машэрава на хаце ў Мінску, дзе ён жыў, і на будынку Віцебскага педінстытута імя С.М.Кірава, дзе вучыўся; узвесці на магіле П.М.Машэрава надгробны помнік ; прысвоіць імя П.М.Машэрава Мінскаму заводу аўтаматычных ліній і аднаму з марскіх суднаў, якія будаваліся. За кароткі тэрмін гэтыя пастановы аб увекавечанні памяці Машэрава былі выкананы.
       У 137-й сярэдняй школе г.Мінска вырашылі стварыць мемарыяльны музей П.М.Машэрава, імя якога насіла піянерская дружына. Гэта ідэя стала галоўным аб’ектам усёй пазакласнай і пазашкольнай работы. Падрыхтоўка экспазіцыі, сустрэчы з людзьмі, якія ведалі Машэрава, сачыненні, збор атрада – усё гэта працавала на будучы музей. У 1988 г. – да сямідзесяцігоддзя Пятра Міронавіча – ён быў адкрыты. У музеі 305 экспанатаў. Сярод іх – асабістыя рэчы Пятра Міронавіча, фотаздымкі, ганаровыя граматы і знакі, якімі ён быў узнагароджаны, кнігі беларускіх пісьменнікаў і вучэбныя дапаможнікі даваеннага часу, успаміны саратнікаў Машэрава па партызанскай, партыйнай і дзяржаўнай дзейнасці. Скульптар В.М.Лятун падарыў школе бюст Пятра Міронавіча.
       Светлай памяці П.М.Машэрава прысвечана мноства вершаў. Вось урывак аднаго з вершаў, які прыслалі ў рэдакцыю рэспубліканскай газеты “Звязда”:
               Хотел развеять я тоску,
               Желание мое осталось втуне.
               Не знаю, как я площадь перейду,
               Когда его не будет на трибуне…




       Выкарыстаная літаратура:
   1. Славомир Антонович «Пётр Машеров». Минск, 1993;
   2. О.М.Пронько «Семья Машеровых». Гродно, 2000;
   3. Институт истории партии при ЦК КПБ, филиал института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС «П.М.Машеров. Избранные речи и статьи». Минск, 1982;
   4. Гісторыя Беларусі. Дапаможнік для падрыхтоўкі да экзамену і ЦТ. 3-е выданне. Мінск “Аверсэв”, 2007.


Рецензии
Этот Человек помог из пепла восстановить Белоруссию.
Спасибо за статью.

Сергей Бакулин   21.09.2010 06:41     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.