Драконов брод радиопьеса
Пераклад на беларускую мову
Анатоля Кудласевіча.
ДРАКОНАЎ БРОД
(радыёп’еса)
Дзеючыя асобы:
Бургамістр.
Злачынец.
Голас.
Дыктакр.
ГОЛАС: У вялікую залу варта ўводзіць чалавека ў кайданах. Насустрач падыходзіць чалавек у дарагім убранні. Гэта - бургамістр горада, у якім адбываюцца апісаныя падзеі. На спалоханым твары бургамістра з’яўляецца спадзяванне і радасць.
БУРГАМІСТР: Вось! Вось ты які… Усё-ткі злавілі. Папаўся-такі, галубчыку! А дзе ж астатнія? Астатнія дзе?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Вы мяне з кімсьці блытаеце, пане? Якія астатнія? Нікога са мною не было. І я сам завітаў да цёткі. Лекі ад радыкуліта прынёс. Нікому нічога… А тут - няляцелі! Рукі выкручваюць? Дзе, дарэчы, мой адвакат?!
БУРГАМІСТР: Які табе адвакат, боўдзіла!… А ты, і праўда, адзін? Цябе аднаго прывялі? Сакратар дакладваў, што траіх з твае банды падстрэлілі.
ЗЛАЧЫНЕЦ: З якое такой банды, дабрадзею? Гэта - самаўпраўства! Я буду скардзіцца ў ААН!
БУРГАМІСТР: Чорны Джэк, завадатар грабежнікаў. Бліскучыя напады на прамысловы банк, на крэдытны банк, на муніцыпальны банк. Тры забойствы, адно згвалтаванне…
ЗЛАЧЫНЕЦ (абражана): Я не гвалтаваў, яна сама… Пане, суддзя, дзе ж мой адвакат? Без яго вы не маеце права.
БУРГАМІСТР: Я не суддзя, я - бургамістр. І адвакаты цябе не ўратуюць! Непатрэбны яны табе. Зараз выклічам машыну вайсковую, адвязуць цябе да палявой стаўкі імператара, і-і-і…
(шум самалёта, свіст авіабомбы, далёкі выбух)
БУРГАМІСТР (з адчаем): І тады яго вялікасць імператар загадае сваім узброеным сілам, каб перасталі кідаць на нас бомбы.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Ды што тут робіцца, пане? Чаго вы ад мяне хочаце?
БУРГАМІСТР: А то вы не ведаяце?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Не ведаю. Вы думаеце, што я магу пераканаць імператара, каб ён перастаў вас бамбіць? І для гэтага хочаце мяне з ім пазнаёміць? Гэта для мяне такая пашана, такі гонар. Ды хіба ж ён мяне паслухае?
БУРГАМІСТР: Хопіць крыўляцца, Чорны Джэк! Усё ты добра разумееш!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Зусім нічога не разумею.
БУРГАМІСТР: Тады слухай. Наш імператар - хай жыве ён тысячу гадоў - аддаў загад аб рашучых захадах у барацьбе са злачыннасцю.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Так, чуў.
БУРГАМІСТР: Тыя захады, што прымаліся раней, не далі вынікаў.
ЗЛАЧЫНЕЦ: І пра гэта чуў.
БУРГАМІСТР: Імператар - найлепшы чалавек у свеце. А яго дарадчыкі - так хварэюць за народ, так хварэюць… Начэй не спяць. Яны дайшлі да высновы, што ўсе мы жывём сярод злыдняў, і праз ліхіх людзей у скрусе і бядзе.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Геніяльная выснова!
БУРГАМІСТР: І таму супольнае зло можна выкараніць толькі разам с яго носьбітамі - злымі людзьмі. Тады астача - добрыя людзі - будуць жыць у міры, шчасці і лагодзе.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Слава імператару! Ён так дбае пра добрых людзей.
БУРГАМІСТР: Слава! Але ж як гэта зрабіць? Паліцэйскія акцыі сябе не апраўдалі. Паліцыя аказалася няздольнай… Мясцовыя ўлады… Ну, у нашай працы таксама былі недахопы. Імператар вымушаны быў пайсці на радыкальныя меры. Сёння яго войскі акружаць горад, пра які ў газетах пісалі, што там шмат злодзеяў і бандытаў… ну, і такое ж іншае… Пасылаюць ультыматум: усіх злых людзей выдаць на працягу сарака васьмі гадзін. Іх потым будзе судзіць трыбунал. А калі на працягу сарака васьмі гадзін не выдадуць - горад будзе знішчаны артылерыяй і авіацыяй. Зруйнаваны цалкам. Просты і надзейны спосаб.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Цудоўны спосаб. Няхай іншыя дзяржавы бяруць за прыклад.
БУРГАМІСТР: Хай жыве імператар!
ЗЛАЧЫНЕЦ: І цяпер вы хочаце мяне выдаць.
БУРГАМІСТР: А як жа ж!
ЗЛАЧЫНЕЦ: А іначай?
БУРГАМІСТР: Іначай? Глядзі сам… Да заканчэння тэрміну засталося двадцаць шэсць гадзін.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Паслухайце! Я разумею, што падвёў мясцовы бюджэт пад страты. Ну, і… Куля не разбірае, так сталася - той ахоўнік, па праўдзе, я не хацеў яго забіваць, але… Так здарылася. Тут нічога не паправіш. Ды й я магу аплаціць страты.
БУРГАМІСТР: Што?
ЗЛАЧЫНЕЦ (шэптам): І да таго ж, чалавек вы не багаты… Нявялічкі ўзнос… На асабісты рахунак.
БУРГАМІСТР: Не. Не! Па-першае, так бы мовіць, я сумленны чалавек. Па-другое, так бы мовіць, у горадзе тры тысячы жыхароў, амаль палавіна - дзеці і старыя, зусім старыя і малыя, гэта значыць, беззаганныя і бязвінныя. Ты што, цэлы горад пад бомбы падставіць хочаш за сябе? І па-трэццяе… Я і сам… Мяне адсюль таксама не выпусцяць. Навошта нябожчыку грошы?
(шум самалётаў, падаюць бомбы, выбухі)
БУРГАМІСТР: Імператар нагадвае. Застаецца мала часу.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Ну, дык не марнуйце ж яго час. Узяў бы д’ябал цётку з яе радыкулітам! Выклікайце вайсковую машыну!
БУРГАМІСТР: Што выклікаць? Навошта? А каго везці ў той машыне загадаеш?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Як каго? Мяне.
БУРГАМІСТР: Цябе? А што нам з гэтага? Мне план даведзены! Вось, вось… (шамаціць паперамі) разнарадка: на дзве тысячы трыста злачынцаў!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Малавата.
БУРГАМІСТР: Кпіны строіш з чужое бяды?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Смяюся з уласнае (паўза). Дык што ж тады вы ад мяне хочаце? Не разумею. Я чаранкаваннем не размнажаюся. Навошта прывезлі сюды?
БУРГАМІСТР: Навошта? А вось навошта. Паліцыя ногі пазбівала. Дзе якая карчма, дзе які прытон, дзе хто жыве з вашай братвы, дзе гуляе - усё абшукалі. Усіх абшманалі. Нікога. Акрамя цябе - нікога. Ніводнага зладзюгі. Хаця б які кішэнны злодзей папаўся. Анікога, разумееш?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Разумею. Вы хочаце, каб Чорны Джэк дапамог вышуку астатніх? Таму мяне да вас і прывялі?
БУРГАМІСТР: Джэк, дапамажы, даражэнькі! Дзе яны ўсе схаваліся? Ты ж усё ведаеш, галубочак!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Не звяртайцеся да мяне такім птушыным зваротам! Не люблю!
БУРГАМІСТР: Не буду, не буду… Як скажаш. Дык дапаможаш? А я напішу лісцік імператару. Такісьці раскаяўся, дапамагаў следству ў справе ачышчэння дзяржавы… Можа, ён цябе ўмоўна асудзіць.
ЗЛАЧЫНЕЦ: І вы думаеце - Чорны Джэк зашасцярыць на сяброў?
БУРГАМІСТР: А мяне табе не шкада? А горада свайго? Цэлы горад пад бомбы. Малых дзетачак… Кроў, руіны… Усе загінем.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Калі б я і пагадзіўся… Ну адкуль мне ўзяць дзве з паловаю тысячы разбойнікаў?! Бязглуздая лічба нейкая. Са мною муніцыпальны банк брала шэсць хлопцаў, адзін на шухеры стаяў… Не. Зусім не сур’ёзная арыфметыка. Хоць ён і імператар, а з лічбамі… Чаму менавіта столькі?
БУРГАМІСТР: А гэта ў імператара запытацца трэба. (Спехам) Хай ён жыве вечна! (шум самлётаў, роў паветраннай сірэны, падае бомба, звон разбітага шкла)
ЗЛАЧЫНЕЦ: Можа, лепей спусціцца ў бомбасховішча?
БУРГАМІСТР: Навошта табе бомбасховішча? Пакуль тэрмін ультыматуму не скончыўся – нам нічога не пагражае. Гэта яны так, пужаюць. (паўза… моцны выбух) Здаецца, у каланчу ўлупілі. Нічога. Усё роўна мы яе збіраліся зносіць.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Так, сапраўды. Навошта вам цяпер каланча?
БУРГАМІСТР: Уключы радыёпрыёмнік. На сцяне злева ад цябе.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Чым? Рукі звязаныя!…
БУРГАМІСТР: Цфу, ты! І то праўда. (Падыходзіць, уклучае. Гучыць песня).
Отважный рыцарь раз
Пошел в поход.
Вот перед ним встает
Драконий брод.
И надо б рыцарю
Идти вперед,
А конь советует –
Наоборот.
Гремит оружие,
Блестит вода…
(мікшыруецца)
ДЫКТАР: Увага! Увага! Ахтунг, ахтунг! Тэрмін ультыматума заканчваецца праз дваццаць чатыры гадзіны.
Внимание! Внимание! Срок ультиматума истекает завтра в полдень.
Етенш плиз… Етенш…
БУРГАМІСТР (выключае радыёпрыёмнік): Вайсковая радыёстанцыя… Ну, што рабіць, што рабіць? Што?!!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Вы на нешта спадзяваліся, калі загадалі прывясці мяне да вас. Я хачу зразумець - на што?
БУРГАМІСТР: Усе мы прыгавораныя. Усе!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Я чуў, што гэта не першая акцыя падобнага роду?
БУРГАМІСТР: Не. Такія акцыі раней ўжо былі ў двух гарадах. Да нас.
ЗЛАЧЫНЕЦ: І што?
БУРГАМІСТР: Першы выдаў пяцьдзесят злачынцаў. Болей не змаглі.
ЗЛАЧЫНЕЦ: А потым?
БУРГАМІСТР: А потым… Тое ачышчэнне свядомасці, духу… На якое спадзяваўся наш вялікі, улюбёны і магутны…
ЗЛАЧЫНЕЦ: Хай ён жыве вечна!
БУРГАМІСТР: Няхай жыве! Слава імператару!… Але… Але не было ніякага ачышчэння! Усё засталося ў тым горадзе, як і раней. Крадзяжы! Рабаванні! Забойствы і гвалт!
ЗЛАЧЫНЕЦ (з іроніяй): Імператар зразумеў, што яго ашукалі.
БУРГАМІСТР: Безумоўна, так. І наступнаму гораду загадаў выдаць ужо не пяцьдзесят злачынцаў, а тысячу! Ён вырашыў, што самых адпетых прайдзісветаў улады яму аддаць не хочуць. Таму што ўлада звычайна карумпавана. І загадаў войску дзейнічаць рашуча і хутка.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Тысячу злачынцаў было злоўлена і выдадзена! І жыццё ў тым шчаслівым горадзе стала надзвычай цудоўным, кшталту райскага?
БУРГАМІСТР: Не. Пасля трохразовых звышдакладных бомбавых удараў тысячу злачынцаў мясцовыя жыхары войску ўсё ж такі выдалі. Але тым, хто застаўся, лепш ад гэтага не стала.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Як жа гэтак, пане бургамістру? Зноў ашукалі? Няўжо і там самыя адпетыя нягоднікі схаваліся ад аблогі і пзбеглі трыбуналу?
БУРГАМІСТР: Імператар, гэта, як яго…
ЗЛАЧЫНЕЦ: Хай ён жыве вечна…
БУРГАМІСТР: Хай ён жыве! Яму слава! Імператар разважае, што так… і колькасць у дзве тысячы трыста крымінальных асоб, што запланавана за нашым горадам, вылічана імператаскімі вучонымі. На падставе найсучаснейшых навуковых дадзеных. Колькасць злачынстваў раскрытых і не раскрытых, каэфіцыент заўчасных уцёкаў сумесна з небяспечнымі дзеяннямі, латэнтныя злачынствы… Усё гэта ўлічвалася…
ЗЛАЧЫНЕЦ: Дзіўная рэч. Такія тэорыі, такія прыгожыя словы. Бандзюг жа з кожнай акцыяй становіцца ўсё менш і менш. Чаму ж добрым людзям не лепшае?
БУРГАМІСТР: Таму што глыбока пусціла карэнне здачыннасці, далёка раскінуліся яго брудныя шчупальцы. Хай жыве вечна імператар!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Што б яго… Яму жыцця тысячу гадоў! (шум самалётаў, падаюць бомбы. Ад моцнага выбуху вылятаюць шыбы. Грукат у дзверы, крык, стрэл). Уставайце, уставайце! Вы не паранены?
БУРГАМІСТР: Не.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Я толькі хацеў вады прынесці. А ваш ахоўнік ледзьве мне галаву не прастрэліў. Я думаў, вы страцілі прытомнасць… Вадзічкі думаў прынясці. А тут як улупіла бомба… Я да вакна кінуўся, каб паглядзець, куды бомба пацэліла… А ён бугай гэтакі…
БУРГАМІСТР: Шустры ты, хлоча. І ў вакно паглядзець, і вадзічкі на дарожку напіцца… Варта сваю справу ведае… Дык куды там бомба ўлупіла?
ЗЛАЧЫНЕЦ: У вежу ратушы.
БУРГАМІСТР: У вежу? Новы гадзіннік! Новы гарадскі гадзіннік! З усёй губерніі людзі ехалі, каб на яго паглядзець. Адлічыў мясцовы час.
ЗЛАЧЫНЕЦ: “Перарвалася повязь часу”, “Быць нам ці не быць?” Хто скажа? Які нервовы ў вас ахоўнік! Яшчэ б крыху - і бедны Ёрык. Што б вы тады рабілі без мяне? Каго б аддалі імператару?
БУРГАМІСТР: Усё дарэмна. Нічога не зробіш, нічога.
ЗЛАЧЫНЕЦ: А можа - разам адсюль? Я адну сцяжыну ў гарах ведаю. А грошы ў мяне ёсць… Калі вайскоўцам сустрэнемся - дамовімся.
БУРГАМІСТР: А астатнія няхай сплываюць крывёю пад бомбамі?… а горад няхай гіне?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Вы ж не вінаваты ў гэтым? Што тут паробіш?
БУРГАМІСТР (вагаючыся): Не. Немагчыма. Усе дарогі кантралююцца авіацыяй. Касетныя бомбы хабару не бяруць.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Навошта ж вы загадалі мяне прывязці? Навошта вам Джэк? (разважлівы) Дзве тысячы трыста злачынцаў... Столькі ў горадзе няма! І ніколі не было. Тых, што ў законе - дакладна не было столькі, нават за тысячу гадоў. Калі лічыць з тымі, што дружыннікаў пабілі, ці там у цешчы грошы хто сцягнуў на пляжку, дык можа… Ды хіба ж я іх усіх ведаю? Нават калі і пагадзіўся б выкрыць.
БУРГАМІСТР: Час мінае. Мінае! І хутка скончыцца. І наступіць вечнасць (тэлефонны званок). Што? Што?! (кідае трубку). У вежы ратушы была экскурсія школьнікаў… Дваццаць пяць вучняў матэматычнай школы… Усе. Разам з настаўнікам.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Вы што, падурэлі? Якая экскурсія?
БУРГАМІСТР: Адзін раз у месяц ратуша адкрывалася для экскурсантаў. Гэта традыцыя, а традыцыі нельга парушаць. Урок быў запланаваны…
ЗЛАЧЫНЕЦ: І вы мяне лічыце злачынцам? Вы - мяне? Гуляеце ў парадкі! Гуляеце ў справядлівасць. Адзін удавіц карае, другі бомбы кідае, трэцці пад іх дзяцей падстаўляе! Няма ў нашым горадзе ніякіх злачынцаў, акрамя цябе! Няма!!! Зразумеў ты? Акрамя цябе і твайго імператара! Няхай ён здохне. Няма! Ты зразумеў? Усе, каго твая паліцыя шукае, даўно разбегліся. Яшчэ месяц назад я ведаў пра гэтую акцыю! І ўсе, каму трэба было ведаць, ведалі. Акрамя цябе! Няма ніводнага злачынца ў горадзе. Няхай твая паліцыя супакоіцца. Асабіста мяне згубіла сквапнасць! Хацеў забраць усё. Не паспеў - кардоны вайсковыя выставілі. За што і загіну тут разам з табою. Лысы баран ты, ёлупень!
БУРГАМІСТР: Уключы радыё, Джэк! А, прабач, забыўся… Сам уключу… (пстрыкае уключальнік. Гучыць песня)
… Наоборот.
Гремит оружие,
Блестит вода.
- Послушай, нужно мне
Попасть туда.
Дракошку надо бы
Мне проучить.
- А мне копыта бы
Не замочить.
- Ведь храбрый прав всегда,
А трус не прав.
- Пускай рассудит нас
Драконий нрав.
Ведь тут, не зная кос,
Растет трава,
А там драконий хвост
И го-го-голова.
(мікшыруецца)
ДЫКТАР: Да канца тэрміну ультыматума засталося дваццаць тры гадзіны трыццаць хвілін. (Бургамістр выключае радыёпрыёмнік)
БУРГАМІСТР: Хоць гадзіннік правярай па гэтых абвестках. А я шкадаваў пра вежу ратушы… вось толькі дзеці… Яны ж не вінаватыя. Джэк! Я думаю, выхад ёсць. Сапраўды, і няма часу зараз гуляць у справядлівасць. Разумееш, злачынцы павінны быць выдадзены імператару. Ці ёсць яны, ці іх няма - а выдаць трэба! І тут, я думаю, ты мне дапаможаш.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Я-я?
БУРГАМІСТР: Паліцыя дзейнічае на падставе дакументаў. Зараз яна палюе на тых, чые імёны ёсць у картатэцы крымінальнай службы. Я не магу аддаць загад арыштаваць людзей па аднаму падазрэнню. Тых, у чыёй віне не перакананы. Разумееш? Але калі б жыхары горада самі праявілі грамадскую актыўнасць. Ініцыятыву ў выкананні імператарскай волі… На гэтае ж імператар і спадзяецца.
ЗЛАЧЫНЕЦ: А калі… выпадкова не таго чалавека.
БУРГАМІСТР: Усе памыляюцца. Нават Феміда. Другая справа - мы, дзяржаўныя служачыя, мы не маем права на памылку. А вось народ, насельніцтва… Масавы энтузіазм… Адзіны высокі парыў… Агульнае жаданне выкараніць зло.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Зразумеў. Зараз усё зразумеў. Так, звычайна… (паўза). Ну, народная справядлівасць можа і сапраўдных злачынцаў пакараць. Аднаго ці двух…
БУРГАМІСТР: І да таго ж, хіба абвязкова злачынец толькі той, хто ўкраў ці парэзаў каго-небудзь у бойцы? Вось тут у шуфлядцы… (шамаціць паперамі).
Жыве ў нашым горадзе адзін прафесар. Гісторык. Усё намагаўся пераканаць людзей сваімі артыкуламі, што першы з дынастыі нашага вялікага імператара якісьці… ха-ха, сорамна сказць. Казапас, бязбацькавіч… Я тут спіс невялічкі склаў. Тут журналіст адзін. Усё ў сталічныя газеты папісваў, колькі ў нашым горадзе злачынцаў і якая дрэнная паліцыя. Дапісаўся, каб яго… Вось. Пракурор - хабару не бярэ, сабака! Накляпаў на мяне, нібыта гэта я хабар бяру… Горад павінен ачысціцца ад зла. Народны парыў. Вось ён, на паперы. Трымай! Імёны, адрасы.
ЗЛАЧЫНЕЦ (злабліва): Наручнікі!
БУРГАМІСТР: Зараз-зараз! Мне ахоўнік ключ на стале пакідаў. Дзе ж ён? Выбухам знесла.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Іх канцылярскай скрэпкай можна адкрыць. Вось тут загнуць, націснуць (клацае замок). Дык дзве тысячы трыста, гаворыце?
БУРГАМІСТР: Две тысячы трыста.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Ці трохі болей?
БУРГАМІСТР: Схапіць хоць гэтых, колькі сказана.
ЗЛАЧЫНЕЦ (з абразай і здзекам): Буду старацца.
БУРГАМІСТР: Загадваць не магу. Але папрасіць асабіста начальніка паліцыі табе дапамагчы, мне не цяжка. Ты ж адзін, Джэк, а ворагаў… Цяжка табе будзе. Можа ў дапамогу каго трэба?
ЗЛАЧЫНЕЦ: Не трэба. Толькі… дзесяць хлопцаў маіх… Яны ў ізалятары сядзяць. Выпусціце іх. Управімся.
БУРГАМІСТР (дэкламуе): Разгневаны народ разбіў замкі гарадскога арсеналу, узброіўся і пачаў выконваць імператарскую волю. Ключ ад гарадскога арсеналу і зброевага складу вам дадуць.
Станеш герое, Джэк! Робін Гудам зробішся. Уратуеш свой горад.
(шум самлётаў, дзесьці разрываюцца бомбы)
І помні, Джэк, проста так з горада не ўцячэш. Дарогі кантралюцца авіацыяй імператара.
ЗЛАЧЫНЕЦ: Ведаю.
БУРГАМІСТР: Арыштаваных здавайце ў гарадскую турму. Заўтра ранкам прыедуць прадстаўнікі вайскоўцаў. Усіх прымуць па спісу. Мы выканаем наказ імператара, Джэк!
ЗЛАЧЫНЕЦ: Хай жыве ён тысячу гадоў! І трохі болей….
БУРГАМІСТР: Эй, чалавек! Уключы прыёмнік! (гучыць песня “Драконаў брод”)
И рыцарь воздух бьёт
Своим мечом,
Кричит коню: «Вперед!»
Тот: «Нипочем!
Иди, хозяин, сам!
Счастливый путь!
Я подожду тебя
Здесь как-нибудь»
ДЫКТАР: Увага! Тэрмін ультыматуму заканчваецца праз дваццаць тры гадзіны.
Этейнш пліз… Внимание! Внимание!! Внимание!!! Внимание!!!!!
Свидетельство о публикации №209122900227