Вяртанне

Ілья Хаменка і Уладзімір Фаменка,
Пераклад з украінскай на беларускую мову –
Анатоль Кудласевіч.

В Я Р Т А Н Н Е
(радыёп’еса)
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:
Журналіст
Голас
Салдат Лемке

(Акустыка: аўтамабільная катастрофа з уласцівымі ёй гукавымі атрыбутамі – металічны лязгат, скрыгат, віск тармазоў – усё гэта паступова пераходзіць ва ўдары сэрца. Мікшыруецца).
Журналіст: Што са мною? Не разумею…
Голас: Лагічны працяг вашага апошняга падарожжа. Хуткасць дзевяноста кіламетраў. Галалёд… Аўтамабіль не ўпісаўся ў паварот. Дзіўна, што машына не загарэлася.
Журналіст: Я спяшаўся…
Голас: Так. Вядомая справа. Звычайна такім чынам сюды і трапляюць.
Журналіст: Блакітнае ззянне… Па-за прасторай, па-за часам… Дзе я? Гэта трызненне?
Голас: Вы ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Брыгада ўрачоў робіць усё магчымае. Але пакуль марна. Ваша сэрца спынілася тры хвіліны таму. Здольнасць адчуваць, чуць і бачыць у межах звычайнай рэчаіснасці пакінула вас яшчэ раней. Гэта смерць. Пакуль што - клінічная.
Журналіст: Смерць? А вы хто? Ангел нябесны?
Голас: Не.
Журналіст: Дык хто ж вы, чорт вас вазьмі? Д’ябал?
Голас: Ну навошта вы так?… Я той, хто заўсёды побач з вамі. Каля вас. І ўнутры вас. За шумам будзённых падзей, праз грукат вашага сэрца вы не заўсёды чуеце мой голас.
Журналіст: Калі вы нячысцік з прадоння - то не з хрысціянскага пекла.
Голас: О, не, не… Гэта ўмоўнасці – хрысціянства, іслам, будызм… словы, якія засталіся там, за мяжою…
Журналіст: Мне няма чаго баяцца. За жыццё я ніколі не сварыўся з сумленнем.
Голас: Так, так. Вы не баязлівец. Гэта праўда. Але ж…
Журналіст: Не паспеў спавядацца?
Голас: Справа не ў гэтым. Я ведаў аднаго мастака. Ён таксама жыў па сумленню. Так яму ва ўсякім разе здавалася. Нядяўна ён прыйшоў да мяне, і папрасіўся ў кацёл з гарачаю смалою. Спадзяваўся, што фізічнымі пакутамі можна штосьці выправіць у мінулым. Я адмовіў яму. Ды і адкуль у мяне кацёл? Я ж не дырэктар мылаварні. І не пацешная гратэскавая істота з рагамі.
Журналіст: А хто ж вы?
Голас: Я - гэта вы. Я тое, што было вашым працягам у навакольным свеце. Вашы ўчынкі, вашы думкі. Вашы сумненні, ад якіх вы адхрысціліся.
Журналіст: І правіннасць, якой у мяне не было?
Голас: І правіннасць.
Журналіст: Нават так. Дзіўна. Я зусім не адчуваю болю.
Голас: Што такое боль? Ён застаўся там. Па той бок.
Журналіст: У мяне як быццам бы няма цела.
Голас: Ваша цела аплецена зараз разнастайнымі шлангамі, катэтарамі, дроцікамі і датчыкамі. Над вамі схіліўся ўрач-рэаніматар. У яго шпрыц з доўгай іголкай. Прамы ўкол адрэналіна ў сардэчны мускул. Вы яго не адчуеце.
Журналіст: Але з памяццю ў мяне ўсё добра. І я ўспамінаю. Успамінаю… Згадваю дробязі свайго жыцця.
Голас: І што?
Журналіст: Вы - суддзя?
Голас: Кожны сам сабе суддзя.
Журналіст: Але ж усякі суд прадугледжвае прыгавор, асуджальны ці апраўдальны. І ўсякая кара - віну. Дзе тыя злачынствы, за якія хочаце мяне пакараць? За што вы пагражаеце мне лёсам нейкага звар’яцелага мастака, які трызніў пякельнымі мукамі?
Голас: У вас зусім няма…
Журналіст: Грахоў?
Голас: Не люблю гэтага слова… Такіх момантаў у жыцці, пра якія балюча было б успамінаць.
Журналіст: Я жыў сумленна. Не прасіў. Не краў. Не адбіраў сілай таго, што належала іншым. Не здраджваў. Заставаўся сабою, хаця мог стаць адным з уладароў гэтага свету… Прабачце, таго свету, на якім засталося маё цела. Аддаў сваё месца ў шлюпцы ў час марской катастрофы. Пайшоў на вайну разам з іншымі. Хаця мог бы і не пайсці.
Голас: Вось-вось. Давайце пра гэта і пагаворым. Пра вайну, на якую маглі б і не пайсці. Вы ж былі ўжо вядомым журналістам, палітычным аглядальнікам папулярнай газеты. А вайна была лакальнай. Адна з тых, што не прыносяць ані кропелькі славы. Толькі раны… Смерць. Толькі забыццё тых, хто загінуў, і таго, за што ваявалі. Рэха выбухаў далятала да сталіцы толькі ў тэлевізійных рэпартажах.
Журналіст: Ну так. Не хапала яшчэ, каб ад кожнага сполаху бязглуздзіцы дзесьці ў гарачай кропцы - у сталіцы выляталі шыбіны з вокнаў.
Голас: Згодны, не выляталі. Вы прыехалі ў гарачую кропку як звычайны рэпарцёр, хаця ніхто вас туды не зваў. Калі падпісвалі камандзіроўку ў рэдакцыі, прыгожанькая сакратарка глядзела на вас, як на героя. Хтосьці з калегаў пакруціў каля скроні пальцам, калі вы спрачаліся з рэдактарам за кожны дзень той паездкі. Вам было прыемна думаць, што вы не з такіх.
Журналіст: Я ехаў пісаць праўду.
Голас: Праўду, праўду. Хто пярэчыць?… Вы пераначавалі ў гатэлі недалёка ад пазіцый урадавых войскаў. У нумары не было вады. І ўвесь вечар за вокнамі грукаталі аддалённыя гарматныя грымоты.
Журналіст: Але я не думаў пра небяспеку.
Голас: Не. Пра яе вы думалі. Ранкам стомлены камандзір гвардзейцаў паказваў вам пазіцыі. Вы ўдыхалі пратухлы смурод гарэлага артылерыстскага пораху. І ўдзіўляліся, што твар афіцэра не голены, а боты наглянцаваны да бляску.
Журналіст: Так. Ён, напэўна, атрымаў загад падрыхтавацца да прыезду госця. А пагаліцца ў гэтый глушы сапраўды не было чым.
Голас: Ён сказаў вам, што першая лінія абароны пачынаецца за рэчкай. Там усё такое ж, як і тут. Толькі кулі цвірчаць час ад часу.
Журналіст: З каманднага пункта я мог разгледзець той бераг вельмі добра, так. Але я скзаў яму, што прывык усё, што пішу, бачыць на ўласные вочы без дапамогі оптыкі. Такі ў мяне журналістскі прынцып, я не збіраўся адступаць ад яго.
Голас: Афіцэр стараўся пераканаць вас. Навшота, маўляў, рызыкаваць свабою? На што вы адказалі, што ўсё чалавечае жыыццё - гэта рызыка. Ён ніяк не мог зразумець ваш журналістсткі прынцып, і ўсё даводзіў, што адсюль і ў стэрэатрубу ўсё добра бачна, што варожыя пазіцыі прагледжваюцца нават лепш чым з акопаў. Вы не пагаджаліся. Вы добра разумелі, што тлумачыць афіцэр, але адна думка не давала спакою, што нехта з вашых калег даведаецца, як вы назіралі з каманднага пункта і скажа: “Вы збаяліся!” А вы і сапраўды баяліся, таму і пярэчылі афіцэру. Вам неабходна было даказаць сабе, што вы не баязлівец. О, калі б справа тычылася толькі вас… Афіцэр махнуў на ўсё рукой і сказаў: паколькі ён за вас адказвае, то аднаго адпусціць не можа. І дасць у праваднікі салдата (Змена акустыкі, акустыка адкрытай прасторы).
Салдат: Радавы Лемке прыбыў у ваша распараджэнне!
Журналіст: Вольна, Лемке! Расслабся. Можаш нават сесці.
Салдат: Па загаду маёра буду суправаджаць вас на пазіцыі першай лініі абароны.
Журналіст: Добра, добра. Зараз перазараджу касеты і пойдзем. Так… Вось так… Сядай. Дай мне вунь той футаральчык. Дзякую. Даўно служыш, Лемке?
Салдат: У верасні будзе год.
Журналіст: Ну, і як яно? Звыкся?
Салдат: Прывыкнуць да ўсяго можна.
Журналіст: Цяжка тут?
Салдат: Зараз - зацішна. Толькі снайперы… Учора повара паранілі.
Журналіст: Повара?
Салдат: Вечарам выйшаў на бераг… Вельмі неасцярожна.
Журналіст: І дзе ж яны кубляцца, варожыя снайперы?
Салдат: Там, на пагорках. Нашы на тым беразе ў акопах, за брусверамі. Схаваныя. Да рэчкі падыходзіць небяспечна. Снайперскае кубло, з якога ў повара пацэлілі, знішчыла артылерыя.
Журналіст: Кананаду было чуваць у горадзе. Вось жа цяпер усё спакойна.
Салдат: Мост усё роўна лепш перабягаць прыгнуўшыся, зігзагамі, быцам зайцы.
Журналіст: Ану, глянь! Што гэта там блішчыць? Так. (клацане фотапарата).
Журналіст: Усё, дзякуй! Я проста сфатаграфаў цябе.
Салдат: Не жартуйце так болей. Я ж казаў, на тых пагорках - вораг.
Журналіст: Каб пацэліць з такой адлегласці, трэба быць выдатным стралком.
Салдат: У іх шмат выдатных стралкоў.
Журналіст: Лемке, у цябе ёсць дзяўчына?
Салдат: Няма.
Журналіст: А бацькі?
Салдат: Бацькі ёсць.
Журналіст: Дасі мне потым адрасок. Я фотаздымак ім вышлю. “Гвардзеец Лемке аглядае варожыя пазіцыі”. Толькі не забудзься.
Салдат: Дзякуй, не забуду (гукавы пераход).
Журналіст: Я правёў паўдня ў акопах…
Голас: І тады ж зразумелі, што змарнавалі час. Няма нічога марудней, як гадзіна зацішша паміж двумя атакамі. Хвіліны расцягваюцца ў гады. А салдаты… Яны  нічым не адрозніваюцца ад гвардзейцаў, якіх вывелі ў рэзерв. Акрамя таго, што языкі іх скавала адчуванне небяспекі. Тое, што вы напісалі потмым пра мужнасць воінаў…
Журналіст: Сціхніце!
Голас: …было праекцыяй вашага ўяўлення на рэальнасць. Салдат - гэта напужаная смерцю істота, якая хоча выжыць. Герой - гэта салдат, якому пашанцавала выжыць за кошт ворага.
Журналіст: Што ж, у вас ёсць падставы гаварыць так.
Голас: Гвардзеец, які суправаджаў вас, быў зусім зялёным, дзевятнаццаць гадкоў.
Журналіст: А, вось вы да чаго.
Голас: Самым небяспечным месцам вашай вылазкі быў мост. Мост прастрэльваўся з прагорка. Варожы снайпер, напэўна, цікаваў зранку і прапусціў вас таму, што спадзяваўся на больш сур’ёзную здабычу, але буйнай цэлі не дачакаўся.
Журналіст: І тады, калі мы вярталіся… (гукавы пераход, акустыка адкрытай пратсоры)
Журналіст: Ну, што ж, Лемке, вольна, вольна. Я скончыў. Вяртаемся.
Салдат: Усё зрабілі?
Журналіст: Усё.
Салдат: Добра. Перад мастком будзе адкрытая прастора. І сам мост прастрэльваецца. Бегчы будзем гуськом, па аднаму, помніце як? Падобна зайцам.
Журналіст: Чаму б нам не пераправіцца на той бок на лодцы?
Салдат: У лодцы чалавек таксама выдатная мішэнь.
Журналіст: Хутка ў цябе водпуск, Лемке?
Салдат: Камандзір абяцаў адпусціць у кастрычніку. Вы прасілі нагадаць адрас.
Журналіст: Што?
Салдат: Паслаць фотаздымкі.
Журналіст: А, абавязкова, зараз запішу.
Салдат: Увага, мост! На тым баку запішаце, добра?… Цяпер так. Небяспекі амаль няма. Наўрад ці пасля ўчарашняга яны зноў пасадзяць “кукушку” на тую ж самую снайперскую пазіцыю. Кожны дзень такія сутычкі, як і ўчора, усё паўтараецца. І ўсё ж такі не забудзьце: на масту, як на далоні. Знаеце, у мяне ёсць такая прыкмета, калі лічыш да дваццаці і за гэты час паспееш прабегчы мост, нічога не здарыцца. Аднойчы я так бег пад абстрэлам. Ну, добра. Я – першы. Вы – за мной (грукат абцасаў).
Журналіст (задыхаючыся): Адзін, два, тры, чатыра…
(свіст кулі, гук падзення. Гукавы пераход: бальніца.)
Голас: Выстрала вы не чулі. Толькі грукат падзення і звон. Каска вашага спадарожніка адляцела ад удару. Тады вы ўбачылі ўпершыню, што валасы ў яго русявыя і што сам ён амаль падлетак (акустыка адкрытай прасторы).
Салдат (стогне): Паўзіце да бардзюра… паўзіце. Прыцісніцеся шчыльней. Я за вас ад-каз-ва-ю…
Журналіст: Крывёю сыйдзеш!
Салдат: Зараз… Батарэя… Прыкрые…
Журналіст (цяжка дыхаючы, з намаганнем): Адзін, два, тры…
(скарапальная артылерстская стральба, свіст снарадаў, разрывы)
Салдат: Дваццаць тры… Дваццаць чатыры… (бальніца)
Журналіст: Ён быў такім нясцерпна цяжкім. А мост такім доўгім. І паганы асфальт раздзіраў далоні. Упершыню я адчуў, як гэта - таркаю па далонях. Ведаеце, стрэла я сапраўды не чуў, але ўсё зразумеў яшчэ да таго, як яго ўбачыў. Грукат падзення быў нейкім нежывым. Як гэта растлумачыць?… Я ўпаў следам. І ў першае імгненне… Не мог прымусіць сябе паглядзець у бок таго хлопца.
Голас: Куля прашыла яго навылёт. Кроў хлынула з раны, нібы з дзіркі малочнага пакета. Камбінезон набрыняў крывёю, і цёмная сцяжынка паўзла за вамі.
Журналіст: Я дацягнуў яго аж да самай траншэі. Там яго падхапілі на рукі. Гарматы ўсё стралялі і стралялі па варожых пазіцыях.
Голас:  Салдат спрабаваў сказаць вам штосьці. Дзякаваў, што вы цывільны чалавек і не кінулі яго. І хацеў папрасіць аб чымсці…
Журналіст: Але не паспеў… Страціў прытомнасць. Не ведаю, што з ім здарылася потым.
Голас: Ён памёр. На наступны дзень. Страта крыві. Перытаніт. Вы ж так цудоўна апісалі сваё знаходжанне на перадавой. І толькі адзін раз у вас прамільгнуў цень сумнення - а ці каштавала экскурсія на перадавую такой цаны? Прамільгнуў і знік.
Журналіст: І вы лічыце мяне вінаватым у гібелі таго салдата? Мяне? Спытайце з тых, хто развязаў гэтую бойню. З палітыкаў, з тых, хто аддаваў загады! Завітайце да тых, хто прызывае ў войска падлеткаў.
Голас: Іх чарга таксама прыйдзе…
Журналіст: Я што, кінуў хлопчыка пасярод маста? Хіба гэта я папрасіў снайпера падстрэліць менвіта яго, а не мяне? За што мяне абвінавачваць?
Голас: Ваш грэх… Не, прабачце, не люблю гэтага слова… Не ў тым справа, што юнак загінуў. Не толькі ў гэтым. Прыкра, што вы… Што вам пры жыцці ні аданаго разу не падумалася: ці каштавала праверка ўласнае смеласці такога кошту? Што вы самі не сказалі  сабе: я – вінаваты! На мне чалавечае жыццё. Шкада. Вы не сказалі.
Журналіст: Паслухайце, я так зразумеў, што… Што вы частачка мяне… Частка маіх учынкаў. Маіх думак.
Голас: Так, я ваша сумленне.
Журналіст: Адкуль жа вы ведаеце, што салдат памёр?
Голас: А вы і самі гэтае ведалі. Помніце размову двух санітараў? Пра гвардзейца, якога падстрэлілі на мосце? Вы тады адыйшлі ў бок, каб не чуць… І ніколі не прызнаваліся сабе, што усё-такі штосьці зразумелі. Іншым разам быць шчырым перад сабой - значна важней, чым перад другімі.
Журналіст: Усё роўна я не вінаваты ў смерці гэтага хлопчыка. Усё роўна! І ўвогуле. Пра тое, што вы тут гаварылі, я думаў, часта думаў пры жыцці! А той салдат… Гвардзеец…  Як яго звалі?… Ён ні ў чым не абвінавачваў мяне! І я ўпэўнены, пайшоў бы са мною і ў другі раз. Пайшоў бы, калі б застаўся жывы. У любую разведку.
Голас: Такі лёс салдата - ісці ў разведку, не разважаючы, патрэбна яна ці не.
Журналіст: Не разумею.
Голас: Шкада… Знаеце, што… Урачоў амаль пакінула надзея вярнуць вас да жыцця. Нажаль, не магу ім дапамагчы. І перашкодзіць не магу. Але ў вас ёсць права выбару. Успомніце яшчэ раз сваё жыццё. Паспрабуйце абдумаць усе складаныя эпізоды яго. Адчуйце боль  тых людзей, якія пацярпелі - не, не па вашай віне нават, а ў выніку памылак, непаразуменняў, звязаных з вамі. Паспрабуйце. І адкажыце сабе: вінаваты ці не вінаваты?
Журналіст: Калі не вінаваты?
Голас: То вы вернецеся да жыцця.
Журналіст: А калі вінаваты?
Голас: То вы заслугоўваеце дараванне і супакой. Доўгі-доўгі сон і забыццё, пра якое марыў Гамлет.
Журналіст: Я не Гамлет. Я не забіваў сваіх сваякоў у барацьбе за карону. Я люблю жыццё. Я хачу вярнуцца.
Голас: Вы можаце зрабіць гэта. Але раю вам, жывіце вельмі абачліва і асцярожна. Помніце, лёс іншы раз ставіць у нялёгкія ўмовы. І вы зноўку зробіце крок, за якім чыесці пакуты. А чужы боль, спрычынены вамі, не знікае. Ён застаецца з вамі. І абавязкова стане вашым – калі Дух нарэшце разарве путы цела. Але гэта не будзе звычайным зямным болем, раздражненне нервовай сістэмы. Не, я б назваў яго смагай сумлення.
Журналіст: Я вяртаюся!
Голас: Не спяшайцеся! Вам нікуды не збегчы ад гэтай смагі, нічым яе наталіць не магчыма. Вы пачнеце марыць аб мінулым. Таму што будучага ўжо не будзе. Аб такім мінулым, у якім радавы Лемке застаўся б жывы. А некаторыя вашы артыкулы ненапісанымі. І ўсё склалася б па-іншаму.
Журналіст: Я вяртаюся! Пакіньце мяне! Вяртаюся!
Голас: А потым вам захочацца ў кацёл з гарачай смалой. А іх не існуе, гэтых катлоў няма! І пакутамі ўвогуле немагчыма нічога выправіць, гэтак жа, як і забыццём. (пачынае біцца сэрца)
Голас: І я нічым, нічым вас не ўратую ад сябе! (крычыць). Малю вас: калі вернецеся - хоць раз, хоць адзін раз успомніце радавога Лемке. Хаця б раз скажыце сабе: я вінаваты! Я! Ваша сэрца пачынае біцца. Вы не чуеце мяне. Жыццё перамагае. Мне не дакрычацца да вас. (крычыць з усёй моцы, але крык паступова мікшыруецца, а ўдары сэрца гучаць усё мацней). Хоць раз скажыце, не каму-небудзь, а сабе: я быў не праў, я памыліўся! Ніхто не зможа зняць з вас адказнасці за вашы грахі. Не забывайцеся пра гэта! Не забывайцеся! Не забыва…
(сэрца грукае аглушальна моцна, гучна)
Пачынаецца мелодыя, першыя аккорды якой нагадваюць чымсьці старую ваенную песню, а потым самтупаюць арыгінальнаму меладычнаму  малюнку. Стрымана і самотна гучыць песня.


Рецензии