Смарагдавая планета
СМАРАГДАВАЯ ПЛАНЕТА
(радыёп’еса)
Аўтар
Кансультант
Голас
Голас: І першы, і апошні выпадак звёў іх у калідоры вялікага выдавецтва. Адзін працаваў там літкансультантам, і такіх сустрэч меў каля дзесятка на дню. Другі - нікому не ведомы малады аўтар, пачатковец, які прыйшоў даведацца пра лёс свайго рукапісу. З таго часу яны ніколі не бачыліся. Але як не дзіўна, сустрэча запомнілася абодвум, хаця літкансультант узгадваць пра яе не любіў.
Касультант: Чаго вы, зрэшты, ад мяне хочаце? Гэта ж была мая работа - чытаць рукапісы, што выходзілі да нас “самацёкам”. Чытаць, і тлумачыць аўтарам, чаму ім не варта марнаваць час і крэмзаць паперу. І таму хлопцу я растлумачыў вельмі добра. Выключна добра, нават занадта! Былі ў яго аповесці недахопы, былі! Але было і нешта іншае… Штосці такое, не ведаю, як яго і назваць… Усё роўна ад мяне нічога не залежала. Надрукаваць свой твор у такім выглядзе аўтар не меў ніякіх шансаў. Галоўны ўсё адно такое не прапусціў бы. Дый не абразіў я яго нічым. А тое, што ён болеш не прыйшоў - хіба ў гэтым мая віна?
(пераход у часе адзначаецца музыкай, чуваць крокі ў доўгім і гулкі калідоры)
Кансультант: Добры дзень! Даўно чакаеце?
Аўтар: Не, з паўгадзіны.
Кансультант: Я сёння зпазніўся крыху. Прабачце.
Аўтар: Няма за што.
(скрыгаціць замок, адчыняюцца дзверы)
Кансультант: Заходзьце. Гэта ваш твор мне перадаў пазаўчора барадач?
Аўтар: Так. Не спадзяваўся, што вы паспееце.
Кансультант: Я хутка чытаю. А дзе ж ён? (перакладае паперы) На стале няма. Зялёная папка - гэта не ён. Жоўтая - таксама… У шуфлядзе… (высоўвае шуфляды) Не. Так… і тут няма. А вось ён! У мяне нічога не згубіцца. Аповесць “Смарагдавая планета”. Так? Сядайце, калі ласка!… (паўза)
Ну, што ж, пішаце вы не блага. Упэўнена. Стыль своеасаблівы, мова пругкая, сакавітая і вобразная. Проста пішаце, для пачаткоўца гэта выдатна. Што датычыць формы вашага твора - прэтэнзій няма. І ўсё ж такі ўдалай гэтую літаратурную спробу я не назваў бы… Не назваў. (паўза).
Аўтар: я вас уважліва слухаю.
Кансультант: Вы, дружа, што пішаце? Фантастыку. Фан-тас-ты-ку! Ад слова фантазія. Фантастыка - гэта, па першае, пошук. Пошук арыгінальных ідэй, не банальных сюжэтаў. А калі ўзяць нейкую трывіальную, заезджаную па зямных шляхах гісторыю, перанясці яе кудысцьі ў Сусвет, у іншую зорную сістэму… Такая спроба дарэмная, разумееце?
Аўтар: Чаму?
Кансультант: Як гэта чаму?
Аўтар: Вы думаеце, што Зямля і Сусвет, часткай якога яна з’яўляецца, жывуць па розных законах?
Кансультант: Я не разумею законаў Сусвету, астраноміі. Мая справа - літаратура. Вось так. Не ведаю, якія такія законы вы хацелі паказаць у сваёй аповесці. Але як літаратар - спазналі хібы. Герой ваш - зорны вандроўнік? Ляціць скрозь галактыку?
Аўтар: Так.
Кансультант: Доўга ляціць. Цэлых дваццаць пяць старонак. Напісана прыгожа. Магу сказаць, гэта не горшыя старонкі аповесці. Пераканаўча. Не, гэта нават цікава чытаць - трэба ж так выгадаць погляды, касмічную цішыню, самотнасць такога незвычайнага госця. Але якое сюжэтнае напружанне нясцуць гэтыя замалёўкі? Аніякага. Куды ляціць наш герой? Навошта?
Аўтар: Скажыце, а вы заўсёды разумееце прычыны сваіх учынкаў?
Кансультант: Намагаюся. Слухайце, вы што пакрыўдзіліся? Навошта такая іронія?
Аўтар: Гэта не іронія. Няўжо вас ніколі не клікала штосьці такое… Чаму вы не можаце даць назвы… Але хацелі б ведаць і назваць.
Кансультант: Дзякуй Богу - не.
Аўтар: Тады вы чалавек у сваім родзе дасканалы і, напэўна, шчаслівы.
Кансультант: Напэўна. Павернемся ад прозы майго жыцця да вашай прозы. На дваццаць першай старонцы ваш зорны вандоўнік робіць прыпынак на самарагдавай планеце. Напэўна, на нашай Зямлі. Скажыце, ваш герой не мае формы? Штосьці падобнае на воблачка газу, якое мысліць і рухаецца адначаосва?
Аўтар: Прыблізна, так.
Кансультант: Дык навошта вы ператвараеце яго на Зямлі ў звычайнага, банальнага і нецікавага чалавека? Куды знік зорны вандроўнік? Адкуль узяўся мешчанін з двума рукамі, галава - два вухі, які мысліць і дзейнічае акурат як ваш сусед з іншага паверху? Навошта такая метамарфоза? Абяцалі чытачу мройную постаць чужынца, нязямную псіхалогію, логіку, відовішчнасць… А дэсантавалі на Зямлю звычайнюсенькага мясцовага правінцыяла. Ну хто вам паверыць, што ён быў у космасе? Бачыў іншыя галактыкі? Калі вы бытапісацель будзёншчыны, навошта было брацца за фантастыку? Навошта ўвогуле надумалі брацца за пяро, калі…
(голас кансультанта міншыруецца і замест яго ўсё гучней пачынае гучаць касмічная музыка)
Аўтар: Ён жа нічога не зразумеў. Нічога! Не зразумеў дзіўнай велічы простых рэчаў, яны вакол яго. Прыгажосці людской не ўбачыў, і недасканаласці не зразумеў. Не зразумець, і не спасцігнуць яму, што колер ягонай планеты вельмі прыгожы. Такі ж прыгожы, як гравітацыйнае хваляванне Сірыуса, энергітычныя эманацыі Альдэбарана. Ці зразумее ён, што гойдацца ў хвалях цёплага мора больш прыемна, чым плыць у жорсткіх абдымках сілавых ліній Млечнага Шляху… Што абмежаваныя, будзенныя чалавечыя пачуцці, якія здаюцца яму банальнымі - гэта найпрыгажэйшая рэч у Сусвеце… Мажліва, ён мяне ніколі не зразумее… (музыка абрываецца)
Кансультант: Вы мяне слухаеце?
Аўтар: Я слухаю вельмі ўважліва.
Кансультант: а мне падалося - пачалі новую аповесць задумваць. І думкі вашыя дзесьці далёка (усміхаецца). Не бліжэй сузор’я Льва. Курыць будзеце?
Аўтар: Прабачце, не палю.
Кансультант: А я не магу без цыгарэт (запальвае цыгарэту). Апошні пісьменніцкі густ здраджвае вам, калі вы апісваеце каханне вашага зорнага вандроўніка. Так сабе: курортны раман с гжэчнай маладзіцай.
Аўтар: Яна была вельмі прыгожай.
Кансультант: Не сумняваюся. Вы цудоўна яе змалявалі. Але такое, даруйце, нагрувашчанне жанраў, такую эклектыку зместу ніякае вышуканства стыляў не ўратуе. Ну, ці варта было вашаму герою траціць столькі гадоў на падарожжа, каб стаць удзельнікам звычайнай любоўнай драмы, гісторыі, якіх процьма ў бульварных раманах. Прыляцеў, закахаўся… І ўсё? Нічога, акрамя жамчын, для зорных вандроўнікаў на Зямлі цікавага няма? Гэта ўжо і не літаратура - гэта мыльная опера. Плёткі для хатніх гаспадынь, нізкапробныя эстрадныя песенькі! “Марсіяне прыляцелі, разам з намі сала елі”, - так хіба? Цяпер нашаму герою трэба ляцець далей… Куды? Навошта? Няхай бы ажаніўся з той дзяўчынай, калі яна яму так падабаецца. А то яна пакутуе, а ён нічога не можа растлумачыць… Ну хіба ёсць сэнс гаварыць пра такое сур’ёзна? Калі б добра па форме гэта не было напісана (голас кансультанта зноў мікшыруецца, гучыць музыка, якая адзначае ў нашым спектаклі пераход часу)
Кансультант: Думаеце, я не праўду яму гаварыў? Чысцюткую праўду. Не атрымалася ў яго фантастычнага твору. І да таго ж, ён так глядзеў на мяне… Аж дрыжыкі бралі… Развіталіся, дзякуй Богу! Калі аддаваў яму рукапіс, з папкі старонка выпала. Дзікаваты нейкі шрыфт. Што ў яго за машынка? Тая самая старонка, на якой развітваўся яго зорны вандроўнік з дзяўчынай. Там такое выказванне было… Я запомніў. “Вясёлкавым мроівам яго агарнуў водар дзявочых валасоў…” Штосьці падобнае. Не вельмі звычайна напісана, але добра. А мне чамусьці ўспомнілася жонка. Цёплае, неглыбокае мора, палатка… Мядовы месяц, разумееце? І мы такія маладыя, дурныя зусім і безаглядныя… І цяжкае дыханне, і пах поту пасля ўсяго… Так недарэчна ўсё прыгадалася. А я вазьмі дый скажы аўтару, не бывае, хлопча, таго, пра што ты пішаш. Мроіва валасоў, вясёлка-кахання…” Гэта ж фантастыка! А ён прыціснуў да сябе рукапіс і адказвае: “Аднойчы ўсё ж такі бывае!” На гэтым і развіталіся. Дзесяць гадоў мінула, прайшло… Ні ў адным выданні нічога падобнага да яго літаратурнай манеры, да яго стылю я не сустракаў. Няўжо я памыліўся тады? Ці… можа, не памыліўся? (гукавы пераход)
Аўтар: Усяго добрага.
Кансультант: Ну, не выйшла ў вас гісторыя кахання. І зорнага вандроўніка таксама не атрымалася. Вы не крыўдуйце. Яно і не дзіўна, што не атрымалася. Як можна апісаць тое, чаго не існуе?
Аўтар: Думаю, можна. Гэта ад чалавека залежыць.
Кансультант: Ведаеце што? Здольнасці ў вас ёсць. Першая няўдача - гэта гарантыя будучага поспеху. Пішыце пра тое, што бачылі, што добра ведаеце. Паспрабуйце сябе ў журналістыцы. У мяне ёсць знаёмы рэдактар вячэрняй газеты. Хочаце, пазнаёмлю?
Аўтар: Дзякую.
Кансультант: Прыносьце свае новыя рэчы. Пяро ў вас пастаўлена.
Аўтар: Да пабачэння.
Кансультант: Да пабачэння.
(Закрываюцца дзверы, заціхаюць крокі ў калідоры. Музычны пераход)
Голас: А праз гадзіну наведвальнік выдавецтва прабіраўся ад чыгуначнай станцыі ў глыбіню восеньскага лесу. Пахла апалым лісцем. Штосьці вельмі цудоўнае ў жыцці маладога чалавека станавілася мінулым. Час прыспешваў. Ён пусціўся подбегам. Вячэрняе сонца заблыталася ў кронах высокіх дрэў. Паблізу не было нікога. Юнак адчуваў гэта. Раптам ён пачаў на вачах мяняцца.
Аўтар: Энергіі амаль не засталося! Напруга, што ўтрымлівала разам малекулы майго цела, змяншаецца! Я ператвараюся ў бязважкае воблачка. Плыву ў паветры… Страчваецца здольнасць бачыць неба, чуць журботнае курлыканне журавоў… Распадаецца на кропелькі маё людское “Я”, і разам з гэтым - застаецца шкадоба. Застаецца цёплае мора пад зоркамі, месячык - спадарожнік самарагдавай планеты, прыгажуня дзяўчына з залатымі валасамі… І я назаўсёды застаюся ў памяці…
Голас: Яшчэ колькі хвілін ён пераліваўся на зёлках вялікай кропляй, пругкаю і бязважкаю. Потым паплыў ў паветры празрыстай аблачынкай, сатканай з водару нявядомых Зямлі кветак. Разбіўся аб высокае дрэва І дрэва гэтак жа пачало мяняцца, адкідаючы непатрэбны камуфляж лісця, распраўляючы зморшчыкі кары і хаваючы кудысьці ўсярэдзіну важкае голлле. Вялікая, бліскучая, нібы з літога металу, сігара ціха адарвалася ад Зямлі і растварылася ў цёмным вечаровым небе. У прыцемках можна было заўважыць, што месца, якое яна толькі што пакінула, хутка зарастае пажоўклай асенняй травою. Пакінуты рукапіс гэтак жа пачаў растварацца ў паветры. Спачатку знікла папера. Колькі секунд яшчэ можна было прачытаць літары, што спляталіся ў словы…
Аўтар: Будзьце шчаслівымі, пакідаючы дарагі вам край. Вы ж забіраеце яго з сабою назаўсёды, у свае вечныя вандроўкі.
Будзьце шчаслівымі, пакідаючы тых, каго любіце і хто любіць вас - пакуль будзе жыць іхняя памяць, вы будзеце разам з імі. Не бойцеся разнастайных шляхоў, і даруйце тым, хто застаецца. Радасць у тым, што вы бачылі, і пражылі…
Голас: А потым зніклі і словы. У лесе было зацішна і сціхотна. Толькі недзе далёка было чуваць як крычыць адзінокая ўстрыважаная птушка.
(Касмічная мелодыя паступова пераходзіць у мелодыю песні).
Свидетельство о публикации №209122900236