Уцякач
(Пераклад на беларускую мову Анатоль Кудласевіч)
УЦЯКАЧ
(радыёп’еса)
Дзеючыя асобы:
Уцякач
Глас
Ад аўтара
Першы паліцэйскі
Другі паліцэйскі
Ад аўтара: Вуліца правінцыйнага глара. Перад невялікай кавярняй некалікі столікаў пад пярэстымы парасонамі. Да аднаго з іх няпэўнай і напружанай паходкай набліжаецца “Уцякач”.
Уцякач: Вы дазволіце?
Глас: Так. Сядайце.
Уяцякач: Дзякую. Афіцыянт, калі ласка, кавы без цукру.
Голас: Вось і ваша кава. Прыняслі ўжо.
Уцякач: Хутка. І хвіліны не прайшло. Добра абслугоўваюць тут (смакуе). Які незвычайны прысмак.
Голас: Тут у каву дадаюць крыху цыкорыя. Фірмовы напой. Я кожную суботу п’ю каву толькі тут. Ўжо некалькі гадоў запар. Вам таксама раю. Больш нідзе не ўмеуюць так гатаваць.
Уцякач: У мяне дзівацкі выгляд, ці не так? Я не ўразіў вас?
Голас: Чым?
Уцякач: Ну, скажам… адзеннем, манерамі паводзін… Сотнямі прыкмет, якія выдаюць чужаземца.
Глас: Не. Вы мяне зусім не здзівілі. У нас даўно не здзіўляюцца іншаземцам. А на незвычайнае адзенне ўвогуле не звяртаюць увагі. Кожны апранаецца так, як хоча.
Уцякач: Добра ў вас… Горад зялёны, каштаны… Ці… Як гэтыя дрэвы ў вас называюць?
Голас: Называйце каштанамі, калі гэта вам да спадобы.
Уцякач: Я нядаўна быў на вайне. Гэта жах! Такі ж самы куточак раю… Дрэвы, ружы, маленькія будыначкі. І за якіясці паўхвіліны… Адной ракетай – на попел.
Голас: Прабачце… Вайна - гэта дзе?
Уцякач: Дзе вайна?
Голас: Дзіўная краіна. Ніколі не чуў пра такую… Вайна… Гэта востраў? Кажаце, там здарылася катастрофа з ракетаю? Якая трагедыя…
Уцякач: Вы… Вы не ведаеце, што такое вайна?
Голас: Не. Я ўвогуле не вельмі моцны ў геаграфіі. Прабачце.
Уцякач: І ў вас што, ніколі не было войнаў?
Голас: Катастрофы здараліся і ў нас Калі вы маеце на ўвазе аварыі… Вось учора, напрыклад, прыгарадскі цягнік пад адхон пайшоў. Наш галоўны ўрач на работу спазніўся.
Уцякач: Так… Ведаеце, у мяне няма часу. Зусім няма. А хочацца горад паглядзець. Можа я пажыву ў вас. Мне тут так падабаецца.
Голас: Калі ласка. Даруйце, што адразу не здагадаўся запрасіць вас да сябе. У мяне ўтульны пакойчык. Сасна пад акном. Паветра цудоўнае. Жывіце, колькі захочацца.
Уцякач: Я не меў на ўвазе ваш дом, дзякую… але… Вы што вось так запраста запрашаеце да сябе незнаёмца? А калі я злодзей які? Махляр?
Голас: Экзатычная прафесія. Вы мне раскажаце як-небудзь, што гэта за спецыяльнасць – махляр?
Уцякач: Гэта хутчэй прызванне…
Голас: Піце каву, ахалодае.
Уцякач (п’е): А з паліцыяй у мяне праблем не будзе? Я, ведаеце, дакументы згубіў. Як тут у вас з пашпартным рэжымам? Ці доўга можна не станавіцца на ўлік?
Голас: Паліцыя? У гэтым слове знаёмы корань… Пал… полі… Не падказвайце, сам прыгадаю. Так… Поліфункцыянальнасць, палісемантыка… Паліцыя – гэта, верагодна, служба грамадскага дабрабыту? А навошта вам станавіцца на якісьці ўлік? Яны самі вас адшукаюць, калі спатрэбіцеся. Пазвоніце, скажце, чаго вам не хапае, і ўсё.
Уцякач: У вас і паліцыі няма? Неверагодна! Няма спецыяльнай службы для барацьбы са злачыннасцю? З ворагамі ўлады, з рознымі прахіндзеямі?
Голас: Няма. А можа і ёсць. Я гэтым не цікавіўся. Ды не турбуйцеся вы так. Пашукаем разам, калі яна вам так патрэбна.
Уцякач: Божа мой! Божа мой… Нарэшце… натрапіў… Шчаслівы сон, шчаслівы і дасканалы свет!
Голас: Што з вамі? Вам дрэнна?
Уцякач: Мне ніколі не было так добра. Столькі пошукаў. Столькі пакутаў. Вы не паверыце. Я - іншаземец. Я - увогуле не з гэтага свету… Не, не… не думайце пра мяне кепска…
Голас: Я не думаю. Слухаю вас.
Уцякач: Вы ведаеце, што такое паралельныя светы?
Голас: Прыблізна.
Уцякач: Усё вельмі проста. Для таго, хто знаёмы з тэорыяй адноснасці і нелінейнай геаметрыі… Зрэшты… Адным словам… Уявіце сабе, у свеце існуе незлічонае мноства паралельных светаў. І кожны жыве па сваіх законах. І ўсе яны чымсьці падобныя, а чымсьці не… Здаецца, я раней жыў у найгоршых з іх.
Голас: Ведаеце, вам, напэўна, і праўду трэба пайсці са мною.
Уцякач: Вы не верыце, што я з іншага свету, які існуе ў паралельнай прасторы і часе?
Голас: Чаму ж? Мой сусед нарадзіўся ў другой галактыцы. У яго вельмі дзіўныя прывычкі. Дарэшты, у шахматы ён іграе цудоўна. А на трэццім паверсе жыве чалавек з мінулай эпохі. Я размаўля ў з ім. Выпадкова аказаўся ў нашым часе. З навуковай экспедыцыяй трапіў.
Уцякач: Вы падарожнічае ў часе? І ўжо досыць даўно? Калі ж у вас адкрылі тэмпаральны пераход?
Голас: Не скажу дакладна. Той чалавек з мінулага, пасяліўся ў нашым доме гадоў дзесяць таму.
Уцякач: Вы маеце такую развітую навуку? І… вы… не займаецеся вытворчасцю ўзбраення? Не ваюеце, не нацкоўваеце адну частку насельніцтва на другую?...
Голас: У вас нейкі дзіўны свет. Здаецца, ён не паралельны нашаму, а перпендыкулярны. Цікава было б паглядзець…
Уцякач: Барані вас Божа… Я… Палкоўнік дзесятай яго імператаскай вялікасці дэсантнай брыгады. Бачыце гэты бранзалет?
Голас: Звычайны гадзіннік.
Уцякач: Крыху падобны. Гэтае прыстасаванне дазваляе мне падпарадкоўваць іншых сваёй волі. Вось вы… Вам здаецца, што мы размаўляем на адной мове… я запазычыў з вашай памяці патрэбныя мне словы з дапамогай гэтага прыстасавання. Карыснай рэч для дыверсанта і для зорных вандроўнікаў. Адзенне маё само сабой набывае колек і форму навакольнага асяродзя. Ад зброі я пазбавіўся. Але галоўнае не гэта. Галоўнае, што гэты прыбор дазваляе мне дакладна вызначыць: хто гаворыць праўду, а хто хлусіць. Вось вы. Вы нівоўднага разу мяне не падманулі. Вы верыце кожнаму свайму слову.
Голас: А навошта мне вас падманваць?
Уцякач: Шчаслівы чалавек. Я ўсё жыццё толькі і рабіў, што хлусіў, падманваў, выдаваў сябе за іншага, уваходзіў у давер… А потым - забіваў, забіваў… Чужых і сваіх. Залаты каўнерык атрымаў. Гэта ў нас узнагарода такая. Пісталет імянны… І наступнага дня генерала, што мяне ўзнагароджваў, і жонку яго - з пісталета… Загад імператара. Здраднікі. У мяне ў кішэні аппарат. Імператарскія вучоныя вынайшлі. Дазваляе ў паралельныя светы пераходзіць. Нас у разведку паслалі. Ці нельга заваяваць які-небудзь з паралельных светаў? Каб служыў на карысць Яго Вялікасці. (паўза)
Голас: Я слухаю.
Уцякач: Я ўцёк. Збіў настройку і ўцёк. Не ў той свет пайшоў, куды мяне паслалі. У іншы. Потым - зноў у іншы: у другі, трэцці… Не хачу больш забіваць. Дзесяць хвілін засталося. У мяне ў кожным свеце ёсць паўгадзіны часу. Потым імперскія пеленгатары ловяць сігнал. Пашлюць імпульс знішчэння... Смерці я не баюся. Баюся так і не ўбачыць свет - хоць трошкі, няхай зусім крышачку, але не падобны на нашу слаўную, непераможную, чорт бы яе пабраў… імперыю… Дзе людзі, як людзі. Дзе горад - як горад, а не вайсковая база. Вы разумееце, я ўжо ў ста розных месцах быў. У адным вайна, у другім - рыхтуюцца да вайны. І ў кожным - свой імператар. Свой правадыр, свой фюрэр нарэшце. З войскамі, з ідэямі, за якія абавязкова трэба жыццё пакласці.
Голас: Чым я магу вам дапамагчы?
Уцякач: Нічым. Зараз… Я хачу застацца тут. З вамі. Назаўсёды. Набяру код вяртання, каманду “старт” і - ён адправіцца назад без мяне. Вы пачакаеце… Пачакаеце, добра? Мне патрэбна зацішнае месца, без сведкаў, каб нікога выпраменьванне не апаліла… Я зараз вярнуся… І пазнаёмлюся з касмічным прышэльцам, вашым суседам з другой галактыкі. Абавязкова пазнаёмлюся.
Голас: Добра. Я буду чакаць вас.
Уцякач: Так, так. Я зараз, я хутка… Вельмі хутка.
(гукавы пераход)
Уцякач: Заставалася паўхвіліны, калі я скаціўся па прыступках у стары падвал разваленага будынка. Менавіта сюды дэсантавала мяне імперскае прыстасаванне - транслятар. Тут мы з ім і развітаемся.
Чырвоны агеньчык на шкле яшчэ гардэў і рытмічна падміргваў. Пеленгатары не адшукалі мяне шчупальцамі сваіх промняў. Пальцы самі націснулі патрэбныя кнопкі, набіраючы камбінацыю кода. Я з усёй моцы адшвырнуў чорную скрынку ў супрацьлеглы бок. Упаў і прыкрыў галаву рукамі. (выбух, трывожная музыка)
Нібы ўвесь свет успыхнуў зялёным агнём. Засцерагальны камбінзон адбіў шкоднае выпраменьванне… У падвал дзьмухнула свежым паветрам. Кавалак каменнай кладкі, які па форме нагадваў маё цела, знік разам з транслятарам.
І я назаўсёды застаўся ў дзіўнай краіне, дзе людзі не забіваюць адзін аднаго і нават словы “вайна”, “паліцыя”, “злачынец” - нікому не вядомы… (гукавы пераход)
Ад аўтара: А субяседнік экспалкоўніка імперскай арміі чакаў за сталікам. Павольна дапіваў сваю каву. Двое паліцэйскіх у форме, пры поўнай амуніцыі, - гумовыя дубінкі, пісталеты, наручнікі на папругах - уважліва і непрыязна разглядвалі яго праз вакно будынка, які знаходзіўся насупраць кавярні.
Першы паліцэйскі: Што гэта за тып так доўга з нашым гарадскім дурнем размаўляў? Ведаеш яго?
Другі паліцэйскі: Не, не ведаю.
Першы паліцэйскі: Калі зноў прыйдзе, праверым у яго дакументы.
Другі паліцэйскі: Не-а. Няхай такімі тыпамі служба бяспекі займаецца. А наша справа - банк ахоўваць.
Першы паліцэйскі: А чаму таго прыдурка, што каву п’е, у дурдом ніяк не адпарвяць?
Другі паліцэйскі: А ён і жыве там. Ужо шмат гадоў запар. Проста кожную суботу галоўны ўрач адпускае яго папіць кавы. Ён потым сам вяртаецца ў дурдом. Ён - ціхі…
Ад аўтара: Даючы зразумець, што размова скончана, старшы паліцэйскі адвярнуўся ад акна…
А па вуліцы правінцыйнага горада да столікаў пад пярэстымі парасонамі упэўненай хадой праз пляц крочыў чалавек. Крочыў і насвістаў сабе пад нос вясёлую мелодыю.
(музыка)
Свидетельство о публикации №209122900237