Ход месии


              Х О Д     М Е С І І
( в е р с і я )

1.
На пачатку была Думка. І Думка была у Бога.  І Богам была Думка.
Увайшла Богава Думка ў чалавека, і стала думкай чалавечай.
Увасобіўся чалавек у Божую думку, і спарадзіў Вобраз. Сорамна стала народжанаму вобразу: не прыкрыты ён, голы зусім, наскрозь праглядваецца, няёмка яму пад прыцэльнымі позіркамі, ва ўсе вочы зыраць на яго — і пачаў вобраз закрывацца Словам.
І запісаў евангеліст: “На пачатку было Слова. І слова было у Бога…”. А пра думку не сказаў нічога, не згадаў і пра вобраз. Думка схавалася, адкуль выйшла, так і засталася невымоўнай. Але ў вобразе, выкліканым да жыцця, адлюстравалася Ісціна: яркія промні асляпілі вочы цікаўных, і дзеля людскога разумення, вобраз апрануўся ў слова. Ды так і застаўся вобразам, не спазнаным і не зразумелым да канца. Паўстаў народжаны вобраз на мяжы Часу і Вечнасці. Сам стаў гэтаю мяжою.  Але не змяніўся свет людзей, толькі адзінкі спатолілі духоўную смагу. І ўсё ж такі — прасцёрлася над сусветам Тайна, і нешта новае пачало дзеяцца, чаго не было раней, і што пачало быць, дзякуючы таму, што слова стала плоццю, і на таемнасць абаперлася  Любоў, узыйшла над зямлёю новым сонцам, каб спраўдзіць думку вытокаў. І прыдзе час і стане так, як павінна было быць. Пра слова, якім ахінуўся вобраз, і напісалі на паперы. А пра астатняе забыліся… Магчыма, яшчэ не прыйшоў час? Ці ўжо даўно прамінуў? Ці ўвогуле няма ніякага часу, а ёсць толькі Цяпер. Таму — было гэта, ці  будзе? — не мае значэння, бо ўсё ёсць заўсёды, калі “аз есмь” аднойчы. Я ёсць, толькі таму, што Ты Есі, Госпадзе! Пагэтаму і я ёсць.

2.
І ў той самы момант, калі Богава думка зрабілася чалавечай, Іцхак прачнуўся. І ніяк не мог зразумець: што гэта было? Што адбылося з ім? І чаму так трывожна? Не мог ахапіць такога розумам: думка належала Богу, і стала раптам яго, Іцхакавай думкай…
Сон раптоўна прапаў. Пакруціўся з боку на бок Іцхак і зразумеў, што не заснуць болей. Уздыхнуў глыбока, аглядзеўся. Доўга выціраў з вачэй рэшткі сну,  прыпадняўся на лежаку і яшчэ раз паглядзеў вакол сябе. Так і стаіць перад вачыма Вобраз… “Адкуль ён? Дзеля чаго? І навошта?”.
А ўсё пачалося з думкі… Як агнём пеканула яго зноў:  саскочыў з ложка, як уджалены, і зашлёпаў босымі нагамі па каменнай падлозе. Падыйшоў да вакна, зірнуў у зорнае неба, задумаўся.
“Хто пералічыць гэтыя зоркі? Хто зразумее Божы промысел? Хто разгадае тваю тайну, Жыццё?”. Маўчыць зорнае неба. Ніхто не дае адказу. Толькі сэрца грукаецца ў грудзях, як палонны стукаецца ў рэбравыя краты, быццам хоча вырвацца: на волю, пад зорнае неба.
 І забегаў Іцхак, заснаваў, як чаўнок у кроснах, з кутка ў куток па цесным жытлу: “Што рабіць? Што рабіць?!” — цярэбіць сваю бараду і не можа даўмецца. Навошта яму, Іцхаку, прыйшла такая неспакойная і небяспечная думка? Трэснуў колькі разоў кулаком сабе ў лоб: “Можа, выб’ецца гэтая дакука з галавы?”. Неічога не атрымліваецца: моцна, засела, як стрэмка. Пашкрабаў патыліцу, і зноў засмыкаўся па каменнай будыніне, як пацук, злоўлены ў пастку: “На волю, на волю…”. Хоць бы на вуліцу!
Вечарам пастукаў у дзверы Рабіна. Спачатку размова не клеілася. Ніяк не мог дапетрыць Рабін: чаго, на ноч гледзячы, препёрся гэты ненармальны Іцко? Чаго яму трэба? Нешта ўсё распытвае… Ці не надумаўся, што сам і з’яўляецца Месіям? Бяседа зладзілася толькі тады, калі Іцхак нечакана ўсміхнуўся гнілымі зубамі, і спытаўся: “А ці не абавязаны людзі дапамагчы Богу?”.
— Прадвечнаму не патрабуецца дапамога, Ён — усемагутны!
— Дык навошта тады людзі? Навошта мы ўвайшлі ў зямлю абетаваную? Усё страчвае сэнс, страчваецца колер і смак. Губляецца гук і адчуванне. Соль страчвае сілу… Навошта тады і само жыццё?
— Не ведаю. Для нечага ж і мы патрэбны, — неахвотна адказаў Рабін.
— Калі Бог стварыў чалавека, — пачаў услых разважаць Іцхак, — значыць, меў патрэбу?
— Пэўне, меў, калі стварыў. Бог не робіць глупстваў. Тут ты праўду сказаў.
— Значыць, Бог чакае чалавечай дапамогі? Машыах выйдзе з роду людскога. І народзіцца ў калене Давідавым. Хіба гэта не так?
— Выходзіць, што так.
Сонца падымалася над зямлёю, а ў абодвух вочы чырвоныя, нібы ў трусоў. Цэлую ноч прагаварыў Рабін з неўтаймоўным Іцкам. Шмат слоў было сказана. Уставалі тыя словы паміж імі, як сцяна агню, і спараджалі нейкае таемнае дзейства, спыніць якое ўжо было не магчыма. З вогненных словаў паўставаў палымяны неўміручы вобраз, агнём палымнеў перад імі, і ў трапяткім сэрцы народжанага Вобраза, білася тая ж самая Богава думка, што была на пачатку.
І зноў нараджаліся словы.  Новыя, нязвыклыя словы, каб ахапіць разуменнем вобраз: дзеля чаго, і навошта?
І паліліся словы праз край. І залілі яны ўсю зямлю. І пачалося незваротнае… Зямля чакала аднаўлення, усё адно як пасля патопу. Так надумаў пад раніцу Рабін. А ва ўсім вінаваты гэты шалёны Іцхак.
І стала так…

3.
Блізнюкі нарадзіліся падобнымі, як дзве кроплі вады. Але адна кропля была з Сусветнага акіяну, а другая з глыбокага іудзейскага калодзежа, са студні Якава. Вочы — адзінае, што іх адрознівала, яны ігралі ролю радзімых знакаў: у першага вочы былі сінія і бяздонныя, як нябёсы; у другога — чорныя, з фіялетавым адлівам, падобныя да спелых маслінаў.
Стомленая родамі маці прыклала да грудзей аднаго. Пачмокаў вільготным раточкам, і заснуў. Асцярожна адклала ў бок, уздыхнула. Аслабелыя рукі падцягнулі да грудзей другога. Гэты запрацаваў вуснамі больш настырна: да болю пакусваў дзёснамі смочкі, ніяк не мог супакоіцца. Нарэшце здаволіўся, прыплюшчыў вачаняты, безжыццёва закінуў на бок галоўку і адваліўся, як п’яўга, гатовая лопнуць ад насмоктанай крыві.
“Гэты з чорнымі”, — адзначыла маці пра сябе і спусціла малога на падушку. Па чым яшчэ можна іх адрозніваць, падумала так, разгляваючы малога. Заварочаўся і прачнуўся “сінявокі”. Адразу кінуўся ў плач: загаласіў балесна і  трывожна, неяк неўтаймоўна і гаротліва. Яна падхапіла дзіця, таропка загойдала, закалыхала на руках, уторкнула тварык у гарачыя грудзі. “Што сніцца дзецям у снах? — падумала Марыя, — чаго яны так галосяць? Чаму так гаротна крычаць? Яшчэ, напэўна ж, і не разумеюць, куды трапілі, бо не спазналі ні бяды ні радасці, але ўжо нешта ім баліць?”. 
Чмокнуў некалькі разоў, — малако яшчэ не прыбыло, — і аціх. Заснуў. Роўнае і спакойнае дыханне.
Думкі разляталіся, як ашпараныя. Спакою не было і сёння. А тады яна гатовая была задушыць абодвух… Заставалася яшчэ кропелька сумнення: а раптам будзе іначай? Не так жорстка і бязлітасна. І не з яе сынамі… Нешта вось-вось здарыцца… Няхай мінуе гэтая напасць, і яна не спазнае пакутаў, не зведае іх. Але гэтае “нешта” так і не надыйшло. Дарэмна спадзявалася, марна чакала. Наканаванага не абмінеш.
Зайшлі трое барадатых падарожнікаў,  сагнуліся ў пояс, дасталі са скрабніцы дары, пашанотна выклалі перад немаўлятамі: золата, ладан і смірна… Сумненняў не засталося, і гэтае прароцтва споўнілася, апошняя надзея заторгалася ў канвульсіях. І сканала. А прыхадні прамовілі: “Нас прывяла зорка. Яна спынілася тут. Мы прачыталі пра гэта ў мудрых кнігах. Мы ведалі, што так будзе, і на нас ляжыць абавязак: сказаць. Адзін з народжаных — Збавіцель Свету; а другі — яго супраціўнік. Мы ведалі: аднойчы так здарыцца. І вы ведалі. Мы чакалі. І чакалі вы… Але вы не думалі, што і мы ведаем. Таму і прыйшлі засведчыць ад трох народаў. Паказваюць вочы, хто і адкуль прыйшоў. Будзь нашая воля, задушылі б аднаго з народжаных. А другога забралі б у свой народ. Магчыма, тады было б іначай. Але не маем права… Не самі па сабе нараджаемся ў гэты свет. Не мы спускаем дзяцей на зямлю, не намі развешаваюцца ў небе зоркі. Ніхто не падыме сонца з Усходу. На ўсё воля Божая. Дык няхай яна і правіць сусветам…”.
Шмат чаго яшчэ гаварылася і тлумачылася. А затым апошні раз пакланіліся сінявокаму, ледзь бародамі не крануліся землі, і пайшлі. Пайшлі сваёй дарогай, з пачуццём выкананага абавязку, а яе пакінулі са сваёю бядою. Яна і без тлумачэнняў вызначыла: хто ёсць хто? Ведала ад пачатку, яна — маці, а маці не памыляцца.
Калі ў пакой заглянуў Іосіф, яна карміла дваіх адначасова. Упершыню за некалькі тыдняў малыя не варагавалі паміж сабой. Смакталі разам: адзін з правага боку, другі — з левага. Неспазнаная раней асалода агарнула душу Марыі, мацярынская пяшчота, трапяткая любоў ахутала кволыя камячкі жыцця, усё ж такі яны выйшлі з аднаго ўлоння! Адно сэрца іх сілкавала, дык няўжо не знойдуць суладдзя? І вось Іосіф, прыйшоўшы з вуліцы, парушыў гэтую гармонію, перарваў трыадзіную сутнасць. Варухнулся непрыязнасць: “Што ён можа разумець, чужы чалавек чужога племені? Калі б ён быў бацькам, дык можа” — адагнала непрыгожу думку. Дзякуй яму і за тое, што даў прытулак.
Названы муж нерашуча патаптаўся каля парога, падыйшоў бліжэй. Нахіліўся над ложам і прашаптаў: “У горадзе не спакойна. Кругом шныраць салдаты. Кагосці шукаюць”.
Што магла яна сказаць гэтаму старому, які воляй лёсу апынуўся побач?
— На двары людзі з Храма. Хочуць увайсці. Кажуць, справа да цябе.
— Заві, — стомлена прашаптала Марыя аднымі вуснамі і шчыльней прыціснула дзяцей да сябе.
Цяпер іх ужо было аднолькава шкада. Яна прадчувала нядобрае. Першым памкненнем было: не аддаць! схаваць! не дазволіць! Зубамі ўгрызціся ў чужыя рукі, але спыніць, перашкодзіць. Перакруціць па-свойму…
Цётка Лісавета даўно папярэджвала: “Будзе двойня — лічы, не твая гэта радасць! Храм над імі. Іх уласнасць. Забяруць!”. І калі ў час родаў пасля пранізлівага крыку прыйшло кароткачасовае супакаенне, няўзнак адчула: гэта яшчэ не канец! Цела зноў скалатнула сутарга, хваляй прайшлі потугі.  Пачуўся новы крык. Памкнулася было: заціснуць гэтае другое паміж ног, — і задушыць. Каб нарадзілася мёртвым. Каб першы застаўся адзін, і назаўсёды з ёю… Але ж якая маці здолее? Не змагла і яна…
Зайшлі незнаёмыя людзі, з выгляду — “калена Левія”. Наблізіліся, разгарнулі пялёны… У вачах хістнуліся сцены, і некуды паплылі ў ў бок. На момант страціла прытомнасць. Ачомалася… Яны ўжо ў дзвярах. Адзін павярнуўся і сказаў: “Вам трэба сыйсці адсюль. Тут не спакойна. Іосіф ведае, куды ехаць. Усё падрыхтавана”.

4.
Ірад Вялікі маўчаў. Падбарадок з рыжай барадой торгаўся: нервовы цік час ад часу смыкаў правую шчаку і прыплюшчваў вока. Цар вагаўся.
Валхвы з Усходу. Учора яны прыходзілі. Распытвалі пра Збавіцеля. Вельмі здзівіліся, што цар нічога не ведае? Цяпер вось — першасвяшчэннік… Ад яго чакаюць  рашучых дзеянняў. “Хто можа патрабаваць ад цара?” — абурэнне і гнеў залілі чырванню твар, але толькі на хвіліну: “Выходзіць, могуць і ад цара”.
Блукаючая зорака, валхвы, прароцтвы, запісаныя тысячагодзі назад… Што ў гэтым агульнага? Але так цудадзейна пераплялося ўсё, так адмыслова адбілася на сучасных падзеях. Не паддаецца асэнсаванню і разуменню. Столькі супадзенняў! Гасподзь блізка, дыхае ў патыліцу. Здаецца, спіною Ірад адчувае гарачае дыханне Іеговы. Не адкруціцца яму, цару Ізраіля, не адкупіцца і не адпрэчыць свой лёс. Нешта павінна здарыцца: жудаснае, жахлівае, жорсткае…
 Усё перакрыжоўваецца на Віфліеме. “Гэтыя” жартаваць не будуць, — падумаў пра садукеяў, нічога не баяцца, нічому не вераць: не заб’ю я, — заб’юць мяне”.
У кутку жалобна запішчала муха; цар павёў вачыма ў бок прадсмяротнага піску, падыйшоў бліжэй, прыгледзеўся: махнаты павук аблапіў зумкае стварэнне і смактаў кроў. Некаторы час муха білася ў канвульсіях, супраціўлялася, торгаючы павуту, нарэшце варухнулася апошні раз і, аціхла. Крывасмок прагна ўпіўся ў мёртвую ахвяру. Падалося на момант Іраду, што Каіфа якраз і ёсць такі самы ненажэрны павук.
А той цікаваў за царом з-пад навіслых касматых броваў вачыма-бураўчыкамі і чакаў. Моўчкі чакаў адказу на сваё пытанне.
— Што гэта дасць? І навошта такая ахвяра? — спытаўся цар, не гледзячы на госця.
  Сціснуў да хрусту ў касцяшках жэзл, рэзка штурхнуў ім у куток, крутнуў некалькі разоў і разбурыў павуцінне: павук прытка сігануў, забіўся ў шчыліну-схованку; муха безжыццева павісла і захісталася на тонкай павуцінцы. Для яе ўсё скончылася: выратаванне запаздала.
Першасвяшчэннік, збіраючы думкі, вытрымаў занадта доўгую паўзу. Загаварыў павольна, нібы чытаючы па світку старажытны тэкст, знакі якога цяжка было разабраць.
— Вучыцелю быў голас… Сінедрыён сабраўся і пастанавіў зрабіць менавіта так, як сказаў я. Ад мяне нічога не залежыць, толькі перадаю волю. Гэта рашэнне сямідзесяці. Рашэнні старэйшын не абмяркоўваюцца.
— Рашэнне ваша, а выконваць мне?! — нахабна перапыніў Ірад: ім паступова завалодвала раздражненне, — вы прымаеце, а мне выконваць? Вазьміце і выканайце самі, калі такія мондрыя.
— На тое ты і пастаўлены царом. Пад тваёй уладай народ.
— Увесь час спасылаецеся на Вучыцеля… Хто яго бачыў? Дзе гарантыя, што так хоча Бог.
Каіфа папярхнуўся ад нечакансці. Словы заселі ў горле. Вытрымаў занадта  доўгую паўзу. Ён падумаў пра тое, што на месцы Ірада мог быць хто-небудзь іншы, але ад гэтага нічога не змянілася б: той іншы гэтак жа ўпарціўся б, супраціўляўся б волі сінедрыёна. Так адбываецца заўсёды. Улада хутка псуе людзей. Царам здаецца, што яны правяць сваю волю, але гэта ілюзія няведання.
— А ты падыміся на неба і спытайся ў Бога Ізраілева, — услых прамовіў святар: — Ты ведаеш, вялікі цар, Вучыцеля не дазваляецца бачыць нават сямідзесяці. З усяго сінедрыёна толькі адзін мае права на зносіны…
Гэтым адным быў менавіта ён, Першасвяшчэннік Іерусалімскага Храма, цар добра ведаў пра тое, але Каіфа не сказаў, як падтыкала: “Толькі мне дазваляецца бачыць Вучыцеля” — пашкадаваў царова самалюбства.
Ірад зноў адвярнуўся спіною. “Выказвае пагарду, — адзначыў святар, — які ж ён нікчэмны, цар ізраільскі: не можа саўладаць нават з дробязнымі пачуццямі”.
— Гарантыяй служыць гісторыя народу: святыя пісанні і паданне, — выціснуў з сябе неабходныя словы Каіфа: — Гэтага табе мала? Хочаш яшчэ гарантыі?… Голас! Ты чуеш галасы? Хоць і цар, але твае вушы закрыты. І я нічога не чую, хоць і з’яўляюся першым сярод семідзесяці. А Вучыцель чуе ўсё, нават тое, што ты цяпер пярэчыш яго волі. Упарцішся, і не хочаш разумець. Усё чуе, і ўсё бачыць. Таму і збярог нас ад згубы. Сорак вякоў прайшло… А дзе астатнія языкі? Яны спадзяваліся на сябе ды на царскую ўладу. Згінулі, як рудыя мышы ў полі, а прах развеяў вецер. А наш народ жыве і квітнее. Так было ад быцькоў. Так будзе заўсёды. Ты выканаеш! Абавязаны зрабіць. Гэта ў інтарэсах Ізраіля. У інтарэсах тваёй жа ўлады. Народ адпадае ад Бога, забывае запаведзі… Месія ўжо нарадзіўся. Куды прыйдзе ён праз трыццаць гадоў? Што знойдзе ў сваім народзе? Паўсюль — мярзота спустошання. Народ патрэбна выправіць, — Першасвяшчэннік перавёў дых, — зразумей, ёсць тайна Вучыцеля, тайна жрацоў і пасвяшчонных; ёсць тайна сінедрыёна, тайна фарысееў, кніжнікаў і левітаў; ёсць тайна пастуха і земляроба, вінаградара… А ёсць, нарэшце, твая тайна: тайна цара. Усё цалкам і складае тайну Машыаха, якую ведаціме толькі Вучыцель. Народ спазнае тое, што яму скажам, што будзе дазволена… Для натоўпу павінна быць усё зразумелым і відавочным. Твая тайна ў гэтай ахвяры, прынясеш яе на аўтар Божай славы. Зразумей, так загадаў Вучыцель! Ён — не памыляецца, і не гаворыць дарэмна. Ніхто і ніколі не мог яго аслухацца…
Цар падняў галаву, знайшоў пад столяй чорную дзірынку. Павук паказаў са сховішча махнатыя лапкі, але так і не вылез на божы свет, муха безжыццёва гойдалася на срэбнай павуцінцы. “Не, — разважыў пра сябе Ірад, — Каіфа — не крывасмок; такая ж ахвяра, як і ён: усяго толькі муха, што заляцела ў растаўленую павуком пастку. Вучыцель — вось хто тысячагоддзямі пляце павуціну. Усе яго ахвяры. З-пад яго ўлады немагчыма вырвацца”. І нечакана  спужаўся сваёй дзёрзкасці: “Раптам вучыцель чытае і яго думкі?”. Услых жа прагаварыў даволі лагодна і міралюбіва: “Чаго замаўчаў? Я слухаў”.
І зноў пісклявы дыскант загучаў пад скляпеннем палаца. Іраду падалося: голас святара нагадвае прадсмяротны піск мухі, з якое павук высмоктвае кроў.
— Я адкрываю табе тайну цара. Яна будзе тваёй уласнай. Так лягчэй зрабіць наканаванае. І не пазбегнеш гэтага, нават цаною смерці. Народ патрэбна выправіць, наставіць на шлях Божы. Калі нож не апраўляць бруском, стане ні на што не прыдатны, хіба што жаб калоць. Як нагастрыць народ? Проста: нагадаць прароцтвы! Ты ведаеш, Маісей павінен быў вывесці праайцоў з Егіпту. А Фараон заўпарціўся, бо не разумеў, дзеля чаго. Наклікаў на сябе і на ўвесь народ свой кары ягіпецкія. Навошта табе кары? Гнеў Аданая не кожны здзюжыць. Народ ізраільскі павінен скарыцца тваёй уладзе. Зрабі яго паслухмяным. Ты — цар, маеш такое права, бо ты — зброя ў Божых руках. І гэта не твая прыхамаць, а воля Прадвечнага. Грэх цябе не кранецца! Адзіны твой грэх —  аслухацца Вучыцеля. Таму і прынясі ў ахвяру дзяцей! Няхай здрыгануцца ў жаху! Быдла павінна знаць сваё месца. Абавязак цара — зацугляць натоўп, накінуць на яго жалезную аброць. Загані людзей у стойла. Няхай баяцца і дрыжаць, і слухаюцца свайго валадара. Знайдзі спосаб. Іначай усё загіне. Калі ў кожным калене, у кожным родзе і кожнай сям’і будуць адданыя ў ахвяру Госпаду — тады толькі запомняць. Развярэджаная памяць не дасць спакою. Сваё баліць мацней. Толькі так адумаюцца.
Месія ўжо нарадзіўся. Мы ведаем яго. Ён у нашых руках. Праз трыццаць гадоў час споўніцца. Кожная яўрэйская жанчына з пакалення ў пакаленне марыла нарадзіць Машыаха! Уяві, якая смута пачнецца між людзей, калі прыйдзе час? Тысячы “месій” аб’явяцца адначасова і кожны будзе сцвярджаць: яго паслаў сам Гасподзь! Кожны прывабіць сотні паслядоўнікаў. Дзяржава разваліцца пад такім напорам: на кожнай вуліцы прапаведваціме свой прарок, у кожнай вёсцы — месія і збавіцель; у кожным сяленні — цар іудзейскі. Прыйдуць рымляне, агнём і мячом ўсталююць жалезны парадак. І пазбавяць іудзеяў самастойнасці, пасадзяць свайго цара. Прывязуць сваіх багоў, змусяць пакляняцца ідалам. Высякуць народ, як стары вінаграднік. Ты гэтага хочаш? Скажуць: мы не здатны ўпраўляцца дзяржаўным кіраваннем. Гэтае, напэўна, больш важнае для цябе? Улада выслізнецца з рук, як рыбіна…
Каіфа выйшаў з царскага палаца зацемна. Ірад застаўся адзін. Сам па сабе, адзін у цэлым свеце. Ніхто не дасць парады. Не знайсці спачування і не мець спакою.
Засмучанасць і заклапочанасць грызлі душу. Затым прыўшоў страх. Жудасць, жывёльны жах і нейкія першабытныя інстынкты абудзіліся ў нутры. Зрабілася вусцішна: “Так, ён пакуль цар. Але ж які бездапаможны? Ён зробіць! Здолее… Яшчэ не ведае якім чынам? Так загадаў Вучыцель, яго не аслухацца”.
 
    5.
— Імем Машыаха!!! — так будзеш выконваць загад.
Сліна с рота Ірада ляцела на Васпасана. Чырвоны і ўзмакрэлы ад поту твар, перакрыўлены гневам, — раз’юшаны цар стаіць перад ім, патыхае гарачым дыханнем і крычаць: “Яго імемем!!! Ты зразумеў?!! Не мне гэта патрэбна. Гэта Воля Бога: ахвяра Машыаху!”.
Стары салдат лыпае вачыма. Словы да яго не даходзяць. Стаіць перад царом, як істукан, і маўчыць. Не можа, не хоча зразумець, што гэта можа быць праўдай: Ірад загадвае забіць усіх дзяцей Віфліема… “Ці не звар’яцеў ён?”.
— Ты зразумеў, што трэба рабіць?
Васпасан паціскае плячыма, недарэчы ўсміхаецца: як сябе паводзіць, якім чынам рэагаваць? “Навошта ўсіх?” — зноў вінаватая усмешка наплывае на твар.
— Што ты вышчараешся?! Усіх пасекчы мячамі! Ад аднаго году да трох, усіх да апошняга!!! Усім заплаціць грошы.
— Але ж у мяне ў Віфліеме ўнук!
Каторы раз спрабуе давесці Васпасан Іраду: не можа ён забіць унука… Але цар не слухае, слова не дае ўставіць: ці сапраўды ашалеў, з’ехаў з глузду, ці проста аглух ад злосці? Як падняць руку на тое, што любіць? “Дазволь, схаваю свайго Шмуліка? Куды-небудзь вывезу? Ніхто не будзе нічога ведаць”, — асцярожна прапаноўвае Васпасан. Усё ж такі ён — не просты чалавек… Ваеначальнік царскага войска. Столькі служыў, жыцця свайго не шкадаваў…
— Усіх да аднаго! Нікога не трэба хаваць і вывозіць! Усіх пасекчы мячамі, — быццам і не чуе просьбы Ірад, — і твайго ўнука таксама. Усіх!!! — узвізгнуў ён, — Гэта апошняе слова. Так загадвае твой цара!
— Каму гэта трэба? Навошта такое? Каму патрэбна смерць дзетак?! Каму замінае мой Шмулік, мой унучак? —  лапоча і лапоча Васпасан, гатовы сам крануцца розумам: — Як жа я магу Шмуліка? Майго маленькага Шмуліка?
— І твайго Шмулю, — усіх каго застанеце ў Віфліеме — усіх пасекчы, парэзаць, як бараноў. І не твая сабачая справа разбірацца: што і дзеля чаго? Ёсць загад — выконвай!!! Усіх пад нож! Так патрабуе Аданай: спраміце сцязю Машыаху. Трыццаць срэбнікаў кожнай сям’і, за кожнае дзіця — трыццаць срэбраннікаў. Мы купляем ахвяру. Ахвяру Богу Ізраілеву. Дзяржава аплочвае дзеля народа з царскай казны, каб дапамагчы Машыаху. Што тут можа быць не зразумелым? Усіх да аднаго!!! Болей паўтараць не буду. Ідзі, — і выконвай!
Ірад пыхаў злобаю і распінаўся перад падначаленным, нібыта чакаў, што той з радасцю кінецца выконваць звыродны загад. Але як вытлумачыць гэтаму недавумку, цвердалобаму салдафону, што справа будзе зроблена? З ім ці без яго. Ён жа ніколі раней не пярэчыў? Не разважаў, не спрачаўся, як і належыць, адразу ж выконваў. І тут нечаканая думка апякла Ірада. Спачатку ён адшпурнуў пякучую думку, быццам атрутную гадзюку, але яна падпаўзала бліжэй, абкруціла коўзкім целам, і пстрыкнула джалам у твар, — цар пачаў задыхацца: “Прыклад, — прашапталі абяскроўленыя вусны, — патрэбен прыклад…”.
Страпянуўся, падазваў слугу:
— Пакліч Сару. Няхай прыйдзе і… малога прынясе.
Слуга кінуўся выконваць даручэнне. Цар падыйшоў да Васпасана, запусціў кіпцюры ў яго плечы і некалькі разоў страсянуў: “Кажаш не просты чалавек! А цар, па-твойму, — просты? — заглядвае калючымі вачамі ў твар салдату, — твой цар просты чалавек? Я пытаюся, просты, ці не?! Адказвай!” — дапытваецца Ірад, за кожным словам убіваўчы кіпці ў скуру і смыкаючы таго за плечы.
 Васпасан бязвольна матляе галавою, і маўчыць.
 У дзвярным праёме — царская дачка: раскормленая, дзябёлая кабета, з ускудлачанымі валасамі. Пэўна, паднялі з пасцелі. На руках вяртлявы гадавалы хлопчык: дрыгае нагамі, упіраецца ручкамі ў твар маці. Хоча высвабадзіцца ад шчыльных абдымкаў. Убачыўшы дзеда, нешта пралапатаў, і звесіўся ў яго бок пульхным цельцам. Але Ірад не глядзіць на дачку, адводзіць позірк ад дзіцяці.
— Глядзі і запамінай! — уталопліваецца лупатымі вачыма на Васпасна. — Гэта сын маёй дачкі. Ён нарадзіўся не ў Віфліеме. Тут яго радзіма — Іерусалім. І не простае дзіця, жыве ў царскіх палацах. Але раблю, каб і ты зразумеў. Гэта мой унук! І я не пашкадую яго.
Засоўвае руку ў прарэху накіткі, дастае грошы са скуранога мяшэчка, адлічвае і кідае дачцэ пад ногі:
— Вось плата. За ахвяру, — зазвінелі, рассыпаючыся па каменнай падлозе, манеты. — Так патрабуе Гасподзь. Тут роўна трыццаць, — і грозна загадвае, прамаўляе, як прысуд, — дай сюды малога!
Нічога не разумеючы, дачка працягвае на выцягнутых руках сына, і перадае Іраду. А сама юрка цопаецца наўколенцы, пачынае заграбаць рукамі пад сябе, збірачы на падлозе рассыпанае срэбра.
Тое, што адбылося ў наступную хвіліну, было падобна на выбліск маланкі.
Высверкнуў выхаплены з похваў меч. Пырснула кроў. Шлёпнулася на падлогу безгаловае цельца. Рухнула, як падкошаная, дачка. Ад нечаканасці нават у старога салдата ледзь не замуціўся розум. А Ірад, як чорт на патэльні, заскакаў перад Васпасанам і затрусіў перад яго тварам адсечанай галоўкай хлопчыка: “Вось!! Вось!!! — тыркае ў твар акрываўленую галаву, учапіўшыся пальцамі за чорныя кудзеркі валасоў, — вось! Цяпер ты зразумеў?! Вось такая павінна быць ахвяра! Гэта не я! Гэта ты забіў яго! Твая упартая тупасць!!”.
Вочы дзіцяняці шырока расплюшчаны. Кроў з галавы разлятаецца чырвонымі пырскамі, кропіць падлогу, адзенне, лоб, — Васпасан размазвае яе рукамі па твары. І раптам, як даўмеўшыся, бухаецца перад царом на калені.
— Не карай! Усё зразумеў! Зраблю ўсё, што трэба! Выканаю!!!
Цар тыркнуў колькі разоў галоўкай у твар салдату, затым шпурлянуў яе проста ў цела безпрытомнай дачкі. З пагардай і агідай адпіхвае падашвою сандаля скручаную ў паклоне фігуру Васпасана, той распластваецца на падлозе, даволі жвава падхопліваецца і вопрамет кідаецца за дзверы.
— Прыбраць тут усё!
Гучыць суровы загад цара. Слугі похапкам, дагодліва і мітусліва хапаюцца за работу.

6.
Цемра, хоць выкалі вочы. У ноч з пятніцы на суботу яны здзейснілі гэта. Абкружылі горад шчыльным жывым кальцом, выставілі варту на дарогах і сцежках. Васпасан у суправаджэнні тузіна сотнікаў зайшоў на двор свайго сына. Чалавек сем падначаленых прайшлі за ім у дом, астанія засталіся чакаць на вуліцы. Салдаты пакуль нічога не ведалі. І раптам з дому вырваўся страшэнны і роспачны крык. Усчаўся лямант. Васпасанавы людзі, што засталіся вонкі, гатовы былі кінуцца на выручку свайму начальніку.
Але праз хвіліну той паказаўся сам. Твар белы, як палатно, вочы навыкаце: у руцэ — акрываўленая галоўка дзіцяці. Вусны бязгучна варушацца. Нічога не разабраць. Падыходзіць, як здань, да свайго намесніка: “Гэта мой унук, — прагаворвае, душачыся слязамі — як бачылі, так і рабіце”. І перадае страшную ношу намесніку. А сам садзіцца на зямлю, у роспачы абхоплівае галаву рукамі, і пачынае смыкацца ўсім целам узад-уперад.
Твары сотнікаў пахмурнеюць. Некалькі хвілін ніхто не варушыца,  гэтыя хвіліны падаліся Васпасану вечнасцю. Уражаныя тым, што ўбачылі, салдаты нарэшце зразумелі, на якую работу пакліканы. Ва ўсіх адабрала мову. Затым, падобна ангелам смерці, моўчкі рушылі ў ноч. І рашуча ўзяліся за справу.
Такой жахлівай  і крывавай ночы не ведаў ніводзін горад свету.
Плач, енк і крык… Звон мячоў і срэбра. Стогны, жудасць і жах… Роспач і адчай, але ніхто, ні адзін з жыхароў не абараніў сваіх дзяцей, ні адна маці не заступілася не кінуўся на маўклівых ангелаў смерці з мячамі. Увесь горад быў аглушаны вычварным і незразумелым дзействам. Розум адмаўляўся разумець.
 Вучыцель загадаў прынесці ў ахвяру ўсіх дзяцей Віфліема, узростам ад аднаго да трох гадоў. Неабходна было выбіць цэлае пакаленне… І ён, Ірад Вялікі, зрабіў гэта, хоць і мала што разумеў у падобных справах. Яму растумачылі: Мессія павінен быць пазбаўлены дзяцінства, так патрабуе Іегова. Праз трыццаць гадоў, калі ён аб’явіць сябе царом іудзейскім, то сам выявіць перад людзьмі небывалую жорсткасць. Зробіць са свайго народу, паслухмяную армію, а затым зняволіць, прыгнечыць і загоніць у рабства астатняе чалавецтва. Так абяцалі прарокі. Патрэбна ўзгадаваць звышчалавека. І дзеля гэтых планаў цар Ізраіля заплаціў сваю маленькую лепту.
Прыйдзе час, і старыя раны ўскрыюцца, як язвы, і кожнае калена зразумее: якую неімаверная цана ўжо заплачана за будучыню. І ні адзін не аступіцца. Пойдзе за сваім правадыром, хоць на край свету, да самай смерці пойдзе. Народ зробіцца апірышчам Месіі, будзе паддатлівым як воск. Менавіта гэта і патрэбна Іягове. Ён ведае дзеля чаго? Ён адзіны ведае канчатковую мэту. Паслухмяным народам зручней кіраваць. Так яго настаўляў Каіфа, а дакладней, яго вуснамі  загадваў таямнічы Вучыцель.

7.
Іх заўсёды было двое: старэйшы і малодшы. Але для іншых яны ўяўляліся адным цэлым, імя якому — Вучыцель. Перед гэтым імем трапяталі іудзейскія патрыярхі, і першасвяшчэннікі, прарокі не ўзгадвалі яго ў сваіх палымяных казаннях. Іменем Вучыцеля ставіліся і нізвяргаліся цары. Вучыцель ведаў усё — яго ж, дакладней іх, не ведаў ніхто.
Сюды, у святая святых, на гару Сінай, адзін раз у год па трэцім дні іудзейскай Пасхі прыходзіў толькі першасвяшчэннік. Нага цароў іудзейскіх не ступала на старажытныя камяні пячоры. Прыслуговалі неадукаваныя і без’языкія еўнухі. Іх спецыяльна рыхтавалі для такой службы ў Ерусалімскім храме. Ежу прыносілі таксама адтуль. Недахопу ніколі не было — ахвярнікі заўсёды былі поўнымі. Пра гэта клапацілася племя левітаў, прывілегіраванае калена з часоў Маісея, пазбаўленае павіннасцяў, у тым ліку і ўсеагульнага перапісу насельніцтва.
Вучыцель даваў народу тое, што не ўзрастала на палях і не выспявала ў садах, — ежу для душы: легенды і паданні, свяшчэнныя пісанні і міфы, грамадзянскія законы, нават запаведзі Маісея — усё гэта было пладом працы Вучыцеля, які ведаў усё так, як адбывалася насамрэч. Народу гаварылі, што на гарэ Сінай жыве Бог, і людзі верылі: так і ёсць, так павінна быць. Здагадваліся асобныя кніжнікі, але толькі першасвяшчэннік мог бачыць іх, дакладней, аднаго з дваіх, на трэцці дзень іудзейскай пасхі. І калі пасля чарговага свята апраснокаў, замест згорбленага дзядка насустрач святару выходзіў яшчэ досыць моцны мужчына — у свяшчэннай жудасці падаў пасланец храма тварам на зямлю, не асмельваючыся падняць галавы. Было відавочным: з часу апошняй Пасхі Вучыцель памаладзеў. Такі цуд нярэдка наводзіў на думку: “Можа, ён і напраўду вечны? Можа, ён і сапраўды Бог?”. Не кожны ведаў, што адзін  раз у чвэрць стагоддзя на гары заставаўся хто-небудзь з мудрэйшых, на каго прыпадаў выбар.
Убранства пячоры было не багатым: уражвала вялікая колькасць старажытных світкаў, незразумелых прыладаў і інструментаў. Вучыцель ведаў і сакрэт “манны нябеснай”, якой сорак гадоў Маісей карміў абраны народ, ведаў адкуль тая манна з’яўлялася на Сінайскім паўвостраве, і адкуль прывозілася; ведаў загадку меднага змея, якога зрабілі для Маісея і якога той потым паставіў у пустыні, каб лекаваць народ і трымаць пад уладай… Ведаў і шмат іншых сакрэтаў і таямніц чалавечай гісторыі, да многіх цудаў і сам прыклаў руку.
Доўгі час агульнымі справамі апекаваўся Егіпет. То быў час падпарадкавання іншым жраццам, якія жылі ў пірамідах.  Гадоў дзвесце таму іудзейскія разыйшліся з галоўным храмам і сталі самастойнымі. Але і цяпер карысталіся ўсё тымі ж егіпецкімі папірусамі, халдэйскімі світкамі, глінянымі дошчачкамі іншых народаў, на якіх былі выціснуты старажытныя сакральныя тэксты. У свой час, выносячы гэтыя скарбы з Егіпту, Маісей нацярпеўся ад фараона. Цяпер жа світкі, папірусы, медныя і залатыя пласціны, зкрэсленыя знакамі і крыптаграмамі — усё гэта, нібы ў скарбніцы, было раскладзена на каменных паліцах, якія ў некалькі ярусаў ахоплівалі сцены пячоры. Не ўсё можна запісаць. Галоўнае перадаваліся з вуснаў у вусны, праз непасрэдны вопыт, і было закрытым для цікаўных.
Іудзейскі “Вучыцель” самастойна чыніў расправу і суд над надродамі, самаўладна распараджаўся мінулым, сучасным і будучым людзей. Не сакрэт, што ў кожным народзе ёсць свой Вялікі Жрэц, тайны ці яўны Анёл-Ахоўнік, Вучыцель і Настаўнік. І асноўны клопат Вучыцеля народу ізраільскага быў у барацьбе з гэтымі Жрацамі: нельга скарыць народ, не паклаўшы пад апірышча ног сваіх іхніх багоў і святыні. А ў яго планах было… Хто ж можа гэта ведаць, што было ў тых змрочных планах?
Акрамя кніг і світкаў увагу займаў высечаны з суцэльнага граніту стол, ён стаяў пасярэдзіне, некалькі каменных чурбаноў для сядзення, пакрытых зверху скурамі дзікіх жывёл, месціліся побач; два лежакі каля адной сцяны, (прыслугачы-еўнухі спалі ў адмысловай схованцы перад ўваходам у пячору), некалькі залатых пасудзін для ежы — вось і ўсё ўбранства. Але гэтае ўбранства немагчыма было купіць і за ўсе скарбы свету, яно давала непамерную уладу, якую можна было параўнаць, хіба што, з уладай Прадвечнага.
8.
Каіфа выйшаў са скініі. Рэдкія багамольцы спынілі размовы, сціхлі і з цікавасцю чакалі слова першасвяшчэнніка.
— Паслужыце Богу Ізраіля, і народу ізраільскаму паслужыце, які абраны на святую справу — звярнуўся Каіфа да трох пакліканых. — Пра родных і блізкіх можаце не клапаціцца. У іх будзе ўсё, неабходнае для жыцця. Гэта  клопат Храма. Вось чалавек, — ён паказаў выцягнутаю рукою некуды паверх галоў. 
Абапершыся спіною аб калону, каля прытвора стаяў мужчына сярэдніх гадоў, па адзеню можна было вызначыць, што ён не мясцовы і, магчыма, увогуле не іудзей…
— Ідзіце туды, куды павядзе вас. Рабіце тое, што загадае. Аддаяцеся цалкам яго уладзе. Болей вы сабе не належыце. Ды не прысаромце народ, што даверылі такую справу вам, бо ён аддаў лепшых з лепшых.

9.
Праз чатыры дні падарожжа праваднік падвёў пакліканых да высокай гары. У густым кустоўі ля самай падэшвы аказаўся замаскіраваны ўваход. Праваднік падняў прадаўгаваты камень і тры разы стукнуў па гранітным выступе. Праз колькі часу нечакана адкрыўся адмысловы ўваход. Праваднік прыгнуўся і нырнуў у пячору. Пакліканыя памарудзілі хвіліну і рушылі следам. У сярэдзіне сустрэла цемра, вочы паступова прывыкалі да паўзмроку. Заўважыўшы знак рукою, госці прыселі на базальтавыя выступы, пакрытыя зверху вырабленымі скурамі нейкіх жывёл. Селі, моўчкі пераглянуліся. Кожны задумаўся пра сваё, але думкі, як на прывязі, круціліся вакол адной і той жа здагадкі: “Чаму іх паклікалі? Чаму выбралі менавіта іх? І дзеля якой справы яны абраны?”.
Праваднік знік за выступам скалы. Нечакана ў сярэдзіне гары зашумела вада, быццам адкрылі запруду і з вышыні шухнуў вадаспад, здаецца, здрыганулася каменная глыба да самай падэшвы. Адна са сценаў пячоры пасунулася ў бок, утварыўшы шчыліну, праз якую ўварвалася яркае святло. Амаль адначасова Лот, Мордахай і Ілья прыкрылі вочы далонямі выцягнутых рук. Яркае святло асляпіла. У нетрах зямлі заскрыгацелі нябачныя механізмы, кавалак сцяны паехаў назад. Усё сціхла. Пячору ахутаў прыцемак. На тым месцы, адкуль толькі што вырываўся сноп сляпучага святла, нехта стаяў.
Паступова ўсім адкрылася, гэта быў чалавек сярэдняга росту і сярэдняга целаскладу, з правільнымі рысамі твару. “Гадоў семідзесяці!” — вызначыў пра сябе Лот. І барада, і доўгія вусы, і валасы — белыя ад сівізны. Постаць закручаная белай тунікай, талія на поясе перахопленая чырвоным паскам з залатой пражкай. І Лот, і Мардахай і Ілья адразу зразумелі: перад імі стаіць менавіта Вучыцель народу ізраільскага… Той самы таямнічы “Вучыцель”, пра якога хадзіла столькі показак, і пра якога, калі і ўзгадвалі, то толькі шэптам.
“Назавіце сябе! ” — прамовіў чалавек.
Маўчанне доўжылася імгненне. Трое сарваліся з месцаў, бухнуліся перад ім на калені. Першым прагаварыў Ілья.
— Сын Іаоны з Наразрэту, калена Іудзіна. Маё імя Ілья.
— Мордахай, сын Якава з Іерусалім, калена Данава, — пачулася следам.
— Лот. Сын Іосіфа. Віфліем. Калена Давідава.
— Устаньце, — загадаў Вучыцель.
Паслухмяна падняліся. Абтрэслі ад пяску калені. Так і засталіся стаяць  разгубленыя пасярод пячоры, не ведаючы што рабіць далей і як сябе паводзіць. Незвычайная сітуацыя, незвычайная абстаноўка, незвычайныя людзі…
“Сядзьце!” — пачулі яны і пакорна апусціліся на свае месцы.
— А цяпер уважліва слухайце, — памаўчаў некаторы час, пэўна, разважаючы з чаго пачаць і, нарэшце, загаварыў: — Вы былі здзіўлены, што вас паклікалі сюды? Безумоўна. Такі гонар выпадае толькі абраным. Справа, якую зробіце і пра якую пойдзе гаворка надзвычай сур’ёзная. Яна значна сур’ёзней, чым кіраванне дзяржавай. Тым большы гонар.
— Сем тыдняў гэтая пячора стане вышым домам. Тайнае вучэнне праайцоў адкрыецца з новага боку. І вы зразумееце, што трэба рабіць. І якім чынам, і дзеля чаго? Бо справа, якой навучыцеся, вымагае не аднаго дня, — дзесяткі гадоў. Нам дасталася спадчына ад папярэднікаў: бацькі нашы рабілі, дзяды і прадзеды працягвалі, і мы прадоўжым, каб перадаць наступнікам. План ахоплівае некалькі тысячагоддзяў. І дзеля такой справы не грэх кінуць све душы, як паленне ў агонь.
Сказаў і замаўчаў. Цішыня згусцілася і завісла паміж людзей, выявілася незвычайная ўрачыстасць моманту. Недзе ўсярэдзіне цурчэў ручаёк вады. Знадворку даляталі крыкі птушак. Пытанне Вучыцеля застала знянацку: “Вы, пэўна, чулі: хутка прыйдзе Месія?”.
Пакліканыя дружна заківалі галовамі.
— Скажу болей. Месія ужо нарадзіўся. Вы думаеце, ён падобны Богу? Памыляецеся. Машыах — звычайнае дзіцятка: кволае, слабое і безабароннае. Іншым шляхам Бог не можа спусціцца на зямлю і дапамагчы людзям. Ён ўвасобіўся ў двух братах блізнюках. І гэты было зроблена дзеля таго, каб нам лягчэй... Каб лягчэй было здзейсніць, — што менавіта здзейсніць, Вучыцель так і не сказаў, пераскочыў на іншае: — Вы чулі пра вялікую разню ў Віфліеме? Яе ўчыніў Ірад тры гады таму. Тое звязана з будучымі падзеямі. Гэта засечка на памяці. У Назарэце цяпер жывуць два хлопчыкі, два браты, імя аднаго Іешуа, а другога — Імануіл. Ёсць яшчэ трэцці хлопчык, завецца Іаан. Усе пад наглядам Храма. Усім па тры гады. Гэта і ёсць вашы будучыя выхаванцы. Вы і пакліканы сюды для таго, каб падрыхтаваць шлях. Зробіце усё так, як належыць. Станеце выхавацелямі Машыаха, яго праваднікамі ў народзе.

10.
Узыходзіла сонца і зноў заходзіла. Пыдамалася і апускалася. Уставала раніцай і хавалася пад вечар. Хутка і незаметна ляцеў дзень за днём. У занятках, малітвах і роздуме прайшлі вызначаныя сорак дзевяць дзён, сем тыдняў. Пакліканыя разбіралі старыя пісанні, учытаваліся ў старажытныя тэксты, спасцігалі нялёгкую навуку душы. Але больш за ўсё — слухалі, што гаварыў вучыцель. Ён перадаваў вопыт. Два разы на дню, на досвітку і вечарам, калі сонца садзілася на крону разлапістага дрэва, ён выходзіў да іх сам. З’яўляўся нечакана, як прывід, і адразу пачынаў гаварыць, уцягваючы ў размову і роздум: “Без сумненняў, вы народ абраны самім Госпадам Богам. Але што галоўнае для чалавека?”
— Споўніць закон Маісееў! — адказаў за ўсіх Мардахай, — выканаць дзесяць запаведзяў.
— Хіба такое пад сілу чалавеку? — здзіўляўся Вучыцель, — а вы што скажаце? — і пільна глядзеў на астатніх.
— Галоўнае, — разважліва прамовіў Лот, — авалодаць законам, выйсці з пад яго ўлады, гэта значыць, выканаць Божую волю. Для таго каб дасягнуць, трэба дасканала адчуваць волю Прадвечнага, спазнаць яе.
— Цудоўныя адказы. А ты што скажаш, Ілья?
— Прызначэнне чалавека — быць вуснамі Бога: агучваць нябесныя дзеясловы. Настаўляць людзей на сапраўдны шлях.
— Паданне і пісанне, — падхопліваў Вучыцель, — пісанне — натоўпу, а паданне — абраным, — тлумачыў ён далей: — Але розныя паданні, і розныя пісанні. Рознымі бываюць і натоўпы. Паданне заўсёды для абраных. Толькі дзякуючы паданню, авалодваюць разлічэннем. Абраныя таксама розныя. Усё залежыць ад іерархіі. Кожны абіраецца для пэўнай мэты. Цар іудзейскі абраны на царства, і з пункту гледжання падданых, ён ведае ўсё, бо з’яўляецца наймудрэйшым, таму, маўляў, і пастаўлены царом. Але нават для Першасвяшчэнніка не сакрэт: цар ведае тое, што дазваляе сінедрыён. Для Першасвяшчэнніка цар — натоўп. Паданне цара — гэта пісанне левітаў. А паданне святароў — маё пісанне. Маё ж паданне непасрэдна ад Іеговы.
— Лот, — звярнуўся Вучыцель, паказаваючы вачамі на стары світак, — падыдзі да мяне.  Вазьмі і прачытай.
Лот разгарнуў пергамент і стаў чытаць… Тэст быў на іўрыце. Знаёмы фрагмент Пяцікніжжа. Скончыў і запытальна паглядзеў на Вучыцеля.
— Тое што ты прачытаў,  пісанне. Прачытаў, бо цябе ў свой час навучылі грамаце. Вучылі паводле падання. Далі здольнасць разлічаць і тлумачыць, карыстацца граматай. А вось, — падаў ён другі світак, — прачытай гэты ўрывак.
Лот узяў працягнуты пергамент, разгарнуў яго, пакруціў у руках, і не змог разабраць ніводнага слова: мова пісання была не зразумелай.
— Чаму ты не чытаеш? — усміхнуўся Вучыцель.
— Не разбіраю, што тут напісана. Не ведаю такіх літар.
— Гэта той жа самы тэкст, але напісаны па-грэчаску. Вось такім жа чынам пісанне адрозніваецца ад падання. Паданне заўсёды перадае тое ж самае, што і пісане, толькі іншаю моваю.
Шмат чаму яшчэ навучыў іх Вучыцель. Хутка праляцелі  вызначаныя сем тыдняў. І яны разыйшліся ў розныя бакі рабіць справу, дзеля якой і былі абраны.

11.
Быццам бы ўсё было толькі ўчора… Але мінула каля чвэрці стагоддзя. Цяпер яны вярталіся на радзіму. Іудзея прыняла вандроўнікаў насцярожана і падазрона. Іешуа не помніў ужо, якая яна была раней, яго радзіма? Але тое добра памятаў  настаўнік.
Стомлены Лот спыніўся. Перавёў дых і цяжка ўздыхнуў: “Стой! Хопіць, — вымавіў ён, абапёрся аберуч на сукаваты кіў, угняздзіўшы зверху сашчэпленых  рук сівую кудлатую бараду”.
— Далей пойдзеш сам. У мяне не хопіць сілы.
— Вучыцель, — падняў Іешуа чыстыя вочы, — я магу панесці цябе на руках, ці на спіне… Ты лёгкі.
— Іешуа, не называй мяне болей так. Я табе гаварыў… Няма больш у цябе вучыцеля. Адзін цяпер у цябе Настаўнік, Айцец, каторы ў нябёсах. — Лот выраўняў дыханне, паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка падался Іешуа пакутна роспачным адбіткам безвыходнага адчаю. — Я не дайду не па прычыне фізічнай немачы. Не пускаюць думкі. Не магу ісці. Напэўна, не маю права?
— Як жа так? — здзівіўся Іешуа, — столькі гадоў былі разам, столькі земляў прайшлі, і адступіцца перад самым пачаткам?
— Не пярэч! Пойдзеш адзін! — загадаў Лот. — Тут блізка. Вунь, за той гарою знойдзеш яго ў даліне пад старой смакоўніцай. Так трэба. Калі я не паслухаюся голаса і пайду за табою, то толькі нашкоджу. Я ведаю: мне трэба вяртацца…
Іешуа не разумеў, пра што гаворыць яго настаўнік.
— Ты адразу пазнаеш яго. Памылкі не будзе. Адчуеш гэта. Пагавары з ім, узваж яго душу і ацані, — і прыслухайся да свайго сэрца. Прыйдзе адказ. Сэрца падкажа, што рабіць — яно верны павадыр. Што нашэпча, так і рабі. Я нічога не магу параіць. Страціў права даваць парады. Бо я на сваім месцы, а ты — на сваім. І ён, каго сустрэнеш пад смакоўніцай, таксама на сваім. Помні гэта: кожны на тым месцы, дзе паставіў Гасподзь. Мая місія скончылася, твая — пачынаецца. Я навучыў цябе ўсяму, што ўмеў сам. Яшчэ болей навучыўся ад цябе. Цяпер можна і паміраць. Ты пераўзыйшоў свайго старога сябра. Няма большай радасці адчуваць: я зрабіў усё, на што хапіла сілы, здольнасці і разумення. І ты рабі ўсё, на што здатны. Дзля чаго народжаны.
— Акрамя старога Лота ты меў і іншых настаўнікаў. І ад іх навучыўся. І жыццё вучыла цябе. Ты не прапусціў ніводнага ўрока. Жыццё вывучыла, падрыхтавала цябе. І ва ўсіх нас, нават у твайго двайніка, што сядзіць зараз пад смакоўніцай і чакае цябе, пачатку свайго чакае, (якім бы ён не быў, твой двайнік, і што б не гаварыў,  для яго — ты пачатак, а ён станецца вытокам для цябе) над усімі намі, кого сустрэлі пад гэтым сонцам, каго помнім і пра каго забыліся, над нашымі настаўнікамі і бацькамі нашымі, і над іх бацькамі, над усім людствам зямным ёсць… ёсць найвышэйшы Вучыцель, бацька наш, Айцец Нябесны. Яго, толькі Яго і слухай. Ён ёсць, быў і будзе. І застанецца навечна. Усё астатняе — толькі мроя і сон. І незалежна ад таго, як перакрыжуюцца і схлыснуцца вашыя два шляхі, Ён застанецца навечна. Слухай Яго. Вашыя шляхі стануць  адным шляхам. А Ён ёсць, быў, і Ён будзе.  І не мае вялікага значэння, як выявіцца агульны шлях. Але патрэбна выпрабаваць і яго, нават калі ён станецца крывавай памылкай. Трэба дайсці да апошняй мяжы, да кропкі. І як бы не было потым, як бы не здарылася, ведай, Іешуа, вы пройдзеце рознымі шляхамі адну дарогу. Ён і ты. Ён і ты ёсць Адно. А разам з вашым дваістым шляхам праляжа Адзіны Шлях.
— Я не ведаю дакладна, як перакруцяцца вашы пуцявіны, ніхто ўжо нічога не ведае. Гэта не дадзена чалавеку: ведаць дакладна. Чалавек жыве спадзяваннем, прадчуваннем, верай у лепшае. На ўсё Воля Гасподняя. Але я ўпэўнены, нават прашчуры не забудуць агульнае імя: Хрыстос. Ніхто не забудзе гэтага імені.
— Ён твой антыпод. Палярнасць тваёй душы, супрацьлегласць твайго Духу. Ты гуляў па свеце вольным, як вецер, ішоў туды, куды клікала сэрца, а ён гадаваўся ў жорсткіх рамках закону. Калі ён ноч, ты — дзень; як выявішся — сонцам, ён месяцам заззяе ў тваіх промнях; калі ты дабро, то ён зло… Няма прарока ў сваёй айчыне, цябе адвергнуць іудзеі, але прымуць язычнікі. І панясуць на знамёнах сваіх. Язычнікі абавязкова прымуць цябе: ты многаму ў іх навучыўся. Але ўсё можа стацца, а можа і не… І зноў жа, наадварот перакруціцца. Вы як два крылы. Не паляціць птушка з адным… А калі і наважыцца якая, насмеліцца ўзляцець у неба, то кружыціме вакол аднаго месца, быццам шукаючы страчанае крыло.
Стары Лот замаўчаў. Вузлаватыя пальцы церабілі пазногцямі сучок посаха, адкалупваючы ад дрэва крышынкі дробнага парахна, якое церушылася на зямлю. Яго вочы былі апушчаны долу. Іешуа заўважыў, як у промнях заходзячага сонца, на шчаках выбліснулі вільгаццю дзве баразёнкі слёз: прарэзалі віхлястымі раўчукамі запылены ў дарозе твар.
— Ты плачаш? Чаму? — спытаўся ў вучыцеля.
Ён цяпер выракаўся ганаровай ролі, нават забараніў называць сябе вучыцелем. І, усё ж такі, не ўтрымаўся, даў апошні наказ на дарогу.
— Хіба ты не павінен радавацца, што годна пранёс ношу, ускладзеную на твае плечы? Годна выканаў ускладзены доўг, цалкам споўніў прызначэнне… Хіба не радасць — адчуваць сябе пачаткам вялікай справы? Яшчэ ніхто ні пра што не ведае, а ты, як военачальнік, аглядваеш войскі і даеш таямнічы знак для вялікай бітвы? Ці ты, Лот, (першы раз ён назваў яго проста па імені, без звычайных пашанотных эпітэтаў) нешта ўсё ж такі не дагаворваеш?
Не адразу прагучаў адказ. На нейкае імгненне Іешуа раптам убачыліся, усяго на імгненне кінулася ў знакі, што баразёнкі ад слёз на твары настаўніка выбліснулі крывавым водбліскам. Зрабілася вусцішна. Сонца садзілася.
“Я плачу, — прашаптаў стары бяскроўнымі вуснамі, выпусціў з рук посах, прыпёр яго да грудзей і, правёўшы далонямі зверху ўніз па твары,  выцер слёзы”.
— Плачу ад няведання… І ад бяссілля змяніць што-небудзь. Але што важаць мае слёзы? Звычайная плата, выкуп за свае магчымыя памылкі. Ты застаешся адзін. Плачу познімі слёзамі раскаяння: раптам не ўсё, што меўся, аддаў вучню? І менавіта тое, што недадаў, чаму недавучыў — так хутка можа спатрэбіцца. І будзе бракаваць самую дробязь. І ніхто, ніхто ў цэлым свеце не зможа табе дапамагчы. Ці ўсё зрабіў я, каб аберагчы, засцерагчы цябе ад маючых адбыцца выпрабаванняў? Гэта і турбуе мяне. Не магчыма ўсё прадугледзець. Не просты шлях цябе чакае. Вельмі шмат пачало здарацца невытлумачальнага: выпадковасць за выпадковасцю, супадзенне за супадзеннем! Такое не павінна было здарацца. Значыць, вырашыў я, Божая воля пачала дамешвацца да волі чалавечай. Напэўна, я чагосці не разумеў? І цяпер вырашыў адступіцца. Таму і застаюся тут. Не іду далей з табою, каб не перашкодзіць праявіцца ў тваім сэрцы Божаму Духу. Няхай выявіцца на ўсю моц. Таму і плачу, што ні мне, ні табе не пакінулі болей выбару. Няма іншага шляху. Бо напраўду не ведаю зараз, які шлях чакае наперадзе. Калі не ведаю, то і сумняваюся: ці правільна рыхтаваў і вучыў цябе? Ва ўсім пачынаю цяпер сумнявацца. Нават у тым, што ёсць дабро, а што ёсць зло? Заблытаўся я… Як і ўсе астатнія. Ты сам будзеш абіраць гэты шлях. Сам станеш дарогай. Ідзі, ідзі… Ён чакае.
— Дзякуй табе, Лот! За ўсё дзякуй! Што зрабіў для мяне і чаму навучыў.
Іешуа апусціўся перад ім на калені і нізка схіліў галаву ў знак пашаны. Стары блаславіў яго. Прыпадняў за плечы і апошні раз заглянуў у вочы. “Сінія, — падумаў, суцяшаючы сябе, — значыць, Сына Неба. А ў таго вочы рудыя”. Усміхнуўся, і лёгка так адпіхнуў ад сябе, маўляў, ідзі… “Толькі б Неба не адступілася ад цябе, — і прамовіў на развітанне весела і ўпэўнена: — Ідзі з Богам! Бог з табою”.


12
Доўга стаяў і глядзеў Лот у след Іешуа. Абапёршыся аберуч на дарожны посах, угняздзіўшы паверх сашчэпленых рук сівую бараду, праводзіў свайго пеставанца ў невядомае, бласлаўляў вачыма яго будучы шлях.
 Успомнілася… Успоміўся адзін з урокаў на берагах сівога Ганга.
— Хто твой бацька, Іешуа? — спытаўся тады ён.
— Мой бацька далёка, — адказаў маленькі хлопчык, так яго навучылі: — Бацька мой зоры пасеяў на небе, павесіў зямлю карміцельку над чорнай безданню, і закруціў яе, быццам ваўчок, і пусціў па кругу вакол сонца…
— А хто маці твая, Іешуа?
— Маці мая, Зямля-Карміцелька. Яна і ёсць мая Мацерка. Я сын яе, яна любіць мяне, бо і я  люблю яе, болей чым душу сваю. І жыццё сваё не пашкадую дзеля гэтай Любові.
— Хто ж брат твой, Іешуа?
— Мой брат — чалавек, народжаны жанчынай. Такі ж, як і я. Але брат — гэта не я, бо я — добры пастыр. Кожны чалавек мне брат, толькі не па крыві, па нябеснаму нараджэнню. Той мне брат, хто рабіціме справу Паслаўшага мяне.
Ці зразумее сёння, сталы мужчына, ідучы сярод людзей, што значаць гэтыя словы, і ці дапаможа яму навука зямных народаў?
На небе з’яўляліся першыя зоркі. Лот прысеў на калені, абапёрся рукамі аб зямлю і лёг. Перавярнуўся на спіну. Паклаў посах на грудзі, абхапіў яго ладонямі і застыў. Вочы глядзеліся ў неба. Позірк блукаў па Млечным шляху ад зоркі да зоркі, лавіў пісягі  знічак, што ўспыхвалі на імгненне, і згазасалі, углядваўся ў бездань, быццам намагаўся уцягнуць нябёсы на дно сваіх вачэй.
Прайшла гадзіна, дзве… Стары ляжаў дагары тварам і не варушыўся. Толькі прыгледзеўшыся, цяпер можна было заўважыць: грудзі больш не ўздымаюцца, а вочы зрабіліся шклянымі,  не міргаюць.

13.
Здалёк Іешуа ўбачыў струменьчык дыму. Ён уздымаўся ўгару ад старой смакоўніцы. Сонца ужо схавалася за гарой. Касыя промні нейкі час яшчэ лашчылі чырвоным святлом выпуклае ўзвышша, але вось згаслі і яны. З верху апускаўся тумановы прыцемак, а ў даліне ўжо распаўзаўся густаваты змрок. Там, адкуль віўся дымок, выблісквалі языкі агню. З кожным крокам полымя рабілася ярчэйшым, быццам раздзьмувалася ветрам.
Абапёршыся спінаю да старога дрэва і схіліўшы галаву на грудзі, сядзеў чалавек. Паварушваў у вогнішчы палкаю і раглядаў языкі агню. Вогнішча было раскладзены акурат паміж каранёў смакоўніцы, у спецыяльна вырытай для такой мэты ямінцы. Карані абвугліліся і сям там обхоплівался полымем. “Загіне!” — непрязна падумалася Іешуа, калі падыйшоў зусім блізка. Такая абыякавасць да жывога разанула сэрца неабачлівасцю і нейкай незвыклай жорсткасцю таго, хто сядзеў пад дрэвам.
Незнаёмы не заўважаў пакуль, што Іешуа стаіць  і назірае за ім. Ці толькі выгляд рабіў, што не заўважае? Апрануты быў у такі ж самы чырвоны хітон: на нагах сандалі, валасы абхоплены белай стужкай. Побач збоку ляжыць худая торба, сшытая з грубай парусіны, зверху — кій. Нічога лішняга. Звычайная экіпіроўка пастуха ці вандроўніка.
— Добрай ночы! — прывітаўся Іешуа.
Згорблены сілуэт не здрыгануўся, не крануўся з месца, не ўзняў галавы. “Можа, задрамаў?” — падумаў Іешуа.
— Вы не мяне чакаеце?
Прамовіў гучней, але словы так і павіслі ў паветры. Ніводным рухам незнаёмец не паказаў, што словы пачутыя.
Іешуа стала ніякавата ад нядобрых прадчуваняў.
Нарэшце незнаёмы азваўся.
— Гэта ты мяне чакаеш. Бо я ўжо прыйшоў, — не ўздымаючы галавы, адказаў ён. — Усе мяне чакаюць. І ты чакаеш, бо толькі пачынаеш хаду.
 Словы падаліся Іешуа такімі роднымі, быццам гучалі яны і ў ягоным сэрцы. Ён слухаў, а яму тым часам здавалася, што гаворыць ён сам. У парасторы гучаў ягоны голас, але ён сыходзіў ад чужака! Такім падобным аказаўся голас на яго ўласны, паходзіў тэмбрам, інтанацыяй, нават афарбоўкай самога вымаўлення менавіта на яго, Іешуа голас. Дзіўным было чуць такое з чужых вуснаў. Перагукаліся і думкі.
— Але я нікуды не іду. Стаю тут перад табою.
— Ты не стаіш. Гэта я стаю! А ты — ідзеш... І чакаеш. Чаканне — таксама рух. Бо ты ўсё яшчэ не прыйшоў. А значыць, — ідзеш… А я прыйшоў, і моцна стаў нагамі на сваю зямлю, яна маё апірышча: галава хаваецца ў аблоках, а ногі — на зямлі. Але яны не ведаюць, і не разумеюць. Не могуць зразумець. Бо я ёсць — Месія!
Ён прамовіў гэтыя сакравенныя словы, якія былі такімі салодкімі для Іешуа, і якія ён іншы раз баяўся сказаць нават самому сабе. А гэты чужак вымавіў іх, так упэўненна і нахабна, настырна, і ў той жа час прагаварыў мімаходзь, прывычна і лёгка, баццам гаварыў кожны дзень.
— Як імя тваё? — спытаўся Іешуа, — “Імануіл, — прагучала ў адказ, — што значыць: з намі Бог”.
— А хто ж ты?
“Хто я?”, — перапытаў субяседнік, што сядзеў абапёршыся спіною аб парэпаную кару смакоўніцы і гаварыў голасам Іешуа, яго ж думкі агучваў, спытаўся, і сам жа адказаў: “Той, хто прыйшоў раней, і хто застанецца пасля цябе. Той хто быў, ёсць і будзе… Той жа, хто і ты”, — толькі зараз ён павольна падняў галаву: “Брат твой!” — дадаў ціха глянуў  проста ў вочы. І дзве пары вачэй сустрэліся, перакрыжаваліся і высверкнулі, як дзве маланкі.
 У незнаёмца, што гаварыў голасам Іешуа і глядзеў зараз у вочы, быў і ягоны твар. Люстраны адбітак яго асабістага твару! Толькі вочы былі чужымі, калючымі і халоднымі. Ён назваўся братам. І хаця Іешуа за гады вандровак, пошукаў і  сталення навучыўся нічому не здзіўляцца, успрымаць усё ў духоўнай раўнавазе, у першае імгненне не саўладаў з сабою, быў шакіраваны ўражаннем, нат сцепануўся: “Вось яно што!” — прыйшла нечаканая разгадка папярэднім недасказанасцям. Цяпер, нарэшце, усё сходзілася, расстаўлялася па сваіх месцах. Усё стала  зразумелым.
— Ты мой брат, — працягваў Імануіл, — з двух канцоў будзем рабіць адну і тую ж справу. Я тваё правае, мацнейшае крыло, а ты маё левае.
— Штосьці я не чуў, што і сярод птушак ёсць ляўшуны, — пажартаваў Іешуа, паступова прыходзячы ў сябе. — Дык гаворыш, што ты — Мессія? І можаш гэта засведчыць?
— Так. Я сам сведчу пра сябе. Бо я знаю, адкуль выйшаў, куды прыйшоў і куды іду. А ты ведаеш толькі тое, адкуль прыйшоў. А куды ісці далей — табе невядома. Я — Шлях, і я ісціна для цябе. А ты стаіш перада мною і чакаеш, што скажу я, каб убачыць сваю дарогу.
Іешуа падыйшоў і моўчкі сеў на камень насупраць Імануіла. Лагодная ўсмешка не сходзіла з яго вуснаў. Ён з цікавасцю ўглядваўся ў твар брата, быццам глядзеўся ў самога сябе.
— Вось сядзіш і чакаеш, — падладзіўся Імануіл пад зменлівасць сітуацыі, каб больш дакладна выказаць думку, — і толькі ад таго, што я скажу табе, будзе залежыць твой далейшы шлях. І лёс агульнай справы. Я твой брат. І ты — брат мой! Адна маці нарадзіла нас, зусім розныя выхавалі. Я ведаў заўсёды, што ёсць ты. А ты толькі ў прадчуваннях мог здагадвацца пра маё існаванне. Мая маці — Іудзея, твая ж — уся астатняя зямля. Цябе ўскарміла мудрасць чужой зямлі, а я ўзрастаў на скалістай стойкасці Ізраіля. Я нідзе не быў і нічога не бачыў, акрамя вось гэтых скупых ланшафтаў, а ты абхадзіў, аб’ездзіў і аглядзеў усе дзівосы свету. Але я ад пачатку знаў сваё прадвызначэнне, а ты абавязаны быў адкрыць у сабе абранасць. Мяне з дзяцінства выхоўвалі, а ты даведаўся пра сваю місію толькі пяць хвілін таму.
— Ты памыляешся, — перабіў яго Іешуа, хаця і навучыўся выслухваць субяседніка да канца, але назідальна-павучальны тон адкрыў яго вусны, — я таксама ведаў сваю абранасць з малку. Ведаў у сэрцы сваім.
— Кожны, каго нарадзіла жанчына, для чаго-небудзь ды абраны. Хто на што здатны. Але ты растрачваў свае сілы ў сумнненях, у дарэмных пошуках непатрэбных ісцін толькі дзеля таго, каб спатыкнуўшыся аб памылку, адкінуць чарговы варянт развіцця падзей, і шукаць іншы. А мой шлях усё жыццё быў азораны дакладна выверанай мэтай. Я не блудзіў у марных пошуках. Рыхтаваў сябе для канкрэтнай справы, назапашваў сілы. Бо я — Сын Чалавечы, а ты — Божы Сын! Хто з нас акажацца мацнейшым, будзем ведаць толькі мы з табою. Але ты без мяне — нішто. Я прышоў раней… І прапускаю цябе наперад. Бо пасля таго, як сыйдзеш, мне прыйдзецца дарабляць тое, чаго ты не зможаш зрабіць. Табе не дадзена. Дадзена мне, а ты сам знайшоў. Але без цябе і мне не споўніць тое, што задумана.
— Задумана, ці наканавана?
— Ніякай розніцы, — ухіліўся Імануіл ад прамога адказу: — Мы абое робім адну і тую ж справу. Мы — адно цэлае, час згубіць адно імя, бо толькі обое, разам мы — Хрыстос! А паасобку — простыя іудзеі: ты — Іешуа, а я — Імануіл…
— Дык задумана, ці наканавана? — паўтарыў Іешуа сваё пытанне, — бо калі задумна, то прыйшло ад людзей, — не Божая воля, а — чалавечая. А калі наканавана, то спаўняецца воля Таго, хто паслаў.
— Аніякай розніцы. Без Бога няма чалавека. А без людзей Бог непатрэбны. Ты разумееш мяне, брат мой? Ты бачыш, што нас чакае? Ці вытрымаеш усё, чаму наканавана адбыцца? Няхай будзе так, як ты хочаш: наканавана. Але ці хопіць у цябе моцы і веры? Цярплівасці. Не кажу пра Любоў, ці хопіць стойкасці, трываласці?
— І так і не, — скрушна прамовіў гэтыя словы Іешуа. — Я бадзяўся па свеце, спасцігаў мудрасць народаў… Намагаўся прадрацца да вышняга свету, і што-кольвеч зразумеў у сваіх памкненнях. Мая радзіма змянілася. Непазнавальна змянілася. Сэрца ізраільцяніна зусім іншае, чым сэрцы жывых людзей. Яно цвёрдае, як крэмень. Імануіл, ты назваўся братам. Магчама, так яно і ёсць. Іначай не вытлумачыць падабенства. Але не па плоці і крыві, па Духу Божаму — хто твой бацька?
— У нас адзін Айцец.
— А я ў гэтым яшчэ не ўпэўнены. Напісана ў кнігах, “зёлкі жывой не абломіць”, а ты, называючы сябе Збавіцелем, раскладаеш вогнішча ў каранях смакоўніцы. Табе яе не шкада, мо таму, што не твая спадчына? Вось гэтае мне і не зразумела, не магу ўцяміць. Можа стацца, твой бацька — д’ябал, які быў ад пачатку хлусам.
Чорная ноч апусцілася на даліну. На небе загараліся зоркі. А яны сядзелі і не маглі нагаварыцца, два падобныя, як дзве кроплі вады, два браты, але такія далёкія і розныя.
— А хіба ж ты не ведаў, Іешуа, што дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, зсякаюць і кідаюць у агонь?
— Ты мне адкрываеш вочы? Хто даў табе права рабіць так? Хто даў права судзіць плады, калі не ты саджаў дрэва. Адкуль ведаць табе, добры плод ці благі, калі не ўлічваць канчатковай патрэбы.
— Я сам бяру сваё права па першародству. А ты і ў гэтым сумняваешся. Безумоўна, я табе адкрываю вочы, а не ты мне. Маўчы і слухай. Прыйдзе час, загавораць пасля цябе. Тады замаўчу я, каб адкрыць вусны пасля таго, як яны нагаворацца.
Я плоць ад плоці ізраільскі, а ты набраўся сусветных блох… І лічыш, што гэта розум? Чужымі рукамі жар заграбаць, чужымі ісцінамі ў пекла дарогу масціць. Чужымі багамі ды на чужым гарбе ў рай не ўедзеш. Маўчы і слухай. І запамінай. Прыйдзе час — і скажаш. Мае словы скажаш. Бо табе гэта спатрэбіцца, а для мяне — лішняе. Я прышоў, а ты ўсё яшчэ ідзеш. І будзеш ісці вечнасць. Бо ты неба, а я — зямля. Тваё царства не ад гэта свету, а маё валадарства тут, на гэтай зямлі — плоць, пот і кроў… І навошта мне шкадаваць драўніну, калі я ні да сябе, ні да кога іншага не маю спачування. Вось, панюхай, чым пахне палёнае мяса.
З гэтымі словамі Імануіл раптам усунуў руку ў вогнішча, зачарпнуў жменяй гарачае вуголле і падаўся ўсім корпусам уперад… Іешуа адхіснуўся, маланкай мільганула думака: зараз жбурне чырвонае вуголле ў вочы! Але Імануіл трымаў выцягнутую ўперад руку перад яго тварам, быццам паказваў: “Глядзі і запамінай!”. Ніводзін мускул не здрыгануўся на яго твары. Скура на некаторых пальцах усхапілася пухірамі і лопнула. Патыхнула смаленым, зашыпела вуголле…
Іешуа не вытрымаў  і, ударыўшы па працягнутай руцэ, выбіў жар з далані.
— Што ты робіш! — узрушыўся ён і затым ціха дадаў, — брат…
— Прызнаў, усё ж такі, — Імануіл уздыхнуў. — Ты сказаў “брат”… Табе забалеў мой боль. Так і людзі будуць прымаць і прызнаваць… Толькі тады, калі забаліць чужы боль. Толькі так, а не іначай. Няма іншага шляху пад сонцам. Чалавек прыходзіць у гэты свет і першае, што адчувае — боль. Жанчына, нараджаючы дзіця, спачатку крычыць ад болю, толькі потым яе сэрца перапаўняецца пяшчотай і любоўю да народжанага. Потым, калі боль мінае, прыходзіць Любоў. А да гэтага яна гатова задушыць сваё дзіця, бо спазнала праз яго родавыя пакуты. Свет можна скарыць і адалець толькі болем.
— Не толькі болем, — запярэчыў Іешуа, — свет падуладны Любові.
— Але спачатку боль. Боль заўсёды, а любові можа і не быць…
— Давай палячу, — прыпадняўся з каменя Іешуа, — я навучыўся ў Індыі здымаць апёк. Дай руку.
Імануіл усміхнуўся. Першы раз за час іх сустрэчы усміхнуўся, і Іешуа адзначыў: братава ўсмешка не такая, як у яго. Ён усміхаецца па-іншаму, аднымі вуснамі. Іешуа добра навучыўся чытаць усмешкі, і такую ўсмешку мог бы вызначыць, па меньшай меры, ня шчырай, або нават злою.
— У лячэнні няма патрэбы, — ён працягнуў да святла сцісную ў кулак руку і раскрыў далонь: рука была здароваю, агонь не пакінуў слядоў. — Урач, вылячы спачатку самога сябе.
І ў гэты момант Іешуа адчуў востры боль у правай руцэ: боль стральнуў знізу ўверх, ад пальцаў да пляча, а заты адкаціўся ўніз і зноў заныў у далані. Іешуа расцінуў сваю руку і жахнуўся: у некалькіх месцах усхапіліся свежыя пухіры, гатовыя вось-вось лопнуць.
— Якою сілаю ты зрабіў гэта?!!
— Сіла зыходзіць з адной крыніцы. Яна адна і тая ж на дабро і на зло, — сказаў Імануіл, — і не я гэта рабіў. Ты сам сабе. Як я сам не дазволіў агню з’есці плоць, хоць і кранаўся вуголля. А ты апёкся без агню. Прычына ў рознасці думак. Адзін мае над гэтым уладу, а другі пакуль не. Ты залішне ўражлівы. Думку, адчуванне і пачуццё трымаюць на моцнай прывязі, на жалезным ланцугу волі, як раз’юшанага драпежніка. Інакш яны завалодваюць істотай і цела будзе верхаводзіць над духам. Навошта было столькі гадоў спасцігаць мудрасць, каб не навучыцца нават гэтаму?
— Я вучыўся і спазнаваў Любоў.
— Хто каму пакарыўся, той таму і слуга.
— Лічы, што я скарыўся Любові. Бо толькі яна валадарыць на сусветам. Я — раб любові, і толькі адной ёй служу.
— Раб не болей свайго гаспадара. Значыць, любоў большая за цябе?
— Так. Пакуль большая. Яна не мае межаў. Але прыйдзе час і я стану яе валадаром і яна будзе служыць мне.
— А што такое Любоў? — з непадробнай цікавасцю цяпер Імануіл паглядзеў на брата.
— Усё, што навокал — любоў. Усё, што ты бачыш і чаго не бачыш. Усё, што на зямлі, у вадзе, і ў небе. Усё жывое, ёсць Любоў. Жыццё —  і ёсць любоў, яе сапраўднае выяўленне. Любоў —  гэта Тайна. “І тайна тая вялікая ёсць”.
— А хіба ж можна скарыць тайну?
— Чаму ж не, можна.
— Тайна тое, што не вядома. Як спазнаць нешта, чаго мы не ведаем? Можа, яго зусім няма, а ты збіраешся завалодаць ім? І завалодваеш пустэчай.
— Глядзі, мы не ведаем будучыні. І што з гэтага? Не ведаем, што будзе заўтра. Кожны новы дзень у схроне вечнасці — загадка. Але жывем, і чарговая раніца выкрадае ў будучыні, у нявядомым пакуль нам, новы дзень. І гэты дзень заўтра абавязкова наступае, хоць сёння схаваны ў невядомым. Так праходзіць жыццё, пераўтвараючы будучае ў мінулае, якое пражываем і спазнаем. І тайнае, невядомае для нас сёння, заўтра становіцца пражытым і спазнаным. Набліжаючыся да таямнічага, спазнаем яго. Калі пражыць жыццё ў любові, то спазнаем яе, і ўрэшце становімся — валадарамі.
Імануіл падсоўваў дровы ў агонь і маўчаў. Вогнішча выкідвала чырвоныя іскры, яны адрываліся ад полымя і, узляцяўшы ў зорнае неба, хутка згаралі.
— А чаму выбралі нас? — адвёў погляд Іешуа ад згараючых у начным небе іскрынак.
— Такое пытанне не мае адказу. Яно пусты гук… Ну, выбралі б каго іншага, і ты спытаўся б: “А чаму выбралі іх?”. Што змянілася б? Істотна — нічога. Бо заўсёды некага выбіраюць. Ёсць абавязковая работа, яна павінна быць зроблена. Хто яе выканае — не мае прынцыповага значэння. Галоўнае, — зробіцца работа.

14.
Сто тысяч гадоў, ці болей ідзе сляпое развіццё чалавецтва. І ўсяго толькі двацаць стагоддзяў таму пяройдзена мяжа, пасля якой нехта зыйшоў у цень, у бок ад асноўнай магістралі развіцця, адыйшоў і пачаў сачыць за развіццём збоку, карэкціраваць, папраўляць, а то і правакаваць “памылкі” гісторыі, падштурхоўваючы развіццё ў патрэбны яму “ценявым” бок. Галгофа падзяліла чалавецтва. Да яе кожны народ быў абасоблены і развіваўся самастойна. Пасля Галгофы чалавецтва зрабілася адзіным, нават калі яно выспавядае Будду ці Магамета, усё адно сучасная цывілізацыя носіць радзімую плямку Хрыста.
Яны праседзелі каля вогнішча цэлую ноч. Прагаварылі да ранку.
— Адкажы мне, — пытаўся Іешуа ў Імануіла, — адкажы на такое пытанне. Ты гаварыў, што ўзгадаваны законам Маісеевым, плоць ад плоці — Ізраільскі. — Іешуа падняў галаву і ўважліва паглядзеў у твар брата: водбліскі начнога агню адбіліся на дне яго вачэй: — Чаму Маісей вадзіў народ па пустыні сорак гадоў?
Спытаўся і замаўчаў. Парушаючы цішыню вясновай ночы, ускрыкнула нейкая птушка. “Не мясцовая, — вызначыў Іешуа, — пералётная”. Іх шмат прылятае сюды ў даліну ўсяго на некалькі дзён. Яны ляцяць з берагоў Ніла, адкуль Маісей вывеў і народ ізраільскі, два-тры дні адпачнуць, набяруцца сіл і выпраўляюцца на Поўнач. Там іх радзіма, там яны звіваюць сабе гнезды і выводзяць птушанят. Так паўтараецца з году ў год, і з веку  ў век. А дзе ж твая радзіма, чалавек? Птушкі маюць гнёзды, лісы маюць норы, а Сын Чалавечы…
Імнуіл варушыў у вогнішчы сукаватай палкай, падграбаў з краёў у сярэдзіну паленцы, якія згарэлі не цалкам, і нічога не адказваў. Маўчанне зацягнулася, Іешуа было падумаў, што брат забыўся на пытанне, але памыліўся.
— Хіба ты не ведаеш, чаму спатрэбілася сорак гадоў? — пытаннем адказаў Імануіл.
— Я ведаю так, як ведаю я. Але мне хацелася пачуць меркаванне сына народу ізраільскага.
— Добра. Тады слухай. За сорак гадоў вырасла новае пакаленне. Народ зрабіўся вольным. Усе, каму рабства ўелася ў плоць, адыйшлі  да праайца Якава. У абетаваную зямлю ўвайшлі вольныя людзі.
— І толькі гэта? І нічога болей не хочаш дадаць да сказанага?
— Толькі гэта. Што можа быць яшчэ? Народжаны рабом — рабом памірае. Вось і спатрэбілася сорак гадоў блукання, каб рабы вымерлі. Хіба ты лічыш іначай?
— Іначай… — Іешуа таксама адказаў не адразу, вытрымаў даволі доўгую паўзу, каб прыдаць словам большую вагу. — Іначай… Вось нам зараз па трыццаць гадоў. Колькі сябе помню, вандраваў па свеце. Жыў між розных людзей, пазнаёміўся з ладам жыцця розных плямён, засвойваў іх культуру. І што магу сказаць: усе людзі сеюць і жнуць, усюды збіраюць плады, якія дае зямля, гадуюць жывёл, займаюцца паляваннем ці рыбалоўствам. Усюды працуюць і жывуць са сваіх рук. Нават там, дзе зямля на накалькі месяцаў не падпускае да сябе чалавека: пакрываецца белым халодным дываном, а вада робіцца цвёрдай, як горны крышталь. Усюды чалавек жыве з працы. Пад Богам усе роўныя. Няма ні эліна, ні іудзея… Усе Яго дзеці. За трыццаць гадоў я навучыўся многім рамёствам, шмат чаго ўмею рабіць. Ні дня не праходзіла без працы. Той, хто працуе, таго корміць Маці-Зямля. Ці ў рабстве чалавек, ці сам трымае парабкаў, жабрак ён, ці валодае багатымі скарбамі, адну світку носіць, ці апранаецца ў раскошнае адзенне; незлічоныя статкі пасвіць, сады даглядае, зямлю арае, ці іншаю маёмасцю валодае — усе людзі аднолькавыя. Ты кажаш, сорак гадоў спатрэбілася, каб вытравіць з душы рабства? І хіба зараз у тваім народзе не існуе рабтсва? Ёсць народы, якія ўвогуле не ведаюць, што такое рабства — жывуць, як адна вялікая сям’я… Не, я думаю іначай. Рабства не стала меней. Наадварот, людзей увагналі ў новае, не прыкметнае рабства, зрабілі нявольнікамі ідэі абранасці.
Заўваж, сорак гадоў ніхто не працуе.  Сорак гадоў!!! І кожны дзень народ мае спажыву. Сорак гадоў — болей чым мы жывем на свеце. Не працуе ніхто! Але іх добра кормяць. Кормяць задарма. Каго кормяць толькі за тое, што яны ёсць? Хто не працуе, але кожны дзень атрымлівае ежу? Адказваю: салдаты і воіны. Армія. Войска заўсёды на ўтрыманні народу. Спатрэбіцца войска, ці не, еле яго забяспечваюць і ежай, і адзеннем, і зброяй. Хто не корміць сваю армію, будзе карміць чужую. Гэта старая ісціна. Чалавек адпраўляецца на службу ў сталым узросце, ці калі пачынаецца вайна. А ў маісеевым “войску” — усе, ад малога дзіцяці, да старога дзеда — усе былі салдатамі. Выйшлі з Егіпту людзі, такія ж, як і іншыя. Але праз сорак гадоў блукання з пустыні паказваюцца ўжо не людзі, не новы народ, а нешта іншае… Сорак гадоў іх кармілі не толькі нябеснай маннай і не толькі смажаннымі перапёлкамі… Кармілі кожны дзень яшчэ і словамі. “Вы абраныя Богам! Бог дасць вам у спадчыну зямлю абетаваную… Вы народ абраны, і іншыя народы будуць служыць вам, і панясуць вас на плячах сваіх… Усё золата свету складуць да вашых ног” — такімі словамі іх кармілі. Так, з пустыні выйшаў новы народ, якога нідзе няма на зямлі, народ, які не ведаў, як жывуць іншыя, не ведаў, што чалавек абавязаны жыць з працы сваіх рук, народ, які і слыхам не чуў, што ёсць іншае жыццё, як і тое, што ёсць дабро і ёсць зло. Маісей спадзяваўся вытруціць першародны грэх чалавека.  Я не ведаю, на што спадзяваўся Маісей. Магчыма, намерваўся вярнуць на зямлю рай. Але атрымалася нешта зусім іншае. Напэўна, ён сам жахнуўся таго, што нарабіў. Скрыжалі з запаведзямі разбіў, меднага змея ўзняў у пустыні…
Імануіл, адкажы каму спатрэбілася армія ў ліку цэлага народа? Таму, хто забяспечваў войска правіянтам. Егіпецкія жытніцы не спусцелі. А дзеля чаго? Ты ведаеш? Не. Вось і я не ведаю. Якая яна, абранасць іудзеяў!? Яны абраны, але самі не ведаюць на што і дзеля чаго? Чым іудзей лепшы ад іншых? Абіраюць для пэўнай мэты. Калі трэба ўзараць поле, выбіраюць для гэтай мэты вала; трэба ехаць на кірмаш — бяруць асла, ці каня; а калі збіраюцца вязці тавары ў далёкія краіны і гандляваць імі — спраўляюць цэлы караван вярблюдаў. Мэта прадвызначае абранасць. Скажы, Імануіл, дзеля чаго абіраюць цэлы народ? Задумайся над гэтым: спачатку з дванаццаці каленаў ізраілевых абіраюць калена Левія, а затым з процьмы народаў выбіраюць іудзеяў, для нечага водзяць сорак гадоў па пустыні, а праз стагодзі з усяго народу выбіраюць для адной мэты толькі нас з табою. Ты ведаеш канчатковую мэту? Не. Табе сказалі, ты — Мессія! Збаўца і выратавальнік свету… Ты павінен быў прыйсці, бо цябе чакалі, і ты прыйшоў… Цябе паслаў сам Бог. Але табе гэта сказалі людзі, праайцоў якіх у свой час таксама нехта выбраў. Ці не для таго выбраў, каб зрабіць з іх нелюдзяў? Думай, Імануіл, думай…
Ніхто не абразае крайнюю плоць, акрамя народу ізраільскага. Калі б абразанне было патрэбным і карысным для чалавека, чалавек нараджаўся б абрэзаным. Айцец Нябесны абразаў бы яго ва ўлонні маці. Ці Айцец Нябесны дурнейшы за зямнога бацьку? За сорак гадоў у народа абрэзалі душу. Вол не ведае, чаго яго ўпрагаюць у ярмо, быку не вядома з якой мэтай удзяваюць у ноздры жалезнае кальцо, і каню невядома, чаго накідаюць аброць і цуглямі да крыві разрываюць сківіцы. Тое ведае гаспадар вала, быка  і каня… Бо гаспадар ведае канчатковую мэту. Хто твой гаспадар, Імануіл? Хто твой Бацька? Айцец Нябесны не робіць непатрэбшчыны.
Імануіл маўчаў. Здаецца, парою нянавісць выблісквала халодным агнём у яго вачах: упершыню ў жыцці ён не ведаў што адказаць.
— Ты сумняваешся ў абранасці іудзеяў? — заскрыгацелі ў яго голасе металічныя ноты.
— Не, але паўтараю, — лагодна адказаў Іешуа, — кім абраны? І дзеля якой мэты? І хто абраў? Добра было б, калі б народ быў абраны Богам ды на Божую справу. Але ж не трэба забывацца пра гэтае месца Святых Пісанняў: “І пачалася на небе вялікая вайна. І траціна ангелаў паўстала супраць Бога… І падзенне яго было вялікае…”. Такое вялікае, што да гэтага часу падаюць на зямлю. Так, мы абраныя, але з якой мэтай? Безумоўна, ружы лепш узрастаюць з гною. — Іешуа усміхнуўся свайму брату, шчыра і адкрыта, ён зусім не меў жадання спрачацца, тым болей крыўдзіць, ці абражаць: ён і сам цяпер здзівіўся, што Імануіл не разумее простых рэчаў, якія ляжаць навідавоку. Усміхнуўся і дадаў: — Хочаш, скажу, што будзе далей? Будзе так, як павінна быць. Як заўсёды бывае. Ніхто не ўваходзіць у дом дужага чалавека, каб абрабаваць яго маёмасць, перад тым не звязаўшы яго. Так і сёння будзе. Але будзе зусім не так, як думаюць тыя, хто абраў народ ізраільскі, хто вызначыў для сваіх мэт нас з табою. Ёсць яшчэ іншая абранасць. І я дакрануўся да той, высокай абранасці.
Займаўся ранак. Неба на ўсходзе стала чырвоным. Вось-вось даліны крануцца першыя промні, якія ўжо лашчылі верхавіны гор.
— Яны не прымуць мяне, адвергнуць… — сумна прагаварыў Іешуа: — На тое і быў разлік: зняважыць праўду зямлі і ўзвысіць да нёбясаў падман. Падмяніць ісціну хлуснёй і накарміць такой падманкай іншыя народы. Не, спачатку яны будуць крычаць “Асана!”, і натоўп пад’южывацьмуць. Будуць хадзіць за мною, пакуль не зразумеюць: маё Царства не ад гэтага свету. А той, хто абраў, на гэта і разлічваў: даць зямным народам мройную мару, безжыццёвы прывід, які адарве іх ад зямлі, адарве на сваю загубу. Выкарчуй дрэва, пасадзі кронай у зямлю — дрэва загіне. Падман аслабіць зямныя плямёны, іх лёгка будзе скарыць пад сваю пяту. І споўняцца прароцтвы.
— А што ў гэтым дрэннага, што прароцтвы споўняцца? На тое яны і прароцтвы, — запярэчыў Імануіл, — не простыя людзі гаварылі, а тыя, каго вадзіў сам Дух Божы.
— Прароцтвы ў любым выпадку спраўдзяцца. Споўніцца ўсе да апошняй літары. Але, зноў жа, спраўдзяцца зусім не так, як спадзяюцца яны, — Іешуа глыбока ўздыхнуў, — а ці раней не пабівалі іудзеі каменнем кожнага са сваіх прарокаў? А цяпер так пашанотна аддаюць павагу? — і замаўчаў.
  Глядзеў на малінавы дыск сонца, што узыходзіў над зямлёй, і маўчаў. А потым, як даўно вядомае яму, як вычытанае некалі ў зорным небе, сказаў проста і без сумневу, як ужо здзеснены факт: “Яны заб’юць мяне. Падвергнуць ганебнай смерці. І скажуць табе: “Твой час прабіў, Імануіл! Працягвай справу Машыаха”. І прыспешваць будуць, падштурхоўваць, патрабаваць рашучых і жорсткіх дзеянняў. Але перад тым, як ступіць на тую дарогу, ты  спытайся ў іх: “Дзе яго цела? Я бачыў, што вы забілі яго, але цела яго, дзе яно падзелася? Яго няма? Пакажыце мне цела!”. Вось тады і спатрэбіцца твая цвёрдасць, якой ты навучыўся. У любога памерлага, ці забітага цела ёсць. “Калі вы сцвярджаеце, што яго болей няма, то пакажыце мне яго цела! Каб я ўпэўніўся і тады буду рабіць тое, што загадаеце”, — скажы ім гэтыя словы, падтрабуй, няхай знойдуць цела. І яны не здолеюць адшукаць, бо яго не будзе тут. А тады гавары так: “Значыць, ён ёсць, а вас — няма! Вы толькі прывід і мроя. Хвалі на вадзе, дзьмухну — і няма вас. Вы дзеці бацькоў сваіх, што пустымі ценямі прайшлі па жыцці”. Так скажы ім, Імануіл! Бо я буду побач. Я дапамагу табе вытрываць. Я тады стану Валадаром Любові, таму што яна скарыцца маёй уладзе. Запомні гэта, цела — вось маё сведчанне: адкуль я прышоў, і куды пайшоў. Цела! Знойдзеш яго, памацаеш рукамі — пачынай свой Шлях. Не будзе яго — многае тады сам зразумееш, калі ты ёсць. Паветра будзеш хапаць рукамі — у цябе таксама мой шлях. Але тады нічога не бойся. Бо чаго баяцца чалавеку, калі Айцец, каторы ў нябёсах, так моцна любіць яго? Бо моцная, як смерць Любоў. Вось і ўсё, што я хацеў сказаць табе, брат мой!


15.
…Ад Каіфы зноў пацягнулі Іешуа да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не знячысціцца, ды каб можна было есці пасху. Стаялі узбуджаным натоўпам і чакалі, што зробіць пракуратар Іудзеі. Выйшаў Понцій Пілат да іх і спытаўся: “У чым вінаваціце чалавека гэтага?”.
— Ён злачынца! Судзі яго! Мы не выдалі б табе яго, калі б не было граху на ім, — чуліся выкрыкі з натоўпу.
Рымскі намеснік адразу вызначыў прычыну хвалявання натоўпу, і таму спакойна адказваў на гэтыя крыкі: “Дык вазьміце яго і судзіце па вашаму закону”.
— Хутка пасха. І нам ня гожа нікога забіваць, — адказала шматгалоссем гурма.
Усміхнуўся Пілат, паціснуў плячыма і зноў зайшоў у прэторыю. Яшчэ раз паглядзеў на Іешуа, — худы, ў крывавых падцёках і сіняках, — відовішча, вартае спачування і жалю. Жартам адбіў паклон перад ім гаворачы: “Ты Цар Іудзейскі?”.
— Ці ад сябе гаворыш такое, ці іншыя сказалі табе так пра мяне?
— Я — рымлянін. Не мая справа разбірацца ў мясцовых законах. Адкуль мне ведаць, хто ў вас становіцца царом. Цябе выдалі на суд архірэі і твой народ. Што ж такога зрабіў ты, што ўгнявіў іх?
— Царства маё не ад гэтага свету. Калі б з гэтага свету было маё царства, то слугі мае абаранялі б мяне. І я не стаяў бы перад табою, як злачынца. Але маё царства ня згэтуль.
— Дык ты цар?
— Ты гаворыш, што я цар. Я на тое і нарадзіўся, на тое і прыйшоў у свет, каб сведчыць Ісціну. Кожны, хто зведаў Ісціну, слухае мой голас.
— Што ёсць ісціна? — спытаўся Пілат і паглядзеў у вочы Іешуа.
Той доўга маўчаў. Пракуратар ужо не чакаў пачуць адказу, але раптам іудзей прамовіў:
— Хто ёсць ісціна, — так трэба было паставіць пытанне. Я — ісціна, і я — шлях. Навучыцеся ад мяне.
— Я не зразумеў, што ты сказаў.
— Што ёсць ісціна, спытаўся ты? У цябе разбалеўся зуб, і баліць галава — гэта і ёсць твая ісціна на цяперашні момант. І болей цябе нічога не хвалюе.
Гэта было праўдай, але Пілат не здзівіўся. Яму ўсё надакучыла: і галава, што здаецца разбухла ад болю, і зуб з гнілым дубплом, і гэтая жыдоўская катрынка. Не глянуўшы болей на падсуднага, ён зноў выйшаў да натоўпу:
— Я не знаходжу ніякай віны на гэтым чалавеку. Ёсць у вашым народзе звычай: у дзень Пасхі адпускаць аднаго з асуджаных на смерць. Хочаце адпушчу вашага Цара?
— Не трэба! Распні яго! Няма ў нас цара, акрамя Кесара! Распні!!! — закрычалі з натоўпу: — Адпусці нам Вараву. Вараву!! Ва-ра-ву!!! – роў тысячамі глотак натоўп.


16.
Учора яго знялі з крыжа. Выставілі варту. Апоўначы семдзесят сабраліся ў храме. Імануіл сядзеў сярод іх на самым ганаровым месцы. Напружыўся кожнай клетачкай сваёй істоты, зрыхваўся для кідка, як малады барс. Пачынаўся яго шлях. Вось толькі дачакаецца раніцы, убачыць сонца і развітаецца з братам… За гэты час ён сапраўды палюбіў Яго, Іешуа. Ён так апантана верыў у сваю ідэю, дакладней у ідэі, якіх нахапаўся, вандруючы па чыжых землях, што калі гаварыў, выціскаў слязу з каменных сэрцаў іудзеяў.
Але, пакуль навокал была цемра. Імануіл проста сядзеў і слухаў. Слухаў, што гаварылі старэйшыны. Слухаў і ўспамінаў нядаўняе.
17.
Гэта было за некалькі тыдняў да Пасхі. Мноства людзей, старых і малых, жанчын і мужчын, хворых і здаровых, цікаўных і заклапочаных,  многія прыйшлі ў даліну паблізу Іерыхона, дзе быў Іешуа са сваімі вучнямі. Яны шчыльна абселі яго брата плотным жывым кальцом. Каго толькі не знойдзеш сярод чалавечага мора, шчаслівых і гаротных, радасных і сумных, беднякоў і багатых, здаровых і хворых… Не было толькі абыякавых. Імануіл сеў воддаль, каб яго не заўважылі і не пазналі. Яму было добра чуваць, што гаварыў брат, і ён дзівіўся пачутаму.
— Адкажы нам, Вучыцель, чаму мы павінны пакутаваць ад столькіх хваробаў, — пыталіся ў яго.
“Чаму мы пазбаўлены здароўя, якое маюць іншыя?” — раптаў народ, і з натоўпу, як стогны, ляцелі выкрыкі: “Вучыцель, ацалі нас!” — “Збаў!” — “Пашкадуй”.
— Умілаваныя, — загаварыў Іешуа, — вы шчаслівыя, калі шукаеце Ісціну. Я дапамагу вам на гэтым шляху, і дам хлеб мудрасці. Шчаслівыя вы, калі хочаце вырвацца з-пад улады Сатаны, бо я прывяду вас у Царства ангелаў Маці вашай, куда не пранікла ўлада Сатаны.
— А дзе ж нашая Маці? І хто Ангелы яе? Дзе знаходзіцца Царства, якое ты абяцаеш?
— Вашая Маці знаходзіцца ў вас саміх. А вы знаходзіцеся ў ёй. Яна спарадзіла вас і падаравала жыццё. Ад яе атрымалі вы цела сваё, і прыйдзе дзень, абавязаны будзеце вярнуць яго… І закон Вашай Маці-Зямлі валадарыць над усім, і кіруе ўсімі вашымі целамі гэтак жа, як і усімі, хто жыве на Зямлі. Кроў, што цячэ ў жылах вашых, бярэ пачатак ад Маткі вашай, ад зямлі. Яе кроў падае з аблокаў, б’е крыніцамі з нетараў зямных, журчыць горнымі ручаямі, шалясціць лістотай дрэў, падымаецца, як пыл, над збажыною, дрэмле ў глыбокіх далінах, спякотаю паліць у пустынях… Напраўду кажу вам, Чалавек — гэта сын Маці-Карміцелькі Зямлі. Ад яе атрымлівае сваё цела, падобна таму, як расце народжанае немаўля, кормячыся малаком з грудзей сваёй матулі. Напраўду кажу вам, вы — адно целае з вашай Маці-Зямлёю: яна знаходзіцца ў вас, а вы — у ёй. Ад яе вы нарадзіліся і жывяце, дзякуючы ёй, і ў яе вернецеся аднойчы. Таму наследуйце яе Закон… Не шукайце Закону ў Пісаннях зямных. Бо Закон — гэта Жыццё. А пісанні чалавечыя ёсць мёртвыя. Напраўду кажу вам, Маісей не атрымаў свае Законы ад Бога напісанымі. А праз Жывое Слова. Закон — Слова Жыцця, сказаннае Жывым Богам, перададзенае жывым прарокам для жывых людзей. Ва ўсім сутнасным запісаны гэты закон. Вы знойдзеце яго ў траве, у дрэвах, у рацэ, у гарах, у птушках нябесных і рыбах марскіх, у азёрах і морах… Асабліва шукайце яго ў сабе саміх. Напраўду кажу вам, усё сутнаснае, у якім ёсць жыццё, бліжэй да Бога, чым Пісанне пазбаўленае жыцця… — Шмат чаго яшчэ гаварыў тады Іешуа, і дзівіўся Імануіл словам яго, і многія з іх не мог зразумець. І здалося ў нейкі момант Імануілу, што Іешуа пазнаў яго ў натоўпе, бо словы, пачутыя далей, былі звернуты менавіта да яго:
— І сапраўдныя браты вашы — тыя, хто выконвае Волю Айца Нябеснага і Маці Зямлі. А не браты па крыві. Напраўду кажу вам: Вашы сапраўдныя браты па Волі Айца Нябеснага і Зямлі Матухны палюбяць вас стакроць болей, чым браты па крыві. Бо з часоў Каіна і Авеля, з тае поры, як браты па крыві парушылі Волю Бога, няма больш брацтва па крыві. І брат адносіцца да братоў і сясцёр сваіх як да чужых людзей. Таму і кажу вам я: любіце сапраўдных братоў сваіх, вызначаных Воляю Госпада, любіце ў тысячу разоў болей, чым братоў па крыві.
Бо ваш Айцец Нябесны ёсць Любоў.
Бо ваша Маці-Карміцелька Зямля ёсць Любоў.
Бо Сын Чалавечы ёсць Любоў.
І дзякуючы Любові, Айцец Нябесны, Маці-Зямля і Сын Чалавечы — паяднаны адзінствам. Бо Дух Сына Чалавечага паходзіць ад Духу Айца Нябеснага і Цела Маці-Зямлі. Таму будзьце дасканалымі, як Дух Айца Нябеснага і Цела Зямлі-Карміцелькі. Любіце Айца вашага Нябеснага, як Ён любіць ваш Дух. Любіце гэтак жа і Маці-Карміцельку Зямлю, як яна любіць вашае цела… Бо Любоў вечная і мацнейшая за смерць.
Тое, што не магчыма для людзей — магчыма для Бога і з Богам. Калі вы верыце ў ангелаў Маці-Зямлі і паважаеце іх Законы, вера ваша падтрымае вас, і вы ніколі не ўбачыце хваробы. Майце таксама Веру і Любоў Айца Нябеснага. Бо хто мае веру ў Яго, ніколі не будзе падманутым і не ўбачыць смерці сваёй.
Любоў церпялівая, любоў пяшчотай напоўнена, любоў не мае зайздрасці, яна не робіць зла, і не радуецца несправядлівасці, а знаходзіць радасць толькі ў праўдзе, у ісціне і справядлівасці. Любіце адзін аднаго, бо Гасподзь ёсць Любоў. Няхай будзе мір паміж вамі. І няхай святоло свеціць…
18
І зусім іншае чуў цяпер Імануіл  на савеце старэйшын.
— Мы прывабім іх царствам за мяжою жыцця, а зямныя царствы возьмем ад зямлі. Народы аслабнуць. Не знойдуць апірышча ў душы сваёй. Таму што хісткімі будуць іх крокі па зямлі. Калі думкі лунаюць за аблокамі, чалавек не трывала стаіць на зямлі. Зробім з іх летуценнікаў і лёгка скарым пад сваю уладу, — гаварыў адзін сярод сямідзесяці.


19
Семдзясят чалавек прасядзелі ўсю ноч. Яшчэ з вечара выправілі пасыльнага на гару Сінай за Вучыцелем народу ізраільскага. Першы раз павінен ён быў аб’явіцца перад Сінедрыёнам, толькі таму, што Імануіл раптам заўпарціўся. Якія аргументы толькі не прыводзіліся, колькі слоў зляцела з гарачых языкоў, але дарэмна… Імануіл заставаўся цвёрдым.
— Калі Яго няма, то навошта я застаўся на гэтай зямлі? Усё страчвае сэнс. Усё — бессэнсоўна.
— Сэнс застаўся тым жа самым, — стомлена пярэчыў Каіфа, увесь час паглядваючы на дзверы, у якіх вось-вось павінен з’явіцца яго вучыцель. — У чым ты бачыш канец? Хіба не таго ж самага мы дамагаліся?
— Не! Не!! — крычаў Імануіл, перапоўнены моцай, нібыта і не спрачаўся цэлую ноч адзін з усім Сінедрыёнам. — Знікла цела. Яго няма. У вас няма цела і вы не ведаеце, дзе яно. Пакажыце цела! Варта стаяла ўсю ноч і нічога не заўважыла. Яго вучні — баязліўцы, не прыходзілі. Дык дзе ж яно? Цела няма, значыць, ён Ёсць. Тут побач, вы проста не бачыце. Вы нічога не бачыце, акрамя ўлады золата. Але ёсць ячшэ і Айцец у нябёсах, якім увесь час трызніў мой брат. Ён ёсць, а вас — няма. Вы толькі мроя, прывід, міраж… Вас  і не было ніколі. Вы — як грабы, зверху размаляваныя, а ўнутры — мерцвячына. А я ёсць, і брат мой ёсць, мы ёсць і будзем. І ёсць яшчэ зямля. Ёсць іншыя людзі, жывыя… І я не буду дапамагаць трупам. Ідзіце туды адкуль прыйшлі.
Імануіл падняўся і скіраваўся да дзвярэй. Якраз на парозе і сутыкнуўся з ім “вучыцелем народу ізраільскага”. Ён ніколі не бачыў яго раней, але адразу ж прызнаў. Вочы — у вочы. Стаяць адзін супраць другога, глядзяць адзін на аднаго і маўчаць, і ніхто не саступае дарогу, Імануіл і чалавек без імені. Усе, што сядзелі ў сінедрыёне, стаілі дыханне. Маўклівы паядынак доўжыўся хвіліны тры. Нарэшце Імануіл палез за пазуху, некалькі ахоўнікаў напружыліся, гатовыя кінуцца на яго, але дастаў не нож, сціснутую ў кулак руку:
— Вось табе за брата. Плата за Машыаха, — і жбурнуў яму ў твар жменю дробных манет.
Срэбра расыпалася па падлозе, зазвінела. Прыхадзень адхіснуўся ад дзвярэй, і раптам, схапіўшыся рукою за сэрца, асеў на падлогу.
Не аглядваючыся, Імануіл пераступіў праз яго і выйшаў з сінагогі на вуліцу. Ніхто не кінуўся следам.
Пачало віднець. Быццам аднавокі цыклоп, вызірнула з-за высокай гары чырвонае ранішняе сонца…
Займаўся новы дзень.

   


Рецензии